Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96
🌏Катуюць, абвяшчаюць у вышук, заводзяць крыміналкі: як пераследуюць праваабаронцаў у розных краінах
Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы застаецца напружанай увесь апошні час. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі і іншых краінах.
«Вясна» прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
🇦🇿Азербайджан: Праваабаронцу Анару Мамедлі не аказваюць у СІЗА медычнай дапамогі;
🇬🇪Грузія: Улады адмовілі ў прытулку расейскаму актывісту і праваабаронцу Станіславу Дзмітрыеўскаму;
🇷🇺Расія: У дачыненні да праваабаронцы Сяргея Давідзіса распачатая справа, ён аб'яўлены ў вышук; праваабаронца Аляксей Сакалоў, якога ў студзені адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, заявіў пра катаванні супраць яго;
🇰🇬Кыргызстан: Праваабаронца Азіза Абдзірасулава пакінула Кыргызстан праз пагрозы і пераслед.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117349
Замежніка судзяць у Віцебску за «агентурную дзейнасць»
У Віцебскім абласным судзе за «агентурную дзейнасць» судзяць грамадзяніна іншай дзяржавы Аляксандра Барысава. Паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса яму пагражае да сямі гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачвання невядомая, працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Справу Барысава з 27 лютага разглядае суддзя Яўген Буруноў.
🔎У Беларусі з 2020 года агулам за «агентурную дзейнасць» асудзілі не менш за 19 замежных грамадзян 👉 https://spring96.org/be/news/116800
🗣Калі вам вядомыя акалічнасці справы ці інфармацыя пра Аляксандра — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo
❗️Былому вайскоўцу Дзмітрыю Пазнякову збіраюцца ўзмацніць пакаранне
Дзмітрый — ураджэнец Узбекістана. Служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, потым працаваў намеснікам каменданта ў Брэсцкай ваеннай камендатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БДУ. Яго затрымалі 9 жніўня 2023 года. Паводле прапагандыстаў, Пазднякоў быў завербаваны польскімі спецслужбамі. У лістападзе 2023-га палітвязня асудзілі за "здраду дзяржаве" да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калонію № 1.
Паводле інфармацыі "Вясны", у калоніі палітвязня катавалі з ужываннем электрашокера, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Дома Дзмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.
Цяпер стала вядома, што 14 лютага ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
У Жлобіне за «здзек з дзяржсцягу» пачынаюць судзіць хлопца, які год таму выратаваў з возера пенсіянера
На 4 лютага судом Жлобінскага раёна запланаваны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да навучэнца Жлобінскага металургічнага каледжа Канстанціна Ціхамірава. Яго вінавацяць паводле артыкула 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суддзя — Святлана Андрэева.
Адзначаецца, што пасяджэнне пройдзе не ў будынку суда, а ў каледжы, дзе вучыцца хлопец, піша «Гомельская Вясна».
Год таму, на сцэне актавай залы гэтага ж каледжа, Канстанціна разам з трыма іншымі навучэнцамі ўрачыста віншавалі і ўзнагароджвалі лістамі падзякі — юнакі выратавалі пенсіянера з вады.
Пра гераічны ўчынак падлеткаў тады нават напісала прапагандысцкая «СБ» — хлопцы запаўзлі на лёд і з дапамогай знойдзеных побач друкоў змаглі выцягнуць з вадаёма пенсіянера і ўратаваць яму жыццё.
💔1600 дзён за кратамі знаходзіцца праваабаронца Марфа Рабкова. Падтрымайце яе!
Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней яе абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.
Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Ужо амаль два гады праваабаронца ўтрымліваецца ў калоніі.
💌Месца ўтрымання: ПК № 4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова
💻Напісаць анлайн
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг украінскіх telegram-каналаў
Гаворка пра telegram-каналы і чаты «✙ Київ Оперативний | Kyiv Operative ✙», «Левый Берег Киев», «Київ ІНФО | Новини Україна», «ХК Київ», «Україна Сейчас | УС: новини, політика, війна», а таксама YouTube-канал «Рadzei», старонку ў TikTok «doroga.v.аd», старонкі ў Facebook «Игорь Суглоб» і «Avi Aries», старонку ў Instagram «cyan.waw».
🔗Хроніка палітычнага пераследу
Маладую выкладчыцу англійскай мовы судзяць за «распальванне варожасці» і «заклікі да нанясення шкоды Беларусі»
Алене Бадзяка 29 гадоў, яна з Глыбокага. У 2019 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт. Пасля працавала настаўніцай англійскай у розных прыватных школах — Step by step, Kidslab і іншых, піша «Наша Ніва».
Дзяўчыну пачалі судзіць 31 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Алену вінавацяць па двух крымінальных артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «заклікі да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў калоніі.
