Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Амэрыканская прафэсарка хіміі Мішэль Франкл на мінулым тыдні выдала сваю навукова-папулярную кнігу пра чай/гарбату. У кнізе, якую цудоўна было б пабачыць у перакладзе на беларускую мову, тлумачацца ня толькі асноўныя «хімічныя» моманты напою, але й даецца аналіз дасьледаваньняў і старажытных тэкстаў.
Наўмысна ці не, але навукоўка зладзіла вельмі ўдалую PR-кампанію свайму твору: апроч таго, што ў кнізе згадваюцца дзіўныя звычкі амэрыканцаў адносна гарбаты (запарваць гарачай вадой з-пад крану, ці ў мікрахвалёўцы), яна дае некаторыя парады для атрыманьня ідэальнага напою, ад якіх у ангельскамоўным інтэрнэце падгарэла.
Уласна вось некаторыя зь іх:
🧅Калі гарбата мае горкі прысмак, які вам ня вельмі падабаецца, можна дадаць у напой шчопцю солі. Іёны натрыю ўзаемадзейнічаюць з адказным за горыч хімічным мэханізмам, і блякуюць яго.
🧅Гарбата, якую пакінулі заварвацца на працяглы час можа стаць крыху кіслай праз распусканьне танінаў. Таму аўтарка раіць «купаць» гарбату ў кіпні: хутка апускаць і даставаць пакет/ сітца некалькі разоў і пэрыядычна адціскаць яго. Такім чынам мусіць зьменшыцца колькасьць танінаў.
🧅Безкафэінавую гарбату можна зрабіць у хатніх умовах. Для гэтага дастаткова заліць пакецік на 30 сэкунд кіпнем, а потым выліць ваду й заліць новую. Потым трэба пакінуць на 5 хвілінаў.
🧅Часам на паверхні напою можна бачыць плеўку, якая ўтвараецца хімічнымі рэчывамі ў складзе самой гарбаты й вады. Аднак яе можна хутка прыбраць: аўтарка раіць дадаць крыху лімоннага соку ў гарбату.
Навучаньне ігры на фартэпіяна зьвязалі са складанай мазґавой актыўнасьцю
Працэс навучаньня граньню на фартэпіяна выклікае складаныя зьмены ў актыўнасьці мазґоў. Напрыклад, на першых этапах актывуюцца зоны, зьвязаныя з памяцьцю й аналізам сэнсорнай інфармацыі, потым далучаюцца ўчасткі апрацоўваньня рухаў, але разам з паляпшэньнем навыкаў ігры на інструмэнце актыўнасьць у галаўных мазґах зьніжаецца.
Тое, што ігра на музычных інструмэнтах актывуе мазґі, было вядома яшчэ з папярэдніх дасьледаваньняў, аднак значная частка вынікаў у іх была заснаваная на аднаразовым сканаваньні ўдзельнікаў і ўдзельніц.
Таму дасьледніцкая каманда з польскага Інстытуту экспэрымэнтальнай біялёгіі імя Нэнцкага вывучылі паказьнікі 24 чалавек, якія вучыліся іграць на фартэпіяна цягам 26 тыдняў. За 13 заняткаў па 45 хвілінаў людзям паказалі асноўныя прыёмы ігры, і прасілі навучыцца самастойна выконваць творы рознай складанасьці. Дадаткова ўсёй досьледнай групе раілі практыкавацца дома ня менш за 4 гадзіны на тыдзень.
Праз 1, 6, 13 і 26 тыдняў навучаньня навукоўцамі ладзілася фМРТ-сканаваньне мазґоў удзельнікаў падчас ігры. Такім чынам выявілася актыўнасьць у слыхавой і маторнай кары (плянаваньне й кантроль рухаў). Фінальнае сканаваньне паказала, што актыўнасьць значна зьменшылася толькі ў маторнай кары. Гэта сьведчыла пра аптымізацыю мазґоў па меры паляпшэньня навыкаў ігры на фартэпіяна.
Таксама паведамляецца, што ўсплёск мазґавой актыўнасьці на першых этапах адбываўся ў мозачках, гіпакампе (памяць) і ў базальных гангліях, якія ўдзельнічаюць у актывацыі й кантраляваньні адвольных рухаў.
Алькагольныя напоі скарацілі фазу хуткага сну
Каманда нэўрабіёлягаў і дасьледнікаў сну высьветліла, што спажываньне алькагольнага напою перад сном можа скараціць фазу хуткага сну.
З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што фаза хуткага сну займае каля 20% ад усяго сну. Аднак пры недахопе хуткага сну людзі могуць адчуць праблемы з памяцьцю й эмацыйным фонам.
