Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS. Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo Юрыдычная служба: @zvarot96
На Дзень Волі ў Беларусі абмяжуюць інтэрнэт
Як паведаміў "Hoster.by", паводле распараджэння Аператыўна-аналітычнага цэнтра абмежаванні пачнуцца з 19:00 24 сакавіка па 23:59 25 сакавіка.
Большасць беларускіх старонак і сервісаў будуць недасяжныя з-за мяжы.
Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся 26 студзеня 2025 года, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Яны праходзілі ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасферы татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, апазіцыі ды ўсіх іншадумцаў.
У сувязі з гэтым, мы ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зняволеных, правесці іх поўную рэабілітацыю з кампенсацыяй шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама спыніць рэпрэсіі.
Фота: NATALIA KOLESNIKOVA, AFP, East News
Чытаць цалкам👉https://elections2025.spring96.org/be/news/117663
Беларусы Беластока падтрымалі палітвязняў
Акцыя салідарнасці прайшла ў падтрымку тых палітзняволеных, якія нарадзіліся ў гэтым месяцы.
Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1203 палітвязня.
Гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука ў Беларусі абвясцілі ў вышук
Аб гэтым былы палітвязень паведаміў у сваіх сацсетках, заўважыў тг-канал "Суды, задержания. Гродно и область". Фотаздымак мужчыны з'явіўся на інфармацыйнай дошцы каля аднаго з аддзяленняў міліцыі.
Вадзіма абвінавачваюць паводле ч. 1,2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі) Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, зімою 2021 года Вадзіма Ермашука асудзілі за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК) на 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Былы палітвязень выйшаў на волю летам 2024 года і з'ехаў з Беларусі.
"Сваімі рукамі мяняць рэчаіснасць". Таццяна Нядбай – Жанчыны ў праваабароне
Гераіняй новага выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" (сезона "Жанчыны ў праваабароне") з'яўляецца Таццяна Нядбай.
Таццяна Нядбай — старшыня Беларускага ПЭНА (і першая жанчына на такой пасадзе), паэтка, праваабааронка, менеджэрка і выдаўчыня.
"Падтрымка культуры ў Беларусі азначае даць магчымасць Беларусі застацца часткай еўрапейскай культуры, а не быць аддадзенай культуры рускага міра з усімі яго складнікамі як прапаганда, як дэзінфармацыя, як фальсіфікацыя гісторыі, як апраўданне зрэшты вайны", — адзначае праваабаронка.
Soundcloud | Spotify | Apple podcasts | Youtube | Castbox | Іншыя пляцоўкі
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 5073 чалавекі
21 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі Паўла Данэйку, палітвязня Аляксандра Дарагакупца, былога кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука.
Да допіса далучаны апошні "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
⁉️«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»
📝«Нас вырашылі зусім звесці са свету»
Праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў даклад «Нас вырашылі зусім звесці са свету». Сведчанні жанчын пра гендарную дыскрымінацыю ў месцах несвабоды Беларусі».
Агляд стаў вынікам збору і аналізу фактаў парушэння правоў жанчын на падставе гендарнай прыкметы ў месцах несвабоды, і ахоплівае перыяд з паслявыбарчых пратэстаў 2020 года да бесперапынных рэпрэсій ў 2024 годзе.
Даклад падзелены на некалькі раздзелаў, адзін з якіх прысвечаны сведчанням пра жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і аказанне жанчынам няякаснай і несвоечасовай медыцынскай дапамогі.
👉Чытаць даклад па спасылцы
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
🎬Прэм'ера дакументальнага фільма "Вясны" пра рэсацыялізацыю былога палітвязня адбудзецца на XI Фестывалі нефільтраванага кіно
Кароткаметражны фільм "Цень радасці" расказвае гісторыю былога палітвязня Артура, які пасля трох гадоў зняволення пачынае жыццё з нуля ў Польшчы.
Праз яго вочы глядач бачыць цяжкасці адаптацыі: моўны бар’ер, пошук працы, сацыяльную ізаляцыю, настальгію па радзіме і спробы захаваць надзею.
🎫Паказы запланаваны ў Варшаве (25 красавіка, 18.00, кінатэатр Kinoteka) і Вільні (23 красавіка, 19.00, CreateCulture Space). Пазней ён будзе даступны для прагляду на ютубе "Вясны".
Падрабязнасці: https://unfilter.by/schedule/11-2/belarus/
Над фільмам працавалі Зміцер Пылыпіў і праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.
