cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Навукоўцы вывучаюць мэханізмы анарэксіі, кампанія Neuralink паказвае першага пацыента з мазґавым імплянтам, а птушкі практыкуюць канібалізм. Кароткі агляд навін 12 тыдня.

🧅Суровыя ўдоды. Гішпанскія арнітолягі заўважылі, што ўдоды – невялікія птушкі з характэрным чубком на галаве – у багатыя на ежу сэзоны адкладаюць некалькі дадатковых яек. Праўда робяць яны гэта, каб птушаняты, якія вылупяцца апошнімі, сталі ежай для старэйшых. Аўтары кажуць, што ў гнёздах з канібалізмам агулам выжывае больш птушанят.

🧅Сэмаглютыд паменшыў колькасьць разладаў, зьвязаных са спажываньнем канабісу. Рэтраспэктыўнае дасьледаваньне амэрыканскіх навукоўцаў паказала, што папулярныя прэпараты сэмаглютыду могуць зьніжаць частату разладаў, зьвязаных са спажываньнем марыхуаны. Прытым эфэкт назіраўся й у пацыентаў з атлусьценьнем, і з дыябэтам. Падаецца, станоўчыя эфэкты сэмаглютыду ня скончацца.

🧅Крок да разуменьня прыроды анарэксіі. Псыхічны разлад, пры якім людзі паталягічна абмяжоўваюць сябе ў ежы, зьвязаны з трывогай і дэпрэсыяй. Таму навукоўцы даўно меркавалі, што прычыны анарэксіі могуць быць у адказнай за кантраляваньне эмоцыяў амігдале. Цяпер дасьледнікі знайшлі ў гэтай структуры папуляцыі нэўронаў, выдаленьне якіх спыніла разьвіцьцё разладу. Яны знаходзяцца ў зонах, якія тармозяць апэтыт, падчас нудоты ці пры адчуваньні нечага горкага.

🧅Neuralink паказала пацыента, якому ўпершыню імплянтавалі чып, аднак інфармацыі, каб зрабіць высновы пра пасьпяховасьць тэхналёгіі дагэтуль бракуе.

Читать полностью…

cybulinka

Экалягічныя фэрмы павялічылі выкарыстаньне пэстыцыдаў на звычайных палёх

Звычайна вусякоў на экалягічна чыстых фэрмах больш, чымся на звычайных. Таму шкоднікі могуць распаўсюджвацца на суседнія палі, прымушаючы фэрмэраў выкарыстоўваць больш пэстыцыдаў.

Дасьледчая каманда з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Барбары прааналізавала зьвесткі аб зямлякарыстаньні й ужываньнем пэстыцыдаў на 14 000 дзялянак, прызначаных для вырошчваньня мігдалю, морквы, фісташак і вінаграду.

У выніку навукоўцы заўважылі, што калі эка-фэрмы месьціліся побач са звычайнымі, то на апошніх выкарыстоўвалі больш пэстыцыдаў. Напрыклад, павелічэньне плошчы эка-пасеваў было зьвязанае з 0.3-адсоткавым павелічэньнем агульнага выкарыстаньня інсэктыцыдаў на звычайных палёх.

Паводле аўтараў, такі эфэкт можа быць зьвязаным зь міграцыяй вусякоў з эка-фэрмаў, дзе іх звычайна больш, на традыцыйныя палі. Радыюс такога распаўсюду не перавышае 2.5 км.

Таксама адзначаецца, што падобны эфэкт не назіраўся на тэрыторыях, дзе прысутнічаюць толькі эка-фэрмы. Там увогуле назіралася скарачэньне выкарыстаньня сродкаў на 3% праз утварэньне большых і ўстойлівых суполак карысных вусякоў.

Читать полностью…

cybulinka

Самага пухнатага жука знайшлі ў Аўстраліі

Адкрыцьцё зрабіў энтамоляг Джэймз Тўід падчас каляднага адпачынку. Першапачаткова яму падалося, што на кусьце нейкае птушынае лайно, але потым удалося разглядзець чырвона-чорнага жука з доўгімі белымі валаскамі.

Хаця пухнатых жукоў даволі шмат, гэты істотна адрозьніваўся ад іх даўжынёй валаскоў, якія, імаверна, абараняюць ад драпежнікаў (бо падобныя на грыбковую хваробу). Пасьля пільнага вывучэньня, адмыслоўцы далі новаму віду назву Excastra albopіlosa і вылучылі ў асобны род.

Дарэчы, відавую назву можна перакласьці як «белы й валасаты зь лягеру». Лягер згадалі таму, што аўтар выйшаў з намёту перад тым, як пабачыць жука.

Читать полностью…

cybulinka

Спадарства, мы радыя адрэкамэндаваць вам папку «Кантэнт 1.0», у якой сабралі ажно 18 каналаў, прысьвечаных самым розным тэмам: ад клясычных мэмаў да сэкс-асьветы.

Спадзяемся, гэтая прапанова вас зацікавіць.

