cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Браўні з рыбіным тлушчом? 8 балаў з 10, паводле штучнага інтэлекту

Тэставаньне смаку прадуктаў можа быць марудным і дарагім працэсам: патрабуецца шмат людзей — дэгустатараў і звычайных спажыўцоў — і шмат часу. Таму харчовы тэхноляг Дамір Торыко пастанавіў уцягнуць у справу вялікую моўную мадэль GPT-3.5.

Ён сабраў 15 рэцэптаў браўні: сярод іх былі «стандартныя», «аналягічныя» (дзе інгрэдыенты замяняліся на падобныя) і «дзіўнаватыя» — выдуманыя варыянты з экзатычнымі складнікамі. Потым ён папрасіў GPT-3.5 выступіць у ролі прафэсійнага дэгустатара й ацаніць кожны рэцэпт. Нэўрасетка мусіла спрагназаваць сэнсарныя характарыстыкі будучага дэсерту й паставіць агульную ацэнку па шкале ад 0 да 10.

У выніку ўсе варыянты атрымалі станоўчыя водгукі й высокія балы. Нават браўні з рыбіным тлушчом і чарвячнай мукой атрымалі каля 8 з 10. На падставе гэтага Торыко зрабіў выснову, што нэўрасетка пакуль не разумее, як інгрэдыенты спалучаюцца на смак, і таму працы дэгустатараў яна не заменіць.

Дарэчы, гэты няўмольны аптымізм у ацэнках навуковец патлумачыў тым, што GPT-3.5 вучылася на тэкстах з інтэрнэту, а рэцэпты там амаль заўсёды апісваюцца з энтузіязмам і перабольшанай станоўчасьцю.

Читать полностью…

cybulinka

Коні падманулі генэтыку дзеля эвалюцыйных пераваг

Генэтыкі з Унівэрсытэтаў Джонса Гопкінса й Вандэрбільта выявілі ў коней унікальную генэтычную мутацыю, якая дазваляе ім больш эфэктыўна выкарыстоўваць кісларод і выпрацоўваць энэргію. Гэтае адкрыцьцё, апублікаванае ў Science, можа растлумачыць выдатныя фізычныя здольнасьці гэтых жывёл, а таксама адкрыць новыя пэрспэктывы для мэдыцыны.

Коні — адны з самых выносьлівых сысуноў. Іхнія мускулы могуць спажываць больш за 360 літраў кіслароду за хвіліну, што ўдвая перавышае паказьнікі лепшых чалавечых атлетаў. Доўгі час навукоўцы шукалі генэтычныя прычыны такой трываласьці, але знаходзілі толькі мутацыі, зьвязаныя са структурай цягліц і формай капытоў.

Новае дасьледаваньне засяродзілася на генэ KEAP1, які ўдзельнічае ў рэгуляцыі антыаксыдантнай абароны й выпрацоўцы энэргіі ў вузах. Дзіўна, але ў ДНК коней, аслоў і зебраў гэты ген утрымлівае стоп-кодон — «генэтычны знак прыпынку», які звычайна перарывае сынтэз бялку. У нармальных умовах гэта азначала б, што важны бялок KEAP1 наогул не павінен сынтэзавацца, але ў вузых коней ён усё ж прысутнічае.

Аналіз з дапамогай мас-спэктрамэтрыі паказаў, што конскі арганізм неяк ігнаруе гэты знак «стоп» і замяняе яго на амінакіслату цыстэін . Такая зьява — калі генэтычная праграма «пераскоквае» забарону на сынтэз бялку — практычна не сустракаецца ў хрыбетных. Аднак у коней яна стала эвалюцыйнай перавагай, што спрыяе іхняй здольнасьці да працяглых нагрузак.

Аўтары таксама выявілі, што гэтая мутацыя прысутнічае ва ўсіх сучасных прадстаўнікоў роду Equus (Коні), а значыць, узьнікла даволі даўно й адыграла важную ролю ў эвалюцыі гэтых жывёл.

Цікава, што ў чалавека каля 10% генэтычных захворваньняў зьвязаныя менавіта з заўчаснымі стоп-кодонамі. Цяпер дасьледнікі спадзяюцца, што разуменьне гэтага рэдкага мэханізму дапаможа распрацаваць новыя мэтады лячэньня людзей.

Читать полностью…

cybulinka

Некаторыя дрэвы ня проста перажываюць удары маланак, але й атрымліваюць зь іх карысьць. Навукоўцы высьветлілі, што трапічнае дрэва Dipteryx oleifera з Панамы ўстойлівае да электрашоку й, магчыма, нават эвалюцыянавала так, каб прыцягваць маланкі.

Пасьля ўдару яно губляе да 78% паразітычных ліян, а таксама «пазбаўляецца» ад суседніх дрэў — у сярэднім гіне 9 канкурэнтаў. Гэта дае дрэву больш сьвятла й пажыўных рэчываў, павялічваючы ягоныя шанцы на выжываньне й размнажэньне.

Больш за тое, D. oleifera часьцей становіцца мішэньню маланак — на 68% часьцей, чым іншыя дрэвы, але пры гэтым у 14 разоў больш эфэктыўна дае патомства. Дасьледнікі мяркуюць, што гэтае дрэва магло разьвіць натуральны мэханізм прыцягненьня маланак, што робіць яго своеасаблівым маланкаадводам у прыродзе.

Читать полностью…

cybulinka

Птушаняты калібры-якабінаў маскуюцца пад атрутных вусеняў

Дасьледнікі высьветлілі, што птушаняты калібры-якабіна Florisuga mellivora карыстаюцца дзіўным мэханізмам абароны: адразу пасьля вылупленьня, яны нагадваюць атрутных вусеняў. Калі побач з гняздом нешта ёсьць, птушаняты пачынаюць праяўляць незвычайную актыўнасьць: замест таго, каб прасіць ежу, яны падымаюць галаву й гойдаюцца з боку на бок. Да ўсяго доўгі пушок птушанят робіць іх падчас такіх "танцаў" яшчэ больш падобнымі на вусеняў, якіх пазьбягаюць нават драпежнікі.

Раней выказваліся гіпотэзы, што дзіўны выгляд птушанят зьвязаны з тэрмарэгуляцыяй або маскіроўкай пад матэрыял гнязда, але ніводная зь іх не тлумачыла характэрнае пагойдваньне галавой. У выніку дасьледнікі прыйшлі да высновы, што гэта прыклад бэйтсаўскай мімікрыі, калі бясшкодны від імітуе небясьпечны. Такая зьява надзвычай рэдка сустракаецца ў птушак.

