spadczyna | Unsorted

Telegram-канал spadczyna - Спадчына

2780

Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі. Наш чат: https://t.me/spadczynachat Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki

Subscribe to a channel

Спадчына

Якія архітэктурныя элементы гістарычнай могілкавай брамы былі разрытыя.

Зверху, у адвале зямлі ляжыць фрагмент пілястры, якая знаходзілася ў адным з прасценкаў брамы. Яна пазнаецца па прамавугольнай філёнзе і прафіляваным імпасце (карнізіку). Як мне падаецца, гэта фрагмент цокальнай часткі, але магу памыляцца.

У самой траншэі - фрагмент пілястры, якая знаходзілася на другім ярусе брамы. Яна пазнаецца па шырыні і філёнзе з фігурнымі кутамі.

Сёння важна гэтыя элементы захаваць і вывучыць. Па-першае, іх абмеры сумешчаныя з наяўнымі фотаздымкамі дадуць вельмі дакладнае ўяўленне пра страчаны помнік архітэктуры, які не дадуць ніякія праектныя чацяжы таго часу, бо яны вельмі ўмоўныя.

Па-другое, стан захавання тынкоўкі найвыдатны, праз столькі гадоў многія лінія яшчэ захоўваюць сваю ідэальную геаметрычнасць - майстры рабілі на стагоддзі! Ёсць надзея, што можна адабраць узоры гэтага тынку, каб спецыялісты правялі фізіка-хімічны аналіз і вызначылі першапачатковыя колеры брамы.

Такім чынам у мінчукоў з'явіўся ключ для дакладнай адбудовы старачанага помніка архітэктуры. Спадзяюсь, што атрымаецца зацікаваць аб'ектам гарадскія ўлады і яўрэйскую грамаду, якая цалкам змагла б пацягнуць такі аб'ект.

#фотапараўнанне #Мінск #могілкі

Читать полностью…

Спадчына

Фрагмент муру з філёнгай гэта верхняя частка гістарычнай брамы яўрэйскіх могілак!

#яўрэйскаяспадчына #мінск #могілкі #гістарычнаязабудова

Читать полностью…

Спадчына

Што сёння адбываецца на месцы майстэрні Леаніда Левіна ў Мінску? Разрыты вялікі катлаван, дзе адліты новыя канструкцыі з жалезабетону, ці захавалася там што гістарычнае, тая самая "маліна", у якой хаваліся яўрэі мінскага гета, не бачна.

Але куды больш абуральна, што па супрацьлеглым баку вуліцы вырашылі пракласці нейкія камунікацыі. Агульна вядома, што на тым баку, дзе Яўрэйскі мемарыяльны парк, раней знаходзіліся яўрэйскія могілкі, знішчаныя за савецкім часам. І вось у траншэі пад нейкую трубу выяўлены амаль дзясятак надмагілляў, а таксама нейкія цагляныя рэшткі з фрагментамі дэкору, якія могуць быць як часткамі яўрэйскіх пахавальняў, так і часткай гістарычнай агароджы ці брамы (выгляд якіх невядомы).

Няўжо няма ніякіх рэгламентаў, каб упарта не пракладаць па тэрыторыі могілак свае камунікацыі? Ці працуе на месцы нейкі археолаг таксама невядома.

#могілкі #яўрэйскаяспадчына #археалогія #Мінск

Читать полностью…

Спадчына

Штрых да гісторыі:
Аляксандр Каваленя - забіты НКУС
Дзмітрый Даўгяла - памёр у Гулагу
Павел Харламповіч - памёр у Гулагу
Мікалай Шчакаціхін - памёр у Гулагу
Мікола Улашчык - 4 адсідкі ў канцлагерах Гулага, выжыў але быў персонай нон-грата для АН БССР
Ісак Сербаў - памер ў ссылцы
Мітрафан Доўнар-Запольскі - паспеў памерці да Вялікага тэрору

А цяпер некаторыя персанажы не баяцца ў гэтай краіне казаць пра аднаўленне помнікаў Сталіну. Нават Ярмошына выказалася супраць, прыгадаўшы, што палову яе сям'і рэпрэсавалі. А гэтыя ці бяспамятныя, ці проста нетутэйшыя.

Читать полностью…

Спадчына

У трэйлеры да гульні пра вампіраў The Blood of Dawnwalker, якую распрацоўваюць людзі, датычныя да стварэння Ведзьмара 3, рыцары носяць на адзенні сімвал у выглядзе цвіковага крыжа і двух паўмесяцаў, якія звернуты рогамі ў розныя бакі, на чырвоным фоне.

Дык вось гэта сярэднявечны выгляд шляхецкага герба «Астоя». Герб вядомы з XIV стагоддзя, а на тэрыторыі ВКЛ распаўсюдзіўся пасля пасля прыняцця Гарадзельскай уніі ў 1413 годзе. У пазнейшых версіях цвіковы крыж трансфармаваўся ў меч. Гербам карысталіся больш за 250 шляхецкіх родаў, у т.л. Кавячынскія, Слушкі, Уніхоўскія, Чаховічы і Чачоты.

Сення гэты герб можна пабачыць у цэнтры Мінска на доме Уніхоўскага каля Чырвонага касцёла.

#цікавосткі

Читать полностью…

Спадчына

Вось што адказаў райвыканкам на зварот па факце зносу гістарычных стайняў пры сядзібе Тышкевічаў у Лагойску. Працытую амаль цалкам, каб паказаць хараство бюракратычнай мовы.

У снежні 2018 года абследаванне ТАА «Белжылішча» выявіла, што ступень фізічнага зносу складае 70,2% па методыцы ТКП 45-1.04-119-2008. На падставе ацэнкі, праведзенай па выніках абследавання, у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў, будынак адносіцца да катэгорыі старых і можа падлягаць зносу.

