cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Мужчыны, якія зазналі дыскрымінацыю на працы, становяцца хаўрусьнікамі ў барацьбе за ґендэрную й расавую разнастайнасьць

Мужчыны* радзей за жанчын і іншыя сацыяльныя групы зазнаюць дыскрымінацыю й прыгнёт на працы. Аднак калі гэта здараецца, яны з большай імавернасьцю прызнаюць наяўнасьць праблемы ґендэрнай ці расавай прадузятасьці й паспрабуюць зьмяніць сытуацыю ў арганізацыі.

Да такой высновы прыйшла сацыялягіня Эрын Чэх, калі вывучыла зьвесткі апытаньня больш за 11 000 супрацоўнікаў і супрацоўніц 24 арганізацыяў. Аказалася, што траціна мужчын сутыкаліся з тым ці іншым відам перасьледу на працы. Найчасьцей гэта былі зьдзекі й пагрозы фізычнага ґвалту.

Такія мужчыны ня толькі прызнавалі наяўнасьць дыскрымінацыі, але й паведамлялі кіраўніцтву пра выпадкі, сьведкамі якіх яны сталі.

* у арыгінальнай публікацыі white men

Читать полностью…

cybulinka

🧅Востры перац абараніў страўнік ад сьпірту. Празьмернае спажываньне алькагольных напояў зьвязанае з запаленьнем страўнікава-кішэчнага тракту, якое можа перарасьці ў хранічныя захворваньні. Аднак капсаіцын, адказнае за вострасьць перцу рэчыва, можа абараніць ад такіх нэгатыўных наступстваў. Аўтары прэпрынту кажуць, што найбольшы эфэкт капсаіцыну будзе ня ад вострага піва ці водкі, а ад мэтавай дастаўкі рэчыва ў арганізм.

🧅Зносіны з робатамі зрабілі менш крынжовымі. Навукоўцы распрацавалі робата Эмо, які можа прадказваць эмоцыю чалавека за 839 мс да яе зьяўленьня на твары. Таксама 26 магнітных прыводаў і сыліконавая скура дазваляюць Эмо вельмі дакладна імітаваць эмоцыі чалавека-суразмоўца без затрымак.

🧅Нязьменнае малако. У антарктычным ляґеры знайшлася замарожаная скрынка з сухім малаком 1907 году вытворчасьці, таму дасьледнікі пастанавілі спраўдзіць, ці моцна яно адрозьніваецца ад сучаснага. Зладзілі цэлы шэраг тэстаў і прыйшлі да высновы, што розьніцы няма. Пакуль людзі ня могуць вандраваць у часе, таму застаецца давяраць аўтарам.

🧅Міжнародная навуковая каманда зладзіла вялікі сыстэматычны агляд і мэтааналіз клінічных выпрабаваньняў, і не знайшла доказаў на карысьць прабіётыкаў падчас цяжарнасьці. Шкоды таксама не знайшлі.

Читать полностью…

cybulinka

Цеплавыя хвалі сталі больш працяглымі за апошнія 40 гадоў

Аналіз усіх цеплавых хваляў, якія фіксаваліся на плянэце ў пэрыяд з 1979 па 2020 год паказаў, што іхняя працягласьць павялічылася з 8 да 12 дзён. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, то ў 2060 годзе працягласьць будзе складаць 16 дзён.

Таксама аўтары заўважылі, што цеплавыя хвалі сталі больш частай зьявай, яны павольней перамяшчаюцца й ахопліваюць большыя тэрыторыі

Читать полностью…

cybulinka

Каменны пыл прапанавалі выкарыстоўваць на фэрмах для фіксацыі CO2 і павелічэньня ўрадлівасьці

Рассыпаньне каменнага пылу на фэрмах набірае папулярнасьць у якасьці мэтаду фіксацыі вуглякіслага газу з атмасфэры. Цяпер два незалежныя выпрабаваньні мэтаду на фэрмах ЗША і Вялікай Брытаніі паказалі, што ён таксама значна павышае ўрадлівасьць.

Сылікатныя пароды (кварц, сьлюда, шпаты й інш.) натуральным чынам рэагуюць з вуглякіслым газам у вадзе, утвараючы пры гэтым цьвёрдыя карбанаты, што ў ґеалёгіі завецца парахненьнем. Такі працэс можна прысьпешыць, калі падрабніць пароду ў пыл, каб павялічыць плошчу судотыку з вадою.