Адкрыцьцё дапаўняе сьпіс дзіўных адаптацый калібры-якабінаў, сярод якіх раней была знойдзена ўнікальная асаблівасьць: 20% самак гэтага віду маюць афарбоўку, характэрную для самцоў, што дапамагае ім атрымліваць доступ да рэсурсаў.

Читать полностью…

cybulinka

Гнёзды лысак сталі шматразовымі дзякуючы плястыкаваму сьмецьцю

Лыскі — невялікія вадзяныя птушкі — заўсёды былі майстрамі хуткага будаўніцтва: іхнія гнёзды з галінак, травы й водарасьцяў служылі толькі адзін сэзон. Але цяпер ўсё інакш, прынамсі ў Амстэрдаме, бо там у справу пайшоў плястык. За апошнія 30 гадоў вялікая колькасьць плястыкавага сьмецьця прымусіла лысак пачаць выкарыстоўваць яго для пабудовы сваіх гнёздаў. Можа й не самая эстэтычная замена, але вельмі функцыянальная. Хаатычна нагрувашчаныя каляровыя кавалкі плястыку, пакеты й абгорткі больш нагадваюць арт-інсталяцыю, чым гняздо, затое спраўна выконвае свае функцыі не адзін год.

Дасьледнікі ў Амстэрдаме некаторы час таму пачалі разьбіраць пакінутыя гнёзды, каб даведацца больш пра іхнюю гісторыю пабудовы. Напрыклад, лёгка вызначыць узрост гнязда, калі там шмат мэдычных масак, якія масава пачалі выкарыстоўваць людзі падчас пандэміі covid-19. Але такія яскравыя сымбалі пэрыяду, натуральна, ёсьць не заўсёды.

Таму дасьледчая каманда шукае абгорткі прадуктаў, на якіх захаваўся тэрмін прыдатнасьці. Гэта дазваляе вызначыць час пабудовы, а значыць, і колькі птушкі карыстался гняздом. Вядома, такі спосаб можа быць недакладным, бо праз тое, што плястык захоўваецца вельмі доўга, часткі абгортак могуць трапляць у нядаўнія слаі гнязда. Напрыклад, навукоўцы знайшлі абгортку чыпсаў з 1970-х гадоў у новых слаях гнязда. Але калі некалькі пакункаў з падобнымі тэрмінамі прыдатнасьці знаходзяцца на адным ўзроўні, то можна ўпэўнена казаць пра ўзрост гнязда.

Аўтары дасьледаваньня таксама паведамілі, што ў глыбіні аднаго гнязда ім удалося знайсьці некалькі абгортак з 1990-х гадоў, адна зь якіх была ад батончыка Mars з рэклямай чампіянату сьвету па футболе 1994 году. Яна была ў амаль ідэальным стане.

Читать полностью…

cybulinka

Мэтааналіз не выявіў уплыву мэнструацый на кагнітыўныя здольнасьці жанчын

Міжнародная каманда дасьледнікаў прааналізавала вынікі больш за 100 публикацый і не знайшла доказаў таго, што мэнструальны цыкл адбіваецца на разумовых здольнасьцях жанчын.

Шмат гадоў існавалі міты пра тое, што падчас мэнструацыі жанчыны губляюць частку інтэлектуальных здольнасьцяў. Аднак навуковыя дасьледаваньні давалі супярэчлівыя вынікі. Каб разабрацца ў пытаньні, навукоўцы зладзілі мэтааналіз 102 дасьледаваньняў, у якіх бралі ўдзел амаль 4 000 жанчын.

Удзельніцам прапаноўвалі кагнітыўныя тэсты на розных этапах цыклу, але аналіз не выявіў ніякіх зьменаў у разумовых здольнасьцях жанчын. Аўтары прызнаюць, што параўнаньне вынікаў ускладнялася невялікімі выбаркамі й рознымі мэтадамі вызначэньня фаз цыклу, аднак нават з улікам гэтых фактараў ніякіх заканамернасьцяў знойдзена не было.

Гэтыя высновы дапамогуць разбурыць стэрэатыпы й пазбавіць жанчын неабходнасьці даказваць, што іхнія здольнасьці не залежаць ад фізыялягічных працэсаў.

Читать полностью…

cybulinka

Кепскі сон зрабіў людзей схільнымі да кансьпіралягічныга мысьленьня

Навукоўцы з Нотынгемскага ўнівэрсытэтe высьветлілі, што недахоп сну павышае схільнасьць верыць у тэорыі змовы. У дасьледаваньні, апублікаваным у Journal of Health Psychology, удзельнічалі больш за 1100 чалавек. Аказалася, што людзі, якія дрэнна сьпяць па розных прычынах, лягчэй прымаюць кансьпіралягічныя тлумачэньні падзей, асабліва калі сутыкаюцца з такім кантэнтам.

У адным з досьледаў 540 удзельнікаў/удзельніц спачатку ацэньвалі якасьць уласнага сну, а затым чыталі тэкст пра пажар у саборы Парыскай Божай Маці — альбо з кансьпіралягічнай вэрсіяй, альбо з афіцыйным тлумачэньнем. Тыя, хто дрэнна спаў, часьцей верылі ў кансьпіралёгію. Другі экспэрымэнт з 575 удзельнікамі/удзельніцамі паказаў, што сувязь паміж сном і кансьпіралягічным мысьленьнем праяўляецца праз дэпрэсію: недахоп сну пагаршае настрой, што робіць людзей больш успрымальнымі да тэорый змовы.

Дасьледнікі адзначаюць, што пакуль ня могуць сьцьвярджаць, што менавіта кепскі сон выклікае кансьпіралягічнае мысьленьне, але сувязь паміж імі відавочная. Добрая навіна ў тым, што якасьць сну можна хутка палепшыць — у адрозьненьне ад палітычных перакананьняў або асобасных рысаў.

Читать полностью…

cybulinka

Аўстраліец са штучным сэрцам пабіў рэкорд выжывальнасьці

Сыднэйскія лекары ў лістападзе мінулага году ўсталявалі штучнае сэрца BiVACOR мужчыне, які пакутаваў на цяжкую сэрцавую нястачу. Пацыент у выніку стаў першым чалавекам, якому ўдалося пажыць з імплянтам больш за 100 дзён. Цяпер мужчына аднаўляецца пасьля перасадкі донарскага сэрца, якую яму зрабілі ў пачатку сакавіка.

