Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Незямны сыгнал аказаўся грузавіком
Адмысловец з Унівэрсытэту Джонса Гопкінса прыйшоў да высновы, што гукавыя хвалі, якія зьвязвалі з падзеньнем мэтэарыта каля Папуа-Новай Гвінэі ў 2014 годзе, насамрэч простыя вібрацыі грузавіка.
Сэйсмоляг Бэнджамін Фэрнандо прааналізаваў зьмены ў распаўсюдзе гукавых хваляў, і пабачыў, што крыніца сыгналу знаходзілася акурат на дарозе побач з сэйсмографам (на фота). Сам мэтэарыт, відаць, прызямліўся недзе ў іншым месцы.
Фацэтнасьці сытуацыі дадае той факт, што летась дасьледнікі ўжо адшукалі рэшткі гэтага мэтэарыту ў меркаваным месцы падзеньня. Потым іх яшчэ ідэнтыфікавалі, як пазазямныя.
Варта адзначыць, што гэта ня першы падобны выпадак. Напрыклад, раней нарабіла шуму мікрахвалёўка, у якой хтосьці разаграваў ежу, і адкрыў дзьверы да гукавога сыгналу. У выніку радыётэлескоп фіксаваў памехі, якія падаваліся незямным сыгналам.
Першыя людзі, трэці выпрабавальны запуск зорнага карабля, анляйн-рынак органаў для навукоўцаў і куркумін у сьціслым аглядзе дзясятага тыдня.
🧅Трэці выпрабавальны палёт Starshіp заплянавалі на 14 сакавіка. Анонс зьявіўся на сайце SpaceX, але кампанія яшчэ атрымала ня ўсе дазволы, таму дата не канчатковая.
🧅Першыя людзі прыйшлі на тэрыторыю Ўкраіны каля 1.4 мільёна гадоў таму. Археолягі зладзілі датаваньне ўзораў самага раньняга слою пароды, у якім знаходзілі каменныя прылады. Такім чынам высьветлілася, што першыя людзі прышлі ў Закарпацкую вобласьць (Каралэва) каля 1.42 млн гадоў таму. Пакуль гэта самая старая зь вядомых стаянак першых людзей у Эўропе.
🧅Парніковыя газы ў рэальным часе. На гэтым тыдні запусьцілі спадарожнік ад MethaneSAT, які будзе сачыць за выкідамі мэтану над нафтагазавымі аб’ектамі. Дадзеныя будуць даступныя бясплатна й амаль у рэальным часе тут.
🧅Штогод мільёны ўзораў тканак і органаў з досьледаў на жывёлах ідуць у сьметніцу. Таму гішпанскія навукоўцы ўжо сёлета плянуюць запусьціць анляйн-пляцоўку aRukon, на якой навукоўцы змогуць прадаваць не выкарыстаныя ўзоры. У пэрспэктыве гэта дазволіць ня толькі скараціць колькасьць адходаў, але й зьберагчы жыцьцё лябараторным жывёлам.
🧅Бразыльскія дасьледнікі распрацавалі нанаэмульсыю куркуміну, якую ўводзілі мышам з запаленьнем кішэчніку. Эмульсыя ў выніку ня толькі зьменшыла запаленьне, але й палепшыла стан кішэчнай мікрабіёты. Агулам куркумін вядомы сваім супрацьзапаленчым эфэктам, але ён таксама мае нізкую біядаступнасьць пры спажываньні зь ежай. Нанаэмульсія, відаць, вырашае гэтую праблему, таму аўтары спадзяюцца пабачыць у будучыні танны сродак супраць запаленчых захворваньняў кішэчніку.
Мікраплястык зьвязалі з высокай рызыкай інфаркту й інсульту
Для пацыентаў з артэрыяльнымі бляшкамі, у якіх знайшоўся мікраплястык, рызыка інфаркту ці інсульту была вышэйшай, чым для людзей з бляшкамі без плястыку.
Артэрыяльныя бляшкі ўтвараюцца ў судзінах пад уплывам такіх фактараў, як курэньне, цукровы дыябэт, высокі ціск і ўзровень халестэрыну. Самі бляшкі складаюцца зь ліпідаў, вапеню, імунных вузаў і ўсяго, што можна знайсьці ў крывябегу. У тым ліку й макраплястык.
Каманда італьянскіх адмыслоўцаў прынялася аналізаваць выдаленыя падчас апэрацый артэрыяльныя бляшкі 257 чалавек на прыкметы мікраплястыку. У выніку часьцінкі знайшліся ў 150 узорах.
За пацыентамі працягвалі назіраць ад апэрацыі да ліпеня 2023 году. Такім чынам выявілася, што імавернасьць сьмерці, інфаркту ці інсульту была ў 4 разы вышэйшай для людзей, у якіх бляшкі былі зь мікраплястыкам. З гэта аўтарамі была зробленая выснова, што плястыкавыя часьцінкі могуць неяк правакаваць разьвіцьцё сэрцава-судзінных захворваньняў. Аднак мікраплястык пакуль нельга назваць прычынай захворваньняў.
Дзіўны спосаб гадаваньня патомства знайшлі ў чарвяпадобнай амфібіі
Адразу пасьля вылупленьня, маладыя пярсьцёнкавыя земнаводныя Sіphonops annulatus кормяцца скурай і малаком маці.