Гэты факт заахвоціў шматлікіх фэрмэраў раскідваць вялікія абʼёмы каменнага пылу, каб скарыстацца перавагамі «паскоранага парахненьня». Аднак эфэктыўнасьць падыходу ня мела навуковых доказаў, бо даволі складана адсачыць колькасьць вынятага з атмасфэры CO2.

Таму дасьледнікі параўналі тыповы севазварот кукурузы й соі на дзялянках з ужываньнем дробнай пароды й безь яе за пэрыяд з 2016 па 2020 гады.

Аказалася, што выкарыстаньне дробнай пароды разам з азотнымі ўгнаеньнямі на 16 павялічвала ўрадлівасьць соі на палёх, дзе дагэтуль два гады вырошчвалі кукурузу. А вось з кукурузай, такі эфэкт праяўляўся праз тры гады, калі на полі пасьпелі сабраць 2 ураджаі кукурузы й адзін соі. У гэтым выпадку ўрадлівасьць павялічвалася на 12%.

Потым аўтары падлічылі колькасьць вынятага з атмасфэры парніковага газу, арыентуючыся на ўтрыманьне магну й вапеню ў горнай пародзе. Атрымалася 6.7 – 14.3 тоны CO2 на гэктар, што даволі шмат.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы зафіксавалі зьмены, якія адбыліся з тэкстамі песень з 1980 году

Тэксты англамоўных песень сталі больш простымі й менш унікальнымі за апошнія 40 гадоў. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія прааналізавалі тэксты 12 000 песень у розных жанрах з 1980 па 2020 год.

Апрача таго, што тэксты ў песьнях сталі простымі й больш зразумелымі, аўтары таксама пабачылі некалькі іншых тэндэнцыяў. Напрыклад, скарацілася агульная колькасьць слоў у тэкстах, найбольш выразна гэта праявілася ў рэпе.

Аднак з часам песьні сталі больш эмацыйнымі й асабовымі. Пашырылася выкарыстаньне слоў з выразнай нэгатыўнай і пазытыўнай афарбоўкай, ва ўсіх жанрах стала больш слоў, зьвязаных з гневам.

Каманда мяркуе, што падобныя тэндэнцыі адлюстроўваюць зьмены ў спажываньні музычных твораў, у прыватнасьці, музыка цяпер часта выконвае ролю фону.

Читать полностью…

cybulinka

Доўгатэрміновыя ўспаміны фармуюцца з пашкоджаньнем ДНК

Звычайна запаленьне нэўронаў лічыцца благім знакам, бо гэта можа стаць прычынай нэўралягічных праблем. Аднак новыя зьвесткі паказваюць, што запаленьне пэўных нэўронаў у гіпакампе неабходнае для стварэньня доўгатэрміновых успамінаў.

Дзіўны мэханізм заўважылі ў досьледах з мышамі, якіх білі слабым токам, каб сфармаваць нэгатыўны ўспамін (эпізадычная памяць). Наступны аналіз выявіў актыўнасьць нэўранаў гіпакампу, зьвязаных з запаленчым сыгнальным шляхам (Toll-Like Receptor 9, TLR9). Ён вядомы тым, што запускае імунны адказ, калі ў арганізьме выяўляюцца патагенныя кавалкі ДНК.

Каманда спачатку западозрыла інфэкцыю ў грызуноў, але далейшае вывучэньне паказала, што TLR9 актываваліся ў гіпакампе толькі там, дзе ДНК мела пашкоджаньні.

Потым выявілася яшчэ аднак асаблівасьць: калі шлях TLR9 быў прымусова заблякаваны, мышы страчвалі здольнасьць утвараць доўгатэрміновыя ўспаміны. Таксама ў іх выяўлялася больш пашкоджаньняў ДНК у нэўронах.

Читать полностью…

cybulinka

Амэрыканскія каровы захварэлі на птушыны грып

Паводле зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, малочныя каровы ў двух штатах здалі станоўчы тэст на птушыны грып H5N1. Гэта першы выпадак у быдла, але пакуль аніводная карова не памерла.

Імаверна, інфікаваньне адбылося ад дзікіх птушак, хаця пакуль невядома, якім чынам ажыцьцявілася міжвідавая перадача. Адмыслоўцы мяркуюць, што птушыны памёт наўпрост трапіў у ежу ці ваду для кароў.

