Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Сьметанковае масла павялічыла рызыку заўчаснай сьмерці
Навукоўцы з Гарвардзкай мэдыцынскай школы зладзілі маштабнае дасьледаваньне й высьветлілі, што тып спажыванага тлушчу можа ўплываць на працягласьць жыцьця. Яны прааналізавалі даныя больш чым 220 тысяч чалавек, назіраючы за іхным рацыёнам і станам здароўя цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Выявілася, што высокая доля сьметанковага масла ў рацыёне зьвязаная з павышаным рызыкай заўчаснай сьмерці, тады як расьлінныя алеі, наадварот, зьніжаюць гэтую рызыку.
За час дасьледаваньня памерлі больш за 50 тысяч удзельнікаў і ўдзельніц, у тым ліку каля 12 тысяч — ад раку й прыкладна столькі ж — ад сэрцава-судзінных захворваньняў. Статыстычны аналіз паказаў, што людзі, якія спажывалі больш масла, мелі на 15% большую рызыку сьмерці ў параўнаньні з тымі, хто еў яго менш. А тыя, хто часьцей ужываў расьлінныя алеі, мелі на 16% меншшую рызыку.
Найбольш выразны эфэкт быў адзначаны для рапсавага, аліўкавага й соевага алеяў. Акрамя таго, дасьледнікі падлічылі, што замена ўсяго 10 грамаў сьметанковага масла ў дзень на эквівалентную колькасьць расьліннага можа зьнізіць агульныя рызыкі сьмяротнасьці на 17%, у тым ліку імавернасьць сьмерці ад раку.
Татуіроўкі павысілі рызыку разьвіцьця некаторых анкалягічных захворваньняў
Ніколі такога не было, і во на табе
Дацкія й фінскія дасьледнікі вывучылі паказьнікі здароўя амаль 6000 пар блізьнюкоў, дзе ў аднаго абавязкова была татуіроўка. Такім чынам выявілася, што людзі з малюнкамі на скуры мелі больш шанцаў сутыкнуцца з ракам скуры й лімфомай. Усё праз тое, што пігмэнты з часам пераходзяць ў лімфавузлы.
Імаверна, рызыка разьвіцьця захворваньняў не была зьвязаная з колерам пігмэнтаў, але была залежнасьць ад памеру малюнка: найбольшая рызыка была для тых, у каго малбнак памерам большы за далонь.
Кампанія, якая плянуе адрадзіць мамантаў, паказала мышэй з поўсьцю вымерлай жывёлы
Генна-мадыфікаваныя мышы былі прэзэнтаваныя Colossal Biosciences. Гэта пробны крок да адраджэньня маманта.
Хоць звычайныя мышы й так маюць поўсьць, іхняя ДНК была адрэдагаваная так, каб узнавіць менавіта тыя характарыстыкі, якія дапамагалі мамантам адаптавацца да холаду: густую, доўгую й кучаравую поўсьць.
Навукоўцы выкарысталі генэтычныя даныя дзясяткаў вымерлых мамантаў і параўналі іх з ДНК сланоў, каб вызначыць гены, адказныя за поўсьць. Затым яны ўнесьлі гэтыя ж зьмены ў мышэй, адключыўшы некаторыя гены, што рэгулююць рост валасоў. У выніку ў мышэй вырасла поўсьць утрая даўжэйшая за звычайную, а ейная структура стала падобнай да мамантавай.
Гэты экспэрымэнт служыць выпрабаваньнем перад рэдагаваньнем геному азіяцкіх сланоў, якія стануць «проксі-мамантамі» — не дакладнымі копіямі вымерлага віду, а яго блізкімі аналагамі. Colossal плянуе стварыць такога слана да 2028 году, вырасьціўшы эмбрыён у штучнай матцы.
Шыланосы (Monodon monoceros) выглядаюць як аднарог, які сапраўды існуе. Звычайна ў самцоў гэтага віду адзін верхні зуб пачынае хутка расьці й закручвацца ў сьпіраль, у выніку чаго й фармуецца той знакаміты рог. І хаця шыланосы даволі сацыяльныя жывёлы, назіраць за імі ў дзікай прыродзе даволі скаладана, таму дагэтуль пра дакладнае прызначэньне рога вядома мала. Раней меркавалася, што ён адыгрывае сваю ролю падчас шлюбнага пэрыяду, але новыя даныя паказваюць, што ёсьць і іншыя функцыі.
З дапамогай дронаў навукоўцам удалося вызначыць ажно 17 розных патэрнаў паводзін, у якіх задзейнічаны рог. Напрыклад, шыланосы актыўна ім карысталіся падчас паляваньня на рыбу, для вывучэньня асяродзьдзя й у гульнях. Прытым былі выпадкі, калі шыланосы кралі ежу ў суродзчаў, выкарыстоўваючы свой рог.
Аўтары кажуць, што ўсе гэтыя маніпуляцыі выконваліся жывёламі зь вялікай дакладнасьцю.
Вывяржэньне Вэзувіё ператварыла мазґі маладога рымляніна ў шкло
Амаль 2000 гадоў таму адбылося вывяржэньне Вэзувіё, якое перагрэтым воблакам попелу й пылу зьнішчыла рымскія гарады Гэркулянум і Пампэі. Умовы падчас гэтай падзеі былі такімі, што мазґі 20-гадовага мужчыны проста ператварыліся ў шкло, якое кагадзе знайшлі дасьледнікі.
