viasna96 | Unsorted

Telegram-канал viasna96 - Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

9792

Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96

Subscribe to a channel

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Эксперты распавялі, што рабіць, калі вам піша нібы журналіст

Дзяржаўнае тэлебачанне 18 сакавіка апублікавала прапагандысцкі фільм "Чужое неба" пра тое, як цяжка жывецца беларусам у эміграцыі. Прапагандысты падманам знялі фільм з удзелам беларусаў у эміграцыі. Эксперты дзеляцца спосабамі, як хутка спраўдзіць асобу, якая да вас звяртаецца ад імя журналіста, і не трапіць у пастку.

"Кожны раз, калі я гляджу ў вэб-камеру свайго камп’ютара, ці калі я кажу ў мікрафон свайго камп’ютара, ці калі я кажу ў камеру журналісту, я мушу разумець, што за гэтай камерай стаіць не толькі журналіст, які робіць сваю працу. Гэтае відэа будзе глядзець спецслужбовец у Менску, камітэтчык, міліцыянт… Усё, што я кажу, мусіць быць менавіта ў тым аб’ёме, у якім я магу дазволіць спецслужбам гэта ўбачыць".

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

У Магілёве асудзілі 5 мужчын за падпал кіёска ў 2020 годзе

У час падпалу ўзгаранне заўважылі мінакі і яго ліквідавалі МНС.

Як паведаміў MAYDAY.TEAM, у судзе Ленінскага раёна Магілёва 12 сакавіка асудзілі Яўгена Пуценкова, Яна Рагаўцова, Юрыя Галачкіна, Віктара Ічэнскага, Аляксандра Ігнаценка паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) і ч. 3 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Працэс вяла суддзя Святлана Кацапава.

Аднаму з магілеўчан прызначылі 6 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, другому - 5,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Траім іншым абвінавачваным прызначылі па 3 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вядома, што на момант суда двое з іх - Яўген Пуценкоў і Ян Рагаўцоў - адбывалі пакаранне за раней здзейсненае злачынства. Першы - за махлярства, другі - за махлярства і кражу.

Здымак мае ілюстратыўны характар.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

"Для мяне зараз нiчога ня можа быць горш, чым беларуская турма": споведзь былога палітвязня

Былы палітзняволены з Новай Баравой Ігар (сапраўднае імя змененае ў мэтах бяспекі) у 2020 годзе не мог нават уявіць сабе, што ягонае жыццё кардынальна зменіцца пасля акцый пратэсту, у якіх ён прымаў удзел пасля 10 жніўня, што яго будуць затрымліваць і караць суткамі, што гэты пераслед прывядзе яго да крымінальнай справы і неабходнасці стаць вымушаным эмігрантам. Ігар пагадзіўся распавесці праваабаронцам пра тое, што адклалася ў памяці за апошнія гады, падзяліцца ўражаннямі аб перажытым.

"Мне пашанцавала, што мяне не білі галавой аб асфальт"

Чытаць цалкам👉https://spring96.org/be/news/117638

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — аналітычны цэнтр "Цэнтр новых ідэй"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 10 сакавіка.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Антон Раднянкоў, Генадзь Коршунаў, Дар'я Рублеўская, Павел Мацукевіч, Стас Гарэлік, Анастасія Жаўрыд.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Віцебскаму лекару, асуджанаму да 4 гадоў калоніі, пакінулі прысуд без зменаў

У Віцебскім абласным судзе 23 снежня быў вынесены прысуд 38-гадоваму лекару Аляксандру Рандарэнку — чатыры гады калоніі. Яго абвінавацілі ў "рэабілітацыі нацызму" (ч. 1 арт. 130-1 КК) і "распальванні варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў. Таксама суд прыняў рашэнне канфіскаваць яго тэлефон.

Аляксандра затрымалі ў красавіку 2024 года разам з сябрам — падчас анлайн-стрыма з правакатарам яны сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе». На апублікаваным "пакаяльным" відэа бачна, як яго моцна збілі. Пасля затрымання яго мінімум пяць разоў судзіл па адміністрацыйных справах.

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд Аляксандру без зменаў, а скаргу — без задавальнення, паведамляе Генеральная пракуратура.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

📝Пазбаўленне жанчын сродкаў першай гігіены ў месцах няволі

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў даклад «"Нас вырашылі зусім звесці са свету". Сведчанні жанчын пра гендарную дыскрымінацыю ў месцах несвабоды Беларусі». Яго прэзентацыя прайшла 8 сакавіка.

