cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka.

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka.

Касатак, якія атакавалі судны на поўдні Гішпаніі, заўважылі ў новым месцы

Жывёл заўважылі амаль за 1300 км ад Гібральтарскай пратокі, дзе яны мусілі быць. Прычыны такіх паводзін адмыслоўцам невядомыя.

Ібэрыйская субпапуляцыя касатак налічвае каля 40 асобінаў. Усе яны жывуць ля берагоў Гішпаніі й Партугаліі. З 2020 году некаторыя кіты з гэтай групы пачалі актыўна нападаць на лодкі ў Гібральтарскай пратоцы. Апошні такі напад здарыўся летась 31 кастрычніка, а раней касаткі патапілі 3 судны.

10 красавіка трох кітоў з субпапуляцыі заўважылі каля яхты далёка на поўначы Гішпаніі. Хаця жывёлы не праяўлялі моцнай цікавасьці да судна, мясцовая прыродаахоўная група ўжо папярэдзіла аматараў марскога спачыну.

Цікава тое, што касаткі звычайна заходзяць так далёка на поўнач толькі ў канцы лета дзеля тунца, а дагэтуль знаходзяцца акурат у Гібральтарскай пратоцы. Адмыслоўцы пакуль ня могуць назваць прычыны такіх паводзін.

Читать полностью…

cybulinka.

Фізычная актыўнасьць зьніжае стрэс і рызыку праблем з сэрцам

Аўтары новага дасьледаваньня знайшлі доказы таго, што фізычная актыўнасьць зьніжае рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў часткова за кошт запавольваньня зьвязаных са стрэсам сыгналаў у мазґах.

Каб ацаніць мэханізмы, якія ляжаць у аснове станоўчага ўплыву фізычнай актыўнасьці, дасьледчая каманда прааналізавала мэдычныя зьвесткі 50 359 пацыентаў і пацыентак, а таксама зладзілі тэставаньне з маніторынгам мазґавой актыўнасьці для 774 чалавек.

Такім чынам аказалася, што за 10 гадоў назіраньня, сэрцава-судзінныя хваробы выявіліся ў 12,9% выбаркі. Аднак у людзей, якія прытрымліваліся рэкамэндацыяў адносна фізычнай актыўнасьці, рызыка разьвіцьця згаданых захворваньня была на 23% ніжэй, чымся ў тых, хто ігнараваў рэкамэндацыі.

Таксама ў фізычна актыўных людзей выявілі нізкую мазґавую актыўнасьць у зонах, зьвязаных са стрэсам. Прытым такі эфэкт адбываўся за кошт павелічэньня актыўнасьці прэфрантальнай кары, дзе адбываецца кантроль паводзінаў і эмоцыяў, плянаваньне вырашэньня й г.д.

Аўтары паведамілі, што найбольш выразна эфэкт ад фізычнай актыўнасьці праяўляўся ў людзей з дэпрэсіяй.

Читать полностью…

cybulinka.

NASA ня можа вярнуць на Зямлю ўзоры марсіянскай пароды

У панядзелак NASA зладзіла канфэрэнцыю, на якой паведаміла, што амбіцыйны праект Mars Sample Return прыпынены праз вялікія затраты й кароткія тэрміны. Пакуль усе сабраныя апаратам Perseverance пробаўкі застаюцца на Марсе, агенцтва шукае тых, хто прапануе таннае вяртаньне ўзораў за кароткі час.

Читать полностью…

cybulinka.

У адзеньні з масмаркетаў знайшлі неэтычную бавоўну

Расьсьледаваньне, распачатае больш за год таму брытанскай арґанізацыяй Earthsight паказала, што вытворчасьць адзеньня й хатніх тавараў зьвязанае з буйной вырубкай лясоў і захопам земляў у Бразыліі, а таксама з ґвалтам і карупцыяй.

Гэтым разам дасталася брэндам H&M і Zara. Журналісты знайшлі доказы таго, што бавоўна, якую закупаюць кампаніі для вытворчасьці, вырошчваецца ў штаце Баія, дзе адбываецца некантраляваная вырубка лясоў. Такая сытуацыя можа стаць прычынай выміраньня шматлікіх відаў жывёл, якія ўжо цяпер знаходзяцца ва ўразьлівым стане.

Прытым сьцьвярджаецца, што ў кампаніі-дастаўцы вырашчаную на былой тэрыторыі лясоў бавоўну пазначалі этычнай і экалягічнай.

Аўтары канстатуюць няздольнасьць сфэры моды самастойна кантраляваць і забясьпечваць законнасьць ланцугоў паставак бавоўны.

Цалкам пачытаць можна тут (анг.)

Читать полностью…

cybulinka.