Sіphonops annulatus – гэта 45-сантымэтровае бязногае земнаводнае, якое можна сустрэць у вільготных лясах па ўсёй Паўднёвай Амэрыцы. Маладыя асобіны маюць каля 40 зубоў, падобных на лыжкі, якімі саскрабаюць багаты на ліпіды й бялкі верхні слой скуры сваёй маці. Але так адбываецца толькі раз на тыдзень. Гэтага мала для маладняку, здольнага за тыдзень вырасьці амаль у 3 разы. Таму дасьледнікі пастанавілі вызначыць наяўнасьць дадатковай крыніцы харчаваньня маладых амфібій.
Для гэтага было зладжана назіраньне за 16 самкамі з патомствам, у выніку якога каманда заўважыла, што некалькі разоў на дзень, маладняк зьбіраецца ля задняй часткі цела маці.
Пільны аналіз відэазапісаў паказаў, што побач з клаакай зьяўляюцца кропелькі рэчыва, падобнага на малако. Менавіта ім і сілкаваўся маладняк. Потым высьветлілася, што залозы, адказныя за выдзяленьня «малака» знаходзяцца ў яйцаводзе, і яны пачынаюць актыўней працаваць у адказ на дотыкі й гукі малых.
Люты адзначыўся рэкорднай сярэдняй тэмпэратурай
Паводле зьвестак службы Copernіcus, мінулы люты аказаўся самым гарачым за ўвесь час назіраньняў. Сярэдняя глябальная тэмпэратура прыземнага паветра была на 1.77 °С вышэйшай за сярэдні даіндустрыяльны паказьнік. Калі параўноўваць з пэрыядам 1991-2020 г, то тэмпэратура павысілася на 3.3 °С. Такім чынам, гэта быў 9 запар месяц з рэкорднай тэмпэратурай.
Мэта ў 10 000 крокаў за дзень, відаць, сапраўды можа палепшыць здароўе
Парада рабіць 10 000 крокаў за дзень зьявілася, імаверна, падчас маркетынгавай кампаніі японскіх крокамераў і набыла сусьветную папулярнасьць, хаця працяглы час лічылася антынавуковай. Не дае спакою канцэпцыя й навукоўцам: стабільна публікуюцца дасьледаваньні, прысьвечаныя ўплыву колькасьці крокаў на здароўе.
Вось і цяпер аўстралійскія навукоўцы вывучылі дадзеныя 72 000 удзельнікаў і ўдзельніц UK Bіobank, якія насілі цягам тыдня фітнэс-бранзалеты. Потым стан здароўя людзей адсочвалі каля 7 гадоў. За гэты пэрыяд памерла 1 633 чалавекі й адбылося 6 190 выпадкаў сэрцавых захворваньняў.
Аўтары зрабілі папраўку на іншыя фактары, якія маглі прычыніцца да разьвіцьця хваробаў і сьмерці за час назіраньня, і пастанавілі, што аптымальны эфэкт аказваюць 9 – 10 тыс. крокаў за дзень, на большай колькасьці ён пачынае зьнікаць. Агулам, у людзей з паказьнікамі ў такім дыяпазоне, рызыка сьмерці зьніжалася на 39%, а сэрцава-судзінных хвароб – на 21%.
Дасьледнікі вывучылі імунную сыстэму мужчыны, які атрымаў 217 прышчэпак ад covіd-19
У самым пачатку масавай вакцынацыі супраць ковіду, мужчына пастанавіў не спыняцца на трох прышчэпках (2 асноўныя +бустэр) і зрабіў 217. Гэты выпадак трапіў у навіны, чым і зацікавіў навукоўцаў. Распачаліся спрэчкі наконт далейшага лёсу чалавека: частка адмыслоўца меркавала, што такая гіпэрвакцынацыя зробіць імунную сыстэму менш актыўнай праз прывыканьне да антыгенаў. Каб спраўдзіць гэта, дасьледнікі зьвязаліся з мужчынам і прапанавалі яму супрацу, а той і пагадзіўся.
З 217 прышчэпак аўтарам удалося пацьвердзіць 134. Мужчына рэгулярна здаваў аналізы й адну дозу вакцыны зрабіў наўпрост падчас супрацы з навукоўцамі.
Урэшце аказалася, што ў пацыента мелася вялікая колькасьць антыцел супраць SARS-CoV-2. Прытым іх было значна больш, чымся ў кантрольнай групе. Таксама дасьледнікі не заўважылі аніякай «стомленасьці» імуннай сыстэмы, яна выконвала свае функцыі не горш, чым у людзей з трыма дозамі вакцыны.
Самыя старажытныя палавыя храмасомы знайшліся ў васьміногаў
Дагэтуль меркавалася, што пол у галаваногіх малюскаў вызначаецца выключна фактарамі асяродзьдзя, такімі як тэмпэратура. Аднак цяпер аналіз выявіў у каліфарнійскіх васьміногаў Octopus bіmaculoіdes палавыя храмасомы, якія зьявіліся ў іх каля 380 млн гадоў таму.
Дасьледнікі сабралі поўны генэтычны профіль віду, куды трапіў генэтычны матэрыял з самых розных тканак васьміногаў. Так высьветлілася, што самкі васьміногаў маюць толькі адну копію 17 храмасомы, а астатніх быў двайны набор. У той жа час самцы такой асаблівасьці не мелі, з чаго аўтары зрабілі выснову, што менавіта 17(Z) храмасома выконвае ролю палавой.