Судзіць выкладчыку суддзя Вера Галаўкова.
💔1300 дзён за кратамі знаходзяцца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч
14 ліпеня 2021 года да іх і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
У 2023 годзе суддзя Марына Запаснік прысудзіла «вясноўцам» вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
Пазней праваабаронцаў унеслі ў «спіс экстрэмістаў».
💌Месца ўтрымання «вясноўцаў»:
- ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
- ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
- ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
💻Напісаць анлайн
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
Краўндфандынгавы праект «Gronka» прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 27 студзеня.
Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Павел Лібер і Крысціна Дробыш.
🔗Хроніка палітычнага пераследу
ЦВК агучыла афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў*
• Аляксандар Лукашэнка — 5 136 293 галасоў (86,82%)
• «Супраць усіх» — 213 377 (3,60%)
• Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў (3,21%)
• Алег Гайдукевіч — 119 272 галасоў (2,02%)
• Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў (1,86)
• Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў (1,74%)
Былі сапсаваны 45 064 бюлетэня.
Афіцыйная яўка — 85,86% (5 916 195 чалавек)
📝Выбары*2025. Папярэдняя аналітычная справаздача паводле вынікаў назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Затрымалі відэааператара Андрэя Толчына, які быў вызвалены па памілаванні. Тры месяцы пра яго няма звестак
Відэааператар з Гомеля Андрэй Толчын у сакавіку 2024 года быў асуджаны да 2,5 гадоў зняволення, але ў верасні выйшаў на волю па памілаванні. Але праз паўтара месяца журналіста зноў затрымалі.
Як стала вядома «БАЖ», Толчына ізноў затрымалі 31 кастрычніка 2024 года. У яго жыллі сілавікі зладзілі ператрус. Пра тое, што стала прычынай пераследу і дзе на сёння ўтрымліваюць журналіста, — невядома.
5 снежня 2024 года яго імя фігуравала ў раскладзе суда Савецкага раёна Гомеля. У той дзень Толчына было запланавана судзіць паводле адміністрацыйнага абвінавачання за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу, распачатую паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, разбіраў суддзя Анатоль Мохараў.
Далейшы лёс журналіста невядомы.
Мінімум 42 чалавекі за мінулы тыдзень асудзілі па палітычных адміністрацыйных справах у Брэсцкай вобласці
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", кожны тыдзень у вобласці судзяць па некалькі дзясяткаў чалавек за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП).
У папярэднія тыдні было па 20-30 выпадкаў на тыдзень. Але, як вынікае з раскладу судоў, за 27-31 студзеня 2025 года ў вобласці за "экстрэмізм" асудзілі як мінімум 42 чалавекі. Толькі за адзін дзень, 28 і 31 студзеня, у судзе Брэсцкага раёна судзілі 2 сям'і: Васіля, Сцяпана, Людмілу і Паліну Кавальчукоў, а таксама Паўла, Аляксандра і Данііла Сцепанюкоў.
🌿Калі вам вядомыя вынікі судоў — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo
❗️Эканаміста Паўла Данэйку завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі па справе «Каардынацыйнай рады»
У Мінскім гарадскім судзе 31 студзеня вынеслі завочны прысуд эканамісту і адміністрацыйнаму дырэктару даследчага цэнтра BEROC Паўлу Данэйку. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла яму 12 гадоў калоніі і штраф у памеры 13 000 базавых велічыняў (546 000 рублёў).
Эканаміста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 16 і ч. 4 арт. 233 (арганізацыя і кіраўніцтва прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Паводле версіі абвінавачання, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117339
❗️Палітвязень Дзяніс Сальмановіч працягвае ўтрымлівацца ў ШІЗА
Палітвязень Дзяніс Сальмановіч, які адбывае дзесяцігадовы тэрмін зняволення ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба», працягвае ўтрымлівацца ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Адтуль ён так і не вышаў пасля чарговага «пакарання».
