Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96
Сямейную пару судзілі ў Дзяржынску за ўдзел у пратэсных акцыях
У судзе Дзяржынскага раёна 19 лютага разглядалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса супраць Ірыны і Аляксандра Бабок. Працэс вёў суддзя Раман Крыловіч.
Пра абвінавачваных вядома няшмат. З дапамогай «Белпол» высветлілі падрабязнасці.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117478
💔«Да ты што, звар’яцеў тут па-беларуску размаўляць?»: як дыскрымінуюць беларускую мову і пераследуюць за яе ў калоніях
Дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага. Ягоная мэта — абарона моўнай і культурнай разнастайнасці народаў свету. Гэты дзень заснаваны ЮНЕСКА і ад самага пачатку ягонага абвяшчэння ў 2000 годзе ўнесены ў беларускі праваабарончы календар.
Дыскрымінацыя беларускай мовы ў таталітарнай Беларусі пачала набываць размах пасля 1995 года, калі паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму, рускай мове «прыпісалі» статус другой дзяржаўнай. Разам з узмацненнем рэпрэсій пасля выбараў 2020 года пад моцны пераслед патрапіла і родная мова беларусаў.
Сёння пра шматлікія факты дыскрымінацыі мовы сведчаць маніторынгі і аналітычныя агляды парушэнняў моўных правоў, якія праводзяць адмыслоўцы.
«За размову на беларускай спачатку адзін раз у ШІЗА пасадзілі, потым другі раз, затым зачынілі ў ПКТ, а пасля павезлі на "крытую" турму».
❗Мадэль і былую бортправадніцу Qatar Airways будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
Вераніцы Жалубоўскай 29 гадоў. Яна з Мінска. Скончыла мінскі ліцэй №1, а пасля адвучылася ў Мінскім дзяржаўным Лінгвістычным універсітэце, які скончыла ў 2017 годзе. Мяркуючы па анкеце, адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай сталічнага конкурсу «ВелаМіс».
Пасля сканчэння МДЛУ Вераніка адпрацавалатры гады сцюардэсай у Катарскіх авіялініях. Яшчэ адно захапленне Веранікі — мадэлінг і акцёрства. Яна знялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псеўданімам Вераніка Бруснікіна і супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў.
Апошняе фота ў сацсеткі дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 года з Турцыі. Пасля гэтага яна паехала ў Беларусь — імаверна, тады яе і затрымалі, піша «Наша Ніва».
Суд над Веранікай пачынаецца 4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Судзяць яе па «народным» артыкуле — ч. 1 арт. 342 КК.
👩Сумесны дабрачынны збор у падтрымку палiтзняволеных беларусак
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на сёння ў Беларусі за кратамі знаходзяцца каля 150 палітзнвяоленых жанчын. Напярэдадні 8 сакавіка некалькі ініцыятыў аб'ядналіся і распачалі збор у падтрымку беларусак.
На кожную жанчыну плануецца выдаткаваць каля €150. Калі атрымаецца сабраць больш — падтрымка будзе больш шырокай, і яшчэ больш жанчын яе атрымаюць.
Падтрымаць збор
📈Іранскія праваабаронцы кажуць пра «жахлівы рост» колькасці выкананых смяротных прысудаў
Летась у Іране было выканана 975 смяротных прысудаў. Гэта самая вялікая колькасць з 2008 года, калі праваабарончыя арганізацыі пачалі іх фіксаваць.
«Пакаранні смерцю з'яўляюцца часткай вайны Ісламскай Рэспублікі Іран супраць уласнага народа з мэтай утрымання ўлады. У мінулым годзе кожны дзень каралі смерцю ў сярэднім пяць чалавек», — сказаў дырэктар арганізацыі Iran Human Rights Махмуд Аміры-Магаддам.
Мяркуецца, што Іран – другая, пасля Кітая, краіна ў свеце па колькасці пакаранняў смерцю. Праваабаронцы абвінавачваюць улады Ірана ў выкарыстоўванні смяротнага пакарання для запалохвання грамадства, асабліва пасля масавых пратэстаў, якія ўспыхнулі ў 2022 годзе, піша @byplradio.
👀Актуальную інфармацыю пра стан смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама навіны Кангрэсу можна адсочваць у Telegram-канале «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі»
💔Палітзняволенаму святару Генрыху Акалатовічу ў СІЗА КДБ забаранялі мець крыжык
Асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» ксёндз Генрых Акалатовіч не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу і прымаць Камунію. Але, як даведаліся вернікі, яму дазволілі мець у камеры невялікі драўляны крыж.
