cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Узровень цукру ў крыві зьнізілі чырвоным сьвятлом

Брытанскія навукоўцы зладзілі экспэрымэнтальнае дасьледаваньне, у якім паказалі, што 15-хвіліннае ўзьдзеяньне чырвоным сьвятлом (670 нм) можа зьнізіць на 27.7% ступень павышэньня ўзроўню глюкозы праз 2 гадзіны пасьля глюкозаталерантнага тэсту.

Такі эфэкт назіраўся праз актывацыю мітахондрый і сынтэзу АТФ у выніку фотабіямадуляцыі, што раней назіралася ў вусякоў. У пэрспэктыве мэтад можа стаць эфэктыўным для карэкцыі ваганьняў глюкозы ў лядзей з парушэньнямі вугляводнага абмену. Але пакуль патрэбна зладзіць клінічныя выпрабаваньні большага маштабу.

Читать полностью…

cybulinka

Мужчына зьеў за месяц 1176 таблетак ібупрафэну, і сабраў поўны набор пабочак

Першапачаткова 34-гадовага мужчыну пачаў турбаваць боль пасьля працяглых прабежак, таму ён пастанавіў выпіць адразу 7 таблетак болепатольнага сродку (ібупрафэн). У выніку боль зьнік, а мужчына працягнуў штодзень выкарыстоўваць сродак. Праз пэўны час, пасьля чарговай жмені таблетак, пацыент адчуў, што ў страваводзе штосьці захрасла, таму выпіў яшчэ ібупрафэну.

У лякарню мужчына трапіў з крывавымі ванітамі, чорным стулам і благім агульным станам. З апытаньня стала вядома, што мужчына «няправільна зразумеў інструкцыю» і выпіў каля 1176 таблетак ібупрафэну за месяц. Сувязі паміж сымптомамі й ужываньнем болепатольнага сродку ён не пабачыў.

У больніцы мэдыкі адзначылі ў пацыента нізкі крывяны ціск, прысьпешанае біцьцё сэрца, зьніжаныя функцыі нырак, язвы ў страваводзе й страўніку праз скарачэньне сынтэзу простагляндынаў, адказных за абарону ад салянай кіслаты.

Пасьля ратавальных працэдур, пацыент пачуваецца добра.

Читать полностью…

cybulinka

Вірус простага герпэсу можа падвоіць рызыку разьвіцьця дэмэнцыі

Вірус простага герпэсу даволі шырока распаўсюдзіўся ў чалавечай папуляцыі. Паводле розных ацэнак, ад 50 да 80 адсоткаў людзей маюць герпэс. Часта яны й ня ведаюць, што зьяўляюцца носьбітамі, бо вірус можа аніяк не праяўляцца, альбо праяўляцца адзінкавымі выпадкамі (язвачка на губе, на палавых органах).

Апрача таго, што вірус застаецца ў арганізьме пажыцьцёва, у ранейшых дасьледаваньнях была паказаная ягоная сувязь з пагаршэньнем кагнітыўных функцый. Цяпер зьявілася падстава лічыць просты герпэс сапраўдным фактарам разьвіцьця дэмэнцыі.

Дасьледчая каманда швэдзкіх навукоўцаў прааналізавалі 1000 пацыентаў сталага веку за 15 гадоў. У выніку высьветлілася, што ў носьбітаў вірусу простага герпэсу імавернасьць разьвіцьця дэмэнцыі была ў два разы вышэйшай, чым у тых, каму пашчасьціла яго не падчапіць.

Каманда падкрэсьлівае неабходнасьць далейшага вывучэньня, але вартасьці вынікам дасьледаваньня дадае той факт, што ўсе людзі з выбаркі былі амаль аднаго веку. То бок, узроставыя адрозьненьні не маглі паўплываць на фінальныя дадзеныя.

Читать полностью…

cybulinka

Вітамін B3 зьвязалі з павышанай рызыкай інсультаў і інфарктаў

У людзей з высокім узроўнем вітаміну B3 (ніяцын, нікатынавая кіслата), імавернасьць інфаркту й інсульту аказалася вышэйшай, чым у людзей зь нізкім узроўнем рэчыва.

Навукоўцы сабралі ўзоры крыві ў жыхароў Эўропы (832) і Злучаных Штатаў (2331), якія праходзілі абсьледаваньне сэрцава-судзіннай сыстэмы. Усе ўзоры былі прааналізаваныя на наяўнасьць мэтабалітаў – пабочных прадуктаў біяхімічных працэсаў у арганізьме, а за пацыентамі й пацыенткамі працягнулі назіраць цягам 3 гадоў.

Такім чынам высьветлілася, што людзі з павышаным узроўнем мэтабаліту 4PY у сярэднім на 60% часьцей перажывалі сэрцавыя спохваты ці інсульты. Прытым згаданы мэтабаліт утвараецца толькі тады, калі арганізм расшчапляе лішкі вітаміну B3.