Раней, 14 студзеня, паведамлялася, што Сальмановіча ў чарговы раз змясцілі ў штрафны ізалятар. На той момант ён там знаходзіўся ўжо два месяцы. Як вядома, у Сальмановіча ёсць захворванне — хранічны гломеруланефріт
«Хачу сказаць кіраўніцтву калоніі: Спыніцеся, вы ўжо столькі бед прынеслі людзям, знайдзіце ў сабе мужнасць не выконваць злачынныя загады, успомніце што ў вас таксама ёсць дзеці, ёсць бацькі», — напісала маці Дзяніса.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117337
📄 Што пачытаць у нядзелю? Сабралі для вас галоўныя матэрыялы «Вясны» за тыдзень:
🔹Рэпрэсіі, якія не ведаюць межаў: сярод палітзняволеных Беларусі — 36 замежнікаў
🔹«За пагрозу прымянення гвалту атрымаць чатыры гады калоніі — крыўдна»: споведзь былога палітвязня
🔹Сарваная балаклава, драпіны, каментары: больш за 300 чалавек асудзілі за «гвалт» і «супраціў» міліцыянтам
🔹«Суд праходзіў праз мэсэнджэр на тэлефоне». Гісторыя былой арыштанткі Акрэсціна
🔹Сяргей Коршун: «Я стаў дапамагаць тым, хто трапляў у калонію па палітычных артыкулах»
🔹Магілёўца, які з нажом адбіваўся ад губазікаўцаў, будуць судзіць за «замах на забойста». Яму пагражае прымусовае лячэнне
🔹Блогерка, медсястра, эстонец, бізнесоўцы: каго прызналі палітвязнямі ў студзені
🔹Анколаг, стаматолаг, шматдзетная маці: каго судзілі на гэтым тыдні
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
🎪У Беларусі вырашылі працягнуць працу «камісіі па вяртанні»
Пра гэта распавёў генпракурор Андрэй Швед.
Нагадаем, праваабаронцам вядомыя як мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці» і звяртанне ў «камісію па вяртанні», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання ў Беларусь.
Агулам жа, па інфармацыі «Вясны», за вясну і лета 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.
Працягваецца закрыты завочны суд па справе экс-супрацоўніц TUT.ВY
Мінскі гарадскі суд 4 лютага працягвае разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да былых супрацоўніц партала TUT.ВY Вольгі Лойка, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнка. Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло 15 ліпеня, пасля чаго быў абвешчаны вялікі перапынак.
Абвінавачванне прад’яўленае паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Весці працэс прызначаная суддзя Алена Шылько.
Ураджэнца Херсона Сяргея Белага пачынаюць судзіць у трэці раз
Сяргей родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. На «пакаяльным» відэа ён казаў, што пакідаў каментары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце план «Перамога». У першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Наступны суд над Сяргеем адбыўся 27 верасня 2024 года ў Мінгарсудзе. Яго абвінавацілі па 4 артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Вынік суда невядомы.
4 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска пачынаецца разгляд ужо трэцяй справы супраць Сяргея. Гэтым разам паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс будзе весці суддзя Жана Хвайніцкая.
Кіраўніка аўдытарскай кампаніі Ernst&Young Паўла Лашчанку арыштавалі «за палітыку»
Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Па словах суразмоўцаў выдання, Лашчанку ўспомнілі 2020 год.
У 2020 годзе, у разгар збіцця грамадзян міліцыяй, за подпісам Лашчанкі выйшаў ліст да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў, у якім ён выказаў сумнеў у агучаных Ярмошынай лічбах, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.
EY (Ernst&Young) — аўдытарская кампанія з «вялікай чацвёркі». Працуе ў сферы аўдыту, падаткаабкладання, аказвае юрыдычныя паслугі для бізнэсу. Без ацэнкі EY у Беларусі не магла прайсці ніводная сур'ёзная ўгода па пакупцы або зліцці бізнэсу. EY быў адным з асноўных лакаматываў і тлумачальнікаў у справе прасоўвання перадавых фінансавых стандартаў і справаздачнасці.
З 2020-га году як мінімум 1896 беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый ці фондаў ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі
На канец 2024 года было ліквідавана не менш за 1 891 НКА, усяго за мінулы год — мінімум 382 НКА.
Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец студзеня як мінімум 1187 арганізацый знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 709 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.
✍️Шукаем людзей, якія за апошнія паўгода адбывалі арышты ў беларускіх ізалятарах часовага ўтрымання
Распавядзіце праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання.
Ананімнасць гарантуецца. Калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo
❗️За «здраду дзяржаве» ў Мінску будуць судзіць мытніка
У Мінскім гарадскім судзе 14 лютага за «здраду дзяржаве» пачнуць судзіць 29-гадовага мытніка Віктара Вараб'ёва. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Сяргея Хрыпача.
Апроч ч. 1 арт. 356 КК, мужчыне таксама ставяць у віну «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 1 арт. 426 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК). Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
На старонцы Linkedin пазначана, што з 2018-га года Віктар працаваў старэйшым інжынерам сувязі на мытні. Верагодна, з гэтым і звязана крымінальная справа супраць мужчына за «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117346
🗣Калі вам вядомая інфармацыя пра Віктара — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo
У зняволенні працягваюць утрымліваць латвійца, пакуль яго справу разглядаюць трэці месяц
У Мінскім гарадскім судзе з 12 лістапада 2024 году судзяць грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса. Мужчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК). Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Паводле гэтых артыкулаў Юрыйсу пагражае да дзесяці гадоў калоніі.
