Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669
На прадпрыемствах МАЗу больш за тры тысячы вакансій і больш за 200 – у менскай лякарні
Камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама апублікаваў 3975 вакансій на прадпрыемствах беларускай сталіцы, найбольш супрацоўнікаў – 3413 – патрабуюцца на прадпрыемствах ААТ «МАЗ».
Як вынікае зь інфармацыі, разьмешчанай на электроннай ярмарцы вакансій 19 чэрвеня, на прадпрыемствы холдынгу патрабуюцца ня толькі рабочыя, а і кіраўнікі падразьдзелаў.
У 10-й гарадзкой клінічнай лякарні шукаюць 217 працаўнікоў – пераважна малодшы мэдычны пэрсанал, а таксама працоўных для абслугоўваньня і рамонту памяшканьняў установы.
На фота: МАЗ, архіў
Расея вывозіць сваіх супрацоўнікаў з АЭС Бушэр у Іране
«Росатом» вывез частку супрацоўнікаў з АЭС «Бушэр» у Іране, якія знаходзіліся там у камандзіроўцы, паведаміў кіраўнік кампаніі Аляксей Ліхачоў. Ён ня выключыў эвакуацыі ўсяго пэрсаналу.
Ізраіль абяцаў Расеі гарантаваць бясьпеку яе спэцыялістаў, якія працуюць у Іране на Бушэрскай АЭС, заявіў прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.
«Мы захоўваем вельмі роўныя даверныя адносіны з Ізраілем. Толькі ўчора Пуцін згадваў аб тым, што з Ізраілем ёсьць разуменьне, што нашы спэцыялісты, якія працуюць у Бушэры, ня будуць у небясьпецы і пад пагрозай удару».Читать полностью…
Пуцін пра мірныя перамовы з Украінай, недапамогу Ірану, «плян Б» зь Беларусьсю
https://smarturl.click/oVlya
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў 18 чэрвеня сустрэчу з прадстаўнікамі сусьветных інфармагенцтваў на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме. Сабралі асноўныя цытаты.
На фота: Уладзімір Пуцін
Ізраіль атакаваў неактыўны іранскі ядзерны рэактар. Сэнатары-дэмакраты заявілі, што Трамп павінен атрымаць ухвалу Кангрэсу на вайну з Іранам
Прэзыдэнт ЗША абавязаны пракансультавацца з Кангрэсам і запытаць дазволу, калі разглядае «магчымасьць пашырэньня ўдзелу ЗША ў вайне» у Іране. Аб гэтым заявіла група сэнатараў-дэмакратаў.
«Паколькі прэзыдэнт Трамп, як паведамляецца, разглядае магчымасьць пашырэньня ўдзелу ЗША ў вайне, мы глыбока занепакоеныя адсутнасьцю падрыхтоўкі, стратэгіі і дакладна вызначаных мэт, а таксама вялікай рызыкай для амэрыканцаў і мірных жыхароў у рэгіёне», – заявілі сэнатары і нагадалі, што Іран прыгразіў ударам у адказ па амэрыканскіх вайсковых базах.
У Кіеве завяршылі разбор завалаў зьнішчанага расейскай ракетай дому – 28 загінулых, больш за 140 параненых
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі аб завяршэньні пошукавай апэрацыі ў Кіеве на месцы часткова зьнішчанага расейскімі войскамі шматпавярховага жылога дому.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у выніку расейскай атакі 17 чэрвеня ў Кіеве загінулі 28 чалавек (23 асобы жылі ў кватэрах зьнішчанага пад’езду шматпавярховіка) і больш за 140 атрымалі раненьні.
Найстарэйшай загінулай быў 91 год, а наймаладзейшай ахвяры – 22 гады.
На фота: выратавальнікі на месцы пашуковай апэрацыі ў Кіеве
Польшча супольна з NATO падрыхтуе плян дзеяньняў на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025»
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што NATO мусіць рэагаваць на рознага кшталту пагрозы з боку Расеі, у тым ліку на вучэньні «Захад-2025».