Наступныя досьледы паказалі, што мэтабаліт 4PY таксама зьвязаны з запаленьнем судзінаў у грызуноў.

Читать полностью…

cybulinka

Нэўрасетка распазнала баброў паводле ўзору на хвастах

Бабры маюць шырокія, пакрытыя лусачкамі хвасты, якія дапамагаюць ім спрытна плаваць і паведамляць суродзічам пра небясьпеку (пляскаюць хвастамі па вадзе). Цяпер высьветлілася, што ўзор з лусачак можна выкарыстоўваць у якасьці «адбіткаў пальцаў» для ідэнтыфікацыі жывёлы.

На сёньня для ацэнкі колькасьці папуляцыі рачных баброў Castor fiber (іх у 19 ст. амаль цалкам вынішчылі) выкарыстоўваюць вушныя меткі й радыёнашыйнікі, працэс усталяваньня якіх можа справакаваць вялікі стрэс у жывёліны. Аднак створаная навукоўцамі для аналізу фатаздымкаў нэўрасетка дапаможа скараціць да мінімуму кантакт з бабрамі.

Пасьля навучаньня на тэставых выявах, нэўрасетка распазнала баброў з дакладнасьцю 96%. Прытым для ідэнтыфікацыі, як паведамляюць навукоўцы, можна выкарыстоўваць здымкі, зробленыя фотапасткамі.

Читать полностью…

cybulinka

Пакуль у Злучаных Штатах рэгістравалі выпадкі чумы й воспы, Аўстралія разам з Новай Зэляндыяй рашуча ратуюць бананы ад выміраньня. Такім атрымаўся сёмы тыдзень, а ці будзе ілюстрацыя на наступным – ня ведаю.

🧅Першая ахвяра аляскінскай воспы. Вірус аляскінскай воспы з роду Orthopoxvіrus забраў жыцьцё пажылога мужчыны. Паведамляецца, што ягоная імунная сыстэма была аслабленая ў выніку лекаваньня анкалягічнага захворваньня. Меркавалася, што вірус мог перадацца ад ката, якога даглядаў мужчына, але тэст у жывёлы быў адмоўным. Вірусны штам у мужчыны крыху адрозьніваўся ад астатніх вядомых, але эпідэміёлягі кажуць, што шырокага распаўсюду чакаць ня варта.

🧅Бубонная чума ў Арэгоне. Першы выпадак інфэкцыі за 8 гадоў. Чалавек (пол не называецца) падчапіў інфэкцыю ад ката (тут ужо дакладна). Ахвяру шпіталізавалі й прапісалі антыбіётыкі.

🧅Скарачэньне колькасьці самагубстваў за кошт якасьці паветра. Кітайскія дасьледнікі паказалі, што паляпшэньне якасьці паветра дапамагло перадухіліць 45 000 самагубстваў. Каб вызначыць уплыў менавіта забруджанасьці паветра, аўтары абапіраліся на выпадкі цеплавых інвэрсій – калі нагрэтае паветра затрымлівае бруднае паветра блізка да зямлі. Такім чынам выявілася сувязь паміж інвэрсіямі й колькасьцю самагубстваў.

🧅У Аўстраліі й Новай Зэляндыі прыняліся ратаваць бананы.
Урады краінаў дазволілі вырошчваць і спажываць генна-мадыфікаваныя бананы QCAV-4. Гэта сорт зь перасаджанымі генамі дзікіх бананаў, якія дазваляюць яму быць устойлівым да грыбковай інфэкцыі (панамская хвароба). Дарэчы, на канале ёсьць вялікі допіс пра паходжаньне бананаў і якім чынам іх можна ўратаваць.

Читать полностью…

cybulinka

Людзі па-рознаму разумеюць эмодзі – у залежнасьці ад полу, культуры й веку

Стылізаваныя выявы твараў з разнастайнымі эмоцыямі ня толькі надаюць «чалавечнасьць» электрынным паведамленьням, але й прыўносяць у іх патэнцыйную двохзначнасьць. Бывае дашлюць табе эмодзі з усьмешкай, а потым у ТыкТоку пабачыш, што гэта пасыўная агрэсыя была.

Падазрэньні, што інтэрпрэтацыя эмодзі залежыць ад дэмаграфічных паказьнікаў былі даўно, але толькі цяпер дасьледнікі грунтоўна падышлі да пытаньня.

Для ўдзелу ў досьледзе паклікалі 523 чалавека (270–🇬🇧, 253–🇨🇳 🚺—51%, 🚹—49%), якім паказвалі набор з 6 адабраных аўтарамі эмодзі. Прытым кожны смайлік быў прадстаўлены ў 4 варыянтах: Wіndows, Apple, Google, WeChat.

Навукоўцы спраўдзілі, як часта інтэрпрэтацыя кожнага эмодзі ўдзельнікамі й удзельніцамі супадае зь першапачатковым значэньнем. Аказалася, што чым больш было чалавеку гадоў, тым часьцей ён тлумачыў эмодзі іначай. Таксама інтэрпрэтацыя ў брытанскай групе часьцей супадала зь першапачатковай.

