Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Дасьледнікі вызначылі, якім чынам адна з самых маленькіх рыбак выдае гук, параўнальны з пэтардай
Маленькія рыбкі Danіonella cerebrum не перавышаюць 12 мм, але здольныя выдаваць гукі ў 140 дБ, што параўнальна з пэтардай. Цяпер навукоўцы высьветлілі, як яны гэта робяць.
Звычайна рыбак вывучаюць нэўрабіёлягі, бо яна маленькая й празрыстая, што робіць яе добрай мадэльлю для досьледаў. Але D. cerebrum такія шумныя, што іх пульсацыйныя гукі з акварыюмаў часьцяком не даюць навукоўцам сканцэнтравацца.
Каб высьветліць паходжаньне гукаў, дасьледчая каманда разьбіла рыбак на невялічкія групы й зьняла іх адмысловай камэрай.
Аказалася, што калі рыбкі выдаюць свой фірмовы гук, рабрына побач з плавальным пузыром зацягваецца ў храсток з адмысловым заглыбленьнем так, каб напружаньне значна павялічылася. Калі цягліца хутка адпускае рабро, яно б’ецца наўпрост аб плавальны пузыр, што й выдае моцны гук.
Паводле аналізаў экспрэсыі генаў, цягліцы, адказныя за гэтыя рухі, маюць большую ўстойлівасьць да стомленасьці, а гэта дазваляе рыбкам рабіць шмат хуткіх і гучных удараў.
Існуе два тлумачэньні такой адаптацыі. Паводле першай, яна дапамагае рыбкам знайсьціся ў натуральным асяродзьдзі (мутныя воды). Але ж гукі выдаюць толькі самцы, таму адаптацыя можа быць зьвязанай з агрэсыўнымі ці шлюбнымі паводзінамі.
Дайджэст восьмага тыдня: атрутныя зьмеі занэрваваліся, сындромы проста існуюць, а мазґі сталі вясёлкавымі.
🧅Амэрыканскія дасьледнікі распрацавалі альгарытмы для пераўтварэньня нэўрафізыялягічных дадзеных у аўдыёвізуальныя. У выніку простае сканаваньне мазґоў ператвараецца ў экспэрымэнтальны музычны твор зь яркім, але нудным кліпам. Мяркуецца, што разам са стандартнымі мэтодыкамі, гэта дазволіць адмыслоўцам хутчэй арыентавацца ў плынях дадзеных. Вось тут відэа.
🧅На крок бліжэй да стварэньня ўнівэрсальнага проціядзьдзя. У навукоўцаў атрымалася распрацаваць антыцела, якое эфэктыўна нэўтралізуе доўгаланцужковыя альфа-нэўратаксыны, якіх багата ў зьмяіных атрутах. Эфэктыўнасьць новага прэпарату пасьпяхова спраўдзілі на мышах.
🧅Сындром Даўна ў старажытным грамадзтве. Звычайна дасьледнікі вывучаюць ДНК старажытных людзей для таго, каб вызначыць шляхі міграцыі, перамешваньне й патагены. Але цяпер упершыню атрымалася ідэнтыфікаваць узоры, у якіх мелася вельмі шмат пасьлядоўнасьцей ДНК 21 храмасомы, што можна патлумачыць толькі наяўнасьцю дадатковых копій (Сындром Даўна). Адзін чалавек жыў у Фінляндыі 17-18 ст. а яшчэ 5 – ад 5 000 да 2 500 гадоў таму на тэрыторыях Гішпаніі, Грэцыі й Баўгарыі.
🧅Сындром хранічнай стомленасьці – загадкавы й разбуральны стан, які працяглы час не прызнаваўся некаторымі адмыслоўцамі. Але паступова сытуацыя пачала мяняцца. Спачатку выявіліся сувязі паміж сындромам і мікрабіёмам кішэчніка, а зараз знайшліся ключавыя адрозьненьні ў мазґах і імуннай сыстэме людзей з хранічнай стомленасьцю й безь яе. Паводле аўтараў, вынікі могуць стаць добрым падмуркам для распрацоўваньня мэтадаў лячэньня ў будучыні.
Маштабная высадка дрэваў для стрымліваньня глябальных зьменаў клімату можа быць ня надта эфэктыўнай
Высадка лясоў цяпер разглядаецца ў якасьці эфэктыўнай стратэгіі па скарачэньня колькасьці вуглякіслага газу ў атмасфэры. У тэорыі, разам зь іншымі мерамі гэта дазволіць стрымаць глябальныя зьмены клімату. Аднак у новым дасьледаваньні было паказана, што шырокая высадка лясоў можа мець значна меншую эфэктыўнасьць.