«Не сакрэт, што пагрозай, прынамсі для эўрапейскай часткі NATO, зьяўляецца імпэрская палітыка Расеі. У гэтым кантэксьце важным момантам зьяўляецца набліжэньне вучэньняў «Захад-2025», – сказаў Анджэй Дуда на пасяджэньні Рады нацбясьпекі Польшчы.
«Таму я лічу, што на гэта трэба зьвярнуць увагу і гэта трэба выразна данесьці да нашых хаўрусьнікаў, бо гэта будзе патрабаваць узмацненьня ўвагі ўнутры альянсу і дадатковай дэманстрацыі гатоўнасьці з боку NATO», – перакананы прэзыдэнт Польшчы.
Ужо сёньня: 370-годзьдзе спаленьня маскоўцамі Барысаўскага замку, народзіны Васіля Быкава, гадавіна першага мітынгу ў Курапатах
🗒 У 1655 годзе ў час Трынаццацігадовай вайны маскоўскае войска спаліла Барысаўскі замак, а таксама дашчэнту разрабавала і зруйнавала места.
🗒 19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік. Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця. У час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі пісьменьніка цкавалі, і на пачатку 1998 году ён зьехаў за мяжу. Вярнуўся ў Беларусь незадоўга да сьмерці, перанёсшы ў Чэхіі цяжкую апэрацыю. Памёр 22 чэрвеня 2003 году.
🗒 У 1988 годзе ў Курапатах прайшоў мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў з патрабаваньнем стварыць сьледчую камісію.
Больш падзей 19 чэрвеня ў гісторыі чытайце ў падборцы: https://smarturl.click/nVldV
Пачалася працэдура банкруцтва аднаго з найвядомейшых беларускіх футбольных клюбаў — салігорскага «Шахтара»
Адпаведная інфармацыя пра клюб, які тройчы быў чэмпіёнам Беларусі і столькі ж разоў здабываў кубак краіны, зьявілася ў Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве.
«Шахтар» быў заснаваны ў 1961 годзе, а праз год пачаў выступаць у першынстве Менскай вобласьці. У гэтым жа сэзоне гарнякі заваявалі першую ўзнагароду — кубак вобласьці. Неўзабаве «Шахтар» выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. У найноўшы час салігорцы сталі адной з наймацнейшых камандаў Беларусі, неаднаразова прадстаўлялі Беларусь у міжнародных гульнях.
Адметна, што на сайце клюбу, які пакуль працуе, пазначана, што той быў чэмпіёнам краіны і ў 2022 годзе. Аднак тое званьне ў «жоўта-чорных» забралі рашэньнем фэдэрацыі, бо клюб быў удзельнікам махлярскай схемы з падтасоўваньнем вынікаў сустрэчаў і подкупам. Тады ўпершыню ў гісторыі Беларусі каманду пазбавілі залатых мэдалёў.
У 2024 годзе агучылі прысуды пасадовым асобам клюбу. Былому дырэктару Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёніі, адказнаму за працу з заўзятарамі Яўгену Култаеву — 7 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».
Футбольны клюб «Шахтар» дзейнічаў ад зарэгістраванай у сярэдзіне жніўня 2003 году юрыдычнай асобы. Яе зарэгістравалі ў форме закрытага акцыянэрнага таварыства. У канцы сакавіка 2025 году акцыянэры ЗАТ прынялі рашэньне «аб прызнаньні немэтазгодным далейшае правядзеньне захадаў у папярэджаньні неплацежаздольнасьці» і вырашылі падаць заяву аб банкруцтве.
Сваю дзель у футбольным клюбе мелі «Будаўнічы трэст № 3», «Беларуськалій» і «Машынабудаўнічая карпарацыя».