У СІЗА КДБ, дзе святара трымалі больш за год, мець крыж забаранялі, а ў СІЗА-1 у Мінскім раёне, куды ксяндза перавялі на час абскарджання прысуду, такой забароны няма, піша @katolik_life.
Таксама вернікам распавялі, што ў святара кепскае самаадчуванне — нагадаем, ён знаходзіцца ў зняволенні пасля перанесенага інфаркту і аперацыі па выдаленні страўніка з прычыны анкалогіі.
Тым не менш ксёндз Генрых не губляе бадзёрасці духу і кажа, што ў яго лёгка на душы, бо нічога супрацьзаконнага ён не здзяйсняў, а сваё зняволенне ўспрымае як пераслед за веру, за Бога, за Каталіцкую царкву.
⁉️Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі: для чаго яна створаная і як працуе?
У лютым гэтага году Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) абвясціла, што прадставіла доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Яны імкнуцца вывучыць пытанне, ці валодае Суд юрысдыкцыяй, каб раследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, што здзейснілі беларускія высокапастаўленыя службовыя асобы з першага траўня 2020 года.
Да гэтага, у кастрычніку 2024 году, IAPB прывітала накіраванне ўрадам Літвы справы аб сітуацыі ў Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд.
Сёння разбіраемся ў тым, як і для чаго была створаная гэтая Платформа, якія мэты яна ставіць перад сабой і якое месца займае ў яе працы Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117472
У Гомелі паводле двух артыкулаў пачынаюць судзіць студэнта ўніверсітэта імя Скарыны
На 20 лютага ў Гомельскім абласным судзе запланаваны пачатак разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Данілы Чыбісава. Яму інкрымінаваныя ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Працэс прызначаны весці суддзя Анатоль Сотнікаў.
Даніла — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. 18 кастрычніка 2024 года ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля яго разам з маці Аленай Чыбісавай асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (рапсаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік таго судовага пасяджэння невядомы.
Крыніца: Гомельская Вясна
❗️72-гадовага Васіля Дземідовіча пачынаюць судзіць у дзявяты раз
У судзе Смалявіцкага раёна 20 лютага будуць разглядаць ужо дзявятую крымінальную справу супраць пенсіянера. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу будзе весці суддзя Аляксандр Казлоўскі.
Агулам Васіля асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль тры гады.
Цяпер Дземідовіч адбывае тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22. У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Адзначым, што за апошнія гады пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.
(Не) апошняе слова Васіля Іванавіча на адным з судоў
24-гадовага экс-работніка EPAM будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
24 лютага ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца працэс над Дзмітрыем Хамельянскім. Хлопца абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Суддзёй па справе прызначаны Аляксандр Супічэнка.
Дзмітрыю Хамельянскаму 24 гады. Хлопец скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж (2019) і Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (2022).
Мяркуючы па інфармацыі ў сацсетках Хамельянскага, яшчэ падчас вучобы ён пачаў працаваў у IT-кампаніях — ТКП-Софт (2018-2020), EPAM (2020-2022). З 2023 працуе ў групе кампаній Tinkoff, піша «Наша Ніва».
Як мяняліся парадкі і ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ад пачатку 2020 года
Жыхар Мінска Мікалай тройчы за апошнія гады адбываў адміністрацыйны арышт на Акрэсціна. Ён пагадзіўся распавесці «Вясне» аб тым, як за гэты час мянялася стаўленне супрацоўнікаў ізалятара, а таксама пра змены ва ўмовах утрымання.
«Мне распавядалі, што ежу развозіла дзіўная жанчына, якая магла проста выліць суп палоўнікам праз кармушку на падлогу ў камеру: “Вось вам, ежце!”
Спаць не дазвалялі нават стоячы, прытуліўшыся да сцяны. Калі заўважыць “прадольны” – то маглі пакараць усіх стаяннем на паўдня.
Камеру раніцай “шманалі” маладыя дзяўчаты-прадольныя – прастуквалі дубіналам сценкі, і драўляныя рэчы. І пры гэтым яшчэ напявалі сабе пад нос нешта такое “мур-мур”, ці адна адной анекдоты распавядалі. Пры гэтым рэчы раскідвалі па падлозе.
Ужо ў 2024 прадольныя больш з арыштаванымі не размаўлялі і маглі толькі рыкнуць на некага. Нават колькі часу запытаеш – то не адказваюць».