Читать полностью…

cybulinka

Перадумовы гумару знайшлі ў чалавекападобных малпаў

Арангутаны, гарылы й шымпанзэ часьцяком гульліва дражняць і казычуць сваіх суродзічаў. Разуменьне такіх паводзінаў дазволіць навукоўцам вызначыць паходжаньне пачуцьця гумару ў людзей.

З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што шымпанзэ могуць дражніць і чапляцца да сваіх суродзічаў, каб замацаваць сваё сацыяльнае становішча. Аднак пры пэўным балянсе весялосьці й агрэсыі, падобныя паводзіны могуць быць формай сацыяльнай гульні й забаўкі.

Для таго, каб вывучыць менавіта гульнявы складнік падобных узаемадзеяньняў, аўтары новага дасьледаваньня праглядзелі 75 гадзін відэазапісаў з малпамі ў заапарках. Усяго зафіксавалі 504 узаемадзеяньня паміж асобінамі, 142 зь якіх былі відавочна гульнявымі (штуршкі, тузаньні, крадзеж чагосьці ў спакойнай абстаноўцы).

Для ўсіх выпадкаў быў уласьцівы элемэнт правакацыі, які найчасьцей сыходзіў ад ініцыятара. Прытым адразу пасьля дзеяньня, ініцыятар зазіраў у твар «ахвяры», што сьведчыць пра чаканьне рэакцыі ў адказ. А вось калі яе не было, правакатыўнае дзеяньне паўтаралася з большай інтэнсыўнасьцю.

Апошні агульны продак людзей і чалавекападобных малпаў, імаверна, таксама займаўся нечым падобным, таму такія паводзіны маглі стаць перадумовай чалавечага пачуцьця гумару.

Читать полностью…

cybulinka

Загадкавае выяўленьне смакавых рэцэптараў у самых розных органах даўно азадачыла навуковую супольнасьць, але разуменьне іхняй ролі можа адкрыць новыя спосабы барацьбы з шэрагам распаўсюджаных захворваньняў.

Занураемся ў надзвычай цікавы сьвет смакавых рэцэптараў з дамапогай картак!

Яечак у рэакцыях няма (на жаль), таму цісьніце ❤️, калі фармат падабаецца і хочаце бачыць яшчэ.

А вось асноўныя спасылкі:
Вузы, падобныя на рэцэптары смаку ў кішэчніку пацука
Рэцэптары на сэрцы дазваляюць яму біцца хутчэй
Праблемы са спэрматазоідамі ў мышэй пасьля выключэньня рэцэптараў
Карэляцыя паміж колькасьцю рэцэптараў і індэксам масы цела
Рэцэптары салодкага смаку рэгулююць масу й форму скелетных цягліц у мышэй

Читать полностью…

cybulinka

⚡️⚡️⚡️Каб зрабіць шакаляд карысным, трэба проста дадаць крыху...

На жаль, у бліжэйшай будучыні чакаць на «здаровы» шакаляд ня варта, але зрабіць дэсэрт крыху больш карысным можна ўжо зараз. Дапаможа з гэтым невялікая колькасьць аўсянай мукі, дададзеная замест часткі цукру.

Шакаляд прыблізна на палову складаецца з цукру, а астатняе – тлушч і цьвёрдыя часьцінкі какавы, таму зьменшаная колькасьць цукру можа адбіцца на тэкстуры й смаку гатовага прадукту.

Аўтарам дасьледаваньня прыйшла ў галаву думка, што часткова цукар можна замяніць рысавай ці аўсянай мукою. Яны маюць шмат дробнага крухмалу, які ў выніку распадзецца на простыя цукры, а агульная колькасьць вугляводаў у дэсэрце не зьменіцца. Да таго ж засвойвацца яны будуць павольней.

У выніку дасьледнікі зрабілі ўзоры цёмнага шакаляду (54% цукру, 25% цукру + мука, каля 27% цукру) і зладзілі сьляпую дэгустацыю з удзелам 66 чалавек. Агулам найгоршыя адзнакі атрымаў шакаляд з апошняй групы: меншая колькасьць цукру нэгатыўна адбілася на гатовым дэсэрце, а вось для астатніх груп адзнакі былі аднолькавымі. Прытым шакаляд з аўсянай мукой апісвалі як больш гладкі, мяккі й крэмавы, а ва ўзорах з рысавай мукой адчулі больш «дробную тэкстуру», але есьці можна.

У другой дэгустацыі шакаляд з аўсянай мукой таксама атрымаў не горшыя за звычайны шакаляд балы, а часам і лепшыя. Рысавая мука ў складзе дэсэрту апыналася на трэцім месцы.

Читать полностью…

cybulinka

🐍 Гэтыя прыгожыя гадзюкі раней памылкова аб’ядноўваліся ў адзін від, але дзесяцігадовая праца заолягаў дала падставы прызнаць кожную зь іх асобным відам.