У зняволенні жанчын наўпрост пазбаўляюць сродкаў першай гігіены, яны вымушаныя спаць на халоднай падлозе, але пры гэтым іх двойчы за ноч вымушаюць паднімацца і называць сваё імя і прозвішча. Праз гэта ў некаторых затрыманых з'яўляліся ці абвастраліся захворванні, у тым ліку органаў малага тазу.

«Тры тыдні нас не выводзілі мыцца і на прагулкі, мы былі без зубных шчотак, паст і іншых сродкаў гігіены. Сваякі прыязджалі, спрабавалі перадаць нешта, але ў іх нічога не прымалі».


👉Чытаць даклад па спасылцы

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🇺🇳Група незалежных эскпертаў распавяла ў ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

У межах 58 сесіі савета ААН па правах чалавека група незалежных экспертаў прэзентавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне і распавяла пра сваю дзейнасць.

А юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка пракаментаваў сённяшнюю інфармацыю пра тое, што група праваабаронцаў прапанавала Вярхоўнаму камісару паставіць умовай наведвання краіны вызваленне Нобелеўскага лаўрэата палітзняволенага Алеся Бяляцкага.

«Пакуты нашых сяброў і калегаў нам асабліва цяжкія, гэта прымушае нас шматкроць узмацняць нашу актыўнасць па ўсіх напрамках нашай дзейнасці. Але афіцыйны візіт Вярхоўнага камісара — гэта не ўзнагарода рэжыму і не падарунак Аляксандру Лукашэнку, які рэжым павінен заслужыць».


Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117636

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🇺🇳«Выпадак патрабуе неадкладнай увагі». ААН прызнала зняволенне Марфы Рабковай адвольным і заклікала вызваліць яе

Працоўная группа ААН па адвольных затрыманнях разглядзела зварот юрыстаў «Вясны» і прызнала зняволенне беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай адвольным і палітычна матываваным. Міжнародныя эксперты ААН прыйшлі да высновы, што яе пераслед парушае міжнародныя нормы і адбываецца выключна праз яе праваабарончую дзейнасць.

Паводле справаздачы Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях, судовы працэс над праваабаронцай парушыў міжнародныя стандарты: яе трымалі ў зняволенні без належнага судовага разгляду справы, працэс супраць яе быў закрытым, а абвінавачванні — палітычна матываваныя. Міжнародныя эксперты заклікаюць тэрмінова вызваліць праваабаронцу.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва падкрэслівае: парушэннем ёсць ужо тое, што пратрымаўшы Марфу пад вартай больш за 18 месяцаў, ёй дадалі новыя абвінавачанні.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117633

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🎨Дасылайце творы палітзняволеных у віртуальную галерэю-архіў творчасці палітвязняў

Напярэдадні Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі, Праваабарончы цэнтр «Вясна» запусціў сайт, на якім сабраныя малюнкі палітзняволеных, што былі створаныя у СІЗА, калоніях, турмах ды на «хіміі».

Творчасць за кратамі дапамагае людзям пераключыцца з турэмнага быту і перажываць нялёгкі вопыт зняволення, дакранацца да родных і блізкіх праз выявы, нават падбадзёрваць тых, хто на волі. Захаваць малюнкі палітвязняў важна і таму, што яны ёсць частка гісторыі барацьбы беларусаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека.

Мы пастараліся сабраць максімальную колькасць выяваў, але калі ў вас ёсць творы палітзняволеных, не прадстаўленыя на сайце — дасылайце іх на viasna@spring96.org

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

❗️Праваабаронцы заклікаюць дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

«Вясне» вядома, што ў Беларусі працягваюцца масавыя катаванні і збіванні, утрыманне ў нечалавечых умовах у ізалятарах. Мы разумеем, што праз страх і рызыкі пераследу людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў для дакументавання гэтых фактаў. Але мы заклікаем з дапамогай фота і відэа самім фіксаваць сляды катаванняў і збіванняў. Акрамя гэтага, звяртайцеся да лекараў, каб зафіксаваць траўмы і захаваць медыцынскія дакументы. Гэта дапаможа ў будучыні прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да рэпрэсій.

✍️Вы можаце самастойна задакументаваць ваш выпадак, дзякуючы «Практычнаму дапаможніку для пацярпелых»

🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у месцах зняволення, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

⁉️Што трэба для таго, каб чалавека ўнеслі ў спіс былых палітвязняў?