У 2023 годзе Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі выяўлена, што аўтэнтычнымі канструкцыямі XIX стагоддзя з'яўляюцца падмурак з бутавага каменя і цокаль, у той час як раскрытыя фрагменты сцен узведзены ў XX стагоддзі. Прыбудовы, аконныя і дзвярныя праёмы, якія з'явіліся ў выніку пераўтварэння стайні ў шматкватэрны дом, змянілі архітэктурнае рашэнне стайні. Графічных матэрыялаў з выявай стайні да яе трансфармацыі не захавалася, таму рэканструяваць аўтэнтычнае аблічча аб'екта не ўяўляецца магчымым. Мастацкая каштоўнасць аб'екта страчана з-за позніх прыбудоў і парушанага рашэння фасадаў.

Ацэнка тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый, праведзенная ТАА «Інжынерная дыягностыка»: IV-Непрацаздольнае (нездавальняючы) стан, якое сведчыць аб значнай ступені пашкоджанасці канструкцыі або яе перагрузцы, высокай ступені рызыкі для людзей i матэрыяльных каштоўнасцяў у зоне размяшчэння дадзенай канструкцыі. Эксплуатуючай арганізацыі рэкамендуецца дэмантаваць будынак.

На падставе прапановы Мінскага аблвыканкама ад 23.04.2024 № 1-13/651, рашэння Мінскага абласнога савета па пытаниях гісторыка-культурнай спдчыны ад 12.04.2024 № 1 з улікам рашэння Беларускай Рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаниях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей - Рады) ад 10.11.2023 № 04-01-02/7 у падраздзеле “Лагойскі раён” раздзела 1 “Матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці” Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пазіцыя “Фрагменты былой сядзібы Тышкевічаў: будынак былой стаўні” заменена на “Фрагменты былой сядзібы Тышкевічаў: рэшткі падмуркаў і цокаля былой стаўні”.
На падставе пасяджэння Рады ад 15.05.2024 № 04-01-02/4 мясцоваму органу рэкамендавана ажыццявіць дэмантаж сцен і даху.

Аўтэнтычныя канструкцыі: падмурак з бутавага каменя і цокаль засталіся без зменаў, у цяперашні час распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя аб правядзенні экспанавання (кансервацыі) аўтэнтычных участкаў.

Читать полностью…

Спадчына

У 1977 годзе Уладзімір Басалыга пачаў серыю аўталітаграфій «Помнікі дойлідства Беларусі», на якую яго натхніў пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

У 1980 годзе на Басалыгу напісалі данос у КДБ, абвінаваціўшы ў тым, што ён крытыкаваў расійскага палкаводца Аляксандра Суворава, які здушыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Пасля гэтага ён быў звольнены з пасады галоўнага мастака Мастацкага фонду БССР за «няправільнае разуменне шляхоў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва» і 9 гадоў быў без працы.

Але вызвалены ад працоўнай мітусні мастак змог за гэты час скончыць задуманы цыкл. Але і яго лёс быў няпростым.

«І калі рыхтавалася выстаўка «Мы будуем камунізм», я прынёс на яе свае творы «Мірскі замак», «Касцёл у Ішкальдзі», «Царква ў Малым Мажэйкаве». Было шмат спрэчак, была апаска, што творы здымуць з выстаўкі, бо, маўляў, дзе ж логіка — касцёл, царква і камунізм. Тады я на ленце напісаў вытрымку з закона аб ахове помнікаў і павесіў яе над сваімі работамі. Гэта іх і выратавала», - успамінаў мастак.

У выніку мы атрымалі выдатны твор мастацтва, які шмат разоў тыражаваўся на паштоўках, плакатах, у кнігах і школьных падручніках.

Даносчыкі хацелі знішчыць мастака-іншадумца, а па выніку дапамаглі яму рэалізаваць сябе. Іх імён не памятае ніхто, а літаграфіі Басалыгі ўпрыгожвалі сцены кабінета гісторыі ў маёй школе. Ужо тады ўражвала гэтая манументальнасць, геаметрычная дакладнасць і адначасова ўзнёсласць помнікаў у выкананні Басалыгі, як ведаць, ці не былі яны яшчэ адной цаглінкай у тым, каб я пайшоў па шляху архітэктара.

#асобы

Читать полностью…

Спадчына

У ходзе пракурорскай праверкі ў Глыбоцкім, Аршанскім, Полацкім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах выяўлены факты знаходжання асобных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў неналежным стане,

«Неправядзенне работ па іх добраўпарадкаванні, непрыняцце мер па іх захаванню прывесці да іх поўнага разбурэння і страты».

У Віцебску, Аршанскім, Полацкім, Ушацкім, Лепельскім і Глыбоцкім раёнах зафіксаваны выпадкі невыканання патрабаванняў заканадаўства ў частцы афармлення пашпартоў на аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны.

Акрамя таго, пракуратура г.Віцебска выявіла факты размяшчэння на чатырох будынках горада, якім прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, сродкаў вонкавай рэкламы ў парушэнне ўстаноўленага парадку.

Шкада, што не называюцца канкрэтныя аб'екты. На пракурорскіх фота пазнаюцца толькі руіны царквы ў Межаве Аршанскага раёна.

#ахова #Межава #Віцебск
https://prokuratura.gov.by/ru/media/novosti/zashchita-sotsialnykh-prav-grazhdan/v-inykh-sferakh/organy-prokuratury-v210125/

Читать полностью…

Спадчына

У час апошняга рамонту бруку на Савецкай вуліцы ў Гродне прыбралі і плітку з каменьчыкаў, якая пазначала контуры знішчанага дамініканскага касцёла XVII стагоддзя. Касцёл быў знесены ў 1875 годзе «во избежание соблазна в местном населении», ад комплексу застаўся толькі будынак кляштара.

Пасля звароту падпісчыка на месца выехалі камунальнікі, чыноўнікі гарвыканкама і спецыялісты з ГрДУ імя Янкі Купалы. У выніку паабяцалі аднавіць у хуткім часе контуры страчанага помніка архітэктуры з таго ж матэрыялу.