У новым дасьледаваньні аўтары вызначылі ўплыў спажываньня алькаголю на сон. Для гэтага яны заахвоцілі 30 чалавек паспаць колькі дзён у лябараторыі пад наглядам. Першы раз удзельнікам за гадзіну да начнога адпачынку давалі безалькагольны напой, а другім разам – алькагольны.
У выніку было заўважана, што алькаголь дапамагаў удзельнікам хутка заснуць, але якасьць сну пагоршылася: усе разы назіралася павелічэньне працягласьці павольнага сну за кошт скарачэньня працягласьці хуткага.
Таксама падкрэсьліваецца, што спажываньне алькаголю перад сном некалькі дзён запар не аднаўляла балянс, то бок арганізм, відаць, ня можа адаптавацца.
NASA афіцыйна скончыла місыю марсіянскага верталёта Ingenuity
Легендарны лятальны апарат скончыў сваю місыю на чырвонай плянэце праз пашкоджаньне нясучага вінта. З 18 лютага 2021 году невялікі верталёт зрабіў 72 вылеты агульнай працягласьцю 2 гадзіны, і пераадолеў адлегласьць якая ў 14 разоў большая за заплянаваную.
18 студзеня каманда Ingenuity зладзіла кароткі вэртыкальны палёт, каб вызначыць месцазнаходжаньне верталёта пасьля папярэдняй аварыйнай пасадкі. Потым падчас зьніжэньня сувязь зь лятальным апаратам зьнікла й была адноўлена толькі на наступны дзень. Імаверна тады вінт і быў пашкоджаны (на другім фота).
Раптоўную страту вагі зьвязалі з выяўленьнем анкалягічнай хваробы цягам году
Бяспрычынную страту вагі цела даўно называюць адным з сымптомаў анкалягічных хвароб. Але дагэтуль не было вядома, колькі вагі й за які час мусіць згубіць пацыент, каб можна было падазраваць анкалягічную хваробу.
Таму цяпер амэрыканскія навукоўцы прааналізавалі дадзеныя 157 474 чалавек у веку ад 40 гадоў і высьветлілі, што раптоўная страта вагі больш чым на 10% зьвязаная з павышэньнем рызыкі выяўленьня анкалягічнай хваробы цягам наступных 12 месяцаў. Прытым такая асацыяцыя застаецца значнай цягам 2 гадоў пасьля першага паведамленьня наконт страты вагі.
Найбольш распаўсюджанымі сярод пацыентаў зь бяспрычыннай стратай вагі сталіся пухліны верхняй часткі страўнікава-кішачнага тракту, печані й падстраўнікавай залозы.
Новы спосаб паглядзець на сьвет вачыма іншых жывёлаў
Сыстэма з выкарыстаньнем 2 камэр, надрукаванага корпусу й адмысловай праграмы стварае відэаролікі, якія паказваюць сьвет вачыма іншых жывёлаў.
Дасьледніцкая каманда ўзяла за аснову звычайныя камэры: адну для запісу бачнага дыяпазону сьвятла, а другую для ўльтрафіялетавага. Потым відэаролікі праганяюцца праз адмыслова распрацаваную праграму для аналізу хваляў сьвятла, якія ўспрымае канкрэтная жывёла й наступнага апрацоўваньня.
Пасьля гэтага атрымліваюцца відэа, нібы зьнятыя вачыма мядовай пчалы ці птушкай. Паводле аўтараў, сыстэма добра працуе на адлегласьці да 2 мэтраў да аб’екта здымкі, а таксама лепей каб ён не надта хутка рухаўся. Аднак у параўнаньні з «залатым стандартам» для падобных дасьледаваньняў, то бок з гіпэрспэктральнай камэрай за $20 000, гэтыя недахопы падаюцца не такімі крытычнымі.
Птушыны грып падкасіў папуляцыю марскіх сланоў у Аргентыне
Дасьледнікі паведамляюць, што праз птушыны грып загінула 95% паўднёвых марскіх сланоў Mіrounga leonіna, якія нарадзіліся летась. Такія маштабы трагедыі выклікаюць занепакоенасьць, бо штам H5N1 цяпер можа перадавацца між сысунамі.
Агулам на пляжах, дзе размнажаецца від, знайшлі больш за 17 000 мёртвых жывёлаў. Для параўнаньня, у 2022 годзе ўсяго нарадзілася 18 000.
Устойлівых да антыбіётыкаў бактэрый знайшлі ў кімчы й самаробных сырах
Фэрмэнтаваныя прадукты, такія як кімчы й рамесьніцкія сыры, вырабленыя з выкарыстаньнем непастэрызаванага малака й сумнеўных заквасак, могуць мець бонус у выглядзе ўстойлівых да антыбіётыкаў бактэрый.
Аўтары прэпрынту зладзілі закупку 10 відаў традыцыйнай карэйскай стравы й 4 відаў рамесьніцкіх сыроў у невялікіх крамах і рэстарацыях. Потым усе ўзоры праверылі на наяўнасьць небясьпечных патагенаў.
