cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

"Зорнае неба" у галаве мужчыны аказалася праявай сухотаў

У адной з карэйскіх клінік мэдыкі зафіксавалі незвычайны выпадак сухотаў (тубэркулёзу), чым падзяліліся ў часопісе NEJM. 57-гадовы мужчына, які раней праходзіў лячэньне ад гэтай інфэкцыі, зьвярнуўся па дапамогу са скаргамі на галаўны боль, боль у шыі й паколваньні ў правай руцэ. Агульнае абсьледаваньне выявіла яшчэ й аслабленьне сілы хвату правай рукой.

Наступная МРТ-дыягностыка галавы паказала рэдкую карціну: дзясяткі маленькіх вузлоў былі раскіданыя па розных частках мазгоў. Гэта так званае "зорнае неба". У дадзеным выпадку яно ахоплівала мазгавыя паўкулі, ствол і верхні аддзел сьпінных мазгоў. Падобная карціна звычайна сьведчыць пра наяўнасьць паразытарнай інфэкцыі, але тут справа была ў іншым.

Мэдыкі прыйшлі да высновы, што гэта тубэркулёма цэнтральнай нэрвовай сыстэмы на фоне тубэркулёзу лёгкіх. Гэта значыць, што бактэрыі зь лёгкіх праз кроў трапілі ў мазгі пацыента, дзе выклікалі шматлікія асяродкі запаленьня. Звычайна ў падобных выпадках сымптомы больш суворыя, і назіраецца разьвіцьцё тубэркулёзнага мэнінгіту, але ў апісаным выпадку гэтага не было.

Мужчыну пачалі лячыць антытубэркулёзнымі й процізапаленчымі прэпаратамі, што дало плён: празь месяц ягоны стан палепшыўся, а яшчэ праз 18 месяцаў ад хваробы не засталося сьлядоў.

Апісаны выпадак нагадвае, што тубэркулёз можа праяўляцца ня толькі ў лёгкіх, але й у мазгах, выклікаючы пры гэтым складаныя сымптомы.

Читать полностью…

cybulinka

Хуткія рухі вачэй вызначаюць, што мы бачым, а што не

Чаму, калі хутка павярнуць камэру, на відэа зьявіцца размыты сьлед, а калі мы гэтак жа рэзка кінем позірк, то аніякай размытасьці ня будзе? Усё дзякуючы сакадам — кароткім, імгненным рухам вачэй, якія адбываюцца да трох разоў на сэкунду. Наовае дасьледаваньне, апублікаванае ў Nature Communications паказвае, што хуткасьць сакадаў вызначае мяжу, да якой мы яшчэ будзем бачыць абʼекты, якія рухаюцца. То бок, пры пэўнай хуткасьці рэальны абʼект можа стаць для назіральніка нябачным проста таму, што рухаецца гэтак жа, як і ягоныя вочы.

Дасьледнікі выявілі, што пры супадзеньні характарыстык руху абʼекта сакадаў, нашыя мазгі наўпрост выключаюць яго зь візуальнага ўспрыманьня. Гэта збольшага тлумачыць, чаму пры хуткай зьмене позірку мы ня бачым размытых карцінак.

Цікава таксама, што хуткасьць сакадаў — індывідуальная для кожнага. Таму людзі з больш хуткімі вочнымі рухамі могуць бачыць і больш хуткія абʼекты. Гэта становіцца перавагай, напрыклад, у спартовых гульнях і кібэрспорце.

Читать полностью…

cybulinka

Людзі, якія ад прыроды мала сьпяць, могуць мець пэўную генэтычную мутацыю

Ня ўсім людзям патрабуецца 8 гадзін сну, каб адчуваць сябе бадзёра. Новыя дасьледаваньні паказваюць, што такія адрозьненьні могуць быць зьвязаныя з асаблівай мутацыяй у гене, які кантралюе працягласьць і глыбіню сну.

Група навукоўцаў вывучыла ДНК здаровай 70-гадовай жанчыны, якая ўсё жыцьцё сьпіць у сярэднім крыху больш за 6 гадзін (хоць сама кажа, што ёй хапае трох). Яны выявілі ў яе мутацыю N783Y у гене SІK3*, і каб пераканацца, што менавіта яна ўплывае на працягласьць сну, стварылі мышэй з той жа мутацыяй. У выніку мышы пачалі спаць дзесьці на паўгадзіны менш.

Паводле аўтараў, гэтае адкрыцьцё можа дапамагчы лепш зразумець, як сон рэгулюецца на генэтычным узроўні, і адкрыць новыя шляхі для паляпшэньня якасьці сну ці лячэньня бяссоньніцы.

*Насамрэч згаданы ген ужо даўно западозрылі ў цесных сувязах са сном. Напрыклад, у 2016 годзе навукоўцы вывелі лінію мышэй, якія спалі ажно на 3.5 больш, чым звычайныя. Аднак там маніпуляцыі закраналі ня толькі SІK3, але й іншыя гены.

Читать полностью…

cybulinka

Усебаковы погляд на мазґі падчас чытаньня

Навукоўцы з Інстытуту Макса Плянка пастанавілі разабрацца, што адбываецца ў мазґах чалавека, калі ён чытае. Для гэтага яны прааналізавалі 163 папярэднія навуковыя працы, у якіх вывучаліся розныя тыпы чытаньня — ад асобных літар да цэлых тэкстаў — і тое, як на гэта рэагуюць мазґі. Атрыманыя дадзеныя дапамагаюць лепш зразумець, як ідзе апрацоўваньне пісьмовага маўленьня, і чаму чытаньне зьяўляецца такой складанай і важнай здольнасьцю.

