cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Рыб з падобнымі на рукі плаўнікамі эвакуююць у няволю

Чырвоныя брахіяніхты (Thymichthys politus) знаходзяцца на мяжы выміраньня, бо ў прыродзе засталося дзесьці 50-100 асобінаў і, на думку адмыслоўцаў, бліжэйшымі месяцамі мінімум 75% зь іх можа пагінуць ад цеплавых хваляў, якія ідуць на Тасманійскае ўзьбярэжжа.

У натуральным асяродзьдзі рыбкі T. polіtus пакутуюць ад забруджваньня вады й павышэньня тэмпэратуры.

Таму навукоўцы пастанавілі перанесьці 25 асобінаў у адмысловы акварыюм да канца лета, а за астатнімі рыбамі будуць назіраць і пры першых прыкметах цеплавога стрэсу іх таксама эвакуююць.

Читать полностью…

cybulinka

Спажываньне морквы зьвязалі зь нізкай рызыкай анкалягічных захворваньняў

Каманда адмыслоўцаў зь Вялікабрытаніі ўзяла для мэтааналізу 198 навуковых работ з агульнай выбаркай 4.7 млн чалавек, і вывучыла сувязі паміж спажываньнем морквы (сьвежай і прыгатаванай) і захворваньнямі ўсімі тыпамі рака.

Аказалася, што спажываньне 400 г. морквы на тыдзень асацыявалася з паніжэньнем рызыкі анкалягічных захворваньняў на 20%. Таксама пэўны станоўчы эфэкт назіраўся й пры спажываньні адной порцыі караняплоду за ўвесь тыдзень, праўда імавернасьць хваробаў зьніжалася толькі на 4%.

Читать полностью…

cybulinka

Незвычайныя бусьляняты й асаблівасьці міжвідавога сямейнага жыцьця

Сёлета ў Нямеччыне (раён Ульцэн) нарадзіліся вось такія незвычайныя бусьляняты. Справа ў тым, што іхныя бацькі належаць да розных відаў: белы бусел (Cіconіa cіconіa) і чорны бусел (Cіconіa nіgra). Такім чынам, гэта першы апісаны выпадак гібрыдызацыі гэных відаў.

На сёньня ў сьвеце існуе каля 22 000 пар чорных буслоў. Гэтых птушак можна сьмела называць інтравэртамі, бо будуюць гнёзды яны падалей ад чалавека, пераважна ў старых лясох, і на адлегласьці не меней за кілямэтар ад суродзічаў. А вось белых буслоў налічваецца каля 700 000 пар, і яны добра асвоілі антрапагенны ляндшафт.

Адмыслоўцы не выключаюць, што такі выпадак міжвідавой гібрыдызацыі адбыўся праз тое, што прыдатных для гнездаваньня лясоў хапае не ўсім чорным буслам. Да таго ж Ільзу, самку чорнага бусла, ужо некалькі разоў бачылі ў незвычайных для віду біятопах, дзе яна даволі настырна спрабавала стварыць пару зь белымі бусламі.

У выніку Ільза ўтварыла пару з Генрыхам, сяброўка якога не вярнулася зь зімоўкі. З назіраньняў вядома, што Ільза часьцяком прыносіла ў гняздо мох, а Генрых яго выкідаў, бо белыя буслы аддаюць перавагу траве. Калі ж у гнязьдзе зьявіліся бусьляняты, кожны з бацькоў карміў іх «на свой густ»: маці прыносіла рыбу, а бацька – мышэй і вусякоў.

Бусьляняты (цёмны Людгер і сьветлая Ліна) пасьпяхова пакінулі гняздо й пачалі жыць самастойна. Арнітолягі пасьпелі пазначыць незвычайных птушак каляровымі кольцамі, але без GPS-трэкера, таму дакладна адсачыць іх шлях немагчыма. А было б вельмі цікава даведацца, бо чорныя буслы мігруюць у Заходнюю Афрыку, а белыя – на Ўсход кантынэнту.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 24

🧅Новы штам каранавірусу зацікавіў САЗ. Сусьветная арганізацыя здароўя назвала новы штам каранавірусу JN.1 «цікавым варыянтам» і пастанавіла, што пакуль ён не ўяўляе значную небясьпеку для людзей.

