14478
Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669
Галоўнае за 15 лістапада
📌У Беларусі заявілі, што Польшча афіцыйна паведаміла аб адкрыцьці двух пунктаў пропуску 17 лістапада
📌Мяжа як поле гібрыднай вайны. Аналіз беларуска-літоўскага крызісу
📌 «Мы адчувалі сябе таварам, які можна выменяць на нейкія санкцыйныя паслабленьні», — былая палітзьняволеная Шчыракова
📌На БелАЭС працуюць колішнія спэцыялісты захопленай у 2022 годзе Расеяй Запароскай АЭС. Некаторыя ўжо маюць пашпарт Беларусі
📌Кіраўнік МУС Літвы ацаніў узровень аховы Ціханоўскай і крымінальныя пагрозы ад беларусаў
📌У Астравецкім раёне прыбралі крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага
📌Абвешчаныя пераможцы прэміі Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні
📌Аўкцыён па продажы нацыяналізаванага ва Ўкраіне цеплаходу «Надежда» не адбыўся. Пачатковую цану зьнізілі ўдвая
📌BelPol: Кітай адыграў ключавую ролю ў забесьпячэньні Беларусі рэсурсамі для выкананьня вайсковых заказаў Расеі
📌 Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па Разанскім НПЗ і вайсковых аб’ектах Расеі на акупаваных тэрыторыях
📌Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы»
У Гданьску пачалася цырымонія ўзнагароджаньня штогадовай прэміяй імя Ежы Гедройця. ВІДЭА
https://smarturl.click/Y3wqe
Цырымонія праходзіць у Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці ў Гданьску (Польшча).
За літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця сёлета змагаліся 6 твораў:
«Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка;
«Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец;
«Перамена месцаў» — Югася Каляда;
«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук;
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала;
«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны.
ℹ️ Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Фота ілюстрацыйнае
Улады выправадзілі зь Беларусі турэцкага журналіста, які хваліў краіну за «чысьціню і бясьпеку» і супрацоўнічаў з прапагандай
https://smarturl.click/qBq6W
Турэцкага журналіста Акая Дэпрэма, які часта наведваў Беларусь, называў яе «апошняй сапраўднай эўрапейскай краінай» і шмат кантактаваў зь дзяржаўнымі СМІ, у часе яго апошняга візыту затрымалі і выдварылі з краіны.
Як паведаміла выданьне Reform.news, затрыманага 10 содняў утрымлівалі на Акрэсьціна, а потым выдварылі з краіны.
Акай Дэпрэм — грамадзянін Турэччыны і Расеі, у 2014 годзе падтрымаў дзеяньні Расеі на ўкраінскім Данбасе, некалькі гадоў жыў у Данецку. З 2023 году пачаў зьяўляцца ў дзяржаўных СМІ Беларусі, даваў інтэрвію Грыгорыю Азаронку і Ксеніі Лебедзевай. Яго адзначылі прэміяй Эміля Чэчкі (польскі вайсковы дэзэртыр, які ўцёк у Беларусь і супрацоўнічаў зь дзяржаўнай прапагандай, пазьней яго знайшлі павешаным у Менску на месцы жыхарства. — РС).
Фота ілюстрацыйнае
Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па Разанскім НПЗ і вайсковых аб’ектах Расеі на акупаваных тэрыторыях
https://smarturl.click/p2qVE
«Зафіксаваныя шматлікія выбухі і значны пажар на тэрыторыі аб’екту [Разанскага НПЗ]», — адзначаецца ў паведамленьні Генштабу Ўзброеных сіл Украіны.
Апроч таго, украінскія вайскоўцы пацэлілі ў радыёлякацыйную станцыю «Неба-У» на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыму, у расейскі вайсковы эшалён у раёне Такмаку Запароскай вобласьці, а таксама па засяроджаньні войску паблізу захопленага Расеяй Ваўчанску Харкаўскай вобласьці.