Імплянт BiVACOR [выглядае даволі стымпанкава] цалкам замяняе функцыі натуральнага сэрца й ёсьць часовай мерай да перасадкі донарскага воргана. Раней яго ўжо ставілі іншым людзям, але толькі на кароткі час, таму іх нават не выпісвалі зь лякарні.

Створаны аўстралійскім біяінжынэрам Дэніелам Тымсам імплянт сілкуецца ад акумулятара, магутнасьці якога хапае на 4 гадзіны працы, але распрацоўнікі плянуюць павялічыць час працы й перайсьці на бяздротавую зарадку. Калі гэта атрымаецца, прылада можа стаць паўнавартаснай альтэрнатывай трансплянтацыі сэрца.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы не знайшлі ў віне проціракавага патэнцыялу

Працяглы час меркавалася, што чырвонае віно мае пэўныя перавагі для здароўя, напрыклад, зьніжае рызыку разьвіцьця анкалягчных захворваньняў. Падставай для такога меркаваньня сталі лябараторныя досьледы, якія выявілі ў вінаградзе рэчыва рэсвэратрол, якое пасьпяхова "забівала" ракавыя вузы ў прабірцы. Гэтага антыаксыданту было болей у вінаграднай скурцы, таму чырвонае віно, для вытворчасьці якога пакідаць вінаград зь ёй, мела больш высокія канцэнтрацыі, чымся белае.

Цяпер аналіз 42 навуковых публікацый з агульнай выбаркай амаль 3 млн чалавек пакaзаў, што спажываньне віна не спрыяе зьніжэньню рызыкі анкалягічных захворваньняў. У тых, хто аддаваў перавагу чырвонаму віну, каэфіцыент рызыкі быў 0.98, а ў аматараў белага — 1.00. Але ў жанчын выявіліся больш істотныя адрозьненьні: белае віно павысіла рызыку захворваньняў на 26%, а для чырвонага такога эфэкту не было.

Аўтары робяць высновы, што хоць рэсьвератрол і можа мець нейкі патэнцыял адносна зьнішчэньня ракавых вузаў, ягонай колькасьці ў віне недастаткова. Таксама свае карэктывы можа ўносіць і канцэраґен этаноль, які таксама ўсёць у віне.

Читать полностью…

cybulinka

Сьметанковае масла павялічыла рызыку заўчаснай сьмерці

Навукоўцы з Гарвардзкай мэдыцынскай школы зладзілі маштабнае дасьледаваньне й высьветлілі, што тып спажыванага тлушчу можа ўплываць на працягласьць жыцьця. Яны прааналізавалі даныя больш чым 220 тысяч чалавек, назіраючы за іхным рацыёнам і станам здароўя цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Выявілася, што высокая доля сьметанковага масла ў рацыёне зьвязаная з павышаным рызыкай заўчаснай сьмерці, тады як расьлінныя алеі, наадварот, зьніжаюць гэтую рызыку.

За час дасьледаваньня памерлі больш за 50 тысяч удзельнікаў і ўдзельніц, у тым ліку каля 12 тысяч — ад раку й прыкладна столькі ж — ад сэрцава-судзінных захворваньняў. Статыстычны аналіз паказаў, што людзі, якія спажывалі больш масла, мелі на 15% большую рызыку сьмерці ў параўнаньні з тымі, хто еў яго менш. А тыя, хто часьцей ужываў расьлінныя алеі, мелі на 16% меншшую рызыку.

Найбольш выразны эфэкт быў адзначаны для рапсавага, аліўкавага й соевага алеяў. Акрамя таго, дасьледнікі падлічылі, што замена ўсяго 10 грамаў сьметанковага масла ў дзень на эквівалентную колькасьць расьліннага можа зьнізіць агульныя рызыкі сьмяротнасьці на 17%, у тым ліку імавернасьць сьмерці ад раку.

Читать полностью…

cybulinka

Татуіроўкі павысілі рызыку разьвіцьця некаторых анкалягічных захворваньняў

Ніколі такога не было, і во на табе

Дацкія й фінскія дасьледнікі вывучылі паказьнікі здароўя амаль 6000 пар блізьнюкоў, дзе ў аднаго абавязкова была татуіроўка. Такім чынам выявілася, што людзі з малюнкамі на скуры мелі больш шанцаў сутыкнуцца з ракам скуры й лімфомай. Усё праз тое, што пігмэнты з часам пераходзяць ў лімфавузлы.

Імаверна, рызыка разьвіцьця захворваньняў не была зьвязаная з колерам пігмэнтаў, але была залежнасьць ад памеру малюнка: найбольшая рызыка была для тых, у каго малбнак памерам большы за далонь.

Читать полностью…

cybulinka

Кампанія, якая плянуе адрадзіць мамантаў, паказала мышэй з поўсьцю вымерлай жывёлы

Генна-мадыфікаваныя мышы былі прэзэнтаваныя Colossal Biosciences. Гэта пробны крок да адраджэньня маманта.

Хоць звычайныя мышы й так маюць поўсьць, іхняя ДНК была адрэдагаваная так, каб узнавіць менавіта тыя характарыстыкі, якія дапамагалі мамантам адаптавацца да холаду: густую, доўгую й кучаравую поўсьць.

Навукоўцы выкарысталі генэтычныя даныя дзясяткаў вымерлых мамантаў і параўналі іх з ДНК сланоў, каб вызначыць гены, адказныя за поўсьць. Затым яны ўнесьлі гэтыя ж зьмены ў мышэй, адключыўшы некаторыя гены, што рэгулююць рост валасоў. У выніку ў мышэй вырасла поўсьць утрая даўжэйшая за звычайную, а ейная структура стала падобнай да мамантавай.

Гэты экспэрымэнт служыць выпрабаваньнем перад рэдагаваньнем геному азіяцкіх сланоў, якія стануць «проксі-мамантамі» — не дакладнымі копіямі вымерлага віду, а яго блізкімі аналагамі. Colossal плянуе стварыць такога слана да 2028 году, вырасьціўшы эмбрыён у штучнай матцы.

