Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Мікраплястык знайшлі ў яечках сабак і чалавека
У нядаўнім дасьледаваньні навукоўцы прааналізавалі ўзоры тканак тэстыкулаў сабак (47) і людзей (23), і знайшлі там ажно 12 тыпаў мікраплястыку. Прытым у людзей канцэнтрацыя часьцінак была значнай вышэй, чым у сабак.
Пакуль невядома, якім чынам яны туды трапілі, аднак аўтары мяркуюць, што менавіта мікраплястык можа быць прычынай зьніжэньня колькасьці спэрматазоідаў у мужчын. Хаця для такіх высноў пакуль мала зьвестак.
🧅Дасьледнікі паведамілі, што мінулае лета стала самам гарачым з часоў росквіту Рымскай імпэрыі. Гэта высьветлілася ў выніку параўнаньня кліматычных зьвестак за пэрыяд 1850-1900 гадоў з наборам дадзеных аб гадавых кольцах дрэў за 2 000 гадоў, якія ўтрымліваюць шмат інфармацыі пра тэмпэратуру за пэўны час.
🧅Аналіз глябальнага цяжару хваробаў паказаў, што чаканая працягласьць жыцьця людзей павялічыцца на 5 гадоў да канца 2050 году. Геапалітычная сытуацыі й зьмены клімату, паводле публікацыі, не адабʼюцца на агульнай працягласьці жыцьця, аднак прырост будзе адбывацца за кошт рэгіёнаў, дзе цяпер людзі жывуць меней (краіны Афрыкі). Падобныя аналізы выкарыстоўваюць для карэктаваньня палітыкі аховы здароўя.
🧅Аўтары новага дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што зьмены ў складзе мікрабіёты кішэчніку могуць уплываць на пачуцьцё справядлівасьці й адносіны да другіх людзей. Высьветлілася гэта ў досьледах з удзелам людзей: адны прымалі прабіётыкі й прэбіётыкі, а другія – пацэба. Потым усе гулялі ва ўльтыматыўную гульню. Людзі зь першай групы больш востра рэагавалі на няроўныя сцэнары. Для групы плацэба рэакцыі былі прыблізна аднолькавымі.
Генэтыкі выкрылі таямніцу лякрычнай афарбоўкі катоў
Катоў і котак зь незвычайнай афарбоўкай людзі пачалі заўважаць яшчэ ў 2007 годзе. Усе тры (на той момант) асобіны былі ў Фінляндыі.
Мех на сьпінах жывёл каляровы толькі бліжэй да скуры, а зьверху белы, што робіць такіх котак падобнымі на салёную лякрыцу. Так, афарбоўку назвалі ў гонар спэцыфічнага ласунка salmiakki.
Што праўда, генэтычныя прычыны такой асаблівасьці высьветліліся толькі цяпер. Для гэтага навукоўцам давялося сэквэнаваць геном двух катоў, а потым параўнаць яго з геномамі 181 жывёліны. Дарэчы, іх даволі доўга шукалі па ўсёй краіне.
Аказалася, што мутацыя знаходзіцца на ўчастку храмасомы, вельмі блізкім да гену KIT, які зьвязаны з рознымі варыянтамі белай поўсьці ў свойскіх котак. Менавіта тут адсутнічаў вялікі фрагмэнт пасьлядоўнасьці, што й абумовіла незвычайную афарбоўку жывёл.
Потым высьветлілася, што мутацыя рэцэсыўная, то бок, перадаецца ад абодвух бацькоў з адным варыянтам.
Задаволены мядзьведзь
Каліфарнійская фатографка Ёганна Тэрнэр хоча паказаць людзям, што нават каля мэгаполісаў існуе дзікая прырода, якая патрабуе абароны. Звычайна жанчына фатаграфуе кагуараў (пумы), але ў абʼектыў трапляюць ня толькі яны. Гэтым здымкам мядзьведзя аўтарка падзялілася ў сваёй групе, і ён моцна спадабаўся падпісьнікам.
Усе падобныя здымкі Ёганна робіць на працяглых вытрымках з падключаным да датчыкаў руху бліцам, таму ўсё мусіць спрацаваць зь першай спробы, бо потым жывёла зьбяжыць.
Касаткі распачалі новы сэзон нападаў на лодкі
Група касатак з Гібральтарскай пратокі патапіла 15-мэтровую парусную яхту. Гэта пятае патопленае судна за тры гады.