Для таго, каб інфармацыя пра чалавека трапіла ў спіс «былых палітвязняў», яму самому ці яго блізкім трэба звярнуцца ў «Вясну» (@ViasnaSOS, @Viasnainfo) і распавесці пра сваю справу.

Праваабаронцы падрабязней тлумачылі працэдуру ўнясення чалавека ў спіс былых палітвязняў:

«Трэба даслаць хоць нейкія дакументы, якія датычацца крымінальнай справы чалавека і ў якіх будзе зафіксавана, што ў пэўны перыяд дадзены чалавек знаходзіўся ў месцы несвабоды. Напрыклад, калі чалавек да суда ўтрымліваўся ў СІЗА, то гэта будзе пазначана ў тэксце прысуда. Бо калі ў праваабаронцаў да моманту звароту не было зусім ніякіх звестак пра чалавека, то ў сваім рашэнні далучыць яго ці яе да спісу былых палітвязняў мы мусім абапірацца не толькі на словы чалавека, але і на дакументы».


🔹«Мы аднаўляем справядлівасць». Праваабаронцы растлумачылі вялікую заяву аб наданні статусаў «былых палітвязняў»

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🌿Дапамога беларусу, які адседзеў за спробу далучыцца да добраахвотнікаў, і цяпер спрабуе пачаць новае жыццё ў Польшчы

Яго гісторыю распавядае BYSOL:

«Калі выйшаў, зразумеў, што не адчуваю сябе ў бяспецы. Не было жадання паўтарыць сваю «прыгоду». І ўвосені 2024 года я пераехаў у Польшчу. Першы час мне вельмі дапамагалі, але на жаль, тут пакуль не атрымліваецца паставіць сваё жыццё на патрэбныя рэйкі. Хоць крыху ведаю польскую, з усіх варыянтаў заробку атрымалася ўладкавацца толькі на будоўлю.

Таму вырашыў звярнуцца па дапамогу. Сам ужо не спраўляюся: з самай раніцы на будоўлі, па выходных — тэхнікум (вырашыў вучыцца на тэхніка анімацыйных фільмаў). Але праграма доўжыцца два гады, а я не ведаю, ці змагу пратрымацца столькі часу на будоўлі.

Таму хачу перавучыцца, каб лепш адпавядаць мясцоваму рынку (ужо знайшоў курсы, якія доўжацца некалькі месяцаў) і ўладкавацца на стабільную працу. На час вучобы вельмі патрэбная дапамога з аплатай жылля».


Падтрымаць мужчыну фінансава

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Беларускія сілавікі прычапілі на затрыманага расійскага стэндапера мясарубку

Арцемій Астанін жартаваў пра адзін з расійскіх рэгіёнаў, дзе маці загінулых акупантаў Украіны атрымалі ў падарунак мясарубкі, піша @nashaniva.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🌏Іран, Расія, Азербайджан: гарачыя кропкі пераследу праваабаронцаў

Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў у многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы па-ранейшаму застаецца трывожнай. Найбольш рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да абаронцаў правоў застаецца ў Расіі, Азербайджане, Грузіі і некаторых іншых краінах.

«Вясна» прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.

🇮🇷Іран: Арыштаваныя актывісткі праваабарончага руху «За правы курдскіх жанчын»;

🇦🇿Азербайджан: Крымінальныя справы распачатыя супраць кіраўніка Інстытута правоў чалавека Башыра Сулейманлы і кіраўніка Альянсу па назіранні за выбарамі Мамеда Мамедзадэ;

🇷🇺Расія: Праваабаронцу Рызу Ізетава ўтрымліваюць у ПКТ у калоніі ў Якуцку, ААН запатрабавала зняць абвінавачванні з 85-гадовага сахалінскага праваабаронцы Марка Купермана.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117625

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Стала вядома пра смерць жыхара Гродна, якога асудзілі да «хатняй хіміі» за «абразу Лукашэнкі»

Аляксей Аўсюкевіч быў асуджаны Ленінскім раённым судом Гродна па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу — «абраза Лукашэнкі». У чым заключылася абраза, незразумела. Гродзенец атрымаў «хатнюю хімію, піша «Наша Ніва». Вядома, што 28 кастрычніка 2022 года мужчыну ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».

Аўсюкевіч памёр 11 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці ён яшчэ знаходзіўся на «хатняй хіміі», ці на той момант яна ўжо скончылася.

