Бургеры зь ялавічыны лепш за соевыя аналягі нарасьцілі цяглічную масу
Амэрыканскія дасьледнікі параўналі, як арганізм перапрацоўвае бялкі з традыцыйных мясных катлет і веганскіх. Для гэтага паклікалі 24 чалавек ў веку ад 18 да 40 гадоў, разьмеркавалі іх выпадковым чынам на тры групы, і папрасілі зьесьці катлеты. Потым аўтары адсочвалі эфэктыўнасьць сынтэзу бялкоў.
У выніку аказалася, што катлеты зь ялавічыны найбольш эфэктыўна засвойваліся арганізмам, але ёсьць нюанс.
Калі паглядзець на дэмаграфічныя зьвесткі людзей, якія бралі ўдзел ў дасьледаваньні, то выявіцца, што ў групу "мясной катлеты" трапілі маладзейшыя людзі. Фактычна аўтары параўновалі 30 гадовых з 40 гадовымі. І гэта крытычны недахоп, бо сынтэз бялкоў моцна залежыць ад узросту.
Таксама паведамляецца, што гэтае дасьледаваньне фінансавалася Нацынальнай асацыяцыяй жывёлаводаў.🤦🏻♂️
Працяглае стаяньне на нагах павысіла рызыку парушэньняў кровазвароту, але аказалася больш бясьпечным, чым працяглае сядзеньне
Аналіз зьвестак больш як 83 000 чалавек з брытанскага біябанка паказаў, што час, праведзены стоячы, не ўплывае на рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў, але зьвязаны з павышанай імавернасьцю ортастатычных (зьвязаных з гравітацыяй) парушэньняў кровазвароту. Найбольш выразна эфэкт праяўляўся ад 12 гадзін стаяньня. У той жа час больш за 10 гадзін на дзень седзячы павысіла рызыку разьвіцьця як артастатычных праблем, так і сэрцава-судзінных захворваньняў.
На чытаньне кароткіх паведамленьняў мазґам дастаткова каля 150 мілісэкунд
Адмыслоўцы з Нью-Ёрцкага ўнівэрсытэту высьветлілі, што чалавечыя мазґі здольныя вызначыць граматычную структуру кароткага сказа ўсяго за 150 мілісэкундаў пасьля яго зьяўленьня на экране.
Падчас экспэрымэнту людзям паказвалі кароткія сказы (напрыклад, «dog lіke bacon») альбо проста сьпісы назоўнікаў. Пры дапамозе магнітаэнцэфалаграфіі, якая дазваляе адсочваць актыўнасьць мазґоў, навукоўцы зафіксавалі, што левая скроневая кара, адказная за моўнае ўспрыманьне, ужо праз 130 мілісэкундаў адрозьнівала сказы ад простых сьпісаў.
Аўтары адзначаюць, што такая хуткасьць успрыманьня нагадвае імгненнае распазнаньне візуальнай сцэны, а не паступовае асэнсаваньне напісанага. Гэта значыць, што мазґі здольныя вызначыць структуру простага сказу з трох словаў гэтак жа хутка, як чалавек пачуе й распазнае адзін склад.
Нашая апытанка выявіла вялікую колькасьць аматараў вострых страў, таму колькі словаў пра капсаіцын
Капсаіцын - актыўнае рэчыва з клясы алкалёідаў, дзякуючы якому пэўныя расьліны могуць абараніцца ад траваедных жывёлаў і некаторых людзей. Калі мы ямо, напрыклад, перац чылі, то капсаіцын пачынае ўплываць на рэцэптары болю TRPV1. Яны прысутнічаюць ня толькі ў сьлізьніцы, але й у скуры, і звычайна актывуюцца высокай тэмпэратурай. Калі капсаіцын зьвязваецца з гэтымі рэцэптарамі (TRPV1 пачынаюць прапускаць катыёны Ca у сэнсарныя нэўроны), нашыя мазґі пачынаюць біць трывогу, бо ўсё выглядае нібы зараз будзе моцны апёк. Але капсаіцын не пашкоджвае тканкі. Толькі ілюзыя.
Аналягічны эфэкт будзе й ад іншых падобных рэчываў, якія можна знайсьці ў складзе вострага перца. Яны называюцца капсаіцыноідамі, і ў таго ж перца чылі іх 4-5 у калекцыі. Аднак асноўную ролю ў пакучасьці грае менавіта капсаіцын, бо яго проста больш.
Варта адзначыць, што капсаіцын ўплывае толькі на сысуноў. Птушкі могуць спакойна есьці нават самы востры перац. Мяркуецца, што гэта эвалюцыйны мэханізм, які дапамагае перцам Capsіcum размнажацца: у траваедных ёсьць зубы, якімі яны могуць перацерці насеньне расьліны, а птушкі зубоў не маюць, таму перцы ім больш сымпатызуюць.