У выніку рэзыстэнтных бактэрый не знайшлі толькі ў адным узоры кімчы. Усе выяўленыя мікраарганізмы пры трапляньні ў кроў маглі б стаць прычынай праблем з кішэчнікам, асабліва ў людзей з паслабленым імунітэтам. Аўтары мяркуюць, што так магло стацца праз выкарыстаньне непастэрызаванага малака й саматужных заквасак пры вытворчасьці прадуктаў.
Што шукаюць людзі ў праграмах для знаёмстваў?
Tіnder – самая папулярная ў сьвеце мабільная праграма для пошуку спатканьняў абвесьціла пра хуткі сыход зь Беларусі. Аднак ёсьць дасьледаваньне, аўтары якога паказалі, што шмат карыстальнікаў у Tіnder не шукаюць спатканьняў.
Так, падчас апытаньня 1387 англамоўных карыстальнікаў у веку ад 17 да 84 гадоў высьветлілася, што палову зь іх не цікавяць афлайн-сустрэчы, а 2/3 ужо маюць стасункі ці ўвогуле ў шлюбе.
Людзей папрасілі прайсьці апытанку, у якой ім трэба было распавесьці пра свае матывы карыстаньня праграмай, колькасьць «супадзеньняў» і афлайн-спатканьняў, наяўнасьць стасункаў. Таксама закраналіся й псыхалягічныя паказьнікі: імпульсыўнасьць, дэпрэсыя, узровень самаацэнкі й узровень задаволенасьці праграмай і спатканьнямі.
У выніку аказалася, што найбольш папулярным матывам быў не пошук рамантычных партнэраў і партнэрак, а забаўка й сацыяльная камунікацыя. Шмат хто з апытаных паведамілі, што карыстаюцца праграмай для атрыманьня пазытыўных і пазбаўленьня ад нэгатыўных эмоцый. Прытым найбольш грунтоўны падыход да знаёмстваў дэманстравалі людзі сярэдняга веку й старэйшыя.
Задаволенасьць карыстаньнем праграмай людзі ацанілі ў 2.39 балаў з 4, а свае афлайн-спатканьні атрымалі 3.05 з 5 балаў.
Кантроль дастаўкі лекаў з дапамогай смартфонаў
Экспэрымэнтальную прыладу пад назвай Spatіotemporal On-Demand Patch (SOP), літаральна «прасторава-часавы плястыр па патрабаваньню») распрацавалі ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны. Гэта варыяцыя ўжо вядомых плястыраў зь мікраіголкамі.
Звычайна такія плястыры маюць маленькія іголкі зь лекам унутры. Яны пры прыцісканьні пранікаюць у скуру й пачынаюць паступова расчыняцца. Лекі трапляюць спачатку ў вадкасьць паміж вузамі, а потым у кроў.
А вось SOP крыху адрозьніваецца ад астатніх падобных прылад: у яго ёсьць мікрасхема й пакрытыя золатам іголкі. Калі плястыр наляпіць, то менавіта тонкі слой золата абараняе іголкі ад заўчаснага расчыненьня.
Праз смартфон падаецца сыгнал, ад якога выбарачна награваюцца іголкі, слой золата пачынае разбурацца, а далей усё як апісана вышэй. У лябараторных выпрабаваньнях з мышамі аўтарам удалося даставіць некалькі доз мэлятаніна. Мяркуецца, што ў будучыні такія прылады можна будзе выкарыстоўваць для лекаваньня хранічных хвароб.
1 сьнежня мінулага году ў заапарку Двур Кралове (Чэхія) нарадзіўся карлікавы бэгемот, якога назвалі Міколашам. Цяпер яму зладзілі першую фотасэсію.
Карлікавыя бэгемоты Cheropsіs lіberіensіs, як відаць з назвы, маюць меншыя памеры, чымся звычайныя бэгемоты. Яны вядуць пераважна начное жыцьцё, а днём хаваюцца ў вадзе. Праз гэта іх даволі складана заўважыць днём, таму й дакладная колькасьць віду невядомая (паводле ацэнак 2 000-3 000 асобінаў).
Нараджэньне Міколаша надае надзею на захаваньне віду, тым больш што ў няволі часьцей нараджаюцца самкі (59%).
Харчуюцца карлікавыя бэгемоты расьліннай ежай: лісьце, плады, гародніна й г.д. Яны не такія агрэсыўныя, як звычайныя бэгемоты, але на чалавека могуць напасьці таксама. У заапарку, дарэчы, быў выпадак такі.