Знаходка ўпершыню была апісаная яшчэ ў 2020 годзе, але дагэтуль было незразумела, што стала прычынаю сьпяканьня мазґоў у арганічнае шкло.
Аўтары адзначаюць, што тэмпэратура піраклястычных струменяў (сумесь гарачых газаў, попелу й горных парод, якія рушацца зь велізарнай хуткасьцю) не пакідае мяккім тканкам аніводнага шанцу. Але ў дадзеным выпадку адбылося кароткае, хуткае награваньне да 510С, а потым такое ж хуткае ахаладжэньне. Яшчэ сваю ролю адыграла й палажэньне цела ахвяры.
Такая ўнікальная сытуацыя дазволіла добра захавацца нэўронам, аксонам і іншым нэрвовым структурам, якія выявіліся з дапамогай эклектроннай мікраскапіі
Сабакі Індыі аддалі перавагу жоўтаму колеру
Колеравы зрок сабак адрозьніваецца ад людзкога. Напрыклад, з чырвоным, жоўтым і зялёным яны адчуваюць значныя складанасьці. І хаця ўжо было зладжана шмат дасьледаваньняў успрыманьня сабакамі колераў, мы дагэтуль мала ведаем пра тое, якім колерам яны аддаюць перавагу.
Каб дадаць гэтаму крыху болей разуменьня, каманда навукоўцаў зь Індыі на чале з Аніндытай Бхадрай зладзіла невялікае выпрабаваньне з ўдзелам 458 вулічных сабак. Жывёлам прапаноўваліся тры паўміскі жоўтага, блакітнага й шэрага колеру, якія стаялі на адлегласьці 2 м адзін ад аднаго. Часам у паўмісках быў ласунак, а часам іх пакідалі пустымі.
Такім чынам высьветлілася, што сабакі часьцей (>50%) цікавіліся жоўтым падміскам. Потым аўтары зьмянілі ўмовы досьледу, пакінуўшы толькі жоўты й шэры посуд. Іх напаўнялі сырой курацінай, альбо пакідалі адзін кавалак печыва, але адзін з двух паўміскаў заўсёды быў пусты. Тут сабакі парадаксальна працягвалі абіраць жоўты паўмісак незалежна ад таго, ці было ў ім што (77%). Паведамляецца, што адзін сабака, які падыўшоў да пустога жоўтага паўміску, паспрабаваў паварушыць яго лапай, потым падыйшоў да навукоўца й толькі пасьля гэтага спраўдзіў шэры паўмісак.
Аўтары высунулі гіпотэзу, што такія вынікі часткова могуць быць зьвязанымі з куркумой, якую шмат дадаюць ў індыйскія стравы. То бок, сабакі маглі прызвычаіцца, што "жоўтае — можна есьці". Але варта адзначыць, што чырвонае мяса й кроў сабакі таксама будуць бачыць жоўтымі. У любым выпадку, ці грае тут ролю куркума, высьветліцца, калі ў Канадзе скончацца аналягічныя досьледы.
Мышы аказалі першую дапамогу сваім суродзічам
Некаторыя мышы, якія знаходзілі сваіх суродзічаў у непрытомным стане, пачыналі аказваць ім першую дапамогу: білі лапамі, пакусвалі й выцягвалі язык з роту, каб вызваліць дыхальныя шляхі. Такое назіраньне паказвае, што клопат аб суродзічах можа быць больш пашыраным у жывёльным сьвеце, чым меркавалася раней.
Аўтары дасьледаваньня зладзілі шэраг простых досьледаў, каб вывучыць паводзіны мышэй у выпадках, калі сусед па клетцы "страчваў прытомнасьць", альбо знаходзіўся ў бадзёрым стане.
Аказалася, што грызуны прысьвячалі каля 47% часу назіраньня на "першую дапамогу" непрытомнаму суседу. Прытым найбольш актыўна гэта абывалася ў выпадках, калі грызуны ведалі адно аднаго.
Першыя крокі ўключалі абнюхваньне й грумінг непрытомнага грызуна, а потым пачыналіся інтэнсыўныя фізычныя ўзаемадзеяньні, такія як аблізваньне вачэй, пакусваньне вобласьці вакол роту. Калі гэта не дапамагала, мышы пачыналі даставаць язык і закідваць яго на бок, каб вызваліць дыхальныя шляхі.
Тое, што гэтая манімпуляцыя скіраваная менавіта на дыхальныя шляхі, аўтары спраўдзілі ў іншых досьледах, дзе грызунам пасьля зьнячуленьня клалі ў рот плястыкавую кулю. У выніку іншародны абʼект мышы-памагатыя даставалі ў 80% выпадкаў.
Таксама паведамляецца, што мышы, якіх даглядалі суродзічы, хутчэй прачыналіся й пачыналі рухацца. Як толькі гэта адбывалася, мышы-памагатыя спынялі ўсе дзеяньні.
Шаноўнае спадарства, даўно не было на канале падборак беларускіх каналаў, таму сёньня прапаную вам адну. Маю спадзеў, што знойдзеце штосьці цікавае.
💌 Палявая пошта — Беларусь на старых паштоўках і фотаздымках.
🎬 Кавалачак жыцця — тут падкажуць, што паглядзець увечары. Рэцэнзіі на навінкі кіно і серыялаў на роднай мове.
🏃♂️ sacral_BY — адвечнае блуканне па закутках і цэнтрах Беларусі ў пошуках старога, забытага, закінутага і не зусім.