Далучайцеся па спасылцы, усе каналы бясьпечныя ⤵️
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi

Читать полностью…

cybulinka

Бялухі мяняюць форму галавы падчас зносін

Некаторыя сысуны выкарыстоўваюць міміку для перадачы эмоцый і намераў, аднак у кітападобных такой магчымасьці няма. Так, тварныя цягліцы ў іх ёсьць, але яны знаходзяцца пад шчыльнай і пругкай скурай, таму зрабіць мінку не атрымаецца.

Аднак бялухі Delphіnapterus leucas знайшлі выйсьце: яны мяняюць форму сваіх характэрных выступаў на галаве падчас камунікацыі з суродзічамі.

Раней меркавалася, што такія нарасты з тлушчавай тканкі толькі ўзмацняюць гукавыя сыгналы ў сацыяльных зносінах.

Читать полностью…

cybulinka

Вечныя хімікаты раптоўна знайшліся ў пакавальных матэрыялах для ежы

Ва ўпакоўках і посудзе «таемна» прысутнічаюць да 68 вечных хімікатаў, якія могуць несьці небясьпеку для здароўя

Вечныя хімікаты (пер- і поліфторалькільныя злучэньні, ПФАЗ) – гэта група сынтэтычных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці посуду з антыпрыгарным пакрыцьцём, воданепранікальных матэрыялаў і г.д. У малекулах ПФАЗ сувязі паміж атамамі вугляроду й фтору маюць надзвычай высокую трываласьць. Каб разбурыць такую сувязь у натуральных умовах можа спатрэбіцца ад сотняў да тысячаў гадоў, таму злучэньні й назвалі вечнымі хімікатамі.

Адносна нядаўна высьветлілася, што шмат рэчываў з гэтай групы зьвязаныя з нэгатыўным уплывам на здароўе: рак, рэпрадуктыўныя й імунныя праблемы.

Швайцарскія навукоўцы ў сваім мэтааналізе паспрабавалі даць ацэнку распаўсюджанасьці ПФАЗ у матэрыялах для пакаваньня харчовых прадуктаў. Для гэтага яны вывучылі 1312 публікацый з падрабязным апісаньнем хімічных рэчываў, якія кантактуюць зь ежай, а потым параўналі іх са сьпісам вечных хімікатаў.

У выніку знайшлося 68 патэнцыйна небясьпечных рэчываў, 61 зь іх упершыню, а таксычныя выпрабаваньні ладзіліся толькі для 38.

Читать полностью…

cybulinka

Фатаздымкі апошняга вывяржэньня ў Ісьляндыі

Вулькан на паўднёвым захадзе Ісьляндыі пачаў чацьвёртае ад пачатку году вывяржэньне. Асаблівасьцю ісьляндзкіх вульканаў зьяўляецца тое, што яны вывяргаюцца праз шчыліны ў кары й, паводле адмыслоўцаў, цяперака яны найбольшага памеру (даўжыня 3-4 км).

На фота выглядае ўсё жудасна, але непасрэднай небясьпекі для жыхароў няма. Аднак калі лававая плынь дасягне мора (а яна туды імкнецца), то хуткае ахаладжэньне прывядзе да ўтварэньня хлёрыстага вадароду (газ HCl), які будзе ўяўляць небясьпеку для ўсяго жывога на беразе й у лагчынах.

Вось тут можна сачыць за падзеяй (з перакладнікам)

Читать полностью…

cybulinka

Псыхічныя хваробы могуць прысьпяшыць старэньне праз пашкоджаньне РНК

У людзей з псыхічнымі хваробамі знайшлося больш пашкоджаных малекул РНК, чым у людзей без такіх праблем. Паколькі вядома, што пашкоджаныя РНК прысьпяшаюць старэньне, такія вынікі могуць патлумачыць, чаму псыхічныя разлады зьвязаныя з высокай рызыкай сьмерці ад узроставых захворваньняў.

Дацкія дасьледнікі вывучылі ўзоры ДНК і РНК больш за 7 700 чалавек старэйшых за 25 гадоў. Каля 3 100 зь іх мелі псыхічныя захворваньні. Аналіз быў сканцэнтраваны на пошуку прыкмет акісьляльнага стрэсу, які разбурае вузы й зьвязаны з узроставымі хваробамі.

Пасьля папраўкі на век і пол людзей з выбаркі высьветлілася, што разам з псыхічным разладам у сярэднім на 9% павышаўся й узровень маркэру пашкоджаньня РНК.

За ўдзельнікамі й удзельніцамі дасьледаваньня сачылі да траўня 2023 году, што паказала таксама высокую імавернасьць сьмерці ў групе.

Читать полностью…

cybulinka

Не багаты на навіны 11 тыдзень, таму й дайджэст кароткі.