❗️Праваабаронцы заклікаюць дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі
«Вясне» вядома, што ў Беларусі працягваюцца масавыя катаванні і збіванні, утрыманне ў нечалавечых умовах у ізалятарах. Мы разумеем, што праз страх і рызыкі пераследу людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў для дакументавання гэтых фактаў. Але мы заклікаем з дапамогай фота і відэа самім фіксаваць сляды катаванняў і збіванняў. Акрамя гэтага, звяртайцеся да лекараў, каб зафіксаваць траўмы і захаваць медыцынскія дакументы. Гэта дапаможа ў будучыні прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да рэпрэсій.
✍️Вы можаце самастойна задакументаваць ваш выпадак, дзякуючы «Практычнаму дапаможніку для пацярпелых»
🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у месцах зняволення, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org
У Рэчыцы пройдзе суд за «парушэнні на выбарах»
На 24 лютага ў судзе Рэчыцкага раёна запланаваны суд паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Адміністрацыйная справа, якую прызначаны разглядаць суддзя Юліяна Лунцэвіч, складзеная супраць мясцовага жыхара Леаніда Радчанкі, піша «Гомельская Вясна».
На Гомельшчыне гэта будзе трэці вядомы праваабаронцам суд за «парушэнні на выбарах» — 3 лютага ў Навабеліцкім раёне з такой самай нагоды пераследавалі Андрэя Цімашэнку, а 14 лютага ў Савецкім раёне Гомеля паводле такога артыкула судзілі Яўгена Бадракова.
Раней ЦВК паведамляў, што падчас выбараў* былі зафіксаваныя адміністрацыйныя правапарушэнні — фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама спробы вынесці іх з участку.
У Пінску за «экстрэмізм» маглі судзіць шматгадовага кіраўніка мясцовай гаспадаркі
У судзе Пінскага раёна і Пінска 18 лютага адзначылася імя Валерыя Антонавіча Кулішэвіча. Мужчыну ставілі ў віну «распаўсюд экстрэмізму» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), піша @vitebsk_info.
Імя цалкам супадае з ініцыяламі дырэктара ААТ «Аснежыцкае», якім той кіруе з 2000 года, гэта значыць амаль чвэрць стагоддзя. Яго неаднаразова ўзнагароджвала раённая і абласная адміністрацыя, а яшчэ ён быў дэпутатам Пінскага райсавета папярэдняга, 28-га, склікання.
Праграміста з «Атланта» абвінавачваюць у «закліках да нанясення шкоды Беларусі»
Аляксандру Гаршунову 45 гадоў. Ён мінчук. У 2004 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Мяркуючы па сацсетках, працаваў праграмістам на мінскім заводзе «Атлант», піша «Наша Ніва».
Суд над Аляксандрам пачнецца 3 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Працэс прызначаны весці суддзя Аляксандр Рудэнка.
У Брэсце пад «экстрэмісцкую адміністратыўку» патрапіў, падобна, дырыжор аркестра акадэмічнага тэатра
У раскладзе суда Ленінскага раёна Брэста ўчора было заўважана імя Аляксандра Анатольевіча Куўшынікава. Мужчыну ставілі ў віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
З такімі ініцыяламі ў Брэсце ведаюць дырыжора сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (з 2007 года) і кіраўніка духавога аркестра Брэсцкага музычнага каледжа.
У сацсетках ён быў апошні раз у панядзелак, 17 лютага, піша @vitebsk_info.
Сёння пачынаюць судзіць журналіста Ігара Ільяша
Мужчыну абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Яго справу пачынаюць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Кацэр.
Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.
Жонка Ігара — палітзняволеная журналістка Кацярына Бахвалава.
Вярхоўны суд апублікаваў статыстыку аб крымінальных справах, разгледжаных судамі ў 2024 годзе, але схаваў даныя аб «палітычных» прысудах
Згодна з апублікаванай статыстыкай, за мінулы год суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды па 29 162 крымінальных справах. Па іх было асуджана 31410 чалавек, піша reform.
Даныя па палітычна матываваных справах патрапілі толькі ў асобную статыстыку па асуджаных непаўналетніх. Усяго летась прысуды былі вынесены 593 падлеткам. З іх 152 чалавекі атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Колькасць непаўналетніх, асуджаных па «палітычных» артыкулах:
• «распальванне варожасці» — 3 чалавекі,
• «масавыя беспарадкі» — 2 чалавекі,
• «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — 29 чалавек,
• «абраза Лукашэнкі» — 3 чалавекі,
• «заклікі да санкцый» — 2 чалавекі,
• «здрада дзяржаве» — 1 чалавек,
• «абраза прадстаўніка ўлады» — 1 чалавек.