Адзначаецца таксама, што рызыка заражэньня птушыным грыпам застаецца нізкай, а малако хворых кароў не ўяўляе небясьпекі.

Даваць вірусу больш актуальную назву пакуль не плянуюць 🙃

Читать полностью…

cybulinka

Маленькія алені з Пэру прызнаныя новым відам

Новы прадстаўнік групы карлікавых аленяў жыве толькі ў цэнтральных Андах, ягоны рост не перавышае 38 см, а вага складае 7-9 кг. Алень атрымаў назоў Pudella carlae і стаў першым адкрытым відам у Паўднёвай Амэрыцы за 60 гадоў.

Читать полностью…

cybulinka

У сініц заўважылі адмысловы жэст, які яны робяць крыламі, каб прапусьціць партнэра ў гняздо

Жэстыкуляцыяй актыўна карыстаюцца людзі й іншыя прыматы, аднак цяпер дасьледнікі заўважылі нешта падобнае й у птушак.

Каманда арнітолягаў зь Японіі цягам гадоў стварыла й усталявала адмысловыя гнездавыя скрыні для японскіх сініц Parus minor у лясох. У кожнай скрыні зрабілі адтуліну дыямэтрам 7.5 см, каб імітаваць натуральныя дуплы.

Падчас сэзону размнажэньня каманда зафіксавала 321 наведваньне 8 пар сініц. У бальшыні выпадкаў птушкі вярталіся зь ежай, каб накарміць птушанят.

Аказалася, што калі пара прылятала да гнязда адначасова, адна з птушак перад уваходам адлятала на суседнюю галінку й пачынала трапятаць крыламі. У 40% выпадкаў так рабілі самкі, пасьля чаго ў гняздо залазіў спачатку самец. А вось у выпадках, калі аніводная птушка не рабілі адмысловы жэст крыламі, першай заўсёды ўваходзіла самка.

Читать полностью…

cybulinka

Рост цэн на прадукты харчаваньня адбываецца ў тым ліку й празь зьмены клімату

Паводле прагнозаў, павышэньне сярэдняй тэмпэратуры прывядзе да росту цэн на прадукты на 0.9 – 3.2% за год, бо ўрадлівасьць сельскагаспадарчых культур будзе падаць у наступным дзесяцігодзьдзі.

Дасьледнікі пашукалі ўзаемасувязі паміж цэнамі на прадукты харчаваньня й такімі фактарамі, як сярэдняя месячная тэмпэратура, засуха й экстрэмальныя ападкі. Для гэтага яны вывучылі зьвесткі пра цэны й умовы надворʼя з 121 краіны за пэрыяд з 1996 па 2021 год.

Такім чынам выявілася, што ў наступным месяцы пасьля экстрэмальных сьпёкі ці ападкаў, цэны на пэўныя прадукты стабільна павышаліся й заставалі на такім жа ўзроўні да канцу году.

Далей аўтары скарысталіся кліматычнай мадэльлю, каб зрабіць прагноз. Так, паводле самага благога сцэнара, у 2060 годзе глябальная інфляцыя цэн на прадукты перавысіць 4% за год. Але да гэтага часу могуць зьмяніцца іншыя фактары, таму прагноз на 10 гадоў падаецца больш надзейным.

Читать полностью…

cybulinka

Рэдкая сцэна кармленьня малога кашалёта ў Індыйскім акіяне. Цялё прасоўвае сваю ніжнюю сківіцу ў поласьць смочку й малако пачынае паступаць у рот. Падчас кармленьня цяля ня мае магчымасьці дыхаць, таму такія інтымныя момант вельмі кароткія.

Фота: Thien Nguyen Ngoc, Vietnam. Sony World Photography Awards 2024

Читать полностью…

cybulinka

Сабакі разумеюць, што словы абазначаюць прадметы

Сабакі могуць прыносіць розныя прадметы на просьбы гаспадароў, але ў лябараторных умовах жывёлы часьцяком адмаўляюцца гэта рабіць. Таму ўзьнікла пытаньне, а ці разумеюць сабакі словы як назовы прадметаў, альбо для іх гэта проста інструкцыя.