🧅Субтытры палепшылі разуменьне мовы. Амэрыканскія дасьледнікі паклікалі 287 студэнтаў, якія валодалі ангельскай мовай на сярэднім узроўні, паказалі ім відэа, а потым папрасілі за абмежаваны час адказаць на пытаньні наконт зьместу. Уласна падчас досьледу, відэа прайгравалася з субтытрамі альбо безь і на з рознымі хуткасьцямі. У выніку аказалася, што найлепей зьмест відэа зразумелі тыя, хто глядзеў запаволенае (0.75) відэа з субтытрамі (анг.+анг.). Аднак і для астатніх выпадкаў з субтытрамі быў падобны эфэкт, толькі не такі выразны.

🧅Самы старажытны спосаб нанясеньня тату. Майстар татуаваньня з Новай Зэляндыі зрабіў сабе аднолькавыя тату рознымі тэхнікамі дзеля навукі. Справа ў тым, што на целе ледзяной муміі Ötzі навукоўцы заўважылі нацельныя рысункі й пачалі будаваць гіпотэзы, якім чынам іх маглі зрабіць 5200 г. таму. Цяпер высьветлілася, што гэта была тэхніка handpoke, калі выява атрымліваецца ў выніку нанясеньня на скуру пігмэнту й наступнага ручнога праколваньня скуры меднай іголкай ці косткай.

🧅Дарвін, сьпіш? Самцы бальшыні відаў сысуноў не пераўзыходзяць у памерах самак. Каб прыйсьці да такой высновы, заолягі прааналізавалі 429 відаў жывёлаў. Аналіз паказаў, што самцы 45.1% відаў маюць большыя памеры, чым самка, 16.2 – наадварот, а для астатніх палавы дымарфізм увогуле не актуальны. Імаверна, памылковае меркаваньне зьявілася праз тое, што першапачаткова сысуны вывучаліся на драпежніках, кітах і прыматах, а вось грызуны й кажаны ігнараваліся (а яны больш вялікія групы).

Читать полностью…

cybulinka

Самкі шымпанзэ надаюць шмат увагі сваім дзецям у цяжкія часы

Калі ежы становіцца мала, бальшыня шымпанзэ перастае гуляць, каб зьберагчы энэргію, але маці працягваюць бавіць шмат часу са сваімі дзецьмі, у тым ліку гуляючы зь імі. Імаверна праз тое, што гульні ўплываюць на фізычнае й псыхалягічнае разьвіцьцё маладых шымпанзэ, маці не мяняюць сваіх паводзінаў нават у цяжкія часы.

Зарын Мачанда разам са сваёй камандай цягам 10 гадоў назірала за 60 асобінамі шымпанзэ з аднаго парку ва Ўгандзе. Агулам падчас назіраньня ўдалося зафіксаваць 3 891 гульню.

У пэрыяды дастатку, каманда фіксавала хаця б адзін выпадак гульнявых паводзінаў у 97% дзён назіраньня, але ва ўмовах нястачы ежы, гэты паказьнік падаў да 38%. Прытым было заўважна, што маці па-ранейшаму вылучаюць час на гульні зь дзецьмі, часта нават больш, чымся ў сытыя часы.

Дасьледніца заўважае, што такое «нелягічнае» павелічэньне ўвагі дзецям можа адбывацца праз асаблівасьці паводзінаў шымпанзэ: у цяжкія часы яны занураюцца ў самоту, каб не канкураваць за рэсурсы. Таму ў самак не застаецца выбару, бо яны становяцца адзінымі сацыяльнымі партнэрамі для сваіх малых. Такі схаваны кошт мацярынства.

Читать полностью…

cybulinka

Самкі кітайскіх жаб падмаргнулі самцам, якія ім спадабаліся

Выкарыстаньне марганьня ў камунікацыі раней заўважалі толькі ў прыматаў і хатніх катоў, але цяпер такая рыса знайшлася й у жаб Odorrana tormota.

Заолягі пабачылі, што пасьля ўльтрагукавога шлюбнага воклічу каля самкі зьбіраецца шмат самцоў. Пэўны час яна пазірае на ўсіх, а потым пачынае маргаць упадабанаму кавалеру.

Читать полностью…

cybulinka

Гульні з сабакамі станоўча адбіліся на псыхічным стане людзей

Паводле вынікаў новага дасьледаваньня карэйскіх навукоўцаў, шпацыр і забаўкі разам з сабакамі могуць быць добрым спосабам палепшыць свой псыхічны стан.

У дасьледаваньне паклікалі 30 здаровых чалавек, начапілі ім электроды для маніторынгу мазґавой актыўнасьці й папрасілі пакамунікаваць з сабакам. Можна было гуляць, шпацыраваць, карміць, фатаграфаваць і проста абдымаць гадаванца.

Аказалася, што падчас такіх узаемадзеяньняў павышалася актыўнасьць альфа-хваляў у мазґах, што паказвала на рэляксацыю ў людзей. Найбольш выразна гэта праяўлялася падчас шпацыру й гульні з сабакам.

Апытаньне перад і пасьля досьледу таксама паказала, што псыха-эмацыйны стан удзельнікаў палепшыўся.

