Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96
🏃♀️Amnesty Polska заклікае далучыцца да кампаніі #BiegamDobrze, каб падтрымаць беларускіх палітвязняў
Далучайцеся да кампаніі #BiegamDobrze і паўдзельнічайце 30 сакавіка ў адным з забегаў, якія ладзіць Maraton Warszawski: Варшаўскага паўмарафону ці New Balance Bieg na Piątkę.
Вам неабавязкова быць прафесійным бегуном — вы можаце прабегчы або прайсці па маршруце! Зарэгіструйцеся на сайце biegamdobrze.pl, абярыце каманду Amnesty International і далучайцеся да падтрымкі беларускіх палітвязняў!
Рэгістрацыя працягваецца да 16 сакавіка.
У Гродне завялі спецвытворчасць на саўладальніка будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства
Следчы камітэт 31 студзеня распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Станіслава Буйніцкага. Яму інкрымінаваная ч. 2 арт 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры).
Як паведамляе hrodna.life, ТАА «Форт», у якім Буйніцкі адзін з саўладальнікаў, валодае будынкам на Будзёнага, 48а, дзе знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы. Сам 72-гадовы Буйніцкі з 1999 года жыве ў Беластоку.
У 1990-я мужчына быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Эміграваў у Польшчу з палітычных прычын, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым праз фірму «Форт» працягваў валодаць офісным будынкам на Будзёнага, 48А. Дзякуючы гэтаму будынак быў ледзь не адзіным месцам у Гродне, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычын адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.
❗️На наступным тыдні ў Мінску за ўдзел у пратэстах будуць судзіць цэлую сям'ю
3 лютага ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска пачнецца судовы працэс у дачыненні да Мікалая, Алены і Мікіты Ляпешкаў. Ім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Акавітая.
Ініцыятыва BELPOL пацвердзіла праваабаронцам, што на лаве падсудных будзе цэлая сям'я: 47-гадовы бацька Мікалай, 46-гадовая маці Алена і іх 24-гадовы сын Мікіта.
🇺🇸Місія ЗША пры АБСЕ пракаментавала выбары* ў Беларусі
У заяве адзначаецца, што яны былі праведзеныя ва ўмовах «рэпрэсіўнага асяроддзя, якое характарызуецца дзяржаўнай цэнзурай, працягам рэпрэсій супраць свабодных і незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці і выключэння дэмакратычнай апазіцыі з палітычнага працэсу».
«Не стала здзіўленнем, што Лукашэнка абвясціў пра сваю перамогу, нягледзячы на працэс, які прайшоў са мноствам парушэнняў і ў якім у яго не было рэальнай канкурэнцыі. Ягоны рэжым працягвае затрымліваць і змяшаць у турму тых, хто адважваецца выказваць меркаванне, адрознае ад ухваленага наратыву. Паводле ацэнак, цяпер за кратамі знаходзяцца каля 1250 палітычных зняволеных, нягледзячы на нядаўняе вызваленне некалькіх дзясяткаў чалавек».
31-гадовага беларуса пачнуць судзіць праз два гады пасля затрымання
Максім Ермаловіча затрымалі яшчэ ў студзені 2023 года. Тады праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што ён павёўся на фэйкавую рассылку плана «Перамога» і напісаў, што гатовы «выконваць заданні».
Як адзначае «Наша Ніва», акаўнт Ермаловіча дагэтуль актыўны, і нехта пакідае з яго каменты. Выданне схільнае лічыць, што гэтым займаецца ГУБАЗіК, бо затрымлівалі Максіма менавіта яны, а ўсе каментары з акаўнта прысвечаныя крытыцы ўдзельнікаў «Байпола», у кіраўніцтве якога былыя губазікаўцы.
Ермаловіча пачынаюць судзіць 11 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачваюць Ермаловіча па двух артыкулах — «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.
Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.
❗️Магілёўца, які з нажом адбіваўся ад губазікаўцаў, будуць судзіць за «замах на забойста». Яму пагражае прымусовае лячэнне
У Магілёўскім абласным судзе 11 лютага ў закрытым рэжыме пачнуць разглядаць справу 62-гадовага жыхара Магілёва Аляксандра Кандрычына. Працэс будзе весці суддзя Васіль Галкоўскі. Магілёўца абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «замаху на забойства».