Вынікі паказалі, што асноўная актыўнасьць пры чытаньні адбываецца ў левай палове мазґоў, асабліва ў тых зонах, якія зьвязаныя з мовай і зрокам. Напрыклад, пры чытаньні асобных літар актывуецца толькі адна невялікая частка зрокавай кары, але калі чалавек чытае цэлыя словы ці сказы — уключаюцца дадатковыя ўчасткі. Таксама навукоўцы заўважылі розьніцу паміж тым, калі чалавек чытае пра сябе й калі чытае ўголас: чытаньне ўголас актывуе зоны, зьвязаныя з рухам і гукамі, у той час як унутранае чытаньне больш задзейнічае ўнівэрсальныя “вылічальныя” мазґавыя вобласьці.

Агулам дасьледаваньне можа дапамагчы лепш зразумець, як мазґі апрацоўваюць мову, і што ідзе ня так у людзей зь цяжкасьцямі чытаньня — напрыклад, пры дысьлексіі. У будучыні гэтыя вынікі могуць стаць асновай для стварэньня новых мэтадаў дапамогі дзецям і дарослым, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.

Читать полностью…

cybulinka

Віртуальная рэальнасьць дапамагла мужчынам адчуць сябе абʼектамі вэрбальных дамаганьняў

Навуковы экспэрымэнт паказаў, што ў мужчын, якія ўвасобіліся ў жаночых аватараў у віртуальнай рэальнасьці, вэрбальныя дамаганьні выклікалі заўважна нэгатыўныя эмоцыі ў выглядзе гневу й агіды.

Дасьледаваньне ладзілася групай італьянскіх навукоўцаў з мэтай зразумець, як мужчыны адчуюць сябе ў сытуацыі кэтколінгу — формы вэрбальнага ґвалту, зьвязанага з ґендэрнымі стэрэатыпамі.

Агулам у досьледзе бралі ўдзел 36 маладых мужчын, якіх адправілі ў віртуальнае асяродзьдзе ў вобразе жаночага аватару. Там, на віртуальнай сцэне, мужчыны сутыкнуліся с тыповым кэтколінгам у свой бок ад некаторых "мужчынскіх аватараў". Эмацыйныя рэакцыі фіксаваліся з дапамогай шкалы ацэнкі пачуцьцяў.

Вынікі паказалі, што тыя, хто сутыкнуўся з вэрбальнымі дамаганьнямі адчулі зачна большы гнеў і агіду, чым мужчыны, які мелі нэўтральныя кантакты ў віртуальным асяродзьдзі.

Вядома, дасьледаваньне не паказавае, ці зьмянілася стаўленьне ўдзельнікаў да праблемы пасьля досьледаў, але аўтары мяркуюць, што падобныя перажываньні могуць стымуляваць асабістую рэфлексыю паводзінаў.

Читать полностью…

cybulinka

Совы маюць адметны спосаб харчаваньня — яны цалкам заглынаюць здабычу, а неператраўленыя часткі, такія як косьці, пёры ці панцыры, пазьней адрыгваюць у выглядзе шчыльных камякоў. І хоць у іхні рацыён уваходзяць дробныя грызуны, птушкі, амфібіі й нават некаторыя паўзуны, наступны выпадак стаў сапраўднай рэдкасьцю.

20 красавіка на камэру Wild Birds Unlimited Barred Owl Cam патрапіў цікавы момант: самец паўночнага пугача (Stix Varia) прынёс сваёй самцы ў гняздо маладую чарапаху. Самка крыху зьдзівілася незвычайнаму пачатсунку й ня стала прапаноўваць яго птушанятам. Праўда сама таксама зь ім не дала рады: пасьля колькіх спробаў глынуць здабычу, яна кінула яе.

Дасьледнікі адзначаюць, што за 12 гадоў назіраньняў гэта першы вядомы выпадак дастаўкі чарапахі ў савінае гняздо.

ВІДЭА ТУТ

Читать полностью…

cybulinka

Відавочныя сымптомы інсульту ў амэрыканкі зьвявіліся падчас мігрэні

У прыёмнае аддзяленьне амэрыканскага шпіталя паступіла 46-гадовая жанчына. Яна скардзілася на моцны пульсацыйны боль у галаве, які працягваўся каля трох гадзін. Адначасова з болем зьявілася млявасьць і здранцьвеньне ў правай далоні, што паступова распаўсюдзілася на ўсю руку. Раней у яе ўжо бывала мігрэнь зь візуальнай аўрай — гэта калі перад вачыма зьяўляюцца зіхатлівыя лініі ці іншыя візуальныя эфэкты перад пачаткам спохвату.

Пры аглядзе мэдыкі заўважылі, што сіла й адчувальнасьць у правай руцэ зьніжаныя. Яны западозрылі інсульт і накіравалі жанчыну на МРТ і дасьледаваньне судзінаў мазгоў. МРТ паказала, што ў левай паўкулі крыві цекла крыху менш, чым трэба, але прыкмет сапраўднага інсульту з пашкоджаньнем тканак не выявілі. Усе судзіны былі адкрытыя й ніякіх тромбаў не знайшлі.

У выніку лекары паставілі жанчыне дыягназ "гэміплегічная мігрэнь" — гэта рэдкая форма мігрэні, пры якой часова слабеюць цягліцы з аднаго боку цела. Таксама могуць узьнікаць праблемы са зрокам, адчуваньнямі й нават маўленьнем. Лічыцца, што такая мігрэнь узьнікае з-за часовага "затуханьня" актыўнасьці пэўных участкаў мазгоў, што спачатку прыводзіць да зьніжэньня крывябегу, а пасьля — да яго ўзмацненьня. Такая форма хваробы можа быць спадчыннай або ўзьнікаць выпадкова, як у апісаным выпадку.

Пасьля падтрымальнай тэрапіі боль у галаве прайшоў праз 45 хвілін, а слабасьць у руцэ зьнікла праз паўтары гадзіны. Жанчыну выпісалі з рэкамэндацыяй назірацца ў лекараў.

