cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Паглядзіце, якую незвычайную птушку сфатаграфаваў арнітоляг-аматар Джон Мурыльлё у запаведніку Калюмбіі.

Зялёны саі Chlorophanes spіza адносна невялікія птушкі (да 14 см), якія харчуюцца пераважна пладамі, насеньнем і нэктарам. Самцы маюць блакітны колер пер’я, а самкі – зялёны.

А двухколерная птушка на здымках – рэдкі ўзор білятэральнага гінандрамарфізму. Зьява сустракаецца ў шматлікіх групах жывёлаў, асабліва сярод тых, для каго характэрны палавы дымарфізм. Гінандраморфныя арганізмы з аднаго боку маюць жаночыя прыкметы, а з другога – мужчынскія. Адным толькі вонкавым выглядам усё не абмяжоўваецца: палавыя органы таксама ў двух камплектах.

Гэта толькі другі зарэгістраваны выпадак білятэральнага гінандрамарфізму ў C. spіza, папярэдняе паведамленьне датуецца 1914 годам.

Читать полностью…

cybulinka

Мужчыны ў большай ступені гатовыя мець палігамныя стасункі, чымся жанчыны

У Вялікабрытаніі зладзілі апытаньне 393 гетэрасэксуальных мужчын і жанчын наконт іхняга стаўленьня да полігініі (многажонства) і паліандрыі (многамуства). Вынікі атрымаліся цікавымі:

🚹
Каля 30% апытаных мужчын выказалі гатоўнасьць быць у стасунках з больш чым адной жанчынай.

Быць у стасунках з адной жанчынай і іншымі мужчынамі пагадзіліся толькі 9%

🚺
11% жанчын пагадзіліся будаваць стасункі з больш чым адным мужчынам.

І толькі 5% пайшлі б на палігамныя стасункі з мужчынам і іншымі жанчынамі.

Читать полностью…

cybulinka

Пявучым птушкам патрэбна штодзённа трэнавацца, каб захаваць голас

Сьпяваньне ўключае ў сябе бадай самыя складаныя й таямнічыя рухі, на якія здольныя людзі й жывёлы. Вядома, што, каб сьпяваць сапраўды годна, толькі таленту недастаткова: трэба яшчэ ўмець каардынаваць сотні цягліц цела. Таму галасавы апарат можна напрактыкаваць, як і цягліцы канечнасьцей, але пра ўплыў фізычных практыкаваньняў на якасьць голасу вядома мала, бо зь людзьмі складана дамовіцца. А з птушкам прасьцей.

Аўтары новага дасьледаваньня паведамілі, што самцам пявучых птушак неабходна практыкавацца штодня, каб мець максымальна гучныя й прыгожыя песьні.

Таксама аўтары заўважылі, што ў выпадках, калі самцы не сьпявалі ўсяго колькі дзён, іхнія галасы станавіліся цішэйшымі, а песьні заўважна прасьцей. Напрыклад, пасьля 7 дзён маўчаньня, галасавыя цягліцы гублялі 50% сваёй пікавай моцы й самкі гэта заўважалі. Такія вынікі паказваюць, што цягліцы галасавога апарату маюць вялікую плястычнасьць, якая дазваляе ім хутка набываць і губляць тонус.

Читать полностью…

cybulinka

Natіonal Geographіc абраў лепшыя здымкі 2023 году

Вось некаторыя зь іх:

1. Хутка пасьля сьвітанку ў кенійскім запаведніку Лемэк плямістыя гіэны (Crocuta crocuta) прыйшлі на вадапой. Гіэны маюць рэпутацыю лютых, разумных і сацыяльных жывёлаў, якія жывуць матрыярхальных кланах. Фатографка Джэн Ґайтан скарысталася браніраваным робатам з аддаленым кіраваньнем, каб атрымаць такі здымак.

2. Сланы бадзяюцца па чайнай плянтацыі ў Індыі. Да пачатку 1900-х гадоў тут быў лес – частка натуральнага асяродзьдзя жывёлаў. Аўтар здымка Брэнт Стыртан (instagram).