Губэрнатар Разанскай вобласьці Павел Малкаў раніцай паведамляў, што ўначы над рэгіёнам нібыта зьнішчылі 25 украінскіх дронаў. Паводле яго, праз падзеньне аскепкаў адбылося ўзгараньне на тэрыторыі аднаго прадпрыемства. У той жа час, ён не ўдакладніў, які прамысловы аб’ект пацярпеў. Адзначыў толькі, што ў выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.
У Міністэрстве абароны Расеі не камэнтуюць пацэльваньні ўкраінцаў па вайсковых аб’ектах на акупаваных тэрыторыях Украіны.
BelPol: Кітай адыграў ключавую ролю ў забесьпячэньні Беларусі рэсурсамі для выкананьня вайсковых заказаў Расеі
https://smarturl.click/B4kqM
Згодна зь інфармацыяй BelPol, больш за 50 кампаній рознай формы ўласнасьці цягам 2022-2024 гадоў удзельнічалі ў вытворчасьці прыцэлаў для танкаў, супрацьтанкавых комплексаў, гранатамётаў, стралковай зброі і лазэрных дальнамераў. Асновай зборачнай вытворчасьці сталі складаныя мэханічныя дэталі і оптыка з Кітаю. У іх закупцы ўдзельнічалі прыблізна 20 беларускіх кампаній.
Галоўным вытворцам (зборачным цэхам) стала беларускае прадпрыемства «Пеленг» — яно, паводле BelPol, вырабіла і прадала Расеі больш за 2300 розных відаў прыцэлаў у 2023-2024 гадах, а сёлета ўжо вырабілі 1158 камплектаў прыцэлаў «Сасна-У» і вузлоў да іх. Гэтыя прыцэлы выкарыстоўваюць пры абсталяваньні танкаў Т-72Б3 (на фота) і Т-80У.
Кітай зрабіў істотны ўнёсак у разьвіцьцё беларускага ВПК і пастаўкі ўзбраеньняў у Расею, што робіць Кітай саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны, мяркуюць у BelPol.
У Астравецкім раёне прыбралі крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага
https://smarturl.click/y68pL
У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна, што на пад’езьдзе да памежнага пункта «Катлоўка — Лаварышкі» на беларуска-літоўскай мяжы, прыбралі помнік у гонар паўстанцаў 1863 году, паведаміў Telegram-канал «Спадчына».
Крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю, у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага ўсталявалі ў 2013 годзе.
На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, — выява «Пагоні».
Крыж паставілі як памятны знак усяму паўстаньню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі .А меч — гэта стары сымбаль, які мае два прачытаньні. Калі ён узьняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяньня. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта сымбаль таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.
Аўтар ідэі — краязнаўца Алесь Юркойць, фундатар — Мікіта Забуга, скульптар — Ігар Засімовіч.
Кіраўнік МУС Літвы ацаніў узровень аховы Ціханоўскай і крымінальныя пагрозы ад беларусаў
https://smarturl.click/QbwGJ
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году, але часам гучаць крытычныя галасы некаторых палітыкаў, напрыклад, адносна таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела высокі статус аховы з боку Службы аховы кіраўніцтва. Цяпер было рашэньне панізіць гэты статус аховы, які перадалі крымінальнай паліцыі.
«Бо ацэнка рызыкі і цэлай сытуацыі, што адбываецца з нашага боку, яна адэкватная. І калі будзе пагроза большая ці якая-небудзь іншая, я думаю, заўсёды можна вярнуцца і аднавіць гэтую ахову ў ранейшым рэжыме. Гэта не зьяўляецца пазыцыяй па пагаршэньні сытуацыі з боку літоўскіх уладаў. Не. Гэта ацэнка сытуацыі, якая ёсьць, і той досьвед, які мае крымінальная паліцыя Літвы, дае магчымасьць трымаць ахову на патрэбным узроўні».
Цалкам інтэрвію міністра ўнутраных справаў Літвы Ўладзіслава Кандратовіча можна паглядзець тут.