🧅Канфэрэнцыю ААН па зьменам клімату назвалі правальнай. Каля 200 краінаў дамовіліся аб адмове ад выкапнёвага паліва. Цягам 2-х гадоў ім рэкамэндавана распрацаваць новыя пляны па скарачэньню выкідаў парніковых газаў. Кліматолягі не ў захапленьні:

Гэта як паабяцаць свайму лекару адмовіцца ад пончыкаў пасьля таго, як дыябэт быў дыягнаставаны. — Michael Mann, University Of Pennsylvania

Пакуль выкапнёвае паліва будзе ў выкарыстаньні, сьвет будзе станавіцца ўсё больш небясьпечным, дарагім і сумнеўным месцам для жыцьця. — Friederike Otto, Imperial College London

🧅Генэтыкі дапамаглі апраўдаць аўстралійку. У 2003 годзе Кэтлін Фольбіг прызналі вінаватай у забойстве 4 сваіх дзяцей, хаця прамых доказаў бракавала. Да перагляду справы вярнуліся ў 2019, калі генэтыкі разам зь іншымі дасьледнікамі апублікавалі дадзеныя, якія сьведчылі, што дзеці памерлі ад недыягнаставаных захворваньняў. Цяпер аўстралійка на волі.

🧅Антыбіётык доксіцыклін не абараніў жанчын ад палавых інфэкцый. Вынікі папярэдніх дасьледаваньняў паказалі, што прыём доксіцыкліну пасьля неабароненага палавога акту зьніжае рызыку некаторых інфэкцый у мужчын і трансгендэрных жанчын. Але цяпер стала вядома, што посткантактная прафіляктыка доксіцыклінам у жанчын не мае такога эфэкту.

Читать полностью…

cybulinka

Паўночныя алені могуць спаць і жаваць адначасова

Паўночныя алені, апроч успрыемлівасьці да ўльтрафіялетавага спэктру, прыхавалі яшчэ адзін козыр: яны дрэмлюць, пакуль жуюць ежу.

Высьветлілі гэта навукоўцы, якія пачапілі чатыром горным паўночным аленям (Rangіfer tarandus tarandus) мэталічныя электроды апарату ЭЭГ, каб адсочваць мазґавую актыўнасьць цягам колькіх дзён.

Наступны аналіз дадзеных паказаў, што жывёлы знаходзіліся ў стадыі павольнага сну (NREM) пакуль спрабавалі перажаваць ежу. Прытым, чым болей алені знаходзіліся ў такім стане, тым меней ім патрабавалася часу на адпачынак.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы раскрылі сакрэт смаку сыру чэдар

Арэхава-сьметанковы смак чэдара мяняецца ў залежнасьці ад тонкага балянсу бактэрый, што й выявілі навукоўцы. Разуменьне гэтага дапаможа сыраробам лепей кантраляваць смак гатовага прадукту.

Вытворчасьць фэрмэнтаваных прадуктаў, такіх як сыр, кімчы й камбучы, базуецца на складаным працэсе ўзаемадзеяньня паміж мікраарганізмамі. Так, у сыраварстве галоўную ролю граюць бактэрыі Streptococcus thermophіlus і некаторыя віды Lactococcus, аднак было мала вядома, як яны гэта робяць.

Высьветліць гэта паспрабавалі навукоўцы зь Нідэрляндаў, сфакусаваўшы сваю ўвагу на чэдары, бо гэта адзін з самых папулярных гатункаў сыра.

Яны стварылі ўзоры сыру з дапамогай чатырох стартавых культур: адна прамысловая (S. thermophіlus, L. lactіs, L. cremorіs), а астатнія стварылі дасьледнікі шляхам дадаваньня новых, ці выдаленьня першапачатковых штамаў.

Праз год каманда заўважыла, што ў сыры, прыгатаваным без удзелу стрэптакокаў, было значна менш штамаў ляктакокаў. З чаго была зробленая выснова, што паміж відамі бактэрый існуе пэўная залежнасьць.

За масьлены смак чэдару, відаць, адказныя бактэрыі L. cremorіs, якія сынтэзуюць дыацэтыл і ацэтаін. Але калі такіх рэчываў будзе шмат, то зьявіцца непрыемны прысмак. Таксама штам назвалі адказным за фруктовыя ноткі ў гатовым прадукце. Калі ж гэных бактэрый не было ў заквасцы, то сыры ўтрымлівалі больш хімічных рэчываў, адказных за арэхавы й сьметанковы смак.

Читать полностью…

cybulinka

Нэўрасетка знайшла новы тып антыбіётыкаў ад устойлівых бактэрый

Нэўрасетка дапамагла навукоўцам перабраць мільёны хімічных злучэньняў, каб знайсьці тып антыбіётыкаў, прыдатных для лекаваньня інфэкцый, выкліканых лекава-устойлівымі бактэрыямі.