Читать полностью…

cybulinka

Вітаем, даражэнькія! 🤗
Мы - ініцыятыва BelRead - займаемся перакладамі замежнай літаратуры на беларускую мову, агучкай і пошукамі цікавага, звязанага з Беларуссю 📚✨

У сацсетках мы дзелімся цікавымі навінамі, даследуем і папулярызуем беларускую мову, расказваем пра беларускіх пісьменнікаў і перакладчыкаў 📖✨

Бясплатна пачытаць пераклады можна на Patreon
Сачыць за абвесткамі - у Instagram і Telegram

А нядаўна на нашым belread">Youtube выйшла 4 частка агучкі кнігі пра гісторыю Мінска стагадовай даўніны 🎉

Далучайцеся 💖

Читать полностью…

cybulinka

Штодзённае спажываньне грэцкіх арэхаў паменшыла запаленьне й рызыку рака тоўстай кішкі

Апублікаваныя вынікі клінічных выпрабаваньняў, якія паказалі, што штодзённае спадываньне грэцкіх арэхаў зьніжае ўзровень сыстэмнага запаленьня й памяншае рызыку разьвіцьця рака тоўскай кішкі.

Ключавым «актыўным рэчывам» у арэхах сталі элягітаніны — поліфэнолы, што пераўтвараюцца мікрабіёмам у кішэчніку ва ўралітыны. Менавіта ўралітын A можа пахваліцца моцным супрацьзапаленчым эфэктам і здольнасьцю падаўляць рост ракавых вузаў.

У выпрабаваньнях узялі ўдзел 39 чалавек у веку 40–65 гадоў з павышанай рызыкай раку тоўстай кішкі. Спачатку цягам тыдня яны цалкам выключылі з рацыёну прадукты, што ўтрымліваюць элягітаніны, каб зьнізіць зыходны ровень уралітынаў амаль да нуля. Потым на працягу трох тыдняў штодня елі порцыю грэцкіх арэхаў у межах кантраляванага харчаваньня. Да й пасьля гэтага ў ўдзельнікаў/удзельніц вымяралі маркеры запаленьня ў крыві, мачы й кале, а напрыканцы дасьледаваньня праводзілі калёнаскапію.

У тых, чый мікрабіём актыўней выпрацоўваў уралітын A, назіралася значнае зьніжэньне запаленчых бялкоў у крыві й памяншэньне небясьпечных бялкоў у тканках паліпаў у тоўстай кішцы. Асабліва прыкметны эфэкт быў у людзей з залішняй вагой. Такія вынікі падмацоўваюць меркаваньне, што простая звычка «жменька арэхаў штодня» можа стаць даступным сродкам для падтрымкі здароўя кішэчніка й прафіляктыкі раку.

Читать полностью…

cybulinka

Электронныя цыгарэты даганяюць звычайныя ў павышэньні рызыкі захворваньняў лёгкіх

Новы мэтааналіз, зладжаны міжнароднай камандай навукоўцаў, паказаў, што выкарыстаньне электронных цыгарэт на 44% павышае рызыку разьвіцьця хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх (ХАХЛ). Пры такім паталягічным стане ў пацыентаў часткова незваротна пагаршаецца дыхальная функцыя праз запаленьне тканак лёгкіх. Зьмены часта адбываюцца так павольна, што дыягназ выяўляецца на позьніх стадыях.

Аналіз агулам ахапіў каля 3.5 млн чалавек і 140 000 выпадкаў ХАХЛ, уключна з новымі зьвесткамі за 2020-2024 гады. Таксама ў аналізе аўтары аддавалі перавагу новым пакаленьням электронных цыгарэт.

Электронныя цыгарэты першапачаткова прасоўваліся як бясьпечная альтэрнатыва звычайным, прытым асаблівы фокус быў на маладую аўдыторыю. Аднак усё больш навуковых зьвестак сьведчаць пра наяўнасьць у электронных цыгарэт шкодных для сэрцава-судзіннай і дыхальный сыстэмы чалавека эфэктаў.

Аўтары мэтааналізу падкрэсьліваюць, што сучасныя мадэлі вэйпаў, нягледзячы на тэхналягічныя паляпшэньні, усё яшчэ зьвязаныя з рызыкай разьвіцьця сурёзных захворваньняў лёгкіх, як і звычайныя цыгарэты.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэта ў Бэрклі стварылі тэхналёгію, якая дазваляе людзям бачыць новы, раней недаступны чалавечаму зроку колер. Сваю распрацоўку, апублікаваную ў Science Advances, аўтары назвалі Oz, а новы колер — olo.

Звычайна мы бачым колеры дзякуючы тром тыпам фотаадчувальных вузаў у сеткавіцы вока (коўбачкам), якія ўспрымаюць сьвятло рознай даўжыні хваль (кароткія S, сярэднія M і доўгія L). Але некаторыя з гэтых рэцэптараў — асабліва тыя, што рэагуюць на сярэднюю даўжыню хвалі (M-коўбачкі) — перакрываюцца іншымі рэцэптарамі, таму некаторыя адценьні мы фізычна ня можам адрозьніць.

Каб абыйсьці гэтае абмежаваньне, дасьледнікі выкарыстоўвалі лазерныя мікрадазоўкі сьвятла, накіраваныя толькі на M-коўбачкі. Так яны змаглі "ўключыць" толькі адзін тып рэцэптараў, чаго не адбываецца ў прыродзе, і выклікаць у людзей "бачаньне" зусім новага насычанага сіне-зялёнага колеру, які нельга аднавіць звычайнымі мэтадамі.

Тэст зь пяцьцю ахвотнікамі пацьвердзіў, што гэты колер сапраўды не ўкладваецца ў звыклую каляровую гаму. Яго немагчыма цалкам аднавіць нават з дапамогай самых насычаных натуральных колераў.

Аўтары спадзяюцца, што прэзэнтаваная тэхналёгія будзе карысная ня толькі ў дасьледаваньнях зроку, але й для мэдыцыны. Напрыклад, для мадэляваньня страты зрокавых рэцэптараў пры захворваньнях сеткавцы або для дапамогі людзям з парушэньнямі каляровага зроку, у тым ліку дальтанізмам.