Дасьледнікі ажывілі сьвіныя мазґі праз гадзіну пасьля сьмерці
Кітайскім навукоўцам удалося часткова аднавіць актыўнасьць сьвіных мазґоў амаль праз гадзіну пасьля прыпынку кровазвароту (ішэміі). Гэта адкрыцьцё можа спрыяць распрацоўцы новых мэтадаў рэанімацыі людзей пасьля спыненьня сэрца й павышэньню шанцаў на пасьпяховае аднаўленьне мазґавых функцый.
Вядома, што спыненьне кровазвароту ў мазґах можа прывесьці да незваротных наступстваў цягам колькіх хвілін. Каб хоць неяк запаволіць працэс пашкоджаньня мазґоў, навукоўцы вывучаюць, якім чынам розныя органы могуць на гэта паўплываць. Печань, праз свае функцыі ачышчэньня крыві, выглядае добрым кандыдатам на вывучэньне, таму на ёй і сканцэнтраваліся навукоўцы.
Каманда дасьледавала ўплыў ішэміі на мазґі й печань, параўнаўшы дзьве групы сьвіней. У першай групе ішэмія закранала толькі мазґі, а ў другой — і мазґі, і печань. На гэтым этапе выявілася, што ў сьвіней, чыя печань не пацярпела ад ішэміі, было менш пашкоджаньняў мазґоў.
На наступным этапе навукоўцы падключылі печань да сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня, каб аднавіць працу мазґоў. Такім чынам было выяўлена, што мазґі сьвіней, якія не атрымлівалі кіслароду цягам 50 хвілін, маглі аднаўляць электрычную актыўнасьць на 6 гадзін. Аднак калі мазґі былі пазбаўленыя кіслароду больш за гадзіну, аднаўленьне працягвалася толькі каля трох гадзін.
Такія вынікі сьведчаць аб важнай ролі печані ў абароне мазґоў пасьля спыненьня сэрца й могуць адкрыць новыя шляхі для паляпшэньня мэтадаў рэанімацыі й аднаўленьня пацыентаў.
Сталі вядомыя пераможцы штогадовага фотаконкурсу Nikon Small World
Конкурс мікрафатаграфіі ладзіцца з 1974 году. Сёлета на яго даслалі больш за 2100 выяваў з 80 краін. У падборцы вышэй некаторыя зь іх, а ўсіх фіналістаў можна пабачыць тут.
Воспа малпаў (mpox) другі раз за апошнія два гады стала ”надзвычайнай сытуацыяй для сыстэмы аховы здароўя”. Першапачаткова лякалізаваныя ў Афрыцы выпадкі хваробы цяпер пачінаюць пашырацца і на Эўропу. На картках вышэй сабраў асноўную інфармацыю пра хваробу.
Читать полностью…Вочны паразыт знайшоўся ў дзікай прыродзе ЗША
У ЗША выявілася трывожная тэндэнцыя: інвазыйныя паразытычныя чарвякі Thelazia callipaeda пашыраюць свой арэал, і перакідваюцца на новых жывёл. Кагадзе чарвякоў знайшлі ў мясцовага чорнага мядзьведзя.
T. callipaeda перадаюцца паміж жывёламі мухамі, зьнешне падобнымі на звычайных. Адрозьненьне толькі ў тым, што яны харчуюцца біялягічнымі вадкасьцямі, прытым перавагу аддаюць сьлёзам. Таму лічынкі чарвякоў трапляюць на муху з вока інфікаванай жывёлы, разьвіваюцца ў ейным кішэчніку, а потым зноўку трапляюць на вока здаровай жывёлы альбо чалавека, дзе цыкл паўтараецца.
Першыя выпадкі заражэньня ў штатах былі зафіксаваныя ў 2018 годзе (сам паразыт быў апісаны ў 1910 годзе ў Кітаі). З тых часоў паразытаў знаходзілі толькі ў хатніх гадаванцаў, аднак цяпер паразыту ўдалося адаптавацца, і перайсьці ў дзікую прыроду, як гэта адбылося ў Азіі й Эўропе.
Курс прабіётыкаў скончыўся для пажылога японца сьмерцю
У нядаўняй справаздачы японскія мэдыкі апавялі пра сьмяротны выпадак, прычынай якога стала папулярны прабіётык.
70-гадовы мужчына быў шпіталізаваны зь цяжкай формай COVID-19, дзе яму прызначылі імунадэпрэсанты, каб імунная сыстэма ня так моцна рэагавала на вірус. Пацыент хутка ачуняў, аднак прэпараты маглі справакаваць у яго дыярэю, таму быў прызначаны прафіляктычны курс прабіётыкаў з бактэрыяй Clostridium butyricum. Празь месяц у мужчыны пачаўся моцны боль у жываце, яго зноў шпіталізавалі. Аднак стан пацыента пагаршаўся так імкліва, што намаганьні мэдыкаў аказаліся марнымі.
Анатамаваньне паказала, што прычынаю сьмерці мужчыны стала поліорганная нястача, якая разьвілася на фоне заражэньня крыві. Уласна інфэкцыю выклікалі бактэрыі C. butyricum, якія, як потым высьветлілася, былі ґенэтычна ідэнтычнымі штаму з прабіятычнага прэпарату.