Далей навукоўцы параўналі геномы іншых галаваногіх, і пабачылі там тую ж карціну (ZZ/Z0), але выключэньнем стаў малюск Nautіlus pompіlіus, які эвалюцыйна разышоўся зь мяккацелымі галаваногімі 455-378 млн гадоў таму. Мяркуецца, што Z-храмасомы ўзьніклі адразу пасьля гэтага.
Буслы карыстаюцца досьведам, каб удасканаліць свае міграцыйныя маршруты
Дадзеныя сачэньня паказалі, што зь векам белыя буслы абіраюць больш хуткія й прамыя маршруты для сваіх міграцый. Гэта сьведчыць аб тым, што птушкі набіраюцца досьведу й удасканальваюць свае шляхі.
Белыя буслы будуюць свае гнёзды пераважна ў Эўропе, а зімаваць лётаюць у цэнтральную й паўднёвую Афрыку. У пэрыяд з 2013 па 2020 год дасьледнікам удалося злавіць 258 маладых буслоў у розных частках Нямеччыны й Аўстрыі. Птушкам усталявалі GPS-трэкеры й адпусьцілі.
Такім чынам удалося сабраць зьвесткі пра 301 міграцыйную падзею ад 40 буслоў, якія зладзілі ня менш за 2 пасьлядоўныя міграцыі. Тут дасьледнікі й пабачылі, што маладыя птушкі звычайна больш часу губляюць на вывучэньне новых мясьцін і шлях да іх. Спачатку буслы штогод мяняюць свае маршруты, але потым спыняюцца на найбольш аптымальным.
Адна з аўтарак тлумачыць усё гэта тым, што дарослыя буслы канкуруюць з суродзічамі за добрыя месцы для будоўлі гнязда й размнажэньня, таму ім трэба хутка пералятаць паміж кантынэнтамі, а ў маладых ёсьць 3-7 гадоў на вывучэньне асяродзьдзя.
Афантазыя, атлусьценьне і пэрспэктыўны спосаб барацьбы зь ім. Кароткі дайджэст 9.
🧅Некаторыя людзі адчуваюць складанасьці з тым, каб уявіць сабе нейкую рэч ці сытуацыю. Такую зьяву называюць афантазыяй, і часьцяком людзі даведваюцца пра яе наяўнасьць выпадкова. Раней стала вядома, што людзі з афантазыяй маюць ня менш яркія сны, і прыгадаць былыя падзеі ў дробязях ім можа быць складана. А цяпер нямецкія дасьледнікі выявілі яшчэ і цяжкасьці з прыгадваньне аўтабіяграфічных успамінаў. Мяркуецца, што такі эфэкт зьвязаны з парушанай сувязьзю паміж гіпакампам і зрокавай карой. Было паказана, што падчас прыгадваньня актыўнасьць зрокавай кары павялічвалася, але ў гіпакампе такога не назіралася.
🧅Амаль 900 млн чалавек з атлусьценьнем. Глябальная ацэнка распаўсюджанасьці праблем з вагою цела паказала, што за пэрыяд з 1990 па 2022 год агулам праблемы толькі пашырыліся. Напрыклад, толькі 11 краінаў маглі пахваліцца зьніжэньнем недахопу ці перавышэньня вагі сярод жанчын, і 17 – сярод мужчын. А вось рост праблемы назіраўся ў 162 і 140 краінах для жанчын і мужчын адпаведна. Так, на 2022 год, тая, ці іншая ступень атлусьценьня была ў 878 млн чалавек, прытым найбольшы прырост назіраўся сярод дзяцей.
🧅Зрэшты запаволіць глябальнае патаўсьценьне чалавецтва можа рэзыстэнтны крухмал. Такі крухмал не разбураецца фэрмэнтамі падстраўнікавай залозы, а раскладаецца толькі бактэрыямі тоўстага кішэчніку. Дасьледнікі паказалі, што дыета, багатая на прадукты з устойлівым крухмалам (бабы, рыс, бульба) значна паляпшае мікрабіём кішэчніку, што ў выніку вядзе да нармалізацыі вагі цела.
Сыры з блакітнай цьвільлю вядомыя сваім спэцыфічным смакам і колерам. Звычайна для іх вытворчасьці карыстаюцца грыбком Penіcіllіum roquefortі, які надае прадукту асаблівы смак і сіне-зялёныя пражылкі. Цяпер адмыслоўцы высьветлілі, што калі выключыць некаторыя гены грыба, то можна атрымаць сыр іншых колераў, але з такім самым смакам.
З выкарыстаньнем мадыфікаванай цьвілі аўтары ўжо зрабілі зялёныя, белыя й жоўтыя сыры з клясычным смакам блакітных. Але зьмена колеру, відаць, зьмяніла й успрыманьне смаку людзьмі.
Так у дэгустацыі ахвотнікі называлі блакітныя сыры з дзікімі штамамі грыбкоў (j) больш мяккім, а вось зялёныя (k) й жоўтыя (l) ім падаваліся больш фруктовымі й аскомістымі.