Адмыслоўцы кажуць, што тры зь пяці новых відаў жывуць у лясох Калюмбіі, а таксама часьцяком сустракаюцца на плянтацыях кавы. Астатніх знайшлі на мяжы й у самім Эквадоры.

Віды аказаліся атрутнымі, прынамсі некаторыя зь іх, аднак атрута не такая сьмертаносная, як у гадзюкі Шлеґеля, зь якой іх раней блыталі.

1. Bothriechis rahimi
2. B. hussaini
3. B. rasikusumorum
4. B. khwargi
5. B. klebbai

Ну, і традыцыйна віды перажываюць не самыя лепшыя часы праз зьнішчэньне асяродзьдзя і без таго вузкага арэалу 😭

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 6. Віагра, хвароба Альцгаймэра, кавідныя спрэчкі і старажытныя скруткі.

🧅Нэўрасеткі чытаюць скруткі. Спалучэньнем рэнтгенаўскага сканаваньня й сучасных нэўрасетак, навукоўцы здолелі зазірнуць у папірусныя скруткі часоў вывяржэньня Вэзувіё ў 79 годзе н.э. Фізычнае разгортваньне неадменна пашкодзіла бы падпаленую знаходку, а такім мэтадам удалося ідэнтыфікаваць 11 калёнак тэксту на старажытнагрэцкай мове (2 000 сымбаляў). Аналіз паказаў, што тэкст уяўляе сабою разважаньні пра асалоды й, імаверна, быў напісаны філёзафам Філядэмам.

🧅Велізарныя каляйдэры будучыні. Эўрапейская арганізацыя ядзерных дасьледаваньняў (CERN) плянуе будаўніцтва двух велізарных каляйдэраў пад Швайцарыяй і Францыяй. Першапачаткова акружына праекту мусіла складаць 100 км, але потым яе скарацілі да 91 км. Першы электрон-пазітронны паскаральнік мусіць зьявіцца ў 2040-х гадах, на ім будуць вывучаць базон Гігса. Таксама плянуецца пабудаваць пратон-пратонны каляйдэр для вывучэньня новых часьцінак. Але будучыня пакуль цьмяная.

🧅Чарговыя спрэчкі наконт covіd-19. Паводле вынікаў глябальнага апытаньня навуковай супольнасьці, большасьць (77%) адмыслоўцаў прытрымліваецца меркаваньня, што пандэмія covіd-19 пачалася зь перадачы вірусу ад жывёлы чалавеку, а не ў выніку здарэньня ў лябараторыі. Што праўда, мэтадалёгія апытаньня справакавала хвалю крытыкі й новае абмеркаваньне паходжаньня SARS-CoV-2 🤦🏻‍♂️

🧅Інфармацыя на будучыню. Брытанскія адмыслоўцы зладзілі кагортнае дасьледаваньне, у якім прыйшлі да высновы, што прымяненьне інгібітараў фосфадыэстэразы 5 тыпу (вягра) зьвязанае са зьніжэньнем рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра на 18%.

Читать полностью…

cybulinka

Матэматычны аналіз творчасьці Баха пацьвердзіў ейную ўнікальнасьць

Пераўтварэньне сотняў твораў Ёгана Сэбастыяна Баха ў матэматычныя сеткі паказала, што яны захоўваюць шмат інфармацыі й пасьпяхова яе перадаюць.

Суман Кулькарні й ёйная каманда з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту хацелі зразумець, як здольнасьць запамінаць і прадказваць музычныя творы зьвязаная зь іхняй структурай. Вызначыць гэта яны пастанавілі на разнастайных творах Баха з дапамогай тэорыі інфармацыі.

Спачатку каманда пераўтварыла кожную кампазыцыю ў інфармацыйную сетку, дзе кожная нота была вузлом, а пераход паміж ім – рабром, якое іх злучае. Параўнаньне такіх сетак дало пэўнае разуменьне пра колькасьць інфармацыі ў кожным творы.

Аказалася, што такаты, якія мусілі забаўляць слухачоў, мелі ў сабе больш інфармацыі, чымся харалы, напісаныя для больш мэдытатыўных сытуацый.

Потым аўтары прымянілі адмысловую мадэль, якая прадказвала «эфэкт нечаканасьці» для слухачоў, і параўналі вынікі з рэальнымі дадзенымі. Звычайна тут зьяўляюцца вялікія адрозьненьні, бо чалавек успрымае інфармацыю не ідэальна. Але ў дадзеным выпадку было ня так, з чаго можна зрабіць выснову, што творы Баха дастаткова эфэктыўна перадаюць інфармацыю.

Читать полностью…

cybulinka

У марскіх сланоў упершыню заўважылі прыкметы альтруізму

Самцы марскіх сланоў вядомыя тым, што могуць быць дастаткова агрэсыўнымі падчас шлюбнага пэрыяду. У гэты час яны не выпраўляюцца на пошукі ежы, а энэргію трацяць толькі на пошук самкі. Бывае так, што буйны самец можа нават задушыць шчанюка, калі будзе спрабаваць заляцацца да самкі. У астатні час яны проста ляжаць не беразе й грэюцца.