Агулам прабіётыкі разглядаюцца ў якасьці эфэктыўнага спосабу аднаўленьня нездаровага мікрабіёму чалавека. У прыватнасьці, C. butyricum вывучаліся ў якасьці дадатковага сродку лячэньня цяжкіх інфэкцый і "ўзмацняльніка" імунатэрапіі рака. І хоць агулам згаданыя бактэрыі ёсьць бясьпечнымі, рэдка яны могуць справакаваць жудасныя пабочныя эфэкты, асабліва ў людзей з паслабленым імунітэтам.
Аўстралійцы навучылі кракадзілаў не есьці атрутных жаб
Жабы ага (Rhinella marina) зьявіліся ў Аўстраліі ў 1930-х гадах. Тады меркавалася, што яны будуць ахоўваць цукровае трысьцё ад шкоднікаў, але хутка земнаводнае стала вялікай праблемай.
Атрутныя жабы хутка распаўсюдзіліся па кантынэнту, а непадрыхтаваныя мясцовыя драпежнікі прыняліся іх есьці. Аднак таксыны ага такія моцныя, што амаль заўсёды прыводзілі да гібелі драпежнікаў, таму аніякіх урокаў на будучыню апошнія не выносілі.
Урэшце заолягі прыняліся ратаваць мясцовую фаўну. Яны лавілі інвазыўных жабак, выдалялі ім таксычныя залозы й уводзілі хімікаты, якія выклікалі ваніты ў драпежнікаў. Такім чынам удалося навучыць варанаў і куніц не чапаць атрутных жаб.
Цяпер такі мэтад пасьпяхова ўжылі й да прэснаводных карадзілаў Crocodylus johnstoni. Дасьледнікі ўсталявалі каля 2 400 прынад з курынымі шыямі (кантроль) і тушкамі ага, якія мусілі выклікаць лёгкае атручэньне ў кракадзілаў.
У выніку паўзуны спачатку елі прынады без разбору, а ўжо праз 5 дзён, акурат пасьля зьнікненьня сымптомаў атручэньня, тушкі жаб не чапалі.
Ін'екцыі мадыфікаванай формы ВІЧ зьнізілі вірусную нагрузку ў 1000 разоў
Амэрыканскія навукоўцы зрабілі значны значны крок у лячэньні ВІЧ, распрацаваўшы новы тып тэрапіі на аснове вірусу. Дасьледчыкі стварылі так званыя тэрапэўтычныя інтэрфэрэнцыйныя часьцінкі (TІP) з дэфэктных вэрсый віруса імунадэфіцыту чалавека, якія перашкаджаюць нармальнай рэплікацыі віруса ў арганізьме. Прытым самі яны размнажацца й выклікаць хваробу ня могуць.
У экспэрымэнтах на малпах высьветлілася, што аднаразовая інʼекцыя TІP прывяла да зьніжэньня віруснай нагрузкі больш чым у тысячу разоў на працягу прынамсі 30 тыдняў і падоўжыла жыцьцё жывёлаў. Гэта адкрыцьцё дае надзею на стварэньне эфэктыўнага й доўгатэрміновага лячэньня ВІЧ, які ў цяперашні час патрабуе пажыцьцёвага прыёму антырэтравірусных прэпаратаў штодня.
Варта адзначыць, што дэфэктныя інтэрферэцыйныя часьцінкі (DІP) раптоўна ўтвараюцца падчас рэплікацыі вірусаў агулам. Адкрытыя яны былі ў 1940-х гадах для вірусу грыпа. Потым зьявілася ідэя выкарыстоўваць такія часьцінкі ў тэрыпеўтычных мэтах.
Звычайны боль у горле стаў сымптомам анэўрызмы соннай артэрыі ў пажылой жанчыны
Францускія лекары апавялі пра незвычайны выпадак паталягічнага пашырэньня сонных артэрыяў у 60-гадовай пацыенткі, якія цягам амаль 2 месяцаў скардзілася на боль у горле. У анамнэзе жанчыны былі некаторыя эндакрынныя захворваньні й праблемы мэтабалізму, адна яны не маглі стаць прычынаю сымптомаў.
Потым оталярынголяг пабачыў даволі вялікае выпукленьне ў горле пацыенткі, адкуль узялі пункцыю. Пасьля высьветлілася, што гэта было вельмі рызыкоўна. У выніку толькі на тамаграме выявілася сапраўдная прычына немачы пацыенткі: двухбаковая анэўрызму ўнутраных сонных артэрыяў (35 і 19 мм). Гэта даолі рэдкая паталёгія, якая складае менш за 1% паталёгій сонных артэрыяў.
Пра наступнае лячэньне й стан пацыенткі ў артыкуле не паведамляецца.
У Аўстраліі плянуюць разводзіць качкадзюбаў
Паводле некаторых ацэнак, сёньня дзікая папуляцыя качкадзюбаў складае каля 50 000 асобінаў, і яна паступова скарачаецца праз страту натуральнага асяродзьдзя й прысутнасьць інвазыўных драпежнікаў. Ускладняецца сытуацыя й тым, што ў няволі гэтыя дзіўныя жывёлы не надта добра размнажаюцца. Так, з 1943 году ў заапарках нарадзілася толькі 23 асобіны.