Спачатку дасьледнікі спраўдзілі ўплыў 39 000 злучэньняў на залацісты стафілякок і чалавечыя вузы печані, цягліц і лёгкіх. На гэтых дадзеных і ладзілі навучаньне мадэлі, якая ў выніку «зразумела» асноўныя заканамернасьці й дала разы з прадказаньнем антыбактэрыяльнай актыўнасьці й патэнцыйнай таксычнасьці злучэньняў.

Потым мадэль прааналізавала 12 млн рэчываў і знайшла сярод іх 3646 злучэньня з дасканалымі лекавымі ўласьцівасьцямі. Наступныя выпрабаваньні на лябараторных мышах пацьвердзілі эфэктыўнасьць новых антыбіётыкаў адносна складаных стафілякокавых і энтэракокавых інфэкцый.

Читать полностью…

cybulinka

Калядная касьмічная ёлка NGC 2264

NASA падзялілася выявай зорнай скупнасьці NGC 2264, якая пасьля невялікіх маніпуляцый стала падобнай на калядную ёлку.

Па-першае, комплексную выяву давялося павярнуць прыблізна на 150 градусаў для большага падабенства. Па-другое, аптычныя дадзеныя былі пафарбаваныя ў зялёны колер, а рэнтгенаўскім праменямі, якія зыходзяць ад маладых зорак, надалі сіні і белы колер, каб дасягнуць падабенства з сьвяточнай гірляндай.

Зорная сукупнасьць NGC 2264 знаходзіцца на адлегласьці 2500 сьветлавых гадоў ад нас і складаецца пераважна з маладых зорак рознага памеру: некаторыя менш за нашае Сонца, а ёсьць і тыя, хто перавышаюць яго.

Читать полностью…

cybulinka

Фаервэркі – яскравае відовішча, якім людзі адзначаюць надыход новага году. Лічыцца, што фаервэркі ўпершыню зьявіліся ў Кітаі часоў дынастыі Сун, дзе выконвалі рытуальную ролю на розныя сьвяты. Аднак сёньня фаервэрк можа стаць непрыемным досьведам для людзей з посттраўматычным стрэсавым разладам і мізафаніяй.

Навагоднія сьвяткаваньні таксама пякельны час для хатніх гадаванцаў (разам з гаспадарамі) і іншых жывёлаў. Напрыклад, зімовымі вакацыямі ў Нідэрляндах праз выкарыстаньне фаервэркаў ноччу не сьпяць амаль 400 000 птушак, большасьць зь якіх пералётныя. Гэта ў 1000 разоў болей за звычайную начную актыўнасьць і, натуральна, вядзе да дадатковых энэргазатрат.

Пра наступствы ад фаервэркаў для хатніх гадаванцаў – на выявах.

Читать полностью…

cybulinka

На мінулым тыдні мы ўжо паглядзелі на цікавыя крышталічныя ўзоры з астэроіднага ядра, а сёньня ў нас іншы тып мэтэарытаў: паласыт.

Паласыты, як мяркуецца, утвараюцца на мяжы паміж мантыяй і ядром астэроіда й складаюцца з жалеза (каля 80%), нікелю й мінэралу.

Жоўта-зялёныя крышталі, падобныя на разынкі ў шчыльным мэталічным цесьце, называюцца алівінам. Гэты жалезна-магніевы сылікат вельмі рэдка сустракаецца ў мэтэарытах, а вось у зямной кары яго даволі шмат. Таму алівін часта выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожаньняў.

Читать полностью…

cybulinka

Перапрацаванымі кардоннымі скрынкамі прапанавалі замяніць пенапляст

Праз папулярнасьць інтэрнэт-шопінгу, апошнім часам кардонныя скрынкі й пенапляст ад заказаў уяўляюць вялікую праблему. Вядома, што пенапляст, ён жа пенаполістэрол, немагчыма перапрацаваць, а на сьметніцах ён займае непрапарцыйна шмат месца. У той жа час з кардонам ёсьць свае складанасьці, але, як высьветлілася, не такія невырашальныя.

Навукоўцы з Пэкінскага ўнівэрсытэту ўзялі кардон, з дапамогай блендару разьбілі яго на цэлюлёзныя валокны, якія потым прапітвалі сумесьсю гліцэрыны з жэлятынай, альбо клеем ПВА. Такім чынам пасьля сушкі ў маразілцы атрымалі пеністы матэрыял (на фота) з уласьцівасьцямі, аналягічнымі пенаплясту.

Потым дасьледнікі яшчэ дадалі ў першапачатковую сумесь крэмнязем, што дазволіла новаму матэрыялу «перажыць» удар малатком.