«Мы адчувалі сябе таварам, які можна выменяць на нейкія санкцыйныя паслабленьні», — былая палітзьняволеная Шчыракова
https://smarturl.click/WRGO9
Былая палітзьняволеная, журналістка і праваабаронца Ларыса Шчыракова ў размове з Свабодай згадала найбольш трагічныя моманты трохгадовага зьняволеньня — калі яе сына забіралі ў прытулак і калі не змагла разьвітацца з маці. Шчыракова расказала, што дапамагло выжыць і захаваць сябе за кратамі.
На фота: Ларыса Шчыракова, архіў
Абвешчаныя пераможцы прэміі Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні
https://smarturl.click/5ZoLj
15 лістапада 2025 году Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» абвясьцілі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча — узнагароды за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні або на тэму зазнанага зьняволеньня.
Прэмія носіць імя пісьменьніка і публіцыста, які сам прайшоў праз савецкія лягеры і апісаў свой вопыт у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Пераможцы прэміі імя Францішка Аляхновіча — 2025:
Пётр Уманскі (псэўданім) за кнігу «РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА»
Дзіяна Маеўская (псэўданім) за твор «Казка пра замак»
Галена Савіцкая (псэўданім) за твор «Па кальцавой дазволеныя 120»
Ляўрэаты і ляўрэаткі прэміі:
Аляксандар Францкевіч — за зборнік турэмных вершаў
Паліна Савук — за твор «Таким я тебя запомню»
Максім Вінярскі — за вершы «Прости жена, мы даже не знакомы», «Няўдзячны Юдаў лёс...»
Уладзімір Булаўскі — за вершы «Лічбы», «Няма вясны»
Алег Кулеша — за вершы «Пад N10. Карагодныя вершы»
Ужо сёньня: Міжнародны дзень пісьменьніка ў няволі
Падзеі 15 лістапада ў Беларусі, у сьвеце і ў гісторыі.
15 лістапада — Міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні.
Штогод, пачынаючы з 1981-га, у гэты дзень ПЭН-цэнтар, міжнародная пісьменьніцкая праваабарончая арганізацыя, выказвае салідарнасьць зь пісьменьнікамі, журналістамі і выдаўцамі, якія зазналі зьняволеньне, перасьлед альбо загінулі.
У часе выбарчай кампаніі 2020 году і пасьля дня галасаваньня дзясяткі беларускіх літаратараў прайшлі праз турмы, частка зь іх, у тым ліку праваабаронца Алесь Бяляцкі, палітык Павал Севярынец і палітоляг Аляксандар Фядута, дагэтуль за кратамі.
Пра іншыя падзеі ў розныя гады 15 лістапада можна пачытаць тут.
Хто зможа езьдзіць праз два пераходы на беларуска-польскай мяжы, якія Польшча адкрые 17 лістапада
https://smarturl.click/VR1Lx
Два памежныя пераходы з Беларусьсю — Кузьніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) — зноў адкрыюцца 17 лістапада, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.
«Гэтае рашэньне стала магчымым дзякуючы ўзмоцненай ахове мяжы з Беларусьсю», — адзначаецца ў паведамленьні.
✅ Абодва пераходы будуць адкрытыя для пасажырскіх перавозак, а ў Баброўніках таксама для «абмежаваных грузавых перавозак».
✅ Пераход у Кузьніцы адкрыты толькі для пасажырскіх перавозак, за выключэньнем аўтобусаў.
✅ У Баброўніках таксама будзе дазволены аўтобусны і грузавы рух для транспартных сродкаў з краін Эўрапейскага Зьвязу, Эўрапейскай эканамічнай прасторы і Швайцарыі.
На фота: памежны пераход у Кузьніцы, архіў
Пачобут — вялікі герой. І той, хто даможацца яго вызваленьня, таксама будзе героем, — польскі журналіст Патоцкі
https://smarturl.click/mBqMG
Польшча прыняла рашэньне аб адкрыцьці двух памежных пераходаў у каардынацыі зь Літвой, матыў гэтага рашэньня — вызваленьне Анджэя Пачобута, якога ў Польшчы лічаць нацыянальным героем, тлумачыць палітычны аглядальнік Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі.