Японскія навукоўцы вызначылі дзейны спосаб пазбавіцца гневу

Калі зьяўляецца жаданьне бразнуць дзьвярамі, з усяе моцы кінуць штосьці ў сьцяну, альбо проста папакрычаць у падушку, магчыма, больш дзейсным спосабам супакоіцца будзе напісаць свае пачуцьці на паперы, а потым парваць яе.

Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, калі зладзілі досьлед з удзелам 100 студэнтаў і студэнтак, якім прапанавалі напісаць сваё меркаваньне наконт некаторых сацыяльных пытаньняў. Маладых людзей папярэдзілі, што ўсе эсэ будуць ацэньвацца.

Але сапраўднага ацэньваньня работ не ладзілі: усім паставілі нізкі бал і дадалі зьедлівы камэнтар, кшталту, «цяжка паверыць, што адукаваны чалавек можа мець такое меркаваньне». Калі студэнтам і студэнткам аддалі работы, іх папрасілі апісаць усе свае пачуцьці на аркушы паперы.

Потым частка паддосьледных разарвала й выкінула аркушы з абурэньнямі, а астатнія закінулі ў празрыстую скрыню.

Паводле аўтараў, у першай групе гнеў пасьля такой дзеі амаль цалкам нэўтралізаваўся, а вось у групе празрыстай скрыні такога эфэкту не было.

Читать полностью…

cybulinka.

Замяняльнікі солі зьнізілі рызыку сьмерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў

Сэрцава-судзінныя захворваньні шчыльна зьвязаныя з высокім спажываньнем натрыю зь ежай, і яны зьяўляюцца асноўнай прычынай сьмерці людзей у розных краінах. Ня гледзячы на вялікую колькасьць рэкамэндацый і заклікаў да абмежаваньня колькасьці солі ў рацыёне, глябальны ўзровень спажываньня натрыю не зьніжаецца.

Зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок могуць замяняльнікі солі – прадукты з высокім утрыманьнем калію замест натрыю. Аўстралійскія навукоўцы зладзілі мэтааналіз 16 рандамізаваных кантраляваных дасьледаваньняў, дзе бралі ўдзел людзі, якія ўжывалі звычайную соль ці замяняльнікі ня менш за 6 месяцаў.

У выніку аўтары прыйшлі да высновы, што гатаваньне ежы з замяняльнікамі солі было зьвязанае з больш нізкай рызыкай сьмяротнасьці як ад сэрцава-судзінных захворваньняў, так і ад усіх прычын.

Читать полностью…

cybulinka.

Памер заедак паўплываў на колькасьць зьедзенага

Амэрыканскія навукоўцы прапанавалі 75 ахвотнікам завітваць раз на тыдзень у лябараторыю, каб пачаставацца салёнымі крэндзелямі. Есьці можна было без абмежаваньняў, але ўвесь працэс здымалі на відэа для далейшага ацэньваньня характару прыёму ежы.

Штораз ахвотнікам прапаноўвалі заедкі розных памераў. Так, на першым візыце частавалі маленькімі ( 0.5 г), а потым сярэднімі ( 1.5 г) і вялікімі ( 10 г).

У выніку навукоўцы пастанавілі, што колькасьць зьедзенага залежала ад памераў снэку. Калі людзям прапаноўвалі вялікія крэндзелі, то яны іх зьядалі на 22-31% больш, чым сярэдніх і маленькіх. Прытым ахвотнікі рабілі гэта вельмі хутка. А вось колькасьць спажытай солі была вышэйшай для крэндзеляў маленькіх памераў, бо там плошча большая.

Такім чынам, людзям на дыеце лепей зьвярнуць увагу на маленькія заедкі, а тым, хто сочыць за артэрыяльным ціскам – на вялікія (салёныя).

Читать полностью…

cybulinka.

Сакавік далучыўся да сьпісу самых сьпякотных месяцаў

Сёлетні сакавік, паводле службы кліматычных зьменаў Copernіcus, стаў 10-м запар месяцам, які пабіў тэмпэратурны рэкорд.

Так, сярэдняя тэмпэратура была на 0.1°С вышэй за папярэдні рэкорд і склала 14.14°. А вось у параўнаньні з даіндустрыяльным пэрыядам, агулам стала на 1.68°С цяплей.

Асноўнымі прычынамі такой сытуацыі адмыслоўцы называюць выкіды парніковых газаў і кліматычную зьяву Эль Ніньё.

Читать полностью…

cybulinka.

Вялікі аналіз дазволіў выявіць працоўны графік, які менш за ўсё адбіваецца на здароўі

Дасьледаваньне базуецца на зьвестках амэрыканскага праекту «доўгатэрміновага апытаньня моладзі», які стартаваў у 1979 годзе. Цягам гэтых гадоў усе ўдзельнікі й удзельніцы пэрыядычна прыходзілі на анкетаваньне праз якое зьбіраліся зьвесткі, зьвязаныя з псыхічным і фізычным здароўем, сацыяльным становішчам і працай. Агульная выбарка склала 7336 чалавек.