Судзіць Аляксандра будуць як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне». Гэта значыць, што яму не пагражае крымінальнае пакаранне, але да яе будуць прымяняць прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Разбіраемся з юрыстам «Вясны» Паўлам Сапелкам, якое пакаранне могуць прызначыць Аляксандру.
«Будзе разглядацца пытанне аб накіраванні яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Гэта значыць, што не будзе стаяць пытання аб прызнанні або непрызнанні яго вінаватым».
Сям’ю судзяць паводле пяці палітычных артыкулаў
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе працягваецца разгляд справы мужа і жонкі Леаніда і Антаніны Церабей.
Іх затрымалі ў чэрвені 2024 году. Вядома, што ў іх ёсць дзіцёнак, таму маці пакідалі на волі да суда. Праўладныя каналы таксама сцвярджалі, што ёй, верагодна, вынесуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а «вось галава сямейства пасядзіць».
Цяпер іх абодвух судзяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК), удзел у мірным сходзе (арт. 342 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК), паклёп на Лукашэнку (арт. 367 КК) і здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).
Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі.
У Шуміліне за «экстрэмізм» будуць судзіць загадчыка хірургічнага аддзялення мясцовай бальніцы
Пасяджэнне ў дачыненні да Ігара Леанідавіча Гудкова адбудзецца сёння, 31 студзеня. Лекару ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Судзіць яго будзе Іна Грабоўская, піша @vitebsk_info.
Улетку мінулага года Гудкоў атрымаў падзяку ад міністра аховы здароўя.
Жыхара Магілёва, які адбіваўся ад губазікаўцаў у цывільным, будуць судзіць па расстрэльным артыкуле
У Магілёўскім абласным судзе 11 лютага пачнецца закрыты працэс над 62-гадовым жыхаром Магілёва Аляксандрам Кандрычыным, піша «Наша Ніва».
Кандрычын — той самы магілёвец, які 23 верасня 2024 года адбіваўся з нажом ад губазікаўцаў, апранутых у цывільнае.
Па версіі міліцыі, да яго падышлі «для прафілактычнай размовы». Што адбывалася далей, не да канца зразумела. Па версіі міліцыі, Кандрычын дастаў нож і стаў адбівацца: «не менш за два [ўдары аднаму губазікаўцу] і пяць удараў [другому], у тым ліку ў вобласць грудной клеткі».
У выніку Кандрычыну выставілі абвінавачванне па трох артыкулах: ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 364 КК (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), ч. 2 арт. 139 КК (забойства). Суддзя — Васіль Галкоўскі.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі
Гаворка пра фільм «Лес», які быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» судом Цэнтральнага раёну Гомеля 29 студзеня.
У дакументальным фільме «Лес» паказана некалькі рэальных гісторый 1930-х гадоў аб сталінскіх рэпрэсіях. Адна з іх — пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у сумна вядомым Навабеліцкім лесе пад Гомелем.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
📍Telegram-каналы і чаты «Херсон партизаны, Kherson partisans, FUCK VGA», «АТЕШ», «Легион ГУР МО | DIU Legion»;
📍Instagram старонкі «belarus_files», «by2020art», «zuivoilena»;
📍Старонкі ў сацсетках «МОВА ПОБАЧ»;
📍Старонкі ва «Укантакце» «Протестное кино», «Зробiм Беларусь лепей»;
📍Старонкі ў TikTok «mogilevnews», «Павло», «pozirk_online».
📝ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой не прызнала апошнія прэзыдэнцкія выбары* ў Беларусі
Рэзалюцыя была прынята аднагалосна: 79 парламентарыяў прагаласавалі «за», ніхто не выступіў супраць і не ўстрымаўся.
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы таксама заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць рэпрэсіі. Краінам-чальцам Савета Еўропы рэкамендавана ж не прызнаваць выбары*, пашырыць санкцыі ў дачыненні да рэжыму, а таксама выказаць падтрымку эмігрантам з Беларусі.
