cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Надзвычай рэдкую афаліну заўважылі ля берагоў Аўстраліі

Каля ўзьбярэжжа аўстралійскага штату Кўінзлэнд заолягам пашчасьціла назіраць звычайную афаліну (Tursiops truncatus) з частковай пігмэнтацыяй. Цела марскога сысуна было пакрытае белымі плямамі разнастайнай формы, што стварала «мармуровы» эфэкт афарбоўкі.

Раней такіх жывёлаў бачылі толькі 24 разы, а сфатаграфаваць атрымалася толькі 6.

Паводле характару плямаў і зьнешняга выгляду, адмыслоўцы зрабілі выснову, што рэдкая афарбоўка зьвязаная з генэтычнай мутацыяй, а не з захворваньнем скуры. Таксама паведамляецца, што да незвычайнага дэльфіна добра ставіліся суродзічы.

Читать полностью…

cybulinka

Людзі штогод выкідаюць амаль 2 млрд тон ежы

Дасьледнікі актуалізавалі глябальную базу дадзеных аб прадуктовых стратах для 121 краіны. У ёй улічваліся патокі тавараў і паслуг паміж рэгіёнамі, дадзеныя аб земля- і водакарыстаньні, а таксама аб выкідах парніковых газаў.

Такім чынам аказалася, што з 2004 па 2014 год страты прадуктаў харчаваньня ва ўсім сьвеце павялічыліся на 24% і склалі 1.92 млрд тон за год. Гэта прыблізна 775 ккал на чалавека штодня. Каля 20% сусьветных сельскагаспадарчых земляў і водных рэсурсаў былі зьвязаныя з вытворчасьцю прадуктаў, якія пойдуць у сьметніцу.

Так, у бедных краінах большая частка стратаў прыпадала на першыя этапы вытворчых ланцугоў. То бок, праз адсутнасьць халадзільнага абсталяваньня, шмат прадуктаў псуюцца яшчэ на фэрмах. А вось у разьвітых краінах асноўныя страты назіраліся на ўзроўні спажыўцоў (утылізацыя лішкаў).

Праз тое, што жыхары разьвітых краінаў спажываюць больш мяса, іхныя страты маюць большую спажыўную вартасьць. Напрыклад, у выпадку Паўночнай Амэрыкі, на кожнага жыхара прыпадае 1560 ккал, адпраўленых на сьметніцу. Адкрыты прэпрынт тут.

Читать полностью…

cybulinka

Мэтэарыты, якія нядаўна прызямліліся ля Бэрліну, цяпер клясыфікавалі

Мэтэарыты ўпалі недалёка ад Бэрліну сёлета 21 студзеня, але знайсьці іх аказалася ня так проста, бо зьнешне яны падобныя на звычайныя зямныя камяні.

Калі пошукі скончыліся, узоры спачатку даслалі на аналіз, які пацьвердзіў тыповы для абрытаў хімічны склад, а потым вынік перадалі ў Міжнародную намэнклятурную камісыю Мэтэорнага таварыства. У выніку 2 лютага камісыя пастанавіла, што гэта сапраўды абрыты.

Назва такога тыпу мэтэарытаў паходзіць ад камуны Aubres, што ў Францыі. Менавіта сюды трапіў 14 верасьня 1836 году першы падобны мэтэарыт. Зьнешне яны падобныя да шэрага граніту й складаюцца ў асноўным з сылікатаў магнію. Звычайнага для мэтэарытаў жалеза ў іх амаль няма.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледаваньне людзей, якія адмаўляюць зьмены клімату, дало нечаканыя вынікі

Усе мы ўжо бачым і адчуваем тыя зьмены, якія адбываюцца з кліматам. Але для некаторых людзей ня ўсё так адназначна. Хтосьці прыменшвае, хтосьці адмаўляе тое, што зьмены клімату зьяўляюцца вынікам дзейнасьці чалавека. Аднак што стаіць за такімі паводзінамі?

Адна з гіпотэзаў кажа, што тут задзейнічаная асаблівая форма самападману, дзякуючы якой людзям наўпрост лягчэй жыць, калі яны не думаюць пра зьмены клімату й наступствы неэкалягічнасьці. Навукоўцы з Бостанскага ўнівэрсытэту й Інстытуту эканомікі працы спраўдзілі гэта ў сваіх досьледах.

Яны зладзілі анляйн-досьлед з удзелам 4 000 дарослых жыхароў ЗША, дзе кожнаму прапанавалі ахвяраваць $20. Першая група ўдзельнікаў мела магчымасьць разьбіць суму для ахвяраваньня дзьвюм экалягічным арганізацыям, а ў людзей з другой групы была магчымасьць забраць сабе ўсю суму абгрунтаваўшы сваё рашэньне. Самы просты спосаб зрабіць гэта – адмаўляць існаваньне зьменаў клімату.

Амаль палова людзей з другой групы пастанавіла забраць грошы. Таму на другім этапе дасьледнікі паспрабавалі вызначыць, ці апраўдаюць гэтыя людзі свае ўчынкі адмаўляючы зьмены клімату.

Удзельнікі былі зноўку разьбітыя выпадковым чынам на 2 групы, каб высьветліць іхняе стаўленьне да праблемы. Чакалася, што калі тыя, хто забраў грошы кіраваліся самападманам, то ў групе будзе большая неаднароднасьць адносна зьменаў клімату.