З гэтай нагоды каманда вугорскіх навукоўцаў зладзіла тэставаньне 18 сабак розных парод. Кожнага гаспадара папрасілі выбраць 5 цацак, якія потым дэманстраваліся гадаванцам. Разам з тым штораз прамаўлялася назва прадмета, толькі ў некаторых выпадках яна не супадала з сапраўднай назвай цацкі.

Адмыслоўцы ж у гэты час запісвалі мазґавую актыўнасьць сабак з дапамогай ЭЭГ. Такім чынам высьветлілася, што сыгналы ў мазґах мяняліся, калі назва не супадала з абʼектам. Прытым найбольш выразна эфэкт назіраўся ў выпадку добра знаёмых жывёліне словаў.

Цікава тое, што гэта ўсё было вельмі падобнае на вынікі падобнага тэставаньня зь людзьмі. Таму аўтары мяркуюць, што сабакі сапраўды ведаюць назовы некаторых абʼектаў.

Читать полностью…

cybulinka

Кубачак кавы ўзбадзёрыць электрамабіль

Японскія навукоўцы апублікавалі дасьледаваньне, у якім паказалі, што дадаваньне невялікай колькасьці кафэіну ў паліўныя элемэнты (акумулятары) можа значна павысіць іхнюю эфэктыўнасьць.

Паводле аўтараў, кафэін у 11 разоў паскорыў рэакцыі аднаўленьня кіслароду, якія адбываюцца на плятынавых паверхнях і ўласна генэруюць электрычнасьць у паліўных элемэнтах.

Праўда, такі эфэкт моцна залежаў ад тыпу плятынавай паверхні, а сама тэхналёгія яшчэ не прымяняецца масава.

Читать полностью…

cybulinka

Вялікі шлейф таксычнага газу ад вывяржэньняў у Ісьляндыі ўжо ў Эўропе

Шлейф дыяксыду серкі, які ўтварыўся ад вывяржэньняў на паўвостраве Рэйкʼянэс у Ісьляндыі, цяпер ідзе над Эўропай. Крыху закране й Беларусь.

SO2 – бясколерны газ з характэрным рэзкім пахам. У вялікіх канцэнтрацыях можа справакаваць раздражненьне сьлізьневых абалонак, цяжкасьці з дыханьнем і глытаньнем.

Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што шлейф газу не паўплывае на якасьць прыземнага паветра, а вось азонавы слой пашкодзіць можа.

Читать полностью…

cybulinka

Чалавечыя мазгі нейкім чынам захоўваюцца цягам тысяч гадоў

Амаль цэлыя мазґі ўзростам да 12000 гадоў былі знойдзеныя ў самых непрадказальных месцах і пакуль невядома, што іх захавала😱

Вядома, што мазґі, які й астатнія мяккія тканкі, пачынаюць хутка раскладацца пасьля сьмерці арганізму, пакідаючы толькі шкілет. Але ў пэўных выпадках, напрыклад, рытуальныя пахаваньні, знаходжаньне парэшткаў у балоце мяккія тканкі могуць захоўвацца.

Што праўда, ёсьць знаходкі, калі разам са шкілетам знаходзілі толькі мазґі. Таму навуковая каманда зладзіла сыстэматычны агляд такога фэномэну. Агулам назьбіралася больш за 4400 захаваных старажытных мазґоў.

У бальшыні выпадкаў захавальнасьць органу можна было патлумачыць «стандартнымі» фактарамі: рытуальнае апрацоўваньне цела, уплыў гарбавальных (дубільных) рэчываў, працэсу амыленьня й г.д. Але ж выявілася ажно 1300 выпадкаў, калі захоўваліся толькі мазґі, што нельга патлумачыць пералічанымі фактарамі, бо яны «кансэрвуюць» агулам тканкі, а ня толькі пэўныя органы.

Відавочна, тут адбываюцца іншыя працэсы. Паводле галоўнай аўтаркі дасьледаваньня Алекзандры Мортон-Гэйўард, пры пэўных умовах такія рэчывы, як жалеза, могуць каталізаваць утварэньне дадатковых сувязяў паміж малекуламі бялкоў і ліпідаў, што павышае іхнюю ўстойлівасьць. Штосьці падобнае адбываецца пры нэўрадэгенэратыўных хваробах, таму разуменьне мэханізму можа наўпрост дапамагчы ў барацьбе з дэмэнцыяй і падобнымі хваробамі.