(Рэканструкцыі выгляду паводле А. Невара па фота Я. Аснарэўскага)
#выяўленне #касцёлы #гродна

Читать полностью…

Спадчына

Памёр архітэктар і гісторык архітэктуры, прафесар Уладзімір Трацэўскі (1936-2025).

Доўгія 48 гадоў ён выкладаў гісторыю беларускай архітэктуры ў БНТУ. На лекцыях ён проста гарэў тым, пра што распавядаў. Яго запал пераходзіў і на нешматлікіх студэнтаў, якія наведваюць такія "непатрэбныя прадметы" на архітэктурным факультэце. Адзін з тых выкладчыкаў, якіх з цеплынёй успамінаеш. Сцены БНТУ мы з ім пакінулі ў адзін год: я атрымаў дыплом магістра, ён - развітальныя кветкі. Шчыра кажучы не думаю, што гэта было яго рашэннем - яму яго праца яўна прыносіла задавальненне і жыццёвую энергію, а студэнтам цікавыя байкі з доўгага жыцця ды жарты.

Трацэўскі напісаў мноства артыкулаў па архітэктурнай спадчыне Беларусі, але сапраўды фундаментальнай яго працай стала «Гісторыя архітэктуры народнага жылля Беларусі» (1989). Асновай працы з’явіліся матэрыялы, сабраныя даследчыкам у 1968—1987 гадах у экспедыцыях. У. В. Трацэўскі апрацаваў багатыя архіўныя матэрыялы, абследаваў 116 (з 118!) раёнаў краіны, вывучыў больш за 3000 аб’ектаў, уласна рабіў абмеры, замалёўкі, фотаздымкі.

Я пастаянна шкадую, што не скраў гэтую кнігу з універсітэцкай бібліятэкі. Яна ляжыць там мёртвым грузам, а ў маіх бы руках знайшла новае жыццё. Калі ў каго ёсць - гатовы прыняць яе ў дар.

А ўявіце які архіў фотаздымкаў і чарцяжёў застаўся! Спадзяюся спадчыннікам хопіць розуму правільна распарадзіцца гэтым багаццем.

Трацэўскі спраектаваў шэраг грамадскіх і жылых аб'ектаў у сталіцы, а таксама праекты рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры - касцёлаў у Варонча, Дараве, Бабруйску, Сёмкавым Гарадку, Воўчыне, царквы ў Вялікай Ліпе, сядзібнага комплексу ў в. Высокая Ліпа і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі дапамагаў як навуковы кансультант пры аднаўленні Любчанскага замка, запраектаваўшы рэнесенсныя купалы для вежаў. У Мінску пры ўдзеле Трацэўскага пабудавана Саборная мячэць, якая па яго ўпартым патрабаванні з'яўляецца копіяй знішчанай мінскай мячэці ХІХ стагоддзя.

Развітанне з Уладзімірам Трацэўскім адбылося 17 студзеня ў зале крэматорыя на Паўночных могілках Мінска. На жаль, даведаліся мы пра гэта толькі цяпер, ніякай абвесткі пра смерць прафесара на сайце Беларускага саюза архітэктараў і БНТУ не з'явілася.

#асобы

Читать полностью…

Спадчына

У 2024 годзе на навуковай канферэнцыі выступіў расійскі архітэктар-рэстаўратар Сяргей Валерыянавіч Лалазараў з дакладам "Асаблівасці вывучэння і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку", у якім падзяліўся цікавымі звесткамі пра практыку рэстаўрацыі ў Беларусі, залатыя купалы на старажытнарускіх храмах і правакацыі ад масцітых беларускіх мэтраў.

Цалкам пераказалі для вас матэрыял, сабраўшы ўсе магчымыя фотаздымкі і чарцяжы, якія паказваліся ў час гэтага выступлення: частка першая і другая.

#Полацк #старажытарускаедойлідства #цэрквы #археалогія #рэстаўрацыя

Читать полностью…

Спадчына

Старажытнарымскі архітэктар Вітрувій вывеў тры законы архітэктуры: трываласць, карысць і прыгажосць. У нацыянальнага басейна на Маладзёжнай пакуль няма праблем толькі з трываласцю. Фасады здолелі сапсаваць таннымі матэрыяламі і арнаментальнай безгустоўшчынай. Ну а пра карысць чытайце самі: сэканомілі наведвальніках, запхнуўшы ўсё так, каб было нязручна і тым, хто ў басейн прыйшоў, і тым, хто ў мацоўню. Непрадуманая планіроўка. Мінімальная колькасць душавых. І гэта ён пакуль не на поўны моц працуе. Ну блін, няўжо і тут грошы асвоілі толькі дзеля пантоў?...

Хочацца пабачыць план гэтага цуда. Можа ў каго ёсць?

#мінск

Читать полностью…

Спадчына

У Музеі старажытнабеларускай культуры па-новаму будуць экспанаваць унікальны для Беларусі помнік, каб нагадаць пра яго былое хараство.

Новым выглядам помніка ў сваім фэйсбуку падзяліўся гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў, які таксама прыклаўся да гэтай працы. Грунтоў падабраў аналагі ў Польшчы і Літве, і даваў парады па дэталях, а кіраваў работамі кіраваў Барыс Лазука, які прысвяціў гэтаму помніку адзін са сваіх артыкулаў, праўда, 20 гадоў таму.

Работы, праведзеныя ў рамках рэканструкцыі Музея старажытнабеларускай культуры пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ставілі за мэту змяніць успрыманне каштоўнага твора мастацтва, адзінага ў сваім родзе на тэрыторыі краіны.

Раней чатыры скульптурныя надмагіллі (эгіфія) проста гарызантальна ляжалі адна побач з іншай не нейкай платформе. У прынцыпе, такі тып надмагільных помнікаў таксама вядомы ў Еўропе, але беларускі помнік выглядаў іначай.

Надмагіллі патрапілі ў музейную калекцыю з францысканскага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, якімі валодалі магнаты Сапегі. Запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак, дзе быў заснаваны кляштар, падканцлер літоўскі Павел Стэфан Сапега (1565-1635).