Перавагу ў навігацыйных здольнасьцях мужчын зьвязалі з выхаваньнем, а не з эвалюцыяй
У папярэдніх дасьледаваньнях было паказана, што мужчыны крыху лепей за жанчын арыентуюцца ў прасторы, таму некаторыя навукоўцы западозрылі тут эвалюцыю. Маўляў, у старадаўнія часы мужчыны пераадольвалі вялікія адлегласьці, каб знайсьці здабычу, а жанчыны далёка ад дому не адыходзілі. Праз гэта магло адбыцца так, што натуральны адбор прывёў да разьвіцьця ў мужчын больш дасканалых навігацыйных навыкаў.
Але такое меркаваньне не выглядае пераканаўча, бо калі б натуральны адбор сапраўды тут граў ролю, то гены, адказныя за навігацыйныя здольнасьці, перадаліся й нашчадкам жаночага полу. Калі толькі яны не былі схаваныя ў Y-храмасоме.
Таму больш праўдападобным фактарам перавагі ў навігацыйных здольнасьцях стала культура. Напрыклад, бацькі могуць больш заахвочваць хлопчыкаў гуляць па-за домам, што разьвівае навыкі арыентацыі ў прасторы.
Таккія гіпотэзы спраўдзілі аўтары новага дасьледаваньня, у якім яны прааналізавалі зьвесткі пра 21 від жывёлаў, у тым ліку й чалавека. Вывучаліся ня толькі навыкі арыентацыі ў прасторы, але й адлегласьці ад дому, на якія сыходзілі прадстаўнікі відаў.
Калі б справа была ў натуральным адборы, то можна было чакаць, што прадстаўнікі таго полу, які далей адыходзіў ад дому, будуць мець лепшыя навігацыйныя здольнасьці. І гэта б было характэрна для іншых відаў.
Аказалася, што самцы большасьці відаў арыентуюцца крыху лепей за самак, але знайшліся й выключэньні. Напрыклад, самкі ракаў Faxonіus rustіcus і жабаў Oophaga sylvatіca вандравалі на большыя адлегласьці, чым самцы тых жа відаў.
Такія вынікі даюць падставу меркаваць, што навігацыйныя адрозьненьні могуць мець культурную аснову (тым больш ёсьць дадзеныя, што мужчыны й жанчыны з падобным выхаваньнем аднолькава добра арыентуюцца ў прасторы). Таксама яны могуць быць пабочным эфэктам біялягічных адрозьненьняў паміж паламі.
Жанчына знайшла атрутную зьмяю ў сваім халадзільніку
Краіну здарэньня лёгка адгадаць
На мінулым тыдні аўстралійка Ґейл Аўрыхт знайшла ў ахаладжальніку для вады 80-сантымэнтровую чорную зьмяю з чырвоным жыватом. Адмысловец, які прыехаў каб выняць нечаканага наведвальніка вызначыў від: чорная аўстралійская зьмяя Pseudechіs porphyrіacus.
Гэта атрутныя, але не агрэсыўныя зьмеі, таму на чалавека нападаюць рэдка й сьмяротных укусаў яшчэ не зарэгістравана.
Таксама нядаўна такую ж зьмяю знайшлі ў кавярні ў аўтамаце для льду. Мяркуецца, што такім чынам паўзуны проста хаваюцца ад сьпёкі.
Кітайскія навукоўцы пасьпяхова клянавалі макак-рэзусаў
Дасьледнікі ўдасканалілі тэхналёгію пераносу ядзер саматычных вузаў, якую раней пасьпяхова прымянялі для клянаваньня мышэй, трусоў, сабак, але з макакамі-рэзусамі (Macaca mulatta) жыцьцяздольных клёнаў не маглі атрымаць. Да таго ж такі падыход меў нізкую эфэктыўнасьць і часта суправаджаўся анамаліямі разьвіцьця.
Цяпер аўтары сьцьвярджаюць, што клёны (3) добра пачуваюцца ўжо больш за два гады. Адзін зь іх на фота справа.
Летась каманда аўтараў ужо паведамляла пра стварэньне хімернай малпы зь зялёнымі вачамі.
Грыбковыя інфэкцыі забіраюць амаль 4 мільёны жыцьцяў штогодна
Манчэстэрская ініцыятыва па грыбковым інфэкцыям апублікавала справаздачу, у якой паказваецца патэнцыйная небясьпека справакаваных грыбкамі інфэкцый. Агулам адмыслоўцы налічылі 3.8 млн сьмерцяў ва ўсім сьвеце за год, прытым 2.6 млн зь іх былі зьвязаныя непасрэдна з грыбковымі інфэкцыямі.
Таксама паведамляецца, што найбольш небясьпечнымі аказаліся прадстаўнікі роду Candіda. Гэта вялікі род дражджэй (каля 186 відаў), некаторыя зь іх можна сустрэць у прадуктах харчаваньня (камбуча, кефір), а іншыя становяцца прычынамі захворваньняў (кандыдозы).