Читать полностью…

cybulinka

Адбылася першая гутарка з гарбатым кітом

Каманда дасьледнікаў разам з экспэртамі па пошуку незямнога розуму зладзіла 20-хвілінную гутарку з самкай гарбатага кіта Твэн ля берагоў Аляскі.

На жаль, абмеркаваць апошнія акіянскія навіны пакуль не атрымалася: аўтары абмежаваліся звычайным прывітаньнем на «мове» кітоў.

Калі адмысловую прыладу скінулі ў ваду, побач нікога не было. Дасьледнікі пачалі пэрыядычна перадаваць «кантактны заклік», якім кіты карыстаюцца для пачатку размовы (вітаньне), і чакалі, пакуль хтосьці адгукнецца.

Праз пэўны час у адказ пачулася вітаньне Твэн, неўзабаве пасьля гэтага яна падплыла да лодкі. Дасьледнікі паўтарылі яшчэ 36 разоў кантактны заклік з рознымі інтэрваламі й Твэн заўсёды адказвала.

Падобныя кантакты зь іншымі жывёламі на іхняй мове дапамогуць дакладней зразумець, якім можа быць незямны розум і як зь ім кантактаваць.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 23

🧅Піўныя акуляры павысілі сымэтрычнасьць твараў. Навукоўцы ўжо даўно спрабуюць вызначыць прычыну павышанай прывабнасьці ў стане алькагольнага ап’яненьня. Адна з тэорый эфэкту піўных акуляраў тлумачыць усё сымэтрычнасьцю. Мяркуецца, што алькаголь уплывае на здольнасьць чалавека распазнаваць твары, таму ўсе суразмоўцы становяцца крыху больш сымэтрычнымі, а нашыя мазґі любяць такое. Высьвятляць гэта дасьледнікі пайшлі ў бар, дзе ахвотнікам прапанавалі глядзець наборы звычайных партрэтаў і сымэтрычных, а потым абраць найбольш прывабныя здымкі. Тэставаньне ладзілася два разы: перад і пасьля выпіўкі. Аказалася, што ў пʼяных ахвотнікаў зьнізілася здольнасьць вызначаць натуральныя твары, аднак агулам сымэтрычныя яны не ўспрымалі больш сэксуальнымі.

🧅Каты й коткі любяць прыносіць гаспадарам мячык. Гульня «прынясі мячык» часьцей асацыюецца з сабакамі. Аднак цяпер высьветлілася, што й катам такое падабаецца. Дасьледнікі апыталі каціных гаспадароў (1154) пра тое, як часта яны кідаюць сваім гадаванцам мячык, а яны яго прыносяць. Вынікі атрымаліся наступнымі:

🐈59% гадаванцаў гулялі да 10 разоў на месяц
🐈‍⬛55% прыносілі мяч чалавеку да пяці разоў за гульню
🐈Ініцыятыва пагуляць і скончыць забаўку чысьцей сыходзіла ад гадаванцаў.

🧅Скарачэньне часу на сацсеткі зрабіла людзей шчасьлівымі й прадуктыўнымі на працы. У невялікі досьлед паклікалі 166 чалавек, якія прысьвячалі сацсеткам ня менш за 35 хвілінаў на дзень і мелі поўную ці частковую занятасьць на працы. Аўтары папрасілі частку ўдзельнікаў скараціць свой час на сацсеткі на 30 хвілінаў. Так трэба было пратрымацца тыдзень. Стан усіх удзельнікаў адсочвалі шматразовым анкетаваньнем. Аказалася, што тыя, хто скараціў час на сацсеткі атрымалі большае задавальненьне ад працы й лепшы псыхічны стан. Таксама ўдзельнікі гэтай групы радзей скардзіліся на пераўтому, а такі станоўчы эфэкт захоўваўся на тыдзень.

🧅Хваробы сэрца да 45 гадоў рэзка павысілі рызыку дэмэнцыі пазьней. Паводле вынікаў дасьледаваньня з выбаркай больш за 430 000 чалавек, ішэмічная хвароба сэрца да 45 гадоў павысіла рызыку судзіннай дэмэнцыі на 78%, іншых тыпаў дэмэнцыі – на 36%, а хваробы Альцгаймэра – на 13%.

Читать полностью…

cybulinka

На МКС адшукалі згубленую памідорку

У сакавіку на міжнароднай касьмічнай станцыі астранаўт Фрэнк Рубіё зьбіраў першы ўраджай памідораў і паведаміў, што адзін зь іх згубіўся. Але адшукаць патэнцыйна небясьпечную ягаду ў астранаўта не атрымалася нават за 20 гадзін вольнага часу.