Выпадак адбыўся 12 траўня а 9 раніцы паводле мясцовага часу. Судна пачала атакаваць невядомая колькасьць касатак, пасьля чаго экіпаж зьвярнуўся па дапамогу, і быў падабраны бліжэйшым нафтавым танкерам.
Касаткі тым часам працягвалі тараніць корпус яхты, той у выніку атрымаў пашкоджаньні й судна пачало набіраць ваду.
Адмыслоўцы кажуць, што пік актыўнасьці ібэрыйскай субпапуляцыі касатак пачынаецца акурат у траўні й канчаецца ў жніўні, таму напады будуць працягвацца.
Нізкі ўзровень тэстастэрону ў мужчын зьвязалі з высокай рызыкай сьмерці ад усіх прычын
Сыстэматычны агляд і мэтааналіз 11 дасьледаваньняў з агульнай выбаркай больш за 24 000 чалавек выявілі сувязі паміж палавым гармонам і рызыкай сьмерці. Паведамляецца, што нізкая зыходная канцэнтрацыя тэстастэрону (7.4 нмоль/л) была зьвязаная з павышанай рызыкай сьмерці ад усіх прычын, а надта нізкі ўзровень гармону (< 5.3 нмоль/л) быў зьвязаны з рызыкай сьмерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў.
Псыхадэлічны жабін таксын можа стаць новым лекам ад дэпрэсыі
Калі жабам Іncіlіus alvarіus штосьці пагражае, яны вылучаюць праз залозы ў скуры галюцынаґеннае рэчыва, падобнае на псылацыбін з чароўных грыбоў і шэраг іншых рэчываў. Таму ня дзіва, што жабкі пэрыядычна зазнаюць напады з боку аматараў галюцынаґенаў: жывёлаў ліжуць і сушаць, каб потым курыць.
Таксама вядома, што псыхадэлікі могуць быць эфэктыўным сродкам для лекаваньня дэпрэсыі ў некаторых людзей, хаця мэханізмы пакуль не вывучылі дасканала. Мяркуецца, што станоўчы эфэкт абумоўліваецца ўзаемадзеяньнем псыхадэлікаў з сэратанінавымі рэцэптарамі 5-HT2A. Аднак з папярэдніх публікацыяў вядома, што таксын, які вылучаюць жабкі, зьвязваецца зь іншымі сэратанінавымі рэцэптарамі 5-HT1A.
Дасьледнікі хімічна мадыфікавалі жабін таксын такім чынам, каб ён зьвязваўся толькі з рэцэптарамі 5-HT1A, што адхіліла галюцынаґенны эфэкт. Потым мадыфікаванае злучэньне давалі мышам з прыкметамі стрэсу й дэпрэсыі. У выніку досьледныя грызуны сталі больш піць салодкай вады й часьцей бавіць час з суродзічамі, што паказвала на зьніжэньне ўзроўняў стрэсу й дэпрэсыі. Аналягічныя эфэкты назіраліся ад псылацыбіну й у досьледах з удзелам людзей.
З гэтага ўсяго дасьледчая каманда робіць выснову, што тэрапэўтычны эфэкт псыхадэлікаў можа абумоўлівацца рэцэптарамі 5-HT1A, а не 5-HT2A, як меркавалася раней. Таксама эфэкт ад мадыфікаванага жабінага таксыну можна чакаць і на людзях, бо згаданыя рэцэптары ў нас аднолькавыя.
Псыхалягічныя дасьледаваньні з анляйн-апытаньнем страцілі давер
Плятформы для анляйн-апытаньняў людзей у навуковых мэтах пачалі зьяўляцца пасьля 2005 году й сталі надзейнай крыніцай інфармацыі для дасьледнікаў. З дапамогай новага інструмэнту, яны маглі ладзіць досьледы зь вялікай выбаркай.
Дапамаглі анляйн-апытаньні й падчас пандэміі covіd-19: яны сталі адзінай магчымасьцю працягваць дасьледаваньні ў часы карантыну. Паводле дадзеных Web of Scіence, колькасьць навуковых публікацый, у якіх выкарыстоўвалі самы папулярны інструмэнт MTurk вырасла з 34 у 2010 годзе да 989 у 2021.
Аднак разам з ростам папулярнасьці якасьць дадзеных пачала зьніжацца. Першыя прыкметы крызысу выявіліся ў 2018 годзе, калі аўтары паспрабавалі ўзнавіць свае досьледы папярэдніх гадоў. У выніку вялікая частка сабраных ад людзей зьвестак не прайшла правяраньне на якасьць.