Аказалася, што найменшую шкоду здароўю наносіў звычайны офісны графік. Людзі, якія з маладосьці працавалі паводле такога пяцідзённага графіку ў старасьці мелі найменшую колькасьць скаргаў на здароўе.

Найбольшы нэгатыўны ўплыў у выглядзе дэпрэсыі й хранічных праблемаў са здароўем мелі людзі, якія заўсёды/ большую частку жыцьця працавалі зь нестабільным графікам.

Натуральна, прычыны такой карэляцыі высьветліць немагчыма, але ж вынікі цікавыя.

Читать полностью…

cybulinka.

Падборка захапляльных здымкаў дзікай прыроды з World Nature Photography Awards

Фатографам і фатографкам удаецца адлюстраваць прыгажосьць і жорсткасьць прыроды глыбока ў вадзе й высока ў паветры. Вось некаторыя фіналісты конкурсу:

🏆Галоўны прыз узяла фатографка Трэйсі Лунд з фантастычным здымкам олуш, якія гоняцца за рыбай.

2️⃣ Бронзу ў катэгорыі партрэтаў жывёл дасталася гэтаму трывожнаму здымку белагаловага сіпа Gyps fulvus. Гэта драпежная птушка і на галаве кроў здабычы. (Partha Roy)

3️⃣ Эпічная бітва двух нубійскіх горных казлоў Capra nubiana на фоне пустэльні ў Ізраілі. Золата ў катэгорыі «жывёлы ў натуральным асяродзьдзі». (Amit Eshel)

4️⃣ Асьляпляльны лебедзь у віры з вадзяных пырскаў. Бронза катэгорыі «паводзіны птушак» (Jouni Erola)

5️⃣ Смарагдавая аса з сямейства Chrysididae «дэманструе» свой зялёны экзашкілет. 3 месца ў катэгорыі «паводзіны бесхрыбетных» (Kevin Blackwell)

6️⃣ Аэрафотаздымак ісьляндзкага рэльефу стаў пераможцам у катэгорыі «мастацтва прыроды». Тут блакітныя покрыўка ледавіковай вады разам з жоўтымі адкладамі працінаюць вульканічны ляндшафт. (Miki Spitzer)

Читать полностью…

cybulinka.

Чайны грыб дапамог спаліць тлушчы

Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што мікробы са слабаалькагольнага напою камбучы (чайны грыб), могуць засяліць кішэчнік і зьмяніць там тлушчавы абмен. Такі эфэкт у досьледах прыводзіў да скарачэньня тлушчавых запаў у арганізьме праз павелічэньне сынтэзу адмысловых бялкоў і без парушэньняў мэтабалізму.

Выдатную карціну псуе той факт, што дасьледаваньне ладзілася на чарвяках. Аднак варта адзначыць, што раней штосьці падобнае назіралася ў мышэй, а рэдкія досьледы з удзелам людзей паказалі эфэктыўнасьць чайнага грыбу й багатай на вугляводы дыеты ў зьніжэньні ўзроўню глюкозы ў крыві.

Читать полностью…

cybulinka.

Нюх патрабуе ад мазґоў больш, чымся зрок і слых

Паводле папулярнай тэорыі, асноўная функцыя мазґоў – прадказаньне таго, што адбудзецца далей, таму яны рэагуюць у асноўным на нечаканыя падзеі (прадказальнае кадаваньне). Бальшыня дасьледаваньняў на гэтую тэму засяроджаныя толькі на тым, што мы бачым, але ніхто не ведае, ці працуюць такія прынцыпы адносна іншых органаў пачуцьцяў.

Каб высьветліць, якім чынам пах зьвязаны з тым, як нашыя мазґі апрацоўваюць разнастайныя сэнсорныя сыгналы, навукоўцы зладзілі шэраг досьледаў: два паводзінныя й адзін з дапамогай фМРТ. Напрыклад, людзям спачатку ўключалі гукавую падказку «яблык», а потым давалі паглядзець на выяву й адчуць пах, каб вызначыць, ці адпавядаюць яны падказкам.

Галоўная выснова, якую зрабілі аўтары, палягае ў тым, што нюх значна больш залежыць ад прадказаньняў. Так, калі мазґі спрабавалі ідэнтыфікаваць «нечаканыя» пахі, актывацыя адбывалася ня толькі ў зонах, адказных за нюх, але й за зрок, хаця візуальных стымулаў не было.

Читать полностью…

cybulinka.

Канюк Buteo buteo нечакана напаў на самку чорнага бусла ў гнязьдзе, але яна паказала неймаверную рэакцыю, і пазьбегнула ўдару па галаве. Падзея выглядае выпадковай, але выразна дэманструе эфэктыўны мэтад запужваньня суперніка ў чорных буслоў Ciconia nigra: раскудлачваньне апярэньня, апусканьне крылаў і нацэльваньне вострай дзюбы ў бок агрэсара. Таксама зьвярніце ўвагу, наколькі моцна адрозьніваюцца месцы гнездаваньня белых і чорных буслоў.