Читать полностью…

cybulinka

Страту зубоў зьвязалі з пагаршэньнем памяці

Раней навукоўцы паведамілі пра тое, што бактэрыі, зьвязаныя з хваробамі дзяснаў, пры пэўных абставінах могуць пранікаць праз ґемата-энцэфалічны барʼер у мазґі. Нядаўна зьявілася дасьледаваньне японскіх навукоўцаў, якое таксама паказвае залежнасьць здароўя мазґоў ад стану ротавай поласьці.

Аўтары вывучылі страту зубоў у больш за 900 чалавек, старэйшых за 60 гадоў, і прасканавалі іхнія мазґі. Паведамляецца, што ў бальшыні ( 732) удзельнікаў і ўдзельніц кагнітыўных праблем не назіралася, а ў астатніх яны былі ў розных ступенях.

З папраўкамі на дэмаґрафічныя фактары (век, пол, адукацыя), дасьледнікі не знайшлі сувязі паміж колькасьцю зубоў і абʼёмам мазґоў. Але аналіз адказнай за памяць парагіпакампальнай зьвіліны выявіў цікавую карэляцыю ў людзей без кагнітыўных праблем.

У тых, у каго сваіх зубоў заставалася меней за 10 абʼём названай вобласьці агулам быў на 3.5% меней, чымся ў людзей з 24 і болей зубамі. Таксама ў першым выпадку было на 25% болей пашкоджаньняў белай мазґавой матэрыі.

Читать полностью…

cybulinka

Апошнім часам пашыраецца меркаваньне, што замяняльнікі цукру ў напоях і іншых прадуктах стымулююць апэтыт. Дасьледнікі заўважылі гэта й пастанавілі спраўдзіць у рандамізаваным дасьледаваньні.

У выніку аказалася, што гэта памылковае меркаваньне, бо спажываньне прадуктаў з штучнымі й натуральнымі замяняльнікамі цукру вядзе да такога ж зьніжэньня апэтыту, як і «недыетычныя» аналягі. Аніякай розьніцы ў гарманальных рэакцыях і рэгуляцыі ўзроўню цукру ў крыві не было заўважана (замяняльнікі паніжалі яго).

Читать полностью…

cybulinka

Бялкі ціхаходак зрабілі чалавечыя вузы больш трывалымі

Ціхаходкі Tardigrada вядомыя тым, што іх вельмі складана зьнішчыць. Яны выжываюць пры надзвычай высокіх і нізкіх тэмпэратурах, трываюць высокія дозы радыяцыі, яhttps://studyfinds.org/wp-content/uploads/2023/09/tardigrade-scaled.jpegкія б аказалася сьмяротнымі для чалавека, а таксама гэтыя мікраскапічныя арганізмы выжываюць у космасе. Цяпер высьветлілася, што рэчыва, дзякуючы якому ціхаходкі могуць перажываць суворыя ўмовы, можа стаць сродкам для запавольваньня старэньня ў людзей.

Каманда засяродзілася на бялку CAHS D, які, паводле папярэдніх дасьледаваньняў, абараняе арганізм ціхаходкі ад празьмернай страты вады (высыханьня), ператвараючы зьмесьціва вузаў у гель. У выніку такой рэакцыі, усе біяхімічныя працэсы запавольваюцца да надыходу больш спрыяльных умоў. Тут навукоўцы й западозрылі, што бялок можа спрацаваць і ў вузах іншых арганізмаў.

Таму яны ўвялі CAHS D у чалавечыя вузы й пабачылі, што зьмесьціва таксама стала больш густым, а працэсы мэтабалізму запаволіліся. Прытым гэта зваротны працэс, то бок, калі вузы перастаюць адчуваць стрэс – усё вяртаецца ў нармальны стан.

Читать полностью…

cybulinka

Маладая касатка адмаўляецца пакідаць лягуну, дзе загінула ейная маці

У лягуну каля вострава Ванкувэр касаткі трапілі яшчэ ў суботу. Імаверна, дарослая жывёліна перасьледавала цюленя й выплыла на бераг. Ратаўнікі спрабавалі вярнуць касатку ў ваду, але не далі рады. Жывёліна, як пазьней высьветлілася цяжарная, памерла.