Сьцісла:
1️⃣ Адкрыцьцё Польшчай памежных пераходаў з Беларусьсю праз два тыдні пасьля рашэньня Літвы зачыніць мяжу — менш канфліктнае для адносінаў Варшавы і Вільні, чым калі б рашэньне Польшчы адкрыць мяжу супала па часе з рашэньнем Літвы закрыць сваю мяжу.
2️⃣ Літва заявіла аб разуменьні рашэньня Польшчы.
3️⃣ Паміж асноўнымі палітычнымі сіламі Польшчы існуе кансэнсус наконт неабходнасьці весьці жорсткую палітыку адносна рэжыму Лукашэнкі.
4️⃣ Палітыка дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі, якую вядуць ЗША, магла паўплываць на гатоўнасьць Лукашэнкі вызваліць Пачобута ў абмен на саступкі Польшчы.
На фота: ілюстрацыйны каляж
Старшыня беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай расказала пра інтрыгі сёлетняй прэміі Гедройця
https://smarturl.click/e0kM1
«З аднаго боку прэмія Гедройця прыцягвае найбольш увагі чытачоў беларускай літаратуры, бо мае найбольшы грашовы складнік і выклікае найбольш гарачых абмеркаваньняў у камэнтарах, сацсетках, у супольнасьцях літаратараў. З другога боку, у нас ёсьць іншыя прэміі і мы крыху перажываем праз тое, што яны застаюцца ў ценю Гедройця. Таму 15 лістапада, у дзень уручэньня прэміі Гедройця адбудзецца таксама ўручэньне прэміі Францішка Аляхновіча, якую мы робім супольна з Радыё Свабода — гэта прэмія за твор, напісаны ў зьняволеньні», — распавяла Тацьцяна Нядбай.
Сярод прэтэндэнтаў ёсьць свабодаўцы — Сяргей Дубавец з кнігай «Занзібар. Сталеньне маладой душы» і Аляксандар Лукашук «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»,
Аплацілі рэтрыт, ніхто не сышоў. У BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу Андрэя Стрыжака
https://smarturl.click/qBqMO
У Фондзе беларускай салідарнасьці BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу сузаснавальніка Андрэя Стрыжака: адной з пацярпелых жанчын аплацілі рэтрыт, зборы не праселі крытычна, ніхто з каманды ня звольніўся.
Кіраўнік каманды збораў BySol Аляксандар Кухта анансаваў неўзабаве традыцыйны вялікі дзіцячы калядны збор для сем’яў палітвязьняў. Ён таксама адзначыў, што ў камандзе рыхтуюцца да патэнцыйнага вызваленьня новай вялікай групы палітвязьняў.
Тыдзень з Карбалевічам. Чаму ЗША зацікавіліся Беларусьсю.
Беларусь апынулася ў цэнтры вялікай гульні: ЗША адкрываюць асобны перамоўны трэк па Менску і прызначаюць спэцпрадстаўніка, а Літва закручвае гайкі на мяжы і чакае ад Вашынгтона ціску на рэжым.
Палітвязьні, заблякаваныя фуры, кантрабандныя балёны і замарожаныя стасункі — усё гэта сходзіцца ў адну кропку перад прыездам амэрыканскай дэлегацыі. Што гэта значыць для Беларусі і ці магчымы рэальны прагрэс – разьбірае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч у відэа 👈
Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы»
Першую прэмію за філязофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасьці свайго пакаленьня ўручылі Сяргею Дубаўцу за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».
Другую прэмію месца за фантасмагарычнае адлюстраваньне зрухаў у Беларусі і творчую стыпэндыю з магчымасьцю цягам месяца працаваць у Доме пісьменьніка на выспе Готлянд у Швэцыі атрымала Югася Каляда за кнігу «Перамена месцаў».
Трэцюю прэмію за асэнсаваньне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме атрымаў Зьміцер Дзядзенка за кнігу «Гульні Цырцэі. Раман».
Спэцыяльную прэмію — сэртыфікат на выданьне кнігі ў аўдыёфармаце — атрымала Югася Каляда зь яе кнігай «Перамена месцаў».