Як вынікае з матэрыялаў справы, «Шахтар» завінаваціўся сваім крэдыторам 16 млн рублёў. Патрабаваньні крэдытораў будуць прымаць да 18 жніўня.
Таксама ў сакавіку футбольны клюб расфармавалі. Стала вядома, што пасьля выбываньня з Найвышэйшай лігі ён не стартуе нават у Першай. Пазьней зьявілася інфармацыя, што ў Салігорску стварылі новую каманду для ўдзелу ў Другой лізе беларускага першынства.
Лідэры краін G7 маюць намер супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям. Гэта актуальна і для беларусаў
Глыбокую занепакоенасьць «усё больш частымі паведамленьнямі пра транснацыянальныя рэпрэсіі» (ТНР) выказалі лідэры краін G7 («Вялікая сямёрка») па выніках сустрэчы 17 чэрвеня ў канадзкім Кананаскісе.
У адпаведнай заяве гаворыцца, што ТНР зьяўляюцца «агрэсіўнай формай замежнага ўмяшаньня, пры якой дзяржавы або іх пасярэднікі спрабуюць запалохаць, перасьледаваць, нанесьці шкоду або прымусіць да дзеяньняў асобных людзей або супольнасьці па-за межамі сваіх рубяжоў».
Праблема транснацыянальных рэпрэсій актуальная для беларусаў, што былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз рызыку палітычнага перасьледу.
Трамп сказаў, што зноў размаўляў з Пуціным і параіў таму заняцца Расеяй
Паводле словаў амэрыканскага прэзыдэнта, кіраўнік Крамля прапанаваў яму ў тэлефоннай гутарцы 17 чэрвеня пасрэдніцкую дапамогу пры ўрэгуляваньні канфлікту паміж Ізраілем і Іранам. На гэта Трамп, паводле яго самога, сказаў:
«Зрабі мне ласку — займіся спачатку Расеяй»
Зьмены клімату прывядуць у Беларусь небясьпечны хмызьняк
Хмызьняк, які паразытуе на дубе, распаўсюдзіцца і на Беларусь. Пра гэта пішуць польскія навукоўцы з Прыродазнаўчага ўнівэрсытэту ў Познані. Іх публікацыю ў часопісе Scientific Reports заўважыў канал De facto. Беларуская навука.
Хмызьняк Loranthus europaeus, які паразытуе на дубе, цяпер расьце ў Цэнтральнай Азіі, Турэччыне, у Крыме і Паўднёва-Заходняй Эўропе.
З дапамогай мадэляваньня дасьледнікі ацанілі ўплыў прагназаванага зьмяненьня клімату на 2041 — 2060 і 2061–2080 гады.
Вынікі паказалі, што арэал Loranthus europaeus патэнцыйна можа пашырыцца на Нямеччыну, Польшчу і Беларусь. І пры гэтым яго стане менш у Грэцыі і Турэччыне. Такія зьмяненьні будуць мець значныя наступствы для мясцовых экасыстэмаў і эканомікі. Перадусім для лясной гаспадаркі.
Хмызьняк-паразыт можа выклікаць адміраньне дрэў-гаспадароў, што прыводзіць да значных эканамічных стратаў. Адміраньне дрэваў-гаспадароў ня толькі зьніжае ўраджайнасьць драўніны, але і ўплывае на біяразнастайнасьць і здароўе лясоў.
Неабходная распрацоўка эфэктыўных стратэгій для зьмякчэньня ўзьдзеяньня Loranthus europaeus.
Дональд Трамп зноў выказаўся пра Іран. Пытаньне магчымага амэрыканскага ўдару не раскрытае
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў адзначыў, што афіцыйны Тэгеран «хоча дамаўляцца», і ніколі ня позна для гэтага.
«Яны цалкам пазбаўленыя абароны, яны ўжо ня маюць абароны ад авіяцыі. Я гаварыў пра безумоўную капітуляцыю. Наступны тыдзень будзе вялікім, магчыма, не такім вялікім, як гэты, але пабачым, што адбудзецца, нічога ня скончана».