Аднак цяпер эколягі выпадкова заўважылі й сфатаграфавалі невялікую драму са шчасьлівым канцом. Аднаго шчанюка марскога слана, які ляжаў на беразе разам з маці, змыла ў мора вялікай хваляй. Малое перапужалася й пачало крычаць. Пакуль маці раўла (паводле відавочцаў) на дзіця, самец побач рынуўся на дапамогу. Яму ўдалося акуратна вярнуць малога на бераг.

Праз тое, што самец не пашкадаваў энэргіі й сілаў, якія б мог выдаткаваць на спароўваньне, адмыслоўцы клясыфікавалі выпадак як акт альтруізму.

Читать полностью…

cybulinka

Падводныя камяні зьмяшанай рэальнасьці

Акуляры зьмяшанай рэальнасьці, перадавыя прылады, якія накладаюць лічбавы кантэнт на рэальны сьвет, пачынаюць здабываць усё большую аўдыторыю, але яны яшчэ маюць пэўныя хібы.

Тэхналёгія ў значнай ступені абапіраецца на скразное відэа, якое трансьлюецца на ўнутраныя маніторы з вонкавых камэр. Гэта дазваляе карыстальнікам працаваць у віртуальным асяродзьдзі й арыентавацца ў фізычным сьвеце адначасова. Аднак псыхалягічныя й паводзінныя эфэкты ад карыстаньня такімі прыладамі амаль не вывучаліся навукоўцамі.

Цяпер каманда дасьледнікаў зладзіла палявыя выпрабаваньні акуляраў зьмяшанай рэальнасьці з удзелам невялікай колькасьці ахвотнікаў. У досьледзе ўсе ўдзельнікі мусілі шпацыраваць, гутарыць зь сябрамі, рабіць пакупкі й іншыя справы з акулярамі на вачах.

У выніку першапачатковае захапленьне хутка зьмянілася расчараваньнем ад некаторых недахопаў. Працяглае карыстаньне прыладамі правакавала ў людзей загойдваньне, візуальныя скажэньні й адчуваньне ізаляванасьці.

Карыстальнікі скардзіліся на цяжкасьці пры вітаньні сяброў і падчас яды. Так адбывалася праз абмежаваньні тэхналёгіі: відэа на ўнутраныя маніторы трансьлюецца зь невялікай затрымкай, што вядзе да памылковай ацэнкі адлегласьці й памераў аб’ектаў.

Аднак найбольш істотным эфэктам была «сацыяльная адсутнасьць», калі ў удзельнікаў зьяўлялася пачуцьцё адарванасьці ад суразмоўцаў, нават калі яны былі зусім побач.

Читать полностью…

cybulinka

Жоўтагаловы шлемнік Prionops alberti – невялічкая птушка з характэрным жоўтым шлемам – каля 20 гадоў лічыўся зьніклым. Аднак нядаўна экспэдыцыі пашчасьціла сустрэць 18 прадстаўнікоў віду ў трапічных гарах Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, а адну птушку нават сфатаграфавалі.

Знаходка дае падставу меркаваць, што ў тамтэйшых лясах можа існаваць здаровая папуляцыя птушак.

Читать полностью…

cybulinka

Прэпарат з часьцінкамі золата для лячэньня хваробы Паркінсона

Навукоўцы зараз вывучаюць, ці дадуць рады лекі з часьцінкамі золата разнастайным нэўрадэгенэратыўным хваробам. Клінічныя выпрабаваньні прэпарату CNM-Au8 далі першыя станоўчыя вынікі.

Гэты прэпарат утрымлівае наначасьцінкі золата, якія, відаць, могуць мінаць гемата-энцэфалічны бар’ер і паляпшаць энэргазабесьпячэньне мазґавых нэўронаў за кошт дастаўкі кофэрмэнту.

Кофэрмэнт – гэта нікатынамідадэніндынуклеатыд, які існуе ў 2 формах: акісьленай (NAD+) і адноўленай (NADH). Суадносіны гэтых формаў рэчыва ў мазґах маюць важнае значэньне для падтрыманьня мэтабалічнага балянсу. А пры некаторых нэўрадэгенэратыўных хваробах суадносіны NAD+/NADH становяцца вельмі нізкімі.

Уласна ў клінічных выпрабаваньнях з удзелам 13 пацыентаў з хваробай Паркінсона й 11 з множным склерозам, якія прымалі CNM-Au8 цягам 12 і больш тыдняў, назіралася павелічэньне на 10.4% суадносінаў NAD+/NADH.

Паводле аўтараў, такога павышэньня дастаткова, каб павярнуць назад разьвіцьцё хваробаў.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы навучылі нэўрасетку вызначаць пол чалавека паводле здымкаў мазґоў

Абмеркаваньні наконт таго, ці можна вымераць адрозьненьні паміж жаночымі й мужчынскімі мазґамі дагэтуль не сьціхаюць, а дасьледаваньні даюць супярэчлівыя вынікі. Цяпер дасьледчая каманда Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі паспрабавала далучыць да абмеркаваньня нэўрасетку бо бабры, хвасты – дурасьць нейкая.