Летась іншыя навукоўцы выявілі ў анкетах вялікую колькасьць адказаў, згенэраваных вялікімі моўнымі мадэлямі (GPT і інш.). Тлумачылася гэта тым, што людзі наўпрост пачалі зарабляць грошы зь мінімальнымі затратамі часу й энэргіі.
У новым прэпрынце аўтары папрасілі 400 чалавек зрабіць тэст з 27 парамі супрацьлеглых сьцьвярджэньняў. Напрыклад, «я кепска сьплю» і «я сьплю, як пшаніцу прадаўшы». У выніку 96% анкет мелі аднолькавыя адказы на супрацьлеглыя пункты. Навукоўцы паспрабавалі адфільтраваць сумнеўныя анкеты, але гэта не дапамагло: засталося 57% зыходных дадзеных і 67% зь іх дагэтуль мелі супярэчлівыя адказы.
Мапа кавалачку чалавечых мазґоў стала вынікам 10-гадовай дасьледчай працы
Дасьледнікі з Гарварду й Google стварылі 3D-рэканструкцыю 1 кубічнага мілімэтра чалавечых мазґоў. Так, абʼём невялікі, але ён утрымлівае 57 000 вузаў, 230 мм крываносых судзінаў і 150 млн сынапсаў (месцаў кантакту 2 нэўронаў).
Для стварэньня мапы выкарыстоўвалася электронная мікраскапія й альгарытмы штучнага інтэлекту, якія дазволілі афарбаваць структуры ў залежнасьці ад глыбіні, а таксама рэканструяваць нэўронныя сувязь.
Наступным крокам сумеснай працы стане мапа мышыных мазґоў.
Мова кашалётаў наблізілася да чалавечай паводле складанасьці
Навукоўка Даньела Руc разам са сваімі калегамі прааналізавала каля 9 000 размоваў кашалётаў, якія былі запісаныя ў пэрыяд з 2014 па 2018 год. У выніку аказалася, што вакалізацыя ў гэтых кітоў даволі складаная й падобная на чалавечыя мовы.
Раней меркавалася, што кашалёты (Physeter macrocephalus) выкарыстоўваюць 21 шаблён сыгналаў для розных сытуацый. Цяпер высьветлілася, што базавых шаблёнаў толькі 18, але яны маюць некалькі дадатковых узроўняў складанасьці.
Напрыклад, у пачатку ці ў канцы базавага патэрну кіты часта дадаюць дадатковы шчаўчок, каб паказаць суразмоўцу, што надышла ягоная чарга гаварыць. Таксама шаблёны часам расьцягваліся з захаваньнем рытмічнага рысунку, і кіты фармавалі зь іх розныя пасьлядоўнасьці, што вельмі нагадвае чалавечую мову.
Дасьледчай камандзе ўдалося скласьці «фанэтычны альфабэт», у які трапіла 156 разнастайных шаблёнаў, аднак навукоўцы мяркуюць, што іх можа быць значна болей.
Мінулы красавік стаў 11 месяцам запар, які пабіў тэмпэратурны рэкорд
Сярэдняя тэмпэратура была 15.03°С, што на 0.14°С вышэй за папярэдні рэкорд 2016 году.
Зручныя навушнікі з актыўным шумапрыглушэньнем далі магчымасьці аматарам музыкі й падкастаў атрымліваць большую асалоду ад праслухоўваньня кантэнту. Тэхналёгія таксама дапамагае захаваць слых, бо карыстальнікам і карыстальніцам ня трэба выкручваць гук на максымум у шумных месцах. Зрэшты, без прыхаваных сюрпрызаў не абышлося.
Падрабязьней у артыкуле⬇️
https://telegra.ph/Taemnaya-nebyaspeka-navushn%D1%96ka%D1%9E-z-shumapryglushehnnem-05-07
Глябальнае павышэньне тэмпэратуры вядзе чмялёў да выміраньня
Сусьветная папуляцыя чмялёў (Bombus) значна скарацілася з 1950-х гадоў. У навуковай супольнасьці гучалі розныя вэрсіі: ад уплыву пэстыцыдаў да страты натуральнага для апыляльнікаў асяродзьдзя. Таксама чмялі вельмі ўразьлівыя да тэмпэратуры, таму некаторыя падазравалі зьмены клімату.