Читать полностью…

cybulinka

Рэгулярны прагляд мастацкіх твораў палепшыў псыхалягічны стан людзей

Навукоўцы зь Венскага ўнівэрсытэта й іншых эўрапейскіх устаноў прааналізавалі 38 дасьледаваньняў з удзелам 6805 чалавек, каб высьветліць, як прагляд твораў візуальнага мастацтва ўплывае на псыхічнае здароўе. Аказалася, што нават кароткае знаёмства з творамі можа значна паляпшаць самаадчуваньне, асабліва пры наяўнасьці рэгулярнасьці й рэфлексіі.

У дасьледаваньні ацэньваліся ня толькі агульныя эфэкты, але й тое, у якіх умовах мастацтва прыносіць найбольшую карысьць. Атрыманыя вынікі паказалі станоўчы ўплыў на адчуваньні сэнсу жыцьця, асабістага росту й узроўню самаразьвіцьця.

Прагляд мастацтва, як высьветлілася, спрыяе ня толькі паляпшэньню настрою, але й умацоўвае псыхалягічную ўстойлівасьць, падтрымлівае эмацыйнае аднаўленьне й садзейнічае глыбокай рэфлексіі. Пазытыўны эфэкт можа зьяўляцца як у музэях, так і дома, у лякарнях або анлайн. Эфэкты фіксаваліся як пасьля аднаразовых візытаў, так і ў выніку доўгатэрміновых праграм з удзелам у рэфлексіўных практыках — напрыклад, у вядзеньні дзёньнікаў або калектыўным абмеркаваньні пабачанага.

Дасьледнікі вылучылі пяць асноўных мэханізмаў, празь якія мастацтва ўплывае на псыхіку: эмацыйнае рэгуляваньне, кагнітыўная актывацыя (увага, памяць, навучаньне), сацыяльнае ўзаемадзеяньне, самаўсьведамленьне й аднаўленчы эфэкт. Асабліва карысным такі ўплыў можа быць для людзей у стрэсавай сытуацыі або з хранічнымі захворваньнямі.

На думку аўтараў, мастацтва можа стаць простым і даступным інструмэнтам падтрымкі псыхічнага здароўя — безь неабходнасьці адмысловага навучаньня або дарагой інфраструктуры. Яно ўжо прысутнічае ў публічных і прыватных прасторах, і гэты рэсурс можна выкарыстоўваць больш мэтанакіравана.

Читать полностью…

cybulinka

Антраполягі высунулі тэорыю пра тое, што чалавечая музычнасьць і мова маглі ўзьнікнуць ад пераходу да хаджэньня на дзьвух нагах (біпэдалізм).

Аўтары заўважаюць, што крокі людзей ствараюць рытмічныя й больш прадказальныя гукі рухаў, чым тое, што можна пачуць ад перасоўваньня нашых бліжэйшых сваякоў (шымпанзэ). Імаверна, гэта дазваляе нашым мазгам больш засяродзіцца на гуках навакольля падчас перасоўваньня, каб пачуць небясьпеку.

Яшчэ ва ўлоньні маці плод падвяргаецца ўплыву рытмічных корокаў жанчыны. Пагойдваньні ў такт (~120 крокаў за хвіліну) актывуюць слых, раўнавагу, і здольнасьць адчуваць свай становішча й рухі. А потым мы маем шмат папулярных гітоў з тэмпам 120 удараў за хвіліну.

Таксама аўтары мяркуюць, што дзіцячае лепятаньне ўзьнікла як замена фізычнаму кантакту з бацькамі. Калі людзі пачалі хадзіць прама, дзець страцілі магчымасьць чапляцца за поўсьць бацькоў, каб падтрымліваць цялесны кантакт. Таму разьвілася мілагучнае лепятаньне, якое маго стаць падмуркам для зьвяўленьня музыкі й мовы пазьней.

Читать полностью…

cybulinka

Фізыкі знайшлі спосаб эканомнага запарваньня кавы

Кава даражэе, а вырошчваць яе ўсё складаней празь зьмены клімату. Таму цяпер важна варыць яе як мага больш эфэктыўна. Дасьледнікі з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту пастанавілі разабрацца, як захаваць насычаны смак, але выкарыстоўваць менш зерня.

Яны сканцэнтраваліся на мэтадзе pour-over — калі гарачую ваду павольна заліваюць у меленую каву, насыпаную ў папяровы конус фільтру. Усё, што трэба ведаць: ліць павольна й з вышыні.

Чым даўжэй вада кантактуе з кавай у фільтры, тым больш экстрагуюцца кафэін і араматычныя рэчывы. Але калі ліць занадта павольна, кава “асядзе” на дно й экстракцыя пагоршыцца. Тут ідзе ў ход другі лайфхак — ліць з вышыні.

Паводле аўтараў, калі ўзьняць чайнік прыкладна на 50 см, вада падае з большай энэргіяй, і кававая гушча ўнутры пачынае круціцца, што паляпшае экстракцыю. Але калі заліваць занадта высока, струмень можа распадацца на кроплі, і эфэкт зьнікне. Да таго ж, ёсьць рызыка апарыцца.

Канчатковы вынік, вядома, залежыць ад зерня, ступені памолу, формы чайніка й іншых дробязяў. Але экспэрымэнты паказалі, што так можна скараціць расход кавы на 5–10% не страціўшы ў гусьце, бо канцэнтрацыя асноўных рэчываў у напоі застаецца ранейшай.

Читать полностью…

cybulinka

Біянжынэры "адрадзілі" страшэннага воўка, які вымер каля 13000 гадоў таму

Кампанія Colossal Biosciences нядаўна паказала мышэй з поўсьцю вымерлых мамантаў, а сёньня ўжо прэзэнтавала шчанюкоў вымерлага страшэннага воўка (Aenocyon dirus). Тэхналёгія засталася той жа: навукоўцы вынялі генэтычны код з парэшткаў, узростам ад 13 да 72 тысяч гадоў і адрэдагавалі генэтычны код звычайнага воўка так, каб ён адпавядаў старажытнаму коду. Гэта ўсё зьмясьцілі ў зародкавую вузу, якую імплянтавалі сурагатнай маці (сабака). У выніку нарадзіліся Ромул і Рэм (ім зараз 6 месяцаў) і Калісі (ёй толькі 2).