Пазначаная прычына смерці — R99, «іншыя неўдакладненыя прычыны смерці». Гэта значыць, што доктар адразу быў не ўпэўнены ў тым, чаму памёр чалавек, або падазраваў крымінальную прычыну смерці.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

400 чалавек прызналі падазраванымі па крымінальнай справе аб Дне Волі

Следчы камітэт заяўляе, што збіраецца ідэнтыфікаваць усіх замежных удзельнікаў і арганізатараў вулічных акцый з нагоды святкавання Дня Волі. А таксама, што ўжо правёў вобшукі ў межах крымінальнай справы.

Самі акцыі на Дзень Волі СК называе "антыбеларускімі".

"Па месцах рэгістрацый і на аб'ектах рэальнай уласнасці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзены ператрусы. Выяўляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для наступнага забеспячэння кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды. У рамках расследавання ўсе ўдзельнікі вулічных дзеянняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе".

Здымак: Радыё Свабода.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

❗️Патрабуем рэабілітацыі 91 былога палітычнага зняволенага

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі.

Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

"Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду крымінальных справаў асобаў, названых у заяве, з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама патрабуем неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны".

Чытаць заяву цалкам👉https://spring96.org/be/news/117643

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Супраць 15 журналістаў "Радыё Свабода" распачалі завочныя крымінальныя справы

Крымінальную вытворчасць пачалі яшчэ ў 2024 годзе. Акрамя гэтага, дома ў сваякоў журналістаў сілавікі ладзілі ператрусы і выклікалі іх на допыты. Аб гэтым паведаміў у відэасюжэце журналіст медыя Дзмітрый Гурневіч, заўважыў "Позірк".

Нагадаем, за кратамі дагэтуль застаюцца палітзняволеныя журналіст "Радыё Свабода" Ігар Лосік і былы журналіст Ігар Карней.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Арыштаванага стэндап-коміка Арцемія Астаніна збівалі дручкамі і катавалі токам беларускія сілавікі

Пра гэта ён паведаміў свайму адвакату. Як паведаміў абаронца Арцемія, падчас канваіравання з Беларусі ў Расію коміка завезлі ў лес, дзе сталі збіваць тры чалавекі.

Падчас медагляду ў маскоўскім шпіталі Арцемію дыягнаставалі пералом пазванка, сінякі і праблемы з дыхальнымі шляхамі і лёгкімі.

Пра гэта сёння паведаміў тг-канал "Осторожно, новости", заўважыла "Наша НІва".

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

"Экстрэмісцкімі" былі прызнаныя ўсе сацсеткі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"

Адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 20 снежня 2024 года судом Міёрскага раёну Віцебскай вобласці. Але інфармацыя аб гэтым з'явілася ў "Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў" толькі цяпер.

Спіс папоўнілі Facebook-старонка "olga.karatch.belarus", суполкі ў "Аднакласніках" "Свабодныя людзі", "Объявления Пинска - Pinsk.Biz", "Объединенный штаб Тихановской, Бабарико и Цепкало", "Брест. Вчера и Сегодня", "Есть такие Чудесные Люди", "Г.Пинск 85рп 1985-1989г.г.", старонкі ў "Х", "Youtube", "Укантакце", "Telegram", "Facebook" палітычнай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Telegram-канал і ўсе візуальныя матэрыялы суполкі "Tactical group ATHENA | АФІНА", суполку ва "Укантакце" "Общество защиты мира и Справедливости", чат, лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы Telegram-канала "Витебск, я гуляю!", суполка ў Тэлеграме "Стромкае піке", а таксама яе лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы, старонкі ў Instagram "xbazyl", "mindend._", старонка ў "Аднакласніках" "Tamara De Gennaro (Машарская)", Youtube-канал "Беларусь live", сайт, "Facebook", "Instagram", "Youtube", "X" суполкі "Belarus Together - БЕЛАРУСЬ РАЗАМ", Тэлеграм-каналы "Правий Берег Київ | Киев", "Типичная Беларусь Chat", старонка ў "Аднакласніках" "Страна Для Жизни".

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

⁉️Як у свеце трактуецца «тэрарызм» у Беларусі?

Юрысты звяртаюць увагу на тое, што нягледзячы на прыцягненне да крымінальнай адказнасці больш за 130 чалавек, Беларусь не займае лідзіруючую пазіцыю ў спісе краін па індэксе тэрарызму згодна з глабальным індэксам тэрарызму (GTI). Ён уяўляе сабой зводную ацэнку, якая выкарыстоўваецца для ранжыравання краін па ўзроўні ўздзеяння тэрарызму, дзе 0 азначае адсутнасць ўздзеяння, а 10 — яго найвышэйшы ўзровень.