💻 BelKantent — можна пачытаць свежыя навіны пра кампутарныя камплектуючыя, тэхналогіі, і сучасныя гульні.
🎸 Еўрабачанне па-беларуску — першы канал у Telegram з навінамі і рознымі цікавасцямі пра Еўрабачанне.
#пашыраймасваё
Парацэтамол западозрылі ў сувязях з сындромам дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьці
Паводле нядаўняга дасьледаваньня, прыём парацэтамолу ў другім трыместры цяжарнасьці можа павялічыць рызыку разьвіцьця СДУГ у дзіцяці. Аўтары паведамілі, што біямаркеры парацэтамолу ў крыві маці павышалі ў 3.15 раза імавернасьць пастаноўкі дзецям дыягназу СДУГ да 8-10 гадоў. Аднак для дзяўчынак гэтая рызыка паввялічвалася ў 6.16 раза.
Такі эфэкт, імаверна, зьвязаны з уплывам парацэтамолу на экспрэсыю генаў пляцэнты, падчас чаго павялічваецца ўзровень бялку ІGHG1, які ўжо даўно зьвязалі з СДУГ.
Прыём парацэтамолу дагэтуль лічыцца бясьпечным пры цяжарнасьці, але ўсё больш дасьледаваньняў паказваюць адваротнае.
Некаторыя плэйлісты сапраўды могуць дапамагчы сканцэнтравацца на працы
Дасьледнікі вывучылі эфэкты 4 тыпаў аўдыё падчас выконваньня кагнітыўных задач. Гэта былі плэйлісты "працоўнай плыні" (workflow), офісны шум, поп-гіты й музыка для засяроджваньня (deep focus). У выніку толькі workflow-плэйлісты паказалі паляпшэньне настрою й працаздольнасьці 76% удзельнікаў/ удзельніц. У астатніх групах гэты паказьнік не перавышаў 50%.
Потым аўтары прааналізавалі кампазыцыі з найбольш эфэктыўных плэйлістоў, каб вызначыць парамэтры, на якія варта зьвяртаць увагу, калі вы хочаце ўключыць нешта на фоне. Вось яны:
🧅Тэмп каля 119 bpm, што даволі хутка. Напрыклад, New Order — Bizarre Love Triangle мае прыблізна такі ж тэмп
🧅Моцны, устойлівы рытм
🧅Простыя мэлёдыі ў мажорных танальнасьцях
🧅Інструмэнтальныя кампазыцыі (без тэксту) і з роўным дынамічным дыяпазонам (бяз моцных перападаў гучнасьці)
Сьвіньні адгадавалі сабе чалавечыя зубы
Навукоўцы са Школы стаматалягічнай мэдыцыны пры Ўнівэрсытэце Тафтса вырасьцілі зачаткі зубоў, выкарыстоўваючы сумесь чалавечых і сьвіных вузаў, і імплянтавалі іх у сківіцы сьвінак. Гэтае экспэрымэнтальнае дасягненьне можа стаць асновай для вырошчваньня біялягічных зубоў, якія ў будучыні змогуць замяніць традыцыйныя імплянтаты.
Дасьледаваньне паказала, што біяінжынэрная тканка працягвала разьвівацца ўнутры сьвіных сківіц, утвараючы структуры, падобныя да ключавых кампанэнтаў натуральных зубоў. Аўтары выкарысталі вузы эмалі сьвіных зубоў і пульпы чалавечых, замацоўваючы іх на біяраскладальным каркасе, пасьля чаго імплянтавалі канструкцыі ў міні-пігаў. Гэтыя жывёлы былі абраныя праз падабенства сківіц з чалавечымі. Увесь працэс доўжыўся ад 2 да 4 месяцаў.
Хоць атрыманыя зубныя тканкі яшчэ далёкія ад ідэалу, дасьледнікі ўпэўненыя, што ў будучыні ўдасца стварыць функцыянальныя жывыя зубныя пратэзы.
Дасьледнікі знайшлі лярву мясной мухі, якая мае азадак у форме галавы тэрміта
У Марока міжнародная група дасьледнікаў заўважыла патэнцыйна новы від мясных мух, лярвы (лічынкі) якіх набылі цікавыя марфалягічныя зьмены, каб падманваць тэрмітаў. Гэтыя зьмены ўключаюць заднюю частку цела ў форме галавы тэрміта й здольнасьць імітаваць пах, характэрны для калёніі.
Першапачаткова дасьледчая каманда вывучала матылёў і мурашак, але аднойчы пайшоў дождж, таму навукоўцы выправіліся на пошукі апошніх. Потым пад каменем яны раптам пабачылі тэрмітнік з трыма дзіўнымі лярвамі мух, якіх потым забралі ў лябараторыю разам тэрмітамі.
Больш пільнае вывучэньне знаходкі паказала, што лярвы маюць ззаду маску тэрміта: дадатак у форме галавы, зь нефункцыянальнымі антэнамі й мандыбуламі ("ротавыя" шчупальцы). Тамака ж знайшліся й несапраўдныя вочы, ролю якіх выконвалі дыхальныя адтуліны лярвы.
Яшчэ дасьледнікі зладзілі хімічны аналіз лярваў, які паказаў, што тыя маюць аднолькавы з тэрмітамі пах. Усе гэтыя асаблівасьці дапамагаюць ім бесьперашкодна трапляць у калёнію тэрмітаў і разьвівацца там. Што праўда, у лябараторных умовах лярвы загінулі й не пасьпелі пераўтварыцца ў дарослую форму, таму як яна выглядае — пакуль застаецца невядомым.