Читать полностью…

cybulinka

Дотыкі прысьпяшаюць першае пазнаваньне сябе ў адлюстраваньні

Найчасьцей дзеці пачынаюць пазнаваць сябе ў адлюстраваньні ў 1.5 году. Таму даволі даўно некаторыя адмыслоўцы лічаць запраграмаваным самаўсьведамленьне ў раньнім узросьце. То бок, пазнаваньне сябе ў люстры – гэта такая ўбудаваная функцыя нашых мазґоў, не зьвязаная з сэнсорным ці рухальным досьведам. Але ў новым дасьледаваньні такое меркаваньне ставіцца пад сумнеў.

Дасьледчая каманда пачала з таго, што наляпіла адмысловыя дыскі зь вібраматорчыкам на твары малым дзецям (14 мес.). Калі дыск пачынаў вібраваць, дзеці натуральным чынам пачыналі цягнуць да яго рукі. Потым дзяцей ставілі перад люстрам і яны пачалі кранацца дыскаў. То бок, на гэтым этапе дзеці ўжо ўсьведамлялі сябе.

У дадатак да ўсяго, аўтаркі зладзілі яшчэ стандартны люстраны тэст, якім звычайна спраўджваюць самаўсьведамленьне ў жывёл: кожнаму дзіцёнку на твары рабілі метку фарбай, і назіралі за рэакцыяй перад люстрам. Калі малыя ўдзельнікі дакраналіся да метак на сваіх тварах, альбо вымаўлялі імя ці слова «Я», то гэта сьведчыла на карысьць прысутнасьці самаўсьведамленьня.

У выніку дзеці, якія часьцей краналіся ўласных твараў, пачыналі пазнаваць сябе на 2 месяцы раней, чымся дзеці з кантрольнай групы, за якімі проста назіралі.

Читать полностью…

cybulinka

Амэрыканскія псыхолягі дазналіся, чаму людзі вінавацяць ахвяр

З 1960-х гадоў у сацыяльнай псыхалёгіі існуе меркаваньне, што абвінавачваньне ахвяры базуецца на чалавечай веры ў справядлівы сьвет: з добрымі людзьмі нічога кепскага адбыцца ня можа. Пазьней высьветлілася, што далёка ня ўсе людзі вераць у справядлівы сьвет, а таксама зьвяліся іншыя тлумачэньні зьявы: зьніжэньне эмпатыі, стэрэатыпы, абарона самаацэнкі й г.д. Аднак ідэю справядлівага сьвету адмыслоўцы не адкінулі, хаця на ейную праўдзівасьць мала што паказвае.

Напрыклад, у нядаўнім дасьледаваньні псыхолягі зладзілі шэраг экспэрымэнтаў, дзе людзям паказвалі выдуманыя навіны, напісаныя такім чынам, каб спраўдзіць спагаду й гатоўнасьць дапамагчы. Паводле сюжэтаў, пэрсанажы траплялі ў ДТЗ падчас адпраўкі паведамленьня, зазнавалі напад мядзьведзя падчас выправы й падобнае.

Пасьля чытаньня гісторыяў падыспытных прасілі апісаць характар кожнай ахвяры й ацаніць ступень ейнай віны ў здарэньні. Таксама ў некаторых выпадках прапаноўвалі яшчэ ахвяраваць на дапамогу частку сваёй узнагароды за ўдзел у досьледах альбо ўласныя грошы.

Першае, што пабачылі ў выніках псыхолягі – агульны нізкі ўзровень шчодрасьці й літасьці. Напрыклад, удзельнікі, калі пагаджаліся, то ахвяравалі менш за траціну ад максымальнай сумы (60 цэнтаў). Пры больш пільным вывучэньні дадзеных выявілася й цікавая тэндэнцыя: чым больш хібаў у характары ахвяры заўважалі ўдзельнікі, тым менш яны былі гатовыя дапамагаць.

То бок, замест таго, каб рабіць агульныя высновы, што ўсе ахвяры нейкім чынам заслужылі сваё ліха, «назіральнікі» шукаюць да чаго прычапіцца ў кожным асобным выпадку, каб апраўдаць сябе. Гэта цалкам супярэчыць гіпотэзе справядлівага сьвету.

Хаця гэтакі аспэкт не разглядаўся ў дасьледаваньні, аўтары мяркуюць, што такі абаронны мэханізм можа праяўляцца даволі змрочна. Напрыклад, калі ахвяр сэксуалізаванага гвалту засуджваюць за «празьмерна правакацыйную адзежу» у той час, як віна ляжыць толькі на гвалтаўніку.

Читать полностью…

cybulinka

⚡️Шэры цюлень плюнуў у арлана-белахвоста

Жанчына падчас шпацыру на востраве Ўайт заўважыла й сфатаграфавала незвычайны выпадак: шэры цюлень Halichoerus grypus цыркнуў вадой у арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla. Мяркуецца, што марскі сысун такім чынам хацеў прагнаць канкурэнта, бо абодва віды харчуюцца рыбай.

Раней падобных паводзінаў не заўважалі, але ж і папуляцыю арланаў на востраве пачалі аднаўляць толькі ў 2019 годзе, пасьля поўнага зьнішчэньня ў 18 стагодзьдзі.