У новым буйным цэнтры, які адкрыўся сёлета ў ліпені, будуць вывучаць рэпрадуктыўныя паводзіны жывёл, каб палепшыць эфэктыўнасьць гадаваньня качкадзьбаў ў няволі. Пакуль у будынку на 2 800 кв. м. жыве дзьве пары жывёл. Таму яны карыстаюцца штучнымі ручаямі, рэзэрвуарамі з вадой і глебай. Агулам у будынку можна часова зьмясьціць 65 качкадзюбаў зь дзікай прыроды, каб уратаваць іх засухі й пажараў.
⚠️ Мужчына запхаў у сябе вугра, а той прагрыз яму кішэчнік
Віетнамскія мэдыкі апавялі пра жахлівую гісторыю, якая здарылася з 31-гадовым мужчынам.
27 ліпеня ён зьвярнуўся па дапамогу, бо адчуваў моцны боль у жываце. Падчас стандартнага апытаньня пацыент прызнаўся, што сам засунуў сабе ў анус жывога вугра.
Мэдыкі хутка візуалізавалі месца, дзе знаходзілася істота, і распачалі працэдуру рэктальнага выдаленьня. Аднак высьветлілася адна акалічнасьць, якая ўсё ўскладніла: мужчына запхаў яшчэ й лімон, відаць, каб вугар не вылез.
Тым часам боль узмацняўся, і мэдыкі пастанавілі даставаць рыбіну хірургічным шляхам. Аказалася, што на той момант вугар прагрыз тоўстую кішку й апынуўся ў брушной поласьці разам са зьместам кішэчніку.
Хірургі ў выніку дасталі вугра й лімон, праўда давялося выдаліць частку верхняй тоўстай кішкі, каб не дапусьціць цяжкіх наступстваў для пацыента. Даўжыня знаходкі была каля 60 см.
У справаздачы нічога не гаворыцца пра матывацыю мужчыны, толькі зьвяртаецца ўвага на тое, што часьцяком маладыя людзі ідуць на такія небясьпечныя экспэрымэнты ў пошуках новага сэксуальнага досьведу.
Цікава, што гэта ня першы падобны выпадак у краіне. Напрыклад, у сакавіку хірургі таксама дасталі 30-сантымэтровага вугра з брушной поласьці мужчыны. Праўда той не прызнаўся, якім чынам жывёліна там аказалася.
Гарадзкія дрэвы маюць больш жорсткае лісьце й менш пакутуюць ад вусякоў
Высьветлілі гэта кітайскія навукоўцы, калі сабралі каля 5 500 узораў лісьця з 180 дрэваў у розных раёнах Пэкіну.
Дасьледнікі вывучылі памеры, жорсткасьць, колькасьць спажыўных рэчываў ва ўзорах, а таксама прыкметы пашкоджаньня вусякамі. Аказалася, што лісьце з дрэваў, якія расьлі недалёк ад вулічных ліхтароў мелі больш цьвёрдае й цэлае лісьце.
З чым зьвязаны такі эфэкт — невядома, аднак ужо можна сказаць дакладна, што скарачэньне зьедзенага вусякамі лісьця зьнізіць колькасьць энэргіі, якая трапіць у спажыўны ланцужок, што нэгатыўна адабʼецца на гарадзкой біяразастайнасьці.
Дасьледнікі вызначылі новы стыль цікаўнасьці пры чытаньні вікіпэдыі
Уявім сабе сытуацыю: вы зайшлі пачытаць артыкул на вікіпэдыі, у тэксьце пстрыкнулі на спасылку, потым яшчэ раз, і вось вы ўжо з імпэтам чытаеце артыкул, які зусім не зьвязаны з тэмай вашага першапачатковага пошуку. Імаверна, у вас такое было й ня раз. Такі стыль атрыманьня інфармацыі мае назву "пляткар/ пляткарка" (busybody).
Аднак ёсьць і іншы патэрн, калі людзі мэтанакіравана шукаюць патрэбную зараз інфармацыю. Такі стыль навукоўцы называюць "паляўнічы" (hunter). Цяпер высьветлілася, што тое, якому стылю пошуку інфармацыі людзі аддаюць перавагу, можа шмат сказаць пра культуру, у якой яны гадаваліся.
Дасьледчая каманда з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту вывучыла звычкі 482 760 карыстальнікаў і карыстальніц вікіпэдыі з 50 краін сьвету, і знайшлі некаторыя адрозьненьні ў патэрнах узаемадзеяньня з сайтам. Так, у краінах зь нізкім узроўнем адукацыі й ґендэрнай роўнасьці, людзі часьцей прытрымліваліся стылю "паляўнічы", і шукалі толькі цесна зьвязаную з запытам інфармацыю. А ў краінах з большай роўнасьцю й даступнасьцю адукацыі вікіпэдыю праглядалі больш шырока, з большай разнастайнасьцю тэмаў.