На фота: скрын з трансьляцыі цырымоніі, у цэнтры пераможца — свабодавец Сяргей Дубавец
Фільм Радыё Свабода пра масавыя забойствы расейцамі мірных грамадзян Бучы атрымаў міжнародную ўзнагароду
https://smarturl.click/E1YqW
Фільм-расьсьледаваньне Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Буча. Яблунская» атрымаў узнагароду ад Асацыяцыі міжнародных вяшчальнікаў (The Association for International Broadcasters 2025, AIBs) у намінацыі за лепшае расьсьледаваньне.
Узнагароду ў часе афіцыйнай цырымоніі, што праходзіла ў Лёндане, атрымаў аўтар фільму, журналіст Радыё Свабода Дзьмітро Джулай (на фота).
Журы AIBs адзначыла фільм, як моцны і надзвычайна старанны прыклад журналісцкага расьсьледаваньня: «выключны і незабыўны твор».
«Буча. Яблунская» — адна з трох частак вялікага расьсьледаваньня Радыё Свабода. У гэтым фільме ў дэталях аднавілі падзеі трох дзён сакавіка 2022 году на вуліцы Яблунскай у Бучы пад Кіевам у пэрыяд найбольш інтэнсіўных расстрэлаў цывільнага насельніцтва.
Фільм можна паглядзець тут.
Беларускія памежнікі папярэдзілі, што з улікам функцыянаваньня электроннай чаргі перад пунктамі пропуску Бераставіца і Брузгі рэгістрацыя ў зонах чаканьня перад імі пачнецца з 20:00 16 лістапада.
Рэгістрацыя будзе ажыцьцяўляцца ў парадку прыбыцьця аўтатранспарту.
Літоўскія перавозьнікі выйшлі на акцыю праз закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю, але рух не блякавалі
https://smarturl.click/GgkqQ
У Вільні 15 лістапада літоўскія перавозьнікі правялі акцыю праз закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю і праблемы, якія ўзьніклі праз гэта для бізнэсу і перавозьнікаў.
Як паведаміла выданьне delfi.lt, удзельнікі акцыі сказалі, што сабраліся не на пратэст і не на мітынг, а каб зьвярнуць увагу ўладаў на праблемы сваіх калег, якія захрасьлі ў Беларусі пасьля закрыцьця мяжы, а таксама на неабходную дапамогу дзяржавы літоўскаму бізнэсу.
Грузавікі стаялі на стаянцы паблізу аднаго з дарожных колаў на праспэкце Канстытуцыі.
«Гэта не пратэст, а жалоба. Мы прыехалі, каб разам зь іншымі выпіць кавы, пасмуткаваць, што нашы цягачы засталіся без прычэпаў, без працы. Можна сказаць — флэш-моб», — сказаў журналістам адзін з удзельнікаў акцыі.
У Асацыяцыі перавозьнікаў Linava назвалі гэтую акцыю «ініцыятывай асобных людзей», якія не ўзгаднялі свае дзеяньні з арганізацыяй.
Фота ілюстрацыйнае
Аўкцыён па продажы нацыяналізаванага ва Ўкраіне цеплаходу «Надежда» не адбыўся. Пачатковую цану зьнізілі ўдвая
https://smarturl.click/kZqa6
Новы аўкцыён заплянавалі на 28 лістапада.
Самаходная вадаплаў-пляцоўка «Надежда» (на фота) належала Беларускаму марскаму параходзтву (з 20 студзеня 2025 году знаходзіцца на стадыі банкруцтва).
Кампанія збанкрутавала праз пачатак вайны ва Ўкраіне і цяпер спрабуе прадаць усю маёмасьць, якая ў пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе знаходзілася на тэрыторыі Ўкраіны.
Цяпер пачатковая цана цеплаходу «Надежда» складае 63 000 беларускіх рублёў (13 лістапада яна складала 84 000 рублёў).
Таксама не знайшла новага ўласьніка і іншая маёмасьць кампаніі:
✅ буксір-штурхач БТ-0683, пачатковая цана 34 800 рублёў (раней 46 400 рублёў);
✅ баржа-пляцоўка Р-0512, пачатковая цана 51 000 рублёў (раней 68 000 рублёў);
✅ баржа-пляцоўка Р-0554, пачатковая цана 51 000 рублёў (раней 68 000 рублёў).