3. Падчас вывучэньня сувязяў, якімі нэўроны адной вобласьці мазґоў злучаюцца зь іншай, навукоўцы знайшлі спосаб рэанімаваць мазґі толькі памерлай сьвіньні. Каманда дабілася посьпеху з дапамогай сумесі лекаў (сіні) і носьбіту кіслароду (чырвоны). Фота: Макс Аґілера-Гэльўэг.

4. Ва ўнівэрсытэце Браўна Брук Кўін (сіняя пальчатка) і Шэран Сўорц працавалі з кажанамі ў аэрадынамічнай трубе й просяць выдаць новы, больш страшны вірус, а то кавід ужо не пужае вывучаюць, як жывёлы рэагуюць на турбулентнасьць. Фота: Ніхоль Сабэцкі

Больш фота тут

Читать полностью…

cybulinka

Заяданьне стрэсу абцяжарыць аднаўленьне агранізму

Навукоўцы выявілі, што спроба заесьці стрэс тлустай і іншай нездаровай ежай зьніжае функцыю судзінаў і павышае рызыку сэрцавых захворваньняў.

Для дасьледаваньня аўтары паклікалі ўдзельнікаў ад 18 да 30 гадоў, якія не мелі праблем са здароўем. Усім ім на сьняданак прапаноўвалі па два круасаны з маслам, а потым цягам 8 хвілінаў прымусілі выконваць розныя матэматычныя заданьні на хуткасьць і без дадатковых сродкаў. Такое практыкаваньне мусіла імітаваць штодзённы стрэс.

Аказалася, што спажываньне тлустых круасанаў з маслам перад практыкаваньнямі зьніжала функцыю судзінаў у ўдзельнікаў на 1.74%. Мяркуецца, што такі спад можа запаволіць аднаўленьне арганізма пасьля фізычных і эмацыйных нагрузак (у т.л. стрэс). Прытым у папярэдніх досьледах было паказана, што зьніжэньне працаздольнасьці судзінаў на 1% вядзе да павышэньне рызыкі сэрцава-судзінных захворваньняў на 13%.

Аўтары падсумоўваць, што агулам стрэс лепей не заядаць, альбо абіраць у якасьці «камфортнай ежы» гародніну й садавіну.

Читать полностью…

cybulinka

Звычайнае абсьледаваньне на апараце МРТ ператварылася ў сапраўдны баявік

У справаздачы па непажаданых выпадках для FDA падрабязна апісваецца незвычайны выпадак з 57-гадовай пацыенткай. Жанчына мусіла прайсьці сканаваньне на апараце МРТ і, відаць, адчувала небясьпеку, бо таемна пранесла туды пісталет. У выніку пісталет пачаў прыцягвацца магнітным полем і стрэліў пацыентцы ў правую ягадзіцу.

На шчасьце, раненьне было невялікім, таму лекар аказаў дапамогу на месцы. Таксама паведамляецца, што падчас стандартнай праверкі перад абсьледаваньнем, у пацыенткі спыталі наконт наяўнасьці мэталічных прадметаў і зброі, але яна адказала адмоўна.

Праз тое, што магніт апарата заўсёды ўключаны, уваходзіць у кабінэт з мэталічнымі прадметамі катэгарычна забаронена. Апісана шмат выпадкаў, калі людзі траўмаваліся й гінулі ад інвалідных вазкоў, кіслародных балёнаў і мэталічных анальных стымулятараў.

Читать полностью…

cybulinka

😴💡Сон палепшыў запамінаньне й дадаў ілжывых успамінаў

Псыхолягі зь Ёркскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі высьветлілі, што сон пасьля актыўнага завучваньня станоўча ўплывае на запамінаньне, але існуе рызыка фармаваньня памылковых успамінаў.

Аўтары прапанавалі 488 ахвотнікам запомніць сьпіс блізкіх па сэнсу словаў, а потым аднавіць яго па памяці праз 12 гадзін. Пры гэтым некаторым удзельнікам дазволілі паспаць пасьля завучваньня сьпісу.