Таксама Трамп, гаворачы пра аяталу Хамэнэі, адзначыў, што «цярпеньне скончылася».
Сакратар Пэнтагону Хегсэт адзначыў, што не раскрые журналістам, якія будуць варыянты ў прэзыдэнта ў пытаньні ўдару па Іране. Ён падкрэсьліў, што на выпадак рашэньняў пра вайну або мір, якія прымае Трамп, Міністэрства абароны будзе ў гатовасьці выконваць загады.
У Маскве па адрасе беларускай амбасады зьявілася прадстаўніцтва таямнічага фонду
У Беларусі «Фонд першага» альбо не вядзе ніякай дзейнасьці, альбо старанна яе прыхоўвае.
Як высьветліла выданьне «Люстэрка», маскоўскае прадстаўніцтва фонду называецца «Криница», а ўзначальвае яе экс-начальнік упраўленьня асабістай аховы палітыка і цяпер яго памочнік у агульных пытаньнях.
У Беларусі фонд заснаваны з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў кастрычніку 2022 году. Паводле яго, гэтая арганізацыя павінна была замяніць зьліквідаваныя ў краіны грамадзкія ініцыятывы.
«Мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя ня будуць», — казаў Лукашэнка ў кастрычніку 2023-га, праз год пасьля стварэньня фонду.
Арганізацыя зарэгістраваная ў Маскве па адрасе, па якім знаходзіцца амбасада Беларусі — вуліца Марасейка, 17/6. Яе дырэктарам прызначылі Мікалая Леанідавіча Латышонка — поўнага цёзку вайскоўца і былога кіраўніка ўпраўленьня асабістай аховы Лукашэнкі, а цяпер — ягонага памочніка.
Беларускі-ўцякачкі ўзялі ўдзел у стварэньні спэктаклю пра ПВК «Вагнэр». Яго паказалі ў Нямеччыне
https://smarturl.click/zd6Jo
У Нямецкай опэры ў Бэрліне паказалі опэру Wagner Weltweit, аўтары якой паспрабавалі прааналізаваць уплыў гераічнага патасу нямецкага кампазытара Рыхарда Вагнэра на прыватную вайсковую кампанію Прыгожына.
«Чаму Вагнэра выкарыстоўваюць расейскія нэанацысты?», - задаўся пытаньнем рэжысэр і драматург Енс Дытрых.
Зьбіраць факты для будучага спэктаклю запрасілі беларускую журналістку Любоў Касьпяровіч (яе затрымлівалі ў траўні 2020 году), а таксама журналістку з Расеі Машу Барзунову. Яны зьбіралі матэрыялы з інфармацыйнай прасторы і аналізавалі, як ствараўся культ наймітаў у сацыяльных сетках, Telegram-каналах, прапагандысцкіх фільмах. Гэтыя матэрыялы сталі часткай сцэнаграфіі спэктаклю.
Беларуская сьпявачка, якая выступае пад сцэнічным псэўданімам Katsia Kaya, выконвае ў спэктаклі клясычныя арыі Вагнэра.
Cьмерць маці, «трывожныя» ўколы і допыт у лесе. Гутарка з былым палітвязьнем Дзьмітрыем Сушчыкам
https://smarturl.click/zd6JJ
Жыхар Наваградку Дзьмітры Сушчык адседзеў больш за два гады за «абразу Лукашэнкі» і «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». За гэты час у яго памерла маці, ад яго сышла жонка, ён страціў добрую працу.
Дзьмітры расказаў Свабодзе,
• як яго павезьлі на допыт у лес,
• як пры спробе выезду зь Беларусі яго затрымалі расейскія памежнікі і
• як у турме яму калолі ўколы, ад якіх станавілася вельмі страшна.