Зьявілася меркаваньне, што памідор наўпрост быў зьедзены. Але ў выніку страчаны плод знайшлі ўжо пасьля таго, як Фрэнк Рубіё вярнуўся на Зямлю. Што праўда, дзе быў памідор і ў якім стане, нам не паведамляюць

Читать полностью…

cybulinka

Сёлета была зарэгістраваная рэкордная колькасьць адкліканых навуковых артыкулаў

У буйных навуковых выданьнях пачаліся традыцыйныя падсумаваньні вынікаў году. Вось Nature падзяліўся несуцяшальнымі.

2023 год адзначыўся самай вялікай колькасьцю адкліканых артыкулаў: іх назьбіралася больш за 10 000. Гэта больш, чым за 2022 і 2021 разам, і за пэрыяд з 2013 па 2017.

Найчасьцей недакладнасьці й супярэчнасьці назіраліся ў артыкулах з Саудаўскай Арабіі (30.6 на 10 000 артыкулаў), Пакістану (28.1), РФ (24.9), Кітаю (23.5).

Адной з галоўных прычын такой тэндэнцыі называюць распаўсюджанасьць у згаданых краінах «папяровых фабрык» – прадпрыемстваў, якія прадаюць падробныя працы разам з аўтарскімі правамі ўсім ахвочым. Такія «дасьледаваньні» уяўляюць праблему нават тады, калі іх ніхто не чытае, бо на іх могуць спасылацца ў іншых публікацыях і аб’ядноўваць у мэтааналізы.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы вызначылі найбольш небясьпечныя аб’екты, якія ня варта браць на МРТ-сканаваньне

У часопісе BMJ зьявілася дасьледаваньне, у якім аўтары падзяліліся вынікамі сваёй працы па вывучэньню небясьпечнасьці розных абʼектаў у магнітным полі.

Для досьледу была пабудаваная электрамагнітная пускавая ўстаноўка, дно якой было закрытае балістычным гелем для імітацыі чалавечага цела. З супрацьлеглага канца адбываўся запуск розных абʼектаў у магнітным полі апарата. А потым аўтары ацэньвалі пашкоджаньні па глыбіні пранікненьня ў гель.

У якасьці знарадаў выкарыстоўвалі рознае: іPhone 6, электронны тэрмомэтар, стэтаскоп, нажніцы, мэталічная банкаўская карта й інш. Аднак трапіла ў цэль толькі 5:

1️⃣нож (5.5 см)
2️⃣чайная лыжка (5.0 см)
3️⃣відэлец (4.0 см)
4️⃣сталовая лыжка
5️⃣манэта 10 пэні (0.5 см)

Аўтары паведамляюць, што асацыяцый паміж масай знарада й ягонай паражальнай здольнасьцю выяўлена не было. Таксама яны прыйшлі да высновы, што пацыентам не дарма нагадваюць пра небясьпечнасьць мэталічных прадметаў каля апарату МРТ і мэдыкам пра гэта таксама варта памятаць.

Да гэтага жартоўнага дасьледаваньня аўтары рыхтаваліся 3 гады й старанна прадумвалі меры бясьпекі.

Читать полностью…

cybulinka

😷 Бэрлінская лякарня Charіté паведаміла пра рост цяжкіх кавідных выпадкаў

Паведамленьне з даволі знаёмым зьместам зьявілася ў Хтвітэры ўстановы. У ім гаворыцца, што ўсё больш пацыентаў з COVІD-19 трапляюць у аддзяленьне рэанімацыі й інтэнсыўнай тэрапіі, прытым прыблізна ў 10% выпадках патрабуецца штучнае насычэньне крыві кіслародам, бо лёгкія не даюць з гэтым рады.

Читать полностью…

cybulinka

Крэатыўнасьць (творчасьць) чалавека даволі складана вызначыць і вымераць. Звычайна для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць тэсты на гнуткасьць мысьленьня й дасьледуюць творчыя працэсы. Але такія падыходы не заўсёды даюць слушны вынік.

Найлепшым тэстам для вымярэньня крэатыўнасьці дагэтуль застаецца DAT (Dіvergent Assocіatіon Task), распрацаваны ў 2021 годзе. Тэст даступны ўсім ахвочым па спасылцы (анг.).

Там спачатку трэба напісаць 10 не зьвязаных між сабою назоўнікаў, а потым кампутарны альгарытм вымерае адлегласьць паміж словамі й выдасьць вынік.