Аўтары мяркуюць, што такія вынікі паказваюць на значны ўплыў культуры на цікаўнасьць і пазнаньне. Што праўда, дакладна вызначыць, з чым менавіта зьвязаная розьніца ў стылях пошуку пакуль складана, але ёсьць гіпотэзы*.
Аднак самае цікавае ў гэтым дасьледаваньні тое, што аўтары сьцьвердзілі наяўнасьць трэцяга стылю пошуку інфармацыі: "танцор/ танцорка" (dancer). У гэтым выпадку чалавек таксама скача з тэмы на тэму, але робіць гэта не наздагад, а так, каб яны выбудоўваліся ў цэльную карціну. Такі стыль сьведчыць пра творчы падыход і наяўнасьць міждысцыплінарнага мысьленьня, што дапамагае пабачыць сувязі там, дзе іншыя іх ня бачаць.
Ліхаманка Заходняга Нілу справакавала ў амэрыканкі сымптом вялікай панды
Празь некаторы час пасьля трансплянтацыі ныркі 53-гадовая жынчына трапіла ў лякарню зь ліхаманкай і болем у жываце. Пасьля апэрыцыі пацынтка прымала лекі для прыглушэньня імуннай сыстэмы, каб донарскі орган прыжыўся. Паступова ў жанчыны разьвіўся правабаковы паралюш і моцна пагоршыліся кагнітыўныя функцыі: на момант шпіталізацыі яна не магла гаварыць і толькі зрэдку рэагавала на каманды лекараў. Наступнае МРТ-сканаваньне выявіла гіпэрінтэнсыўныя асяродкі ў талямусе й чорнай субстанцыі сярэдніх мазґоў, што сфармавала "сымптом панды".
Звычайна такі сымптом разьвіваецца пры парушэньнях мэтабалізму медзі і некаторых іншых рэдкіх паталёгіях, аднак ў гэтым выпадку ПЛР-аналіз сьпінамазгавой вадкасьці выявіў вірус ліхаманкі Заходняга Нілу.
Жанчыне прызначылі курс імунаглабулінаў і процівірусны прэпарат, што дапамагло аднавіць кагнітыўныя функцыі, але частковы паралюш застаўся.
Брытанскія дасьледнікі мяркуюць, што пацалунак у чалавечай культуры мог узьнікнуць з паводзін грумінгу ў старажытных чалавекападобных малпаў.
У артыкуле, апублікаваным у Evolutіonary Anthropology, яны прапануюць гіпотэзу «фінальнага пацалунка»: заключнага акту грумінгу, калі малпы выцягваюць вусны й зьлёгку ўсмоктваюць паветра, каб выдаліць сьмецьце й паразытаў. З часам гэты жэст страціў сваю гігіенічную функцыю й, магчыма, трансфармаваўся ў пацалунак як сымбальічнае выражэньне блізкасьці.
Выпадковая 30-хвілінная прабежка зьнізіла фактары рызыкі дыябэту
Італьянскія дасьледнікі выявілі, што аднаразовае 30-хвіліннае трэнаваньне можа значна зьнізіць узровень глюкозы ў крыві й павысіць чуласьць да інсуліну ўжо праз гадзіну пасьля фізычнай актыўнасьці ў здаровых маладых людзей. Гэтыя вынікі падкрэсьліваюць важнасьць фізычных нагрузак для прафіляктыкі й лячэньня дыябэту 2 тыпу.
Звычайна навукоўцы засяроджваюцца на доўгатэрміновым уплыве рэгулярных трэнаваньняў, але ў гэтым выпадку дасьледнікі вывучылі эфэкт адной аэробнай нагрузкі. У дасьледаваньні ўдзельнічалі 32 чалавекі ў веку 20-35 гадоў, якія не займаліся спортам і ня мелі дыябэту. Усе яны прайшлі тэставаньне на талерантнасьць да глюкозы да й праз 24 гадзіны пасьля лёгкай прабежкі.
Вынікі паказалі, што ўзровень глюкозы й інсуліну нашча й праз гадзіну пасьля трэнаваньня значна зьнізіўся, а чуласьць да інсуліну павысілася. Такія зьмены сьведчаць аб тым, што нават адно трэнаваньне можа палепшыць кантроль цукру ў крыві й зьнізіць рызыку разьвіцьця дыябэту.
Каты зьвязалі назвы абʼектаў з выявамі
Японскія дасьледнікі паказалі, што каты могуць зьвязваць адвольныя словы з абʼектамі. У ходзе эксьперыменту 31 кату дэманстравалі дзьве выявы — сіняе воблака й жоўтае сонца, суправаджаючы іх выдуманымі словамі. Калі словы зьмянялі месцамі, каты даўжэй глядзелі на выяву, што сьведчыла пра іхняе зьдзіўленьне несупадзеньнем. Так, пры «правільным» слове яны глядзелі на выяву каля 3,96 сэкунд, а пры «няправільным» — 4,54 сэкунд.
Таксама паведамляецца, што гадаванцы могуць хутка фармаваць такія асацыяцыі, усяго пасьля чатырох паўтораў па 9 сэкунд.