Чарапашаняты патаньчылі ў знаёмым магнітным полі
Амэрыканскія навукоўцы ў шэрагу досьледаў высьветлілі, што марскія чарапахі Caretta caretta могуць адрозьніваць магнітнае поле паводле ягонай інтэнсыўнасьці й вуглу нахілу.
Дасьледнікам спратрэбілася два рэзэрвуары з рознымі магнітнымі палямі: у адным чарапашаняты проста плавалі, а ў другім ім давалі ежу. У выніку празь некаторы час малыя пачыналі таньчыць штораз, калі адчувалі магнітнае поле, у якім яны некалі атрымлівалі ежу.
Наступныя досьледы паказалі, што чарапашаняты C. caretta запамінаюць некалькі магнітных сыгнатур мінімум на 4 месяцы, і тут галоўную ролю граюць менавіта вугал нахілу й інтэнсыўнасьць поля [калі жывелы былі ў полі з адной знаёмай характарыстыкай, яны не чакалі ежы]. Таксама паведамляецца, што радыёчастотныя памехі, якія парушаюць ўспрыняцьцё магнітнага поля ў птушак, не перашкаджалі чарапахам адрозьніваць палі, аднак крыху ўплывалі на арыентацыю. Гэта кажа пра тое, што магнітны компас чарапах заснаваны на хэмічнай магнітарэцэпцыі.
Старажытныя эўрапейцы паелі мазґоў сваіх ворагаў
Чалавечыя парэшткі, якія знайшлі ў Машыцкай пячоры недалёк ад Кракава, паказалі, што 18 000 гадоў таму людзі практыкавалі канібалізм падчас міжгрупавых канфліктаў. Аналіз 53 костак выявіў шматлікія парэзы й пераломы, якія паказвалі на мэтанакіраванае выніманьне мяккіх тканак.
Аўтары паведамілі, што сьляды такой апрацоўкі былі на 68% узораў, а на чэрапах знайшліся прыкметы зьняцьця скальпу, выдаленьня ніжняй сківіцы, вушэй і выманьня мазґоў.
Хаця канібалізм у старажытныхх людзей звычайна зьвязваюць з выжываньнем ва ўмовах недахопу ежы, і з рытуаламі, тут быў іншы характар. Вядома, што праблем з рэсурсамі ў тыя часы не было й папуляцыя старажытных людзей павялічвалася, а самі парэшткі былі перамешаныя з косткамі жывёл, што выключае рытуальны характар канібалізму. Таму дасьледнікі мяркуюць, што яны выявілі прыкметы менавіта "канфліктнага" канібалізму.
Песьні гарбатых кітоў маюць структуру, падобную на чалавечую мову
Навукоўцы выявілі, што песьні гарбатых кітоў Megaptera novaeangliae маюць статыстычныя заканамернасьці, падобныя да структуры чалавечай мовы. Хоць гэтыя гукі не нясуць складанага сэнсу, іх перадача можа нагадваць працэс засваеньня мовы ў немаўлятаў.
Толькі самцы кітоў сьпяваюць, і іхія песьні заўсёды зьмяняюцца: новыя элемэнты паступова замяняюць старыя, пакуль песьня не зьменіцца цалкам. Дасьледнікі прааналізавалі 8 гадоў запісаў кітовых песень, закадавалі іх ва ўмоўныя абазначэньні й ужылі мэтад, які выкарыстоўваецца ў лінгвістыцы для вызначэньня структуры мовы.
Вынікі паказалі, што частата паўтаральнасьці гукаў падпарадкоўваецца тым жа законам, што й у чалавечай мове. Найбольш распаўсюджаныя гукі карацейшыя, як і самыя частыя словы ў людзкой гаворцы. Гэтыя асаблівасьці могуць быць вынікам культурнага навучаньня, бо песьні кітоў перадаюцца паміж асобінамі.
Навукоўцы прымусілі людзей спаць з расплюшчанымі вачыма, каб назіраць за зрэнкамі
Сон дапамагае арґанізму аднавіць запасы энэргіі на новы дзень. І пакуль некаторыя працэсы запавольваюцца, мазґі падчас сну застаюцца надзвычай актыўнымі. Вось толькі вывучаць гэтую актыўнасьць пакуль чалавек сьпіць даволі склада, бо цэнтар актывацыі знаходзіцца ў ствале галаўных мазґоў.
Аднак інфармацыю пра ўзровень актывацыі мазґавых зон, адказных за рэгуляцыю сну й бадзёрасьці, можна атрымаць па зрэнках. Таму каманда швайцарскіх навукоўцаў распрацавала адмысловую прыладу, якая дазволіла людзям спаць з адкрытым вокам, а дасьледнікам — адсочваць зьмены памеру зрэнак цягам колькіх гадзін. Гэта першае падобнае дасьледаваньне.
Вядома, спаць з расплюшчанымі вачыма немагчыма, таму аўтары маніпулявалі толькі адным вокам: вейкі надзейна фіксаваліся ліпкімі стужкамі, на вока наносілі адмысловы ґель, а над вокам зьмяшчаўся празрысты экран. Таксама ўсе досьледы ладзіліся ў цемры, што дапамагло людзям расслабіцца й заснуць.