Наступнае пасяджэнне па справе латвійца прызначана на 7 лютага. Працэс вядзе Аляксандр Рыбакоў.
Агулам у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітзняволеных замежных грамадзян, сярод іх — чатыры грамадзяніна Латвіі.
🔹Рэпрэсіі, якія не ведаюць межаў: сярод палітзняволеных Беларусі — 36 замежнікаў
Журналіст і былы палітвязень Андрэй Толчын на волі
Відэааператар з Гомеля Андрэй Толчын у сакавіку 2024 года быў асуджаны да 2,5 гадоў зняволення, але ў верасні выйшаў на волю па памілаванні. Праз паўтара месяца журналіста зноў затрымалі.
5 снежня мінулага года ў судзе Савецкага раёна Гомеля Толчына судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Далейшы лёс журналіста быў невядомы.
Сёння праваабаронцы @viasnaHomel атрымалі інфармацыю пра тое, што зараз журналіст знаходзіцца на волі. Але на волю ён выходзіў не з ІЧУ, а з лякарні.
Што з ім здарылася ў ІЧУ, што яго давялося шпіталізаваць, пакуль невядома. Як і невядомы цяперашні стан здароўя Толчына.
Маладую супрацоўніцу «Пеленга» пачынаюць судзіць за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі»
Карыне Праташчык 29 гадоў. Яна родам з Мінска. Карына вельмі творчы чалавек — любіць падарожнічаць, фатаграфаваць і рабіць розныя рэчы рукамі. А пяць гадоў таму стварыла ўласныя развіваючыя карткі для дзяцей.
Мяркуючы па сацсетках, у дзяўчыны ёсць муж і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».
Па звестках «Белпола», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.
Суд над дзяўчынай пачынаецца 3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Карыну абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Любоў Сімахіна.
Працягваецца суд па справе палітзняволенага японца Наканісі Масатосі
Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».
Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.
🔹Сфабрыкаваныя пераклады і ілжывыя абвінавачванні. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых грамадзян у Беларусі
У Мінску за ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць цэлую сям'ю
3 лютага ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска пачынаецца судовы працэс у дачыненні да Мікалая, Алены і Мікіты Ляпешкаў. Ім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Акавітая.
Ініцыятыва BELPOL пацвердзіла праваабаронцам, што на лаве падсудных будзе цэлая сям'я: 47-гадовы бацька Мікалай, 46-гадовая маці Алена і іх 24-гадовы сын Мікіта.
Былы міліцыянер, які працаваў дальнабойшчыкам, вярнуўся ў Беларусь — яго пачалі судзіць у другі раз
Арцёму Ліцевічу 42 гады. У 2003 годзе ён пайшоў працаваць у міліцыю. Пасля паступіў у Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Але ў 2008-м яго звольнілі ў званні старшага сержанта за «парушэнне ўмоваў кантракта», піша «Наша Ніва».
Ліцевіч працаваў дальнабойшчыкам. Вядома, што яго затрымалі пасля вяртання ў Беларусь. Суд над Ліцевічам адбыўся 24 кастрычніка 2024 года. Тады яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК) і «закліках да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Прысуд невядомы, але ў снежні 2024 года ён набыў моц.
31 студзеня над палітвязнем пачаўся новы працэс у Мінскім гарадскім судзе. Ліцевіча абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
💔4 гады і 4 месяцы за кратамі ўтрымліваюць палітзняволенага валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка
У верасні 2022 году Андрэю прысудзілі 6 гадоў калоніі. Чапюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці — за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе).
Пазней Вярхоўны Суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення. Пазней Чапюка этапавалі ў івацэвіцкую калонію, дзе ён і адбывае свой тэрмін.
💌Месца ўтрымання Андрэя: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Андрэй Сяргеевіч Чапюк
💻Напісаць анлайн
Палітзняволенага Кірыла Вавеля будуць судзіць па новай крымінальнай справе
Мужчына працаваў на розных заводах і прадпрыемствах, якія займаюцца продажам прамысловага абсталявання. Таксама ў 2015 годзе ён заснаваў невялікую кампанію «Грыфком-вектар», якая прадавала камплектуючыя для канвеераў. Кірыл піша музыку і сцэнары для фільмаў. Ён таксама лічыцца ў рэестры нацыянальных праваўладальнікаў.
У верасні 2024-га году яму прызначылі 3 гады калоніі за «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК).
У Мінскім гарадскім судзе 14 лютага пачынаецца суд над палітвязнем, піша «Наша Ніва». Цяпер Вевелю інкрымінуецца ўдзел у нейкім «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя — Жанна Брысіна.