Вынікі паказалі, што тыя, хто меў магчымасьць прыдрамнуць у прамежкавы пэрыяд, агулам паказвалі лепшыя вынікі ў запамінаньні. Але ўдзельнікі гэтай групы часьцей дадавалі ў выніковы сьпіс тое, чаго не было.

Напрыклад, калі першапачаткова ў сьпісе былі словы «мэдсястра, больніца й хірургія», людзі часьцей прыпляталі туды яшчэ і «лекара», калі аднаўлялі сьпіс па памяці. Прытым такіх памылак было больш вечарам.

Аўтары мяркуюць, што эвалюцыйна нашая памяць разьвівалася не дзеля дакладнага запамінаньня падзеяў, а дзеля аднаўленьня іх сутнасьці.

Читать полностью…

cybulinka

Таксычныя камэнтары дэматывавалі вікіпэдыстаў

Аўтары новага дасьледаваньня зьвязалі зьніжэньне актыўнасьці карыстальнікаў вікіпэдыі з таксычнай атмасфэрай у суполцы.

Вікіпэдыя, найбуйнейшы энцыкляпэдычны праект, запаўняецца й рэдагуецца ахвотнікамі, якіх часта называюць вікіпэдыстамі. Таксама любы інтэрнэт-карыстальнік можа рэдагаваць інфармацыю ў любым артыкуле, што нэгатыўна адбілася на рэпутацыі праекту, але ён дагэтуль застаецца важнай даведачнай крыніцай.

Цяпер дасьледнікі вывучылі, як на актыўнасьць вікіпэдыстаў уплываюць нэгатыўныя камэнтары на ўласных старонках.

Аналіз камэнтароў ладзіўся на найбольш актыўных моўных рэдакцыях вікіпэдыі (ангельская, француская, гішпанская, італьянская, расейская) і з дапамогай адмысловага альгарытму, які й выяўляў таксычныя камэнтары. Агулам назьбіралася 57 млн камэнтароў за апошнія 20 гадоў.

У выніку выявілася, што вікіпэдысты з нэгатыўнымі камэнтарамі на сваіх старонках мелі зьніжаную актыўнасьць. Прытым гэткі эфэкт найбольш выразна назіраўся ў выпадках з новымі карыстальнікамі. Напрыклад, калі першы ці другі ўнёсак у праект суправаджаўся нэгатыўнымі водгукамі, то імавернасьць таго, што карыстальнік працягне справу зьніжалася амаль у 2 разы ў параўнаньні з тымі, каму не пакідалі камэнтароў.

А вы рабілі праўкі/ стваралі артыкулы на беларускіх вікіпэдыях?

✍️ - так
🌚 - не

Читать полностью…

cybulinka

Лябараторныя мышы зь нюансамі далі рады люстраному тэсту

Дасьледнікі зладзілі грызунам рознай афарбоўкі клясычны люстраны тэст, толькі адным жывёлам плямы наносіліся кантраснай фарбай, а іншым – наадварот. У выніку шматлікія мышы, апынуўшыся перад люстрам, спрабавалі пазбавіцца ад плямы. З чаго аўтары зрабілі выснову, што мышы з большага пазнаюць сябе ў адлюстраваньні.

Аднак такія паводзіны паказвалі ня ўсе грызуны, а толькі тыя, што раней узаемадзейнічалі зь люстрам і гадаваліся разам зь іншымі мышамі падобнай афарбоўкі. Яшчэ высьветлілася, што каб грызуны пазналі сваё адлюстраваньне, пляма на футры мусіла быць вялікай і кантраснай. Гэта сьведчыла пра тое, што жывёлы не адчувалі скурай саму фарбу, а спадзяваліся выключна на зрок.

Наступны аналіз мазґавой актыўнасьці паказаў наяўнасьць у гіпакампе мышэй пэўнай папуляцыі нэўронаў, якія актываваліся ў моманты пазнаваньня сябе. Таму навукоўцы пастанавілі, што для фармаваньня такіх нэўронаў і, як вынік, самасьвядомасьці, грызунам патрэбная сацыялізацыя.