Аднак гэта не спраўдзілася. То бок, самападман (матывацыйныя разважаньні), дзякуючы якому мы апраўдваем свае ўчынкі, аказаўся не зьвязаным з распаўсюджанымі аблудамі адносна кліматычных зьменаў.

З аднаго боку вынікі паказваюць, што «адмаўляльнікаў» можна пераканаць, даўшы вычарпальную інфармацыю, а з другога – гэта можа не мець сэнсу, бо людзі могуць у пэўнай ступені вызначаць сябе такімі поглядамі, каб адносіцца да пэўнай сацыяльнай ці палітычнай групы.

Читать полностью…

cybulinka

У чаканьні падрабязнасьцяў аб першай імплянтацыі чалавеку інтэрфэйсу мазґі-кампутар, сабраў невялікі гайд пра Neuralіnk у картках.

Вось асноўныя спасылкі:
Сьвіньні з мазґавым чыпам
Стрэнфардзкія чыпы для інтэрпрэтацыі напісанага думкамі
Расьсьледаваньне выпадкаў з жывёламі ў Neuralіnk
Neuralіnk і малпы

Калі штосьці яшчэ недзе бачылі, то пакідайце спасылкі ў камэнтарах. Так бы мовіць, пашырым гайд😊

Читать полностью…

cybulinka

‡ 𝐁𝐀𝐒𝐄𝐃.𝐁𝐘 ‡ – самыя базаваныя, грунтоўныя і падмуркавыя мэмы на ўсёй прасторы белТг!
Калі ты яшчэ не падпісаны, абавязкова выпраўляй!
/channel/BelarusBased

Читать полностью…

cybulinka

Генная тэрапія CRІSPR паказала эфэктыўнасьць у лячэньні небясьпечнай хваробы

Дзевяць зь дзесяці чалавек з рэдкім спадчынным захворваньнем, якое выклікае небясьпечныя для жыцьця запаленчыя рэакцыі, імаверна, пазбавіліся яго пасьля ўдзелу ў першым выпрабаваньні тэрапіі на базе CRІSPR.

Спадчынная ангіадэма выклікае ў людзей раптоўнае набраканьне розных частак цела, падобнае на алергічную рэакцыю, але антыгістаміннымі прэпаратамі не здымаецца. Пры набраканьні шыі ці твару, чалавек можа задыхнуцца, таму патрабуецца неадкладная шпіталізацыя. Такія прыступы найчасьцей адбываюцца некалькі разоў на месяц і могуць правакавацца вірусамі, стрэсам і інш.

Захворваньне разьвіваецца ў выніку мутацый у гене, адказным за кадаваньне бялку (C1-інгібітар), які ўдзельнічае ў падаўленьні запаленьня.

Цяпер навуковая каманда распрацавала мэтад геннай тэрапіі, які аднаразова ўводзіцца ў арганізм чалавека без папярэдняга забору й мадыфікацыі вузаў (клетак) цела. Выпрабаваньні такога мэтаду паказалі, што ў 9 чалавек на 95% зьнізілася колькасьць прыступаў у першыя 6 месяцаў пасьля ін’екцыі, а праз год іх увогуле не адбывалася.

Крыху меней пашчасьціла чалавеку, які атрымаў самую нізкую дозу прэпарату: у яго адбыўся адзін слабы прыступ набраканьня.

Читать полностью…

cybulinka

Забарону абортаў у ЗША зьвязалі з 65000 цяжарнасьцяў праз згвалтаваньне

Дасьледніцкая супольнасьць працягвае вывучаць наступствы забароны абортаў у Злучаных Штатах. Раней стала вядома, што ў штатах зь вялікай колькасьцю абмежавальных законаў павысіўся ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці, але вызначыць канкрэтныя прычыны тады не ўдалося.

Цяпер дасьледчая каманда вывучыла, як частковая й поўная забарона абортаў адбілася на ахвярах згвалтаваньняў на прыкладзе некаторых штатаў. Для гэтага дасьледнікі ацанілі колькасьць цяжарнасьцяў у выніку згвалтаваньня зь ліпеня 2022 (адмена права на аборт Вярхоўным судом) па студзень 2024.

У выніку высьветлілася, што на 14 штатаў з абмежавальнымі законамі аб абортах прыпала 64 565 цяжарнасьцяў праз згвалтаваньне, больш за 90% ахвяр жылі ў штатах з поўнай забаронай абортаў. Прытым нават там, дзе цяжарнасьць пасьля гвалту можна перарваць (5 штатаў, 9% выпадкаў), штомесяц адбывалася менш за дзясятак працэдур.

Галоўнымі прычынамі такой сытуацыі называюць стыгматызацыю й страх перасьледу, таму ахвяры нічога не паведамляюць правахоўнікам. З гэтай жа нагоды дадзеныя могуць быць значна заніжанымі. Яшчэ адной прычынай назвываецца скарачэньне колькасьці ўстаноў, дзе можна спыніць непажаданую цяжарнасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Інтэрфэйс Neuralіnk упершыню імплянтавалі чалавеку

Ілан Маск паведаміў гэта ў сваёй сацыяльнай сетцы. Цяперака пацыент аднаўляецца пасьля апэрацыі, а першыя дасьледаваньні зафіксавалі ўсплёскі нэўроннай актыўнасьці. Больш аніякіх падрабязнасьцяў няма.