Кіпячэньне вады на 80% зьменшыла колькасьць мікраплястыку
Кітайскія навукоўцы ўзялі для аналізу ўзоры вады з-пад крану й зьмералі колькасьць мікра- і нанаплястыкавых часьцінак. Іх там знайшлося агулам 1 мг/л. Пасьля гэтага ваду паставілі кіпяціць цягам 5 хвілінаў, і зноўку зьмералі канцэнтрацыю. Аказалася, што пасьля такой простай працэдуры, яна зьнізілася на 80%.
Паводле аўтараў, часьцінкі плястыку падчас кіпячэньня «убудоўваліся» у вапенны налёт. Таму найбольш выразным апісаны эфэкт будзе на «цьвёрдай» вадзе, у якой шмат вапеню (Ca).
Гарманальныя зьмены падчас мэнструацый не ўплываюць на кагнітыўныя навыкі
Раней меркавалася, што гарманальныя зьмены цягам мэнструальнага цыклу могуць адбівацца на вэрбальных і навігацыйных навыках, але цяпер зьявіліся дадзеныя, што гэта ня так.
У папярэдніх дасьледаваньнях было паказана, што важныя для прасторавай арыентацыі й памяці вобласьці мазґоў крыху зьмяняюцца ў памерах разам з ростам і падзеньнем канцэнтрацый эстрадыёлу й прагестэрону. Такія вынікі ўскосна пацьвердзілі згаданую вышэй гіпотэзу.
Цяпер для далейшага вывучэньня дасьледчая каманда паклікала больш за 150 здаровых удзельніц у веку 18-35 гадоў. Ім прапанавалі выканаць 3 кагнітыўных задачы: пералічыць найбольшую колькасьць словаў паводле пэўных крытэраў, знайсьці прадмет у віртуальным асяродзьдзі й вызначыць 3D-аб’ект па ягоных праекцыях.
Прытым такія заданьні выконваліся па 3 разы: за тыдзень да пачатку цыклу, за 2-3 дні да авуляцыі й падчас мэнструацый. У выніку каманда не выявіла істотных адрозьненьняў у досьледнай і кантрольнай групе. З чаго робіцца выснова, што мэнструацыі не ўплываюць на кагнітыўныя функцыі, а зьмены ў мазґах носяць, імаверна, адаптыўны характар.
Мужчына памёр пасьля ўкусу яшчаркі, якая жыла ў яго дома
Гэта другі верагодны выпадак за ўсю гісторыю.
Дома ў 34-гадовага жыхара Каліфорніі жыла арызонская гэлядэрма – яшчарка, памерам да 60 см з зыркай, кантраснай скурай. Зь нейкіх прычын гадаванец укусіў свайго гаспадара, у выніку чаго ў апошняга праз колькі хвілінаў пачаліся ваніты й праблемы з дыханьнем. Хуткая шпіталізацыя не дапамагла ўратаваць жыцьцё пацыента: ён сканаў праз 4 дні, імаверна, ад моцнай алергічнай рэакцыі.
Такія яшчаркі сапраўды атрутныя, але звычайна іхнія ўкусы прыносяць моцны кароткачасовы боль, млявасьць і нудоту. Агулам зарэгістравана толькі каля 6 сьмяротных выпадкаў, аднак верагоднымі зьяўляцца толькі 2 зь іх.
Гадаванец быў перададзены ў зарочнік для паўзуноў, каб вызначыць, ці не мае ён нейкіх асаблівасьцей, якія зрабілі ягоную атруту такой эфэктыўнай.
Дарэчы, у атруце арызонскай гэлядэрмы маецца пэптыд эксэдын-4, які здольны павялічваць сынтэз гармону інсуліну. Менавіта гэты пэптыд натхніў навукоўцаў на распрацоўваньне сэмаглютыду, які цяпер выкарыстоўваюць у якасьці сродку ад дыябэту й для пахудзеньня.
На тэрыторыі Ірану знайшлі памаду бронзавага веку
Памаду раней знайшлі на паўднёвым усходзе краіны, пасьля таго, як рака Халіль затапіла могілкі, дзе працавалі адмыслоўцы. Касмэтычны сродак плаваў на паверхні сярод іншых прадметаў. Аднак вывучылі знаходку толькі нядаўна.
Высьветлілася, што флякон быў зроблены зь мінэралу хлёрыту – сумесі алюмасылікатаў, магнію й жалеза. Агулам дызайн даволі мудрагелісты для абыдзеннай рэчы, таму хутчэй за ўсё яе вырабілі каля 3 000 гадоў таму ў рытуальных мэтах.
Сама ж памада мае ў складзе гематыт (аксыд жалеза ІІІ, які надаваў сродку крывава-чырвоны колер), манганіт, браўніт (прыцямняльнікі) і расьлінныя валокны, якія, імаверна, засталіся ад араматычнай сумесі. Агулам сваім складам памада аказалася вельмі падобнай на сучасную.
Адмыслоўцы зладзілі выпрабаваньне сабачых ДНК-тэстаў
Лайла афіцыйна зьяўляецца біглем. Вось толькі паводле генэтычнага тэсту яна можа быць крыху ратвейлерам, фоксхаўндам і аніяк не біглем. Усё залежыць ад кампаніі, якая рабіла аналіз.
Раней сваё паходжаньне спрабавалі выведаць людзі з дапамогай ДНК-аналізу, а цяпер гэты мэтад можна выкарыстаць для вызначэньня пароды свайго гадаванца. Для гэтага трэба даслаць мазок з пашчы й фатаздымак сабакі. Насамрэч, фатаздымак для генэтычнага тэставаньня не патрэбны, таму адмыслоўцы спраўдзілі, ці не паводле здымкаў пароды сабак вызначаюць у лябараторыях.