Відэа з суполкі BocianiMy

Читать полностью…

cybulinka.

Канадзкая выдра скрала амэрыканскага янота

Падчас вечаровага шпацыру мужчына раптам пачуў сапеньне з боку вадасьцёка, уключыў камэру й падышоў бліжэй. А там канадзкая выдра Lontra canadensis за карак цягнула амэрыканскага янота Procyon lotor наўпрост у вадасьцёк.

Пасьля публікацыі відэа, людзі пачалі высьветляць, што на ім адбылося. Імаверна, выдра спрабавала забіць і зьесьці янота. Хаця яны й харчуюцца звычайна рыбай, часам палююць на птушак, зайцаў і маладых баброў. Таксама ёсьць меркаваньне, што яна хацела згвалціць янота. На такі сцэнар паказвае тое, што трымае янота яна за карак.

Лёс жывёл застаўся невядомым.

Читать полностью…

cybulinka.

Канадзец трапіў у лякарню з поліорганнай нястачай пасьля ўкусу пацука

Мужчына заўважыў у прыбіральні пацука, якога паспрабаваў выгнаць з унітазу, аднак грызун пасьпеў укусіць мужчыну за пальцы. Адразу пасьля здарэньне канадзец скіраваўся ў лякарню, дзе яму зрабілі базавыя працэдуры й адпусьцілі.

Але праз 18 дзён 76-гадовы мужчына зноўку зьявіўся ў мэдычнай установе, толькі цяпер у яго была ліхаманка, галаўны боль і сэрца моцна калацілася. Потым аналіз крыві паказаў, што ныркі пацыента былі моцна пашкоджаныя, а таксама назіраліся прыкметы поліорганнай дысфункцыі й сэпсісу.

Прычынай такога стану стала бактэрыя Leptospira, якая правакуе разьвіцьцё найбольш распаўсюджанай у сьвеце заанознай інфэкцыі лептасьпірозу. У чалавека лячэньне адбываецца антыбіётыкамі цягам колькіх тыдняў. Паказьнік сьмяротнасьці для інфэкцыі складае ад 5 да 15%, а для цяжкіх выпадкаў – 50%.

Бактэрыя распаўсюджваецца пераважна з мачой інфікаваных жывёл, таму тут пытаньні, якім чынам лептасьпіра апынулася ў роце пацука, але ўсякае бывае. Таксама небясьпеку могуць уяўляць ня толькі пацукі, але й іншыя жывёлы (дзікія грызуны, сьвіньні, каровы, сабакі). Напрыклад, у Польшчы кагадзе знайшлі зьнясіленага бабра на сьметніку. Там адмыслоўцы выявілі лептасьпіроз і цяперака спрабуюць выратаваць жывёліну.

Читать полностью…

cybulinka.

Навукоўцы паказалі кіраваных кампутарам прусакоў-кібаргаў

Рой мадагаскарскіх прусакоў Gromphadorhіna portentosa можа рухацца ў заданым кірунку мінаючы перашкоды. Дасьледнікі кажуць, што такія зграйкі можна будзе выкарыстоўваць для хуткага пошуку людзей у складаных умовах.

Упершыню тэхналёгію паказалі яшчэ ў 2021 годзе, але толькі на адзіночных асобінах. Цяпер мэтад адаптавалі для каманднага кіраваньня.

Усе прусакі «носяць» адмысловыя «заплечнікі», якія маюць акумулятар, малюсенькі працэсар і антэны для сувязі з галоўным кампутарам. Сыгналы падаюцца кожнай асобіне праз імплянтаваныя электроды: калі ток падаецца на правы электрод, то прусак ідзе ў адпаведны бок.

Цяпер аўтары зрабілі так, што цэнтральны кампутар прызначае некаторых прусакоў лідэрамі, а астатнія арыентуюцца на іх. Гэта дазволіла сабраць «сетку» з 20 асобінаў.

Таксама адзначаецца, што кампутар толькі раздае каманды адносна накірунку, а вось рухі канцавінамі й здольнасьць пералазіць празь перашкоды сыходзяць ад прусака.

Тэхналёгію пасьпяхова выпрабавалі на крабах Cardіsoma Armatum, і дасьледнікі працуюць над тым, каб кібаргі-прусакі сынхронна працавалі з кібаргамі-крабамі.

Читать полностью…

cybulinka.

Чмялі могуць мець пэўную ўстойлівасьць да пэстыцыдаў

Дасьледнікі разьбілі калёнію чмялёў (Bombus ruderatus) на дзьве групы: адну пакінулі, а другую падверглі ўзьдзеяньню інсэктыцыдаў, фунгіцыдаў і пэстыцыдаў у розных канцэнтрацыях. Пасьля гэтага адсочвалі актыўнасьць і здольнасьць навучацца.