Цяпер такую гіпотэзу сьцьвердзілі канадзкія навукоўцы. Яны высьветлілі, што чмялі ўсіх відаў добра пачуваюцца ў дыяпазоне ад 28 да 32°С, а вось з павышэньнем тэмпэратуры да 36°С вусякі спынялі размнажэньне. Павышэньне тэмпэратуры таксама нэгатыўна адбівалася на выжывальнасьці лічынак. Усё гэта можа прывесьці да паступовага выміраньня.
Што праўда, аўтары не выключаюць уплыў і іншых згаданых фактараў.
🧅Касьмічны тэлескоп Hubble вярнуўся да навуковых назіраньняў пасьля чарговага выхаду зь бясьпечнага рэжыму ў выніку праблемы з рухавіком. Збой адбыўся адразу пасьля 34 гадавіны абсэрваторыі ў космасе.
🧅Антрапаґенны шум моцна перашкаджае бясхрыбетным. Напрыклад, аўтары новай публікацыі заўважылі, што пры ўзроўні шуму ў 70 дБ (ажыўленая вуліца) выжывальнасьць цвыркуноў падала на 35%.
🧅Турэцкія навукоўцы зьвязалі спажываньне вялікай колькасьці смажанага й запечанага з павышанай рызыкаю дэпрэсыі й парушэньнямі сну ў маладых людзей. Дасьледавалі 420 здаровых студэнтак і студэнтаў, якія вялі адмысловыя дзёньнікі харчаваньня. Потым выбарку разьбілі на групы ў адпаведнасьці з дыетай, ацанілі дэпрэсыўныя сымптомы й якасьць сну, і зрабілі статыстычны аналіз.
🧅Птушыны грып выявілі ў катоў. Хваробу гадаванцы падчапілі праз сырое малако хворых кароў. Прытым паведамленьні пра «невядомую хваробу» катоў на амэрыканскіх фэрмах пачалі зьяўляцца яшчэ да выяўленьня птушынага грыпу ў кароў. У катоў цяклі вочы й насы, яны хадзілі кругамі, гублялі зрок і каардынацыю. Ахвярамі сталі каля 12 жывёл.
Папугі пасьпяхова засвоілі відэазванкі й гэта палепшыла іхны стан
У дзікай прыродзе папугі звычайна жывуць зграйкамі, таму частка камунікуюць з суродзічамі. Але ў якасьці хатніх гадаванцаў часьцяком людзі трымаюць птушак у адзіноце. Гэта можа нэгатыўна адбіцца на фізычным і псыхалягічным стане птушкі.
Некаторыя ўладальнікі папугаў спрабуюць кампэнсаваць недахоп зносінаў з дапамогай аўдыё- і відэазапісаў з маналёгамі іншых птушак, але эфэкт ад такой задумы невялікі.
Цяпер амэрыканскія навукоўцы пастанавілі навучыць 18 папугаў рабіць відэавыклікі ў Facebook Messenger. Існавала імавернасьць таго, што відэавыклікі могуць стаць прычынай стрэсу для птушак, таму ў досьледзе бралі ўдзел і гаспадары, якія пільна сачылі за сваімі гадаванцамі падчас сэансу сувязі.
Птушак спачатку навучылі біць у звон, калі ім хацелася абмеркаваць важныя падзеі з суродзічамі, а потым ім далі поўны доступ да мабільнай праґрамы.
У выніку амаль ва ўсіх выпадках гаспадары паведамлялі пра значнае паляпшэньне стану птушак пасьля зьяўленьня відэавыклікаў. Некаторыя папугі навучыліся лепей лётаць і шукаць ежу, калі глядзелі на суродзічаў. А какаду Элі й шэры папугай Кукі працягваюць тэлефанаваць адно аднаму праз год пасьля досьледу.
Спальваньне сьлізьніцы страўніка прывяло да зьніжэньня вагі
Атлусьценьне зьяўляецца адной з галоўных праблем сучаснасьці, бо яно зьвязанае ня толькі з рызыкамі для псыхічнага й фізычнага здароўя, але й зь вялікімі выдаткамі для лячэньня. Таму навуковая супольнасьць актыўна шукае спосабы разьвязаньня такой праблемы. Часам яны даволі спэцыфічныя.
Напрыклад, у невялікім дасьледаваньні з удзелам 10 жанчын, навукоўцы спраўдзілі экспэрымэнтальную працэдуру, якая дазваляе зьнізіць інтэнсыўнасьць сынтэзу грэліну (гармону голаду). Пацыенткам з дапамогай эндаскопу літаральна спальвалі вузы сьлізьніцы ў верхняй частцы страўніка, дзе й адбываецца асноўны сынтэз грэліну. Паводле аўтараў, гэта мусіла зьнізіць агульны ўзровень гармону голаду, што прывяло б да скарачэньня залішняй вагі ў пэрспэктыве.