Аўдытара і бізнэс-трэнера Дзмітрыя Цімафіевіча сёння пачалі судзіць за ўдзел у пратэстах
Дзмітрый — адзін з самых публічных беларускіх аўдытараў. У 2013-2020 ён працаваў у аўдытарскай кампаніі KPMG, з 2020 года кіруе аўдыторскай кампаніяй IQT. Актыўна дае каментары, праводзіць семінары і трэнінгі.
Як адзначае «Наша Ніва», на сайце эканамічнага факультэта БДУ яго называюць сярод знакамітых выпускнікоў.
Дзмітрый актыўна абнаўляў свае сацсеткі, аднак тры месяцы таму прапаў з іх.
30 студзеня мужчыну пачалі судзіць у судзе Ленінскага раёна Мінска. Яму інкрымінуецца ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя — Анастасія Ачалава.
💌Беларусы Масквы падпісалі паштоўкі беларускім вязням
Гэтым разам заказныя лісты з паштоўкамі і словамі падтрымкі павінны атрымаць палітзняволеныя Мікалай Статкевіч і Наста Лойка.
‼️«Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце». Як на Акрэсціна літаральна «забівалі» анкахворую ўкраінку
Былая арыштанка Акрэсціна распавяла, што ў ізалятары восенню ўтрымлівалі ўкраінку з беларускім відам на жыхарства, якая ў Беларусі пражыла 20 гадоў.
«Яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у Брэсце амаль адразу пасля аперацыі па выдаленні лімфомы падпахай. Яна яшчэ прасіла ў лекаркі зялёнку і мазала гэтыя швы. Яна прайшла першы курс хіміятэрапіі і яе схапілі кдбшнікі наўпрост у паліклініцы, куды яна прыйшла да лекара. Ёй літаральна перапынілі курс хіміятэрапіі. Яны ёй яшчэ казалі: "Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце". Яе цягалі на допыты кожны дзень, фактычна пазбаўляючы харчавання».
❗️«Суд праходзіў праз мэсэнджэр на тэлефоне». Гісторыя былой арыштанткі Акрэсціна
Сітуацыя з правамі чалавека з Беларусі ўжо амаль пяць гадоў застаецца на катастрафічным узроўні. З 2020 года ў беларускіх ізалятарах для палітычных арыштантаў створаныя спецыяльныя нечалавечыя ўмовы ўтрымання.
Праз мінскі ізалятар на Акрэсціна штогод праходзяць тысячы арыштаваных па палітычных матывах. Некаторыя з тых, каго пасля ІЧУ пераводзілі ў СІЗА па крымінальнай справе, нават у параўнанні з ім называюць Акрэсціна самым горшым месцам.
Былая арыштантка мінскага ізалятара, якая нядаўна адбывала там «суткі», распавяла «Вясне», у якіх умовах цяпер утрымліваюць людзей у ізалятары, як праходзяць суды над адміністрацыйна затрыманымі, а таксама пра анкахворую ўкраінку, якую затрымалі пасля аперацыі па выдаленні лімфомы.
«У першую ноч я ляжала намыленай галавой пад лаўкай, ногі паміж дзяўчатамі пад нарай, і думала, які ж гэта "адавы пі*дзец"».
Пасля свайго затрымання дырэктар рэчыцкага завода звольніў супрацоўніка, якога пераследвалі па палітычных матывах
10 студзеня ў Рэчыцы 5 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмізму» прызначылі Івана Дзенісенку, які працаваў начальнікам аддзелу забеспячэння Рэчыцкага метызнага завода. 15 студзеня паводле тых самых падставаў асудзілі Андрэя Старушэнку, які займаў пасаду галоўнага энергетыка прадпрыемства.
Крыніцы праваабаронцаў паведамлялі, што дырэктар прадпрыемства не звальняў рэпрэсаваных супрацоўнікаў, тлумачачы гэта тым, што яны добра працуюць і іх няма кім замяніць, піша «Гомельская Вясна».
28 студзеня дырэктара прадпрыемства Віктара Самончыка вывелі з працоўнага месца ў кайданках. На заводзе казалі, што затрыманне звязанае з адмовай Самончыка звальняць супрацоўнікаў паводле палітычыных матываў. На наступны дзень дырэктар вярнуўся да працы.