Сапега быў аж чатыры разы жанаты: з Рэгінай Дыбоўскай, з Альжбетай Веселен (толькі ад яе меў дзяцей, які скончылі або ў манастыры, або памерлі дзяўчынамі), з Кацярынай Гаслаўскай і, нарэшце, з Соф’яй Даніловіч.

Сапега памёр у 1635 годзе, верагодна, што прыкладна ў гэты час у касцёле быў пабудаваны вялікі і багаты надмагільны помнік у рэнесансным стылі, для яго самога і трох ягоных жонак, якія спачылі раней.

Першапачаткова скульптуры размяшчалі амаль вертыкальна, фігуры паказаны быццам ляжаць на баку, на вялікай падушцы, падпёршы галаву левай рукой. У руках жанчын кнігі, а Павел Сапега па тагачаснай модзе паказаны ў парадным даспеху. Выкананне фігур, як пішуць мастацтвазнаўцы, адзначаецца высокім майстэрствам.

На жаль, на тэрыторыі Беларусі не захавалася іншых скульптурных надмагілляў такога плану, як было ў Гальшанах, якія б маглі даць уяўленне пра першапачатковы выгляд помніка. Але захавалася надмагілле іншага прадстаўніка роду Сапегаў, які таксама быў пахаваны разам з жонкамі.

У віленскім касцёле Святога Міхаіла, дзе сёння працуе музей касцельных каштоўнасцей, знаходзіцца яруснае архітэктурнае надмагілле канцлера і гетмана вялікага літоўскага Льва Сапегі і дзвюх яго жонак. Вышыня помніка складае каля 10 м, па цэнтры яго ляжыць мармуровая фігура самога Льва Сапегі, а каля падножжа - жонак Альжбеты з Радзівілаў і Дароты з Фірлеяў.

Гэтыя два надмагіллі яднае не толькі імя Сапегаў, сумеснае пахаванне мужа з жонкамі, але мастацкае падабенства скульптур і час стварэння - Леў Сапега памёр у 1633 годзе, усяго на два гады раней за Паўла Сапегу.

Выяў надмагільнага помніка ў Гальшанах не захавалася. Але ёсць яго апісанне ў інвентары 1675 года: "Збоку надмагілле (epitaphium) вельмі прыгожае накшталт алтара, у чыёй структуры тры асобы нявест, а сам [фундатар] чацвёрты ляжыць угары. У той жа структуры дзевяць алебастравых асоб, а таксама два анёлкі". Вельмі падобна да апісання помніка ў віленскім касцёле.
Андрэй Шулаеў публікуе таксама выяву балясы з гербам Сапегаў “Ліс”, якая была частка агароджы помніка ў Гальшанах і сёння мусіць захоўвацца недзе ў музеі.

Читать полностью…

Спадчына

"Пятроўскія верфі" ў Мінску. Рэальнасць і чаканні... Я праўда спадзяваўся, што будзе не такім тапорным гаўном, як іншыя сталічныя спальнікі. Але, як у тых чарнамырдзінках: "Якую партыю не возьмемся будаваць - усё ў нас КПСС атрымліваецца."

Вось і тут атрымалася чарговае абы што.

Я чамусьці наіўна думаў, што асноўным матэрыялам панэляў будзе кортэн-сталь, але тут проста звычайныя рудыя металакасеты, разбаўленыя меланжам з карыченевых, бэжавых і чорных уставак.

І тое, як яны зроблены - гэта крынж. Першае, што кідаецца ў вочы (і пасля чаго горад мусіў бы сказаць забудоўшчыку - "мы такое не ўзгаднялі, ідзі перароблівай") гэта тое, што сэканомілі нават на металакасетах!!!

Калі ў праекце яны пакрывалі ўвесь аб'ём карпусоў жылога комплексу, то па факце іх абрэзалі па ўзроўні столі верхняга жылога паверху.

І атрымаўся ўродлівы "лоб", проста пафарбаваны ў гэты паносны колер. Сэканомілі дык сэканомілі! Вау! Проста хрэстаматычнае архітэктурнае пазорышча. Гэтая лёгкая тынковачная сістэма, то бок уцяпляльнік і тынк па сетцы, праз некалькі гадоў пойдзе брудным разводамі - будзе яшчэ прыгажэй.

Выкінулі і аб'ёмную цёмную рашотку, якая неяк упарадкавала хаатычныя фасады. Яна была на першапачатковых рэндарах, але пасля яе не стала.

Вокнаў у падлогу таксама не назіраецца - геніі праектавання не змаглі прыдумаць, як абысці беларускія пажарныя нормы. А калі рэндары малявалі - пра гэта не думалі? Цяпер замест металічных жалюзі, якія б прыкрывалі кватэры ад цікаўных вачэй, проста сцяна з панэллю з металапрофілю.

Не засталося металічных касет і на першых двух паверхах, вылучаных белым колерам.

Уваходы ў пад'езды проста піздзец - ганкі не зроблены з нуля, а зроблена як у тыпавых праектах 90-х: з 10-ю ступенямі, крутым пандусам і, калі я правільна разгледзеў, пад'ёмнікамі. Якая сатанінская вера не дазволіла зрабіць зручны ўваход у доме, пабудаваным па індывідуальным праекце???

Ну і сама прастора. Мала таго хто двор гэта дах паркінгу, дзе НІКОЛІ не будзе аніводнага дрэва, дык яшчэ мне спадабалася месца пад гэтай навіслай часткай дома. Ціхае непрыкметнае месца, дзе ніхто не пабачыць, як ты пайшоў пасраць увечары.

🤌 Шэдэўр!

Читать полностью…

Спадчына

Міжваенны 4-павярховы дом па праекце на вуліцы Мянжынскага ў Магілёве, якому пагражаў знос пры будаўніцтве новага спальніка, відаць, вырашылі захаваць.

Гэты дом, пабудаваны па праекце першай беларускай архітэктаркі Наталлі Макляцовай, аналагічны тым, што стаяць у Мінску, Барысаве і Гомелі.