💔У Брусэлі ўшанавалі памяць палітвязня Ігара Ледніка, які памёр за кратамі ў Беларусі год таму
Беларусы Бельгіі зладзілі хвіліну маўчання ў гонар памяці праваабаронцы, грамадскага актывіста і сябра Беларускай сацыял-лэмакратычнай партыі (Грамады) Ігара Ледніка.
У верасні 2022 году Леднік быў асуджаны на 3 гады калоніі за «паклёп на Лукашэнку». У турме ў яго моцна пагоршылася здароўе, што і прывяло да смерці.
🕯Год таму за кратамі памёр палітзняволены Ігар Леднік
У верасні 2022 года Ігара асудзілі да 3 гадоў калоніі. Ветэрана партыйнага руху абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік.
Згодна з матэрыяламі справы, Леднік прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіене АБСЕ». У ім ўтрымліваліся «загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва».
Ігар памёр 20 лютага 2024 году ў турэмнай бальніцы ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе ўвесь час знаходзіўся ў медчастцы. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова.
У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі кіраўніка колішняга дылера ўкраінскай кампаніі
18 лютага ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля адбываўся судовы працэс па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Канстанціна Карпава. Ягоную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Карпаў працуе кіраўніком сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белпалімергаз». Гэтая кампанія да паўнамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны з’яўлялася, у тым ліку, дылерам украінскага таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТерПолімерГаз» з горада Цярнопала ва Украіне.
Кампаніі выраблялі і прадавалі паліэтыленавыя трубы ды іншыя часткі для мантажу трубаправодаў вода- і газазабеспячэння.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі пятнаццаць чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы 15 чалавек.
Сярод іх Яўген Дземянёў, Мікалай Швец, Алег Сычоў, Віталь Якуцік, Міхаіл Дзёмін, Яўгенія Тачыцкая, Сяргей Лапароў, Аляксей Клюшнічэнка, Ігар Кузаўка, Андрэй Прыходзька, Генадзь Саўрыцкі, Ірына Саўрыцкая, Віялетта Вярбіцкая, Віталь Скібінскі, Ігар/Ілля Ільюкевіч (у спісе КДБ блытаніна ў ягоным імені).
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1248 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.
⁉️«І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст». Адказваем на пытанні пра «спіс тэрарыстаў»
У Гродне ў сакавіку пачнецца чарговы суд за «здраду здяржаве»
3 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе пачнецца судовы працэс у даыненні да Ягора Вітальевіча Сацішура. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Працэс прызначана весці суддзя Зінаіда Барцэвіч.
Ініцыялы фігуранта справы супадаюць з 22-гадовым Ягорам Сацішурам. Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, хлопец вучыўся на юрыдычным факультэце ў Брэсце, а пасля жыў у Польшчы.
У чым абвінавачваюць Ягора — невядома.
🌿Калі вам вядомыя акалічнасці справы ці інфармацыя пра Ягора — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo
Палітзняволенага Эдуарда Бабарыку сёння зноў пачынаюць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Эдуарда ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады. У ліпені 2024 года яму дадалі да васьмі гадоў пазбаўлення волі яшчэ два гады паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).
Для адбыцця тэрміна палітвязня перавялі ў ваўкавыскую калонію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі супраць яго ўзбудзілі другую запар справу па ч. 2 арт. 411 КК. Суд над ім распачынаецца сёння, 20 лютага.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117389
❗️Затрыманую ў Беларусі армянскую блогерку Бэлу (Розу Бабаханян) судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
19 лютага ў Гомельскім абласным судзе разглядалася скарга на пастанову суда Чыгуначнага раёна Гомеля датычна блогеркі Бэлы (Розы Бабаханян), якая акрамя армянскага, мае яшчэ і беларускае грамадзянства. Суд Чыгуначнага раёна абвінаваціў Бабаханян паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмізму). Пры гэтым у раскладзе пасяджэнняў суда Чыгуначнага раёна на сайце Вярхоўнага суда такога пасяджэння не было.