Читать полностью…

cybulinka

Шыланосы (Monodon monoceros) выглядаюць як аднарог, які сапраўды існуе. Звычайна ў самцоў гэтага віду адзін верхні зуб пачынае хутка расьці й закручвацца ў сьпіраль, у выніку чаго й фармуецца той знакаміты рог. І хаця шыланосы даволі сацыяльныя жывёлы, назіраць за імі ў дзікай прыродзе даволі скаладана, таму дагэтуль пра дакладнае прызначэньне рога вядома мала. Раней меркавалася, што ён адыгрывае сваю ролю падчас шлюбнага пэрыяду, але новыя даныя паказваюць, што ёсьць і іншыя функцыі.

З дапамогай дронаў навукоўцам удалося вызначыць ажно 17 розных патэрнаў паводзін, у якіх задзейнічаны рог. Напрыклад, шыланосы актыўна ім карысталіся падчас паляваньня на рыбу, для вывучэньня асяродзьдзя й у гульнях. Прытым былі выпадкі, калі шыланосы кралі ежу ў суродзчаў, выкарыстоўваючы свой рог.

Аўтары кажуць, што ўсе гэтыя маніпуляцыі выконваліся жывёламі зь вялікай дакладнасьцю.

Читать полностью…

cybulinka

Вывяржэньне Вэзувіё ператварыла мазґі маладога рымляніна ў шкло

Амаль 2000 гадоў таму адбылося вывяржэньне Вэзувіё, якое перагрэтым воблакам попелу й пылу зьнішчыла рымскія гарады Гэркулянум і Пампэі. Умовы падчас гэтай падзеі былі такімі, што мазґі 20-гадовага мужчыны проста ператварыліся ў шкло, якое кагадзе знайшлі дасьледнікі.

Знаходка ўпершыню была апісаная яшчэ ў 2020 годзе, але дагэтуль было незразумела, што стала прычынаю сьпяканьня мазґоў у арганічнае шкло.

Аўтары адзначаюць, што тэмпэратура піраклястычных струменяў (сумесь гарачых газаў, попелу й горных парод, якія рушацца зь велізарнай хуткасьцю) не пакідае мяккім тканкам аніводнага шанцу. Але ў дадзеным выпадку адбылося кароткае, хуткае награваньне да 510С, а потым такое ж хуткае ахаладжэньне. Яшчэ сваю ролю адыграла й палажэньне цела ахвяры.

Такая ўнікальная сытуацыя дазволіла добра захавацца нэўронам, аксонам і іншым нэрвовым структурам, якія выявіліся з дапамогай эклектроннай мікраскапіі

Читать полностью…

cybulinka

Сабакі Індыі аддалі перавагу жоўтаму колеру

Колеравы зрок сабак адрозьніваецца ад людзкога. Напрыклад, з чырвоным, жоўтым і зялёным яны адчуваюць значныя складанасьці. І хаця ўжо было зладжана шмат дасьледаваньняў успрыманьня сабакамі колераў, мы дагэтуль мала ведаем пра тое, якім колерам яны аддаюць перавагу.

Каб дадаць гэтаму крыху болей разуменьня, каманда навукоўцаў зь Індыі на чале з Аніндытай Бхадрай зладзіла невялікае выпрабаваньне з ўдзелам 458 вулічных сабак. Жывёлам прапаноўваліся тры паўміскі жоўтага, блакітнага й шэрага колеру, якія стаялі на адлегласьці 2 м адзін ад аднаго. Часам у паўмісках быў ласунак, а часам іх пакідалі пустымі.

Такім чынам высьветлілася, што сабакі часьцей (>50%) цікавіліся жоўтым падміскам. Потым аўтары зьмянілі ўмовы досьледу, пакінуўшы толькі жоўты й шэры посуд. Іх напаўнялі сырой курацінай, альбо пакідалі адзін кавалак печыва, але адзін з двух паўміскаў заўсёды быў пусты. Тут сабакі парадаксальна працягвалі абіраць жоўты паўмісак незалежна ад таго, ці было ў ім што (77%). Паведамляецца, што адзін сабака, які падыўшоў да пустога жоўтага паўміску, паспрабаваў паварушыць яго лапай, потым падыйшоў да навукоўца й толькі пасьля гэтага спраўдзіў шэры паўмісак.

Аўтары высунулі гіпотэзу, што такія вынікі часткова могуць быць зьвязанымі з куркумой, якую шмат дадаюць ў індыйскія стравы. То бок, сабакі маглі прызвычаіцца, што "жоўтае — можна есьці". Але варта адзначыць, што чырвонае мяса й кроў сабакі таксама будуць бачыць жоўтымі. У любым выпадку, ці грае тут ролю куркума, высьветліцца, калі ў Канадзе скончацца аналягічныя досьледы.

Читать полностью…

cybulinka

Інтэрвальнае галадаваньне па схеме 4:3 назвалі больш эфэктыўным для пахудзеньня, чым простае абмежаваньне калёрый

Амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што інтэрвальнае галадаваньне па схеме 4:3 (тры дні на тыдзень з рэзкім скарачэньнем калёрый) дапамагае губляць вагу крыху больш эфэктыўна, чым штодзённае абмежаваньне калёрый. Але «крыху» — тут ключавое слова: за год людзі на інтэрвальным галадаваньні схуднелі ў сярэднім на 7,6% ад сваёй масы, у той час як тыя, хто проста еў менш кожны дзень, скінулі 5%. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў Annals of Internal Medicine.

У экспэрымэнце, які доўжыўся 12 месяцаў, удзельнічалі 165 чалавек зь лішняй вагой і атлусьценьнем. Іх падзялілі на дзьве групы: адна прытрымлівалася інтэрвальнага галадаваньня, а другая — клясычнай дыеты з штодзённым скарачэньнем калёрый на траціну. Усім удзельнікам выдалі бясплатны абанэмэнт у фітнэс-клюб і настойліва рэкамэндавалі займацца спортам ня менш за 5 гадзін на тыдзень.

Акрамя ўмеранага, але працяглага пахуданьня, у людзей з групы інтэрвальнага галадаваньня крыху палепшыліся паказьнікі артэрыяльнага ціску, узроўню халестэрыну й цукру ў крыві. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што адмова ад штодзённага падліку калёрый можа зрабіць гэты мэтад больш зручным для тых, хто не гатовы да пастаяннага кантролю харчаваньня.