Пасля гэтага Івана Дзенісенку ўсё ж звольнілі з працы. Ці працягваюць працаваць іншыя супрацоўнікі, якіх пераследвалі па палітычных матывах, — невядома.
⚡️Стала вядома пра вызваленне Паліны Шарэнда-Панасюк
Пра гэта ў Facebook паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда. Вядома, што Паліна выйшла на свабоду па сканчэнні чацвёртага тэрміну. Яна адбыла за кратамі 4 гады і 1 месяц.
Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года і з таго часу знаходзілася за кратамі. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з'явіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакала двое сыноў — Славамір і Стах.
🇨🇿У Празе распавялі пра беларускіх палітвязняў
Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы зладзіў у Празе мерапрыемства для прадстаўнікоў амбасадаў, падчас якога ўдзельнікі і ўдзельніцы ўзнялі праблематыку палітычных зняволеных з замежным грамадзянствам, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды ў Беларусі
Праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук распавяла пра 36 палітзняволеных з замежным грамадзянствам, асноўныя артыкулы і тэрміны, па якіх і на якія асуджына гэтыя людзі, а таксама пра самыя гучныя кейсы палітвязняў-замежнікаў.
Пра ўсіх палітвязняў з замежным грамадзянствам можна прачытаць па спасылцы
⚖️Анколаг, стаматолаг, шматдзетная маці: каго судзілі на гэтым тыдні
З 27 па 31 студзеня ў беларускіх судах разглядалі як мінімум 51 крымінальную палітычную справу, у межах якіх судзілі 69 чалавек. Мінімум дзесяць судовых працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме.
У палітычных судах у згаданы перыяд прымалі ўдзел мінімум 43 суддзі. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул — «народны» артыкул 342 КК. Па ім судзілі 31 асобу. За «заклікі да санкцый» на гэтым тыдні судзілі мінімум восем чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 42 чалавекі.
Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117336
🇺🇳Эксперты ААН шкадуюць аб адсутнасці адказнасці за жорсткае абыходжанне з жанчынамі ў зняволенні ў Беларусі
Незалежныя эксперты па правах чалавека выказалі занепакоенасць адсутнасцю эфектыўных расследаванняў па заявах аб гендэрным гвалце і жорсткім абыходжанні з жанчынамі ў месцах зняволення ў Беларусі.
Эксперты атрымалі паведамленні аб перапоўненасці месцаў папярэдняга зняволення, антысанітарыі, цяжкасцях з атрыманнем медыцынскай дапамогі, адсутнасці чыстага або цёплага адзення, вобшуках з распрананнем, якія праводзяцца мужчынскім і жаночым турэмным персаналам, а таксама аб адсутнасці магчымасці адасобіцца пры наведванні прыбіральні.
Паведамляецца, што жанчыны-вязні падвяргаюцца адвольным пакаранням, уключаючы адзіночнае зняволенне і зняволенне без сувязі з навакольным светам і без магчымасці мець зносіны з дзецьмі.
Таксама паступаюць паведамленні аб шырокім распаўсюджванні гвалту паміж зняволенымі ў папраўчай калоніі № 4, дзе гвалт дапускаецца і заахвочваецца адміністрацыяй калоніі.
Крыніца: OHCHR
У Мінскім гарадскім судзе паўторна судзяць палітвязня
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над палітзняволеным Арцёмам Ліцевічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.
Раней яго ўжо асудзілі за заклікі да сакцый (арт. 361 КК) і ўдзел у мірным сходзе (арт. 342 КК). Вынік суда быў невядомы. Напрыканцы студзеня 2025 г. Арцём унесены КДБ у «спіс тэрарыстаў».
Лаўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка пеўчага хору працягваюць судзіць за пратэсты
22 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Мінска распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Даніэля-Ландсея Кейты. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 342 КК. Працэс узначальвае суддзя Таццяна Пірожнікава.