У выніку за 6 месяцаў назіраньня, жанчыны ў сярэднім страцілі каля 8% вагі, што значна меней у параўнаньні з хірургічным памяншэньнем страўніка ці з прэпаратамі ад атлусьценьня. Аднак гэтая працэдура не патрабуе працяглай рэабілітацыі й агулам такой страты вагі дастаткова для таго, каб зьмяніць жыцьцё людзей у лепшы бок.
На відэа трапіў рэдкі кальмар з сьвятлівымі шчупальцамі
Каманда аўстралійскіх і брытанскіх навукоўцаў выпадкова набрыла на кальмара Tanіngіa danae падчас вывучэньня фаўны марскога дна ў паўднёвай частцы Ціхага акіяну.
Здарэньне адбылося на глыбіні 1026 мэтраў. 75-сантымэтровы кальмар паспрабаваў напасьці на апарат з камэрамі, але хутка ўцяміў, што зьесьці яго не атрымаецца.
T. danae вельмі рэдка трапляюць на відэа, таму пра іх вядома няшмат. Напрыклад, яны маюць самыя вялікія ў прыродзе фотафоры на лоўчых шчупальцах. Гэтыя сьвятлівыя органы зьверху прыкрытыя рухавымі мэмбранамі, таму кальмары могуць рабіць цэлае сьветлавое шоў, каб ачмурыць здабычу. Фотафоры таксама выкарыстоўваюцца й для камунікацыі з суродзічамі.
Прычынай сьмерці падлетка сапраўды сталі надзвычай вострыя чыпсы
Летась стала вядома пра сьмерць падлетка, які зьеў незвычайна востры чыпс. Хутка пасьля гэтага чыпсы зьніклі з продажу, хаця сьцьвярджаць, што менавіта яны сталі прычынай сьмерці было нельга.
Зараз зьявіліся вынікі анатамаваньня, дзе паведамляецца, што падлетак сканаў праз спыненьне сэрцава-лёгачнай дзейнасьці на фоне нядаўняга прыёму высокай дозы капсаіцыну. Менавіта гэта рэчыва й надае прадуктам «востры» смак.
Імаверна, у трагічным выпадку адыграў ролю яшчэ й той факт, што ў хлопца было павялічанае сэрца з прыроджанай хібай. Што праўда, невядома, ці ведалі бацькі пра гэта.
На фоне новых успышак птушынага грыпу сярод быдла, продаж сырога малака ў ЗША павялічыўся на 21%
Першыя выпадкі інфэкцыі ў кароў выявіліся ў канцы сакавіка, цяпер каля 46 статкаў кароў з 9 штатаў маюць пазытыўны вынік тэсту. Сырое малако ад інфікаваных кароў можа несьці небясьпеку для чалавека, бо ўтрымлівае шмат часьцінак вірусу H5N1, аднак пастэрызацыя дае рады з гэтым.
Адмыслоўцы тлумачаць рост попыту на сырое малако тым, што людзі пабачылі ў Твітэры й ТыкТоку антынавуковыя відэа, і спрабуюць, спажываючы небясьпечны прадукт, зарабіць сабе імунітэт ад птушынага грыпу.
Імунітэт такім чынам здабыць немагчыма, а вось новую пандэмію распачаць можна.
Ядомы гель перадухіліў алькагольнае апʼяненьне ў мышэй
Цяпер існуюць некаторыя мэтады лячэньня моцнай алькагольнай інтаксыкацыі, але ўсе яны інвазыўныя. Таму навукоўцы паспрабавалі знайсьці альтэрнатыву.
Каманда спалучыла нанавалокны з малочнага бялку бэта-ляктаглябуліну з часьцінкамі жалеза. У выніку атрымаўся гель, які імітуе структуру фэрмэнту, адказнага за пераўтварэньне этанолю ў воцатную кіслату замест таксычнага ацэальдэгіду.
Потым групе мышэй цягам 10 дзён далі неабмежаваны доступ да алькагольных напояў, каб потым даць новы гель. У выніку праз 4 гадзіны ў крыві грызуноў на 55% зьнізіўся ўзровень этанолю. Гэта значна хутчэй, чым у кантрольнай групе.