Дасьледнікі стварылі мадэль маштабных лесазасеваў паводле двух сцэнароў будучыні: зь мінімальнымі й максымальнымі намаганьнямі са зьменамі клімату. Агулам новыя лясы сапраўды вялі да скарачэньню CO2 у атмасфэры, але яны ж і зьніжалі здольнасьць паверхні зямлі адлюстроўваць сьвятло ў космас, бо лясы звычайна цямнейшыя за лугі. Такі эфэкт прывёў да павелічэньня канцэнтрацыі іншых парніковых газаў у атмасфэры, а агульная выгада ад скарачэньня CO2 зьнізілася на 30%.
Вядома, гэта не азначае, што дрэвы высаджваць ня трэба, але ж толькі імі сытуацыю не выправіш.
Сымптомы СДУГ зьвязалі з эфэктыўным пошукам ежы
Людзі з сындромам дэфіцыту ўвагі з гіпэрактыўнасьцю могуць мець эвалюцыйную перавагу ў справах пошуку ежы. Да такой высновы прыйшлі аўтары досьледу, дзе 457 чалавек мусілі «абабраць» віртуальныя кусты зь ягадамі за абмежаваны час. Ахвотнікі маглі сканцэнтравацца на адным кусьце, альбо пераходзіць з аднаго на другі, губляючы пры гэтым да 5 сэкунд.
Такім чынам аказалася, што людзі з сымптомамі СДУГ часьцей пераключаліся паміж кустамі, і такая стратэгія дазволіла ім сабраць больш ягад. А вось людзі без СДУГ чакана засяроджваліся на нейкім адным кусьце.
З гэтага ўсяго аўтары робяць выснову, што СДУГ разьвіўся як адаптацыя выжываньня, яка стрымлівае эксплюатацыю рэсурсаў у пэўным месцы й спрыяе пошуку новых. Калі такая адаптацыя не надавала б пэўных пераваг, наўрад ці яна замацавалася б у папуляцыі.
Аднак падобная ідэя застаецца спэкулятыўнай і патрабуе далейшага вывучэньня.
Гарбатыя кіты займелі адмысловы гарляк для падводных сьпеваў
Першыя гукі кітоў былі запісаныя яшчэ ў 1970-х гадах, крыху пазьней стала вядома, што складаныя сьпевы выкарыстоўваюцца жывёламі для камунікацыі з суродзічамі. Цяпер дасьледнікі высьветлілі, якім чынам яны гэта робяць.
Каманда заолягаў выняла для вывучэньня гарлякі малога кіта Balaenoptera acutorostrata, сэйвала B. borealіs і гарбатага кіта Megaptera novaeanglіae (усе тры жывёліны памерлі самастойна), і заўважыла цікавую асаблівасьць.
Гарляк, разам з галасавым апаратам унутры, месьціцца ў верхняй частцы шыі сысуноў, і калі паветра праходзіць скрозь гэты орган, галасавыя складкі пачынаюць вібраваць, утвараючы гук. У кітоў, відаць, ролю галасавых складак грае адмысловая тлушчавая падушка, а разьмяркоўваць струмені вады й паветра дапамагаюць храстковыя структуры, падобныя на U.
Кампутэрная мадэль гарлякоў паказала, што кіты могуць выдаваць гукі з частатой да 300 Гц на глыбіні да 100 м. Такі дыяпазон супадае з частотамі шуму ад караблёў, таму аўтары мяркуюць, што тэхнагенны шум можа глушыць размовы кітоў.
Жоўтагаловы шлемнік Prionops alberti – невялічкая птушка з характэрным жоўтым шлемам – каля 20 гадоў лічыўся зьніклым. Аднак нядаўна экспэдыцыі пашчасьціла сустрэць 18 прадстаўнікоў віду ў трапічных гарах Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, а адну птушку нават сфатаграфавалі.
Знаходка дае падставу меркаваць, што ў тамтэйшых лясах можа існаваць здаровая папуляцыя птушак.
Прэпарат з часьцінкамі золата для лячэньня хваробы Паркінсона
Навукоўцы зараз вывучаюць, ці дадуць рады лекі з часьцінкамі золата разнастайным нэўрадэгенэратыўным хваробам. Клінічныя выпрабаваньні прэпарату CNM-Au8 далі першыя станоўчыя вынікі.
Гэты прэпарат утрымлівае наначасьцінкі золата, якія, відаць, могуць мінаць гемата-энцэфалічны бар’ер і паляпшаць энэргазабесьпячэньне мазґавых нэўронаў за кошт дастаўкі кофэрмэнту.
Кофэрмэнт – гэта нікатынамідадэніндынуклеатыд, які існуе ў 2 формах: акісьленай (NAD+) і адноўленай (NADH). Суадносіны гэтых формаў рэчыва ў мазґах маюць важнае значэньне для падтрыманьня мэтабалічнага балянсу. А пры некаторых нэўрадэгенэратыўных хваробах суадносіны NAD+/NADH становяцца вельмі нізкімі.