У выніку аніякіх нэгатыўных наступстваў нават вельмі высокіх доз хімікатаў не было заўважана. З чаго можна зрабіць выснову, што чмялі маюць пэўную ўстойлівасьць да атрутных рэчываў, і гэта можна выкарыстаць для распрацоўкі больш эфэктыўных сродкаў супраць шкодных вусякоў.

Аднак патрэбныя дадатковыя й больш грунтоўныя дасьледаваньні, каб сьцьвярджаць, што чмялям атрутныя рэчывы не наносяць шкоды.

Читать полностью…

cybulinka.

Забарона абортаў у ЗША справакавала рост стэрылізацый

Пасьля гучнай забароны абортаў, у Злучаных Штатах рэзка ўзрасла колькасьць працэдур сталай кантрацэпцыі сярод маладых людзей.

Аналіз паказаў, што хаця попыт на стэрылізацыю вырас для абодвух палоў, у выпадку жанчын рост стаў больш выразным і працяглым. Так, пасьля першапачатковага шоку, колькасьць мужчын, якія зрабілі вазэктамію вярнулася на ўзровень да 2022 году, а вось колькасьць стэрылізацый у жанчын працягвала расьці.

Прытым адзначаецца, што самі працэдуры стэрылізацыі для жанчын ёсьць больш складанымі, а часта й у 6 разоў даражэйшымі за мужчынскую вазэктамію.

Аўтары мяркуюць, што значная розьніца частаце працэдур, імаверна, адлюстроўвае той факт, што маладыя жанчыны ў бальшыні выпадкаў адказваюць за перадухіленьне цяжарнасьці й у значна большай ступені адчуваюць на сабе мэдычныя, эканамічныя й сацыяльныя наступствы забароны абортаў.

Читать полностью…

cybulinka.

Дайджэст 15

🧅Аляскінскую воспу перайменавалі. Пасьля першай сьмерці пацыента з аляскінскай воспай, у штаце пачалі хвалявацца, што гэта нэгатыўна адабʼецца на колькасьці турыстаў. Таму Джоўзэф Маклохлін – датычны да адкрыцьця вірусу эпідэміёляг – прапанаваў называць вірус барэальнай воспай. Такая назва не стыгматызуе штат і адпавядае назове экасыстэм, у якіх сустракаецца вірус.

🧅Самцы карлікавых шымпанзэ (баноба) аказаліся даволі агрэсыўнымі. Агулам карлікавых шымпанзэ даўно лічаць міралюбівымі прыматамі, аднак міжнародная каманда заолягаў пастанавіла, што гэта ня так. Паводле назіраньняў, самцы карлікавых шымпанзэ распачынаюць бойкі нават часьцей, чымся самцы звычайных шымпанзэ. Праўда, агрэсыя была не такой інтэнсыўнай і кааліцый баноба не фармавалі.

🧅Сіняе асьвятленьне робіць будынкі больш небясьпечнымі для птушак. Сутыкненьні птушак з будынкамі не зьяўляюцца чымсьці новым, аднак цяпер выявілася, што ў будынкі, асьветленыя сінім колерам птушкі трапляюць часьцей. Такі фактар не разглядаўся ў папярэдніх дасьледаваньнях, і ён можа мець большы ўплыў на віды птушак, якія мігруюць ноччу.

🧅Сувязяў з самагубствамі ня знойдзена. Скончылася 9-месячнае расьсьледаваньне сувязяў папулярнага прэпарату ад дыябэту й атлусьценьня з самагубствамі. Эўрапейскія органы аховы здароўя пастанавілі, што ўжываньне Ozempіc і іншых імітатараў GLP-1 не вядзе да зьяўленьня суіцыдальных думак.

🧅Прадказальны канабіс. Паводле аналізу зьвестак у Злучаных Штатах, легалізацыя канабісу ў мэдычных мэтах вяла да паступовага павелічэньня колькасьці выпісаных рэцэптаў, але разам з поўнай легалізацыяй наркотыка ў некаторых штатах рэцэптаў стала меней. Таксама паведамляецца, што найчасьцей наркотык выпісвалі для тэрапіі хранічнага болю, трывожнасьці й посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Читать полностью…

cybulinka.

Выдаткі вялікага росту й кароткай шыі

Ласі Alces alces звычайна харчуюцца лісьцем, карою і парасткамі дрэваў і кустоў, таксама не грэбуюць травою.

Калі трава прывабная, але невялікая, жывёлы могуць укленчыць, каб крыху пасіліцца, бо стоячы не дацягваюцца.

Читать полностью…

cybulinka.