Нагадаем, пра затрыманне жанчыны стала вядома некалькі дзён таму. Блогер Аляксандр Лапшын паведамляў, што яе абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў — «распальванне варожасці», «прапаганда вайны», «паклёп», «абраза прадстаўніка ўлады», «пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў».
🔗Хроніка палітычнага пераследу
🎪За ўдзел у пратэстах мінчанку асудзілі ў актавай зале кандытарскай фабрыкі «Слодыч»
Як паведамляюць прапагандысты, там прайшло выязное пасяджэнне суда Савецкага раёна. Абвінавачанне па справе падтрымлівала старэйшая памочніца пракурора Савецкага раёна Анастасія Маліка.
У якасці слухачоў прысутнічалі працаўнікі фабрыкі. Абвінавачаная — 25-гадовая мінчанка, якая раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася. Яна працаўладкавана ў прыватнай кампаніі мэнэджэрам.
Суд пастанавіў прысудзіць жанчыне 2,5 года хатняй хіміі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
📝Нагадваем кантакты Праваабарончага цэнтру «Вясна»
🔹Паведаміць пра затрыманне, даслаць інфармацыю з судовых пасяджэнняў: Telegram-бот @viasna_bot | @ViasnaSOS, @SOSViasna;
🔹Звярнуцца па дапамогу па юрыдычных пытаннях, абскардзіць дзеянні дзяржаўных органаў: @zvarot96 | zvarot@spring96.org;
🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з жорсткім абыходжаннем за кратамі: @ViasnaDOC | viasnadoc@spring96.org;
🔹Распавесці сваю гісторыю журналістам «Вясны»: @Viasnainfo | viasna@spring96.org.
📍Кантакты рэгіянальных прадстаўніцтваў «Вясны»: Бабруйск — @babrujskspring; Барысаў — @Spring_help_r; Брэст — @Nadbuzanski, @BrestSOS; Гомель — @homelspring; Магілёў — @maydayhelp, @mspring_help; Маладэчна — @Maladecza_help; Наваполацк — @impaynes; Віцебск — @Viciebsk_spring; Светлагорск — @svietlahorskspring
❗️Афіцыйныя кантакты ПЦ «Вясна» можна паглядзець у апісанні @viasna96 ці на старонцы «Кантакты» на spring96.org
⁉️«Вясну» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»: як цяпер супрацоўнічаць з намі?
📝«Лекары за праўду і справядлівасць» абвяшчаюць пра пачатак даследвання праблем здароўя жанчын у беларускіх турмах
Пытанні цалкам ананімныя, не патрабуюць прадстаўлення аніякіх асабістых звестак, адказы будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагуленым выглядзе.
«Мы просім былых зняволеных жанчын адказаць на пытанні трох невялікіх анкет. Адна з іх — пра здароўе падчас зняволення – агульная, дзве іншыя — пра псіхалагічны стан — асобныя для былых зняволеных, якія застаюцца ў Беларусі, і для тых, якія пакінулі краіну».
Гомельская пракуратура знайшла на Wildberries «экстрэмісцкія» кнігі
Разіова ідзе пра кнігу Сяргея Сюзева «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня» і Ота Скарцэні «Неизвестная война», якія раней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Паведамляецца, што кніжную прадукцыю знялі з продажу.
Сталі вядомыя падрабязнасці пра вызваленага ў Беларусі грамадзяніна ЗША — пасля беларускага СІЗА «ён страціў 20 кг вагі, зрок, ёсць падазрэнне на сухоты»
Як паведаміў тэлеканал «Дождж» мужчыну клічуць Мікалай Шугаеў. У Беларусі ён правёў за кратамі пяць месяцаў.
У чэрвені 2024 года яго затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — і ў суме прызначылі 60 сутак арышту. Умовы ў ізалятары Наваполацку Мікалай назваў «катавальнымі». Пасля арыштаў Мікалая перавялі ў СІЗА Мінска па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі ў каментарах у Instagram.
На допытах мужчыну пыталіся аб тым, ці працаваў ён калі-небудзь на разведку, ці займаўся вярбоўкай.
12 лютага Мікалаю надзелі мяшок на галаву, вывезлі на мяжу з Літвой. Там яго сустрэлі супрацоўнікі амерыканскай амбасады.
Цяпер мужчына знаходзіцца на рэабілітацыі ў медыцынскай клініцы, размешчанай на ваеннай базе ў Тэхасе (ЗША). За пяць месяцаў зняволення «ён страціў 20 кг вагі, страціў зрок, ёсць падазрэнне на сухоты», піша Люстэрка.