*Фестываль «Нефільтраванае кіно» з’явіўся як адгалінаванне міжнароднага кінафестывалю Сinema Perpetuum Mobile адзінаццаць гадоў таму і праводзіўся ў Мінску на розных пляцоўках. Дзявяты незалежны кінафорум павінен быў прайсці ў 2023 годзе, аднак Міністэрства культуры адмяніла яго.
🔗Мінімум 34 асуджаныя: як у Беларусі пераследуюць за дыверсіі на чыгунцы
Пераслед за "наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін" (арт. 309 КК) у Беларусі распачаўся яшчэ ў 2020 годзе, калі беларусаў затрымлівалі за блакаванне руху чыгуначнага транспарту. Але большасць судоў паводле гэтага артыкулу адбылася пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі беларускія "рэйкавыя партызаны" пачалі актыўна выводзіць з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху расійскай тэхнікі. Акрамя гэтага, паводле арт. 309 КК судзілі і фігурантаў "справы Мачулішчаў", меркавана, за падрыў расійскага самалёта дальняй выведкі ДРЛВ А-50.
Агулам з сярэдзіны 2020 года за "наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін" або замах на гэта былі асуджаныя не менш за 34 чалавекі, 19 з якіх да гэтага часу ўтрымліваюцца ў зняволенні.
Чытаць падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/117648
Былога мытніка асудзілі за "здраду дзяржаве". З ім знялі прапагандысцкі фільм
Былога супрацоўніка мытні Дзмітрыя Скубілава асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе за "здраду дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) да дзевяці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў супрацы з літоўскімі органамі дзяржаўнай бяспекі. Прысуд вынеслі яшчэ 9 снежня 2024 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер — з прапагандысцкага фільма пра асуджанага. "Вясна" распавядае, што на дадзены момант вядома пра Дзмітрыя і пераслед супраць яго.
фільме паказалі жорсткія кадры затрымання Дзмітрыя, але невядома, ці гэта была аператыўная здымка, ці пастановачная. У затрыманні прымалі ўдзел пяць супрацоўнікаў КДБ у поўным абмундзіраванні. На ім Скубілаву апранулі мех на галаву, закавалі рукі за спінай у кайданкі, а потым у нейкі момант ён апынуўся без верхняй вопраткі.
Чытаць цалкам👉https://spring96.org/be/news/117646
400 чалавек прызналі падазраванымі па крымінальнай справе аб Дне Волі
Следчы камітэт заяўляе, што збіраецца ідэнтыфікаваць усіх замежных удзельнікаў і арганізатараў вулічных акцый з нагоды святкавання Дня Волі. А таксама, што ўжо правёў вобшукі ў межах крымінальнай справы.
Самі акцыі на Дзень Волі СК называе "антыбеларускімі".
"Па месцах рэгістрацый і на аб'ектах рэальнай уласнасці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзены ператрусы. Выяўляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для наступнага забеспячэння кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды. У рамках расследавання ўсе ўдзельнікі вулічных дзеянняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе".
Здымак: Радыё Свабода.
❗️Патрабуем рэабілітацыі 91 былога палітычнага зняволенага
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі.
Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
"Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду крымінальных справаў асобаў, названых у заяве, з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама патрабуем неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны".
Чытаць заяву цалкам👉https://spring96.org/be/news/117643
Супраць 15 журналістаў "Радыё Свабода" распачалі завочныя крымінальныя справы
Крымінальную вытворчасць пачалі яшчэ ў 2024 годзе. Акрамя гэтага, дома ў сваякоў журналістаў сілавікі ладзілі ператрусы і выклікалі іх на допыты. Аб гэтым паведаміў у відэасюжэце журналіст медыя Дзмітрый Гурневіч, заўважыў "Позірк".
Нагадаем, за кратамі дагэтуль застаюцца палітзняволеныя журналіст "Радыё Свабода" Ігар Лосік і былы журналіст Ігар Карней.
Арыштаванага стэндап-коміка Арцемія Астаніна збівалі дручкамі і катавалі токам беларускія сілавікі
Пра гэта ён паведаміў свайму адвакату. Як паведаміў абаронца Арцемія, падчас канваіравання з Беларусі ў Расію коміка завезлі ў лес, дзе сталі збіваць тры чалавекі.
Падчас медагляду ў маскоўскім шпіталі Арцемію дыягнаставалі пералом пазванка, сінякі і праблемы з дыхальнымі шляхамі і лёгкімі.
Пра гэта сёння паведаміў тг-канал "Осторожно, новости", заўважыла "Наша НІва".
"Экстрэмісцкімі" былі прызнаныя ўсе сацсеткі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"
Адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 20 снежня 2024 года судом Міёрскага раёну Віцебскай вобласці. Але інфармацыя аб гэтым з'явілася ў "Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў" толькі цяпер.