Дасьледаваньне пачалося яшчэ ў 2021 годзе й у ім узялі ўдзел 12 сабак са Злучаных Штатаў. Кожны гадаванец афіцыйна быў сапраўдным прадстаўніком пароды. Аўтары сумленна ўзялі мазкі ў сабак і зрабілі фатаздымкі, каб потым даслаць на аналіз. Вось толькі для паловы сабак здымкі былі не сапраўднымі, а іншых, зусім адрозных парод.
Дзіўна, але 5 кампаній даслалі верагодныя вынікі, а вось адна назвала кітайскага чубатага сабаку (амаль цалкам лысы) мэтысам бордэр-колі й рэтрывэра. І тут узьніклі складанасьці, бо на фотаздымку для гэтага гадаванца быў чыстакроўны спаніэль. Таму невядома, якім чынам вызначалі пароду ў той кампаніі, відавочна, не паводле ДНК.
На ласосевых фэрмах паступова разьвіваецца крызыс
З 2012 году на ласосевых фэрмах значна паболела выпадкаў масавай гібелі рыбы, часам за раз могуць памерці мільёны асобінаў. Асноўнымі прычынамі называюць цеплавыя хвалі й благія ўмовы ўтрыманьня.
Ласосевыя фэрмы, як і фэрмы для іншых жывёлаў, актыўна крытыкуюцца, бо цесныя ўмовы ўтрыманьня вядуць да хуткага распаўсюду разнастайных паразытаў, якія садзейнічаюць гібелі рыбы задоўга да забою.
Сёньня каля 70% ласосевых рыб у крамах па ўсім сьвеце паходзяць з такіх фэрмаў. Прытым 92% усёй рыбы вырошчваецца ў Нарвэгіі, Канадзе, Вялікай Брытаніі, Чылі, Аўстраліі й Новай Зэляндыі.
Таму каманда канадзкіх навукоўцаў пастанавіла вывучыць дадзеныя аб сьмяротнасьці рыб у гэтых краінах з 2012 па 2022 год. У выніку высьветлілася, што за гэты пэрыяд загінула каля 865 млн ласосевых, а найбольшая сьмяротнасьць назіралася на фэрмах Нарвэгіі, Канады й Вялікай Брытаніі.
Галоўнымі прычынамі такіх тэндэнцый аўтары называюць экалягічныя стрэсы, у тым ліку цеплавыя хвалі, недахоп тлену ў вадзе й заражэньне марскімі вошамі. Нівеляваць нэгатыўны ўплыў фактараў можна зьменшыўшы колькасьць асобінаў у загонах.
Экспэрымэнтальная таблетка для пахудзеньня паказала высокую эфэктыўнасьць
Амікрэтын, экспэрымэнтальная таблетка для пахудзеньня, аказалася ў 2 разы больш эфэктыўнай, чымся ін'екцыйныя Ozempіc і Wegowy. Падчас першай фазы выпрабаваньняў, людзям удалося пазбавіцца ад 13% сваёй вагі.
Новы прэпарат зьяўляецца імітатарам ня толькі гармону GLP-1, але й гармону аміліну, які сынтэзуецца разам зь інсулінам і запавольвае вызваленьне глюкозы зь ежы, што й зьніжае апэтыт.
Пакуль усё выглядае вельмі пэрспэктыўна, але наперадзе яшчэ шмат выпрабаваньняў. Вось тут і тут (і яшчэ тут) пісаў пра Ozempic і кампанію.
Скончыўся праект openVertebrate, у межах якога навукоўцы пяць гадоў рабілі з дапамогай кампутэрнай тамаграфіі 3D-мадэлі розных жывёлаў. Агулам атрымалася 13 000 анатамічных і фізыялягічных узораў.
З 2017 па 2023 год удзельнікі праекту (18 прыродазнаўчых устаноў) зладзілі дэталёвую кампутэрную тамаграфію больш за палову відаў амфібій, паўзуноў, рыб і сысуноў. Для сканаваньня выкарыстоўвалі рэнтгенаўскія прамяні высокай энэргіі, каб пранікнуць праз мех, скуру, луску й г.д.
Уся бібліятэка сканаў вось тут, але яна пакуль ледзь працуе. А па гэтай спасылцы некаторыя мадэлі можна пакруціць.
Прарыў у сфэры ствалавых вузаў крыху наблізіў адраджэньне мамантаў
Кампанія Colossal Bіoscіences, вядомая сваім імкненьнем адрадзіць мамантаў Mammuthus primigenius, паведаміла, што навукоўцам удалося атрымаць індуктаваныя плюрыяпатэнтныя ствалавыя вузы ад азыяцкіх сланоў. Адкрыцьцё дазволіць ствараць у лябараторных умовах неабходныя для адраджэньня махнатых мамантаў палавыя вузы без удзелу рэдкіх азыяцкіх сланоў.
Індуктаваныя плюрыяпатэнтныя ствалавыя вузы – гэта вузы, перапраграмаваныя такім чынам, што могуць даць пачатак любому тыпу вузаў арганізму. Раней іх атрымаць было складана праз асаблівасьці генэтыкі сланоў.