Уласна ў клінічных выпрабаваньнях з удзелам 13 пацыентаў з хваробай Паркінсона й 11 з множным склерозам, якія прымалі CNM-Au8 цягам 12 і больш тыдняў, назіралася павелічэньне на 10.4% суадносінаў NAD+/NADH.
Паводле аўтараў, такога павышэньня дастаткова, каб павярнуць назад разьвіцьцё хваробаў.
Навукоўцы навучылі нэўрасетку вызначаць пол чалавека паводле здымкаў мазґоў
Абмеркаваньні наконт таго, ці можна вымераць адрозьненьні паміж жаночымі й мужчынскімі мазґамі дагэтуль не сьціхаюць, а дасьледаваньні даюць супярэчлівыя вынікі. Цяпер дасьледчая каманда Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі паспрабавала далучыць да абмеркаваньня нэўрасетку бо бабры, хвасты – дурасьць нейкая.
Для навучаньня нэўрасеткі аўтары выкарысталі фМРТ-здымкі рэальных людзей з адмысловай базы дадзеных (каля 1000 чалавек агулам). Прытым кожны здымак меў пазнакі пра пол чалавека, а мазґі падзеленыя на 246 умоўных зон.
Калі навучаньне скончылася, каманда зладзіла выпрабаваньні на другім наборы фМРТ-здымкаў, атрыманых ад тых жа людзей. У выніку дакладнасьць вызначэньня полу склала амаль 90%.
Тэставаньне на крыху меншай выбарцы людзей (200), якія раней не ўдзельнічалі ў дасьледаваньні, таксама дало падобны вынік. Гэта дае падставу меркаваць, што мэтад працуе. Аўтары ўжо рыхтуюць правяраньні на вялікіх наборах дадзеных.
Ашаламляльныя здымкі здымкі марскога жыцьця з конкурсу 2024 Underwater Photographer of the Year
1️⃣ Звычайныя олушы даюць нырца ў ледзяных водах Паўночнага мора. Даволі буйныя птушкі, з размахам крылаў да 180 см, маюць надзвычай моцныя цягліцы шыі й ноздры, схаваныя ў дзюбу, што дазваляе ім ныраць на вялікай хуткасьці. Kat Zhou
2️⃣ Зграя рыб нібыта ўтварае ветразь на патанулым судне Vіrgo. Судна адмыслова затапілі яшчэ ў 2017 годзе, каб стварыць лякацыю для дайвэраў. Fabi Fregonesi
3️⃣Дзясяткі людзей спрабуюць выратаваць кашалёта, якога выкінула на паўднёвы бераг Партугаліі. Але пра колькі гадзін кіт сканаў пад цяжарам уласнага цела. Nuno Sá
4️⃣Партрэтны здымак конярыбкі. Talia Greis
5️⃣Шэры кіт падчас нападу на зграю сардын. У добра раскрытых брушных складках, паводле аўтара здымку, схавалася большая частка рыбнай сфэры. Rafael Fernandez Caballero
6️⃣Галоўным пераможцам конкурсу стаў здымак дайвэра, які вывучае наступствы кітабойнага промыслу ў грэнляндзкіх водах. Alex Dawson
Мікраялавічныя сушы могуць стаць экалягічна чыстай ежай
Карэйскія навукоўцы прапанавалі пакрыць рыс тлушчавымі й цяглічнымі вузамі каровы, каб забясьпечыць людзей спажыўнымі й экалягічна чыстымі прадуктамі.
Спачатку навукоўцы стварылі на зернях рысу адмысловае пакрыцьцё з рыбнай жэлятыны, на якое прыляпілі вузы тлушчавай і цяглілічнай тканкі каровы. У такім выглядзе зерне адправілі ў інкубатар, каб на паверхні кожнага зярнятка ўтварылася папуляцыя высаджаных вузаў.
У выніку атрымаўся «гібрыдны» рыс (mіcrobeef sushі на фота), які меў вугляводаў, бялкоў і тлушчаў больш, чымся звычайны. Паводле аўтараў, 100 г гібрыднага рысу адпавядаюць 100 г звычайнага плюс 1 г ялавічыны, а розьніца ў кошце склала толькі $0.03.
❤️ - калі захацелася пакаштаваць
🗿 - пачакаю чагосьці больш апэтытнага
На гэтым тыдні ў навуковым часопісе Frontіers іn Cell and Developmental Bіology апублікавалі дасьледаваньне зь вельмі дзіўнымі выявамі, зробленымі нэўрасеткай Mіdjourney.
Артыкул быў апублікаваны ў адкрытым доступе, там разглядалася сувязь паміж ствалавымі вузамі тэстыкулаў сысуноў і сыгнальным шляхам, адказным за запаленьне. Тэкставы зьмест, відаць, аўтары пісалі самастойна, а вось ілюстрацыйныя выявы былі фантастычнымі.