Па тым жа праекце пабудаваны:

* Дамы па вуліцах Казлова, 15, Я. Коласа, 25 корп. 1 і 27 корп. 1, Камсамольскай, 26 у Мінску.
* Дамы па праспекце Леніна, 33, вуліцах Ірынінскай, 7, Карповіча, 5 у Гомелі
* Дамы па вуліцах Першамайскай, 72, Мянжынскага, 20 у Магілёве

Пры тым некаторыя з гэтых будынкаў прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі: дамы па вуліцы Якуба Коласа, 25 корп. 1 (шыфр 713Г000337) і 27 корп. 1 (713Г000338), Камсамольскай, 26 (шыфр 713Г000321) у Мінску і па Леніна, 33 у Гомель (шыфр 313Г000043).

#Магілёў #савецкаяспадчына

Читать полностью…

Спадчына

Фрагмент муру з філёнгай гэта верхняя частка гістарычнай брамы яўрэйскіх могілак!

#яўрэйскаяспадчына #мінск #могілкі #гістарычнаязабудова

Читать полностью…

Спадчына

Фрагмент муру з філёнгай гэта верхняя частка гістарычнай брамы яўрэйскіх могілак!

#яўрэйскаяспадчына #мінск #могілкі #гістарычнаязабудова

Читать полностью…

Спадчына

Некаторыя гістарычныя аб'екты знікаюць ціха. Як гэтая воданапорная вежа пры дарэвалюцыйным вакзале на станцыі Шуміліна. Была і няма, ніхто не заўважыў, бо мясцовым не да таго, а староннім у Шуміліне рабіць няма чаго.

І толькі спадарожнікавыя здымкі падкажуць, што не стала яе паміж 2009 і 2015 гг.

#знішчэнне #шуміліна #прамысловаяархітэктура

Читать полностью…

Спадчына

Нарэшце стала вядома дзе размяшчаецца знакамітае гарадзішча Банцараўшчына, якое дало назву банцараўска-тушамлянскай археалагічнай культуры. Нядаўна быў апублікаваны праект зон аховы помнікаў археалогіі Мінскага раёна, дзе гарадзішча нанесена на карту.

У сярэдзіне І тысячагоддзя н.э. у жыцці насельніцтва Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі адбываюцца значныя змяненні, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыяльнай культуры. Археалагічныя культуры штрыхаванай керамікі і днепрадзвінская змяняюцца помнікамі тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (банцараўская культура).

Упершыню яны сталі вядомы ў канцы 1920-х гадоў пасля раскопак Сяргеем Дубінскім Банцараўскага гарадзішча каля Ждановіч пад Мінскам. Ад гэтых раскопак захавалася некалькі фотаздымаў, на якіх цвет тагачаснай беларускай навукі Ісак Сербаў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Мікалай Шчакаціхін, Дзмітрый Даўгяла, Мікалай Улашчык, Аляксандр Каваленя, Павел Харламповіч, Сяргей Шутаў і іншыя.

Ужо тады па першых найбольш вывучаных аб'ектах – Банцараўшчына пад Мінскам і Тушамля пад Смаленскам – у літаратуры пачалі ўжываць падвойны тэрмін “культура тыпу Тушамлі - Банцараўшчыны” альбо “банцараўска-тушамлянская археалагічная культура”. Плямёны банцараўскай культуры займалі тэрыторыю Верхняга Падняпроўя, Полацка-Віцебскага Падзвіння, Верхняга Панёмання, вярхоўяў Бярэзіны і Віліі. Археалагічныя помнікі банцараўскай культуры прадстаўлены селішчамі, гарадзішчамі-сховішчамі і пахаваннямі Храналагічныя межы банцараўскай культуры на падставе параўнальна-тыпалагічнага аналізу рэчавага комплексу вызначаюцца V-VІІІ стст. н.э.

Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам, якія насялілі тэрыторыі перасрэдна перад тым, як на іх рассяліліся славяне-крывічы.

Дык вось гарадзішча размешчана над Свіслачу, калі ўпадзення ў яе слаламнага канала. Сёння тут дачны кааператыў "Крынічны" Міністэрства ўнутраных спраў побач з кавалкам аг. Ждановічы. Участкі размяшчаюцца прама на гарадзішчы, як вынікае са схемы.

Гэта наколькі было насраць на навуку ў савецкі час, што нават на «імянным» археалагічным помніку дазволілі будаваць дачы...

#археалогія #Мінск #Ждановічы

Читать полностью…

Спадчына

Я адмыслова вылучыў самыя смачныя месцы ў адказе. Мясцовыя ўлады захацелі знесці закінуты і дэградаваны аб'ём стайняў. У 2018 годзе праведзена абследаванне аб'екта, вынікі якога не маюць для нас ніякага значэння, як высновы спецыялізаванай арганізацыі. Справа ў тым, што гаворка ідзе пра гісторыка-культурную каштоўнасць, дзе гэтыя нормы непрымяняльныя.

Да прыкладу, такое абследаванне паказала б, што большасць сцен Крэўскага замка мае 100% зносу і спецыялісты рэкамендавалі б іх знесці. І што далей?

У 2023 годзе Цэнтр беларускай культуры чамусьці вырашыў выявіць, дзе ў адной з 6000 гісторыка-культурных каштоўнасцей аўтэнтычная частка, а дзе не. Сам! Ну вядома ж не. Цэнтр сам не праяўляе ніякай ініцыятывы, бо Лакотка вельмі трасецца за сваё крэсла. Гэта значыць, што мясцовыя ўлады заказалі за грошы працу спецыялістаў Цэнтра, каб яны далі ім заключэнне аб некаштоўнасці стайняў.

У адказе няма ніякага тлумачэння на падставе чаго Цэнтр вызначыў, што падмурак гэта 19 ст., а верх гэта 20 ст. Але нават калі і так, гэта таксама мае мала значэння, таму што стайні былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс менавіта ў такім выглядзе. Зусім не відавочна чаму 20 ст. менш каштоўны за 19 ст. Паводле Кодэкса аб культуры, ужо пасля 40 гадоў з моманту пабудовы можна ўносіць аб'екты ў Дзяржспіс.