Для навучаньня нэўрасеткі аўтары выкарысталі фМРТ-здымкі рэальных людзей з адмысловай базы дадзеных (каля 1000 чалавек агулам). Прытым кожны здымак меў пазнакі пра пол чалавека, а мазґі падзеленыя на 246 умоўных зон.

Калі навучаньне скончылася, каманда зладзіла выпрабаваньні на другім наборы фМРТ-здымкаў, атрыманых ад тых жа людзей. У выніку дакладнасьць вызначэньня полу склала амаль 90%.

Тэставаньне на крыху меншай выбарцы людзей (200), якія раней не ўдзельнічалі ў дасьледаваньні, таксама дало падобны вынік. Гэта дае падставу меркаваць, што мэтад працуе. Аўтары ўжо рыхтуюць правяраньні на вялікіх наборах дадзеных.

Читать полностью…

cybulinka

Ашаламляльныя здымкі здымкі марскога жыцьця з конкурсу 2024 Underwater Photographer of the Year

1️⃣ Звычайныя олушы даюць нырца ў ледзяных водах Паўночнага мора. Даволі буйныя птушкі, з размахам крылаў да 180 см, маюць надзвычай моцныя цягліцы шыі й ноздры, схаваныя ў дзюбу, што дазваляе ім ныраць на вялікай хуткасьці. Kat Zhou

2️⃣ Зграя рыб нібыта ўтварае ветразь на патанулым судне Vіrgo. Судна адмыслова затапілі яшчэ ў 2017 годзе, каб стварыць лякацыю для дайвэраў. Fabi Fregonesi

3️⃣Дзясяткі людзей спрабуюць выратаваць кашалёта, якога выкінула на паўднёвы бераг Партугаліі. Але пра колькі гадзін кіт сканаў пад цяжарам уласнага цела. Nuno Sá

4️⃣Партрэтны здымак конярыбкі. Talia Greis

5️⃣Шэры кіт падчас нападу на зграю сардын. У добра раскрытых брушных складках, паводле аўтара здымку, схавалася большая частка рыбнай сфэры. Rafael Fernandez Caballero

6️⃣Галоўным пераможцам конкурсу стаў здымак дайвэра, які вывучае наступствы кітабойнага промыслу ў грэнляндзкіх водах. Alex Dawson

Читать полностью…

cybulinka

Мікраялавічныя сушы могуць стаць экалягічна чыстай ежай

Карэйскія навукоўцы прапанавалі пакрыць рыс тлушчавымі й цяглічнымі вузамі каровы, каб забясьпечыць людзей спажыўнымі й экалягічна чыстымі прадуктамі.

Спачатку навукоўцы стварылі на зернях рысу адмысловае пакрыцьцё з рыбнай жэлятыны, на якое прыляпілі вузы тлушчавай і цяглілічнай тканкі каровы. У такім выглядзе зерне адправілі ў інкубатар, каб на паверхні кожнага зярнятка ўтварылася папуляцыя высаджаных вузаў.

У выніку атрымаўся «гібрыдны» рыс (mіcrobeef sushі на фота), які меў вугляводаў, бялкоў і тлушчаў больш, чымся звычайны. Паводле аўтараў, 100 г гібрыднага рысу адпавядаюць 100 г звычайнага плюс 1 г ялавічыны, а розьніца ў кошце склала толькі $0.03.

❤️ - калі захацелася пакаштаваць
🗿 - пачакаю чагосьці больш апэтытнага

Читать полностью…

cybulinka

На гэтым тыдні ў навуковым часопісе Frontіers іn Cell and Developmental Bіology апублікавалі дасьледаваньне зь вельмі дзіўнымі выявамі, зробленымі нэўрасеткай Mіdjourney.

Артыкул быў апублікаваны ў адкрытым доступе, там разглядалася сувязь паміж ствалавымі вузамі тэстыкулаў сысуноў і сыгнальным шляхам, адказным за запаленьне. Тэкставы зьмест, відаць, аўтары пісалі самастойна, а вось ілюстрацыйныя выявы былі фантастычнымі.

Вядома, артыкул адклікалі, але цяперака высьвятляецца, як яго ўвогуле апублікавалі, бо ў часопісе ё адмысловыя людзі, якія чытаюць усё перад публікацыяй, а аўтары й не хвалі факт выкарыстаньня нэўрасеткі.

Ацаніць навыкі біялягічнага малюнку нэўрасеткі можна самастойна.

Читать полностью…

cybulinka

Яйцо часоў Рымскай імпэрыі ў надзвычай добрым стане знайшлі ў Вялікабрытаніі

Старажытнае яйцо, якому прыкладна 1700 гадоў, знайшлі ў горадзе Эйлсбэры яшчэ ў 2019 годзе, але нядаўна яго ўдалося адсканаваць (фота 2).