Увесь гэты час маладая касатка заставалася ў лягуне, таму ратавальнікі спрабавалі выманіць яе ў акіян, але безвынікова. Сытуацыю ўскладняе й тое, што магчымасьць выплыць зь лягуны ёсьць толькі падчас прыліву, які цягнецца 30 хвілін.

Агулам жывёліна здаровая й актыўна камунікуе са сваімі суродзічамі ў «вялікай» вадзе.

Читать полностью…

cybulinka

Тэрапія антыцеламі амаладзіла імунную сыстэму мышэй

Новая тэрапія антыцеламі амаладзіла імунную сыстэму старых мышэй, што дазволіла жывёлам больш эфэктыўна супрацьстаяць інфэкцыям. Калі такое лячэньне спрацуе на людзях, то гэта дапаможа вырашыць праблему ўзроставага зьніжэньня імунітэту.

Эфэктыўнасьць імуннай сыстэмы паступова зьніжаецца па меры сталеньня арганізму, таму пажылыя людзі найбольш уразьлівыя перад інфэкцыямі. Адмыслоўцы зьвязваюць такі эфэкт з ствалавымі вузамі крыві, якія могуць пераўтварацца ў іншыя тыпы вузаў. З узростам такія ствалавыя вузы часткова губляюць сваю здольнасьць, і могуць пераўтварацца толькі ў нейкі адзін тып вузаў. У выніку дысбалянс нэгатыўна адбіваецца на імуннай сыстэме й становіцца прычынай разьвіцьця хранічнага запаленьня.

Цяпер навукоўцы распрацавалі мэтад лекаваньня з выкарыстаньнем антыцел (бялкі), якія распазнаюць і атакуюць сапсаваныя ствалавыя вузы. Наступныя выпрабаваньні мэтаду на старых мышах паказалі, што праз тыдзень пасьля іньекцыі ў іх на 38% зьнізілася колькасьць абэрантных (ненармальных) ствалавых вузаў.

Таксама ў грызуноў назіраўся нізкі ўзровень запаленьня й павелічэньне колькасьці важных для распазнаваньня інфэкцыі тыпаў леўкацытаў.

Читать полностью…

cybulinka

Кашалёты адбілі напад касатак сваёй сакрэтнай зброяй

Пасажыры турыстычнага судна сталі відавочцамі пагоні зграі касатак за маладымі кашалётамі, якая працягвалася каля 2 гадзін. У выніку касаткі загналі кашалётаў на мелкаводзьдзе, дзе й плянавалі кончыць паляваньне, але нешта пайшло ня так.

Кашалёты перагрупаваліся ў кола так, каб самы малодшы суродзіч быў у цэнтры (гл. фота), і некаторы час давалі адпор нападнікам. Потым відавочцы заўважылі на паверхні вады чырвона-аранжавую пляму, падобную на кроў. Аднак хутка пасьля гэтага касаткі пакінулі месца здарэньня.

Пазьней пасьля прагляду відэазапісаў стала зразумела, што гэта была ня кроў, а кал. Так бы мовіць, ініцыятарам калавых атак (іх было 2) стаў самы вялікі кашалёт.

Тэхніка абарончай дэфэкацыі ў кашалётаў вядомая даўно, але гэта, відаць, першы выпадак, калі яе ўжылі супраць касатак.

Читать полностью…

cybulinka

Крэмнавыя шыпы зьнішчылі 96% вірусных часьцінак

Міжнародная дасьледчая каманда распрацавала матэрыял, паверхня якога зьнішчае вірусы. Гэта можа паспрыяць кантраляваньню распаўсюду хваробаў у лякарнях, лябараторыях і іншых месцах з высокім узроўнем рызыкі.

Звонку матэрыял выглядае як чорнае люстра, але ягоную паверхню пакрываюць нанашыпы вышынёй 290 нм і таўшчынёй 2 нм, што ў 30 000 разоў танчэй за чалавечы волас.

Лябараторныя выпрабаваньні ладзіліся зь вірусам HPIV-3, які выклікае бранхіт і пнэўманію. Агулам эфэктыўнасьць была на ўзроўні 96%: за 6 гадзін кантакту з паверхняй, вірыёны разрываліся альбо пашкоджваліся так, што не маглі справакаваць інфэкцыю.

🦠 На першым здымку можна бачыць вірусную часьцінку наўпрост на крэмнавай паверхні. Ужо праз гадзіну «віруснае» зьмесьціва пачало выцякаць. Павелічэньне ў 65 000 разоў.