У наступным досьледзе аўтары спраўдзілі рэакцыю іншых катоў на асацыяцыі з электроннымі гукамі, але эфэкт быў больш сьціплым: 3,9 і 4,14 сэкунд адпаведна. Гэта паказвае, што каты лепш запамінаюць сувязь з чалавечымі словамі, чым з абстрактнымі гукамі.
Аўтары падкрэсьліваюць неабходнасьць дадатковых дасьледаваньняў у будучыні, каб зразумець, наколькі доўга гадаванцы могуць захоўваць такія асацыяцыі.
Боль у пераносьсі стаў сымптомам падагры для маладога амэрыканца
Малады амэрыканец зьвярнуўся да лекараў са скаргамі на боль і апухласьць на пераносьсі. Агляд выявіў шчыльны аплыў уздоўж насавых костак, а таксама вялікую колькасьць выдзяленьняў. Лекары западозрылі ў мужчыны падагру, бо апухласьць нагадвала тофус — назапашваньне крышталікаў мачавой кіслаты ў мяккіх тканках.
Падагра ўзьнікае, калі ў арґанізьме назапашваецца мачавая кіслата, якая ўтварае крышталі, што правакуе запаленьне й боль. Зь цягам часу гэтыя назапашваньні ператвараюцца ў вузлы — тофусы, якія часьцей за ўсё ўзьнікаюць на суставах ног, але часам і ў іншых месцах.
У дадзеным выпадку тамаграфія паказала наяўнасьць вадкасьці ў мяккіх тканках носа й эрозыю костак. Пасьля лячэньня антыбіётыкамі стан пацыента часова палепшыўся, але потым зноў пагоршыўся. Лекары западозрылі наяўнасьць абсцэсу й правялі апэрацыю. Падчас працэдуры яны выявілі, што ўтварэньне было прымацавана да касьцей носа й утрымлівала белае тварожыстае рэчыва. Гісталягічны аналіз пацьвердзіў наяўнасьць запаленьня й крышталяў мачавой кіслаты.
Канчаткова дыягназ пацьвердзіўся калі выявілася, што мужчына раней адчуваў боль у суставах пальцаў. Такім чынам, гэта першы задакумэнтаваны выпадак праяўленьня падагры на пераносьсі.
Спажываньне расьлінных тлушчоў зьнізіла рызыку заўчаснай сьмерці
Новае вялікае дасьледаваньне з удзелам больш за 400 000 чалавек паказала на сувязь паміж спажываньнем расьлінных тлушчоў і зьніжэньнем рызыкі сьмяротнасьці агульнай і ад сэрцава-судзінных захворваньняў.
Міжнародная каманда навукоўцаў прааналізавала зьвесткі 407 531 дарослага чалавека, каб спраўдзіць уплыў тлушчоў рознага паходжаньня на здароўе. Для выбаркі сярэдняе спажываньне расьлінных і жывёльных тлушчоў склала 24.7 і 29.3 г. на дзень адпаведна. А сярэдні час назіраньня складаў 24 гады.
Такім чынам высьветлілася, што людзі, якія мелі ў рацыёне больш расьлінных тлушчоў, мелі крыху большую схільнасьць да дыябэту й атлусьценьню. Аднак статыстычныя мадэлі паказалі, што ў такой групе рызыка агульнай сьмяротнасьці й сьмерці праз захворваньні сэрца была на 15% ніжэй, чымся ў тых, хто спажываў больш тлушчоў жывёльнага паходжаньня. Прытым эфэкт захоўваўся й пасьля ўліку дадатковых фактараў і быў найбольш выразным для людзей у веку да 60 гадоў.
🧅На гэтым тыдні Сусьветная арґанізацыя здароўя абвесьціла пра новую ўспышку воспы малпаў (mpox) у Афрыцы, і надала ёй надзвычайны статус, як раней было зь ліхаманкамі Эбола й Зіка, а таксама з ковідам. Паведамлялася, што ўспышка ўяўляе сурʼёзную пагрозу для глябальнай мэдыцынскай сыстэмы. На наступны дзень пасьля прэс-рэлізу, стала вядома пра першы выпадак mpox па-за межамі Афрыкі. Мужчына прывёз новы падтып вірусу ў Швэцыю. Пасьля чаго краінам ЭЗ параілі рыхтавацца да росту завозных выпадкаў. Што праўда, устойлівы распаўсюд інфэкцыі па Эўропе пакуль ацэньваецца як малаімаверны. (Цісьні ❤️, калі трэба зрабіць разбор mpox)
🧅У мышэй знайшліся тры запасныя копіі ўспамінаў. Падчас вывучэньня мышыных мазґоў, швайцарскія дасьледнікі выявілі тры групы нэўронаў гіпакампу, якія паралельна "запісваюць" адну й тую ж інфармацыю. Аналягічныя нэўроны ёсьць і ў чалавека, яны фармуюцца на розных этапах эмбрыянальнага разьвіцьця. Паведамляецца, што за доўгатэрміновыя ўспаміны адказвае група нэўронаў, якая фармуецца першай. Спачатку іхняя копія даволі слабая, і мазґі могуць атрымаць доступ да яе не зь першай спробы. Аднак зь цягам часу такі ўспамін замацоўваецца. Копія самых позных нэўронаў аказалася самай нестабільнай, і з часам яна можа "перазапісвацца" дэталямі новых падзеяў. У такім выпадку першапачатковы ўспамін робіцца ілжывым.