Дазвол на правядзеньне такіх апэрацый кампанія атрымала летась у траўні й адразу пачала шукаць ахвочых з парушэньнямі маторых функцый. Паралельна з гэтым адбыўся скандал з досьледнымі малпамі: знайшліся зьвесткі, што жывёлы паміралі пасьля апэрацый, а самі чыпы дастаўлялі дыскамфорт. Пра гэта я пісаў у дайджэсьце 12.

Читать полностью…

cybulinka

Вітаю, даражэнькія!

Сёньня дзялюся з вамі тэлеграм-каналам, у якім зьбіраюцца цікавыя факты па-беларуску. Тут вы знойдзеце шмат цікавостак на розныя тэмы.

Тэрыторыя клясычнага правапісу. Пасты выходзяць штодня. Далучайцеся!

Спасылка: t.me/cikavyjafacts

Читать полностью…

cybulinka

Грыбкі растуць хутчэй у гучным асяродзьдзі

Лябараторныя экспэрымэнты паказалі, што грыбкі растуць хутчэй з акустычнай стымуляцыяй. Такая ўласьцівасьць можа значна прысьпяшыць працэсы кампаставаньня й аднаўленьня экасыстэм у будучыні.

Глеба – гэта не самае ціхае месца. Даўно вядома, што кожная глеба мае свой унікальны гукавы ляндшафт, які ствараецца бесхрыбетнымі ў ёй. Аднак дагэтуль не вывучалася, як такі фонавы шум экасыстэмы ўплывае на рост расьлінаў і грыбоў.

Каб вывучыць уплыў гукаў на грыбы, каманда аўстралійскіх навукоўцаў закапала ў гуканепранікальных каробках пакетаваны зялёны чай і ройбуш. У кожнай каробцы знаходзіўся дынамік, праз які па 8 гадзін на дзень прайграваўся гук з частатой 8 кГц. Аднак для адной досьледнай групы гучнасьць паставілі на ўзровень 70 дБ, для другой – 90 дБ, а ў кантрольнай яна была менш за 30 дБ.

Праз 14 дзён усе ўзоры дасталі й узважылі. Аказалася, што ў досьледных групах вага павялічылася з 2.5 г да 3.1 г, а ў кантрольнай не было аніякіх зьменаў. Натуральна, прырост адбыўся праз разьвіцьцё грыбкоў на гарбаце.

У другім досьледзе на кубкі Пэтры з грыбам Trіchoderma harzіanum (жыве ў глебе, спрыяе росту расьлін) узьдзейнічалі гукам з частатой 8 кГц і гучнасьцю 80 дБ. Праз 5 дзён высьветлілася, што колькасьць спор у такіх кубках была амаль у 5 разоў большай, чымся ў кантрольнай групе.

Гэта толькі папярэднія дасьледаваньні, таму яшчэ шмат працы наперадзе. Але аўтары мяркуюць, што гук можна разглядаць у якасьці крыніцы энэргіі, якую грыбы нейкім чынам пераўтвараюць у рост, магчыма, з дапамогай п’езаэлектрычнага эфэкту.

Читать полностью…

cybulinka

На гэтым тыдні ў нас сапраўдны заалягічны крымінал, вакцыны ад малярыі й невядомая кольцавая РНК у мікраарганізмах з кішэчніку. Дайджэст нумар 4 (29) вашай увазе:

🧅Мурашкі прымусілі львоў радзей паляваць за зэбраў.
Дасьледнікі вызначылі, што зьяўленьне ва Ўсходняй Афрыцы вялікагаловых мурашак Pheіdole megacephala справакавала маштабныя зьмены ў мясцовых экасыстэмах. Пачалося ўсё зь мясцовых мурашоў роду Crematogaster, якія да зьяўленьня інвазыўнага віду спакойна абаранялі акацыі ад буйных траваедных. Потым завезеныя мурашы пачалі мэтадычна забіваць мясцовых, што адняло натуральную абарону ў дрэваў, у выніку чаго іхняя шчыльнасьць зьнізілася. У новых умовах львам стала цяжэй паляваць на зэбраў сваім традыцыйным спосабам з засады, таму яны пераключыліся на буйвалаў.

🧅Афалінаў западозрылі ў кіднэпінгу. Заолягі апісалі некалькі выпадкаў дзіўных паводзінаў афалінаў Tursіops truncatus: яны спрабавалі адбіць цялят лямантынаў ад мацярэй. Часам такія спробы былі агрэсыўнымі й суправаджаліся ўкусамі. Прычыны такіх паводзінаў пакуль невядомыя, але падобнае назіралі раней у іншых кітападобных.

🧅У чалавечым мікрабіёме знайшлі незвычайную РНК. Аналіз узораў бактэрый з чалавечага кішэчніку й роту выявіў у іх раней невядомую кольцавую РНК. Яна вельмі падобная на геномы вірусаў грыпу, Эболы й іншых. Аўтары падазраюць, што такія малекулы могуць уплываць на функцыі генаў у арганізьме чалавека, але гэта яшчэ трэба спраўдзіць.