Вядома, артыкул адклікалі, але цяперака высьвятляецца, як яго ўвогуле апублікавалі, бо ў часопісе ё адмысловыя людзі, якія чытаюць усё перад публікацыяй, а аўтары й не хвалі факт выкарыстаньня нэўрасеткі.
Ацаніць навыкі біялягічнага малюнку нэўрасеткі можна самастойна.
Яйцо часоў Рымскай імпэрыі ў надзвычай добрым стане знайшлі ў Вялікабрытаніі
Старажытнае яйцо, якому прыкладна 1700 гадоў, знайшлі ў горадзе Эйлсбэры яшчэ ў 2019 годзе, але нядаўна яго ўдалося адсканаваць (фота 2).
Аказалася, што ўнутры дагэтуль прысутнічае жаўток і бялок. З часам яны перамяшаліся, але засталіся вадкімі.
Кладку з 4 яек (3 выпадкова разьбіліся падчас вывучэньня) знайшлі разам са скуранымі вырабамі, кошыкам, манэтамі й керамікай у затопленай яме, якую выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах. Відаць, гэта й дапамагло знаходцы захавацца ў добрым стане.
Зьмест меркавана курынага яйца навукоўцы паспрабуюць вывучыць так, каб не разьбіваць скарупіну.
Сапратрофны грыб вырас на жывой жабе
Індыйскія заолягі падчас назіраньня за бясхвостымі амфібіямі заўважылі жабу Іndosylvіrana іntermedіa з пладовым целам грыба збоку. Потым міколягі вызначылі, што гэта быў сапратрофны грыб роду Mycena, які звычайна расьце на гнілой драўніне, а тут жаба й яшчэ жывая.
Амфібія выглядала здаровай і дасьледнікі пастанавілі не лавіць яе, таму далейшы лёс істоты невядомы.
Артыкул з фатаздымкамі тут
Танцы могуць палепшыць псыхічнае здароўе ў любым веку
Аўстралійскія навукоўцы прыйшлі да такой высновы, калі вывучылі 27 публікацый з выніковай выбаркай у 1392 чалавекі.
Паводле аналізу, рэгулярныя заняткі танцамі аказваюць станоўчы ўплыў на сымптомы дэпрэсыі й памяць у любым веку. Прытым ён быў выразьней, чымся ад іншых відаў фізычнай актыўнасьці.
Аўтары зьвязваюць гэта з развучваньнем танцавальных рухаў і іх пасьлядоўнасьці, што напрактыкоўвае кагнітыўныя функцыі. А калі танчыць у групе, то разьвіваюцца й камунікатыўныя навыкі.
Страту слыху ад моцных гукаў зьвязалі з цынкам
Узьдзеяньне гучных шумаў адбіваецца на слыху праз зьмены канцэнтрацыі цынку ва ўнутраным вуху. Да такой высновы прыйшлі аўтары новага дасьледаваньня на мышах. Яны таксама паказалі, што нэгатыўным наступствам можна супрацьстаяць ня толькі вушнымі затычкамі.
Агулам даўно вядома, што моцны гук часта вядзе да гібелі вузаў унутранага вуха, што ўплывае на вастрыню слыху. Аднак мэханізм, які ляжыць у аснове такой зьявы, яшчэ недастаткова вывучаны. Дапушчэньне, што тут можа граць не апошнюю ролю цынк мае пад сабою пэўныя падставы, таму менавіта на яго й арыентаваліся аўтары.
Большая частка цынку ў арганізьме знаходзіцца ў зьвязаным зь бялкамі стане, а астатняя (свабодная) удзельнічае ў перадачы сыгналаў паміж рознымі органамі. Прытым самая высокая канцэнтрацыя «свабоднага» цынку назіраецца акурат ва ўнутраным вуху ў скрутку (сьлімак).
Спачатку дасьледнікі ўзялі адмысловую лінію мышэй, вызначылі ўзровень свабоднага цынку ў іх, а потым прымусілі слухаць моцны шум (100 дБ) цягам 2 гадзін. За наступныя суткі ў грызуноў назіралася значная страта слыху.
Далейшы аналіз паказаў, што ў скрутках такіх мышэй канцэнтрацыя цынку станавілася большай пасьля досьледу. Аўтары зрабілі выснову, што ад моцнага гуку цынк «адшпільваўся» ад бялковых малекул і ўрэшце шкодзіў вузам унутранага вуха.
У наступных досьледах навукоўцы давалі грызунам адмысловы прэпарат, здольны зьвязваць цынк, і паўтаралі першы досьлед. І вось тут слых ужо ня так моцна пагаршаўся.
Пакупнікі не прызналі вэрсыі папулярных напояў без цукру
Амэрыканскія навукоўцы ў сваім дасьледаваньні паказалі, што тамтэйшыя пакупнікі працягваюць аддаваць перавагу клясычным вэрсіям безалькагольных напояў, нягледзячы на прысутнасьць на паліцах альтэрнатыў без цукру.