Аказалася, што ўнутры дагэтуль прысутнічае жаўток і бялок. З часам яны перамяшаліся, але засталіся вадкімі.

Кладку з 4 яек (3 выпадкова разьбіліся падчас вывучэньня) знайшлі разам са скуранымі вырабамі, кошыкам, манэтамі й керамікай у затопленай яме, якую выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах. Відаць, гэта й дапамагло знаходцы захавацца ў добрым стане.

Зьмест меркавана курынага яйца навукоўцы паспрабуюць вывучыць так, каб не разьбіваць скарупіну.

Читать полностью…

cybulinka

Сапратрофны грыб вырас на жывой жабе

Індыйскія заолягі падчас назіраньня за бясхвостымі амфібіямі заўважылі жабу Іndosylvіrana іntermedіa з пладовым целам грыба збоку. Потым міколягі вызначылі, што гэта быў сапратрофны грыб роду Mycena, які звычайна расьце на гнілой драўніне, а тут жаба й яшчэ жывая.

Амфібія выглядала здаровай і дасьледнікі пастанавілі не лавіць яе, таму далейшы лёс істоты невядомы.

Артыкул з фатаздымкамі тут

Читать полностью…

cybulinka

Танцы могуць палепшыць псыхічнае здароўе ў любым веку

Аўстралійскія навукоўцы прыйшлі да такой высновы, калі вывучылі 27 публікацый з выніковай выбаркай у 1392 чалавекі.

Паводле аналізу, рэгулярныя заняткі танцамі аказваюць станоўчы ўплыў на сымптомы дэпрэсыі й памяць у любым веку. Прытым ён быў выразьней, чымся ад іншых відаў фізычнай актыўнасьці.

Аўтары зьвязваюць гэта з развучваньнем танцавальных рухаў і іх пасьлядоўнасьці, што напрактыкоўвае кагнітыўныя функцыі. А калі танчыць у групе, то разьвіваюцца й камунікатыўныя навыкі.

Читать полностью…

cybulinka

Страту слыху ад моцных гукаў зьвязалі з цынкам

Узьдзеяньне гучных шумаў адбіваецца на слыху праз зьмены канцэнтрацыі цынку ва ўнутраным вуху. Да такой высновы прыйшлі аўтары новага дасьледаваньня на мышах. Яны таксама паказалі, што нэгатыўным наступствам можна супрацьстаяць ня толькі вушнымі затычкамі.

Агулам даўно вядома, што моцны гук часта вядзе да гібелі вузаў унутранага вуха, што ўплывае на вастрыню слыху. Аднак мэханізм, які ляжыць у аснове такой зьявы, яшчэ недастаткова вывучаны. Дапушчэньне, што тут можа граць не апошнюю ролю цынк мае пад сабою пэўныя падставы, таму менавіта на яго й арыентаваліся аўтары.

Большая частка цынку ў арганізьме знаходзіцца ў зьвязаным зь бялкамі стане, а астатняя (свабодная) удзельнічае ў перадачы сыгналаў паміж рознымі органамі. Прытым самая высокая канцэнтрацыя «свабоднага» цынку назіраецца акурат ва ўнутраным вуху ў скрутку (сьлімак).

Спачатку дасьледнікі ўзялі адмысловую лінію мышэй, вызначылі ўзровень свабоднага цынку ў іх, а потым прымусілі слухаць моцны шум (100 дБ) цягам 2 гадзін. За наступныя суткі ў грызуноў назіралася значная страта слыху.

Далейшы аналіз паказаў, што ў скрутках такіх мышэй канцэнтрацыя цынку станавілася большай пасьля досьледу. Аўтары зрабілі выснову, што ад моцнага гуку цынк «адшпільваўся» ад бялковых малекул і ўрэшце шкодзіў вузам унутранага вуха.

У наступных досьледах навукоўцы давалі грызунам адмысловы прэпарат, здольны зьвязваць цынк, і паўтаралі першы досьлед. І вось тут слых ужо ня так моцна пагаршаўся.

Читать полностью…

cybulinka

Амаль палова відаў, для якіх уласьцівая сэзонная міграцыя, цяпер знаходзяцца ў заняпадзе

Паводле новага дакладу ААН, скарачэньне папуляцый назіраецца ў 44% відаў жывёлаў, якія маюць сэзонную міграцыю. Гэта птушкі, марскія чарапахі, кіты, акулы й інш.

Асноўнымі фактарамі несуцяшальнай тэндэнцыі называюць страту натуральнага асяродзьдзя, нелегальнае паляваньне й рыбацтва, а таксама кліматычныя зьмены.

Читать полностью…

cybulinka

Касьмічная салата можа быць небясьпечнай для людзей

Салата й іншая ліставая зеляніна зьяўляюцца часткай збалянсаванай дыеты чалавека, таму вырошчваньне такіх расьлін на МКС падаецца добрай магчымасьцю збалянсаваць і разнастайніць рацыён астранаўтаў.