Такім чынам высьветлілася, што зрэнкі сапраўды мяняюць свой памер падчас сну, што паказвае на ваганьні ўзроўню актывацыі мазґоў [раней меркавалася, што мазґавое ўзбуджэньне застаецца нізкім падчас сну]. Аўтары яшчэ заўважылі, што чым вышэй быў узровень узбуджэньня паводле зрэнак, тым выразьней мазґі рэагавалі на гукавыя стымулы.
Такое дасьледаваньне можа стаць падмуркам для новых спосабаў дыягностыкі й лячэньня парушэньняў сну, а таксама для ацэнкі стану мазґоў у пацыентаў у коме.
Дасьледнікі знайшлі "пульт кіраваньня" паводзінамі ў мышэй
Навукоўцы ў досьледах на мышах паказалі, што за ўпартасьць, дасьледчыя паводзіны й адмову штосьці рабіць адказваюць тры тыпы нэўронаў у ствале галаўных мазгоў.
Выкарыстоўваючы оптагенэтыку, дасьледнікі маніпулявалі нэўронамі, якія рэгулююць выпрацоўку гама-аммінамасьлянай кіслаты (ГАМК), глютамата й сэратаніна. Такім чынам высьветлілася, што заглушэньне ГАМК-нэўронаў выклікала ў грызуноў падвышэньне ўпартасьці, а вось заглушэньне сэратанінавых нэўронаў выклікала апатыччныя паводзіны.
У досьледах мышам прапаноўвалі пашукаць выйсьце зь лябірынту за ласунак. У першым выпадку мышы настойліва хадзілі знаёмым шляхам, нават калі ён быў тупіковым. А вось грызуны з заглушанымі сэратанінавымі нэўронамі ўвогуле адмаўляліся шукаць выйсьце.
Аднак адна група жывёлак, спрабавала выйсьці зь лябірынту рознымі шляхамі, а калі нейкія спробы аказваліся наўдалымі, яны хуценька пачыналі шукаць альтэрнатыўныя варыянты. Гэта былі мышы з актываванымі глютаматнымі нэўронамі.
Агулам адкрыцьцё дапаможа лепей зразумець мэханізмы некаторых псыхічных праблем у людзей. Напрыклад, абсэсыўна-кампульсыўны разлад, дэпрэсыя й СДУГ.
Звычайна паколваньні ў нагах зьяўляюцца вынікам кепскай цыркуляцыі крыві ў канцавінах, але часам гэта можа сьведчыць пра наяўнасьць паразыта, які пасяліўся ў мазґах. Менавіта такая гісторыя абылася з 30-гадовай жанчынай, у якой неўзабаве пасьля вандроўкі выявілі ангіястрангілёз.
Гэтая глісная інфэкцыя разьвіваецца ў выніку імуннай рэакцыі арґанізму на паразыта Angiostrongylus cantonensis. Жыцьцёвы цыкль A. cantonensis пачынаецца пасьля таго, як пацук зьесьць інфікаванга смаўжа, альбо іншага гаспадара. Пасьля паразыт паступова мігруе ў лёгкія грызуна, дзе адкладае яйцы, зь якіх хутка выводзяцца лярвы (лічынкі). Потым лярвы пачынаюць кароткае й захапляльнае падарожжа па арґанізму пацука, пакуль не пакінуць яго разам са спражненьнямі, якія мусіць зьесьці смоўж альбо сьлімак, каб жыцьцёвы цыкль паразыта працагваўся.
Аднак часам у гэты кругазварот могуць далучацца іншыя жывёлы й расьліны, што павышае імавернасьць перадачы інфэкцыі чалавеку, напрыклад, з кепска памытай гароднінай і недаваранымі ракападобнымі.
У апісаным выпадку сымптомы пацыенткі спачатку выглядалі даволі нявінна: праз колькі дзён пасьля вяртаньня з падарожжа па Японіі, Тайляндзе й Гаваях, жанчына пачала адчуваць лёгкае паколваньне ў нагах. Потым дадалася яшчэ й стомленасьць, але пацыентка зьвязала гэта са зьменай часавых пасаў.
Праз пэўны час жанчына зьвярнулася да лекараў, бо стан не паляпшаўся. Аналіз выявіў сьціплае павышэньне ўзроўню леўкацытаў, што сьведчыла пра наяўнасьць нейкай інфэкцыі, але вызначыць яе было складана. Зь цягам часу ў пацыенткі праявілася яшчэ ліхаманка й зблытанасьць сьвядомасьці. Тут ужо мэдыкі вывучылі сьпінамазгавую вадкасьць, дзе знайшлі прыкметы інфэкцыі мазґоў і нарэшце паставілі дыягназ.
Пасьля 3 тыдняў лячэньня, жанчына ачуняла. Але варта адзначыць, што ангіястрангілёз можа быць даволі небясьпечнай хваробай. Напрыклад, у 2010 годзе 19-гадовы хлопец з Аўстраліі зьеў жывога смаўжа, падхапіў A. cantonensis, прабыў у коме 14 месяцаў і памёр у 2018 годзе ад шматлікіх ускладненьняў пасьля ангіястрангілёзу.
Пухліна ў мазґах жанчыны аказалася жывым чарвяком
Жанчына тры гады праходзіла плянавыя абсьледваньні пасьля апэрацыі па выдаленьню пухліны малочнай залозы. Падчас аднаго зь візытаў у пацыенткі выявілі нешта падазронае ў цемянной долі мазґоў. Паводле вынікаў МРТ-сканаваньняў, лекары паставілі дыягназ "рак 4 стадыі" і прапанавалі апэрацыю. Жанчына не пагадзілася, і вярнулася дадому ў Сакартвэла.