Читать полностью…

cybulinka

Мышы на МКС дапамаглі выявіць патэнцыйныя праблемы працяглых касьмічных вандровак

Амэрыканскія навукоўцы дасьледавалі ўплыў мікрагравітацыі на касьцявую сыстэму мышэй, якія знаходзіліся на Міжнароднай касьмічнай станцыі (МКС). Дасьледаваньне, апублікаванае ў PLOS ONE, паказала значную страту касьцяной масы ў сьцегнавых костках касьмічных мышэй у параўнаньні з кантрольнай групай на Зямлі.

Раней высьветлілася, што астранаўты губляюць каля 1% шчыльнасьці касьцей за кожны месяц у космасе, што эквівалентна дзесяцігодзьдзям узроставых зьмен на Зямлі. Асноўны ўдар прыпадае на ключавыя зоны шкілета: хрыбет, ногі й таз. Фізычныя практыкаваньні дапамагаюць запаволіць гэты працэс, але не перашкаджаюць яму цалкам.

У новым дасьледаваньні навукоўцы вырашылі праверыць, як мікрагравітацыя ўплывае на жывёл, што перасоўваюцца на чатырох канечнасьцях, дзе асноўная нагрузка прыпадае на сьцёгны й пярэднія лапы. Гэта параўнаньне дапамагло зразумець, ці выкліканы "касьмічны" астэапароз толькі зьніжанай гравітацыяй або ёсьць і іншыя фактары, напрыклад, касьмічнае выпраменьваньне.

Праз 37 дзён на арбіце ў мышэй выявілі выразную страту касьцяной масы менавіта ў сьцегнавых костках — ключавых элемэнтах іх апорна-рухальнай сыстэмы. Пры гэтым косткі тазасьцегнавага сустава, якія маюць большую шчыльнасьць, амаль не зьмяніліся. Гэта пацьвярджае, што асноўная прычына касьцяных страт — рэзкае зьніжэньне гравітацыйнай нагрузкі.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што зьмена рацыёну або абарона ад касьмічнага выпраменьваньня наўрад ці спыняць гэты працэс. Для далёкіх касьмічных місій, напрыклад, на Марс, спатрэбяцца новыя стратэгіі аховы касьцяной тканкі.

Читать полностью…

cybulinka

Адкладаньне смартфону падалей не дапамагло сканцэнтравацца на справах

Многія спрабуюць змагацца з адцягненьнем увагі на смартфон, прыбіраючы яго далей, але новае дасьледаваньне паказвае, што гэта ня вырашае праблему.

Навукоўцы зь Лёнданскай школы эканомікі й палітычных навук запісалі, як 22 чалавекі працавалі за ноўтбукамі на працягу двух дзён: у адзін дзень тэлефон ляжаў побач, у другі – на адлегласьці 1,5 мэтра. Аказалася, што калі смартфон знаходзіўся далей, людзі сапраўды праводзілі на ім менш часу (16 хвілін супраць 23), але не працавалі больш – замест гэтага яны пераключаліся на сацсеткі з ноўтбуку.

Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што адцягвае ня сам смартфон, а звычка да анлайн-забаў. Аднак для пацьверджаньня гэтых дадзеных патрабуюцца больш маштабныя дасьледаваньні ў рэальных працоўных умовах.

Читать полностью…

cybulinka

Болепатольныя прэпараты могуць быць не такімі эфэктыўнымі для жанчын. Разгадка хаваецца ў гармонах

Навукоўцы з Унівэрсытэта Калгары выявілі, што мэханізмы разьвіцьця хранічнага болю адрозьніваюцца ў мужчын і жанчын. Гэта можа растлумачыць, чаму жанчыны часьцей пакутуюць ад такіх станаў. Паводле справаздачы Канадзкай групы па вывучэньні болю за 2019 год, хранічны боль сустракаецца ў жанчын усіх узростаў часьцей, чым у мужчын.

Дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе Neuron, засяродзілася на нэўрапатычным болі, які ўзьнікае ў выніку пашкоджаньня нэрваў ці нэрвовай сыстэмы. Адзін з найбольш цяжкіх сымптомаў такога стану – алёдынія, калі боль выклікаюць нават звычайныя раздражняльнікі, напрыклад, лёгкі дотык або перапады тэмпэратуры.

Дасьледнікі зладзілі экспэрымэнты на пацуках і мышах і выявілі, што сыгналы болю ў іх перадаюцца праз каналы панэксіну 1 (Panx1), але ўключаюцца рознымі імуннымі вузамі ў залежнасьці ад полу. У жаночых асобін актывацыя Panx1 выклікала выкід гармону лептыну, які зьвязаны з падвышанай адчувальнасьцю да болю. У той час у мужчынскіх арганізмах замест лептыну выдзяляўся фактар росту судзінаў, які звычайна зьяўляецца пасьля траўмы.

Павышаны ўзровень лептыну ўжо неаднаразова фіксаваўся ў жанчын, якія пакутуюць ад хранічнага болю. Яшчэ ў 1980-х гадах дасьледнікі адзначалі, што ў жанчын з гэтым станам у крыві было больш лептыну, чым у тых, хто болю не адчуваў.

Аўтары працы падкрэсьліваюць, што на працяглы час лябараторныя дасьледаваньні ладзіліся пераважна на самцах жывёл, таму многія прэпараты распрацоўваліся на аснове «мужчынскай» мадэлі болю. Гэта можа тлумачыць, чаму частка лекаў неэфэктыўная для жанчын. Новыя дадзеныя адкрываюць магчымасьці для больш дакладнага падбору болесуцішальных сродкаў з улікам палавых адрозьненьняў.

Читать полностью…

cybulinka

ТыкТок аказаўся не самай лепшай крыніцай інфармацыі пра сындром дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьці

Дасьледнікі з Канады й ЗША пастанавілі спраўдзіць, наколькі дакладная інфармацыя пра СДУГ у ТыкТоку, і вынікі зусім не парадавалі.

Каманда вывучыла 100 самых папулярных відэа з гэштэгам #ADHD, якія ў суме набралі амаль 500 млн праглядаў. Таксама псыхолягі з досьведам працы з гэтым разладам ацанілі дакладнасьць прадстаўленай інфармацыі, а затым навукоўцы апыталі 843 студэнтаў (без СДВГ, з самастойна пастаўленым дыягназам і пацьверджаным лекарамі), каб высьветліць, як ТыкТок уплывае на ўяўленьні пра СДУГ.