Тэст распрацоўвалі з улікам меркаваньня, што творчыя людзі могуць генэраваць пары словаў з большай «адлегласьцю», то бок, максымальна не зьвязаных між сабою. І пакуль ён нічым не саступае іншым мэтадам вызначэньня творчасьці.

Читать полностью…

cybulinka

Сёлета зьявілася першая надзея на лекаваньне хваробы Альцгаймэра, але пэрспэктывы цьмяныя

Можна было падумаць, што 2023 год стаў пераломным у барацьбе з хваробаю Альцгаймэра: ЗША і Японія ўхвалілі першы прэпарат, які ня проста палягчае сымптомы, а запавольвае разьвіцьцё хваробы. Аднак леканэмаб сустрэў шмат крытыкі.

Клінічныя выпрабаваньні паказалі, што прэпарат запаволіў зьніжэньне кагнітыўных функцый у пацыентаў з раньнімі стадыямі хваробы на 27% цягам 18 месяцаў. Што праўда, розьніца паміж леканэмабам і плацэба склала 0.5 балаў з 18 па адмысловай шкале. То бок, пагаршэньне стану было 1.2 і 1.7 балаў адпаведна. Шмат адмыслоўцаў мяркуюць, што такі вынік нельга лічыць сапраўдным клінічным эфэктам. Іншы падобны прэпарат на стадыі выпрабаваньняў паказаў прыблізна такія ж вынікі.

Прытым дасьледнікамі адзначаецца, што зьніжэньне якасьці жыцьця мела больш выразны эфэкт (прэпарат запавольваў пагаршэньне на 50%). Гэта значыць, што пацыенты даўжэй захоўвалі сваю самастойнасьць у штодзённым жыцьці.

Читать полностью…

cybulinka

Даражэнькія, сёння хачу вам распавесьці пра самыя цікавыя коміксы па-беларуску!

Публікацыі новага якаснага кантэнту адбываюцца штодня.

Далучайцеся да свету сучасных беларускамоўных коміксаў на штодзённыя тэмы ❤️

Читать полностью…

cybulinka

Ковід стаў прычынай паралюшу галасавых складак у 15-гадовай дзяўчыны

Праз колькі дзён пасьля выяўленьня інфэкцыі SARS-CoV-2 дзяўчына пачала скардзіцца на праблемы з дыханьнем і аддышку. Выявілася, што хвароба адняла галасавыя складкі, таму дзяўчыне спатрэбілася апэрацыя (трахеастома). Праз 13 месяцаў пацыентка ўсё яшчэ не можа паўнавартасна дыхаць.

Раней у дзяўчыны дыягнаставалі астму і трывожнасьць, аднак абсьледваньне не выявіла сувязі з паралюшам абодвух галасавых складак. Такім чынам, гэта першы выпадак незвычайных наступстваў ковіду ў дзяцей, дагэтуль было вядома толькі пра выпадкі ў дарослых.

Читать полностью…

cybulinka

Здольнасьць бачыць ультрафіялет дапамагла аленям адшукаць ежу

Шатляндзкія навукоўцы ў сваім новым дасьледаваньні паведамілі, што, імаверна, вочы паўночных аленяў (Rangіfer tarandus) эвалюцыянавалі такім чынам, каб жывёла магла заўважыць сваю асноўную ежу падчас цёмных і сьнежных арктычных зімаў.

Такія вынікі могуць патлумачыць даўнюю загадку наконт таго, навошта паўночныя аленям здольнасьць бачыць ультрафіялетавы спэктар.

Асноўную частку рацыёну паўночных аленяў складае аленевы мох Cladonіa rangіferіna, які насамрэч ёсьць лішайнікам. Гэты кусьцісты лішайнік мае вялікае значэньне для выжываньня аленяў, на што паказвае лацінская назва.

Дасьледнікі выправіліся ў Шатляндзкае нагор’е, дзе жыве адзіны ў Вялікабрытаніі статак прывезеных паўночных аленяў. Таксама тут сустракаецца 1500 відаў лішайнікаў, аднак жывёлы ўсё адно з большага харчуюцца C. rangіferіna. З дапамогай адмысловага абсталяваньня й фільтраў, аўтарам удалося зымітаваць зрок аленяў і паглядзець ім на мясцовыя ляндшафты.

Аказалася, што незаўважныя на сьнезе чалавечаму воку лішайнікі, для аленяў выглядаюць цёмнымі плямамі. Мяркуецца, што менавіта такая здольнасьць дазваляе жывёлам лёгка шукаць улюбёную ежу.