Ракета-носьбіт SpaceX Starship 36 выбухнула падчас выпрабаваньняў на стартавай пляцоўцы ў Тэхасе, – NASA
Касьмічны карабель праходзіў перадпалётную працэдуру – статычнае агнявое выпрабаваньне, і па заявах SpaceX, сутыкнуўся з «сур'ёзнай анамаліяй», што і прывяло да выбуху.
Пацярпелых няма.
Папярэдні, дзявяты тэставы палёт самай вялікай касьмічнай ракеты ў сьвеце таксама ня быў пасьпяховым. Прыкладна праз паўгадзіны пасьля запуску кантроль над другой ступеньню Starship быў страчаны.
Відэа NASASpaceflight
На менскай Камароўцы прымушаюць гандляроў зьніжаць цэны
Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю праверыла Камароўскі рынак у Менску, каб параўнаць цэны з тымі, што ў крамах.
Падчас маніторынгу правяральнікі знайшлі агуркі і памідоры за 40 руб/кг. У той час, як у крамах цана на агуркі ад 4,50 да 9 рублёў за кг, а на памідоры — ад 5 да 10 рублёў. Раней Белстат паведаміў, што агуркі і памідоры ў траўні патаньнелі на 30%.
Інспэктары выклікалі адміністрацыю рынку і прымусілі гандляроў зьнізіць цэны больш як на 40%. А скаргу на парушэньні накіравалі ў Менгарвыканкам.
https://smarturl.click/JnBak
У ноч на 19 чэрвеня расейскія войскі нанесьлі ўдар па некалькіх абласьцях Украіны. Зноў ёсьць ахвяры сярод цывільных, але Пуцін зноў зьняпраўдзіў, што Расея абстрэльвае мірнае насельніцтва.
«Удар быў не па жылых кварталах, а па аб’ектах абаронна-прамысловага комплексу, па заводах, якія вырабляюць вайсковую тэхніку. Мы гэтым і займаемся. Тут мы ня робім ніякага сакрэту. Адна з мэтаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі — гэта дэмілітарызацыя Ўкраіны», — заявіў расейскі прэзыдэнт на сустрэчы з кіраўнікамі замежных інфармацыйных агенцтваў у Санкт-Пецярбургу.
Новая Зэляндыя ўвяла дадатковыя санкцыі супраць Беларусі
Урад Новай Зэляндыі ўвёў увёў дадатковыя санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні зьнешнепалітычнага ведамства краіны, у сьпіс уключылі восем арганізацый і дзесяць фізычных асоб, у тым ліку паўночнакарэйскіх, іранскіх і беларускіх суб'ектаў, якія падтрымліваюць ваенныя дзеяньні Расеі, а таксама расейскіх субʼектаў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасьці бесьпілётнікаў і іншай зброі
У санкцыйны сьпіс уключаны два беларускія прадпрыемствы: Віцебскае ААТ «Завод Легмаш» і яго дырэктар Уладзіслаў Паўленка, а таксама менскае «КБ Бесьпілётныя верталёты» і яго стваральнік Уладзімір Чудакоў.
На фота: сьцяг Новай Зэляндыі, архіў
У Беларусі абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі праз узмацненьне ветру і навальніцы
Белгідрамэт папярэдзіў аб неспрыяльнай гідрамэтэаралягічнай зьяве, што адпавядае аранжаваму ўзроўню небясьпекі.
У прыватнасьці, 19 чэрвеня ў многіх раёнах краіны прагназуюць узмацненьне заходняга і паўночна-заходняга ветру парывамі да 15-20 м/с.
У сувязі з гэтым у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі папярэдзілі аб магчымых абрывах лініяў сувязі і электраперадачаў, парушэньні энэргазабесьпячэньня, адключэньні электрападстанцыяў, пашкоджаньні і падзеньні канструкцыяў і дрэваў.
Мэтэаролягі прагназуюць воблачнае надвор’е ў Беларусі, на большай частцы – кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпэратура паветра +17 +23°С.