Пры разліку індэкса GTI улічваюцца агульная колькасць тэрарыстычных актаў, загінулых, параненых, закладнікаў. Згодна са справаздачамі GTI, у Беларусі не зарэгістравана ніводнага акта тэрарызму ў перыяд з 2013 па 2023 год. У 2024 годзе індэкс тэрарызму склаў 0,23 з 10.

«Міжнародная супольнасць будзе ставіць пад сумнеў, што ў Беларусі здзейснены акт тэрарызму, які трактуецца на аснове палажэнняў міжнародных дакументаў па пытаннях барацьбы з тэрарызмам», — адзначаюць юрысты.

🔹У Беларусі мінімум 133 чалавекі асуджаны паводле «тэрарыстычных артыкулаў»

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Стала вядома пра затрыманне і хуткі суд над папулярызатарам навукі з Гомеля

Як стала вядома @flagshtok з некалькіх крыніц, жыхар Гомеля Дзмітрый Новікаў у пачатку лістапада мінулага года быў затрыманы разам з грамадзянскай жонкай Вікторыяй Разуванавай. Затрыманне адбылося ў Мінску, дзе Дмітрый і Вікторыя жылі ў апошні час.

Прычынай затрымання сталі фотаздымкі з мітынгаў 2020 года, знойдзеныя ў тэлефоне пасля затрымання. Суд над Дзмітрыем павінен пачацца ў канцы сакавіка паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Інфармацыі пра лёс Вікторыі ўдакладняецца.

Дзмітрый Новікаў вядомы ў Гомелі па мянушцы «Агневіт» як аўтар-выканаўца, папулярызатар навукі, краязнаўца, блогер. У апошні час яго дзейнасць была звязана з папулярызацыяй археалогіі і палеанталогіі.

У канцы 2024 года яго праекты — Telegram-канал «Байки дядюшки Огневита», сайт PaleoNews, YouTube-канал з даведнікам па Беларусі — перасталі абнаўляцца.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

❗️Беларускія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік стэндап-коміку Арцемію Астаніну падчас затрымання на мяжы

Пра гэта паведаміў адвакат мужчыны ў судзе на абранні меры стрымання. На фоне траўм у яго пачаліся праблемы з лёгкімі, піша расійскі тэлеграм-канал Mash.

Нагадаем, пра затрыманне Астаніна стала вядома ўчора — у Расіі ў дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

💔Дапамога сям'і былога палітвязня Яўгена Харашкевіча

«За сваю грамадзянскую пазіцыю я быў арыштаваны, потым асуджаны і адпраўлены ў турму на 4 гады, пакінуўшы цяжарную жонку адну ў самых складаных абставінах. У жніўні 2024 года, пасля поўнага адбыцця тэрміна, я выйшаў на волю. Але пераслед нашай сям'і не спыніўся. Увосень 2024 года ў нашу кватэру зноў прыйшлі сілавікі з ператрусам.

Тры месяцы мы хаваліся ў Грузіі, жывучы ў пастаянным страху. А калі, нарэшце, змаглі пераехаць у Польшчу, нас чакаў яшчэ адзін удар: грошы, якія мае бацькі перадалі нам на першы час у эміграцыі, былі скрадзеныя.

Мы звярнуліся ў паліцыю Польшчы і рыхтуем заяву ў паліцыю Грузіі, але шанцы вярнуць скрадзенае малыя. Цяпер мы засталіся без сродкаў да існавання і без той фінансавай падушкі, якая дазволіла б нам пачаць новае жыццё».


Падтрымаць сям'ю на Pomagam

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

«Экстрэмісцкім» прызналі буйны Telegram-чат «Таксисты Бреста»

Адпаведнае рашэнне было прынятае 12 сакавіка судом Ленінскага раёну Брэста. У Telegram-чаце «Таксисты Бреста» больш за 1500 чалавек.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі сайт, сацсеткі і электронная пошта праекту «Гэта Моладзь», Instagram-старонка «olga.karatch», суполка ва «Укантакце» «ПСІХО || Беларусь», TikTok і Youtube-старонкі «s13ru», старонка ў «Х» «Maria Kalesnikava», Telegram-каналы і чаты «Беларусь в шоке! Chat», «Пабраціма», «Беларусы Куява-Памор’я», «Беларусы Торуня і Быдгашчы/Быдгощ», а таксама стары збор на сайце «zrzutka.pІ» для батальёна «Волат».