Читать полностью…

cybulinka

Сабакі разумеюць, што словы абазначаюць прадметы

Сабакі могуць прыносіць розныя прадметы на просьбы гаспадароў, але ў лябараторных умовах жывёлы часьцяком адмаўляюцца гэта рабіць. Таму ўзьнікла пытаньне, а ці разумеюць сабакі словы як назовы прадметаў, альбо для іх гэта проста інструкцыя.

З гэтай нагоды каманда вугорскіх навукоўцаў зладзіла тэставаньне 18 сабак розных парод. Кожнага гаспадара папрасілі выбраць 5 цацак, якія потым дэманстраваліся гадаванцам. Разам з тым штораз прамаўлялася назва прадмета, толькі ў некаторых выпадках яна не супадала з сапраўднай назвай цацкі.

Адмыслоўцы ж у гэты час запісвалі мазґавую актыўнасьць сабак з дапамогай ЭЭГ. Такім чынам высьветлілася, што сыгналы ў мазґах мяняліся, калі назва не супадала з абʼектам. Прытым найбольш выразна эфэкт назіраўся ў выпадку добра знаёмых жывёліне словаў.

Цікава тое, што гэта ўсё было вельмі падобнае на вынікі падобнага тэставаньня зь людзьмі. Таму аўтары мяркуюць, што сабакі сапраўды ведаюць назовы некаторых абʼектаў.

Читать полностью…

cybulinka

Кубачак кавы ўзбадзёрыць электрамабіль

Японскія навукоўцы апублікавалі дасьледаваньне, у якім паказалі, што дадаваньне невялікай колькасьці кафэіну ў паліўныя элемэнты (акумулятары) можа значна павысіць іхнюю эфэктыўнасьць.

Паводле аўтараў, кафэін у 11 разоў паскорыў рэакцыі аднаўленьня кіслароду, якія адбываюцца на плятынавых паверхнях і ўласна генэруюць электрычнасьць у паліўных элемэнтах.

Праўда, такі эфэкт моцна залежаў ад тыпу плятынавай паверхні, а сама тэхналёгія яшчэ не прымяняецца масава.

Читать полностью…

cybulinka

Вялікі шлейф таксычнага газу ад вывяржэньняў у Ісьляндыі ўжо ў Эўропе

Шлейф дыяксыду серкі, які ўтварыўся ад вывяржэньняў на паўвостраве Рэйкʼянэс у Ісьляндыі, цяпер ідзе над Эўропай. Крыху закране й Беларусь.

SO2 – бясколерны газ з характэрным рэзкім пахам. У вялікіх канцэнтрацыях можа справакаваць раздражненьне сьлізьневых абалонак, цяжкасьці з дыханьнем і глытаньнем.

Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што шлейф газу не паўплывае на якасьць прыземнага паветра, а вось азонавы слой пашкодзіць можа.

Читать полностью…

cybulinka

Чалавечыя мазгі нейкім чынам захоўваюцца цягам тысяч гадоў

Амаль цэлыя мазґі ўзростам да 12000 гадоў былі знойдзеныя ў самых непрадказальных месцах і пакуль невядома, што іх захавала😱

Вядома, што мазґі, які й астатнія мяккія тканкі, пачынаюць хутка раскладацца пасьля сьмерці арганізму, пакідаючы толькі шкілет. Але ў пэўных выпадках, напрыклад, рытуальныя пахаваньні, знаходжаньне парэшткаў у балоце мяккія тканкі могуць захоўвацца.

Што праўда, ёсьць знаходкі, калі разам са шкілетам знаходзілі толькі мазґі. Таму навуковая каманда зладзіла сыстэматычны агляд такога фэномэну. Агулам назьбіралася больш за 4400 захаваных старажытных мазґоў.

У бальшыні выпадкаў захавальнасьць органу можна было патлумачыць «стандартнымі» фактарамі: рытуальнае апрацоўваньне цела, уплыў гарбавальных (дубільных) рэчываў, працэсу амыленьня й г.д. Але ж выявілася ажно 1300 выпадкаў, калі захоўваліся толькі мазґі, што нельга патлумачыць пералічанымі фактарамі, бо яны «кансэрвуюць» агулам тканкі, а ня толькі пэўныя органы.

Відавочна, тут адбываюцца іншыя працэсы. Паводле галоўнай аўтаркі дасьледаваньня Алекзандры Мортон-Гэйўард, пры пэўных умовах такія рэчывы, як жалеза, могуць каталізаваць утварэньне дадатковых сувязяў паміж малекуламі бялкоў і ліпідаў, што павышае іхнюю ўстойлівасьць. Штосьці падобнае адбываецца пры нэўрадэгенэратыўных хваробах, таму разуменьне мэханізму можа наўпрост дапамагчы ў барацьбе з дэмэнцыяй і падобнымі хваробамі.