У другім досьледзе мышам давалі неабмежаваны доступ і да напояў, і да гелю цягам 10 дзён. Тут выявілася, што органы грызуноў агулам выглядалі здаровымі й ня мелі шмат адрозьненьняў ад органаў мышэй, якія не ўжывалі алькаголь.
Цяперака каманда зьбіраецца спраўдзіць эфэкт пэрспэктыўнага гелю на людзях.
Зьмены клімату нэгатыўна адбіліся на рацыёне белых мядзьведзяў
Амэрыканскія дасьледніцы вывучылі ўзоры падскурнай тлушчавай тканкі 104 белых мядзьведзяў з Грэнляндыі, каб высьветліць асаблівасьці іхняга рацыёну. Аказалася, што жывёлы, якія вымушаныя адступаць бліжэй да берагоў праз раставаньне марскога лёду, маюць больш бедны рацыён. Ва ўзорах такіх мядзьведзяў выявілі вялікую колькасьць поліненасычаных тлустых кіслот, якія замянілі монаненасычаныя.
Монаненасычаныя тлустыя кіслоты ўтрымліваюць больш энэргіі й трапляюць у арганізм мядзьведзяў зь мясам бялух, шыланосаў і грэнляндзкіх цюленяў. А вось вялікая колькасьць поліненасычаных кіслот сьведчыла пра тое, што рацыён белых мядзьведзяў базуецца пераважна на бязвухіх нерпах.
Аднаполыя шлюбы не падарвалі істытут разнаполых
Нядаўняе дасьледаваньне паказала на прыкладзе Злучаных Штатаў, што за 20 гадоў, цягам якіх там рэгістраваліся аднаполыя шлюбы, не было аніякіх нэгатыўных наступстваў для шлюбаў і сумеснага жыцьця разнаполых пар.
Выявілася нават павышэньне агульнай колькасьці шлюбаў, якое нельга патлумачць толькі новымі шлюбамі аднаполых пар. Зьмянілася ў лепшы бок і стаўленьне да шлюбу сярод моладзі штатаў, дзе легалізавалі аднаполыя саюзы.
Паведамляецца таксама й тое, што аднаполыя шлюбы аказваюць станоўчы ўплыў на ЛГБТК-людзей, іхных дзяцей і агулам на грамадзтва.
🧅Памёр першы пацыент, якому сёлета ў сакавіку перасадзілі генна-мадыфікаваную нырку. Паведамляецца, што орган функцыянаваў добра й пацыенту не было неабходнасьці рабіць дыяліз. Прычына сьмерці пакуль невядомая, але лекары сьцьвярджаюць, што яна не зьвязаная зь перасадкай. У красавіку зрабілі яшчэ адну падобную перасадку ныркі толькі разам з кляпанам сэрца, пакуль з пацыенткай усё добра.
🧅Спалучэньне тытуню й марыхуаны падчас цяжарнасьці павысіла сьмертнасьць сярод немаўлят амаль у 4 разы. На здароўі жанчын гэта таксама адбівалася й прывяло да гіпэртанічных разладаў і цяжкіх станаў здароўя. Агулам рызыка для ўсіх паталягічных станаў была вышэйшай ад камбінаванага спажываньня, чым для асобнага спажываньня тытуню ці канабісу.
🧅Ультраапрацаваныя прадукты крыху павысілі рызу сьмерці ад усіх прычын. Аўтары за 30 гадоў адсачылі паказьнікі здароўя 115 000 жанчын і мужчын, якія працуюць у мэдычнай сфэры, і выявілі на 4% большую рызыку сьмерці ад анкалягічных, нэўрадэгенэратыўных хвароб і праблем з сэрцам у аматараў ультраапрацаваных прадуктаў. Што праўда, пасьля ўліку агульнай якасьці харчаваньня сувязь стала не такой выразнай.
🧅Сонечны максымум падарыў нам запамінальнае сьветлавое шоў амаль па ўсёй плянэце. У той жа час сонечная бура не справакавала чаканых моцных збояў у працы электрасетак і сыстэм сувязі.
Neuralink паведаміла пра праблемы з мазґавым імплянтант
Раней кампанія пахвалілася пасьпяховай імплянтацыяй першага чыпу чалавеку й не вельмі ахвотна дзялілася падрабязнасьцямі. Цяпер у Neuralink паведамілі, што сутыкнуліся з праблемай, якой далі рады.