У воку жанчыны знайшлі лічынку паразыта паўзуноў

Паводле лекараў, 28-гадовая жанчына ня мела аніякіх сымптомаў, апрача невялікага ўтварэньня ў кутку вока. Пры першым аглядзе высьветлілася, што новаўтварэньне рухаецца. Яго хутка выдалілі й даслалі на аналіз, які й паказаў, што гэта лічынка паразыта Armіllіfer grandіs. Пацыентка «прахадзіла» зь лічынкай (10мм) у воку каля 2 гадоў.

Звычайна паразыты роду Armіllіfer адкладаюць яйцы ў дыхальныя шляхі зьмей і пітонаў. Часам ад такой інфэкцыі церпяць і людзі, але гэта першы выпадак, зьвязаны з вокам.

Мяркуецца, што ў гэтым выпадку інфэкцыю пацыентка падчапіла зь мяса кракадзіла, бо яна прызналася лекарам, што часьцяком яго есьць. Цяперака з жанчынай усё добра.

Читать полностью…

cybulinka.

Некаторыя песьні прымушаюць нас сумаваць, і гэта нам падабаецца

Аўстралійскі навуковец Эмэры Шубэрт зладзіў шэраг невялікіх досьледаў, у якіх прыйшоў да цікавай высновы: нам могуць падабацца сумныя песьні праз тое, што мы можам наўпрост атрымліваць задавальненьне ад суму, у які яны нас апускаюць.

У першым досьледзе ўзялі ўдзел 50 чалавек, якім спачатку трэба было назваць улюбёны «сумны» музычны твор, а потым падзяліцца эмоцыямі ад праслухоўваньня. Яшчэ ім трэба было ўявіць, што ўвесь сум зь песьні вынялі.

У выніку большасьць людзей паведамілі, што пачалі б менш цаніць песьню «без суму», а ў анкетах 82% прызналіся, што атрымліваюць асалоду ад сумных песьняў.

Для другога досьледу запрасілі 53 чалавекі. Дызайн досьледу быў аналягічным, толькі трэба было назваць ужо ўлюбёную «жаласьлівую» песьню. Тут высьветлілася, што ад праслухоўваньня песьняў з такім настроем, людзі таксама адчуваюць сум.

Паводле меркаваньня аўтара, людзі могуць не надта моцна адрозьніваць «сум» і «жаласьлівасьць», а магчыма яны выкарыстоўваюць гэтыя словы ў якасьці сынонімаў. Імаверна, гэта й дазваляе адчуваць агульнае задавальненьне ад сумных песьняў.

Аднак некаторыя адмыслоўцы скептычна паставіліся да такіх вынікаў, і зьвяртаюць увагу на тое, што ўявіць сабе выдаленьне суму зь песьні можа быць вельмі складана. Да таго ж згаданыя пачуцьці сапраўды моцна зьвязаныя.

Читать полностью…

cybulinka.

Скальныя пацукі трапілі ў абʼектыў фотапасткі

Гэта самыя рэдкія аўстралійскія сысуны, якія знаходзяцца на мяжы поўнага зьнікненьня. Яшчэ да калянізацыі, такія грызуны мелі шырокі распаўсюд у цэнтральнай частцы Аўстраліі, але потым эўрапейцы завезьлі ліс і катоў, якія амаль цалкам вынішчылі папуляцыю пацукоў.

Паводле навукоўцаў, вялікая колькасьць дажджоў у цэнтральнай часты кантынэнту прывяла да хуткага росту травы, што магло станоўча паўплываць на колькасьць папуляцыі скальных пацукоў. Але аналягічны эфэкт мог здарыцца і адносна папуляцый ліс і адзічэлых свойскіх катоў.

Читать полностью…

cybulinka.

Грузавік у Арэгоне вёз малькоў ласося і перагарнуўся, але большая частка рыб выратавалася ў бліжэйшым ручаі

У вялікай цыстэрне везьлі 102 000 малькоў чавычы Oncorhynchus tshawytscha, каб выпусьціць іх у прыроду, аднак кіроўца ня даў рады на крутым павароце. У выніку 16-мэтровы грузавік перагарнуўся, а частка рыбы выпала з цыстэрны.

На шчасьце, здарэньне адбылося побач зь вялікім ручаём, куды трапіла каля 77 000 малькоў. Адмыслоўцы мяркуюць, што маладыя чавычы маюць усе шанцы дабрацца па рэках у Ціхі акіян.

Читать полностью…

cybulinka.

Альтэрнатывы плястыку часта павялічваюць выкіды парніковых газаў

Замена плястыка шклом, мэталям, паперай і іншымі альтэрнатывамі, імаверна, прывядзе да павелічэньня выкідаў парніковы газаў. Да такой несуцяшальнай высновы прыйшлі навукоўцы з Шэфілдзкага ўнівэрсытэту.