Фота ілюстрацыйнае
/channel/radiosvaboda/77635
Беларусы, якія захочуць атрымаць украінскі пашпарт, ня змогуць захаваць грамадзянства Беларусі
«Некаторыя народныя дэпутаты былі супраць ухваленьня закону аб падвойным грамадзянстве, паколькі мяркуюць, што колішні грамадзяне Расеі і Беларусі, якія маюць грамадзянства іншай краіны, напрыклад, эўрапейскай, будуць спрабаваць атрымаць украінскі пашпарт. Аднак, наша Служба бясьпекі сумленна працуе», – сказаў народны дэпутат Украіны, намесьнік старшыні камітэту Вярхоўнай Рады Руслан Гарбенка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».
Паводле яго, інфармацыя пра такіх асобаў будзе пільна вывучацца і правярацца.
«Калі асоба ня будзе мець нічога супольнага з краінай-агрэсаркай, а будзе пражываць на тэрыторыі Ўкраіны неабходны час, здасьць іспыт па ўкраінскай мове, гісторыі Ўкраіны, на веданьне Канстытуцыі, будзе мець праўкраінскую пазыцыю, тады зможа атрымаць грамадзянства», – удакладніў ён.
«Такія асобы ня могуць афіцыйна адмовіцца ад грамадзянства Расеі і Беларусі, бо ня могуць вярнуцца ў свае краіны, аформіць неабходныя дакумэнты для спыненьня грамадзянства. Таму мы надаем такім асобам права декляратыўнай адмовы. Згодна з законам, дэклярацыя пра адмову ад замежнага грамадзянства – гэта дакумэнт, які пацьвярджае адмову замежніка ад грамадзянства іншай краіны, і які прызнае сябе толькі грамадзянінам Украіны. У такім выпадку асоба павінна падаць афіцыйны зварот у нашы органы ўлады», – дадаў Руслан Гарбенка.Читать полностью…
Галоўнае за 18 чэрвеня на Радыё Свабода ❤️
📌Cьмерць маці, «трывожныя» ўколы і допыт у лесе. Гутарка з былым палітвязьнем Дзьмітрыем Сушчыкам
📌Трамп заявіў, што параіў Пуціну заняцца Расеяй замест прапановаў урэгуляваць канфлікт на Блізкім Усходзе
📌5 гадоў таму арыштавалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Інфармацыі пра іх вобмаль
📌«Будзе парадачак». Беларусаў прымушаюць касіць траву на прыватных участках. Спыталі ў эколяга, ці ёсьць у гэтым сэнс
📌Ва Ўкраіне дазволілі мець падвойнае грамадзянства. Што ад закону можна чакаць беларусам
📌Беларускі-ўцякачкі ўзялі ўдзел у стварэньні спэктаклю пра ПВК «Вагнэр». Яго паказалі ў Нямеччыне
📌Пачалася працэдура банкруцтва аднаго з найвядомейшых беларускіх футбольных клюбаў — салігорскага «Шахтара»
Трамп пра ўдары ЗША па Іране: «Я магу гэта зрабіць, магу і не зрабіць»
Прэзыдэнт ЗША ня выключыў магчымасьці прамога канфлікту з Тэгеранам.
«Я магу гэта зрабіць, магу і не зрабіць. Ніхто ня ведае, што я зьбіраюся рабіць», — заявіў Дональд Трамп, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці нанясуць ЗША ўдар па іранскіх ядзерных аб’ектах.
Як перадае ABC News 18 чэрвеня з спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША, рашэньне аб удзеле ў апэрацыі можа быць прынятае на працягу двух дзён.
Ціханоўская ў Брусэлі падпісала мэмарандум пра супрацу дэмсілаў з кансультацыйным органам Эўразьвязу
Паводле галоўнага дарадцы беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, дакумэнт падпісалі Ціханоўская і прэзыдэнт EESC Олівэр Рэпцы.