Читать полностью…

cybulinka

Вітаю! Сёння хачу параіць вам канал на якім публікуюцца карысныя і цікавыя навіны, якія звязаныя са штучным інтэлектам у свеце і ў Беларусі! Новыя допісы кожны дзень, падпісвайцеся!!!!

Спасылка: /channel/belaiplatform

Читать полностью…

cybulinka

Чытаньне з паперы палепшыла разуменьне напісанага

Дасьледнікі з Унівэрсытэта Валенсыі вывучылі 25 публікацый, прысьвечаных разуменьню прачытанага. Усе яны былі апублікаваныя ў пэрыяд з 2000 па 2022 год, а агульная выбарка склала каля 470 000 чалавек.

Вынікі паказалі, што чытаньне з паперы можа ў пэрспэктыве павысіць узровень разуменьня ў 6-8 разоў у параўнаньні зь лічбавымі носьбітамі. Але электронныя кнігі, відаць, не трапілі ў выбарку.

Навукоўцы тлумачаць такі эфэкт тым, што якасьць друкаваных тэкстаў звычайна вышэй, бо іх шмат разоў пераправяраюць карэктары й аўтаркі/аўтары.

Таксама паведамляецца, што чытаньне з экрану больш паверхневае, то бок, чалавек не цалкам апускаецца ў сюжэт лічбавага тэксту.

Без галасаваньня не абысьціся:
🔥- чытаю друкаваныя кнігі
👍- толькі лічбавыя (кнігі+сацсеткі)
❤️- чытаю ўсё, што бачу

Читать полностью…

cybulinka

Шымпанзэ пазналі сяброў на фотаздымках пасьля працяглага растаньня

Звычайныя й карлікавыя шымпанзэ ў заапарках помняць сяброў, зь якімі яны кантактавалі больш за 20 гадоў таму. Такую доўгатэрміновую сацыяльную памяць можна параўнаць з чалавечай.

Спачатку дасьледнікі заўважылі, што пры вяртаньні да папуляцый шымпанзэ, зь якімі яны некалі працавалі, прыматы пачыналі іх пазнаваць. Каб высьветліць, як доўга захоўваюцца такія сацыяльныя ўспаміны, было вырашана зладзіць досьлед з удзелам 12 карлікавых і 15 звычайных шымпанзэ.

Кожнаму прымату на экране цягам 3 сэкунд паказвалі пары фотаздымкаў іншых шымпанзэ. На адным здымку былі знаёмыя (жылі разам ня менш за год), а на другім – незнаёмыя малпы.

Адсочваньне рухаў вачэй паказала, што ўсе ўдзельнікі досьледу глядзелі на здымкі былых суродзічаў крыху даўжэй (на 1/4 с больш). Але самымі працяглымі былі позіркі на здымкі тых суродзічаў, зь якімі ў досьледных прыматаў былі добрыя стасункі.

Цікава, што самка карлікавага шымпанзэ Луіза, падаецца, пазнала сваю сястру Лёрэту й пляменьніка Эрына, пасьля 26 гадоў растаньня.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што шымпанзэ запамінаюць суродзічаў і помняць пра іх вельмі доўга. Відаць, гэта прыклад самай працяглай доўгатэрміновай сацыяльнай памяці ў жывёлаў, не ўлічваючы чалавека.

Читать полностью…

cybulinka

Какаду Гофіна заўважылі за размочваньнем сухароў

Біёлягі зь Венскага ўнівэрсытэту выпадкова заўважылі, што какаду Гофіна (Cacatua goffіnіana) у няволі размочваюць сухары ў вадзе й, відаць, так ім больш падабаецца смак.

За 12 дзён назіраньня, 7 з 18 какаду размочвалі сабе ежу. Найчасьцей у міску з вадой траплялі сухары, але былі выпадкі з бананавымі й какосавымі чыпсамі. Агулам ежу ў вадзе птушкі трымалі каля 20 сэкунд.

Читать полностью…

cybulinka

Прадукты зь веганскімі надпісамі адпудзілі патэнцыйных пакупнікоў

Шматлікія доказы сьведчаць пра карысьць расьліннай дыеты для здароўя й навакольнага асяродзьдзя, але гэтага недастаткова. Дасьледнікі выявілі нечаканую перашкоду на шляху адмовы ад прадуктаў жывёльнага паходжаньня.

Падчас экспэрымэнту з удзелам 7 300 чалавек, людзі з большай імавернасьцю абіралі набор прадуктаў без мяса й малака, калі яны не называліся веганскімі. Таксама ўдзельнікі пужаліся надпісу « на расьліннай аснове», але ня так моцна.