Яна была зьвязаная зь ніткамі імплянтанта. Пасьля дэманстрацыі працы сыстэмы на пацыенце, гэтыя ніткі нейкім чынам уцягнуліся глыбей у мазґі, што прывяло да частковай страты дадзеных. Аднак у кампаніі сьцьвярджаюць, што праблему разьвязалі зьменамі ў альгарытме запісу. Цяпер чып стаў больш чульлівым і можа перадаваць большы паток дадзеных.
Таксама на мінулым тыдні Neuralink пакінуў доктар Бэнджамін Рапапорт, які быў адным з заснавальнікаў кампаніі. Учынак ён патлумачыў тым, што мэтад мантажу імплянтантаў Neuralink пашкоджвае мазґі. Рапапорт ужо заснаваў новую кампанію Precision Neuroscience, каб распрацаваць бясьпечны мэтад выманьня інфармацыі з мазґоў.
Халодную каву прыгатавалі з дапамогай ультрагуку
Звычайна каву гатуюць з дапамогай кіпню, але некаторыя аматары напою аддаюць перавагу халоднаму спосабу, бо тады ў каве амаль адсутнічае горыч. Што праўда, каб атрымаць кубак такога напою, трэба пачакаць каля 24 гадзін. Аднак аўстралійскія дасьледнікі вынайшлі «больш хуткі» спосаб прыгатаваньня халоднай кавы.
Першапачаткова меркавалася, што ідэя выкарыстаньня ультрагуку, які паступова здрабняе меленае зерне, дазволіць атрымаць канчатковы напой зь вялікай колькасьцю антыаксыдантаў. Аўтары пабудавалі ўстаноўку за $18 000 і высьветлілі, што гэта ня так. Але кава атрымалася смачнай.
Потым яны крыху ўдасканалілі й адаптавалі працэс пад традыцыйныя эспрэса-машыны. У выніку атрымаўся духмяны, глейкі напой зь меншай горыччу. Наступныя экспэрымэнты з часам прыгатаваньня паказалі, што прыблізна за 2 хвіліны атрымліваецца найлепшая кава.
Зэбры ківаюць галавой, каб заахвоціць суродзічаў
Зэбры Equus quagga ківаюць галавою, каб прыцягнуць увагу й распачаць сацыяльныя ўзаемадзеяньні разам з суродзічамі. Гэта, імаверна, адзін зь першых задакумэнтаваных сыгналаў, які выкарыстоўваецца жывёламі для каардынацыі сваіх паводзінаў.
Спачатку дасьледніца Сэвэрын Гэкс заўважыла, што некаторыя зэбры паўтараюць пацешныя рухі галавою ў прысутнасьці суродзічаў. Таму ў яе зьявілася гіпотэза, што ківаньне галавою можа быць сацыяльным сыгналам.
Разам са сваім калегам Дэньелам Рубэнштэйнам, дасьледніца пастанавіла спраўдзіць гэта цягам трохмесячнага назіраньня за статкам зэбраў у Кеніі. Агулам дасьледніцкаму дуэту ўдалося зафіксаваць 164 выпадкі ківаньня галавою за 290 гадзін.
Наступны статыстычна аналіз паказаў, што такія рухі зэбры рабілі наўмысна, каб заахвоціць суродзіча да грумінгу ці шпацыру. Такі жэст выклікаў адказную рэакцыю ў 70% выпадкаў і заўсёды яна была пазытыўнай. Найчасьцей гэта было такое ж ківаньне.
Цікава, што калі заклік іґнараваўся, то зэбра часта паўтарала яго праз 30 хвілін таму ж суродзічу.
Раней навукоўцы шукалі падобныя ўзаемадзеяньні ў прыматаў і хатніх жывёл, а цяпер высьветлілася, што такія сацыяльныя паводзіны могуць быць больш пашыранымі.
Незвычайны выпадак пнэўманіі зьбянтэжыў лекараў
Паводле справаздачы апублікаванай у New England Journal of Medicine, 32-гадовая жыхарка Фларыды трапіла да мэдыкаў зь ліхаманкай, кашлям, болем у цягліцах і горле, а таксама з задышкай. Пяцідзённы курс антыбіётыкаў ня даў плёну, а мэдычная гісторыя пацыенткі не давала ніякіх падказак.