Ваўчаняты адрозьніваюцца ад звычайных сабак сваімі паводзінамі: яны зусім дзікія, і нікога апрача дазорцы да сябе не падпускаюць [хутка пасьля нараджэньня, ваўчанят давялося забраць у маці, бо тая надта моцна іх даглядала]. У іх цалкам адсутнічаюць прыкметы дамэстыкацыі.

Жывуць шчанюкі ў засакрэчаным месцы, харчуюцца цэльным мясам і кормам для сабак, каб падтрымліваць балянс пажыўных рэчываў. Самі жывёлы яшчэ не палююць.

⚠️ Для кантэксту:

Звычайны воўк зьяўляецца самым блізкім сваяком страшэннага воўка. Ягоны геном складаецца з 2,45 млрд пар асноваў. Мяркуючы па ўсім, ДНК вымерлага й сучаснага воўка адрозьніваюцца прыблізна на 0.5%, што складае 12 млн пар асноваў. У дадзеным выпадку навукоўцы ўнесьлі агулам 20 зьменаў ДНК. То бок, Ромул з Рэмам вельмі далёкія ад, так бы мовіць, арыгіналу.

Читать полностью…

cybulinka

Прэпараты ад ВІЧ і гепатыту B зьнізілі рызыку хваробы Альцгаймэра

Амэрыканскія навукоўцы выявілі, што некаторыя процівірусныя прэпараты, якія шырока выкарыстоўваюцца для лячэньня ВІЧ і гепатыту B, могуць істотна зьніжаць рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.

Дасьледаваньне ахапіла амаль 270 тыс чалавек у веку ад 50 гадоў, якія прымалі нуклеазыдныя інгібітары зваротнай транскрыптазы (НІЗТ) - кляса процівірусных прэпаратаў, якія запавольваюць рэплікацыю ВІЧ і іншых рэтравірусаў. Аказалася, што кожны дадатковы год прыёму такіх прэпаратаў суправаджаўся зьніжэньнем рыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра да 13%, у залежнасьці ад выбаркі і мэтадалёгіі.

Раней дасьледаваньні паказалі, што НІЗТ могуць блякаваць так званыя інфламасомы - малекулярныя мэханізмы, зьвязаныя з хранічным запаленьнем у мазгах, якое адыгрывае пэўную ролю ў прагрэсаваньні нэўрадэгенэратыўных захворваньняў. Такім чынам, новыя вынікі пацьвярджаюць такую гіпотэзу на вялікай выбарцы, але яшчэ патрэбныя рандамізаваныя клінічныя выпрабаваньні, каб канчаткова вызначыць эфэкт.

Читать полностью…

cybulinka

У Ірляндыі прэпараты для пахудзеньня скарацілі спажываньне людзьмі алькаголю

Новыя даныя, прэзэнтаваныя на Эўрапейскім кангрэсе па атлусьненьні (ECO 2025), паказваюць: людзі, што прымаюць прэпараты ліраглютыд або сэмаглютыд для пахудзеньня, у сярэднім скарачаюць спажываньне алькаголю амаль на дзьве траціны за чатыры месяцы.

У дасьледаваньні бралі ўдзел 262 дарослыя пацыенты з высокім індэксам масы цела, якія пачалі прымаць адзін з гэтых прэпаратаў. Сярод тых, хто рэгулярна спажываў/ла алькаголь (больш за 10 адзінак на тыдзень), сярэдняя колькасьць віпатага алькаголю скарацілася прыкладна на 68%.

Аўтары мяркуюць, што GLP-1 аналягі (група прэпаратаў, да якой належаць ліраглютыд і сэмаглютыд) ўплываюць на глыбінныя мазгавыя структуры, адказныя за цягу й узнагароджаньне, зьніжаючы імпульснае жаданьне піць. Паводле аўтараў, многія пацыенты/ткі адзначаюць, што зьмяншэньне цягі адбываецца «без намаганьняў».

Нягледзячы на абмежаваньні дасьледаваньня — самастойную ацэнку й адсутнасьць кантрольнай групы — вынікі адкрываюць магчымасьць вывучаць новыя спосабы лячэньня алькагольнай залежнасьці з дапамогай прэпаратаў, якія ўжо выкарыстоўваюцца для барацьбы з атлусьненьнем.

Читать полностью…

cybulinka

Веданьне рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра зьмяніла звычкі пацыентаў не ў лепшы бок

Хвароба Альцгаймэра зьяўляецца найбольш распаўсюджанай формай дэменцыі, і пакуль невядома, якім чынам яна разьвіваецца. Найбольш імавернай прычынай часта называюць назапашваньне бэта-амілоідных бляшак у мазґах. Прытым гэтае назапашваньне пачынаецца за дзесяцігодзьдзі да зьяўленьня першых сымптомаў, але выявіць пачатак патялягічнага працэсу дапамагае пазытронна-эмісыённая тамаграфія. Што праўда, ПЭТ не дае дакладных вынікаў, бо нават пры наяўнасьці амілоідных бляшак, хвароба Альцгаймэра можа не разьвіцца.

Цяпер ізраільскія й амэрыканскія навукоўцы зладзілі дасьледаваньне з удзелам 199 чалавек у веку ад 40 гадоў, каб вызначыць, як веданьне свайго статусу ПЭТ-сканаваньня адбіваецца на псыхічным і фізычным стане. Для гэтага ўдзелькам/удзельніцам перад сканаваньнем прапанавалі адказаць на шэраг пытаньняў адносна псыхічнага стану, задаволенасьці памяцьцю, ладу жыцьця й матывацыі яго падтрымліваць. Праз 6 месяцаў пасьля атрыманьня вынікаў ПЭТ-сканаваньня, апытанка паўтарылася.