Усе гэтыя аб’екты аўкцыёну знаходзяцца ва Ўкраіне і ўжо маюць іншых уласьнікаў.
Мяжа як поле гібрыднай вайны. Аналіз беларуска-літоўскага крызісу
https://smarturl.click/VR1o0
Пакуль незразумела, ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву капіталізаваць крызіс на мяжы зь Літвой. Ва ўсялякім разе пакуль Беларусь нясе толькі страты. Было закрыцьцё мяжы з Польшчай, цяпер закрыцьцё мяжы зь Літвой. І тут страты не толькі эканамічныя.
Аналіз Валера Карбалевіча
На БелАЭС працуюць колішнія спэцыялісты захопленай у 2022 годзе Расеяй Запароскай АЭС. Некаторыя ўжо маюць пашпарт Беларусі
https://smarturl.click/0BO5n
На Беларускай АЭС на момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны працавала прыблізна 30 спэцыялістаў з Запароскай АЭС. Цяпер яны атрымліваюць беларускае грамадзянства або вяртаюцца на захопленую Расея атамную станцыю ў Энэргадар як супрацоўнікі карпарацыі «Расатам».
Нядаўна раённая газэта «Астравецкая праўда» паведаміла, што 30 кастрычніка «ў пакоі гісторыі» мясцовага РАЎС адбылася ўрачыстая цырымонія прынясеньня прысягі Дзяржаве Беларусь трыма замежнымі грамадзянамі — Ірынай Гасьцявой, Андрэям Палішчуком і Мікалаем Чышчавым. Як высьветліў карэспандэнт Свабоды, апошнія два чалавекі да атрыманьня беларускага грамадзянства былі грамадзянамі Ўкраіны і працавалі на Запароскай АЭС.
На фота: БелАЭС у часе будаўніцтва ў 2019 годзе, ілюстрацыя
У Беларусі заявілі, што Польшча афіцыйна паведаміла аб адкрыцьці двух пунктаў пропуску 17 лістапада
https://smarturl.click/dwLQo
У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі заявілі аб атрыманьні афіцыйнага паведамленьня Польшчы аб адкрыцьці з 2:00 беларускага часу 17 лістапада двух пунктаў пропуску Кузьніца Беластоцкая-Брузгі і Баброўнікі-Бераставіца.
Беларускія мытнікі пацьвердзілі, што праз пункт пропуску Кузьніца Беластоцкая дазволяць толькі пасажырскі рух, за выключэньнем аўтобусаў, а праз Баброўнікі — легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, а таксама грузавікоў з краін Эўразьвязу, краін-удзельніц дамовы аб Эўрапейскай эканамічнай прасторы і Швайцарыі.
«Мытныя органы цалкам гатовыя да аднаўленьня руху ў сумежных пункта пропуску Брузгі і Бераставіца — мытныя органы ўкамплектаваныя, інфраструктура ўдасканаленая, усе наяўныя тэхнічныя сродкі функцыянуюць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
На фота: польскі пункт пропуску Баброўнікі на мяжы зь Беларусьсю, архіў
У Мазыры пэрсанал мясцовай ЦЭЦ вучылі рэагаваць на пажар ад пацэльваньня дрону
https://smarturl.click/vd8ME
У дзяржаўным вытворчым аб’яднаньні «Белэнэрга» паведамілі аб правядзеньні вучэньняў з пэрсаналам Мазырскай ЦЭЦ паводле чатырох сцэнароў, у тым ліку — пры ўзгараньні мазутнага баку ў выніку пацэльваньня бесьпілётніка.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, на вучэньнях таксама мадэлявалі яшчэ тры сытуацыі: пашкоджаньне газаправоду праз ДТЗ, пагроза выцеку вадароду праз няспраўнасьць абсталяваньня, а таксама няшчасны выпадак з працаўніком.