На другім фота – цалкам зьнішчаны вірус.

Читать полностью…

cybulinka

✍️ Генэтычны фактар рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра, відаць, вядзе да накапленьня тлушчоў у імунных вузах мазґоў, што паказвае на магчымую прычыну хваробы, якая ігнаравалася дагэтуль.

Чытаць падрабязьней:
⬇️⬇️⬇️
https://telegra.ph/Hvarobu-Alcgajmehra-zvyazal%D1%96-z-nazapashvannem-tlushcho%D1%9E-u-mazgah-03-25

Читать полностью…

cybulinka

Ад людзей жывёлам перадаецца больш вірусаў, чымся наадварот

Аналіз вірусных геномаў паказаў, што ў 64% выпадкаў вірус пераходзіў ад чалавека жывёлам, а не наадварот. Напрыклад, пасьля перадачы SARS-CoV-2 ад кажаноў чалавеку, людзі перадалі яго далей іншым відам.

У дасьледаваньні выкарыстоўвалася глябальная база зьвестак вірусных геномаў, у ягой было выяўлена каля 13 000 вірусных лініяў і 3 000 міжвідавых пераходаў.

Высьветлілася, што нават калі не ўлічваць SARS-CoV-2 (ковід), MERS-CoV (блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром) і грыпу, 54% выпадкаў перадачы адбываліся ад чалавека.

Такі распаўсюд вірусаў можа стаць вялікай пагрозай для відаў, якія знаходзіцца на мяжы зьнікненьня. Напрыклад, калі сярод дзікіх шымпанзэ ва Ўгандзе адбылася сапраўдная пандэмія чалавечых вірусаў.

Читать полностью…

cybulinka

Выкарыстаньне нэўрасетак павысіла прадуктыўнасьць мастакоў, але зьнізіла крэатыўнасьць твораў

Дасьледнікі з Бостанскага ўнівэрсытэту вывучылі творы 53 000 аўтараў, якія былі апублікаваныя на адной анляйн-плятформе са студзеня 2022 па травень 2023 (4 млн твораў!). Мастакоў разьбілі на дзьве групы паводле выкарыстаньня генэратыўных мадэляў у сваёй творчасьці.

Спачатку навукоўцы падлічылі прадуктыўнасьць аўтараў паводле колькасьці апублікаваных работ, а потым і крэатыўнасьць паводле тэматыкі й дэталізацыі твораў.

Аказалася, што прадуктыўнасьць мастакоў, якія стала выкарыстоўвалі нэўрасеткі ў творчасьці вырасла на 25%, а вось крэатыўнасьць заўважна зьнізілася. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што галоўнай прычынай такога эфэкту стала «стэрэатыпнасьць» саміх нэўрасетак.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы вывучаюць мэханізмы анарэксіі, кампанія Neuralink паказвае першага пацыента з мазґавым імплянтам, а птушкі практыкуюць канібалізм. Кароткі агляд навін 12 тыдня.

🧅Суровыя ўдоды. Гішпанскія арнітолягі заўважылі, што ўдоды – невялікія птушкі з характэрным чубком на галаве – у багатыя на ежу сэзоны адкладаюць некалькі дадатковых яек. Праўда робяць яны гэта, каб птушаняты, якія вылупяцца апошнімі, сталі ежай для старэйшых. Аўтары кажуць, што ў гнёздах з канібалізмам агулам выжывае больш птушанят.

🧅Сэмаглютыд паменшыў колькасьць разладаў, зьвязаных са спажываньнем канабісу. Рэтраспэктыўнае дасьледаваньне амэрыканскіх навукоўцаў паказала, што папулярныя прэпараты сэмаглютыду могуць зьніжаць частату разладаў, зьвязаных са спажываньнем марыхуаны. Прытым эфэкт назіраўся й у пацыентаў з атлусьценьнем, і з дыябэтам. Падаецца, станоўчыя эфэкты сэмаглютыду ня скончацца.