У ЗША з 2007 па 2015 год вытворцы зьнізілі колькасьць цукру ў сваіх прадуктах у сярэднім на 52.8%, але сярод пакупнікоў спажываньне цукру за такіх пэрыяд зьнізілася толькі на 15.6%. Прытым у дасьледаваньні разглядаліся ня толькі газаваныя напоі, але й дэсэрты.
Імаверна, такія вынікі зьвязаныя з надта хуткім пераходам: людзі проста не далі рады з адаптацыяй, што й прымусіла іх шукаць звыклыя прадукты. Таксама аўтары заўважылі пэўныя сувязі з узроўнем даходаў: чым вышэйшым ён быў, тым большай была імавернасьць пераходу на прадукты зь нізкім утрыманьнем цукру.
Мяса генна-мадыфікаваных сьвіней можа неўзабаве зьявіцца ў крамах
З дапамогай тэхналёгіі геннага рэдагаваньня CRІSPR, навукоўцам удалося перахітрыць вірус, які забівае ўсіх малых парасят і прыгнятае імунную сыстэму дарослых сьвіней (рэпрадуктыўна-рэсьпіраторны сындром).
Агулам яшчэ 8 гадоў таму была паказаная магчымасьць адключэньня рэцэптару CD163 на сьвіных вузах, які ўласна й выкарыстоўвае вірус, а цяпер адбыліся «камэрцыйныя выпрабаваньні». Што праўда, каб атрымаць цалкам устойлівую да вірусу пароду, трэба пачакаць колькі пакаленьняў, але распачаць такі працэс, кампанія плянуе ў 2025 годзе з амэрыканскага, кітайскага й мэксыканскага рынкаў.
Аднак некаторыя адмыслоўцы скептычна ставяцца да такіх плянаў, бо пры захаваньні шалёных тэмпаў сьвінагадоўлі, у хуткім часе можа спатрэбіцца мадыфікацыя сьвіней пад іншую хваробу.
Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць чыпсы менш шкоднымі
Вынаходка базуецца на ўласьцівасьці бульбы набываць салодкі прысмак пры захоўваньні ў нізкіх тэмпэратурах праз пераўтварэньне крухмалу ў цукры. Аднак гэта ўплывае ня толькі на смак, але й на карысьць гатовага прадукту. Справа ў тым, што падчас такіх працэсаў утвараецца й акрыламід – рэчыва, адказнае за прыгарачкі на смажанай бульбе, а таксама патэнцыйна зьвязанае з ракам.
Дасьледчая каманда выявіла ген* і рэчыва-рэгулятар, адказныя за запуск працэсу падсалоджваньня бульбы, а потым выключыла іх. У выніку атрымалася ўстойлівая да холаду бульба, першы ўраджай якой атрымалі наўпрост на тэрыторыі Мічыганскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Насамрэч, патэнцыйны ўплыў вынікаў дасьледаваньня выходзіць далёка за межы простага паляпшэньня смаку й скарачэньня нэгатыўнага эфэкту на здароўе. Вывад падобнага гатунку бульбы на рынак дазволіць значна скараціць колькасьць харчовых адкідаў і выдаткаў, зьвязаных з рэалізацыяй прадукту.
*— на здымку ўзоры чыпсаў з бульбы пры розных умовах захоўваньня. Зьверху – звычайная бульба, зьнізу – з выключаным генам вакуалярнай інвэртазы (VІnv).
Раней генэратыўныя мадэлі абвінавачвалі ў тым, што яны распаўсюджваюць стэрэатыпы й робяць выявы белых людзей больш дасканалымі. Напрыклад, калі нэўрасетку папрасілі стварыць падборку здымкаў прыгожых людзей, то там былі выключна белыя людзі (на фота 1).
А вось нэўрасетка Gemіnі ад Google пастанавіла "выправіць" такую недарэчнасьць і пачала генэраваць выявы цемнаскурых вікінгаў, сярэднявечных брытанскіх каралёў і шмат чаго падобнага. У выніку кампанія часова заблякавала магчымасьць генэрацыі выяваў пасьля таго, як яе абвінавацілі ў расізьме.
Узровень цукру ў крыві зьнізілі чырвоным сьвятлом
Брытанскія навукоўцы зладзілі экспэрымэнтальнае дасьледаваньне, у якім паказалі, што 15-хвіліннае ўзьдзеяньне чырвоным сьвятлом (670 нм) можа зьнізіць на 27.7% ступень павышэньня ўзроўню глюкозы праз 2 гадзіны пасьля глюкозаталерантнага тэсту.
Такі эфэкт назіраўся праз актывацыю мітахондрый і сынтэзу АТФ у выніку фотабіямадуляцыі, што раней назіралася ў вусякоў. У пэрспэктыве мэтад можа стаць эфэктыўным для карэкцыі ваганьняў глюкозы ў лядзей з парушэньнямі вугляводнага абмену. Але пакуль патрэбна зладзіць клінічныя выпрабаваньні большага маштабу.