Дасьледнікі разьбілі ўсіх удзельнікаў на пяць груп з рознымі досьледнымі ўмовамі. Кожнаму ўдзельніку ў анляйн-краме на выбар прапаноўвалася два кошыка: адзін звычайны, а другі без прадуктаў жывёльнага паходжаньня (ПЖП). Апошні па-рознаму пазначаўся для кожнай групы (веганскі, на расьліннай аснове, здаровы, экалягічны ці здаровы й экалягічны).

Незалежна ад умоваў экспэрымэнту, людзі часьцей аддавалі перавагу мяса-малочнаму кошыку. Аднак у групах, дзе кошык без ПЖП пазначалі «здаровым і экалягічным», яго выбіралі найчасьцей (44%), а вось кошыкі з назвамі «веганскі» і «на расьліннай аснове» бралі ў 20 і 27 адсотках выпадкаў адпаведна.

Читать полностью…

cybulinka

У часопісе BMJ выйшла падборка сьвяточных паштовак, створаных з дапамогай генэратыўнай мадэлі. Пад кожным малюнкам там пакінулі падказку (prompt), якую можна самастойна скарыстаць у іншых нэўрасетках.

На здымках вышэй тое, што атрымалася ў мяне з дапамогай DALL-E 2 і DeepAІ. (Некаторыя падказкі давялося крыху зьмяніць)🤫

Пішыце ў камэнтарах, каго пазналі й дадавайце свае вынікі працы з нэўрасеткай🥳

Читать полностью…

cybulinka

У арктычных цюленяў знайшліся дзіўнаватыя косткі ў носе, якія не даюць ім замерзнуць

Лахтакі, альбо марскія зайцы (Erіgnathus barbatus) здабылі сабе адаптацыю для захаваньня цяпла ў экстрэмальна халодных умовах: мудрагелістыя, падобныя на лябірынт косткі ў носе.

Насамрэч, нечым падобным могуць пахваліцца птушкі й іншыя сысуны, у тым ліку й чалавек. Усе яны маюць пару тонкіх, сітаватых насавых костак, якія называюцца насавымі чарапашынамі (concha nasalіs). Такія структуры маюць шмат разгалінаваньняў і завіткоў, пакрытых тканкамі. Калі мы ўдыхаем паветра, яно, праходзячы праз чарапашыны, становіцца цёплым і вільготным, а потым трапляе ў лёгкія. На выдыху згаданыя структуры не даюць арганізму згубіць шмат вільгаці й цеплыні.

У жывёлаў, якія жывуць у халодных умовах, насавыя чарапашыны маюць больш складаную будову, бо чым больш плошча лябірынтаў, тым эфэктыўней награваецца паветра й захоўваецца вільгаць. Аднак цяпер выявілася, што марскія зайцы маюць самую складаную будову гэных костак.

Дасьледнікі зрабілі кампутэрную тамаграфію марскому зайцу й цюленю-манаху (Monachus monachus), а потым з дапамогай мадэляваньня вывучылі, колькі энэргіі й форме цяпла губляецца пры фізыялягічных працэсах.

Хаця ў абодвух цюленяў насавыя чарапашыны маюць складаную будову, косткі марскога зайца апынуліся больш шчыльнымі й эфэктыўнымі. Напрыклад, за адзін удых пры -30°С ён губляў у 1.45 разу менш цяпла й у 3.5 разу менш вільгаці, чымся цюлень-манах. Прытым эфэкт захоўваўся й пры +10°С.

Читать полностью…

cybulinka

Хаатычны й нераўнамерны рэжым сну зьвязалі з павелічэньнем рызыкі дэмэнцыі

Дасьледнікі з Амэрыканскай акадэміі нэўралёгіі заўважылі, што ў людзей сталага веку зь няўстойлівым рэжымам сну імавернасьць разьвіцьця дэмэнцыі можа быць на 53% больш, чымся ў тых, хто сьпіць стабільна.

Цягам 7 гадоў аўтары назіралі за 88 094 ахвотнікамі зь сярэднім узростам 62 гады. Для вызначэньня рэжыму сну, людзям давялося тыдзень насіць адмысловыя прылады. На базе атрыманых зьвестак быў разьлічаны індэкс рэгулярнасьці: калі чалавек засынаў і прачынаўся ў адзін і той жа час, то яму давалі 100 балаў, а калі час быў розным, то 0.

За час назіраньня дыягназ атрымалі 480 чалавек. Найбольшая рызыка была ў тых, хто меў меншы індэкс рэгулярнасьці.

Читать полностью…
Subscribe to a channel