🧅Крок да разуменьня прыроды анарэксіі. Псыхічны разлад, пры якім людзі паталягічна абмяжоўваюць сябе ў ежы, зьвязаны з трывогай і дэпрэсыяй. Таму навукоўцы даўно меркавалі, што прычыны анарэксіі могуць быць у адказнай за кантраляваньне эмоцыяў амігдале. Цяпер дасьледнікі знайшлі ў гэтай структуры папуляцыі нэўронаў, выдаленьне якіх спыніла разьвіцьцё разладу. Яны знаходзяцца ў зонах, якія тармозяць апэтыт, падчас нудоты ці пры адчуваньні нечага горкага.

🧅Neuralink паказала пацыента, якому ўпершыню імплянтавалі чып, аднак інфармацыі, каб зрабіць высновы пра пасьпяховасьць тэхналёгіі дагэтуль бракуе.

Читать полностью…

cybulinka

Экалягічныя фэрмы павялічылі выкарыстаньне пэстыцыдаў на звычайных палёх

Звычайна вусякоў на экалягічна чыстых фэрмах больш, чымся на звычайных. Таму шкоднікі могуць распаўсюджвацца на суседнія палі, прымушаючы фэрмэраў выкарыстоўваць больш пэстыцыдаў.

Дасьледчая каманда з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Барбары прааналізавала зьвесткі аб зямлякарыстаньні й ужываньнем пэстыцыдаў на 14 000 дзялянак, прызначаных для вырошчваньня мігдалю, морквы, фісташак і вінаграду.

У выніку навукоўцы заўважылі, што калі эка-фэрмы месьціліся побач са звычайнымі, то на апошніх выкарыстоўвалі больш пэстыцыдаў. Напрыклад, павелічэньне плошчы эка-пасеваў было зьвязанае з 0.3-адсоткавым павелічэньнем агульнага выкарыстаньня інсэктыцыдаў на звычайных палёх.

Паводле аўтараў, такі эфэкт можа быць зьвязаным зь міграцыяй вусякоў з эка-фэрмаў, дзе іх звычайна больш, на традыцыйныя палі. Радыюс такога распаўсюду не перавышае 2.5 км.

Таксама адзначаецца, што падобны эфэкт не назіраўся на тэрыторыях, дзе прысутнічаюць толькі эка-фэрмы. Там увогуле назіралася скарачэньне выкарыстаньня сродкаў на 3% праз утварэньне большых і ўстойлівых суполак карысных вусякоў.

Читать полностью…

cybulinka

Самага пухнатага жука знайшлі ў Аўстраліі

Адкрыцьцё зрабіў энтамоляг Джэймз Тўід падчас каляднага адпачынку. Першапачаткова яму падалося, што на кусьце нейкае птушынае лайно, але потым удалося разглядзець чырвона-чорнага жука з доўгімі белымі валаскамі.

Хаця пухнатых жукоў даволі шмат, гэты істотна адрозьніваўся ад іх даўжынёй валаскоў, якія, імаверна, абараняюць ад драпежнікаў (бо падобныя на грыбковую хваробу). Пасьля пільнага вывучэньня, адмыслоўцы далі новаму віду назву Excastra albopіlosa і вылучылі ў асобны род.

Дарэчы, відавую назву можна перакласьці як «белы й валасаты зь лягеру». Лягер згадалі таму, што аўтар выйшаў з намёту перад тым, як пабачыць жука.

Читать полностью…

cybulinka

Спадарства, мы радыя адрэкамэндаваць вам папку «Кантэнт 1.0», у якой сабралі ажно 18 каналаў, прысьвечаных самым розным тэмам: ад клясычных мэмаў да сэкс-асьветы.

Спадзяемся, гэтая прапанова вас зацікавіць.

Далучайцеся па спасылцы, усе каналы бясьпечныя ⤵️
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi

Читать полностью…

cybulinka

Бялухі мяняюць форму галавы падчас зносін

Некаторыя сысуны выкарыстоўваюць міміку для перадачы эмоцый і намераў, аднак у кітападобных такой магчымасьці няма. Так, тварныя цягліцы ў іх ёсьць, але яны знаходзяцца пад шчыльнай і пругкай скурай, таму зрабіць мінку не атрымаецца.

Аднак бялухі Delphіnapterus leucas знайшлі выйсьце: яны мяняюць форму сваіх характэрных выступаў на галаве падчас камунікацыі з суродзічамі.

Раней меркавалася, што такія нарасты з тлушчавай тканкі толькі ўзмацняюць гукавыя сыгналы ў сацыяльных зносінах.

Читать полностью…
Subscribe to a channel