Такім чынам аўтары выявілі, што людзі з адмоўнымі вынікамі сканаваньня (няма рызыкі ХА) адчулі заўважнае паляпшэньне свайго псыхічнага стану. Таксама людзі са станоўчымі вынікамі ня сталі больш трывожнымі ці прыгнечанымі, іхны псыхічны стан застаўся стабільным. Аднак у абодвух выпадках назіралася зьніжэньне матывацыі прытрымлівацца здаровых звычак. І гэта не вельмі добрая тэндэнцыя: каля 45% выпадкаў хваробы зьвязаныя менавіта з ладам чыцьця. То бок, зьмяніўшы свае звычкі можна калі не пазбавіцца, то адтэрмінаваць разьвіцьцё хваробы Альцгаймэра.

Читать полностью…

cybulinka

Стужкі сьветладыёдаў зьнізілі імавернасьць нападу акул на людзей

Вынікі новага міжнароднага дасьледаваньня паказалі, што сьветладыёдныя стужкі, усталяваныя на ніжнім баку спэцыльных падманак, могуць значна зьнізіць рызыку нападаў акул. Гэтыя LED-агні імітуюць натуральную стратэгію камуфляжу, якую выкарыстоўваюць многія марскія істоты, каб стаць нябачнымі для драпежнікаў, што глядзяць зьнізу.

Дасьледаваньне ладзілі ля ўзьбярэжжа Паўднёвай Афрыкі, дзе вялікія белыя акулы часта нападаюць на абʼекты, падобныя да цюленяў. Але калі падманкі мелі сьвятлодыёдныя палоскі на ніжнім боку, акулы значна радзей на іх нападалі. Найбольш эфэктыўнымі былі гарызантальныя палосы сьвятла, якія парушаюць сілуэт і перашкаджаюць акуле ўспрымаць абʼект як патэнцыяльную здабычу.

Дасьледнікі адзначаюць, што такая тэхналёгія ня шкодзіць асяродзьдзю й не пагражае акулам — яна проста зьбівае іх з панталыку. Хаця патрэбна дадатковая праверка, вынікі адкрываюць магчымасьць стварэньня бясьпечных сродкаў абароны для аматараў акіянаў.

Читать полностью…

cybulinka

Пазадарожнікі аказаліся больш небясьпечнымі ў горадзе

Пешаходы й раварысты, якія трапляюць у ДТЗ з пазадарожнікам альбо лёгкім грузавіком, маюць на 44% вышэйшы шанец загінуць, чым ў здарэньні зь легкавіком. Прытым для дзяцей рызыка яшчэ большая — 82%. Такія вынікі паказалі брытанскія дасьледнікі ў сваім аналізе больш за 680 000 выпадкаў ДТЗ за апошнія 35 гадоў.

Асноўнай прычынай назвалі больш высокую й тупую пярэднюю частку згаданых аўтамабіляў. Менявіта яна наносіць пры сутыкненьні небясьпечныя траўмы.

Аўтары бачаць выйсьце ў тым, каб абмежаваць выкарыстаньне вялікі аўто ў горадзе.

Читать полностью…

cybulinka

Біятэхналягічны стартап распрацаваў новы спосаб мужчынcкай кантрацэпцыі. Наперадзе другая фаза клінічных выпрабаваньняў

Амэрыканская біятэхналягічная кампанія Contraline паведаміла пра важны прагрэс у распрацоўцы новага спосабу мужчынскай кантрацэпцыі. У іх клінічным выпрабаваньні тэхналёгіі ADAM, удзельнікі дасягнулі галоўнага выніку: праз два гады пасьля імплянтацыі гідрагеля ў семявыводныя пратокі ў іх не выяўляліся спэрматазоідаў у эякуляце.

ADAM — гэта водарастваральны, біясумяшчальны гідрагель, які перашкаджае транспарту спэрматазоідаў, прапаноўваючы доўгатэрміновую й зваротную альтэрнатыву прэзэрватывам і вазэктоміі. Зараз у клінічным дасьледаваньні адзначаюцца добрыя вынікі бясьпекі й адсутнасьць цяжкіх пабочак.

Кампанія таксама атрымала дазвол на пачатак другой фазы выпрабаваньняў у Аўстраліі, якія стартуюць неўзабаве.

Читать полностью…

cybulinka

Яшчэ адна навуковая сэнсацыя, якая абяцае разьбіць нашыя кулінарныя ілюзіі: новае дасьледаваньне італьянскіх навукоўцаў зьвязвае рэгулярнае спажываньне курыцы з павышанай рызыкай раку стрававальнай сыстэмы й нават раньняй сьмерцю. Так, менавіта курыцы — той самай, якая лічыцца здаровай альтэрнатывай "канцэрагенным" стэйкам і каўбасам з чырвонага мяса.

Дасьледаваньне ахапіла амаль 5 тысяч чалавек і працягвалася 20 гадоў. Па выніках, тыя, хто еў больш за 300 грамаў птушкі ў тыдзень, мелі на 27% вышэйшую рызыку памерці ад раку страўніка, кішэчніка ці іншых гастраэнтэралягічных жахаў у параўнаньні з тымі, хто абмяжоўваўся сотняй грамаў.

Але дасьледаваньне мае свае хібы. Напрыклад, фізычная актыўнасьць удзельнікаў/удзельніц — не ўлічвалася зусім. Таксама не вядома, ці елі яны курыцу ў выглядзе варанаші філе ці, скажам, тры разы на тыдзень замаўлялі курыныя крылцы з KFC. Да ўсяго харчовыя звычкі ўдзельнікаў вывучаліся не праз кантраляваныя дыеты ці аналізы, а праз анкеты. Хто не любіць з раніцы ўзгадаць, што ты еў тры тыдні таму? Ці два гады таму.