🧅Доўгачаканая прышчэпка ад малярыі. 22 студзеня ў Камэруне прайшла першая плянавая вакцынацыя дзяцей ад малярыі. На пошук вакцыны пайшло 60 гадоў. Клінічныя выпрабаваньні прышчэпкі паказалі, што ейная эфэктыўнасьць з часам моцна зьніжаецца, аднак яе дастаткова, каб зьнізіць сьмяротнасьць сярод дзяцей. Дагэтуль у Афрыканскіх краінах штогод ад малярыі памірае каля 470 000 дзяцей да 5 гадоў.

Читать полностью…

cybulinka

Мэталарганічныя злучэньні (МАЗ) – арганічныя малекулы, у якіх існуе сувязь паміж атамам вугляроду й якогась мэталу – знайшлі шырокае прымяненьне. Часьцяком яны граюць ролю каталізатараў у хімічным сынтэзе, выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці электронікі й у лекавых сродках. А яшчэ ў будучыні мэталарганічныя злучэньні будуць дапамагаць выяўляць небясьпечныя рэчывы ў вадзе.

Акурат падчас сынтэзу такога тыпу злучэньняў і атрымаліся гэтыя «хімічныя» кветкі. Звычайна крышталі мэталарганічных злучэньняў маюць правільную форму кубоў і дадэкаэдраў, але бываюць займальныя выключэньні

Читать полностью…

cybulinka

Ураджай з гарадзкіх градаў мае большы вугляродны сьлед

Практыка вядзеньня сельскай гаспадаркі ў межах гарадоў паступова набывае папулярнасьць. Паводле некаторых ацэнак, 20-30% гарадзкіх жыхароў у сьвеце займаюцца той ці іншай формай такой гаспадаркі. Мяркуецца, што такі трэнд робіць гарады больш устойлівымі й скарачае выкіды, зьвязаныя з транспартаваньнем прадуктаў.

Аднак міжнародная каманда дасьледнікаў прыйшла да высновы, што садавіна й гародніна з гарадзкіх дзялянак у сярэднім маюць большы вугляродны сьлед, чымся тыя самыя прадукты, узгадаваныя традыцыйным спосабам.

Аўтары падлічылі выкіды парніковых газаў для трох тыпаў гарадзкой сельскай гаспадаркі* за ўвесь пэрыяд эксплюатацыі, а потым параўналі «вугляродны сьлед» з традыцыйнымі фэрмамі й агародамі. Такім чынам атрымалася, што гарадзкія прадукты маюць 0.42 кг эквіваленту вуглякіслага газу на порцыю, а прадукты традыцыйных спосабаў толькі 0.07 кг.

Але знайшліся й выключэньні. Напрыклад, памідоры з адкрытага гарадзкога грунту мелі меншы вугляродны сьлед, чым памідоры са звычайных парнікоў. А вось для спаржы паказьнікі CO2 былі аднолькавымі незалежна ад спосабу вырошчваньня.

* - гарадзкія фэрмы, індывідуальныя й супольныя грады ў Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыне.

Читать полностью…

cybulinka

Генная тэрапія аднавіла слых у дзяцей са спадчыннай глухатою

Новае экспэрымэнтальнае дасьледаваньне паказала эфэктыўнасьць геннай тэрапіі для аднаўленьня слыху ў дзяцей, якія пакутуюць на спадчынную глухату.

Пацыентаў было толькі 6, і ўсе яны мелі аўтасомна-рэцэсыўную форму глухаты, зьвязаную зь няздольнасьцю арганізма сынтэзаваць неабходны для перадачы гукавых сыгналаў бялок отафэрлін (зьвязаны ген OTOF, зламаны ген = няма бялку). Пакуль аніякіх эфэктыўных мэтадаў лекаваньня такой хваробы няма.

Новы мэтад лячэньня мае ўвядзеньне «правільнай» вэрсыі гена OTOF наўпрост ва ўнутранае вуха пацыента. Гэта мэдыкам удалося зрабіць падчас хірургічнай працэдуры, прытым для дастаўкі гена OTOF выкарыстоўвалі адэнаасацыянаваны вірус (AAV).

Перад працэдурай усе пацыенты мелі сярэдні парог слыхавой рэакцыі больш за 95 дБ (поўная глухата). Пасьля назіраньня цягам 26 тыдняў 5 дзяцей ужо мелі магчымасьць чуць і весьці нармальную размову, а парог слыхавой рэакцыі зьнізіўся на 40-47 дБ. [вось тут відэа з адной пацыенткай праз 6 і 26 тыдняў пасьля тэрапіі].

Паведамляецца, што ў выніку тэрапіі выявілася 48 пабочных эфэктаў, аднак 96% зь іх былі ў лёгкай форме.

Читать полностью…

cybulinka

Людзі з блакітнымі вачыма могуць бачыць лепей у паўзмроку

Канцэптуальнае дасьледаваньне паказала, што людзі з блакітнымі вачыма могуць крыху больш пабачыць у цьмяным пакоі, чым каравокія. Гэта можа патлумачыць, чаму незвычайны колер вачэй застаўся ў некаторых папуляцыях.

На дасьледаваньне адну з аўтарак натхніла незвычайна слабое сьвятло ў будынках, якое яна пабачыла пасьля пераезду ў Эўропу зь Японіі. Гэты факт прымусіў яе задумацца, ці існуе нейкая біялягічная пастава для такога слабога асьвятленьня.