А галоўнае яны самі прызнаюцца, што ў іх няма крыніц наконт таго, як выглядала стайня. То бок выгляд на 20 ст. быў адзіным вядомым. І гэтую частку знеслі пад падмурак. Каб што? Каб ніколі не аднавіць выгляд 19 ст., бо ён проста не вядомы?

Пасля з ініцыятывы чыноўнікаў праз Раду было праведзена рашэнне аб змяненні назвы аб'екта, каб у Дзяржспісе застаўся толькі падмурак. І Рада сама рэкамендавала чыноўнікам знесці сцены і дах — нонсэнс! Вось больш няма чым заняцца Радзе, як даваць парады чыноўнікам, якія прыйшлі да іх з уласным жаданнем гэта ўсё знесці.

Проста дзіўная ініцыятыўнасць, Хацелася б пабачыць, каб такую ж ініцыятыўнасць чыноўнікі Лагойскага райвыканкама праявілі ў справе надання ахоўнага статусу аб'ектам на тэрыторыі свайго раёна. Але гэтага няма. А вось над зносам гістарычнага будынка яны працавалі не адзін год і ўклалі невядома колькі бюджэтных грошаў у абследаванні і высновы розных устаноў!

#лагойск #сядзібы #знішчэнне

Читать полностью…

Спадчына

Па Твітары разляцелася відэа, дзе дзяўчына плача ад таго, што не разумее, чаму такая базавая патрэба як жытло не забяпечваецца ад нараджэння. Уся зарплата ідзе на аплату арэнды і ежы, не жыццё, а выжыванне.

Пытанне пра жыллё насамрэч цікавае. 2 пакаёвая кватэра ў Каменнай Горцы каштуе каля $120 000. Нават калі я буду аддаваць амаль увесь своё заробак (што немагчыма), то змагу проста купіць, не ўлазячы ў кабальныя адносіны з банкамі, толькі праз дзесяцігоддзе. Але мой заробак у разы большы за сярэдні. Гэта значыць, што іншыя могуць сабе дазволіць жыллё толькі праз 30-40 гадоў, а нехта - ніколі?

Атрымліваецца, што жытло гэта проста самая дарагая рэч у свеце. Але чаму? Я трымаю ў руцэ тэлефон, які каштуе $700. Гэта не танна, але пад'ёмна. І галоўнае - я разумею, што трымаю ў руцэ высокага ўзроўню тэхналогію, над якой працавалі тысячы людзей, чые часткі і матэрыялы чорт ведае які шлях прайшлі для таго, каб патрапіць да мяне. Тэлефон можа такое, што маім бацькам бы падалося магіяй.

А што ўмее мая кватэра? Падаваць святло і ваду. УСЁ. $120 000, рылі?

Можа быць праектаванне дарагое? Праектаванне - лічаныя працэнты, ніколі не вышэй за 3% ад агульнага кошту (кошту, не выніковай цаны!). Дагэтуль ёсць прывязкі тыпавых праектаў. То бок праекціроўшчыкам заплацілі адзін раз, а пасля 50 разоў выкарысталі. Зразумела, прывязаць таксама праца, але ў разы прасцейшая за праектаванне з нуля.

Дарагое будаўніцтва? Я не ведаю колькі атрымліваюць будаўнікі, але няма такой працы, якая б не магла быць аўтаматызаваная. Па BIM-мадэлі прамысловыя робаты могуць і фундамент заліць, і сценку выкласці, і вугалок прыварыць. Але нават без іх панэлькі гэта ж літаральна вялікі канструктар, у якім большая частка працы ўжо зроблена машынамі на заводзе.

Мая кватэра-студыя гэта літаральна 4 жалезабетонныя сцяны і 2 перакрыцці, а яшчэ дзве ўнутраныя перагародкі (добра калі з цэглы). Гэта тупа камень і арматура. Які сабекошт гэтых матэрыялаў без пасярэднікаў, колькі працэнтаў ад $120 000?

Можа быць кавалкі зямлі дарагія ў горадзе? Можа быць. Але ж дамы ў Каменцы не 5-павярховыя і не зялёныя, гэта 15-павярховыя мурашнікі на 6 пад'ездаў, дзе больш за 360 кватэр, а замест двара паркоўка. Колькі б не каштаваў участак пад дом, для кожнай кватэры гэта ўсяго пару тысяч долараў.

Можа быць мы проста жабракі? Можа быць. Але на нашыя падаткі пабудаваныя тысячы і тысячы кіламетраў дарог, пуцей, мастоў, пуцеправодаў і тунэляў метро. Апошнія куды больш складаныя збудаванні, чым тыпавы мурашнік. Усе дарогі і камунікацыі ў новым жылам раёне пракладзены не забудоўшчыкам, а горадам, за грошы тых, хто там не жыве. Але ад гэтага кошт жылля не падае. Нашых грошай хапае на інфраструктуру цэлай краіны, але не хапае на ўласнае жытло. Дзіўна!

Пры гэтым новыя дамы ўвогуле не маюць аніякай архітэктуры, проста скрыні з вокнамі, размяшчэнне якіх на фасадзе абумоўлена выключна планіроўкай кватэр. І ўсё роўна, каб жыць у гэтай скрыні, трэба быць валютным мільянерам.

Уявіце, што вы можаце дазволіць сабе за пару гадоў, адкладаючы ўсяго 10% з заробку, купіць еўрадвушку. Вы б не кідаліся на самы ўбогі варыянт, а пачалі б шукаць кватэру з лепшым размяшчэннем, планіроўкай, архітэктурай, прасці госпадзі, вугляродным следам. Так, самыя цікавыя варыянты былі б даражэйшымі, але для вас гэта ўжо не пытанне выжывання. Здаровая канкурэнцыя.