Празь некаторы час у яе здарыўся сутаргавы прыступ, які вымусіў зьвярнуцца па дапамогу да нэўрахірургаў. Мэдыкі зрабілі паўторнае МРТ-сканаваньне, і выявілі, што "пухліна" ужо была ў скроневай долі мазґоў. Такія перасоўваньні ім не ўласьцівыя, таму лекары западозрылі мэтастазы й заплянавалі апэрацыю.
Падчас апэрацыі хірургі пухліны не знайшлі, але ў мазґах быў жывы 15-сантымэтровы паразыт. Знаходку даслалі адмыслоўцам, які вызначылі, што гэта сьвіны цэпень Taenia solium.
Імаверна, гэта першы падобны выпадак, таму хірургі рыхтуюць публікацыю ў навуковым часопісе. А пацыентка пасьля апэрацыі пачуваецца добра.
Навукоўцы высьветлілі, чаму памідоры нас не забіваюць
Калісьці ў Эўропе лічылі, што спажываньне памідораў можа прывесьці да хваробы й нават сьмерці. І гэтыя асьцярогі мелі падставы, але справа была ня толькі ў памідорах. У той час заможныя людзі карысталіся посудам са сплаву цыны (Sn) з волавам (Pb). Калі кіслоты з памідораў траплялі на такую талерку, яны вымывалі нэўратаксычнае волава, што й выклікала атручэньне.
Аднак, як і іншыя расьліны зь сямейства пасьлёнавых, памідоры ўтрымліваюць таксычныя стэроідныя глікаалькалёіды. У вялікіх дозах яны выклікаюць млоснасьць, сутаргі й нават унутраныя крывацёкі. Але чаму ж мы спакойна ямо памідоры, а, напрыклад, падобныя да іх плады бульбы — не?
Навукоўцы з Сычуаньскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што па меры пасьпяваньня памідораў у іх запускаецца працэс разбурэньня згаданых таксынаў. Галоўным у гэтым працэсе аказаўся бялок DML2: ён «уключае» гены, якія расшчапляюць глікаалькалёіды да бясьпечнага эскулеазіду A. Калі ж гэты бялок заблякаваць, узровень таксынаў у пладох застаецца высокім нават пасьля поўнага пасьпяваньня.
Параўнаўшы ДНК сучасных памідораў зь іх дзікімі сваякамі, дасьледнікі высьветлілі, што ў працэсе акультурваньня ўзровень таксынаў зьніжаўся, а плады станавіліся ўсё большымі, чырвонымі й саладзейшымі. Менавіта таму нават недасьпелыя памідоры можна есьці спакойна.
Псыхолягі разабраліся ў прычынах, чаму некаторыя з нас добра запамінаюць сны
Новае дасьледаваньне ў Communications Psychology, паказала, што здольнасьць прыгадваць сны залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў і характару сну. Вынікі сьведчаць, што людзі, схільныя да роздумаў і зацікаўленыя ў снах, часьцей іх памятаюць, а працяглая фаза хуткага сну павышае імавернасьць прыгадваньня сюжэту.
У дасьледаваньні ўдзельнічала больш за 200 чалавек у веку ад 18 да 70 гадоў, якія запісвалі свае сны цягам 15 дзён. Адначасова спэцыялісты адсочвалі іхні сон з дапамогай смарт-гадзіньнікаў і псыхамэтрычных тэстаў.
Вынікі паказалі, што людзі, схільныя да роздумаў і цікаўныя да сноў, згадваюць іх часьцей. Таксама вялікую ролю адыгрывае фаза хуткага сну: чым яна даўжэйшая, тым вышэй імавернасьць запомніць сон. Маладзейшыя ўдзельнікі ўзгадвалі сны часьцей, у той час як старэйшыя людзі часьцей сутыкаліся з так званымі "белымі снамі" — адчуваньнем сну без канкрэтных успамінаў.
Цікава, што ўзімку людзі ўзгадвалі сны радзей, чым вясной, што можа быць зьвязана з сэзоннымі зьменамі ў біярытмах.
Лекар дзякуючы пацыенту зразумеў, што перажыў інфаркт
Канадзкі лекар Крыс Лёрэта выявіў у сябе сымптомы інфаркту падчас лячэньня пацыента з такім жа дыягназам. Чатыры месяцы ён адчуваў боль у грудзях падчас бегу й дыскамфорт у горле, але тлумачыў гэта кіслотным рэфлюксам. Нават калі лекі не дапамагалі, ён працягваў ігнараваць сымптомы.
Усё зьмянілася, калі падчас дзяжурства ён дапамагаў пацыенту з масіўным інфарктам і пачуў апісаньне сымптомаў. Яны цалкам супадалі з тым, што сам адчуваў Лёрэта. Калегі настаялі на тэрміновых аналізах крыві й ЭКГ, якія пацьвердзілі інфаркт.
Лекар і ягоны пацыент былі шпіталізаваныя ў адзін і той жа медцэнтар, апынуўшыся нават у палатах насупраць. Лёрэта паставілі стэнты для нармальнага крывябегу й перавялі ў спэцыялізаваную клініку для дадатковых працэдур. Цяпер ён праходзіць кардыярэабілітацыю й прызнае, што мусіў сурʼёзьней ставіцца да здароўя.