Да ўдзелу ў досьледзе заахвоцілі 40 чалавек эўрапейскага паходжаньня з блакітнымі й карымі вачыма. Спачатку дасьледніца разьмясьцілі ўсіх у цёмным пакоі, а праз 30 сэкунда паступова пачалі павялічваць інтэнсыўнасьць асьвятленьня, пакуль удзельнікі не далі рады з чытаньнем слоў на сьцяне з адлегласьці 3 мэтраў.

У выніку блакітнавокім удзельнікам патрабаваўся ўзровень асьветленасьці ў 0.7 лк, а каравокім – 0.82 лк. Агулам вынікі выглядаюць праўдападобна, але варта чакаць больш вялікіх дасьледаваньняў.

Читать полностью…

cybulinka

Імунны адказ на вірусныя інфэкцыі назвалі вінаватым у пашкоджаньнях мазґоў

З папярэдніх дасьледаваньняў было вядома, што вострыя вірусныя інфэкцыі, кшталту COVІD-19, могуць пакінуць адбітак на мазґах і кагнітыўных функцыях чалавека. Аднак новыя дадзеныя паказалі, што вінавайцам зьяўляецца ўсё-ткі не вірус, а рэакцыя імуннай сыстэмы на яго.

Дасьледніцкая каманда вывучала ўплыў вірусу Зіка на імунную сыстэму, калі заўважыла, што існуюць адмысловыя Т-вузы, скіраваныя на зьнішчэньне гэтых вірусных часьцінак і вузаў, заражаных ім. Аднак потым выявілася, што яшчэ маецца асаблівы падтып Т-вузаў, які атакуе ўсё без разбору.

Такія Т-вузы атрымалі назву NKG2D+CD8+. Іхны нэгатыўны ўплыў быў зьвязаны з празьмерным сынтэзам цытакінаў – бялкоў, якія дапамагаюць рэгуляваць імунны адказ, скіроўваючы імунныя вузы да вірусаў ці пашкоджаньняў. Але вялікая колькасьць цытакінаў нясе пабочны эфэкт, які й адбіваецца на мазґах. Аўтары мяркуюць, што падобны мэханізм актуальны для ўсіх вострых вірусных інфэкцый.

Читать полностью…

cybulinka

Вульканічныя маланкі могуць быць датычнымі да зьяўленьня жыцьця на Зямлі

Аўтары новага дасьледаваньня вызначылі, што маланкі, якія часам узьнікаюць падчас вывяржэньня вульканаў, могуць граць важную ролю ў стварэньні асаблівай формы азоту, неабходнага для зараджэньня жыцьця на Зямлі.

Аналіз вульканічных парод паказаў наяўнасьць у іх вялікай колькасьці азотных злучэньняў, якія напэўна ўтварыліся падчас вульканічных маланак.

Сам азот зьяўляецца ключавым кампанэнтам амінакіслот, на якіх уласна й базуецца ўсё жывое на плянэце. Так ці іначай, але азот мы атрымліваем з дапамогай расьлін, а яны яго забіраюць з атмасфэры ў выглядзе нітратаў з дапамогай бактэрый. Аднак раней было ўсё крыху іначай, бо тых жа бактэрый здольных утвараць нітраты яшчэ не было.

Таму дасьледнікі мяркуюць, што крыніцай азотных злучэньняў маглі стаць маланкі, што ўзьнікаюць у воблаках попелу падчас вывяржэньняў вульканаў. Такое меркаваньне базуецца на выніках аналізу ўзораў вульканічных адкладаў з Турэччыны, Італіі й Пэру, дзе й знайшліся нітраты атмасфэрнага паходжаньня ў дастатковых колькасьцях.

Читать полностью…

cybulinka

Друкаваныя мазґавыя тканкі, рэгенэрацыя сківіцы ў бульдога й прадстаўнікі роду Homo на адной тэрыторыі. Пра што стала вядома на гэтым тыдні, чытайце ў дайджэсьце №5.

🧅Дзіўны выпадак рэгенэрацыі сківіцы ў шчанюка. Першапачаткова гаспадары маленькага францускага бульдога па мянушцы Тайсан перадалі яго вэтэрынарам, каб выправіць расколіну паднябеньня, але перад апэрацыяй на ніжняй сківіцы знайшлі пухліну. У выніку лекарам давялося выдаліць частку костки. Праз некалькі тыдняў назіраньня выявілася, што выдалены ўчастак аднавіўся. Адмыслоўцы тлумачаць незвычайную падзею тым, што падчас апэрацыі была захаваная накосьніца – тканка з судзінамі й нэрвамі, што й паспрыяла рэгенэрацыі.

🧅Першая мазґавая тканка на 3D-друкарцы. Дасьледнікі ўпершыню надрукавалі цалкам ідэнтычную натуральнай тканку галаўных мазґоў. У пажыўным асяродзьдзі асобныя нэўроны маглі ўтвараць сувязі паміж сабою й узаемадзейнічаць з нэўтрамэдыятарамі. Дасягненьне можа знайсьці прымяненьне ў нэўрабіялёгіі й біялёгіі ствалавых вузаў.

🧅Кімчы й атлусьценьне. Карэйскія дасьледнікі вызначылі, што спажываньне 1-3 порцый кімчы на дзень зьнізіла рызыку атлусьценьня ў мужчын на 10%. Прытым падобны эфэкт назіраўся й для кімчы з рэдзькі, толькі распаўсюдзіўся ўжо й на жанчын.