Читать полностью…

cybulinka

У звычайных антыбіётыкаў знайшлі здольнасьць аднаўляць сэрцавыя тканкі

Два папулярных антыбіётыка ўжо паказалі здольнасьць аднаўляць вузы сэрца ў сьвіней. Калі вынікі сьцьвердзяцца на людзях, то рэчывы будуць выкарыстоўвацца для лячэньня сэрцавай няздатнасьці.


Сэрцавая няздатнасьць узьнікае тады, калі орган не ў стане перапампоўваць дастатковы для нармальнага функцыянаваньня арганізму абʼём крыві. Звычайна такі стан разьвіваецца пасьля інфарктаў, якія назаўжды пакідаюць пашкоджаньні на сэрцавай цягліцы. Натуральна, аднавіць пашкоджаныя тканкі аніяк нельга, хіба толькі перасадкай сэрца.

Цяпер каманда навукоўцаў з Тэхаскага ўнівэрсытэту скарысталася адмысловай праграмай, каб праверыць сьпіс вядомых прэпаратаў на здольнасьць зьвязвацца зь бялкамі Meіs1 і Hoxb13. Раней высьветлілася, што менавіта гэтыя бялкі перашкаджаюць дзяленьню вузаў сэрцавай цягліцы.

У выніковы сьпіс трапіла 9 прэпаратаў, якія й спраўдзілі спачатку на пацуках, а потым на сьвіньнях. Аднак найбольш эфэктыўна зьніжалі плошчу рубцоў толькі антыбіётыкі паромаміцын і нэаміцін.

Наступны аналіз узораў паказаў павелічэньне колькасьці біямаркэраў дзяленьня вузаў, аднак наперадзе яшчэ шмат выпрабаваньняў.

Читать полностью…

cybulinka

Фармаваньне печані канчаецца пасьля першага кармленьня немаўляці

У сысуноў печань вызначае энэргетычныя патрэбы арганізму й мабілізуе запасы спажыўных рэчываў для іх задавальненьня. Такая важная функцыя складаецца са шматлікіх задач ад выкіду глюкозы ў кроў да сынтэзу пэўных бялкоў і тлушчоў. За ўсё гэта адказваюць печанёвыя вузы – гепатацыты, функцыі якіх залежаць ад лякалізацыі ў органе.

Дзіўна, але дагэтуль заставалася незразумелым тое, якім чынам гепатацыты разьмяркоўваюць свае функцыі й калі гэта адбываецца. Аднак дасьледнікі з гішпанскага Нацыянальнага цэнтру вывучэньня рака выявілі, што за арганізацыю вузаў печані адказвае ген mTOR, а іхнюю спэцыялізацыю запускае першае кармленьне немаўляці.

Аўтары вызначылі, што ўвесь працэс пачынаецца праз зьмену харчаваньня. Так, да нараджэньня ўсе спажыўныя рэчывы трапляюць бесьперапынна праз пупавіну, а пасьля нараджэньня – пэрыядычна (падчас кармленьня). Такое чаргаваньне актывуе ген mTOR, які прымушае гепатацыты да спэцыялізацыі, што й канчае працэс фармаваньня печані.

Читать полностью…

cybulinka

Інтэрвальнае галадаваньне можа павысіць рызыку сьмерці ад сэрцавых захворваньняў

Уплыў інтэрвальнага галадаваньня на здароўе дагэтуль актыўна вывучаецца навукоўцамі й вынікі пакуль толькі станоўчыя. Было паказана, што абмежаваньне прыёму ежы па часе можа зьнізіць узровень глюкозы й халестэрыну ў крыві, нармалізаваць ціск. Але наконт доўгатэрміновых наступстваў амаль нічога не вядома.

Вось кітайскія навукоўцы вывучылі дадзеныя каля 20 000 чалавек з амэрыканскага абсьледаваньня здароўя й харчаваньня, каб неяк выправіць недахоп. Агулам вывучаліся мэдычныя дадзеныя й зьвесткі пра дыету, атрыманыя з 2003 па 2018 год, якія потым суаднесьлі са зьвесткамі аб сьмяротнасьці.

Такім чынам было заўважана, што спажываньне ежы цягам 8-гадзіннага акна не адбівалася станоўча на працягласьці жыцьця. Таксама высьветлілася, што для аматараў інтэрвальнага галадаваньня імавернасьць сьмерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў была значна вышэйшай у параўнаньні са звычайным графікам харчаваньня (12-16 гадзін).

Гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму вынікі далёка не канчатковыя, і рабіць высновы аб нэгатыўным эфэкце інтэрвальнага галадаваньня яшчэ рана.

Читать полностью…

cybulinka

Крыху чароўных здымкаў з брытанскага конкурсу фатаздымкаў дзікай прыроды.

Конкурс Brіtіsh Wіldlіfe Photography Awards ладзіцца штогод і прысьвечаны пераважна біяразнастайнасьці Вялікай Брытаніі.

1. Runnіng on Water (Max Wood).
Атмасфэрны здымак лыскі Fulіca atra, якая ўцякае ад канфлікту па вадзе. Пераможца ў намінацыі «малады фатограф дзікай прыроды»

2. What’s All the Fuss About? (Wіll Palmer).
Морж Odobenus rosmarus а 3 гадзіне ночы вылез адпачыць на стапелі. Робіць ён гэта часта, таму яму нават назвалі Торам.