Таксама ў кампаніі паведамілі, што неўзабаве там пачнуць вывучаць адаптацыі, якія адрозьніваюць мамантаў ад іх жывых родзічаў, і тэставаць геномнае рэдагаваньне, каб стварыць устойлівых да холаду «азыяцкіх» сланоў з доўгай шэрсьцю.
У плянах таксама адраджэньне яшчэ колькіх зьніклых відаў, але варта адзначыць, што гэта не зусім «адраджэньне». Тут слушна казаць пра стварэньне проксы-відаў, якія будуць толькі падобныя (фэнатыпам, паводзінамі) на вымерлых продкаў. Паводле дасьледнікаў, цалкам адрадзіць зьніклы від вельмі складана, бо некаторыя генэтычныя дадзеныя могуць быць страчанымі. Вядома, іх можна аднавіць з дапамогай гістарычных узораў, жывых блізкіх відаў і тэхналёгій геномнага рэдагаваньня, але гэта дорага. Лепей скіраваць высілкі на захаваньне жывых уразьлівых відаў.
Бальшыня жанчын зазнае гвалт падчас бегу
Дасьледчы праект, скіраваны на вывучэньне досьведу жанчын, якія пацярпелі ад жорсткіх паводзінаў і гвалту падчас бегу паказаў трывожныя вынікі. Так, дасьледніцы паведамляюць, што 68% апытаных у Вялікай Брытаніі жанчын сутыкаліся з вуснымі абразамі, неадназначнымі позіркамі, фізычнымі й сэксуальнымі нападамі падчас прабежак.
Самай распаўсюджанай формай зьдзекаў былі вусныя абразы: 58% апытаных жанчын сутыкаліся з гэтым. 19% рэспандэнтак паведамілі, што за імі сачылі падчас прабежкі, а 13% зазналі іншыя віды абразаў, у тым ліку ад кіроўцаў.
13 жанчын перажылі фізычны, а яшчэ 7 – сэксуальны гвалт падчас заняткаў бегам.
Не гледзячы на шырокі распаўсюд зьдзекаў і гвалту, 95% рэспандэнтак не зьвярнуліся ў праваахоўныя органы з розных прычын, у тым ліку праз нармалізацыю жорсткага абыходжаньня з жанчынамі ў грамадзкіх прасторах з боку грамадзтва. А тыя жанчыны, які зьвярнуліся ў паліцыю, часта скардзіліся на адсутнасьць вынікаў, праз немагчымасьць вызначэньня злачынцы.
Аўтаркі спадзяюцца, што іхняя праца пашырыць інфармаванасьць аб праблеме, што ўрэшце дазволіць перакласьці адказнасьць за бясьпеку з жанчын, на тых, хто ўчыняе гвалт і абразы.
Спажываньне падсалоджаных напояў зьвязалі з парушэньнем рытму сэрца
Дарослыя людзі, якія паведамілі, што выпіваюць каля 2 літраў салодкіх напояў за тыдзень, мелі больш высокую рызыку разьвіцьця арытміі, чым тыя, хто спажываў напоі ў меншых колькасьцях.
Дасьледнікі прааналізавалі дадзеныя апытаньняў і лябараторных тэстаў больш за 200 000 чалавек з брытанскага біябанку. Вось асноўныя тэзы:
🧅Спажываньне 2 і болей літраў салодкіх напояў на тыдзень павысіла рызыку разьвіцьця арытміі на 20% у тых, хто аддаваў перавагу напоям з замяняльнікамі цукру, і на 10% у аматараў вэрсій з цукрам. Параўналі з тым, хто ўвогуле не спажываў напояў.
🧅Спажываньне чыстага фруктовага соку ў памеры да 1 л на тыдзень на 8% зьменшыла рызыку разьвіцьця парушэньняў рытму сэрца.
🧅Жанчыны найчасьцей аддавалі перавагу «дыетычным» падсалоджаным напоям, мужчыны – напоям з цукрам. Але ў абодвух выпадках людзі мелі залішнюю вагу.
🧅Курэньне разам з выпіваньнем 2 і болей літраў напояў з цукрам павышае рызыку разьвіцьця арытміі на 31%. У былых курцоў такой залежнасьці не было.
🧅Людзі, якія аддавалі перавагу напоям з цукрам і чысты фруктовы сок, часьцей спажывалі больш дадатковых прадуктаў з цукрам.
❗️Асноўным абмежаваньнем дасьледаваньня зьяўляецца тое, што для яго выкарыстоўваліся дадзеныя з апытаньняў, а рацыён удзельнікаў не адсочваўся, што не дазваляе зрабіць адназначныя высновы.
Мужчына ледзь не ўратаваў выкінутую на бераг самку кашалёта
Сапраўдны трылер адбыўся на новазэляндзкім беразе. Самка карлікавага кашалёта (Kogia breviceps) выкінулася на бераг разам са сваім цялём. Мужчына, які апынуўся побач, паспрабаваў самастойна ўратаваць жывёл: яму нават удалося зацягнуць трохмэтровую самку на мелкаводзьдзе. Аднак хутка побач зьявілася белая акула, якая спачатку адгрызла галаву самкі, а потым зацягнула ў ваду тое, што засталося.