🧅Нэандэртальцы жылі поруч з сучаснымі людзьмі. Генэтычны аналіз фрагмэнтаў шкілетаў, знойдзеных падчас археалягічных раскопак у Нямеччыне паказаў, што сучасныя людзі распаўсюдзіліся да Паўночнай Эўропы ўжо 45 000 гадоў таму. Акурат у гэты час тут яшчэ жылі нэандэртальцы.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледаваньне працягласьці жыцьця 155 парод сабак паказала цікавыя асаблівасьці

Навуковая каманда на чале з дасьледніцай Кірстэн Макмілан прааналізавала дадзеныя больш за 584 000 брытанскіх сабак розных парод, каб вызначыць адрозьненьні ў сярэдняй працягласьці жыцьця гадаванцаў. У выбарку трапілі ня толькі чыстакроўныя прадстаўнікі парод, але й разнастайныя мэтысы.

Агульны дыяпазон працягласьці жыцьця аказаўся даволі шырокім: ад 5 да 15 гадоў, хоць раней ацэнкі сыходзіліся на 10-13 гадах. Прытым спраўдзілася вядомая тэза, што вялікія сабакі маюць больш кароткае жыцьцё, чымся маленькія. Дарэчы, памер пароды аўтары назвалі самым уплывовым фактарам.

Каманда таксама ўлічвала форму галавы. Тут аказалася, што найбольшую працягласьць жыцьця маюць маленькія сабакі з доўгімі насамі (даліхацэфалы), такія як таксы й італьянскія харты (13.3 году). Сабакі з пляскатай пысай (брахіцэфалы) сярэдніх памераў жылі амаль 10 гадоў, але тут была выразная залежнасьць ад полу: самкі 9.6, а самцы 9.1.

Таксама выявілася, што насуперак папулярнаму меркаваньню, чыстакроўныя пароды мелі большую працягласьць жыцьця, чымся мэтысы: 12.7 і 12 гадоў адпаведна. Аднак апошнюю групу трэба вывучаць асобна, бо яна надта разнастайная.

Читать полностью…

cybulinka

Аксытацын прымусіў мышэй пазьбягаць крыўдзіцеля

Пасьля прагулянай бойкі, мышы могуць пазьбягаць пераможцу ажно некалькі тыдняў. У ранейшых публікацыях было паказана, што падчас атакі й пасьля паразы актывуюцца розныя нэўронныя структуры пярэднябакавой часткі вэнтрамэдыяльнага ядра гіпаталамуса. Так, актывацыя нэўронаў задняй часткі прымушае грызуноў атакаваць, а актывацыя задняй часткі – запускае так званае сацыяльнае пазьбяганьне. Аднак было невядома, ці адказваюць апошнія нэўроны за паводзіны ўжо пасьля бойкі.

Але цяпер апублікаваная праца навукоўцаў, якія зладзілі шэраг досьледаў, дзе высьветлілі, што частка нэўронаў гіпаталамуса ня проста актывуецца пасьля паразы, але яшчэ і вылучае аксытацын. Уласна гармон актывуе іншыя гіпаталямныя вузы, якія ўжо й правакуюць непасрэдна страх і рэакцыю пазьбяганьня цягам наступных дзён.

Читать полностью…

cybulinka

Птушыны грып пачаў забіваць пінгвінаў на Фолклэндзкіх выспах

Высокапатагенны штам вірусу трапіў у субантарктыку ў канцы мінулага году. Цяпер Навуковы камітэт вывучэньня Антарктыкі паведамляе пра колькі дзясяткаў загінулых каралеўскіх і субантарктычных пінгвінаў. У некаторых зь іх пацьвердзіўся H5N1, вынікі аналізаў іншых яшчэ чакаюцца.

Дасьледнікі таксама паведамляюць, што праз некалькі тыдняў ці месяц, вірус перакінецца на матэрыковую частку Антарктыды.

Пашырэньне вірусу ў рэгіёне адаб’ецца ня толькі на птушках, але й на мясцовых сысунах. Мяркуецца, што некаторыя віды могуць аказацца пад пагрозай зьнікненьня, калі адбудзецца панзаотыя (пандэмія ў жывёл).

Яшчэ птушкі могуць занесьці вірус з Антарктыды ў Аўстралію й Новую Зэляндыю зь іхнімі ўнікальнымі экасыстэмамі.

Читать полностью…

cybulinka

Абнаўленьні эфэктаў і пабочак сэмаглютыду й кампаніі

Выйшаў сыстэматычны агляд эфэктыўнасьці антаганістаў GLP-1 для людзей з дыябэтам 2 тыпу. Аўтары адсочвалі паказьнікі ўзроўню глюкозы, масы цела й ліпднага профілю. З 16 316 рандамізаваных кантралюемых дасьледаваньняў пад крытэры аналізу трапіла толькі 76.

Усе прэпараты (15), якія ў дасьледаваньнях параўноўвалі з плацэба й паміж сабою, эфэктыўна зьніжалі ўзровень глюкозы й зьвязанага з цукрамі гемаглябіну.

Максымальная страта вагі адбывалася ад камбінацыі прэпаратаў сэмаглютыду й кагрылінтыду – мінус 14.03 кг. Сам-адзін сэмаглютыд прывёў да пахудзеньня на 3.13 кг, а таксама ён эфэктыўна зьнізіў агульны й «кепскі» халестэрын.