Агулам магчымасьць вырошчваньня салаты ва ўмовах мікрагравітацыі была паказаная больш за 3 гады таму, але толькі цяпер выявілася, што спажываньне такой зеляніны можа быць небясьпечным.

Дасьледнікі нагадавалі колькі каліўцаў салаты ў адмысловым апараце для стварэньня ўмоваў мікрагравітацыі, а потым падкінулі на лісьце бактэрыю Salmonella enterіca. Такім чынам у іх атрымалася зымітаваць умовы на міжнароднай касьмічнай станцыі. Не тое, каб там было шмат сальманэлы, але разнастайных патагенаў хапае.

У выніку аказалася, што ў такіх незвычайных умовах у расьлінаў, відаць, парушаліся нейкія хімічныя рэакцыі й іхняя натуральная абарона не працавала. Так, бактэрыі, апынуўшыся на лісьце, пасьпяхова пранікалі ў адкрытыя вусьцейкі. Праз гэтыя структуры ажыцьцяўляецца газапамен (расьліна дыхае), і, калі, што, яны хутка закрываюцца. Але ў досьледзе вусьцейкі гэтага не рабілі.

У дапаможных бактэрый, якія абараняюць расьліны ад стрэсавых фактараў, ва ўмовах мікрагравітацыі таксама нічога не атрымалася з салатай. Навукоўцам яшчэ трэба будзе высьветліць чаму так адбываецца, але тое, што схаваныя ў вусьцейках патагенныя бактэрыі могуць стаць прычынай непрыемных сюрпрызаў на МКС, можна сказаць ужо зараз.

Читать полностью…

cybulinka

Візуальная карта паказвае, як па-рознаму людзі могуць успрымаць асяродзьдзе ў залежнасьці ад полу

Дасьледніцкая каманда з Унівэрсытэту Брыґэма Я́нґа выявіла істотныя адрозьненьні ва ўспрыняцьці сваёй бясьпечнасьці мужчынамі й жанчынамі ў слаба асьветленых месцах.

У дасьледаваньні ўзялі ўдзел каля 600 чалавек (56% ж. і 44% м.), якім было прапанавана ўважліва разгледзець тэставыя здымкі знаёмых лякацый і адзначыць вобласьці, на якіх яны больш за ўсё засяродзіліся. Пасьля з гэтых дадзены была створана адмысловая «цеплавая» карта, якая адлюстроўвала месцы, куды найчасьцей глядзелі ўдзельнікі й удзельніцы.

Аказалася, што мужчыны факусаваліся на цэнтральных частках выяваў, а жанчыны сканавалі пэрымэтар. Агулам такія карты могуць адлюстроўваць асаблівасьці ўспрыманьня прасторы, але ў дасьледаваньня вельмі істотныя абмежаваньні.

Сёньня існуюць разнастайныя сыстэмы адсованьня рухаў вачэй, але тут чамусьці прасілі «пакажыце, куды вы глядзелі». У выпадку выкарыстаньня падобных сыстэм, ці тых жа акуляраў MR/AR, можна было б зладзіць досьледы непасрэдна на лякацыі. Таму рабіць нейкія высновы яшчэ зарана.

Читать полностью…

cybulinka

🏡 Як жывецца ў вёсцы чалавеку, які прывык карыстацца таксі і сэрвісамі дастаўкі, а цяпер чэрпае ваду са студні і штодзень топіць печ?

Канал «Лукашынскі дзённік» распавядае пра жыццё былога гараджаніна, які ў адзін момант памяняў бестурботнасць і камфорт на лад жыцця тыповага селяніна і… не шкадуе!

Падпісвайцеся, каб даведацца, якімі словамі лаюцца ў вёсцы, ці лёгка зімой дабрацца да райцэнтра і чаму вокліч «Кароў выганяйце» больш не гучыць сярод сялянскіх хат: @lukadzen

Читать полностью…

cybulinka

Нэўрасетка вызначыла эфэктыўнасьць лекаваньня антыдэпрэсантам раней за дактароў

Для пацыентаў зь вялікім дэпрэсыўным разладам цяпер можна цягам тыдня прадказаць эфэктыўнасьць выпісанага антыдэпрэсанту. Раней для гэтага патрабавалася ад 6 да 8 тыдняў.

Адмыслоўцы спраўдзілі нэўрасетку на прыкладзе сэртраліну – самага папулярнага антыдэпрэсанту ў ЗША і Эўропе. Агульны прагноз рабіўся на выніках сканаваньня мазґоў і клінічнай інфармацыі аб пацыенце.

Спачатку нэўрасетка дапусьціла, што крывябег у пярэдняй паясной кары, дзе адбываецца рэгуляцыя эмоцый, будзе зьвязаны зь меркаванай эфэктыўнасьцю прэпарату, а праз тыдзень тэрапіі яна дала рады з прадказаньнем выразнасьці сымптомаў разладу.

Читать полностью…
Subscribe to a channel