У вучэньнях таксама бралі ўдзел падразьдзелы МНС і мэдыкі.
У «Белэнэрга» адзначылі, што вучэньні паказалі «высокую гатоўнасьць пэрсаналу і тэхнічных сыстэм да дзеяньняў у складаных аварыйных умовах».
ℹ️ Беларусь — другая ў сьвеце краіна пасьля Ўкраіны, якая найбольш цярпіць ад расейскіх баявых бесьпілётнікаў. Свабода падлічыла, што за апошнія 14 месяцаў у паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў, што заляцелі з тэрыторыі Ўкраіны ці Расеі.
Галоўнае за 14 лістапада
📌Сьледчы камітэт Беларусі даў першую інфармацыю аб прычынах гібелі 14-гадовага Максіма Зяньковіча
📌 Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак журналісту Ігару Ільяшу
📌Барацьба з дармаедамі: для Лукашэнкі ідэальнае грамадзтва, дзе ўсе без выключэньня працуюць, — Кавалкін
📌Аплацілі рэтрыт, ніхто не сышоў. У BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу Андрэя Стрыжака
📌Улады вырашылі пабудаваць трэці блёк на Беларускай АЭС у Астраўцы
📌Тыдзень з Карбалевічам. Чаму ЗША зацікавіліся Беларусьсю
📌Вынікі тыдня з Аляксандрам Фрыдманам: Памочнік Трампа ў Лукашэнкі. Ці адкрыў Коўл мяжу Беларусі?
📌Афіцыйны Менск адкладае перамовы зь Літвой да аўторка. Польшча адкрые Кузьніцу і Баброўнікі ў панядзелак
📌 Хто зможа езьдзіць праз два пераходы на беларуска-польскай мяжы, якія Польшча адкрые 17 лістапада
📌Пачобут — вялікі герой. І той, хто даможацца яго вызваленьня, таксама будзе героем, — польскі журналіст Патоцкі
📌Фэйк. Беларускія і ўкраінскія лекары давялі да сьмерці пацыента ў Польшчы
📌Азэрбайджан заявіў Расеі пратэст праз падзеньне ракеты на тэрыторыю амбасады ў Кіеве
📌 ТЭСТ. У бой за Случчыну: 10 пытаньняў пра слуцкае паўстаньне
Фэйк. Беларускія і ўкраінскія лекары давялі да сьмерці пацыента ў Польшчы
https://smarturl.click/0BOog
Буйныя польскія мэдыі напісалі пра трагічнае здарэньне ва Ўроцлаве. Нібыта ў адной з прыватных клінік гораду памёр пацыент, паколькі лекары зь Беларусі і Украіны ня ведалі польскай мовы і не зразумелі яго. Але гісторыя насамрэч зусім іншая.
Імпульсам да зьяўленьня публікацый стаў допіс у Фэйсбуку польскай эўрадэпутаткі Эвы Заянчкоўскай.
«Пэрсанал, які складаўся з грамадзян Украіны і Беларусі, ня змог зразумець пацыента і даведацца, што ў яго раней быў анафіляктычны шок. Яму ўвялі кантраснае рэчыва, што прывяло да моцнай алергічнай рэакцыі. Мэдыкі не ведалі, як аказаць дапамогу і як выклікаць хуткую дапамогу. Пацыент памёр...» — напісала Заянчкоўка, якая прадстаўляе эўраскептычную і антыімігранцкую кааліцыю «Канфэдэрацыя».
Свабода прааналізавала, што стаіць за паведамленьнямі і як яны абрасталі непраўдзівай інфармацыяй.
Фота ілюстрацыйнае.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў што Міністэрства замежных спраў Літвы дагэтуль не дало адказу на зробленую два дні таму прапанову беларускага боку правесьці перамовы паміж двума зьнешнепалітычнымі ведамствамі для разьвязаньня сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы.