Выявіліся й пабочныя эфэкты: найчасьцей сустракалася дыярэя й ванітаваньне (адзначыліся 10 з 15 прэпаратаў). Да перавышэньня рэкамэндаванай дозы таксама пытаньні, але пакуль нічога сказаць нельга.

Аналіз мае шмат абмежаваньняў, такіх як розная працягласьць дасьледаваньняў, адсутнасьць зьвестак пра фізычную актыўнасьць удзельнікаў і ўдзельніц, а таксама пра іхнюю дыету. Ну й варта адзначыць яшчэ раз, што вывучаліся дадзеныя людзей з дыябэтам 2 тыпу.

Читать полностью…

cybulinka

Козы адчулі перамену настрою чалавека паводле голасу

Новае дасьледаваньне паводзінаў коз паказвае, што гэтыя жывёлы могуць мець здольнасьць пазнаваць эмоцыі людзей паводле гукавых сыгналаў.

Падчас досьледу козам спачатку ўключалі запісы галасоў з рознай эмацыйнай афарбоўкай, каб яны прызвычаіліся да гукаў, а потым запісы пераключаліся з гнеўных на лагодныя й наадварот.

Аўтары меркавалі, што калі козы сапраўды могуць адрозьніць эмацыйную валентнасьць галасавога паведамленьня, то гэта прымусіць іх больш часу пазіраць на крыніцу гуку пры першым пераключэньні. Так і адбылося: рэакцыя назіралася ў 75% коз.

Аднак ня ўсе козы рэагавалі аднолькава, некаторыя зь іх не адчулі перамены валентнасьці, што аўтары зьвязваюць з адрозьненьнямі ў кагнітыўных здольнасьцях і вонкавымі фактарамі (каза магла чуць/ бачыць штосьці больш цікавае).

У той жа час фізыялягічных зьменаў, такіх як пачасьценьне сэрцабіцьця, у жывёлін не назіралася. Аднак вынікі застаюцца важнымі для разуменьня паводзінаў і эмацыйнага інтэлекту жывёлаў.

Читать полностью…

cybulinka

Нованароджаную белую акулу ўпершыню пабачылі ў дзікай прыродзе

Каля берагоў Каліфорніі на камэру дрона ўпершыню трапіла нованароджаная вялікая белая акула Carcharodon carcharіas. Нешматлікі від храстковых рыб сустракаецца на вялікай тэрыторыі, аднак пра яго мала вядома.

Цяпер ля берагоў Санта-Барбары рэжысэр Карлас Гаўна й дасьледнік Філіп Стэрнес выпадкова пабачылі пад паверхняй вады цалкам белую акулу (на відэа 7:40). Спачатку ім падалося, што гэта лямантын ці хтосьці іншы, аднак потым стала відавочна, што гэта вялікая белая акула. Яна мела каля 1.5 мэтра даўжыні, а дарослыя асобіны сягаюць 5-6 мэтраў, таму відавочцы пастанавілі, што гэта нованароджаная акула (яны акурат такой даўжыні).

Гіпотэзу пацьвярджае таксама круглявая форма плаўнікоў, як у нованароджаных акул іншых відаў, і той факт, што за колькі дзён і ў момант падзеі побач былі цяжарныя самкі.

Читать полностью…

cybulinka

Амэрыканская прафэсарка хіміі Мішэль Франкл на мінулым тыдні выдала сваю навукова-папулярную кнігу пра чай/гарбату. У кнізе, якую цудоўна было б пабачыць у перакладзе на беларускую мову, тлумачацца ня толькі асноўныя «хімічныя» моманты напою, але й даецца аналіз дасьледаваньняў і старажытных тэкстаў.

Наўмысна ці не, але навукоўка зладзіла вельмі ўдалую PR-кампанію свайму твору: апроч таго, што ў кнізе згадваюцца дзіўныя звычкі амэрыканцаў адносна гарбаты (запарваць гарачай вадой з-пад крану, ці ў мікрахвалёўцы), яна дае некаторыя парады для атрыманьня ідэальнага напою, ад якіх у ангельскамоўным інтэрнэце падгарэла.

Уласна вось некаторыя зь іх:

🧅Калі гарбата мае горкі прысмак, які вам ня вельмі падабаецца, можна дадаць у напой шчопцю солі. Іёны натрыю ўзаемадзейнічаюць з адказным за горыч хімічным мэханізмам, і блякуюць яго.

🧅Гарбата, якую пакінулі заварвацца на працяглы час можа стаць крыху кіслай праз распусканьне танінаў. Таму аўтарка раіць «купаць» гарбату ў кіпні: хутка апускаць і даставаць пакет/ сітца некалькі разоў і пэрыядычна адціскаць яго. Такім чынам мусіць зьменшыцца колькасьць танінаў.

🧅Безкафэінавую гарбату можна зрабіць у хатніх умовах. Для гэтага дастаткова заліць пакецік на 30 сэкунд кіпнем, а потым выліць ваду й заліць новую. Потым трэба пакінуць на 5 хвілінаў.

🧅Часам на паверхні напою можна бачыць плеўку, якая ўтвараецца хімічнымі рэчывамі ў складзе самой гарбаты й вады. Аднак яе можна хутка прыбраць: аўтарка раіць дадаць крыху лімоннага соку ў гарбату.