Сёння забудоўшчык зыходзіць з таго, што чалавек зжарэ што заўгодна: любы ўродскі дом, адсутнасць сонечнага святла, паркоўку замест двара, самы кончаны раён без транспарту. Бо жыллё гэта жыццёвая неабходнасць. Вы возьмеце крэдыт на 30 гадоў на сябе і на партнёра, бо вы не можаце жыць на вуліцы ці вечна пераязджаць са здымнай кватэру на іншую - у нейкі момант вы проста не зможаце забяспечваць аплату арэнды. Хочацца каб да пенсіі былі свае 4 сцяны, дзе можна спакойна жыць, не турбуючыся, што цябе выселяць у дом старых.

Але хіба гэта нармальная сітуацыя, класці ўсё жыццё на тое, што ёсць нашай жыццёвай неабходнасцю, як ежа, вада і сон?

Читать полностью…

Спадчына

Як сёння выглядае знутры касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Смаленску, пабудаваны нашым славутым беларускім архітэктарам і грамадскім дзеячам Лявонам Дубейкаўскім.

Храм узведзены ў 1896 годзе ў стылі неаготыкі. Да канца 1939 года каталіцкая абшчына горада была практычна знішчана, на наступны год касцёл быў зачынены. Да 2013 года будынак выкарыстоўваўся як фондасховішча архіва, а цяпер стаіць закінуты.

#Смаленск #беларусы #касцёлы

Читать полностью…

Спадчына

Памятны знак удзельніку паўстання 1863 года ксяндзу Адаму Фалькоўскаму ў Лідзе, нягледзячы на нядаўнюю інфармацыю ў СМІ, што яго знеслі, знаходзіцца на ранейшым месцы.

#Ліда #помнікі

Читать полностью…

Спадчына

Кніга знайшлася. Сшылі яе ў адзін файл, адсканавалі тэкст, можаце карыстацца.

У. Трацэўскі. «Гісторыя архітэктуры народнага жылля Беларусі». 1989 (В. Трацевский. «История архитектуры народного жилища Белоруссии». 1989).

#кнігі

Читать полностью…

Спадчына

У Мінску прапануюць выказацца наконт новых назваў вуліц і сквераў.

Сярод прапанаваных назваў, дзякуй Богу, толькі адна звязаная з вайной, астатнія са стваральнай працай. Сярод імёнаў, якімі хочуць назваць вуліцы ў жылой забудове "Утульны" ў межах у раёне вул. Парніковай — Падлеснай — Анаева:
* Юрый Грыгор'еў (1932—2019). Спраектаваў многія НДІ, Дом літаратара, Інстытут культуры, станцыю метро «Кастрычніцкая» і інжынерны корпус метрапалітэна з вежачкай на плошчы Незалежнасці.
* Людміла Гафо (1919—2022). Крымская грэчанка. Спраектавала большасць жылых раёнаў Мінска: Усход, Паўднёвы Захад 2, 3, па Лагойскім тракце, вуліцах Маскоўскай, Чкалава, Брылеўскай, К. Лібкнехта, Аэрадромнай.
* Міхаіл Паруснікаў (1893—1968). Аднаўляльнік пасляваеннага Мінска. Вучань беларускага шляхціца Жалтоўскага, які вынайшаў «сталінскі ампір». Спраектаваў ансамбль Ленінскага праспекта, будынак КДБ, Дзяржбанк, мост цераз Свіслач, стадыён «Дынама».
* Леў Мацкевіч (1903—1968). Удзельнічаў у аднаўленні Полацка і Оршы, пасля Мінска, займаючы пасаду галоўнага архітэктара горада. Пры яго ўдзеле спраектаваны ансамбль Ленінскага праспекта, Кастрычніцкая плошча і бульвар па Камсамольскай вуліцы.
* Віктар Анікін (1918—1997). Аўтар большасці будынкаў савецкай неаласікі ў Вільні, ад бібліятэкі і педінстытута да Зялёнага моста. З канца 1950-х працаваў у Мінску. Удзельнічаў у рэканструкцыі Батанічнага саду, праектаванні раёнаў Усход, Серабранка, па вул. Чкалава, Вяснянка. З Есьманам спраектаваў комплекс архітэктурна-будаўнічага інстытута, цяпер вядомага як «караблік» на Барысаўскім тракце.

Але вось навошта называць сквер каля Інтэграла ў гонар дырэктара, пра якога за межамі прадпрыемства ніхто не ведае - загадка. Таксама дапушчаны грубыя памылкі ў беларускіх назвах: вуліца Андрэя ГрамыкА,
сквер імя Пятра ГайдзенкА.

Прыйдзецца пісаць звароты. І вы пішыце!

#асобы #тапаніміка
https://minsknews.by/ulicza-batki-minaya-mozhet-poyavitsya-v-minske/

Читать полностью…

Спадчына

Мураваную сінагогу канца XVIII стагоддзя ў Ізабеліне Ваўкавыскага раёна накрытая дахам.

Фота
#Ізабелін #сінагогі #кансервацыя

Читать полностью…

Спадчына

Бачна, што аўтары рэканструкцыі ў музеі імкнуліся пераняць кампазіцыю надмагілля з віленскага касцёла. Адтуль узяты размяшчэнне скульптур, многія архітэктурныя элементы, рэльефныя выявы арматуры і фігуры анёлаў.
Хоць дакладных дакументальных звестак пра майстроў, якія стварылі віленскі помнік, няма, мяркуецца, што яго аўтарам мог быць архітэктар і скульптар Себасцьян Сала (Sebastiano Sala), які паходзіў з Лугана (цяпер Швейцарыя) і ў першай палове XVII стагоддзя працаваў каралеўскім архітэктарам у Кракаве. Ён спрычыніўся да будаўніцтва і рамонту ў розных гарадах касцёлаў, капліц, надмагілляў і каралеўскіх рэзідэнцый, шмат вандруючы па Польшчы, Літве і нават Венгрыі.
Гальшанскі помнік таксама мог бы выканаць Себасцьян Сала, але тут ёсць некалькі складанасцяў. Па-першае, касцёл Святога Міхала ў Вільні быў фундаваны Львом Сапегам і пабудаваны ўжо пасля смерці яго жонак. Калі рабілі новае надмагілле, то надмагільныя помнікі жонак перанеслі з кафедральнага касцёла і ўпісалі ў новы помнік. Магчыма, што ў кафедры яны былі часткай нейкага іншага надмагілля, трохі больш ранняга.