🧅Творчасьць зрабіла людзей шчасьлівымі больш, чымся добрая праца. Аўтары дасьледаваньня вывучылі зьвесткі каля 7000 чалавек, і выявілі, што наяўнасьць "творчага хобі" (маляваньне, вязаньне, абрацоўка драўніны) у значнай ступені прадказвае павышаную задаволенасьць жыцьцём і больш высокі ўзровень шчасьця. Аднак творчыя заняткі не далі рады з трывожнасьцю й пачуцьцём самотнасьці.
Старэньне раптоўна прысьпяшаецца ў 44 і 60 гадоў
Раней меркавалася, што старэньне — гэта павольны, роўнамерны працэс. Аднак вынікі дасьледаваньня паказваюць, што гэта можа быць зусім ня так.
Навукоўцы ўжылі комплексны падыход, каб прааналізаваць разнастайныя біялягічныя ўзоры 108 чалавек. Агулам набралося больш за 135 000 маркёраў (малекулы й мікробы), маніторынг якіх адбываўся цягам колькіх гадоў.
Чакалася, што зьмены ў такіх маркёрах будуць адбывацца паступова, што было б прыкметай нармальнага старэньня. Але 81% маркёраў паказалі бачнае прысьпяшэньне й запавольваньне. Найбольш выразным эфэкт быў у 44 і 60 гадоў, што адпавядае раптоўным парушэньням імуннай рэгуляцыі, вугляводнага й ліпіднага абмену.
Больш пільнае вывучэньне паказала, што ў 44 гады абываліся зрухі ў малекулах, зьвязаных са здароўем сэрцава-судзіннай сыстэмы й мэтабалізмам алькаголю. Акурат у такім веку й узрастае рызыка праблемаў з сэрцам. А вось у 60 гадоў зьмены сталі яшчэ больш выразнымі.
Навукоўцы знайшлі трывожныя ўтварэньні ў лёгкіх людзей, якія ніколі не курылі
Нідэрляндзкія дасьледнікі прапанавалі людзям (10 431), якія папярэдне прайшлі тэставаньне на функцыі лёгкіх, зрабіць кампутэрную тамаграфію грудной клеткі. Потым мэдыкі вывучылі сканы на прыкметны новаўтварэньняў, і знайшлі вялікую колькасьць лёгачных вузьлікаў.
Вузьлікі ў лёгкіх — гэта невялікія нарасты тканкі, якія звычайна зьвязваюць з курэньнем. Бальшыня такіх утварэньняў не ўяўляюць вялікай пагрозы, аднак у некаторых выпадках яны могуць быць раньнімі прыкметамі раку лёгкіх.
Агулам у 42% дасьледаваных выявіўся прынамсі адзін вузьлік у лёгкіх, а ў 11% яны былі значных памераў. Таксама часьцей утварэньні знаходзілі ў мужчын, а распаўсюджанасьць нарастаў павялічвалася зь векам для абодвух палоў.
Нэўрасетка дакладна дыягнаставала ґенэтычную хваробу па фота
Каманда дасьледнікаў зь Ельскай школы мэдыцы паведаміла, што стварыла мадэль ”штучнага інтэлекту”, якая можа надзейна дыягнаставаць сындром Марфана ў людзей. Для гэтага ёй спатрэбіцца толькі здымак твару.
Сындром Марфана — гэта ґенэтычная хвароба, якая выяўляецца ў 1 з 3000 чалавек. Праз тое, што яна паражае злучальныя тканкі, людзі з такім дыягназам звычайна худыя, высокія й могуць мець праблемы з хрыбетніцай, суставамі й судзінамі. Але захворваньне часта застаецца недыягнаставаным.
Працэдура навучаньня нэўроннай сеткі была стандартнай: навукоўцы ўзялі 80% набору фотаздымкаў людзей з сындромам і безь яго, каб нэўрасетка зразумела патрабаваньні. Пасьля гэтага яе прасілі клясыфікаваць астатнія 20% здымкаў, і тут дакладнасьць была 98.5%.
У будучыні дасьледнікі плянуюць зрабіць анляйн-інструмэнт для самадыягностыкі.
🧅Падсалоджвальнік эрытрыт западозрылі ў павышэньні рызыкі ўтварэньня тромбаў. Аўтары сабралі ўзоры крыві 10 чалавек перад тым як яны выпілі падсалоджаную эрытрытолям ваду й пасьля таго. Аказалася, што нізкакалярыйны падсалоджвальнік рабіў кроў схільнай да згусаньня. Прытым з цукрам такога эфэкту не было.