Таму максымум, што паказала гэтае дасьледаваньне — сувязь, але не прычыну. Ці то справа ў самой курыцы, ці ў соўсах, смажаньні, альбо проста ў тым, што аматары курынага мяса жывуць менш актыўна й маюць іншыя праблемы са здароўем — сказаць пакуль нельга. І філе зь лядоўні вкідаць пакуль ня трэба.

Читать полностью…

cybulinka

Ін'екцыя золата палепшыла зрок мышам

Амэрыканскія навукоўцы распрацавалі новы мэтад лячэньня ўзроставага пагаршэньня зроку з дапамогай наначасьцінак золата. Выправабаньні на мышах паказалі, што залаты пыл у вачах можа часткова аднавіць зрок.

Мэтад наступны: нананчасьцінкі золата пакрываюцца антыцеламі, а потым уводзяцца наўпрост у вока, дзе яны трапляюць на сеткавіцу. Наступным крокам гэтыя наначасьцінкі актывуюцца інфрачырвоным лазэрам, у выніку чаго яны пачынаюць выконваць ролю фотарэцэптараў. Вядома, самі наначасьцінкі золата ня могуць успрымаць візуальную інфармацыю, але яны могуць награвацца ў інфрачырвоным сьвятле, ствараючы пры гэтым лякальнае электрамагнітнае поле. Менавіта яно пачынае ўплываць на фотарэцэптарныя вузы так, быццам на іх падае сьвятло.

Што тычыцца мышэй з парушэньнямі зроку, то ў іх наначасьцінкі не выклікалі аніякіх таксычных эфэктаў і працягвалі функцыянаваць некалькі месяцаў. І хаця гэта толькі пілётнае дасьледаваньне, яно ўжо зараз выглядае пэрспэктыўна, бо існыя мэтады лячэньня дэгенэрацыі зроку ўключаюць апэрыцыі альбо ўсталёўку імплянтаў.

Читать полностью…

cybulinka

У заходняй Афрыцы дзікіх шымпанзэ заўважылі за сумесным спажываньнем падброджаных пладоў дрэва Treculia africana.

Агулам шымпанзэ часьцяком ядуць вялікія плады T. africana, якія паляжалі некалькі дзён на зямлі. За гэты час у іх назапашваецца ад 0.01% да 0.6% алькаголю. А банкеты могуць працягвацца не адзін дзень. Цікава, што ў 10 з 70 назіраных выпадкаў прыматы дазвалялі суродзічам есьці той жа плод, хаця побач былі іншыя.

Навукоўцы мяркуюць, што звычка дзяліцца падброджанымі фруктамі можа быць вельмі старажытнай і зьвязанай з паводзінамі агульнага продка чалавека й іншых прыматаў. Магчыма, гэта нават пачатак нашай традыцыі сумесных застольляў.

⚠️ у шымпанзэ вэрсыя алькагольдэгідрагеназы (фэрмэнт, які разьбівае малекулу этаноля) не такая эфэктыўная, як у людзей. Таму для ап'яненьня ім трэба не так шмат.

Читать полностью…

cybulinka

А яшчэ сёньня гэтаму каналу споўнілася ажно 8 гадоў.

Спадзяюся, рэшткаў маёй матывацыі хопіць яшчэ прынамсі на год.

Дзякуй.

Читать полностью…

cybulinka

Маратон перад сном можа быць ня лепшай ідэяй

Хуткая прабежка ці інтэнсіўная трэнаваньне перад сном падаюцца добрым спосабам уціснуць трошкі здаровага ладу жыцьця ў напружаны графік. Але новае буйное дасьледаваньне паказвае: такія заняткі могуць крыху пагоршыць якасьць начнога адпачынку — хаця й ня ўсе вечаровыя практыкаваньні маюць нэгатыўны эфэкт.

Каманда навукоўцаў з Monash University і іншых устаноў прааналізавала даныя амаль 15 тысяч чалавек, сабраныя за год з дапамогай біясэнсараў. У выніку яны выявілі, што інтэнсіўныя фізычныя нагрузкі менш чым за 4 гадзіны да адпачынку зьвязаныя зь некаторамі прыкметамі пагаршэньня сну: людзі засыналі даўжэй, спалі карацей, а таксама мелі больш высокі пульс і меншую варыябельнасьць сэрцавых скарачэньняў уначы. Апошняе часта лічыцца паказьнікамі нагрузкі на арганізм.

Аўтары падкрэсьліваюць, што найбольшы эфэкт назіраўся менавіта пасьля трэніровак з высокай кардыянагрузкай (футбол, забегі), якія выклікаюць працяглае павышэньне пульса, тэмпэратуры цела й нэрвовай узбуджанасьці. Пры гэтым лёгкія фізычныя нагрузкі, такія як шпацыр ці павольнае плаваньне, значна менш уплываюць на сон.

Хаця папярэднія дасьледаваньні давалі супярэчлівыя вынікі, гэтае — адно з самых маштабных і дакладных. Яно ахапіла мільёны начэй і ўлічвала шмат дадатковых фактараў: век, фізычную форму, сэзон і нават якасьць адпачынку напярэдадні.

Читать полностью…

cybulinka

Кампутарную тамаграфію прыраўналі да спажываньня алькаголю ў падвышэньні рызыкі рака

Амэрыканскія дасьледнікі падлічылі, што каля 5% штогадовых выпадкаў анкалягічных захворваньняў могуць быць зьвязаныя з кампутарнай тамаграфіяй (КТ). Гэта параўнальна з такімі рызыкамі, як спажываньне калькаголю (5.4%) і атлусьценьне (7.6%).

КТ актыўна выкарыстозваецца ў мэдыцыне для дакладнай дыягностыкі, але праз тое, што гэта фактычна рэнтген на стэроідах, пацыенты атрымліваюць пэўную дозу апраменьваньня. Напрыклад, да 2 мілізывэртаў (мЗв) пры сканаваньні галавы й да 6 мЗв для сканаваньня поласьці жывата (доза ад звычайнай флюараграфіі — 0.05 мЗв).