Паралельна з гэтым высьветлілася, што ў жанчыны быў нізкі ўзровень кіслароду й трамбацытаў у крыві. Мэдыкі падазравалі пнэўманію, таму зрабілі шэраг адпаведных аналізаў, каб выявіць узбуджальнік, аднак яны былі адмоўнымі. А тым часам стан жанчыны імкліва пагаршаўся: яе нават падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Праз 3 дні сяброўка пацыенткі прыгадала, што тая ела мяса аленя за 20 дзён да зьяўленьня сымптомаў. Таму лекары пастанавілі зрабіць тэсты на мікраарґанізмы, якія можна падхапіць ад жывёл. Праз 5 дзён пасьля гэтага высьветлілася й сапраўдная прычына пнэўманіі ў жанчыны: Toxoplasma gondii. Гэты паразыт вядомы тым, што маніпулюе паводзінамі грызуноў так, каб тых хутчэй зьеў кот (канчатковыя гаспадары). Аднак таксаплязма часта трапляе й у арґанізм чалавека, дзе можа стаць прычынай пэўных разладаў, але найчасьцей аніякіх сымптомаў не назіраецца. Ну, хіба толькі зьяўляецца непераадольнае жаданьне гладзіць катоў.
Хаця выпадкі заражэньня таксаплязмай праз кантакт з аленінай вядомыя ўжо даўно, пнэўманію паразыт справакаваў упершыню.
Жанчына ў выніку атрымала адпаведныя лекі й хутка ачуняла.
Насы ўсіх сабак аказаліся аднолькавымі
Існуе меркаваньне, што некаторыя пароды сабак маюць больш востры нюх, таму іх выкарыстоўваюць у якасьці шукальнікаў. Аднак было невядома, ці існуе нейкі анатамічны ці генэтычны фактар такой здольнасьці.
Таму каманда аўтараў прэпрынту пастанавіла спраўдзіць гэта з дапамогай калекцыі чарапоў і генэтычнага матэрыялу. Агулам навукоўкі й навукоўцы зрабілі 104 3D-мадэлі чарапоў 45 парод сабак, аднаго воўка й каёта. Потым гэтыя мадэлі выкарыстоўваліся для вымярэньня плошчы рашэтніцы – косткі, на якой месьцяцца нюхальныя нэўроны. Адпаведна, чым большай будзе такая костка, тым больш востры нюх мае сысун.
Таксама дасьледнікамі былі вывучаныя геномы 111 парод сабак, 27 ваўкоў і 4 каётаў, каб вызначыць колькасьць копіяў генаў адказных за нюх для кожнага сысуна.
На базе такіх вымераў каманда прыйшла да высновы, што свойскія сабакі (у тым ліку старажытныя пароды) агулам маюць не такія чулыя насы, як у ваўкоў. А вось паміж сабакамі такой розьніцы не было, таму пасьпяховае выяўленьне пахаў некаторымі пародамі, імаверна, абумоўліваецца штучным адборам: разводзіліся трывалыя жывёлы, зь вялікім жаданьнем дагадзіць чалавеку.
Прыгажосьці ў стужку: самец звычайнага базана Phasіanus colchіcus.
Прыродны арыял гэтых птушак знаходзіцца на Каўказе й у Азыі, але некалі яны былі завезеныя ў Эўропу, дзе выкарыстоўваліся й выкарыстоўваюцца ў першую чаргу для паляваньняў. Аднак ёсьць зьвесткі, што падобныя птушкі жылі тут яшчэ ў часы Старажытнай Грэцыі.
Хаця цяпер нягрэблівая птушка сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Эўропы, для Беларусі гэта рэдкі від: знайсьці яго можна на захадзе краіны.
Арангутан залячыў рану лекавай расьлінай
Дасьледніца Ізабэль Лаўмэр разам з калеґамі паведаміла, што падчас экспэдыцыі ў Інданэзію яны пабачылі ў нацыянальным парку арангутана (Pongo abelіі), на шчацэ якога была рана. Імаверна, яна засталася пасьля бойкі зь іншым самцом.
Праз тры дні каманда пабачыла, што Ракус – так завуць арангутана – жаваў сьцябло й лісьце расьліны Fіbraurea tіnctorіa, якая выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі й мае антысэптычны й процізапаленчы эфэкт. Пасьля стараннага перажоўваньня цягам 13 хвілінаў, арангутан пачаў прыкладаць кашку да раны.
Праз 4 дні рана пачала гаіцца, а яшчэ празь месяц ад яе застаўся толькі невялікі шнар. Адмыслоўцы кажуць, што гэта быў першы выпадак, калі дзікая жывёліна апрацавала рану расьлінай з моцным мэдычным эфэктам.