🔗Хроніка палітычнага пераследу

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Былой палітзняволенай Аксане Колб збіраюцца замяніць пакаранне — з «хіміі» на больш строгае

Былая рэдактарка «Новага Часу» атрымала позву ў суд Валожынскага раёна — 19 сакавіка яе выклікаюць «у якасці асуджанай» па прадстаўленні мясцовага РАУС «аб замене прызначанага пакарання больш строгім». Аксане Колб у 2022 годзе прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь.

Як паведаміла жанчына @bajmedia, напрыканцы 2024 года на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу. Журналістка кажа, што не ведае падрабязнасцяў пра новы крымінальны пераслед на радзіме:

«Мяне шукалі ў снежні 2024-га — пыталіся па адрасе маёй рэгістрацыі, ці не з’явілася я раптам. Справа заведзеная Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Дакладнай інфармацыі наконт матываў адкрыцця гэтай справы, артыкулаў, сутнасці абвінавачанняў у мяне няма. Хоць тым, хто мяне шукаў, далі мой польскі кантакт — хацелі б, то звязаліся б».

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

⁉️Як іншадумцаў пераследуюць у Беларусі за «тэрарызм»?

У сувязі з нязгодай з палітыкай рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі Украіны ў вайне ў Беларусі пераследуюць паводле сямі «тэрарыстычных артыкулах». Паводле іх у сукупнасці з іншымі артыкуламі асудзілі не менш за 133 чалавекі.

З іх 40 асуджаных — за падтрымку Украіны ў вайне, 17 асудзілі завочна, дзевяць асуджаных — грамадзяне іншых дзяржаваў, чатыры чалавекі — пенсійнага ўзросту,

Самы распаўсюджаны артыкул для палітычнага пераследу — «акт тэрарызму» (арт. 289 КК). Паводле яго ў Беларусі асудзілі 71 чалавекі. З іх 26 — за падтрымку Украіны ў вайне з расейскай агресіяй, 9 — завочна, 8 па «справе дыверсіі ў Мачулішчах», 8 — замежныя грамадзяне.

🔹У Беларусі мінімум 133 чалавекі асуджаны паводле «тэрарыстычных артыкулаў»


💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

Затрыманы расійскі стэндап-комік Арцемій Астанін — праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманне адбылося ў Беларусі

Следчы камітэт Расіі паведамяе пра затрыманне Астаніна «пры спробе перасекчы мяжу Расійскай Федэрацыі». У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту.

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына быў затрыманы ў Мінску і перададзены Расіі. Інфармацыі пра гэта ў прэс-рэлізе расійскага СК няма.

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

У «спіс тэрарыстаў» дадалі 12 чалавек — сярод іх кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы дванаццаці чалавек.

Сярод іх Ясімчык Людміла, Зачапіла Аляксей, Вабішчэвіч Павел, Зіненка Андрэй, Марозава Алена, Кучук Дзмітрый, Самародскі Алег, Мінчык Павел, Сідарэнка Дзмітрый, Старасценка Максім, Рандарэнка Аляксандр, Буневіч Мікалай.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1259 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.

⁉️«І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст». Адказваем на пытанні пра «спіс тэрарыстаў»

Читать полностью…

Вясна / Правы чалавека ў Беларусі

🌿Праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч: «Незалежныя медыя дапамагаюць людзям разумець, ведаць і рэалізоўваць свае правы»

«Складана ўявіць, што я заўтра прачнуся і няма праваабарончых арганізацый, няма медыя, няма Радыё Свабода. Гэта падаецца такімі натуральнымі рэчамі, што нават ацаніць наступствы знікнення складана. Дакладна будзе горш. Той жа 2020—ы год — вынік працы дзесяцігоддзяў грамадскага сектару і СМІ, якія рабілі сваю працу кожны дзень і не бачылі выніку».


Праваабаронца мяркуе, што беларускія медыя граюць незамяняльную ролю ў забеспячэнні правоў чалавека.

«Незалежныя медыя дапамагаюць людзям разумець, ведаць і рэалізоўваць свае правы — свабода мірных сходаў, свабода выказванняў, права абірацца і быць абраным. Колькі сябе памятаю, заўсёды ведала, чытала Свабоду і для мяне гэта неад’емная частка грамадства. У сваёй прафесійнай дзейнасці я часта абапіраюся на інфармацыю Свабоды. Журналісты ўзмацняюць наш голас, каб праваабаронцаў было чуваць».

Читать полностью…
Subscribe to a channel