Дзікія рыбы пазналі дайвэраў па гарнітурах
Навуковыя дайвэры ў Міжземным моры некаторы час таму пачалі заўважаць, што мясцовыя рыбы могуць запамінаць людзей, якія некалі іх кармілі. Таму нямецкія навукоўцы зладзілі шэраг досьледаў, у якіх высьветлілася, што рыбы ў запамінаньні людзей арыентуюцца на зьнешнія прыкметы.
Дасьледаваньні ладзіліся ў натуральным асяродзьдзі, дзе рыбы свабодна ўдзельнічалі ў выпрабаваньнях. Спачатку іх прывучалі плыць за дайвэрам, які іх карміў. Потым гэты ж дайвер ныраў разам з калегам, але толькі адзін зь іх даваў ежу. Празь некалькі дзён рыбы пачалі сьвядома выбіраць патрэбнага чалавека, а калі дайверы апускаліся ў аднолькавых гарнітурах, яны перасталі іх адрозьніваць. Гэта даказвае, што рыбы арыентаваліся на дэталі экіпіроўкі, імаверна, на колер. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што зь цягам часу рыбы маглі б навучыцца распазнаваць і больш тонкія адрозьненьні ў выглядзе чалавека.
"Дэсэртны страўнік" знайшоўся ў мазґах
Нямецкія навукоўцы паспрабавалі разабрацца, чаму людзей часта цягне на салодкае нават пасьля наеднага абеду. Для гэтага яны спачатку вывучылі рэакцыю мышэй на цукар і высьветлілі, што цалкам наетыя мышы таксама актыўна елі дэсэрты. Наступнае дасьледаваньне мазґоў выявіла ў грызуноў групу нэўронаў (POMC), якія актываваліся, калі мышы атрымлівалі доступ да цукру, што спрыяла апэтыту.
Мэханізм такой парадаксальнай зьявы аказаўся вельмі цікавым. Калі мышы наеліся й наверх пачаставаліся яшчэ цукрам, то згаданыя нэўроны пачыналі прадукаваць сыгнальныя малекулы, якія стымулююць пачуцьцё наетасьці, і бэта-эндарфін (адзін з уласных апіятаў арґанізму). Апошні пачынаў настуральным чынам зьвязвацца з апіятнымі рэцэптарамі на іншых вузах, што выклікае пачуцьцё нагароды, і мышы вымушаныя есьці цукар нават пасьля таго, як наеліся.
Прытым такі шлях актывацыі нагароды актываваўся толькі тады, калі грызуны зьядалі дадатковую порцыю цукру пасьля прыёму ежы. Калі ўсё абмяжоўвалася толькі звычайнай альбо тлустай ежай, то на салодкае наетых мышэй не цягнула. Штучнае блякаваньне выдзяленьня бэта-эндарфіну таксама дазваляла мышам утрымацца ад спажываньня дадатковага цукру.
На фінальным этапе аўтары зладзілі сканаваньне мазґоў людзей, якія атрымлівалі цукровы сыроп праз трубачку, і выявілі аналягічную карціну. На цукар рэагавала тая ж вобласьць мазґоў, дзе побач знаходзяцца апіятныя рэцэптары й нэўроны наетасьці.
Птушкі, нягледзячы на агульнага продка, разьвілі свае мазґі незалежна ад сысуноў
Аўтары дзьвюх новых публікацый у Science паказалі, што птушкі, паўзуны й сысуны незалежна адно ад аднаго разьвілі складаныя нэўронныя ланцугі, нягледзячы на агульнага продка. Адкрыцьцё ставіць пад сумнеў папярэднія ўяўленьня пра разьвіцьцё мазґоў, паводле якіх паліюм — вобласьць, дзе фармуецца адказны за кагнітыўныя функцыі нэакортэкс — меў аднолькавае паходжаньне ў згаданых клясах, а адрозьніваўся толькі складанасьцю будовы.
У першым дасьледаваньні міжнародная група навукоўцаў высьветліла, што ў птушак і сысуноў фармуюцца падобныя нэўронныя ланцугі, але з розным наборам ґенаў. У другім дасьледаваньні каманда стварыла падрабязны атляс мазґавых вузаў птушак, паўзуноў і сысуноў. У выніку аказалася, што птушкі захавалі тармазныя нэўроны, агульныя для ўсіх хрыбетных, але іхнія ўзбуджальныя нэўроны, якія перадаюць інфармацыю, эвалюцыянавалі іначай.
Так, некаторыя тыпы вузаў, напрыклад зьвязаныя з памяцьцю, аказалія старыжытнымі й агульнымі для розных відаў, аднак агулам мазґі птушак і сысуноў разьвіваліся сваімі ўнікальнымі шляхамі.
Як і людзі, макакі асацыююць словы з выявамі
Група мэксыканскіх і амэрыканскіх навукоўцаў высьветліла, што макакі могуць зьвязваць словы з выявамі. Раней такія крос-мадальныя асацыяцыі лічыліся ўласьцівымі толькі людзям.
У досьледзе жывёламі прайгравалі запісаныя чалавекам словы й вакалізацыі іншых макак, а потым на экране паказвалі выяву таго, пра што казаў чалавек.