Дасьледчая каманда прааналізавала 93 млн КТ-сканаваньня, зладжаных ў 2022 годзе, каб разьлічыць дозу апраменьваньня для 18 органаў і ацаніць рызыку анкалягічных захворваньняў, выкарыстоўваюцы дадзеныя выжылых пасьля ядзерных бамбардыровак Японіі.

У выніку навукоўцы прыйшлі да высновы, што КТ магло справакаваць каля 103 000 выпадкаў раку цягам жыцьцьця пацыентаў з выбаркі. Найбольш рызыкоўнай зонай для дарослых аказаўся жывот,а для дзяцей — галава.

Вядома, гэта не нагода адмаўляцца ад такога эфэктыўнага дыягнастычнага сродку, але аўтары заклікаюць ставіцца да кампутарнай тамаграфіі з большай адказнасьцю, і празначаць/рабіць яе толькі па неабходнасьці.

Читать полностью…

cybulinka

Штогод у сьвеце прадаецца каля 437 млн тон плястыку, і толькі 9% ад гэтай колькасьці трапляе ў перапрацоўку. Яшчэ 34% спальваюць і 40% адпраўляюцца на сьмецьцевыя палігоны.

Каманда кітайскіх навукоўцаў адсачыла шляхі плястыку ад вытворчасьці да ўтылізацыі ў 2022 годзе. Для гэтага яна скарысталася зьвесткамі з нацыянальных справаздач, а таксама базай даных UN Comtrade, дзе маецца асноўная інфармацыя пра вытворчасьць шасьці асноўных відаў плястыку (поліэтылен, поліпрапілен, ПВХ, ПЭТ, полістырол і поліўрэтан). Потым аўтарамі была распрацаваная мадэль для разьліку гандлёвых плыняў.

Паводле ацэнак, у 2022 годзе перапрацаваць удалося толькі 38 млн тон плястыку. Гэтая лічба ўжо каторы год застаецца праблізна на адным узроўні, што сьведчыць пра праблемы ў перапрацоўцы й выкарыстаньні "другаснага" плястыку. А вось спальваць пачалі больш.

Читать полностью…

cybulinka

Актыўны ці пасыўны? Характар дотыку важны для мышынага талямуса

Мышы, як і іншыя жывёлы, выкарыстоўваюць свае вусы, каб адчуваць навакольны сьвет. Яны могуць самі дакранацца да прадметаў, рухаючы вусамі — гэта называецца актыўны дотык. А могуць адчуваць, калі нешта дакранаецца да іх — гэта пасыўны дотык.

Каб зразумець, як мазгі адрозьніваюць гэтыя два тыпы дотыку, нямецкія навукоўцы паназіралі за мышамі, якія альбо самі дасьледавалі прадметы, альбо атрымлівалі паветраныя пыхі па вусах для імітацыі пасыўнага дотыку. Дасьледнікі пры гэтым вымяралі мазгавую актыўнасьць, асабліва ў талямусе, які апрацоўвае сэнсарныя сыгналы (апроч нюху).

Аказалася, што розныя часткі талямуса рэагуюць па-рознаму: адна частка адказвала на абодва тыпы дотыкаў але іншая — задні мэдыяльны таламус — актывізаваўся галоўным чынам пры пасыўным дотыку, асабліва калі той адбываўся нечакана. Гэта можа сьведчыць, што мазгі ўспрымаюць такія сытуацыі як важныя ці патэнцыйна небясьпечныя.

Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што мазгі ня проста "адчуваюць" дотык, а аналізуюць, хто яго ініцыяваў. Ад гэтага залежыць рэакцыя жывёлы: ці працягваць вывучаць абʼект, ці рыхтавацца да ўцёкаў.

Читать полностью…

cybulinka

Здабыча літыю пагражае водным рэсурсам у Андах

У літыевым трыкутніку — высокагорным плято ў Андах, дзе знаходзіцца больш за палову сусьветных запасаў літыю, — ужо цяпер амаль няма прэснай вады. У 27 з 28 мясцовых вадазбораў гадавы прыток вады складае менш за 33 мілімэтры. Гэта стварае сурʼёзную пагрозу для мясцовых экалягічных сыстэм і супольнасьцяў, асабліва на фоне росту здабычы лужнага мэталу.

Літый — ключавы элемэнт для акумулятараў электрамабіляў і іншых прыладаў. Попыт на яго хутка расьце, і ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі можа вырасьці ў 40 разоў. Найбольш актыўная здабыча адбываецца акурат у згаданым сухім горным рэгіёне на мяжы Балівіі, Аргентыны й Чылі, дзе клімат вельмі непрадказальны, а ападкаў мала.

Літый здабываюць з салёных азёр двума асноўнымі спосабамі: праз выпарваньне або хэмічнае вылучэньне. Абодва патрабуюць вялікіх абʼёмаў прэснай вады — каб прамываць канцэнтрат, напаўняць сажалкі, фільтраваць і г.д. Аднак вады там і так амаль няма: у некаторых месцах выпадае толькі 20 мм ападкаў за год.

Каманда навукоўцаў з Масачусэцкага ўнівэрсытэту дасьледавала, колькі вады ў гэтым рэгіёне даступна зараз. Яны стварылі новую мадэль, якая дакладней улічвае мясцовыя асаблівасьці. У выніку высьветлілася, што даступна толькі 9–16 % ад усіх ападкаў, а ў 27 з 28 вадазбораў вады крытычна не хапае. Гэта значна горш, чым раней лічылася на падставе стандартных мадэляў.

Навукоўцы падкрэсьліваюць: нават без дадатковай здабычы літыю рэгіён ужо сутыкаецца з сурʼёзным дэфіцытам прэснай вады. Таму трэба выкарыстоўваць больш дакладныя мадэлі для маніторынгу сытуацыі й аховы прыроды.

Читать полностью…
Subscribe to a channel