Читать полностью…

cybulinka

Вітаньне зь незнаёмцамі можа павысіць узровень шчасьця

Суполка псыхолягаў з Турэччыны й Вялікабрытаніі зладзілі дасьледаваньне, у якім выявілі, што простае вітаньне зь незнаёмцамі можа павысіць задаволенасьць жыцьцём.

Аўтары даслалі людзям 63 407 адмысловых анкет, дзе трэба было прыгадаць нядаўнія выпадкі гутарак зь незнаёмцамі, а таксама ацаніць свой узровень шчасьця й задаволенасьці жыцьцём.

Такім чынам выявілася цікавая тэндэнцыя: тыя людзі, якія часта камунікавалі зь незнаёмцамі (вітаньні, размовы) часьцей адзначалі больш высокі ўзровень задаволенасьці жыцьцём.

Аўтары мяркуюць, што рэгулярная камунікацыя зь незнаёмымі людзьмі можа прывесьці да пачуцьця сацыяльнай прыналежнасьці, асабліва гэта будзе карысным тым, хто адчувае адзіноту.

❗️Раней САЗ прызнала адзіноту глябальнай праблемай сучаснага грамадзтва. У арганізацыі мяркуюць, што пачуцьцё адзіноты наносіць такую ж шкоду арганізму, як і 15 цыгарэт за дзень. Але інтравэртам хвалявацца няма чаго, бо тут пад адзінотай разумеюць сацыяльную ізаляванасьць, калі ў чалавека ёсьць патрэба ў сацыяльных кантактах, але няма з кім.

Читать полностью…

cybulinka

На белай акуле з выгрызенымі вантробамі знайшлі ДНК касатак

У кастрычніку на бераг Аўстраліі вынесла вялікую белую акулу (Carcharodon carcharias) з выедзенымі вантробамі, пры гэтым галава й плаўнікі рыбы засталіся некранутымі. Гэты быў першы такі выпадак у краіне.

Адмыслоўцы адразу западозрылі касатак, бо раней іх лавілі за прыгатаваньнем сасімі зь белых акул ля берагоў Паўднёвай Афрыкі. Цяпер стала вядома, што аналіз паказаў наяўнасьць ДНК касаткі на парэштках з аўстралійскага пляжу.

Найбольшую гастранамічную цікавасьць для касатак уяўляе вялікая, тлустая печань акулы, таму яны эфэктыўна атакуюць зьнізу й выядаюць толькі гэты орган.

Читать полностью…

cybulinka

Кафэін западозрылі ў нэгатыўным уплыве на плястычнасьць мазґоў

Штодзённае спажываньне вялікай колькасьці кафэіну можа запаволіць здольнасьць мазґоў запамінаць і апрацоўваць новую інфармацыю. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія прааналізавалі вынікі двух невялікіх дасьледаваньняў.

Калі кафэін трапляе ў арганізм, ён хутка пачынае блякаваць адэназін – сыгнальнае злучэньне, якое адказвае ў тым ліку й за пачуцьцё аспаласьці ў вызначаны час. Таму кафэін мае рэпутацыю рэчыва, якое надае бадзёрасьці.

Аднак адэназін яшчэ ўплывае на доўгатэрміновае патэнцыяваньне (LTP), якое наўпрост зьвязанае з утварэньнем сувязяў паміж нэўронамі. Апошняе грае ключавую ролю ва ўспрыманьні мазґамі новай інфармацыі й адаптацыі зь цягам часу.

Навукоўцы ў першым дасьледаваньні параўналі асацыянаваныя з навучаньнем і запамінаньнем мазґавыя сыгналы аматараў кавы й тых, хто яе не спажывае. Вынікі аўтараў зьдзівілі, бо яны супярэчылі папулярнаму меркаваньню, што кафэін спрыяе плястычнасьці мазґоў.

