Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96
💔Палітзняволены Ігар Карней схуднеў на 15 кілаграмаў і мае праблемы з сэрцам
Паводле крыніцы, з магілёўскага СІЗА палітвязня прывозілі на некалькі дзён у СІЗА КДБ у Мінску, адкуль вярнулі ў Магілёў.
«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара і там паслухалі сэрца, пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Яшчэ напісаў, што пасля шклоўскай калоніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве».
«Самае вялікае маё жаданне вельмі простае: каб вас у самастойным жыцці любілі, цанілі і паважалі — гэтак жа, як мы з мамай. Спадзяюся, што так і будзе, бо вы заслужылі толькі ўзнёслага стаўлення — прыгожыя, таленавітыя, спагадлівыя. Я, у сваю чаргу, за сваю „камандзіроўку“ па розных установах шматразова пераканаўся, што такой дружнай вялікай сям’ёй няма каму і пахваліцца».
⁉️58-гадовая палітзняволеная Вольга Маёрава можа страціць зрок у зняволенні
Асуджаная да 20 гадоў калоніі Вольга Маёрава, якая ўтрымліваецца ў гомельскай калоніі № 24, рызыкуе цалкам страціць зрок. Пра гэта паведаміла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская:
"У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Больш за тое, з-за статусу «тэрарысткі» ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных".
Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд 12 фігурантам "справы Аўтуховіча". Вольгу асудзілі да 20 гадоў калоніі. Віну яна не прызнала віну.
У сакавіку 2024 года палітзняволеную асудзілі паводле арт. 411 КК (непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі) да аднаго год і шасці месяцаў калоніі.
Адрас утрымання: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Стварылі фэйкавы бот «Нашай Нівы»
У праўладных каналах з'явілася інфармацыя пра фэйкавы бот нібыта «Нашай Нівы», піша @nashaniva.
«Ні ў якім разе не адпраўляйце ім інфармацыю! Звяртаем увагу, што мы цяпер увогуле не практыкуем сувязі праз боты. Бяспечна камунікуйце з Рэдакцыяй праз рэдакцыйны акаўнт @nn_editor».
🗣«Знаходзяцца пад вялікім ціскам». У Італіі прайшла сустрэча, прысвечаная беларускім адвакатам
Брэшскі ордэн адвакатаў разам з Школай юрыспрудэнцыі і пры супрацоўніцтве з Каталіцка-дэмакратычнай культурнай кааператывай, Memorial Italia, а таксама MissioneOggi, пры афіцыйнай падтрымцы муніцыпалітэта Брэшыі, правялі сустрэчу з нагоды Міжнароднага дня адваката ў небяспецы.
Прысвечана яна была і беларускім адвакатам і таму, як яны і юрысты працуюць у небяспецы. Сярод выступоўцаў — юрыстка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва.
«Гэта супольнасць адвакатаў, і таму яны крыху ведалі агулам, што адбываецца ў Беларусі. Але нейкія дэталі, як і шмат хто ў Еўропе, яны не ведаюць. То бок ім трэба дадаткова тлумачыць і падкрэсліваць, што напрыклад у нас суды — гэта фікцыя, што гэта не нейкі незалежны орган, які цябе можа абараніць, а гэта проста яшчэ адзін інструмент у дзяржаве».
🔗Эвалюцыя Акрэсціна: як мяняліся парадкі і ўмовы ўтрымання ў ЦІП ад пачатку 2020 года
Жыхар Мінска Мікалай (прозвішча героя інтэрв’ю не называецца ў мэтах бяспекі) тройчы за апошнія гады адбываў адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна. Гэта здаралася з перыядычнасцю адзін раз на два гады: у 2020, у 2022 і ў 2024 годзе.
Ён пагадзіўся распавесці «Вясне» аб тым, як за гэты час мянялася стаўленне адміністрацыі і супрацоўнікаў ізалятара, а таксама пра змены ва ўмовах утрымання арыштаваных.
«Нейкі малады міліцыянт стаў чапляцца да мяне за налепку з “Пагоняй” на тэлефоне. Кажа: “Ого, дык гэта нацысцкі сімвал! Зараз разбярэмся"».