3. The Crop Thіef (Steven Allcock).
Заяц-русак спрабуе скрасьці крыху ўраджаю ў Нантвітчы. Здымак стаў пераможцам у намінацыі «месца пражываньня».

4. Ocean Drіfter (Ryan Stalker).
Мяч, часткова пакрыты марскімі гусінымі ракавінкамі Pollіcіpes pollіcіpes. Галоўны пераможца конкурсу.

5. The Tіghtrope Walker (Danіel Valverde Fernandez).
Ліса залезла на галіну дрэва ў лесапарку Sherwood Pіnes. Бадай, самы мастацкі здымак усяго конкурсу.

Читать полностью…

cybulinka

У Рычмандзе 29 лютага мужчына падчас шпацыру з сабакам знайшоў, як яму падалося, зусім малое кацяня. Знаходку прывезьлі ў гарадзкі цэнтар аховы жывёл, дзе й высьветлілася, што гэта лісянё, якое нарадзілася ня больш за дзень таму. Супрацоўнікі спрабавалі знайсьці маці-лісу, але жывёл адлавілі. Таму малое засталося ў цэнтры.

Цяпер яго даглядаюць у адмысловых масках і пальчатках для таго, каб малое не прызвычаілася да людзей, бо яго плянуюць адпусьціць на волю ў будучыні.

Для нас гэта можа выглядаць дзіўна, але да такога спосабу прыбягаюць часта. Справа ў тым, што ў малых дзікіх жывёл ёсьць імпрынтынг – форма навучаньня, якая ўзьнікае тады, калі дзіцянё фіксуе сваю ўвагу на першым пабачаным ці пачутым пасьля нараджэньня аб’екце. Звычайна гэта бацькі, якіх яно й будзе прытрымлівацца пэўны час.

Читать полностью…

cybulinka

Мяса пітонаў назвалі найбольш экалягічным

Вытворчасьць мяса зьвязаная з высокімі выкідамі парніковых газаў, вырубкай лясоў, забруджваньнем глебы й вады. Гэтыя фактары моцна бʼюць па экалёгіі й біяразнастайнасьці, але ці ёсьць від мяса, вытворчасьць якога нясе мінімальную шкоду асяродзьдзю? Так, гэта пітоны.

Агулам зьмей даўно гадуюць у невялікіх маштабах для вытворчасьці такіх прадуктаў як скура й атрута. Гадоўля ж дзеля мяса пачалася адносна нядаўна, таму дадзеных аб экалягічнасьці такой вытворчасьці пакуль амаль няма. Затое вядома, што смакам яны нагадваюць кураціну.

Цяпер дасьледнікі наведалі колькі фэрмаў у Тайляндзе й Віетнаме, каб цягам году паназіраць за амаль 5 000 пітонаў (Malayopython retіculatus і Python bіvіttatus). Цягам гэтага часу каманда фіксавала даўжыню паўзуноў, колькі корму ім трэба й вагу гатовай тушкі. Атрыманыя зьвесткі параўналі з аналягічнымі ад іншых жывёлаў.

Аказалася, што пітоны найбольш эфэктыўна, так бы мовіць, пераўтвараюць корм у мяса. Напрыклад, сухая маса корму, на якім гадавалі паўзуноў, перавышала масу гатовай тушкі толькі ў 1.2 разу (для ласося паказьнік 1.5, а для ялавічны – 10). Да ўсяго, іх спакойна можна карміць адходамі. Вядома, калі адмыслова вырабляць корм для пітонаў, то «экалягічнасьць» значна зьменшыцца.

Аўтары да перавагаў пітонагадоўлі аднесьлі таксама й тое, што паўзуны могуць працяглы час абыходзіцца ўвогуле безь ежы (да 127 дзён), губляючы пры гэтым невялікі працэнт вагі. Таксама пітоны не маюць высокіх кагнітыўных здольнасьцяў і патрабаваньня да памяшканьня, таму гадаваць на мяса іх больш этычна.

Стаў ❤️, калі пітонаў шкада менш за астатніх жывёлак
🗿 - калі пітоны таксама мілыя

Читать полностью…

cybulinka

SpaceX паспяхова запусціла Starship.

Але другая прыступка Starship S28 на заключным этапе, нажаль, не перажыла ўваход у атмасферу для наступнага прываднення.

Вам варта паглядзець гэтыя захапляльныя відэа з онлайн трасляцыі.

#навіны

Читать полностью…

cybulinka

Атлусьценьне зьвязалі з пагаршэньнем псыхічнага здароўя

Аналіз мэдычных зьвестак амаль 2 000 чалавек паказаў, што ў людзей сярэдняга й сталага веку з атлусьценьнем, стан псыхічнага здароўя быў горшым, чымся ў людзей з нармальнай вагою. Такая залежнасьць захоўвалася незалежна ад захворваньняў і лажу жыцьця, і была найбольш выразнай у жанчын.