Сёньня не існуе вакцын ад грыбкоў, а цяжкія інфэкцыі найчасьцей праяўляюцца ў хворых людзей з аслабленым імунітэтам, і ў здаровых, якія жывуць ці працуюць у памяшканьнях з цьвільлю.
Усё гэта падкрэсьлівае глябальную пагрозу, а таксама неабходнасьць распрацоўваньня новых мэтадаў прафіляктыкі й лекаваньня.
На гэтым тыдні ў нас сапраўдны заалягічны крымінал, вакцыны ад малярыі й невядомая кольцавая РНК у мікраарганізмах з кішэчніку. Дайджэст нумар 4 (29) вашай увазе:
🧅Мурашкі прымусілі львоў радзей паляваць за зэбраў. Дасьледнікі вызначылі, што зьяўленьне ва Ўсходняй Афрыцы вялікагаловых мурашак Pheіdole megacephala справакавала маштабныя зьмены ў мясцовых экасыстэмах. Пачалося ўсё зь мясцовых мурашоў роду Crematogaster, якія да зьяўленьня інвазыўнага віду спакойна абаранялі акацыі ад буйных траваедных. Потым завезеныя мурашы пачалі мэтадычна забіваць мясцовых, што адняло натуральную абарону ў дрэваў, у выніку чаго іхняя шчыльнасьць зьнізілася. У новых умовах львам стала цяжэй паляваць на зэбраў сваім традыцыйным спосабам з засады, таму яны пераключыліся на буйвалаў.
🧅Афалінаў западозрылі ў кіднэпінгу. Заолягі апісалі некалькі выпадкаў дзіўных паводзінаў афалінаў Tursіops truncatus: яны спрабавалі адбіць цялят лямантынаў ад мацярэй. Часам такія спробы былі агрэсыўнымі й суправаджаліся ўкусамі. Прычыны такіх паводзінаў пакуль невядомыя, але падобнае назіралі раней у іншых кітападобных.
🧅У чалавечым мікрабіёме знайшлі незвычайную РНК. Аналіз узораў бактэрый з чалавечага кішэчніку й роту выявіў у іх раней невядомую кольцавую РНК. Яна вельмі падобная на геномы вірусаў грыпу, Эболы й іншых. Аўтары падазраюць, што такія малекулы могуць уплываць на функцыі генаў у арганізьме чалавека, але гэта яшчэ трэба спраўдзіць.
🧅Доўгачаканая прышчэпка ад малярыі. 22 студзеня ў Камэруне прайшла першая плянавая вакцынацыя дзяцей ад малярыі. На пошук вакцыны пайшло 60 гадоў. Клінічныя выпрабаваньні прышчэпкі паказалі, што ейная эфэктыўнасьць з часам моцна зьніжаецца, аднак яе дастаткова, каб зьнізіць сьмяротнасьць сярод дзяцей. Дагэтуль у Афрыканскіх краінах штогод ад малярыі памірае каля 470 000 дзяцей да 5 гадоў.
Мэталарганічныя злучэньні (МАЗ) – арганічныя малекулы, у якіх існуе сувязь паміж атамам вугляроду й якогась мэталу – знайшлі шырокае прымяненьне. Часьцяком яны граюць ролю каталізатараў у хімічным сынтэзе, выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці электронікі й у лекавых сродках. А яшчэ ў будучыні мэталарганічныя злучэньні будуць дапамагаць выяўляць небясьпечныя рэчывы ў вадзе.
Акурат падчас сынтэзу такога тыпу злучэньняў і атрымаліся гэтыя «хімічныя» кветкі. Звычайна крышталі мэталарганічных злучэньняў маюць правільную форму кубоў і дадэкаэдраў, але бываюць займальныя выключэньні
Ураджай з гарадзкіх градаў мае большы вугляродны сьлед
Практыка вядзеньня сельскай гаспадаркі ў межах гарадоў паступова набывае папулярнасьць. Паводле некаторых ацэнак, 20-30% гарадзкіх жыхароў у сьвеце займаюцца той ці іншай формай такой гаспадаркі. Мяркуецца, што такі трэнд робіць гарады больш устойлівымі й скарачае выкіды, зьвязаныя з транспартаваньнем прадуктаў.
Аднак міжнародная каманда дасьледнікаў прыйшла да высновы, што садавіна й гародніна з гарадзкіх дзялянак у сярэднім маюць большы вугляродны сьлед, чымся тыя самыя прадукты, узгадаваныя традыцыйным спосабам.
Аўтары падлічылі выкіды парніковых газаў для трох тыпаў гарадзкой сельскай гаспадаркі* за ўвесь пэрыяд эксплюатацыі, а потым параўналі «вугляродны сьлед» з традыцыйнымі фэрмамі й агародамі. Такім чынам атрымалася, што гарадзкія прадукты маюць 0.42 кг эквіваленту вуглякіслага газу на порцыю, а прадукты традыцыйных спосабаў толькі 0.07 кг.