Читать полностью…

cybulinka

Навучаньне ігры на фартэпіяна зьвязалі са складанай мазґавой актыўнасьцю

Працэс навучаньня граньню на фартэпіяна выклікае складаныя зьмены ў актыўнасьці мазґоў. Напрыклад, на першых этапах актывуюцца зоны, зьвязаныя з памяцьцю й аналізам сэнсорнай інфармацыі, потым далучаюцца ўчасткі апрацоўваньня рухаў, але разам з паляпшэньнем навыкаў ігры на інструмэнце актыўнасьць у галаўных мазґах зьніжаецца.

Тое, што ігра на музычных інструмэнтах актывуе мазґі, было вядома яшчэ з папярэдніх дасьледаваньняў, аднак значная частка вынікаў у іх была заснаваная на аднаразовым сканаваньні ўдзельнікаў і ўдзельніц.

Таму дасьледніцкая каманда з польскага Інстытуту экспэрымэнтальнай біялёгіі імя Нэнцкага вывучылі паказьнікі 24 чалавек, якія вучыліся іграць на фартэпіяна цягам 26 тыдняў. За 13 заняткаў па 45 хвілінаў людзям паказалі асноўныя прыёмы ігры, і прасілі навучыцца самастойна выконваць творы рознай складанасьці. Дадаткова ўсёй досьледнай групе раілі практыкавацца дома ня менш за 4 гадзіны на тыдзень.

Праз 1, 6, 13 і 26 тыдняў навучаньня навукоўцамі ладзілася фМРТ-сканаваньне мазґоў удзельнікаў падчас ігры. Такім чынам выявілася актыўнасьць у слыхавой і маторнай кары (плянаваньне й кантроль рухаў). Фінальнае сканаваньне паказала, што актыўнасьць значна зьменшылася толькі ў маторнай кары. Гэта сьведчыла пра аптымізацыю мазґоў па меры паляпшэньня навыкаў ігры на фартэпіяна.

Таксама паведамляецца, што ўсплёск мазґавой актыўнасьці на першых этапах адбываўся ў мозачках, гіпакампе (памяць) і ў базальных гангліях, якія ўдзельнічаюць у актывацыі й кантраляваньні адвольных рухаў.

Читать полностью…

cybulinka

Алькагольныя напоі скарацілі фазу хуткага сну

Каманда нэўрабіёлягаў і дасьледнікаў сну высьветліла, што спажываньне алькагольнага напою перад сном можа скараціць фазу хуткага сну.

З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што фаза хуткага сну займае каля 20% ад усяго сну. Аднак пры недахопе хуткага сну людзі могуць адчуць праблемы з памяцьцю й эмацыйным фонам.

У новым дасьледаваньні аўтары вызначылі ўплыў спажываньня алькаголю на сон. Для гэтага яны заахвоцілі 30 чалавек паспаць колькі дзён у лябараторыі пад наглядам. Першы раз удзельнікам за гадзіну да начнога адпачынку давалі безалькагольны напой, а другім разам – алькагольны.

У выніку было заўважана, што алькаголь дапамагаў удзельнікам хутка заснуць, але якасьць сну пагоршылася: усе разы назіралася павелічэньне працягласьці павольнага сну за кошт скарачэньня працягласьці хуткага.

Таксама падкрэсьліваецца, што спажываньне алькаголю перад сном некалькі дзён запар не аднаўляла балянс, то бок арганізм, відаць, ня можа адаптавацца.

Читать полностью…

cybulinka

NASA афіцыйна скончыла місыю марсіянскага верталёта Ingenuity

Легендарны лятальны апарат скончыў сваю місыю на чырвонай плянэце праз пашкоджаньне нясучага вінта. З 18 лютага 2021 году невялікі верталёт зрабіў 72 вылеты агульнай працягласьцю 2 гадзіны, і пераадолеў адлегласьць якая ў 14 разоў большая за заплянаваную.

18 студзеня каманда Ingenuity зладзіла кароткі вэртыкальны палёт, каб вызначыць месцазнаходжаньне верталёта пасьля папярэдняй аварыйнай пасадкі. Потым падчас зьніжэньня сувязь зь лятальным апаратам зьнікла й была адноўлена толькі на наступны дзень. Імаверна тады вінт і быў пашкоджаны (на другім фота).

Читать полностью…

cybulinka

Раптоўную страту вагі зьвязалі з выяўленьнем анкалягічнай хваробы цягам году

Бяспрычынную страту вагі цела даўно называюць адным з сымптомаў анкалягічных хвароб. Але дагэтуль не было вядома, колькі вагі й за які час мусіць згубіць пацыент, каб можна было падазраваць анкалягічную хваробу.

Таму цяпер амэрыканскія навукоўцы прааналізавалі дадзеныя 157 474 чалавек у веку ад 40 гадоў і высьветлілі, што раптоўная страта вагі больш чым на 10% зьвязаная з павышэньнем рызыкі выяўленьня анкалягічнай хваробы цягам наступных 12 месяцаў. Прытым такая асацыяцыя застаецца значнай цягам 2 гадоў пасьля першага паведамленьня наконт страты вагі.

Найбольш распаўсюджанымі сярод пацыентаў зь бяспрычыннай стратай вагі сталіся пухліны верхняй часткі страўнікава-кішачнага тракту, печані й падстраўнікавай залозы.

Читать полностью…
Subscribe to a channel