Спіс папоўнілі Facebook-старонка "olga.karatch.belarus", суполкі ў "Аднакласніках" "Свабодныя людзі", "Объявления Пинска - Pinsk.Biz", "Объединенный штаб Тихановской, Бабарико и Цепкало", "Брест. Вчера и Сегодня", "Есть такие Чудесные Люди", "Г.Пинск 85рп 1985-1989г.г.", старонкі ў "Х", "Youtube", "Укантакце", "Telegram", "Facebook" палітычнай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Telegram-канал і ўсе візуальныя матэрыялы суполкі "Tactical group ATHENA | АФІНА", суполку ва "Укантакце" "Общество защиты мира и Справедливости", чат, лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы Telegram-канала "Витебск, я гуляю!", суполка ў Тэлеграме "Стромкае піке", а таксама яе лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы, старонкі ў Instagram "xbazyl", "mindend._", старонка ў "Аднакласніках" "Tamara De Gennaro (Машарская)", Youtube-канал "Беларусь live", сайт, "Facebook", "Instagram", "Youtube", "X" суполкі "Belarus Together - БЕЛАРУСЬ РАЗАМ", Тэлеграм-каналы "Правий Берег Київ | Киев", "Типичная Беларусь Chat", старонка ў "Аднакласніках" "Страна Для Жизни".
"За кошт тэрору душаць іншадумства". Што казалі НДА на інтэрактыўным дыялогу па Беларусі
На інтэрактыўным дыялогу, падчас якога група незалежных экспертаў ААН прэзентавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выступіў і шэраг НДА. "Вясна" распавядае, што яны казалі.
"Рэпрэсіі ў Беларусі носяць сістэмны характар і распаўсюджваюцца на ўсе аспекты правоў чалавека. У выніку законнага палітычнага выбару, зробленага беларусамі пяць гадоў таму, яны не толькі рызыкуюць апынуцца ў турме, але і па-ранейшаму спазнаюць звальненні ды адвольныя адмовы у прыёме на працу, неабгрунтаванае ўмяшанне ў прыватныя справы і карэспандэнцыю, яны не могуць вольна выязджаць за мяжу і жывуць у пастаянным страху, пазбаўленыя элементарнай бяспекі ды кантролю над уласным жыццём. Мы настойваем на безумоўным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і спыненні палітычных рэпрэсій, і прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці".
Чытаць цалкам👉https://spring96.org/be/news/117665
Адкрыты грашовы збор экс-палітзняволенай Антаніне Канавалавай
За кратамі ў жанчыны вельмі пагоршыўся зрок. Яна атрымала інваліднасць. Для аднаўлення Антаніне патрэбная тэрміновая дыягностыка і аперацыя.
Нагадаем, давераную асобу Святланы Ціханоўскай Антаніну Канавалаву асудзілі паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) на 5,5 гадоў калоніі. Жанчына правяла з няволі 4,5 гады і выйшла па памілаванні. Увесь гэты час на волі яе чакалі двое непаўнагадовых дзяцей.
Падтрымаць Антаніну можна па спасылцы👉https://www.bysol.org/ru/private/antonina_konovalova/
Блог Алега Мацкевіча: Як я з дачкой адзначыў 100-ую гадавіну Дня Волі
Юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч распавядае, як сутыкнуўся з пераследам з боку ўладаў падчас святкавання Дня Волі ў 2018 годзе.
"Літаральна на выездзе з гораду наперарэз аўто з іншага боку дарогі кінуўся даішнік з жэзлам у руцэ. Ягоны рывок у наш бок быў такім нечаканым і ненатуральным, што я тут жа спыніўся. Падбегшы да машыны супрацоўнік прадставіўся і папрасіў прад’явіць дакументы. Не адчуваючы ніякай пагрозы я працягнуў свае правы і стаў чакаць. Пасля прагляду папераў міліцыянт выдыхнуў: “Алег Георгіевіч, незалежна ад таго, у парадку вашы дакументы ці не, мне дадзены загад даставіць вас у Барысаўскі РУУС. Самі паедзеце ці як?”
Спробы растлумачыць сітуацыю ні да чаго не прывялі. Мне чамусьці ў галаву нават не прыходзіла, што мяне “фільтруюць”. Я шчыра верыў, што зараз у РУУСе з усім разбяруся і паспею яшчэ ў патрэбны час даехаць да сталічнага аўтавакзалу".