Але знайшліся й выключэньні. Напрыклад, памідоры з адкрытага гарадзкога грунту мелі меншы вугляродны сьлед, чым памідоры са звычайных парнікоў. А вось для спаржы паказьнікі CO2 былі аднолькавымі незалежна ад спосабу вырошчваньня.
* - гарадзкія фэрмы, індывідуальныя й супольныя грады ў Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыне.
Генная тэрапія аднавіла слых у дзяцей са спадчыннай глухатою
Новае экспэрымэнтальнае дасьледаваньне паказала эфэктыўнасьць геннай тэрапіі для аднаўленьня слыху ў дзяцей, якія пакутуюць на спадчынную глухату.
Пацыентаў было толькі 6, і ўсе яны мелі аўтасомна-рэцэсыўную форму глухаты, зьвязаную зь няздольнасьцю арганізма сынтэзаваць неабходны для перадачы гукавых сыгналаў бялок отафэрлін (зьвязаны ген OTOF, зламаны ген = няма бялку). Пакуль аніякіх эфэктыўных мэтадаў лекаваньня такой хваробы няма.
Новы мэтад лячэньня мае ўвядзеньне «правільнай» вэрсыі гена OTOF наўпрост ва ўнутранае вуха пацыента. Гэта мэдыкам удалося зрабіць падчас хірургічнай працэдуры, прытым для дастаўкі гена OTOF выкарыстоўвалі адэнаасацыянаваны вірус (AAV).
Перад працэдурай усе пацыенты мелі сярэдні парог слыхавой рэакцыі больш за 95 дБ (поўная глухата). Пасьля назіраньня цягам 26 тыдняў 5 дзяцей ужо мелі магчымасьць чуць і весьці нармальную размову, а парог слыхавой рэакцыі зьнізіўся на 40-47 дБ. [вось тут відэа з адной пацыенткай праз 6 і 26 тыдняў пасьля тэрапіі].
Паведамляецца, што ў выніку тэрапіі выявілася 48 пабочных эфэктаў, аднак 96% зь іх былі ў лёгкай форме.
Цялятка паўднёвага кіта пассала малако чужых самак
Заолягі некалькі разоў пабачылі цялё паўднёвага кіта Eubalaena australіs, якое ссала малако чужых самак зь дзецьмі. Прытым маці зладзюжкі была заўсёды побач.
Дасьледнікі кажуць, што найчасьцей самкі спрабавалі ўхіліцца ад чужога дзіцяці, але часам рэагавалі нэўтральна. Таксама дадатковыя порцыі малака станоўча адбіліся на памерах малога: ён быў буйнейшым за сваіх равесьнікаў.
У фэрмэра зь Вялікабрытаніі знайшлі невядомую патагенную бактэрыю
Спачатку 55-гадовы мужчына страціў апэтыт, у выніку чаго моцна схуднеў, а потым зьявілася затарможанасьць. У больніцу ён трапіў з пашкоджаньнем судзінаў.
Мэдыкі ў выніку выявілі невядомы раней від мікраарганізмаў, які й мог стаць прычынай хваробы. Сам пацыент пасьля курсу антыбіётыкаў ачуняў і прапанаваў назваць бактэрыю Varіovorax durovernensіs sp. nov. у гонар гораду Кэнтэрбэры (па-лацінску Durovernum Cantіacorum).
Калі ж мужчыну апыталі, каб вызначыць паходжаньне бактэрыі, ён выдаў амаль інструкцыю па стварэньню біялягічнай зброі. Высьветлілася, што фэрмэр стала прышчапляў статак авечак паўторна карыстаючыся адной іголкай, прытым адзін раз выпадкова траўмаваў сябе падчас такой працэдуры. Таксама лекаваў і прымаў роды ў жывёлаў мужчына часта без пальчатак. Відавочна, гэтыя фактары й сталі прычынай інфікаваньня.
Нут упершыню ўзгадавалі ў месяцавым грунце
У месяцавым грунце бракуе некаторых пажыўных рэчываў, неабходных расьлінам, да таго ж там шмат разнастайных таксычных злучэньняў. То бок, прарасьці ў такіх умовах вельмі складана, калі толькі не дадаць адмысловых грыбоў і крыху чарвякоў.
Для досьледу навукоўцы абаралі культурны нут, бо ён мае добрыя пажыўныя ўласьцівасьці, а таксама можа ўтвараць сымбіёз не некаторымі грыбкамі. Прытым такі сымбіёз пасьпяхова выдаляе з глебы цяжкія мэталы й радыяактыўныя элемэнты.
З другога боку, чарвякі могуць харчавацца адмерлымі часткамі расьлін і харчовымі адходамі, пераўтвараючы гэта ва ўгнаеньні. Дасьледнікі чакалі, што спалучэньне такіх складнікаў дазволіць зь цягам часу зрабіць месяцавы пыл прыдатным для прарастаньня расьлін.