Мужчына зьеў за месяц 1176 таблетак ібупрафэну, і сабраў поўны набор пабочак
Першапачаткова 34-гадовага мужчыну пачаў турбаваць боль пасьля працяглых прабежак, таму ён пастанавіў выпіць адразу 7 таблетак болепатольнага сродку (ібупрафэн). У выніку боль зьнік, а мужчына працягнуў штодзень выкарыстоўваць сродак. Праз пэўны час, пасьля чарговай жмені таблетак, пацыент адчуў, што ў страваводзе штосьці захрасла, таму выпіў яшчэ ібупрафэну.
У лякарню мужчына трапіў з крывавымі ванітамі, чорным стулам і благім агульным станам. З апытаньня стала вядома, што мужчына «няправільна зразумеў інструкцыю» і выпіў каля 1176 таблетак ібупрафэну за месяц. Сувязі паміж сымптомамі й ужываньнем болепатольнага сродку ён не пабачыў.
У больніцы мэдыкі адзначылі ў пацыента нізкі крывяны ціск, прысьпешанае біцьцё сэрца, зьніжаныя функцыі нырак, язвы ў страваводзе й страўніку праз скарачэньне сынтэзу простагляндынаў, адказных за абарону ад салянай кіслаты.
Пасьля ратавальных працэдур, пацыент пачуваецца добра.
Вірус простага герпэсу можа падвоіць рызыку разьвіцьця дэмэнцыі
Вірус простага герпэсу даволі шырока распаўсюдзіўся ў чалавечай папуляцыі. Паводле розных ацэнак, ад 50 да 80 адсоткаў людзей маюць герпэс. Часта яны й ня ведаюць, што зьяўляюцца носьбітамі, бо вірус можа аніяк не праяўляцца, альбо праяўляцца адзінкавымі выпадкамі (язвачка на губе, на палавых органах).
Апрача таго, што вірус застаецца ў арганізьме пажыцьцёва, у ранейшых дасьледаваньнях была паказаная ягоная сувязь з пагаршэньнем кагнітыўных функцый. Цяпер зьявілася падстава лічыць просты герпэс сапраўдным фактарам разьвіцьця дэмэнцыі.
Дасьледчая каманда швэдзкіх навукоўцаў прааналізавалі 1000 пацыентаў сталага веку за 15 гадоў. У выніку высьветлілася, што ў носьбітаў вірусу простага герпэсу імавернасьць разьвіцьця дэмэнцыі была ў два разы вышэйшай, чым у тых, каму пашчасьціла яго не падчапіць.
Каманда падкрэсьлівае неабходнасьць далейшага вывучэньня, але вартасьці вынікам дасьледаваньня дадае той факт, што ўсе людзі з выбаркі былі амаль аднаго веку. То бок, узроставыя адрозьненьні не маглі паўплываць на фінальныя дадзеныя.
Вітамін B3 зьвязалі з павышанай рызыкай інсультаў і інфарктаў
У людзей з высокім узроўнем вітаміну B3 (ніяцын, нікатынавая кіслата), імавернасьць інфаркту й інсульту аказалася вышэйшай, чым у людзей зь нізкім узроўнем рэчыва.
Навукоўцы сабралі ўзоры крыві ў жыхароў Эўропы (832) і Злучаных Штатаў (2331), якія праходзілі абсьледаваньне сэрцава-судзіннай сыстэмы. Усе ўзоры былі прааналізаваныя на наяўнасьць мэтабалітаў – пабочных прадуктаў біяхімічных працэсаў у арганізьме, а за пацыентамі й пацыенткамі працягнулі назіраць цягам 3 гадоў.
Такім чынам высьветлілася, што людзі з павышаным узроўнем мэтабаліту 4PY у сярэднім на 60% часьцей перажывалі сэрцавыя спохваты ці інсульты. Прытым згаданы мэтабаліт утвараецца толькі тады, калі арганізм расшчапляе лішкі вітаміну B3.
Наступныя досьледы паказалі, што мэтабаліт 4PY таксама зьвязаны з запаленьнем судзінаў у грызуноў.
Нэўрасетка распазнала баброў паводле ўзору на хвастах
Бабры маюць шырокія, пакрытыя лусачкамі хвасты, якія дапамагаюць ім спрытна плаваць і паведамляць суродзічам пра небясьпеку (пляскаюць хвастамі па вадзе). Цяпер высьветлілася, што ўзор з лусачак можна выкарыстоўваць у якасьці «адбіткаў пальцаў» для ідэнтыфікацыі жывёлы.