У прыватнасці, EESC, офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада дамовіліся «праводзіць <…> мерапрыемствы па павышэньні абазнанасьці аб унутранай сытуацыі ў Беларусі што да парушэньня правоў чалавека, уключаючы палітычныя перасьлед, становішча палітвязьняў, задушэньне свабоды слова і сходаў, пазбаўленьне грамадзян выбарчых правоў».
Бакі таксама маюць намер «прасоўваць і падтрымліваць прадстаўнікоў беларускіх незалежных СМІ і журналістаў, падаючы плятформы для нагляднасьці, супрацы і нарошчваньня патэнцыялу; сумесна ладзіць мерапрыемствы па прасоўваньні беларускай спадчыны, культуры і мовы ў ЭЗ».
У Менску перапахавалі 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі ў раёне дачы кіраўніка НКУС БССР Цанавы
https://smarturl.click/p2ldG
У лесе менскага мікрараёну Сьцяпянка будуецца жылы комплекс «Утульны». Летам 2024 году там у раёне вуліцы Парніковая былі знойдзены астанкі расстраляных людзей.
Парэшткі былі перапахаваныя як ахвяры «генацыду беларускага народу», паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Менск-Навіны». У публікацыі прыводзяцца словы пракурора Менску Алега Лаўрухіна аб тым, што «не было ніякай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў гэтай мясцовасьці». Цырымонія адбылася 17 чэрвеня 2025 году на Чыжоўскіх могілках у Менску.
Выданьне «Люстэрка» зьвяртае ўвагу на тое, што жылы комплекс «Утульны» ўзводзіцца паблізу месца, дзе разьмяшчалася дача Лаўрэнція Цанавы, які ўзначальваў НКУС і органы дзяржаўнай бясьпекі БССР у 1938-1941 і 1943–1951 гадах. Там у 1948 годзе былі раздушаныя грузавіком знакаміты габрэйскі актор і рэжысэр Саламон Міхоэлс і тэатральны крытык Уладзімір Голубаў.
Шаўцоў заявіў, што санкцыі не паўплывалі на яго жыцьцё
Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў гаворыць, што ніколі не адпачываў у Эўропе і не перажывае праз уведзеныя абмежаваньні.
«На мяне гэта не паўплывала і не адлюстравалася. Я не пераймаюся, што не наведаю Эўропу. Я ніводнага разу не адпачываў у Эўропе. Адзін раз на каляды езьдзіў да сябра», — сказаў Дзьмітры Шаўцоў у інтэрвію прапагандыстцы Людміле Гладкай.
Дзьмітры Шаўцоў паведаміў, што ён знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Эўропы, Украіны, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. «Гэта ўвогуле сьмешна. Ну абвясьціў Кангрэс ЗША мяне неўязным. Ну і хай, не паеду. [...] Гэта ўвогуле сьмешна», — дадаў ён.
Дзьмітры Шаўцоў ачольвае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Яго абвінавачваюць у дачыненьні да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў.
Улетку 2023 году ён езьдзіў у вопратцы з нашыўкай «Z» на акупаваны Данбас і перадаў туды гуманітарную дапамогу. Перад гэтай паездкай у рэпартажы тэлеканалу «Беларусь-1» Шаўцоў прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
Акрамя падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны кіраўнік беларускага аддзяленьня Чырвонага Крыжа таксама заклікаў прадэманстраваць Захаду гатовасьць прымяніць ядзерную зброю.
Расейскага мільярдэра Самвэла Карапэцьяна абвінавацілі ў Армэніі ў закліках да захопу ўлады
Расейскі мільярдэр Самвэл Карапэцьян абвінавачаны ў Армэніі ў публічных закліках да захопу ўлады.
Сьледчы камітэт краіны накіраваў у суд хадайніцтва аб ягоным арышце. Пра гэта паведамляе Армянская служба Радыё Свабода з спасылкай на ягонага адваката Армэна Фэраяна.