У дасьледаваньні разглядаліся плястыкі й іх замяняльнікі ў разнастайных сфэрах: упакоўка, будаўніцтва, лёгкая прамысловасьць і інш. Каб вызначыць уплыў на навакольле, аўтары скарысталіся адмысловым мэтадам ацэнкі жыцьцёвага цыклу (LCA). Ён дазваляе прааналізаваць уплыў прадукту ці працэсу на асяродзьдзе ад здабычы сыравіны да ўтылізацыі адходаў.

У выніку аказалася, што ў 15 з 16 разгледжаных галінах прымяненьне плястыкавых вырабаў было зьвязаная зь меншымі выкідамі парніковых газаў, чымся ў выпадку з плястыкавымі альтэрнатывамі. Агулам скарачэньне вагалася ад 10 да 90% цягам усяго жыцьцёвага цыклу вырабу.

Выглядае на тое, што найбольш «экалягічнай» стратэгіяй ёсьць павелічэньне тэрміну службы й перапрацоўваньне плястыка, а не пераход цалкам на альтэрнатывы.

Читать полностью…

cybulinka.

Дасьледчая каманда вынайшла 150 новых хімічных злучэньняў
Без дапамогі нэўрасетак.

Калекцыя новых малекулярных злучэньняў была створаная з дапамогай мэтадаў клік-хіміі. Ужо цяпер тэставаньне выявіла некалькі малекул, якія маюць пэрспэктывы стаць антыбіётыкамі й сродкамі супраць раку.

Клік-хімія дазваляе хутка злучаць малекулы, ствараючы новыя складаныя структуры. Такім чынам, літаральна за колькі дзён, як у дадзеным выпадку, можна зрабіць шмат разнастайных злучэньняў для наступнага вывучэньня.

Каманда скарысталася адносна новым мэтадам ASCC для сынтэзу рэчываў, а потым пратэставалі атрыманыя малекулы на ракавых клетках і ўстойлівых да антыбіётыкаў бактэрыях. Некаторыя з рэчываў будовамі былі падобныя на ўжо вядомыя супрацьракавыя прэпараты, аднак у досьледах яны паказалі прыкметы большай эфэктыўнасьці. Калі клічныя выпрабаваньні сьцьвердзяць такі эфэкт, то новыя злучэньні можна будзе выкарыстоўваць для хіміятэрапіі складаных тыпаў раку грудзей і падстраўнікавай залозы.

Читать полностью…

cybulinka.

SpaceX пачала рыхтавацца да 4 выпрабавальнага палёту Starship прагрэвам рухавікоў першай ступені, камэра з самай вялікай разрознасьцю ў 3200 Мп паедзе ў чылійскую абсэрваторыю ў Андах, каб вывучаць адтуль космас. А вось у дайджэсьце №14 тэмы больш прыземленыя.

🧅Неэтычны прыбытковы бізнэс хутка забароняць. Улады Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі абвесьцілі хуткую забарону львіных фэрмаў. Цяпер у краіне налічваецца каля 350 такіх бізнэсаў. Жывёл там гадуюць для замежных паляўнічых, якія прыяжджаюць і забіваюць жывёліну ў загоне. Косткі й скуру фэрмы прадаюць на патрэбы афрыканскай і кітайскай традыцыйнай мэдыцыны. Калі забарона набудзе моц, ва ўласьнікаў будзе 2 гады, каб згарнуць бізнэс, але што рабіць зь львамі – невядома. На фэрмах цяпер ад 9 да 12 тысяч жывёл, а ў прыродзе 3500. Абаронцы жывёл прапануюць выпусьціць усіх, але, хутчэй за ўсё, жывёл будзе чакаць масавая эўтаназія.

🧅Праца ў незвычайным становішчы не саступіла працы седзячы ў эфэктыўнасьці. Навукоўцы папрасілі ўдзельнікаў і ўдзельніц (44) выканаць разнастайныя заданьні на кампутары седзячы, стоячы, і падчас практыкаваньняў на стэперы ці бегавой дарожцы. У выніку кагнітыўныя тэсты не паказалі аніякай розьніцы, а вось хуткасьць набору тэксту была крыху горшай, калі людзі рухаліся. Аўтары мяркуюць, што офісныя працаўнікі маглі б сумяшчаць працу зь фізычнымі практыкаваньнямі для скарачэньня нэгатыўнага ўплыву «сядзячага ладу жыцьця».

🧅Пэрспэктыўная матрычная РНК. Тэхналёгія сынтэзу бялкоў, якая ляжыць у аснове найбольш пасьпяховых вакцын ад covid-19, паказала прыкметы эфэктыўнасьці лекаваньня людзей з рэдкім мэтабалічным захворваньнем. Выпрабаваньні з удзелам 16 дзяцей і маладых людзей зладзіла кампанія Moderna. Усе ўдзельнікі мелі мутацыю, якая не дазваляе арганізму расшчапляць некаторыя бялкі й тлушчы, у выніку чаго адбываецца назапашваньне небясьпечных таксынаў. Новая тэрапія матрычнай РНК, якая несла на сабе код для сынтэзу нармальных фэрмэнтаў, дазволіла для паловы ўдзельнікаў скараціць на 70% колькасьць небясьпечных мэдычных выпадкаў.