Высьветлілася, што толькі 48,7% інфармацыі ў роліках адпавядае афіцыйным крытэрам. Астатняе — альбо недакладнасьці, альбо фантазіі аўтараў. Цікава, што чым часьцей студэнты глядзелі такія відэа, тым ахвотней яны рэкамэндавалі й самыя дакладныя, і самыя памылковыя зь іх. Акрамя таго, актыўныя гледачы часьцей пераацэньвалі, наколькі распаўсюджаны СДУГ і зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца людзі з гэтым дыягназам.

Читать полностью…

cybulinka

Двухгадовая ікаўка ў мужчыны стала сымптомам рэдкага алергічнага захворваньня

Лібанскія мэдыкі апісалі незвычайную гісторыю пацыента ў Journal of Medical Case Reports. Паводле справаздачы, мужчына пакутаваў ад моцнай эпізадычнай ікаўкі цягам двух гадоў. Лекары выпісалі яму курс разнастайных прэпаратаў, але нічога не дапамагло. Урэшце сымптомы ў мужчыны ўзмацніліся так, што ікаўка не спынялася 2 тыдні, і яго пастанавілі шпіталізаваць.

Спачатку адмыслоўцам не ўдалося выявіць дакладную прычыну стану пацыента, аднак аналіз крыві паказаў падвышаны ўзровень эазынафілаў — тыпу белых крывяных цельцаў, якія звычайна ўдзельнічаюць у змаганьні з паразітарнымі інфекцыямі й алергічнымі рэакцыямі. Аднак у мужчыны не было прыкмет інфекцыі. Дадатковыя дасьледаваньні пацьвердзілі, што ён пакутуе на эазынафільны эзафагіт — рэдкае захворваньне, пры якім у сьценках стрававода назапашваецца лішак эазынафілаў, выклікаючы запаленьне.

Звычайна такі эзафагіт выклікае цяжкасьці з глытаньнем, пякотку й адчуваньне, што ежа затрымліваецца ў страваводзе. Аднак у гэтым выпадку адзіным сымптомам стала ікаўка, што робіць яго ўнікальным. Лекары выказалі здагадку, што запаленьне магло ўплываць на блукальную нэрву, якая кантралюе працу дыяфрагмы.

Першапачаткова пацыенту далі інгібітары пратоннай помпы й баклафен (рэляксант), але гэта дапамагло толькі часткова. Поўнае выздараўленьне адбылося пасьля прызначэньня стэроіднага прэпарату, які хутка зьнізіў колькасьць эазынафілаў, і ікаўка зьнікла цягам тыдня.

Читать полностью…

cybulinka

Выявілася агульная для людзей і лябрадораў асаблівасьць, празь якую залішняя вага зьяўляецца хутчэй

Дасьледнікі зь Вялікай Брытаніі высьветлілі, што лябрадоры з пэўнай генэтычнай асаблівасьцю больш схільныя да атлусьценьня. І нечакана выявілі, што гэты ж ген сустракаецца ў людзей і таксама зьвязаны з наборам вагі.

Навукоўцы дасьледавалі 241 лябрадора, ацэньваючы іхнюю вагу, паводзіны падчас ежы й узоры сьліны. Аказалася, што сабакі з пэўнай вэрсіяй гена DENND1B мелі ў сярэднім на 8% больш тлушчу, чым іх суродзічы без такой мутацыі. Гэты ген удзельнічае ў працы нэўроннай сеткі, якая кантралюе энэргетычны балянс у арганізьме, і таксама адыгрывае ролю ў разьвіцьці атлусьценьня ў людзей.

Хоць такія гены складана выкарыстоўваць пры распрацоўцы лекаў для пахудзеньня, яны пацьвярджаюць, што апэтыт і вага шмат у чым кантралююцца мазгамі. Аднак дасьледнікі падкрэсьлілі, што нават лябрадоры з «генам атлусьценьня» не абавязкова становяцца поўнымі — калі гаспадары строга сочаць за харчаваньнем і фізычнай актыўнасьцю гадаванца, набору вагі можна пазьбегнуць.

Аналягічна й у людзей: наяўнасьць гэтага гена не азначае, што чалавек абавязкова набярэ вагу, але ўтрымліваць яе ў норме будзе значна складаней. Аўтары спадзяюцца, што дасьледаньне дапаможа лепш зразумець мэханізмы, якія кіруюць апэтытам, і, магчыма, знайсьці эфэктыўныя спосабы барацьбы з атлусьценьнем.

Читать полностью…

cybulinka

Выглядае на тое, што дасьведчаныя рэнтгенолягі абʼектыўней успрымаюць сьвет

Брытанскія навукоўцы параўналі 44 дасьведчаных рэнтгенолягаў (сярэдні век 36 гадоў) са 107 студэнтамі-мэдыкамі й псыхолагамі (сярэдні век 23 гады). Ім паказвалі чатыры розныя аптычныя ілюзіі, дзе трэба было вызначыць, якая зь дзьвюх фігур большая або даўжэйшая. У трох выпадках навакольныя абʼекты стваралі зман зроку, прымушаючы людзей памыляцца. Аднак рэнтгенолягі радзей траплялі ў такую пастку, бо могуць ігнараваць лішнія дэталі й канцэнтравацца на галоўным.

Але ў чацьвёртай ілюзіі, дзе адна фігура была вэртыкальнай, а другая гарызантальнай (ад чаго апошняя здавалася шырэйшай), розьніцы паміж групамі не было. Магчыма, прычына ў тым, што тут не было фонавых фігур, якія рэнтгенолягі звычайна ўмеюць «адключаць».

Дасьледнікі лічаць, што любы чалавек можа натрэнаваць мазгі, каб менш паддавацца аптычным ілюзіям. Напрыклад, мэтанакіраваная праца з выявай можа разьвіць гэтую здольнасьць, але пакуль незразумела, колькі часу гэта зойме — тыдні ці гады.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі выявілі крытычны пэрыяд, калі мазґі хутка старэюць, а мысьленьне імкліва пагаршаецца

Старэньне мазґоў — натуральны працэс, які ўключае зьмены ў структуры, хіміі й функцыях мазґоў. Апрача скарачэньня абʼёму, запавольваньня апрацоўкі інфармацыі й пагаршэньня памяці, зь цягам часу нэўроны таксама горш засвойваюць глюкозу. У выніку назіраецца энэрґетычны дэфіцыт. Аднак пра гэтыя працэсы пакуль вядома ня так і шмат.