У Беларусі ФСБ затрымала сына «вагнераўца», якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з легіёнам «Свабода Расіі»
Пра гэта паведамляе @sotavisionmedia.
У Расіі 29-гадовага Яўгена Убіраева абвінавачваюць у супрацоўніцтве з легіёнам «Свабода Расіі», які ваюе супраць расійскай арміі ва Украіне.
Паведамляецца, што мужчына разам з жонкай жылі ў Арменіі. Там Убіраеў беспаспяхова спрабаваў атрымаць замежны пашпарт, а праз 180 дзён быў вымушаны здзейсніць візаран. Для гэтага ў снежні 2024 года ён прыляцеў у Беларусь. На зваротным шляху Убіраева ў мінскім аэрапорце затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА-1 Екацярынбурга.
❗️Блогер Лапшын: у Беларусі затрымалі армянскую блогерку Бэлу (Розу Бабаханян)
Пра гэта Аляксандр Лапшын напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Як мне паведамілі неафіцыйныя крыніцы ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Арменіі, армянскую блогерку Бэлу арыштавалі ў Беларусі на 15 сутак і далей меру стрымання будзе вызначаць суд. У яе два грамадзянствы, Арменіі і Беларусі.Читать полностью…
Абвінавачваюць яе па наступных артыкулах крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
- Артыкул 130 — Распальванне варожасці;
- Артыкул 123 — Прапаганда вайны;
- Артыкул 188 — Паклёп;
- Артыкул 369 — Абраза прадстаўніка ўлады;
- Артыкул 186 — Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Абвінавачанні, наколькі я зразумеў, ёй ужо прад'яўленыя, але афіцыйнай заявы ні МУС Беларусі, ні МЗС Беларусі яшчэ не зрабілі».
🌿 Кіраўнік управы Радыё Рацыя Яўген Вапа: «Сёння я схіляю галаву перад тымі людзьмі, якія разам з Алесем шмат гадоў робяць важную справу»
У апошні дзень паэтычнага фэстываля імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» 16 лютага ў Вільні была прэзентаваная новая кніга пра Алеся Бяляцкага «За беларускае жыццё… Алесь».
Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы супольнай працы трох беластоцкіх структураў: Беларускага Радыё Рацыя, тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і Цэнтра грамадзянскай адукацыі «Польшча-Беларусь».
«Ведаючы Алеся шмат гадоў, я тады доўга думаў над загалоўкам для свайго выступу і вось ягоная частка і стала назвай для гэтай кнігі. Бо Нобелеўская прэмія, якую атрымаў Алесь, і ёсць менавіта за беларускае жыццё, за ўсё тое, што было звазанае менавіта з ягонай дзейнасцю, з ягоным жыццём з маладых гадоў. Кніга паказвае, што ўсё, што Алесь робіць – гэта і ёсць прысвячэнне беларускай справе».
За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць вядомую фітнэс-інструктарку і чэмпіёнку СССР, якая мае падзяку ад Лукашэнкі
17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Мінска пачынаюць разглядаць справу ў дачыненні да Наталлі Мікалаеўны Наважылавай. Ёй інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Суддзя — Кацярына Мурашка.
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з ініцыяламі фітнэс-інструктаркі міжнароднага класа катэгорыі «Elite» Наталлі Наважылавай.
Наталля — старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Федэрацыя фітнэсу», майстарка спорту па спартыўнай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнераў. Наталля Мікалаеўна з'яўляецца таксама афіцыйнай прадстаўніцай Фітнэс праграм універсітэта Reebok і Nike.
Яна таксама праводзіць Усебеларускія канферэнцыі па праграме «За здаровы лад жыцця». Узнагароджана Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця».
Уласніка гродзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча затрымалі па палітычным артыкуле
Паводле інфармацыі Hrodna.life ад крыніц, не звязаных з сям’ёй Несцяровіча, яго затрымалі 7 лютага. Супраць прадпрымальніка завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У бліжэйшы час яго павінны перавесці ў гродзенскі СІЗА № 1.
Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года крама сутыкнулася са штрафамі і пазбаўленнем памяшкання. Андрэй заставаўся ў Беларусі і падтрымліваў свой бізнес, бо лічыў яго важным для захавання і развіцця беларускай культуры. У яго два малых дзіцяці, аднаму з якіх няма яшчэ года.
«Я ў адной цішотцы спаў на бетоннай падлозе». У якіх умовах адбываюць «палітычныя суткі» з Магілёве
Восенню 2024 года ў Магілёве быў затрыманы Іван. Падставай сталі лайкі, каментары, падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. «Размова» ва ўпраўленні праходзіла жорстка: мужчыну збівалі, пагражалі крымінальнай справай і пераследам яго сям'і. Суд праходзіў па скайпе ў ІЧУ. Івану прызначылі арышт.
«Прывялі ў карцар, я там быў трэцім. Швэдар адабралі, таму я быў у шкарпэтках, трыко і цішотцы. Там адна шконка, і вось я ў адной цішотцы спаў на бетоннай падлозе.
Раніцай праходзіў вобшук: распранаешся да майткоў, па чарзе падыходзіш да акенца, каб надзелі кайданкі, бярэш рэчы, тады адчыняюцца дзверы, выходзіш і кладзеш рэчы на лаўку, здымаеш майткі і рукі да сцяны ў кайданках. Тады ногі па шырыні плячэй і прысядаеш. У гэты час нашы рэчы абшукваюць».
📄 Што пачытаць у нядзелю? Сабралі для вас галоўныя матэрыялы «Вясны» за тыдзень:
🔹На волю выйшлі палітзняволеныя журналіст Андрэй Кузнечык, шматдзетная маці Алена Маўшук і грамадзянін ЗША
🔹Білі дубінкамі, ставілі на расцяжку, цкавалі сабакамі: як катавалі за намер удзельнічаць у антываенным мітынгу
🔹«Іх маглі абліць вядром вады, а потым ударыць электрашокерам». Гісторыі былых палітычных арыштантаў
🔹«Яны проста смяяліся». Як у зняволенні абыходзяцца з людзьмі з псіхічнымі разладамі
🔹Былы вайсковец, мытнік, маці палітвязня: каго судзілі на гэтым тыдні
🔹«Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса». Распавядаем, як беларусаў працягваюць затрымліваць на мяжы
🔹«У турме сядзець лягчэй». Не менш за 33 чалавекі паводле палітычных матываў накіравалі на прымусовае лячэнне
🔹Хто той куратар КДБ, які прапаноўваў настаўніцы даносіць на калегаў? Распавядаем
🔹«Страху ў школе значна паболела». Пасля размовы з КДБ у настаўніцы пачаліся панічныя атакі
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
«Супярэчыць правам чалавека». Як у Беларусі паводле палітычных матываў накіроўваюць на прымусовае лячэнне
Праваабаронца і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі звярнуў увагу, што ўся псіхіятрычная дапамога ў Беларусі мае элементы прымусу, што супярэчыць правам чалавека і доказнай медыцыне. Пры гэтым, накіраванне людзей на прымусовае лячэнне — звычайная справа для беларускіх судоў.
«У псіхіятрычных установах значна горш, чым у турмах і калоніях, з пункту гледжання правоў. Скардзіцца куды-небудзь немагчыма. Тэрмін у пастанове суда не пазначаны — ён можа быць пажыццёвым, таму што дактары будуць казаць, што "мы цябе яшчэ не вылечылі". Атрымаць спатканні, убачыць чалавека, перадаць пасылку — таксама практычна немагчыма. Усё гэта знаходзіцца ў такім адвольным стане».
«У некаторых узламалі партызанскія тэлеграмы». Аповед былой палітычнай арыштанткі
Суразмоўца ўзгадвае, што сярод сукамерніц было шмат тых, каго затрымлівалі наўпрост на працы, таму некаторых дзяўчат прывозілі ў калготках, спадніцах і туфлях на абцасах. У асноўным, усе палітычныя былі асуджаныя за «дробнае хуліганства». Тых, у каго за час арышту знаходзілі нешта ў тэлефонах, перазатрымлівалі ў межах крымінальных справаў.