Па-другое, Павел Стэфан і Леў Сапегі былі сваякамі, але вельмі далёкімі (прынамсі па мячы), што змяншае верагоднасць таго, што абодва надмагіллі былі створаны адным і тым жа майстрам і былі падобнымі, як дзве кроплі вады. Але і не выключае.

Станам на XIX стагоддзе надмагільныя пліты Сапегаў у Гальшанах ужо існавалі асобна ад яруснай архітэктурнай канструкцыі, проста ляжалі адна каля адной. Верагодна, што надмагільны помнік быў страчаны ў канцы XVIII стагоддзя, бо ў 1770-я гады стары касцёл амаль да падмуркаў быў разабраны, а на яго месцы быў збудаваны новы барочны касцёл, які дайшоў да нашага часу.

Рэканструкцыя ў музеі, абмежаваная памерамі памяшкання і гіпатэтычнасцю арыгінальнага выгляду, не з’яўляецца дакладнай і не прэтэндуе на гэта, бо за мэту ставілі толькі змяніць успрыманне добра вядомага экспаната. Фактычна гэта проста стылізаваная этажэрка.

Пасля публікацыі фота з музея з’явіліся пажаданні вярнуць надмагілле ў Гальшаны і экспанаваць яго in situ (па месцы) ў францысканскім касцёле. Праўда, як выявілася, мясцовым ксяндзам такая ідэя не імпануе, яны лічаць, што ў касцёл людзі мусяць прыходзіць “да Пана Езуса, а не да пана Сапегі”. Таксама прапаноўваюць размясціць надмагілле ў капліцы Гальшанскага замка, над праектам аднаўлення якой ужо пачалі працаваць, зрабіць там “музей адной скульптуры”.

На нашу думку, у гэтым няма ніякай жыццёвай неабходнасці. Так ужо склалася гістарычна, што музеі ў вялікіх гарадах найлепшае месца для захавання, вывучэння і рэпрэзентацыі твораў мастацтва. У правінцыі яны часта “губляюцца”. У нас ёсць прыклады іншых рэнесансных надмагілляў, але яны не далі чаканага выбуху турыстычнай прыцягальнасці ці ўсплёску навуковай зацікаўленасці.

На месцы вывезеных твораў мастацтва мае сэнс пакідаць дакладныя копіі, каб захаваць ці аднавіць арыгінальны выгляд помніка архітэктуры, але ў выпадку з надмагілле Сапегаў мы пакуль ведаем занадта мала.

Праўда, Музей старажытнабеларускай культуры таксама не найлепшае месца, бо невядома з якой прычыны ён быў цяжкадаступным для наведвання - трэба было загадзя запісвацца. Можа быць пасля рэканструкцыі парадкі зменяцца.

#помнікі #могілкі #касцёлы #Гальшаны #Вільня #рэнесанс #рэканструкцыя #музеі

Читать полностью…

Спадчына

Былы супрацоўнік газеты «Культура» распавёў, як у чыноўнікаў падгарала ад таго, што нехта заўважыў, што яны парушылі закон і знішчылі ў 2022 годзе твор манументальнага мастацтва на нацыянальную тэму ў Бярозе:

«Напрыклад, я напісаў, як у Бярозе знішчылі вялікую мазаіку на тэму гісторыі Беларусі, у ёй быў нацыяналістычны настрой. Гэта не спадабалася. Намеснік старшыні райвыканкама асабіста патэлефанаваў Маркевічу і стаў расказваць, што мы нібыта на адным боку, а тут такая публікацыя».

У выніку нікога з вінаватых у знішчэнні мазаікі не пакаралі.

Читать полностью…

Спадчына

Тожабеларускія дызайнеры бачаць праблему ў ПАТРАБАВАННІ падпісваць станцыі метро па-беларуску 🤡

Крыніца
П. С. Артыкул выправілі, а асадачак застаўся.

Читать полностью…

Спадчына

Пад Нясвіжам прадаюць фальварак «Альба», які размешчаны на тэрыторыі аднайменнага парку, закладзенага Радзівіламі. (можаце знайсці на схеме ў папярэдні допісе)

Альба размешчана на паўднёва-заходняй ускраіне Нясвіжа. Па пісьмовых крыніцах вядома з 16 ст. як фальварак і загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў. На працягу ўсёй гісторыі была састаўной часткай Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. Увесь Альбянскі комплекс, які уключаў палац, гаспадарчы фальварак, паркі, звярынец, займаў плошчу каля 400 га. Па меркаванні Т.Бернатовіча, фальварак Альба быў закладзены яшчэ князем Мікалаем Радзівілам Чорным, аднак дакументальна гэта не пацверджана. А.Мяцельскі больш схіляецца да меркавання, што Альба была заснавана ў канцы 16 ст. Вучоны выказвае гіпотэзу, што князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ствараў фальварак і загарадную рэзідэнцыю пад Нясвіжам па аналогіі з Альбай Лонгі пад Рымам, радзімай міфічных заснавальнікаў італьянскай сталіцы братоў Ромула і Рэма. На яго думку, Альба ўзнікла паміж 1577 і лютым 1587 г. Праўда, што яна сабой уяўляла ў той час, невядома.

Будынкі былога фальварка, якія захаваліся да нашага часу, адносяцца да канца 19 – пачатку 20 ст., апошняга перыяду існавання комплексу. Увесь комплекс фальварку з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-катэгорыі.

#Альба #прамысловаяспадчына #Нясвіж #аўкцыёны

Читать полностью…
Subscribe to a channel