Пра затрыманне хлопца стала вядома ў чэрвені — на «пакаяльным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
Вядома, што затрыманы — лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 16 чалавек — цяпер у ім 4900 прозвішчаў
31 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам Міхаіла Фандо, айцішніцу Анастасію Жыльскую, асуджанага да 20 гадоў калоніі Дзмітрыя Асіюка.
Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
⁉️«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»
У Мазыры пасля «перадвыбарчага» арышту вызваліўся праваабаронца Уладзімір Целяпун
Праваабаронцы «Гомельская Вясны» атрымалі пацверджанне, што ўчора быў вызвалены з-пад адміністрацыйнага арышту вядомы мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун. Яго затрымалі 15 студзеня, а 17-а адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы, у якой яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядала суддзя Марына Буглак.
Мяркуючы па даце вызвалення, яна прызначыла яму арышт на 15 сутак.
У дачыненні да актывіста Ігара Случака распачалі крымінальную справу
Пра гэта Ігар напісаў у сваім Facebook.
Папулярызатара беларускай мовы абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што крымінальная справа была распачатая яшчэ 22 траўня 2024 года. 24 снежня матэрыялы былі перададзеныя ў Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Палітзняволеная блогерка Вікторыя Гусарава выйшла на волю пасля суда
Як паведамляе «Гомельская Вясна», блогерка паведаміла ў сваім Instagram, што знаходзіцца дома.
Нагадаем, 17 студзеня ў Гомельскім абласным судзе распачаўся судовы працэс у дачыненні да Вікторыі. Ей была інкрымінавана ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Справу разглядала суддзя Алеся Осіпава. Які прысуд яна вынесла Гусаравай — невядома.
Вікторыя — вядомая беларуская блогерка «gusarev_ka», яна мае больш за 32 тысячы падпісантаў у Instagram і больш за 17 тысяч — у TikTok.
Палітзняволены Мікола Статкевіч быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру
Пра гэта паведамляе Яўген Вільскі.
«Дэпутат Еўрапейскага парламента Пятрас Аўштравічус зарэгістраваў лідэра беларускай апазіцыі Міколу Статкевіча кандыдатам на прысваенне Нобелеўскай прэміі міру.Читать полностью…
Шалёная праца ў аўральным парадку па зборы матэрыялаў была праведзена камандай Народнай Грамады. І мы паспелі да заканчэння тэрміну прыёму заявак».
У Маларыце затрымалі мужчыну, які зняў чырвона-зялёны сцяг з аптэкі
Паведамляецца, што 39-гадовы мясцовы жыхар праязджаў па горадзе і ў 2:20 ночы спыніўся, выйшаў з машыны, сарваў дрэўка са сцягам і з'ехаў дадому.
Яго затрымалі наступнай раніцай — сілавікам ён сказаў, што «нібыта проста хацеў павесіць сцяг на лецішчы».
🌿Сяргей Коршун: «Я стаў дапамагаць тым, хто трапляў у калонію па палітычных артыкулах»
Пасля чатырох з паловай гадоў зняволення жыхар Мінска, блогер тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргей Коршун прыняў рашэнне выехаць з Беларусі, паколькі не адчуваў сябе ў бяспецы. Ён выйшаў на волю 17 ліпеня 2024 года з прэвентыўным наглядам як злосны парушальнік рэжыму ў статусе асобы, датычнай да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.
«Вясна» паразмаўляла з былым палітвязнем пра падзеі 2020 года, гісторыю ягонага пераследу і ўмовы ўтрымання ў калоніі, дзе ён адбываў пакаранне.
«Неяк нас вывелі на прагулку і тут у суседнім дворыку пачуўся вокліч “Жыве Беларусь!” Гэта падхапілі ўсе прагулачныя дворыкі, сталі гучна скандаваць і я зразумеў, што нас шмат. Была эйфарыя, адчуванне, што нават за кратамі мы не зломленыя».
❗️За палітыку сёння пачынаюць судзіць адну з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі
У Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня пачнуць судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адна з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў. Наадварот, удзячныя людзі перадаюць адзін аднаму яе імя, піша «Наша Ніва».
Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова.
Шарафановіч скончыла Мінскі медыцынскі інстытут і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці «анкалогія». Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.
13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».