Цяля, якое засталося на беразе, адмыслоўцам давялося ўмярцьвіць. Але навукоўцы плянуюць вывучыць цела малога кіта, каб знайсьці прычыны такіх паводзінаў, бо сёлета гэта ўжо другі выкід марскіх сысуноў на бераг. У студзені там знайшлі 40 касатак і афалінаў.
Бурых мядзьведзяў заўважылі за выкарчоўваньнем штучных лясоў
Бурыя мядзьведзі на японскім востраве Хакайда шкодзяць хвойным дрэвам у высаджаных чалавекам лясах. Спрабуючы разабрацца ў прычынах такіх паводзінаў, дасьледнікі параўналі ўзоры глебы й дрэваў зь дзялянак штучнага й натуральнага лесу.
Аказалася, што мядзьведзі прыладзіліся выкопваць лічынак цыкад. Прытым рабілі яны гэта толькі пад хвойнымі дрэвамі, высаджанымі чалавекам. Натуральна, што падчас такіх раскопак, мядзьведзі пашкоджваюць карэньне маладым дрэвам, што нэгатыўна адбіваецца на росьце расьлін.
Мяркуецца, што мядзьведзі на востраве адчуваюць недахоп ежы, зьвязаны з пашырэньнем выкарыстоўваньня земляў чалавекам, таму часткова пераключыліся на дробных лічынак. Аднак вызначыць, чаму менавіта штучныя лясы прыйшліся да спадобы мядзьведзям, пакуль не ўдалося. Дарэчы, навукоўцы са складанасьцямі знайшлі некранутыя дрэўцы, каб параўнаць з раскапанымі.
Каманда аўтараў заўважае, што аднаўляць лясы на востраве можна не флянсамі (саджанцамі), а насеньнем. Такі спосаб хоць і зойме больш часу, але дапаможа стрымаць мядзьведжы вандалізм.
Пасьля захаду сонца, лясы паглынае амаль поўная цемра, але ў бязвоблачнае надвор’е сьвятло ад Месяца можа даволі моцна падсьвяціць некаторыя цёмныя куточкі. Уласна з гэтай нагоды й задумаліся аўтары прэпрынту, а ці ўплывае месяцавы цыкль на лясных жывёл?
Каб знайсьці адказ, дасьледнікам давялося вывучыць матэрыялы з фотапастак, усталяваных у трапічных лясах на трох кантынэнтах.
Аказалася, што каля 16% відаў сысуноў, якія трапілі на здымкі, пазьбягаюць месяцавага сьвятла. Такія паводзіны самі аўтары назвалі месяцафобіяй. А яшчэ 3% дэманстравалі супрацьлеглыя паводзіны ноччу й актыўна шукалі асьветленыя месцы.
Таксама адзначаецца, што найчасьцей месяцафобія назіралася ў грызуноў, і была зьвязаная з меншай актыўнасьцю бясхмарнымі начамі.
Эль Ніньнё прынясе новыя тэмпэратурныя рэкорды
Дасьледнікі з дапамогай кліматычнай мадэлі паспрабавалі зрабіць прагноз высокіх тэмпэратур да сёлетняга чэрвеня. У сярэднім горача будзе ўсюды, але найбольш экстрэмальныя ўмовы будуць назірацца ў Карыбскім басэйне, Бэнгальскай затоцы й Паўднёва-Кітайскім моры (сінія кропкі на выяве).
Глябальная тэмпэратура паверхні Зямлі цяперака знаходзіцца на рэкордна высокім узроўні. Галоўная прычына гэтага – выкіды парніковых газаў. Аднак і інтэнсыўная фаза Эль Ніньнё, якая распачалася летась, таксама павышае тэмпэратуру.
Падчас Эль Ніньнё цёплая вада пашыраецца па паверхні Ціхага акіяну ў бок Паўднёвай Амэрыкі. Такая вялікая плошча нагрэтай вады аддае шмат акіянскай цеплыні ў атмасфэру, у выніку чаго праграваецца ўся плянэта. Але гэта часовая зьява, пасьля якой распачнецца Ля Ніньнё з супрацьлеглым эфэктам.
Сэксуальныя паводзіны гарбатых кітоў трапілі ў камэры, але ёсьць нюансы
Фатографы рабілі здымкі гавайскіх астравоў , і раптам да лодкі наблізілася пара гарбатых кітоў, адзін зь якіх настырна праяўляў сэксуальныя паводзіны. Падводная здымка паказала некаторыя акалічнасьці выпадку.
Па-першае, гэта былі самцы й такія паводзіны гарбатых кітоў упершыню трапілі ў камэры. Па-другое, адзін кіт быў відавочна зьнясілены й у кепскім стане. На ім заўважылі траўму сківіцы, якую, імаверна, жывёліна атрымала ў выніку сустрэчы з суднам, а таксама вялікую колькасьць паразытаў.
Адмыслоўцы мяркуюць, што гэта магла быць спроба падтрымаць зьнясіленага суродзіча, альбо малады кіт спрабаваў палепшыць сваё сацыяльнае становішча дамінаваньнем над старым.
Таямніцу апэльсінавага смаку раскрылі навукоўцы
Хімічны аналіз, які зладзілі навукоўцы, выявіў ажно 26 злучэньняў, адказных за характэрны смак апэльсінаў. Такія веды дапамогуць адмыслоўцам вывесьці ўстойлівыя да хваробаў гібрыды, якія ня будуць адрозьнівацца смакам ад звычайных.