«Затрыманых можна было падзяліць на два вялікіх класа: людзі, якіх затрымліваў КДБ, і людзі, якіх затрымліваў ГУБАЗіК. КДБ затрымлівалі тады па адной вялікай справе, а ў ГУБАЗіКа такая больш руцінная праца: фотаздымкі, праверкі тэлефонаў. То-бок затрыманні ў іх больш выпадковыя, яны спачатку затрымліваюць, потым штосьці шукаюць у тэлефоне і абавязкова знаходзяць. Асноўная праблема ў тым, што ў некаторых узламалі партызанскія тэлеграмы, бо адкрыліся асабістыя перапіскі і кантакты».
«Даведка не каціруецца». Як у брэсцкім СІЗА трымалі ўкраінца з шызафрэніяй
Гісторыю распавядае былы палітвязень Віктар Панцялееў.
«У брэсцкім СІЗА пры мне быў украінец. Яго затрымалі на мяжы – ён ехаў у Рыгу. У яго знайшлі бокс – ён паліў марыхуану. Гэта было ў лячэбных мэтах, у яго была даведка, але, як мы разумеем, у Беларусі еўрапейскія даведкі не дзейнічаюць. У яго была шызафрэнія, таму яму першапачаткова давалі нейкія таблеткі, і ён быў цалкам адэкватны, вельмі разумны.
Родныя адправілі запыт ва Украіну – яму далі даведку. Але тут сказалі: даведка не каціруецца, патрэбна даведка беларускага ўзору – і ўсё, яму перасталі даваць лекі, і вось асабіста пры мне ён у маёй камеры паліў вогнішча з запалак і спрабаваў паліць венік».
❗️У Буда-Кашалёве за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі дырэктарку школы, намесніцу кіраўніка райкама «Белай Русі»
13 лютага ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна разглядалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да Алены Сяргееўны Некрашэвіч. Суддзя — Канстанцін Скорын.
Алена Некрашэвіч, прынамсі да апошняга часу, працавала дырэктаркай сярэдняй школы № 1 горада Буда-Кашалёва і адначасова з’яўлялася намесніцай старшыні Буда-Кашалёўскай раёнай арганізацыіі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Таксама вядома, што на некалькіх апошніх выбарах жанчына ўваходзіла ў склад участковых выбарчых камісіяў.
У лістападзе мінулага года яна стала пераможцай абласнога фестывалю кіраўнічага майстэрства «Мэнэджмент у адукацыі: ідэі, рашэнні, перспектывы».
Крыніца: Гомельская Вясна
145 рэсурсаў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў 2024 годзе па запыце пракурораў Віцебшчыны
Такую статыстыку апублікавала прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры.
🔗Хроніка палітычнага пераследу
💔4 гады і 5 месяцаў за кратамі Марфа Рабкова
Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення і велізарнага штрафу.
Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.
💌Месца ўтрымання: ПК № 4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова
💻Напісаць анлайн
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
Палітзняволенага грамадзяніна Арменіі будуць судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі" ваўкавыскай калоніі
51-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна асудзілі летась да двух гадоў калоніі за "абразу Лукашэнкі".
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзела Дэпартамента аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
У кастрычніку мінулага году мужчыну адправілі адбываць тэрмін у калонію № 11 у Ваўкавыску.
27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна адбудзецца разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу будзе разглядаць Ганна Каралевіч.
«Адпраўлены не праз іх дыягназ, а праз тое, што імі зацікавіліся сілавікі». Не менш за 33 чалавекі паводле палітычных матываў накіравалі на прымусовае лячэнне
Праваабаронца Васіль Завадскі з установы «Лекары за праўду і справядлівасць» адзначае, што накіраванне людзей паводле палітычных матываў на прымусовае лячэнне з’яўляецца сур’ёзнай праблемай:
«Варта разумець, што тыя некалькі дзясяткі людзей, якіх накіравалі на прымусовае лячэнне, былі адпраўлены ў першую чаргу не праз іх дыягназ, а праз тое, што імі зацікавіліся сілавікі. То бок адразу яны патрапілі ў поле зроку не лекараў, а органаў, і першасная прычына іх накіравання на лячэнне — не стан здароўя. А да гэтага ж па сваім псіхічным стане гэтыя людзі не стваралі праблем ні сабе, ні іншым людзям. З вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што гэтыя людзі ў звычайным жыцці былі сацыялізаванымі і маглі самастойна лекавацца пры неабходнасці».
У суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да арганізатараў фонду салідарнасці «BYSOL», а таксама яго структурных падраздзяленняў «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity»
Пра гэта паведамляе пракуратара. Сцвярджаецца, што прадстаўнікам ініцыятыў інкрымінаваныя:
• прадастаўленне і збор грашовых сродкаў і іншай маёмасці для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-1 КК);
• наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК);
• публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК);
• вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка і выкарыстанне людзей для ўдзелу на тэрыторыі замежных дзяржаў ва ўзброеных фармаваннях аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктах, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці (ч. 2 арт. 361-3 КК);
• прапаганда тэрарызму і яго публічнае апраўданне, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнет (ч. 1 арт. 289-1 КК).
У ведамстве адзначылі, што абвінавачанне прад'яўлена і па іншых складах злачынстваў.
Сілавікі арыштавалі мазырскую актывістку і блогерку Паліну Зыль
Як стала вядома «Нашай Ніве», дзяўчыне выставілі абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах і датычнасці да «экстрэмісцкага фармавання». Яна чакае суда ў СІЗА.
Разам з ёй быў арыштаваны яе хлопец Максім Шуканаў. Інфармацыі пра яго вызваленне не было, хутчэй за ўсё, ён таксама ў СІЗА.
Паліне 31 год. Яна родам з Ельска, вучылася ў Мазыры. У 2020-м дзяўчына падтрымала пратэсты, нават трапіла на суткі. Пасля Паліна адышла ў цень, але заставалася ў краіне.
Былога памежніка пачнаюць судзіць за «здраду дзяржаве»
Сяргею Цераховічу 42 гады. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Гродне. Па звестках «Белпола», ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.
Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлагбаўм і дазволіў «грамадзянцы Цераховіч» (незразумела, гэта яго сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.
Па звестках Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы «Севіры Сэрвіс», якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога пазначана «Паштовая ды кур'ерская дзейнасць», піша «Наша Ніва».
Суд над Сяргеем пачынаецца 17 лютага ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Суддзя — Юрый Казакевіч.
У Брэсце за «масавыя беспарадкі» ў 2020-м судзяць трох мужчын
У судзе Ленінскага раёна Брэста распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) трох мясцовых жыхароў: Алега Шылава, Вадзіма Карпава і Сяргея Гаруна.
Вядома, што Сяргея Гаруна затрымалі напрыканцы кастрычніка мінулага года. На «пакаяльным відэа» мужчына казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, кідаў брук у бок сілавікоў і заблакаваў лавачкай дарогу.
Справу супраць іх разглядае Дзмітрый Шурын.
Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020-га асудзілі мінімум 180 чалавек.
Работніка Мазырскага НПЗ, якога жорстка затрымліваў мінскі ГУБАЗіК, будуць судзіць па двух артыкулах
26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачынаецца закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).
Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымлівалі 1 жніўня 2024 года. Па яго з Мінска прыехалі губазікаўцы. Яго затрымалі проста на працоўным месцы. Затым заводскім аўтамабілем «УАЗ-Patriot» вывезлі за прахадную завода.
Недалёка ад аўтобуснага прыпынку, на паркоўцы каля галоўнай прахадной завода, дзе ў той час былі людзі, губазікаўцы зладзілі паказальнае збіццё Шуканава — выцягнулі з УАЗа, кінулі тварам на асфальт і, націснуўшы каленам на галаву, надзелі кайданкі, піша «Наша Ніва».
«Ну, выпускайце Кракена!». Як у ПК №15 выкарыстоўвалі чалавека з псіхічнымі разладамі для ціску на вязняў
Гэтую гісторыю распавядае былы палітвязень Сяргей Моніч.