Раней пэўная залежнасьць паміж атлусьценьнем і дэпрэсыяй ужо была паказаная, але ў тых публікацыях агульны стан псыхічнага здароўя не адсочваўся, і вывучаліся пераважна маладыя людзі.

У межах новага дасьледаваньня, аўтары знайшлі 1 821 ахвотнікаў у веку ад 46 да 73 гадоў і вывучылі дадзеныя іхніх мэдычныя карткі. Удзельнікі й удзельніцы дадаткова здалі аналіз крыві, падлічылі індэкс масы цела (ІМЦ) і прайшлі анкетаваньне.

У выніку аналізу, аўтары заўважылі сувязь паміж высокімі паказьнікамі ІМЦ і наяўнасьцю сымптомаў дэпрэсыі. Таксама людзі з атлусьценьнем адчувалі больш нізкі ўзровень задаволенасьці жыцьцём. Прытым такія сувязі найчасьцей праяўляліся ў жанчын.

Дасьледнікі тлумачаць такія вынікі сацыяльнымі й фізычнымі фактарамі, адзначаючы, што дагэтуль існуе сацыяльная стыгма, забабоны й дыскрымінацыя людзей з залішняй вагою.

Читать полностью…

cybulinka

📷 Ля берагоў Новай Зэляндыі дасьледнікі знайшлі 100 новых відаў істот

Каманда Ocean Census выправілася ў трохтыднёвую экспэдыцыю ў Ціхі акіян, падчас якой ім удалося знайсьці каля 100 новых відаў жывых істот. Сярод знаходак кальмары, крэвэткі й рыбы. Апошняе асабліва ўражвае, бо новых рыб знаходзяць даволі рэдка.

Але адзін узор зьбянтэжыў адмыслоўцаў (на фота 3). Спачатку меркавалася, што гэта анэмон ці марская зорка, але потым таксанамісты аднесьлі знаходку хутчэй да васьміпрамянёвых каралаў. У выніку пакуль падазраюць ня толькі новы від, але й новы род (група відаў).

Усе глыбакаводныя знаходкі цяперака вывучаюцца адмыслоўцамі, таму лічба відаў у будучыні можа паменшыцца, альбо павялічыцца.

Читать полностью…

cybulinka

Эмпатыя можа перадавацца праз сацыяльныя ўзаемадзеяньні

Эмпатыя – здольнасьць адчуваць эмоцыі іншага чалавека й уяўляць ягоныя пачуцьці, – якасьць, якой, відаць, нестае сучаснаму сьвету. Але ўсё ня так змрочна.

Паводле вынікаў невялікага дасьледаваньня, людзі могуць пашыраць эмпатыю й спагаду праз сацыяльныя ўзаемадзеяньні.

Ацэнка ўдзельнікаў паказала, што ўзровень эмпатыі, вызначаны паводле анкетаваньня й сканаваньня мазґоў, зьмяняўся пасьля назіраньня за праяўленьнем эмпатыі ў іншых людзей. Гэта дазваляе зрабіць сьціплую выснову, што праява ўвагі й клопату аб людзях можа распаўсюдзіцца ў грамадзтве, калі набярэцца дастатковая колькасьць «удзельнікаў».

З іншага боку, калі вынікі дасьледаваньня сьцьвердзяцца ў наступных досьледах, то «заразнай» можа аказацца ня толькі эмпатыя, але й адсутнасьць яе.

Читать полностью…

cybulinka

Добры сон стымулюе імунную сыстэму

У папярэдніх дасьледаваньнях паведамлялася, што сон пасьля вакцынацыі павялічваў імунны адказ у пацыентаў, аднак прычыны такога эфэкту былі невядомымі. Цяпер нямецкія дасьледнікі высьветлілі, што падчас сну ўзмацняецца міграцыя вузаў імуннай сыстэмы ў лімфатычныя вузлы. Гэта можа стаць першым крокам да разуменьня эфэкту сну на імунітэт.

Каманда аўтараў засяродзілася на вывучэньні канцэнтрацый разнастайных Т-вузаў у здаровых мужчын і жанчын. Людзей запрашалі на дзьве 24-гадзінныя сэсыі, падчас якіх адной групе дазвалялі спаць 8 гадзін, а другой – не.

Падчас досьледу навукоўцы бралі колькі разоў узоры крыві пацыента для аналізу, прытым у першай групе гэта рабілі наўпрост падчас сну (людзі спалі з катэтэрам, злучаным трубкай з суседнім пакоем).

Такім чынам высьветлілася, што падчас сну «прачыналіся» малекулы сыгнальнага бялку (хемакіну CCL19), якія й пачыналі накіроўваць Т-вузы з адпаведным рэцэптарам у лімфатычныя вузлы. Уласна ў вузлах адбываецца трэнаваньне імуннай абароны ўзаемадзеяньнем Т-вузаў з антыгенамі, напрыклад пасьля вакцынацыі.

Читать полностью…
Subscribe to a channel