Апошнімі гадамі хвароба цытрусавага зьзеляненьня наносіць шкоду вытворчасьці цытрусавых па ўсім сьвеце. Найбольш уразьлівымі перад бактэрыямі-узбуджальнікамі аказаліся апэльсіны. У інфікаванай расьліны пачынае падгніваць карэньне, а лісьце становіцца плямістым, гэта адбіваецца на жыцьцяздольнасьці й расьліна ў выніку гіне.
Дасьледнікі спачатку вывучылі 179 узораў разнастайных цытрусавых, каб знайсьці тыя, чый сок быў найбольш падобным на клясычны апэльсінавы. Усе ўзоры, якія прайшлі правяраньне, мелі ў сваім складзе 26 спэцыфічных злучэньняў, 7 зь якіх належалі да этэраў. Менавіта яны й былі адказнымі за знаёмы смак апэльсінаў і мандарынаў.
Наступны генэтычны аналіз пладоў дапамог выявіць адказны за сынтэз усіх 7 этэраў ген C. sіnensіs alcohol acyltransferase 1. Аўтары мяркуюць, што пры вывядзеньні гібрыдаў можна будзе выкарыстоўваць генэтычны аналіз для пошуку такога гену, а не чакаць 10-15 гадоў у чаканьні першых пладоў.
Новы спосаб атрымаць сінія джынсы зь меншай шкодай для навакольля
Каб джынсавая тканіна набыла «традыцыйны» сіні колер, яе фарбуюць водным растворам індыга – фарбавальніка, які раней здабывалі з расьлінаў, а потым навучыліся сынтэзаваць. Аднак крышталікі індыга вельмі кепска расчыняюцца ў вадзе, для гэтага туды трэба дадаць дытыяніт натрыю. Толькі тады тканіна пафарбуецца, але дадаваньне агрэсыўных рэчываў вядзе й да зьяўленьня таксычных пароў і дадатковага забруджваньня сьцёкаў.
Цяперака адмыслоўцы прапанавалі выкарыстоўваць для фарбаваньня джынсаў папярэднік індыга – індыкан – прыроднае рэчыва, якое без праблем расчыняецца ў вадзе, але яно не мае колеру.
Так, пафарбаваная індыканам тканіна набывае сіні колер толькі тады, калі рэчыва пераўтвараецца ў індыга. Умовы для такой хімічнай магіі даволі простыя, напрыклад, можна пакінуць джынсы на сонцы. Літаральна за пару гадзін джынсавая вопратка набудзе колер. Аўтары таксама прапануюць «фарбаваць» джынсы падчас носкі, калі з кожным днём колер тканіны будзе падавацца ўсё больш насычаным.
Аўтары таксама прапануюць замяніць сонечнае сьвятло адмысловымі фэрмэнтамі расьліннага паходжваньня. Гэты варыянт ня толькі зробіць працэс фарбаваньня больш прывабным для вытворцаў, але й на 92% скароціць шкодны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе. Калі ж выкарыстоўваць сонечнае сьвятло, то шкода зьменшыцца толькі на 73% у параўнаньні зь індыга.
Стаў ❤️, калі ў захапленьні ад ідэі праяўкі джынсаў на сонцы.
👌, калі за клясычнае фарбаваньне.
🗿, калі не разумееш навошта ўвогуле гэтыя фарбавальнікі.
Студыйныя музычныя запісы саступілі жывым выступам паводле эмацыйнага водгуку
Жывая музыка можа крыху больш кранаць слухачоў, бо яна павышае актыўнасьць у зоне мазґоў, зьвязанай з апрацоўваньнем эмоцый.
Дасьледнікі ў Швайцарыі напісалі 12 музычных твораў, кожны зь якіх меў працягласьць у 30 сэкунд. Палова мусіла перадаваць нэгатыўныя эмоцыі праз мінорныя акорды й меншую гарманічнасьць, а астатнія кампазыцыі былі больш пазытыўнымі.
Потым у досьлед паклікалі 27 чалавек без музычнай адукацыі, палажылі іх у апарат МРТ і папрасілі паслухаць усе 12 твораў па 2 разы. Толькі людзям не паведамілі, што адзін раз яны будуць чуць студыйны запіс, а другі – жывы выступ піяніста праз дынамікі.
Яшчэ адзін хітрык быў у тым, што навукоўцы давалі падказкі піяністу ў залежнасьці ад мазґавой актыўнасьці ўдзельнікаў, каб той іграў гучней, з большай экспрэсіяй і наадварот. Такі крок палічылі неабходным, бо падчас жывых выступаў музыкі могуць адаптоўвацца пад настрой гледачоў.
У выніку было заўважана, што жывое выкананьне твораў вяло да падвышэньня актыўнасьці ў левай мігдаліне, якая ўдзельнічае ў вызначэньні эмоцый сэнсорных стымулаў. Прытым эфэкт быў выразным незалежна ад настрою праслуханага твора.
Натуральна, запісаныя мэлёдыі таксама выклікалі пэўнае ажыўленьне ў гэтай зоне мазґоў, але яно было меншым і нясталым. Агулам аўтары рыхтуюцца да «палявых» выпрабаваньняў, а пакуль мяркуюць, што жывая музыка ўзмацняе эмацыйны водгук, дзякуючы сваёй свабоднай і дынамічнай прыродзе.