Мільярдэр не прызнае віны. Сёньня яго затрымалі.
59-гадовы мільярдэр, ураджэнец Армэніі Самвэл Карапэцьян асноўны бізнэс вядзе ў Расеі. Учора ў інтэрвію News.am ён выступіў у абарону Армянскай апостальскай царквы, якую апошнім часам рэзка крытыкуе кіраўнік ураду Нікол Пашыньян.
За палову чэрвеня краіны Эўразьвязу спынілі больш спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, чым за ўвесь першы квартал
У чэрвені рэзка пабольшала спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы, чым за пэрыяд студзень — сакавік. Пра гэта сьведчыць праведзены навіновым агенцтвам «Позірк» аналіз даных памежных службаў суседніх дзяржаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз.
За 17 дзён чэрвеня Літва спыніла 67 такіх спробаў, Латвія — 998 (пасьля складаньня штодзённых даных; агульная колькасьць, якую прыводзіць памежнае ведамства, на некалькі дзясяткаў большая), Польшча — 3095 (з улікам прыблізных даных за мінулыя суткі). Агулам — 4160 спробаў.
За першы квартал гэтыя краіны прадухілілі 4068 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі (студзень — 431, люты — 686, сакавік — 2951). Колькасьць спробаў, якія спыніла ад пачатку чэрвеня Літва, большы чым у студзені (16; у 4,2 раза), але меншы, чым у лютым і сакавіку (83, -19,3%; 104, -35,6%). Колькасьць спробаў, прадухіленых за гэты час Латвіяй, у 3,1 раза большая, чым за першыя тры месяцы году агулам (студзень — 132, люты — 75, сакавік — 118; агулам — 325). Паказьнікі Польшчы за чэрвеньскія дні істотна большыя, чым за ўвесь студзень (283; у 10,9 раза), люты (528; у 5,9 раза), прыкметна вышэйшыя за сакавіцкія (2729; +13,4%).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. Тыя ж сваю датычнасьць адмаўляюць, абвінавачваючы Эўразьвяз у негуманным абыходжаньні зь мігрантамі. У той жа час улады суседніх дзяржаваў неаднаразова фіксавалі на фота і відэа, як беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам ламаць агароджу на мяжы.
Для ідэнтыфікацыі цел, перададзеных Расеяй, Украіне спатрэбіцца больш як год
Пра гэта паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка ў тэлемаратоне.
«Кожны пакет, які мы атрымліваем, можа зьмяшчаць ня толькі адно цела, а многія парэшткі, аднаго, двух ці трох чалавек. Падчас правядзеньня экспэртызы мы пачалі выяўляць [фрагмэнты] цела аднаго чалавека ў некалькіх пакетах або розных рэпатрыяцыях. Вораг спрабуе зрабіць усё, каб ускладніць нам працу і зацягнуць час», – распавёў Ігар Кліменка.
«[На прапрацоўку] шасьці тысяч [цел], паводле найбольш сьціплага папярэдняга меркаваньня нашых спэцыялістаў, спатрэбіцца прыкладна 13–14 месяцаў. Гэта мінімальны тэрмін, які нам спатрэбіцца для поўнай ідэнтыфікацыі», – сказаў кіраўнік МУС Украіны.
Хамэнэі адказаў Трампу
Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі ў адказ на заклік Дональда Трампа да безумоўнай капітуляцыі заявіў, што ягоная краіна ніколі яго ня прыме і што іранскі народ "ніколі ня здаецца". Ягоныя словы прыводзіць агенцтва Mehr News Agency.
Хамэнэі ў звароце да іранцаў, які зачыталі па ТВ, падкрэсьліў, што Тэгеран адкажа на любое ваеннае ўмяшаньне Вашынгтону ў канфлікт. У гэтым выпадку ЗША «панясуць непапраўны урон», сказаў Хамэнэі.