У выніку ім атрымалася ўзгадаваць культурны нут у штучным месяцавым грунце. Прытым расьліны пасьпяхова прарасьлі й адкрасавалі толькі з грыбком і біягумусам. Ці будзе нут прыдатным у ежу – пакуль цяжка сказаць, але нават калі й не, ён усё адно зьнізіць канцэнтрацыю цяжкіх мэталяў і зробіць грунт прыдатным для іншых расьлін.
Выпадковая знаходка ў Вісьле, жорсткі шлюбны пэрыяд у мышэй і полівітаміны для розуму – такім атрымаўся дайджэст нумар 3.
🧅Полівітамінныя дабаўкі для розуму. Вітаміны ў форме дабавак часьцяком называюць пустой тратай грошай. Аднак навукоўцы ў сваім дасьледаваньні з удзелам 573 чалавек прыйшлі да высновы, што ўжываньне полівітамінных дабавак у сталым узросьце станоўча ўплывае на кагнітыўныя функцыі. Дасьледаваньне мае некаторыя абмежаваньні, таму, хутчэй за ўсё, дадатковыя полівітаміны пакуль застаюцца сродкам павышэньня кошту мачы.
🧅Сэкс і канібалізм сумчатых мышэй. Калі вы думалі, што шлюбны пэрыяд у жывёлаў гэта выключна дэманстрацыя магчымасьцяў, то аўстралійскія сумчатыя мышы з вамі не пагодзяцца. Падчас шлюбнага пэрыяду самцы гэтых грызуноў б’юцца літаральна насьмерць. Да таго ж спароўваньне можа цягнуцца ажно 14 гадзін запар. Усё гэта вымотвае самцоў і пад канец яны (якія засталіся жывымі) паміраюць. Самкі таксама паміраюць, але толькі пасьля таго, як выгадуюць патомства. Пагадзіцеся, жорстка, але цяпер высьветлілася, што памерлыя ад стрэсу самцы становяцца ежай для сваіх суродзічаў. Заолягі прыйшлі да такой высновы калі выпадкова пабачылі, так бы мовіць, акт канібалізму ў адным з аўстралійскіх паркаў.
🧅Электронныя цыгарэты й нікатынавыя плястыры назвалі бясьпечнымі для цяжарных жанчын. Аналіз рандамізаваных выпрабаваньняў паказаў, што выкарыстаньне нікатынавых плястыраў і электронных цыгарэт для адмовы ад тытуню не мае сувязяў з нэгатыўнымі эфэктамі падчас цяжарнасьці.
🧅Тысячагадовая знаходка ў Вісьле. У польскім Улацлаўку падчас паглыбленьня дна Віслы знайшлі жалезны меч з надпісам «+VLFBERHT+». Мячы з такімі надпісамі вырабляліся ў эпоху вікінгаў. Адмыслоўцы мяркуюць, што знойдзены меч быў выраблены не пазьней за 950 год н.э.
Нобэлеўскія ляўрэаты й ляўрэаткі заклікалі паслабіць рэгуляваньне тэхналёгій геннага мадыфікаваньня
Адкрыты ліст заклікае эўрапейскіх заканадаўцаў «адкінуць цемру антынавуковага распальваньня панікі» і паслабіць строгія правілы ў дачыненьні генэтычных мадыфікацый. Менавіта гэтая тэхналёгія можа зрабіць сельскагаспадарчыя культуры ўстойлівымі да хваробаў і экстрэмальных умоваў надвор’я, а таксама дазволіць фэрмэрам скараціць выкарыстаньне пэстыцыдаў і ўгнаеньняў.
Адзначаецца, што традыцыйныя мэтады сэлекцыі, якія прымянялі дзесяцігодзьдзямі, забіраюць шмат часу, якога ўжо амаль не засталося, бо кліматычная сытуацыя мяняецца вельмі хутка.
Сусьветная арганізацыя здароўя выкарыстоўвае тэрмін «Хвароба Х» для любой інфэкцыі, якая можа справакаваць наступную эпідэмію з пэрспэктывай новай пандэміі. Чаму менавіта зараз усе гавораць пра гэтую хваробу Х і ад якіх патагенаў сыходзіць пагроза? Чытайце на картках.
Читать полностью…Прыклад Злучаных Штатаў паказвае, што забарона абортаў зьвязаная з высокай дзіцячай сьмяротнасьцю
Паводле вынікаў апошняга дасьледаваньня, наперакор першапачатковым намерам, у штатах з найбольш абмежаваным доступам да абортаў назіраўся найвышэйшы ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці ў 2014-2018 гадах. Агулам паказьнік у такіх штатах павялічыўся на 16%.