Читать полностью…

cybulinka.

У Славаччыне працягваюць лютаваць мядзьведзі, і пакуль невядома, што з гэтым рабіць

Апошнімі днямі стала вядома пра новыя кантакты зь мядзьведзямі ў Славаччыне. У першым выпадку мужчына зьбіраў грыбы ў лесе й выпадкова набрыў на мядзьведзя. Пасьля стрэлу з пнэўматычнай зброі, жывёліна ўцякла ў лес. Адмыслоўцы, якія прыехалі на месца здарэньня знайшлі мядзьведзя ў кустах і пастанавілі, што пагрозы ад яго не было.

Другі выпадак адбыўся з парай, якая выгульвала сабаку. Пабачыўшы мядзьведзя яны пасьпелі схавацца, аднак мужчына атрымаў невялікія пашкоджаньні.

Агулам напады пачаліся ў сярэдзіне сакавіка, калі спачатку беларуска загінула ратуючыся ад дзікай жывёліны, а потым у месьце Ліптаўскі Мікулаш буры мядзьведзь параніў пяць чалавек, у тым ліку адну 10-гадовую дзяўчынку.

Праз колькі дзён улады паведамілі, што мядзьведзя, які ўчыніў масавы напад застрэлілі. Аднак ці быў гэта той самы мядзьведзь – дакладна сказаць нельга.

Пашыраецца меркаваньне, што сэрыя нападаў зьяўляецца вынікам павелічэньня колькасьці папуляцыі бурых мядзьведзяў праз строгую забарону на паляваньне. Аднак паводле экспэртаў, колькасьць жывёл застаецца на ўзроўні 1275 асобінаў, таму адмяняць абараняльныя законы рана. Тым больш, можна выкарыстоўваць больш гуманныя мэтады для скарачэньня колькасьці нападаў (электрычны плот і падобнае).

Адмыслоўцы раяць не падыходзіць блізка да мядзьведзяў, не рабіць рэзкіх рухаў і павольна адыходзіць ад жывёлы не адводзячы вачэй. Калі мядзьведзь набліжаецца, можна моцна крычаць на яго, махаць рукамі й выкарыстаць сродкі самаабароны.

Читать полностью…

cybulinka.

Сабакі ў ложку пагоршылі якасьць сну, а каты – не

Дасьледаваньне, заснаванае на апытаньнях, паказала, што людзі, якія дазваляюць сабакам спаць побач, маюць менш якасны сон. Для катоў такога эфэкту не назіралася.

Дасьледнікі скарысталіся адмысловай анляйн-плятформай, каб апытаць 1591 чалавека. Пытаньні тычыліся наяўнасьці хатніх гадаванцаў, ступені прывязанасьці да іх, дзе яны звычайна сьпяць, узроўню стрэсу й характару сну гаспадароў.

Аналіз атрыманых зьвестак спачатку выявіў пагаршэньне сну ў групе тых, хто спаў з гадаванцам у вадным пакоі ці ў ложку, аднак потым аказалася, што гэта тычылася толькі гаспадароў сабак. Прытым такі нэгатыўны эфэкт не залежаў ад прывязанасьці да жывёлінкі. Таксама цікава, што 93% апытаных чалавек меркавалі, што наяўнасьць недзе побач гадаванца станоўча ці нэўтральна паўплывае на якасьць сну.

Читать полностью…

cybulinka.

Мужчына падчапіў рэдкую інфэкцыю пасьля нападу дзікіх малпаў

Мужчына ў Ганконґу заразіўся рэдкай і патэнцыйна сьмяротнай інфэкцыяй пасьля нападу дзікіх малпаў у парку. Гэта першы падобны выпадак у Ганконґу, а сам пацыент пакуль знаходзіцца ў інтэнсіўнай тэрапіі.

Прычынай інфэкцыі стаў ґерпэвірус B, які пераносяць дзікія малпы, прытым у іх ён часта аніяк не праяўляецца. Падчапіць вірус можна пры кантакце з выдзелінамі інфікаваных жывёл, альбо праз укус.

Вірус рэдка заражае людзей. Так, з моманту адкрыцьця ў 1932 годзе, заразілася толькі 50 чалавек, 21 зь якіх памёр праз інфэкцыю. Таксама вядомы толькі адзін выпадак перадачы вірусу ад чалавека.

Першыя сымптомы інфэкцыі падобныя на грып, але потым, калі ґерпэвірус трапляе ў нэрвовую сыстэму, зьяўляецца ікаўка й запаленьне галаўных і сьпінных мазґоў.

Читать полностью…
Subscribe to a channel