«"Ну, выпускайце Кракена!" – так сказаў Валерый Аркадзьевіч Лазарэнка, начальнік установы. Я падумаў: "Божа мой, з кім жа яны мяне пасадзяць?" Гэта быў проста спосаб ціску. І вось бачу: невялікі, згорблены, маленькі чалавек з вар’яцкім позіркам і інваліднасцю – без рукі. А ў яго яшчэ такая асаблівасць, што ён усё забываў. У яго кожны дзень пачынаўся нанова: "Ой, а што гэта мы? А мы не дома? А дзе мы?". І кожны дзень гэтая пластынка.
Я выкарыстоўваў розныя спосабы: напрыклад, спрабаваў падыгрываць, нанова з ім знаёміцца. Спачатку мне было яго шкада, я прыклаў намаганні і выдаткаваў нервы, каб дастукацца да дзяжурных, каб знайшлі каго-небудзь, хто памые яго, падстрыжэ пазногці на адзінай руцэ, бо яны проста ператварыліся ў кіпцюры».
Прозвішча Леаніда Несцярука, аднаго з гітарыстаў гурта Nizkiz, з'явілася на стэндзе «Іх шукае міліцыя»
Фота стэнда музыка, які знаходзіцца не ў Беларусі, апублікаваў у Instagram, піша @mediazona_by.
Мяркуючы па інфармацыі на арыентоўцы, Леанід абвінавачваецца ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК).
Трое музыкаў гурта — Аляксандр Ільін, Сяргей Кульша і Дзмітрый Халяўкін — былі затрыманыя ў студзені 2024 года, іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК) і асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».
Настаўніцу беларускай мовы з Мінска з 20-гадовым стажам будуць судзіць за «абразу Лукашэнкі»
27 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачынаецца працэс над Анжалікай Алясюк. Жанчыну абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Суддзя — Юлія Блізнюк.
У 2020-м годзе Анжаліка Алясюк была ў выбарчай камісіі на ўчастку ў школе №49 Мінска. У гэтай навучальнай установе яна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Цяпер жанчына працуе выхавацелькай дашкольнай адукацыі ў дзіцячым садку №527 Мінска.
Стаж яе працы ў педагагічнай сферы — больш за 20 гадоў, Алясюк мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, піша «Наша Ніва».
«Збівалі іх там дубінкай і электрашокерам». У каго найбольш жортскія затрыманні па палітычных справах
Кірыл (імя зменена ў мэтах бяспекі) адбываў арышт на Акрэсціна ў Мінску напрыканцы 2024 года. Супраць мужчыны ў РУУСе склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
«Там усё адразу было вырашана. Мне сказалі, што мяне дакладна закрыюць на суткі. Усім алкашам, якія жонак збівалі, скралі штосьці ці штосьці такое, давалі штрафы ці не некалькі сутак, а мне — самы максімальны тэрмін арышту».
«Жорсткае затрыманне было ў тых, хто пакідаў каментары пра ГУБАЗіК ці КДБ. Яны ўсе прыязджалі збітыя, падымалі цішоткі, паказвалі. Іх маглі абліць вядром вады, а потым ударыць электрашокерам. Казалі, што маглі збіць падчас таго, як везлі да Рэвалюцыйнай [вуліца, на якой размешчаны будынак ГУБАЗіКу]. Збівалі іх там дубінкай і электрашокерам».
«Страху ў школе значна паболела». Былая настаўніца пра сучасны стан беларускай адукацыі
«Я прыйшла ў гімназію на парыве "Я ўсё магу, я буду змяняць тут усё да лепшага". Канешне, за гэты час жыццё мяне паабчасала. Я зразумела, што калі я хачу працягваць там працаваць, трэба вучыцца прыстасоўвацца. Ну і страху ў школе значна паболела. Ён працінае ўсё. Ты баішся штосьці не тое сказаць. Сацсеткі настаўнікаў пастаянна манітораць на прадмет "экстрэмізму"».
«Пасля гэтага я не раз чула, як калегі казалі: "Можа лепш купіць просты кнопкавы тэлефон ці ўвогуле яго разбіць, каб не было праблемаў».