На мапе колькасьць абмежавальных законаў аб абортах у 2014, 2018 і 2022 г.
Сабакі могуць моцна віляць хвастом, бо людзям падабаецца рытм
Заолягі зладзілі агляд прысьвечаных асаблівасьцям лякамоцыі хвастоў дасьледаваньняў і пастанавілі, што актыўнае віляньне хвастом у сабак магло распаўсюдзіцца ў працэсе дамэстыкацыі.
Навукоўцы зьвярнулі ўвагу, што шчанюкі сабак значна часьцей махаюць хвастом, чым такія ж шчанюкі ваўкоў. Прытым такая рэакцыя найчасьцей адбывалася ў адказ на дзеяньні чалавека.
Мяркуецца, што людзі несьвядома разводзілі сабак, якія актыўна й часта вілялі хвастом, бо нам падабаюцца разнастайныя рытмічныя стымулы.
Спажываньне пакаванага соку зьвязалі з атлусьценьнем
Канадзкія дасьледнікі вывучылі складаныя сувязі паміж атлусьценьнем і спажываньнем «100% фруктовага соку», і прыйшлі да высновы, што іnstagram-дыетолягі мелі рацыю на такія напоі лепей не вабіцца, асабліва дзецям.
Навукоўцы зладзілі грунтоўны аналіз папярэдніх публікацый, прысьвечаных згаданай тэме, але ў агульную выбарку трапілі толькі тыя, якія працягваліся ня менш за 6 месяцаў. Пад вывучэньне трапілі й рандамізаваныя клінічныя выпрабаваньні з працягласьцю ня менш за 2 тыдні, а сам аналіз ладзілі з улікам разнастайных фактараў (век, віды сокаў, агульная суткавая калярыйнасьць). Такі падыход дазволіў атрымаць максымальна непрадузятыя вынікі.
У выніку для дзяцей выявілася невялікая, але значная сувязь паміж спажываньнем сокаў і павелічэньнем вагі, прытым у малых дзяцей эфэкт быў найбольш выразным.
Што тычыцца дарослых, то там крыху больш складаная сувязь. Напрыклад, калі не рабіць папраўку на штодзённыя калёрыі, то спажываньне сокаў вядзе да атлусьценьня. Аднак пры ўліку спажытых калёрый сувязь была супрацьлеглай. Гэта значыць, што ўплыў фруктовых сокаў на вагу цела можа быць часткова абумоўленым іхнім унёскам у колькасьць спажытых за дзень калёрый.
Навукоўцы тлумачаць такія вынікі тым, што хаця сокі й утрымліваюць вялікую колькасьць неабходных харчовых рэчываў, высокая канцэнтрацыя цукроў і брак клятчаткі ў складзе могуць прывесьці да павелічэньня вагі (пры частым спажываньні).
Язда на ровары да працы палепшыла псыхічнае здароўе
Аўтары новага дасьледаваньня сьцьвярджаюць, што людзям, якія карыстаюцца роварам, каб дабрацца да працы, радзей выпісвалі прэпараты для лекаваньня дэпрэсыі й трывожнасьці.
Аналіз дадзеных 378 253 чалавек у веку ад 16 да 74 гадоў паказаў, што з 2011 году колькасьць рэцэптаў на антыдэпрэсанты для раварыстаў зьнізілася на 15%. Прытым эфэкт назіраўся незалежна ад полу.
Карысьць язды на ровары для псыхічнага здароўя знаходзілі й раней, але ў найчасьцей тыя дасьледаваньні не маглі пахваліцца вялікай выбаркай. Да таго ж парамэтры псыхічнага стану адсочвалі са словаў саміх удзельнікаў. Цяпер навукоўцы пазбавіліся гэных недахопаў.
Аўтары таксама паведамілі, што імавернасьць паездкі да працы на ровары была большай, калі побач з домам была роварная інфраструктура.
Абнавіліся дадзеныя пра COVІD-19 падчас цяжарнасьці й родаў
Кагадзе выйшла абнаўленьне буйнога агляду пра рызыку перадачы SARS-CoV-2 ад цяжарных жанчын дзецям. Аўтары прааналізавалі дадзеныя 44 552 маці й 30 822 немаўлят, сабраных з 343 дасьледаваньняў і 300 клінічных выпадкаў.
У выніку выявілася, што 2.7% дзяцей, народжаных жанчынамі з пацьверджаным ковідам, мелі пазытыўны тэст на інфэкцыю. З усяе выбаркі назьбіралася 1107 падрабязна задакумэнтаваных выпадкаў зь вядомымі тэрмінамі тэставаньня й заражэньня, дзе 32 дзіцяці дакладна атрымалі ковід ад маці (20 да нараджэньня, 9 – адразу пасьля й 3 падчас родаў). То бок, рызыка перадачы віруса падчас цяжарнасьці малая.