🧅Спажываньне канабісу зьвязалі з высокай частатой рака галавы й шыі. Амэрыканскія навукоўцы вывучылі зьвесткі больш за 116 чалавек з разладамі, зьвязанымі са спажываньнем марыхуаны. У выніку частата рака гартані, горла, і інш. у групе аказалася вышэй за сярэднюю.
🧅Астранаўты Starliner могуць застацца на МКС да наступнага году. NASA разам з Boeing дагэтуль ня могуць наладзіць модуль Starliner, таму пачалі разглядаць варыянт эвакуацыі астранаўтаў бортам CrewDragon у пачатку 2025 году. У паведамленьнях падкрэсьліваецца, што гэта надзвычайны варыянт і інжынэры дадуць рады з праблемай. Але калі не, то Boeing панясе вялікія страты.
Мікрахвалёўкі сталі домам для цэлай купы бактэрый
Мікрахвалёўкі шырока выкарыстоўвацца для разаграваньня ежы дома й стэрылізацыі ўзораў у лябараторыях, аднак выпраменьваньне, якое яны вылучаюць не разбурае біялягічныя малекулы. Нагрэў адбываецца толькі за кошт малекул вады, якія пачынаюць хутка вібраваць. Гэта можа забіць бактэрыі толькі пры працяглым узьдзеяньні.
Зь іншага боку, цыклы награваньня й астываньня ў мікрахвалёўках адбываюцца рэгулярна, таму меркавалася, што гэта не самае лепшае месца для мікраарґанізмаў.
Аднак калі дасьледнікі вывучылі ўзоры з 30 розных мікрахвалёвак (прыватных, офісных і лябараторных), то знайшлі там ажно 747 родаў бактэрый. Найменшая разнастайнасьць мікраарґанізмаў назіралася ў прыватных прыборах, а найбольшая была ў лябараторных.
Паведамляецца, што некаторыя знойдзеныя мікраарґанізмы, такія як Klebsіella (сустракаецца чалавечых спражненьнях), Enterococcus і Aeromonas могуць быць небясьпечнымі для здароўя. Аднак папуляцыі такіх микраарґанізмаў не адрозьніваліся сваёй колькасьцю ад аналягічных папуляцый на іншых прыборах, таму рызыка небясьпекі мінімальная.
Пазбаўленыя нармальнага сну мышы мелі меншую разнастайнасьць мазґавых сынапсаў
З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што сон грае важную біялягічную ролю ў чалавека й іншых жывёлаў, але навукоўцы пакуль не вызначылі дакладна, што робіць сон з мазґамі.
Высьветліць гэта навуковая каманда паспрабала на лябараторных мышах. Частку грызуноў яна пазбавіла нармальнага сну: як толькі жывёлкі засыналі, людзі пачыналі тыкаць у іх шчоткамі й бразґаць клеткамі. А астатніх не чапалі.
Потым каманда клясыфікавала сынапсы ў мышыных мазґах і вызначыла іхнюю колькасьць. Сынапсы ўяўляюць сабою месца кантакту 2 нэўронаў, дзякуючы чаму ажыцьцяўляецца перадача нэрвовага імпульсу.
Аказалася, што грызуны, якім не давалі нармальна спаць, мелі нармальную колькасьць сынапсаў, але яны былі не такімі разнастайнымі, як ў мышэй з нармальным сном.
Таксама адзначаецца, што падобныя зьмены адбываліся пераважна ў адказных за памяць і навучаньне зонах мазґоў.
Асьпірын зноў зьнізіў рызыку разьвіцьця рака тоўстай кішкі
Некалі высьветлілася, што прыём асьпірыну ў малых дозах можа перадухіліць рак тоўстай кішкі. Імаверна, такі эфэкт абумоўлены тым, што ацэтыльсаліцылавая кіслата зьніжае сынтэз процізапаленчых бялкоў, якія могуць стымуляваць рост пухліны.
Аднак працяглы прыёмы асьпірыну часьцяком становіцца прычынаю разнастайных крывяцёкаў. Таму прэпарат спачатку рэкамэндавалі для прафіляктыкі рака, а потым ў 2016 годзе пастанавілі, што рызыкі крывяцёкаў перавышаюць прафіляктычны эфэкт.
За гэты час сытуацыя з ракам тоўстай кішкі не палепшылася (як і зь іншымі анкалягічнымі хваробамі), таму дасьледнікі чарговы раз спраўдзілі эфэктыўнасьць асьпірына.
Яны вывучылі зьвесткі амаль 108 000 мэдыкаў (с.в. 49 гадоў) і параўналі паказьнікі хворнасьці ракам у групах.
У выніку за 10 гадоў назіраньня рак тоўстай кішкі дыягнаставалі амаль ў 2% людзей, якія пілі асьпірын і ў 3% тых, хто абыходзіўся безь яго. Калі аўтары зрабілі папраўку на лад жыцьця, то пабачылі, што найбольш выразна эфэкт асьпірыну праяўляўся ў людзей зь нездаровым ладам жыцьця.
Што праўда, рызыкі крывяцёкаў і дозы прэпарату ў дасьледаваньні не адсочваліся.