Пасьля шэрагу паўтарэньняў аўтары замянялі голас чалавека на запісах, аднак макакі працягвалі правільна суадносіць гук з выявай на экране [ім трэба было абраць неабходную выяву зь некалькіх]. То бок, жывёлкі запаміналі ня проста гучаньне слова, а фактычнае
Афтальмолягі знайшлі сьціплую сувязь паміж прэпаратам Ozempic і пагаршэньнем зроку
Ў апублікаваным дасьледаваньні лекары апісалі некалькі впадкаў праблемаў са зрокам, якія могуць быць зьвязаныя з прыёмам прэпаратаў ад атлусьценьня й дыябэту, такімі як Ozempic, Wegovy, Zepbound і інш.
Дыягнаставаныя захворваньні пераважна былі зьвязаныя з зровакай нэрвай, а ў адным выпадку з судзінамі сеткавіцы. Пры адсутнасьці лячэньня яны могуць прывесьці да сьлепаты. Аднак у апісаных выпадках зрок да людзей вяртаўся альбо пераставаў пагаршацца пасьля спыненьня прыёму прэпарату.
Аўтары падкрэсьліваюць, што трывогу біць пакуль рана, бо амаль усе пацыенты мелі дыябэт 2 тыпу ў анамнэзе, а пры гэтым захворваньні падобныя "зрокавыя" праблемы часам здараюцца праз хуткія зьмены ўзроўню глюкозы ў крыві.
"Дэтокс дні" на соках могуць нанесьці шкоду кішэчніку
Некаторыя варыянты дыет і інтэрвальнага галадаваньня прапануюць спажываць сьвежыя сокі цягам 3 дзён. Мяркуецца, што гэта насыціць арґанізм вітамінамі, а таксама дапаможа пазбавіцца шкодных рэчываў [калі печань у адпачынку]. Аднак у соках вельмі мала абалоніны (цэлюлёзы), што можа мець нэгатыўныя наступствы для арґанізму, бо мікрафлора пачне абурацца.
Таму аўтары невялікага дасьледаваньня з удзелам 14 чалавек пастанавілі спраўдзіць, ці можа кароткатэрміновы недахоп абалоніны адбіцца на паказьніках здароўя. Для гэтага людзей падзялілі на тры групы й прапанавалі цягам 3 дзён прытрымлівацца адной з трох дыет: цэльная расьлінная ежа, толькі сокі, альбо звычайныя прадукты (кантрольная). Ва ўсіх удзельнікаў/удзельніц навукоўцы вывучалі мікрабіём роту й кішэчніка перад, падчас і пасьля досьледу.
Такім чынам высьветлілася, што ў людзей, якім давялося спажываць толькі сокі, адбыліся даволі выразныя зьмены. Напрыклад, у роце зьменшылася колькасьць карысных бактэрый Bacillota і павялічылася папуляцыя зьвязаных з запаленьнем Pseudomonadota. Мікрабіём кішэчніка ў гэтай групе таксама зьмяніўся падобным чынам, толькі ня так выразна. Агулам аўтары заўважылі станоўчыя зьмены кішэчнай мікрафлоры толькі ў групе з расьліннай дыетай.
Дасьледнікі знайшлі спосаб ідэальнай варкі яец
Складанасьць варкі яец палягае ў тым, што жаўток і бялок маюць розны хімічны склад, а таму й тэмпэратура прыгатаваньня для іх будзе рознай: 65 і 85 градусаў адпаведна. Таму часта ў звараным яйцы можна сустрэць вадкі жаўток, альбо гумавы бялок. Аднак навукоўцы паведамляюць, што мэтад пэрыядычнай варкі цягам 32 хвілін дапаможа вырашыць гэтую праблему.
Аўтары стварылі матэматычныя мадэлі перадачы цяпла ў бялку й жаўтку, і змадэлявалі розную па часе "варку" з рознымі тэмпэратурамі. Тут і высьветлілася, што шматразовыя ваганьні тэмпэратуры ад 100 да 30 градусаў дазваляюць жаўтку й бялку награвацца незалежна адзін ад аднаго.
На наступным этапе дасьледнікі пачалі гатаваць яйкі рознымі спосабамі: усьмятку, укрутую й у герметычным пакеце (sous vide). Потым усё гэта дадаткова дасьледавалася з дапамогай спэктраскапіі, тэстаў на цьвёрдасьць, а таксама дэгустатарамі ацэньваліся смакавыя паказьнікі.
У выніку пераможцам назвалі зваранае новым спосабам яйцо. Ягоны бялок быў падобны на бялок зварана ўсьмятку яйца, а жаўток быў як пасьля варкі ў герметычным пакеце.
Канчаткова тэхналёгія выглядае наступным чынам: трэба падрыхтаваць адзін рондаль з кіпнем, а другі цёплай вадой (30°С). Спачатку яйцо трэба палажыць у кіпень на 2 хвіліны, а потым пералажыць у цёплую ваду на такі ж час. Потым паўтарыць гэта 8 разоў (32 хвіліны).
Пэрсаналізаваная вакцына ад рака паказала эфэктыўнасьць у першых выпрабаваньнях
Раньняя фаза выпрабаваньняў пэрсаналізаванай вакцыны супраць рака ныркі паказала пэрспэктыўны старт: прэпарат аказаўся бясьпечным і выклікаў сталы імунны адказ у 9 чалавек з рызыкай рэцэдыву.
Сама вакцына скіраваная на мутацыі ў пэўных генах, якія з высокай імавернасьцю выкклікаюць разьвіцьцё рака нырак. За тры гады назіраньняў былі зафіксаваныя толькі нязначныя пабочныя эфэкты, падобныя на грып.