Таму амэрыканскія навукоўцы паспрабавалі ліквідаваць прагалы. Для гэтага яны зладзілі функцыянальны МРТ-аналіз набораў даных (19300 чалавек), каб зразумець, калі пачынаецца працэс старэньня мазґоў.

Аказалася, што працэс старэньня ў мазґах ідзе нелінейна: крытычны пэрыяд пачынаецца ў 40 гадоў. Акурат тады мазґі пачынаюць паступова адчуваць недахоп глюкозы. Сытуацыя працягвае пагаршацца прыблізна да 67 гадоў, а ў 90 гадоў хуткасьць старэньня нармалізуецца.

Аўтары таксама называюць інсулінарэзыстэнтнасьць асноўным фактарам старэньня. Зь цягам часу інсулін пачынае аказваць меншы ўплыў на нэўроны, што вядзе да скарачэньня засваяльнасьці глюкозы (дэфіцыт энэргіі).

З пазытыўнага: устойлівасьць нэўронаў да інсуліну, відаць, можна зьнізіць. Дасьледнікі спраўдзілі гэта на групе людзей (101), якім давалі дабаўкі з кетонамі. Гэта дапамагло запаволіць мэтабалічныя зьмены, зьвязаныя са старэньнем, але найбольш выразна такі эфэкт праяўляўся ў групе 40-59 гадоў.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы прымусілі людзей спаць з расплюшчанымі вачыма, каб назіраць за зрэнкамі

Сон дапамагае арґанізму аднавіць запасы энэргіі на новы дзень. І пакуль некаторыя працэсы запавольваюцца, мазґі падчас сну застаюцца надзвычай актыўнымі. Вось толькі вывучаць гэтую актыўнасьць пакуль чалавек сьпіць даволі склада, бо цэнтар актывацыі знаходзіцца ў ствале галаўных мазґоў.

Аднак інфармацыю пра ўзровень актывацыі мазґавых зон, адказных за рэгуляцыю сну й бадзёрасьці, можна атрымаць па зрэнках. Таму каманда швайцарскіх навукоўцаў распрацавала адмысловую прыладу, якая дазволіла людзям спаць з адкрытым вокам, а дасьледнікам — адсочваць зьмены памеру зрэнак цягам колькіх гадзін. Гэта першае падобнае дасьледаваньне.

Вядома, спаць з расплюшчанымі вачыма немагчыма, таму аўтары маніпулявалі толькі адным вокам: вейкі надзейна фіксаваліся ліпкімі стужкамі, на вока наносілі адмысловы ґель, а над вокам зьмяшчаўся празрысты экран. Таксама ўсе досьледы ладзіліся ў цемры, што дапамагло людзям расслабіцца й заснуць.

Такім чынам высьветлілася, што зрэнкі сапраўды мяняюць свой памер падчас сну, што паказвае на ваганьні ўзроўню актывацыі мазґоў [раней меркавалася, што мазґавое ўзбуджэньне застаецца нізкім падчас сну]. Аўтары яшчэ заўважылі, што чым вышэй быў узровень узбуджэньня паводле зрэнак, тым выразьней мазґі рэагавалі на гукавыя стымулы.

Такое дасьледаваньне можа стаць падмуркам для новых спосабаў дыягностыкі й лячэньня парушэньняў сну, а таксама для ацэнкі стану мазґоў у пацыентаў у коме.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі знайшлі "пульт кіраваньня" паводзінамі ў мышэй

Навукоўцы ў досьледах на мышах паказалі, што за ўпартасьць, дасьледчыя паводзіны й адмову штосьці рабіць адказваюць тры тыпы нэўронаў у ствале галаўных мазгоў.

Выкарыстоўваючы оптагенэтыку, дасьледнікі маніпулявалі нэўронамі, якія рэгулююць выпрацоўку гама-аммінамасьлянай кіслаты (ГАМК), глютамата й сэратаніна. Такім чынам высьветлілася, што заглушэньне ГАМК-нэўронаў выклікала ў грызуноў падвышэньне ўпартасьці, а вось заглушэньне сэратанінавых нэўронаў выклікала апатыччныя паводзіны.

У досьледах мышам прапаноўвалі пашукаць выйсьце зь лябірынту за ласунак. У першым выпадку мышы настойліва хадзілі знаёмым шляхам, нават калі ён быў тупіковым. А вось грызуны з заглушанымі сэратанінавымі нэўронамі ўвогуле адмаўляліся шукаць выйсьце.

Аднак адна група жывёлак, спрабавала выйсьці зь лябірынту рознымі шляхамі, а калі нейкія спробы аказваліся наўдалымі, яны хуценька пачыналі шукаць альтэрнатыўныя варыянты. Гэта былі мышы з актываванымі глютаматнымі нэўронамі.

Агулам адкрыцьцё дапаможа лепей зразумець мэханізмы некаторых псыхічных праблем у людзей. Напрыклад, абсэсыўна-кампульсыўны разлад, дэпрэсыя й СДУГ.

Читать полностью…

cybulinka

Звычайна паколваньні ў нагах зьяўляюцца вынікам кепскай цыркуляцыі крыві ў канцавінах, але часам гэта можа сьведчыць пра наяўнасьць паразыта, які пасяліўся ў мазґах. Менавіта такая гісторыя абылася з 30-гадовай жанчынай, у якой неўзабаве пасьля вандроўкі выявілі ангіястрангілёз.

Гэтая глісная інфэкцыя разьвіваецца ў выніку імуннай рэакцыі арґанізму на паразыта Angiostrongylus cantonensis. Жыцьцёвы цыкль A. cantonensis пачынаецца пасьля таго, як пацук зьесьць інфікаванга смаўжа, альбо іншага гаспадара. Пасьля паразыт паступова мігруе ў лёгкія грызуна, дзе адкладае яйцы, зь якіх хутка выводзяцца лярвы (лічынкі). Потым лярвы пачынаюць кароткае й захапляльнае падарожжа па арґанізму пацука, пакуль не пакінуць яго разам са спражненьнямі, якія мусіць зьесьці смоўж альбо сьлімак, каб жыцьцёвы цыкль паразыта працагваўся.