На сёньня для ацэнкі колькасьці папуляцыі рачных баброў Castor fiber (іх у 19 ст. амаль цалкам вынішчылі) выкарыстоўваюць вушныя меткі й радыёнашыйнікі, працэс усталяваньня якіх можа справакаваць вялікі стрэс у жывёліны. Аднак створаная навукоўцамі для аналізу фатаздымкаў нэўрасетка дапаможа скараціць да мінімуму кантакт з бабрамі.
Пасьля навучаньня на тэставых выявах, нэўрасетка распазнала баброў з дакладнасьцю 96%. Прытым для ідэнтыфікацыі, як паведамляюць навукоўцы, можна выкарыстоўваць здымкі, зробленыя фотапасткамі.
Пакуль у Злучаных Штатах рэгістравалі выпадкі чумы й воспы, Аўстралія разам з Новай Зэляндыяй рашуча ратуюць бананы ад выміраньня. Такім атрымаўся сёмы тыдзень, а ці будзе ілюстрацыя на наступным – ня ведаю.
🧅Першая ахвяра аляскінскай воспы. Вірус аляскінскай воспы з роду Orthopoxvіrus забраў жыцьцё пажылога мужчыны. Паведамляецца, што ягоная імунная сыстэма была аслабленая ў выніку лекаваньня анкалягічнага захворваньня. Меркавалася, што вірус мог перадацца ад ката, якога даглядаў мужчына, але тэст у жывёлы быў адмоўным. Вірусны штам у мужчыны крыху адрозьніваўся ад астатніх вядомых, але эпідэміёлягі кажуць, што шырокага распаўсюду чакаць ня варта.
🧅Бубонная чума ў Арэгоне. Першы выпадак інфэкцыі за 8 гадоў. Чалавек (пол не называецца) падчапіў інфэкцыю ад ката (тут ужо дакладна). Ахвяру шпіталізавалі й прапісалі антыбіётыкі.
🧅Скарачэньне колькасьці самагубстваў за кошт якасьці паветра. Кітайскія дасьледнікі паказалі, што паляпшэньне якасьці паветра дапамагло перадухіліць 45 000 самагубстваў. Каб вызначыць уплыў менавіта забруджанасьці паветра, аўтары абапіраліся на выпадкі цеплавых інвэрсій – калі нагрэтае паветра затрымлівае бруднае паветра блізка да зямлі. Такім чынам выявілася сувязь паміж інвэрсіямі й колькасьцю самагубстваў.
🧅У Аўстраліі й Новай Зэляндыі прыняліся ратаваць бананы. Урады краінаў дазволілі вырошчваць і спажываць генна-мадыфікаваныя бананы QCAV-4. Гэта сорт зь перасаджанымі генамі дзікіх бананаў, якія дазваляюць яму быць устойлівым да грыбковай інфэкцыі (панамская хвароба). Дарэчы, на канале ёсьць вялікі допіс пра паходжаньне бананаў і якім чынам іх можна ўратаваць.
Людзі па-рознаму разумеюць эмодзі – у залежнасьці ад полу, культуры й веку
Стылізаваныя выявы твараў з разнастайнымі эмоцыямі ня толькі надаюць «чалавечнасьць» электрынным паведамленьням, але й прыўносяць у іх патэнцыйную двохзначнасьць. Бывае дашлюць табе эмодзі з усьмешкай, а потым у ТыкТоку пабачыш, што гэта пасыўная агрэсыя была.
Падазрэньні, што інтэрпрэтацыя эмодзі залежыць ад дэмаграфічных паказьнікаў былі даўно, але толькі цяпер дасьледнікі грунтоўна падышлі да пытаньня.
Для ўдзелу ў досьледзе паклікалі 523 чалавека (270–🇬🇧, 253–🇨🇳 🚺—51%, 🚹—49%), якім паказвалі набор з 6 адабраных аўтарамі эмодзі. Прытым кожны смайлік быў прадстаўлены ў 4 варыянтах: Wіndows, Apple, Google, WeChat.
Навукоўцы спраўдзілі, як часта інтэрпрэтацыя кожнага эмодзі ўдзельнікамі й удзельніцамі супадае зь першапачатковым значэньнем. Аказалася, што чым больш было чалавеку гадоў, тым часьцей ён тлумачыў эмодзі іначай. Таксама інтэрпрэтацыя ў брытанскай групе часьцей супадала зь першапачатковай.
Перадумовы гумару знайшлі ў чалавекападобных малпаў
Арангутаны, гарылы й шымпанзэ часьцяком гульліва дражняць і казычуць сваіх суродзічаў. Разуменьне такіх паводзінаў дазволіць навукоўцам вызначыць паходжаньне пачуцьця гумару ў людзей.
З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што шымпанзэ могуць дражніць і чапляцца да сваіх суродзічаў, каб замацаваць сваё сацыяльнае становішча. Аднак пры пэўным балянсе весялосьці й агрэсыі, падобныя паводзіны могуць быць формай сацыяльнай гульні й забаўкі.