«Замест гэтага ад літоўскага боку атрымана прапанова аб правядзеньні ў пачатку наступнага тыдня сустрэчы на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў дзьвюх краін у пытаньні барацьбы з трансгранічнай злачыннасьцю», — цытуе Варанкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Варанкоў дадаў, што Беларусь вітае такую ініцыятыву, але яна «не вырашае пытаньня адкрыцьця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўленьня празь іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў. Яшчэ раз падкрэсьліваем, што з улікам комплекснага характару гэтага пытаньня яго вырашэньне магчыма толькі на палітыка-дыпляматычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы і іншых дзяржаў. Іншы, больш просты варыянт, які не прадугледжвае перамоваў: літоўскі бок можа проста адмяніць сваё аднабаковае рашэньне аб закрыцьці мяжы», — сказаў Варанкоў.
Афіцыйны Менск адкладае перамовы зь Літвой да аўторка. Польшча адкрые Кузьніцу і Баброўнікі ў панядзелак
https://smarturl.click/OLg4z
Дарадца прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругінене сказаў, што афіцыйны Менск прапанаваў адкласьці да аўторка перамовы з Вільняй адносна вяртаньня літоўскіх грузавікоў, якія былі затрыманыя ў Беларусі.
«Апошняя інфармацыя за сёньня чарговы раз пацьвярджае, што беларускі рэжым толькі імітуе жаданьне вырашыць праблемы нашых і эўрапейскіх перавозчыкаў, якіх лічаць закладнікамі», — заявіў Альгірдас Дабравольскас.
Паводле BNS, Дабравольскас дадаў, што «замест таго, каб спыняць паветраныя шары, [...] Беларусь паглыбляе эскаляцыю і выкарыстоўвае пірацкія або тэрарыстычныя мэтады, каб захапіць у закладнікі актывы нашых і эўрапейскіх перавозчыкаў».
14 лістапада намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Веслаў Шчэпаньскі пацьвердзіў, што пераходы Кузьніца (закрыты з 9 лістапада 2021 году) і Баброўнікі (закрыты з 10 лютага 2023 году) адкрыюць у панядзелак.
«Перажылі сапраўдны стрэс, чулі выбухі ракет». Астроскі форум пераехаў у Кіеў, які перанёс чарговы паветраны напад
https://smarturl.click/y68Q3
Ва Ўкраіне працягвае працаваць Астроскі форум – штогадовая пляцоўка для дыскусіі беларускіх і ўкраінскіх экспэртаў і палітыкаў, на якой аналізуюць дачыненьні дзьвюх краін і шукаюць шляхі да паляпшэньня дачыненьняў.
Форум адкрыўся 11 лістапада ў Львове, а 14 лістапада пачалася яго кіеўская частка.
Свабодзе пра падзеі на форуме расказала дырэктарка Цэнтру «Вольная Беларусь» Паліна Бродзік. Як іншым удзельнікам дыскусіі, напярэдадні Паліне давялося перажыць начную атаку на Кіеў расейскіх бесьпілётнікаў і ракет. Паліна Бродзік кажа, што правяла вельмі трывожную ноч і на сабе адчула тыя жахі, якія жыхары сталіцы Ўкраіны адчуваюць ужо чацьверты год.
На фота: Паліна Бродзік
Літоўскі лягістычны бізнэс можа абваліцца, калі палякі адкрыюць мяжу зь Беларусьсю, — віцэ-прэзыдэнт асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы
https://smarturl.click/ggqJy
Польшча мае намер адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю на наступным тыдні. Алег Тарасаў, адзін з кіраўнікоў Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў Linava кажа, што гэта можа разбурыць літоўскі транспартны бізнэс.
«Калі мы зараз не прыдумаем мэханізму аднаўленьня нашай канкурэнтнай перавагі ў цяперашніх умовах, то мы можам забыцца пра лягістыку ў Літве», — цытуюць агенцтва BNS і літоўская грамадзкая тэлерадыёкампанія словы Тарасава.
Паводле яго, адкрыўшы памежныя пераходы, Польшча павялічыць прапускную здольнасьць мяжы, і ўвесь грузавы паток будзе праходзіць праз яе, што зьменшыць неабходнасьць перавозкі тавараў празь Літву ці Латвію.
Фота ілюстрацыйнае