Аднак часам у гэты кругазварот могуць далучацца іншыя жывёлы й расьліны, што павышае імавернасьць перадачы інфэкцыі чалавеку, напрыклад, з кепска памытай гароднінай і недаваранымі ракападобнымі.

У апісаным выпадку сымптомы пацыенткі спачатку выглядалі даволі нявінна: праз колькі дзён пасьля вяртаньня з падарожжа па Японіі, Тайляндзе й Гаваях, жанчына пачала адчуваць лёгкае паколваньне ў нагах. Потым дадалася яшчэ й стомленасьць, але пацыентка зьвязала гэта са зьменай часавых пасаў.

Праз пэўны час жанчына зьвярнулася да лекараў, бо стан не паляпшаўся. Аналіз выявіў сьціплае павышэньне ўзроўню леўкацытаў, што сьведчыла пра наяўнасьць нейкай інфэкцыі, але вызначыць яе было складана. Зь цягам часу ў пацыенткі праявілася яшчэ ліхаманка й зблытанасьць сьвядомасьці. Тут ужо мэдыкі вывучылі сьпінамазгавую вадкасьць, дзе знайшлі прыкметы інфэкцыі мазґоў і нарэшце паставілі дыягназ.

Пасьля 3 тыдняў лячэньня, жанчына ачуняла. Але варта адзначыць, што ангіястрангілёз можа быць даволі небясьпечнай хваробай. Напрыклад, у 2010 годзе 19-гадовы хлопец з Аўстраліі зьеў жывога смаўжа, падхапіў A. cantonensis, прабыў у коме 14 месяцаў і памёр у 2018 годзе ад шматлікіх ускладненьняў пасьля ангіястрангілёзу.

Читать полностью…

cybulinka

Пухліна ў мазґах жанчыны аказалася жывым чарвяком

Жанчына тры гады праходзіла плянавыя абсьледваньні пасьля апэрацыі па выдаленьню пухліны малочнай залозы. Падчас аднаго зь візытаў у пацыенткі выявілі нешта падазронае ў цемянной долі мазґоў. Паводле вынікаў МРТ-сканаваньняў, лекары паставілі дыягназ "рак 4 стадыі" і прапанавалі апэрацыю. Жанчына не пагадзілася, і вярнулася дадому ў Сакартвэла.

Празь некаторы час у яе здарыўся сутаргавы прыступ, які вымусіў зьвярнуцца па дапамогу да нэўрахірургаў. Мэдыкі зрабілі паўторнае МРТ-сканаваньне, і выявілі, што "пухліна" ужо была ў скроневай долі мазґоў. Такія перасоўваньні ім не ўласьцівыя, таму лекары западозрылі мэтастазы й заплянавалі апэрацыю.

Падчас апэрацыі хірургі пухліны не знайшлі, але ў мазґах быў жывы 15-сантымэтровы паразыт. Знаходку даслалі адмыслоўцам, які вызначылі, што гэта сьвіны цэпень Taenia solium.

Імаверна, гэта першы падобны выпадак, таму хірургі рыхтуюць публікацыю ў навуковым часопісе. А пацыентка пасьля апэрацыі пачуваецца добра.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы высьветлілі, чаму памідоры нас не забіваюць

Калісьці ў Эўропе лічылі, што спажываньне памідораў можа прывесьці да хваробы й нават сьмерці. І гэтыя асьцярогі мелі падставы, але справа была ня толькі ў памідорах. У той час заможныя людзі карысталіся посудам са сплаву цыны (Sn) з волавам (Pb). Калі кіслоты з памідораў траплялі на такую талерку, яны вымывалі нэўратаксычнае волава, што й выклікала атручэньне.

Аднак, як і іншыя расьліны зь сямейства пасьлёнавых, памідоры ўтрымліваюць таксычныя стэроідныя глікаалькалёіды. У вялікіх дозах яны выклікаюць млоснасьць, сутаргі й нават унутраныя крывацёкі. Але чаму ж мы спакойна ямо памідоры, а, напрыклад, падобныя да іх плады бульбы — не?

Навукоўцы з Сычуаньскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што па меры пасьпяваньня памідораў у іх запускаецца працэс разбурэньня згаданых таксынаў. Галоўным у гэтым працэсе аказаўся бялок DML2: ён «уключае» гены, якія расшчапляюць глікаалькалёіды да бясьпечнага эскулеазіду A. Калі ж гэты бялок заблякаваць, узровень таксынаў у пладох застаецца высокім нават пасьля поўнага пасьпяваньня.

Параўнаўшы ДНК сучасных памідораў зь іх дзікімі сваякамі, дасьледнікі высьветлілі, што ў працэсе акультурваньня ўзровень таксынаў зьніжаўся, а плады станавіліся ўсё большымі, чырвонымі й саладзейшымі. Менавіта таму нават недасьпелыя памідоры можна есьці спакойна.

Читать полностью…

cybulinka

Псыхолягі разабраліся ў прычынах, чаму некаторыя з нас добра запамінаюць сны

Новае дасьледаваньне ў Communications Psychology, паказала, што здольнасьць прыгадваць сны залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў і характару сну. Вынікі сьведчаць, што людзі, схільныя да роздумаў і зацікаўленыя ў снах, часьцей іх памятаюць, а працяглая фаза хуткага сну павышае імавернасьць прыгадваньня сюжэту.

У дасьледаваньні ўдзельнічала больш за 200 чалавек у веку ад 18 да 70 гадоў, якія запісвалі свае сны цягам 15 дзён. Адначасова спэцыялісты адсочвалі іхні сон з дапамогай смарт-гадзіньнікаў і псыхамэтрычных тэстаў.

Вынікі паказалі, што людзі, схільныя да роздумаў і цікаўныя да сноў, згадваюць іх часьцей. Таксама вялікую ролю адыгрывае фаза хуткага сну: чым яна даўжэйшая, тым вышэй імавернасьць запомніць сон. Маладзейшыя ўдзельнікі ўзгадвалі сны часьцей, у той час як старэйшыя людзі часьцей сутыкаліся з так званымі "белымі снамі" — адчуваньнем сну без канкрэтных успамінаў.

Цікава, што ўзімку людзі ўзгадвалі сны радзей, чым вясной, што можа быць зьвязана з сэзоннымі зьменамі ў біярытмах.

Читать полностью…
Subscribe to a channel