Для таго, каб вывучыць менавіта гульнявы складнік падобных узаемадзеяньняў, аўтары новага дасьледаваньня праглядзелі 75 гадзін відэазапісаў з малпамі ў заапарках. Усяго зафіксавалі 504 узаемадзеяньня паміж асобінамі, 142 зь якіх былі відавочна гульнявымі (штуршкі, тузаньні, крадзеж чагосьці ў спакойнай абстаноўцы).
Для ўсіх выпадкаў быў уласьцівы элемэнт правакацыі, які найчасьцей сыходзіў ад ініцыятара. Прытым адразу пасьля дзеяньня, ініцыятар зазіраў у твар «ахвяры», што сьведчыць пра чаканьне рэакцыі ў адказ. А вось калі яе не было, правакатыўнае дзеяньне паўтаралася з большай інтэнсыўнасьцю.
Апошні агульны продак людзей і чалавекападобных малпаў, імаверна, таксама займаўся нечым падобным, таму такія паводзіны маглі стаць перадумовай чалавечага пачуцьця гумару.
Загадкавае выяўленьне смакавых рэцэптараў у самых розных органах даўно азадачыла навуковую супольнасьць, але разуменьне іхняй ролі можа адкрыць новыя спосабы барацьбы з шэрагам распаўсюджаных захворваньняў.
Занураемся ў надзвычай цікавы сьвет смакавых рэцэптараў з дамапогай картак!
Яечак у рэакцыях няма (на жаль), таму цісьніце ❤️, калі фармат падабаецца і хочаце бачыць яшчэ.
А вось асноўныя спасылкі:
Вузы, падобныя на рэцэптары смаку ў кішэчніку пацука
Рэцэптары на сэрцы дазваляюць яму біцца хутчэй
Праблемы са спэрматазоідамі ў мышэй пасьля выключэньня рэцэптараў
Карэляцыя паміж колькасьцю рэцэптараў і індэксам масы цела
Рэцэптары салодкага смаку рэгулююць масу й форму скелетных цягліц у мышэй
⚡️⚡️⚡️Каб зрабіць шакаляд карысным, трэба проста дадаць крыху...
На жаль, у бліжэйшай будучыні чакаць на «здаровы» шакаляд ня варта, але зрабіць дэсэрт крыху больш карысным можна ўжо зараз. Дапаможа з гэтым невялікая колькасьць аўсянай мукі, дададзеная замест часткі цукру.
Шакаляд прыблізна на палову складаецца з цукру, а астатняе – тлушч і цьвёрдыя часьцінкі какавы, таму зьменшаная колькасьць цукру можа адбіцца на тэкстуры й смаку гатовага прадукту.
Аўтарам дасьледаваньня прыйшла ў галаву думка, што часткова цукар можна замяніць рысавай ці аўсянай мукою. Яны маюць шмат дробнага крухмалу, які ў выніку распадзецца на простыя цукры, а агульная колькасьць вугляводаў у дэсэрце не зьменіцца. Да таго ж засвойвацца яны будуць павольней.
У выніку дасьледнікі зрабілі ўзоры цёмнага шакаляду (54% цукру, 25% цукру + мука, каля 27% цукру) і зладзілі сьляпую дэгустацыю з удзелам 66 чалавек. Агулам найгоршыя адзнакі атрымаў шакаляд з апошняй групы: меншая колькасьць цукру нэгатыўна адбілася на гатовым дэсэрце, а вось для астатніх груп адзнакі былі аднолькавымі. Прытым шакаляд з аўсянай мукой апісвалі як больш гладкі, мяккі й крэмавы, а ва ўзорах з рысавай мукой адчулі больш «дробную тэкстуру», але есьці можна.
У другой дэгустацыі шакаляд з аўсянай мукой таксама атрымаў не горшыя за звычайны шакаляд балы, а часам і лепшыя. Рысавая мука ў складзе дэсэрту апыналася на трэцім месцы.
🐍 Гэтыя прыгожыя гадзюкі раней памылкова аб’ядноўваліся ў адзін від, але дзесяцігадовая праца заолягаў дала падставы прызнаць кожную зь іх асобным відам.
Адмыслоўцы кажуць, што тры зь пяці новых відаў жывуць у лясох Калюмбіі, а таксама часьцяком сустракаюцца на плянтацыях кавы. Астатніх знайшлі на мяжы й у самім Эквадоры.
Віды аказаліся атрутнымі, прынамсі некаторыя зь іх, аднак атрута не такая сьмертаносная, як у гадзюкі Шлеґеля, зь якой іх раней блыталі.
1. Bothriechis rahimi
2. B. hussaini
3. B. rasikusumorum
4. B. khwargi
5. B. klebbai
Ну, і традыцыйна віды перажываюць не самыя лепшыя часы праз зьнішчэньне асяродзьдзя і без таго вузкага арэалу 😭