Чытаць калкам👉https://spring96.org/be/blogs/mackievicz/117657
✍️Шукаем людзей, якія за апошнія паўгода адбывалі арышты ў беларускіх ізалятарах часовага ўтрымання
Распавядзіце праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання.
Ананімнасць гарантуецца. Калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo
У Гданьску на Дзень Волі пройдзе выстава малюнкаў палітвязняў
У Гданьскім Цэнтры салідарнасці 25 сакавіка будуць святкаваць Дзень абвяшчэння БНР, якое арганізуецца беларусамі замежжа сумесна з гарадскімі ўладамі, ПЦ "Вясна" і Amnesty International.
Паводле праграмы мерапрыемства, плануецца падпісанне лістоў і паштовак палітвязням. Таксама будзе арганізавана выстава, на якой можна будзе ўбачыць 103 малюнкі аўтарства 19 былых палітзняволеных творцаў.
Азнаёміцца з праграмай мерапрыемства можна тут👉https://ecs.gda.pl/wydarzenia/solidarni-z-bialorusia-2025/
21 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі
Нагодай для абрання даты 21 сакавіка стала сумна вядомая падзея: у 1960 годзе ў паўднёва-афрыканскім мястэчку Шарпевіль паліцыя адкрыла агонь па чарнаскурых маніфестантах, якія пратэставалі супраць палітыкі апартэіду і абавязковай пашпартызацыі афрыканцаў у Паўднёвай Афрыцы. У выніку «шарпевільскай разні» было забіта 69 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці, больш за 180 дэманстрантаў былі паранены.
У 1965 годзе Генасамблея ААН прыняла Міжнародную канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Яна ўступіла ў сілу ў 1969 годзе пасля таго, як 27 дзяржаваў ратыфікавалі дакумент ці далучыліся да яго. Сярод іх была і Беларусь (у бытнасць БССР).
“Усякая тэорыя расавага адрознення або пераваг ў навуковым сэнсе ілжывая, у маральным — заганная, у сацыяльных дачыненнях — несправядлівая і небяспечная”.
"Экстрэмісцкай" была прызнаная старонка "Гарадзенская Праваабарона" у Facebook
Адпаведане рашэнне прыняў 19 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста.
Таксама Спіс папоўнілі старонка ў Tiktok "ПАЛIТВЯЗЕНЬ", суполка ў "Аднакласніках" "Кобрин наш город", старонкі ў Facebook "Наталья Радина" і "Ілля Міронаў".
У МУС пракаментавалі затрыманне расійскага стэндап-коміка Арцемія Астаніна
Як паведаміў намеснік міністра МУС Генадзь Казакевіч, "распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя аб нанясенні цялесных пашкоджанняў пры затрыманні і этапаванні вядомаму расійскаму стэндаперу. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Беларускія сілавікі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам".
Таксама намеснік МУС заявіў, што стэндап-коміка Арцёма Фралова (Астаніна) затрымалі 17 сакавіка ў аэрапорце "Мінск" беларускія сілавікі па запыце расійскіх сілавых ведамстваў. Пасля гэтага яго прысумова выслалі з Беларусі ў аўтамабілі пад канвоем супрацоўнікаў ГУБАЗіК і на мяжы перадалі расійскім сілавікам.
Нагадаем, стэндап-коміка Арцемія Астаніна збівалі дручкамі і катавалі токам беларускія сілавікі. Пра гэта ён паведаміў свайму адвакату. Падчас канваіравання завезлі ў лес, дзе сталі збіваць тры чалавекі. Падчас медагляду Арцемію дыягнаставалі пералом пазванка, сінякі і праблемы з дыхальнымі шляхамі і лёгкімі.
📝«Лекары за праўду і справядлівасць» працягваюць даследванне праблем здароўя жанчын у беларускіх турмах
Пытанні цалкам ананімныя, не патрабуюць прадстаўлення аніякіх асабістых звестак, адказы будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагуленым выглядзе.
«Мы просім былых зняволеных жанчын адказаць на пытанні трох невялікіх анкет. Адна з іх — пра здароўе падчас зняволення – агульная, дзве іншыя — пра псіхалагічны стан — асобныя для былых зняволеных, якія застаюцца ў Беларусі, і для тых, якія пакінулі краіну».
Эксперты распавялі, што рабіць, калі вам піша нібы журналіст
Дзяржаўнае тэлебачанне 18 сакавіка апублікавала прапагандысцкі фільм "Чужое неба" пра тое, як цяжка жывецца беларусам у эміграцыі. Прапагандысты падманам знялі фільм з удзелам беларусаў у эміграцыі. Эксперты дзеляцца спосабамі, як хутка спраўдзіць асобу, якая да вас звяртаецца ад імя журналіста, і не трапіць у пастку.
"Кожны раз, калі я гляджу ў вэб-камеру свайго камп’ютара, ці калі я кажу ў мікрафон свайго камп’ютара, ці калі я кажу ў камеру журналісту, я мушу разумець, што за гэтай камерай стаіць не толькі журналіст, які робіць сваю працу. Гэтае відэа будзе глядзець спецслужбовец у Менску, камітэтчык, міліцыянт… Усё, што я кажу, мусіць быць менавіта ў тым аб’ёме, у якім я магу дазволіць спецслужбам гэта ўбачыць".Читать полностью…
У Магілёве асудзілі 5 мужчын за падпал кіёска ў 2020 годзе
У час падпалу ўзгаранне заўважылі мінакі і яго ліквідавалі МНС.
Як паведаміў MAYDAY.TEAM, у судзе Ленінскага раёна Магілёва 12 сакавіка асудзілі Яўгена Пуценкова, Яна Рагаўцова, Юрыя Галачкіна, Віктара Ічэнскага, Аляксандра Ігнаценка паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) і ч. 3 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Працэс вяла суддзя Святлана Кацапава.
Аднаму з магілеўчан прызначылі 6 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, другому - 5,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Траім іншым абвінавачваным прызначылі па 3 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вядома, што на момант суда двое з іх - Яўген Пуценкоў і Ян Рагаўцоў - адбывалі пакаранне за раней здзейсненае злачынства. Першы - за махлярства, другі - за махлярства і кражу.
Здымак мае ілюстратыўны характар.
"Для мяне зараз нiчога ня можа быць горш, чым беларуская турма": споведзь былога палітвязня
Былы палітзняволены з Новай Баравой Ігар (сапраўднае імя змененае ў мэтах бяспекі) у 2020 годзе не мог нават уявіць сабе, што ягонае жыццё кардынальна зменіцца пасля акцый пратэсту, у якіх ён прымаў удзел пасля 10 жніўня, што яго будуць затрымліваць і караць суткамі, што гэты пераслед прывядзе яго да крымінальнай справы і неабходнасці стаць вымушаным эмігрантам. Ігар пагадзіўся распавесці праваабаронцам пра тое, што адклалася ў памяці за апошнія гады, падзяліцца ўражаннямі аб перажытым.
"Мне пашанцавала, што мяне не білі галавой аб асфальт"
Чытаць цалкам👉https://spring96.org/be/news/117638
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — аналітычны цэнтр "Цэнтр новых ідэй"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 10 сакавіка.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Антон Раднянкоў, Генадзь Коршунаў, Дар'я Рублеўская, Павел Мацукевіч, Стас Гарэлік, Анастасія Жаўрыд.
Віцебскаму лекару, асуджанаму да 4 гадоў калоніі, пакінулі прысуд без зменаў
У Віцебскім абласным судзе 23 снежня быў вынесены прысуд 38-гадоваму лекару Аляксандру Рандарэнку — чатыры гады калоніі. Яго абвінавацілі ў "рэабілітацыі нацызму" (ч. 1 арт. 130-1 КК) і "распальванні варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў. Таксама суд прыняў рашэнне канфіскаваць яго тэлефон.
Аляксандра затрымалі ў красавіку 2024 года разам з сябрам — падчас анлайн-стрыма з правакатарам яны сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе». На апублікаваным "пакаяльным" відэа бачна, як яго моцна збілі. Пасля затрымання яго мінімум пяць разоў судзіл па адміністрацыйных справах.
Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд Аляксандру без зменаў, а скаргу — без задавальнення, паведамляе Генеральная пракуратура.
📝Пазбаўленне жанчын сродкаў першай гігіены ў месцах няволі
Праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў даклад «"Нас вырашылі зусім звесці са свету". Сведчанні жанчын пра гендарную дыскрымінацыю ў месцах несвабоды Беларусі». Яго прэзентацыя прайшла 8 сакавіка.
У зняволенні жанчын наўпрост пазбаўляюць сродкаў першай гігіены, яны вымушаныя спаць на халоднай падлозе, але пры гэтым іх двойчы за ноч вымушаюць паднімацца і называць сваё імя і прозвішча. Праз гэта ў некаторых затрыманых з'яўляліся ці абвастраліся захворванні, у тым ліку органаў малага тазу.
«Тры тыдні нас не выводзілі мыцца і на прагулкі, мы былі без зубных шчотак, паст і іншых сродкаў гігіены. Сваякі прыязджалі, спрабавалі перадаць нешта, але ў іх нічога не прымалі».