У другім досьледзе ўдзельнікі прайшлі праз працэдуру транскраніяльнай магнітнай стымуляцыі мазґоў (TMS), каб прывесьці іх у гатовы да навучаньня стан. А навукоўцы потым параўналі актыўнасьць LTP. Аказалася, што мазґі людзей, якія практычна не спажывалі кафэіну былі больш падрыхтаванымі да ўспрыманьня новай інфармацыі, чым мазґі аматараў кафэіну.

Дасьледаваньні мелі маленькія выбаркі, што стала іх галоўным абмежаваньнем, аднак яны могуць стаць пачаткам новага й больш дасканалага вывучэньня кафэіну.

Читать полностью…

cybulinka

Першыя за 100 гадоў ківі нарадзіліся ў дзікай прыродзе

Невялікія й пухнатыя ківі сталі адным з самых пазнавальных сымбаляў Новай Зэляндыі, але прадстаўнікоў віду Apteryx рэдка можна пабачыць у прыродзе, а ў ваколіцах Ўэлінгтана іх не было 100 гадоў.

Таму быў распачаты адмысловы праект па вяртаньні ківі ў натуральнае асяродзьдзе. Так, у 2022 годзе недалёка ад сталіцы выпусьцілі 11 выгадаваных у няволі птушак. Сёлета ў дзікую прыроду адпусьцілі яшчэ 52 птушкі, а цягам 5 гадоў плянуецца выпусьціць яшчэ 200 асобінаў.

Цяпер стала вядома, што першыя ківі ўжо прынесьлі патомства (на фота).

Читать полностью…

cybulinka

Стрыманы чых парваў трахею брытанца

Лекары зь Вялікабрытаніі апісалі незвычайны выпадак разрыву трахеі (дыхніцы) у маладога чалавека. Паводле словаў пацыента, ён адчуў невыносны боль у шые адразу пасьля спробы стрымаць чых закрыўшы рукамі нос і рот. У лякарні мэдыкі заўважылі павелічэньне аб’ёму шыі й зрабілі пацыенту кампутэрную тамаграфію, якая й выявіла разрыў дыхніцы памерам 2х2х5 мм. Аднак апэрацыя маладому чалавеку не спатрэбілася.

Раней адмыслоўцы апісалі выпадкі разрыву горла ў выніку стрыманага чыху, аднак з траўмаваньнем дыхніцы выпадкаў не было.

Читать полностью…

cybulinka

Антарктычныя пінгвіны сьпяць тысячы разоў на дзень

Драмаць па некалькі разоў на дзень – звычайная зьява для птушак, асабліва падчас выседжваньня яец. Напрыклад, для галубоў цалкам нармальна цягам дня засынаць шмат разоў на 10 сэкунд. Але антарктычным пінгвінам Pygoscelis antarcticus удалося давесьці такі рэжым сну да крайнасьці: 10 000 драманьняў па 4 сэкунды кожнае.

У сэзон гнездаваньня самцы антарктычных пінгвінаў выседжваюць яйцы, пакуль самкі выпраўляюцца на працяглыя пошукі ежы. Увесь гэты час самцам даводзіцца быць асабліва пільнымі, бо побач шмат іншых марскіх птушак, якія не супраць паласавацца яйцамі. Але як пінгвіны захоўваюць кругласутачную пільнасьць?

Адказаць на гэтае пытаньне паспрабавалі францускія навукоўцы, якія прычапілі на 14 пінгвінаў адмысловыя чуйнікі для маніторынгу мазґавой актыўнасьці. Назіралі за птушкамі 11 дзён, а потым вывучылі атрыманыя зьвесткі.

Аказалася, што антарктычныя пінгвіны сьпяць прыблізна 11 гадзін на дзень, але разьбіваюць іх на больш чым 10 000 кароткіх сноў па 4 сэкунды кожны. Такія «мікрасны» раўнамерна разьмеркаваныя цягам усіх сутак.

Читать полностью…

cybulinka

⚡️Эмодзі не адлюстроўваюць у поўнай ступені біяразнастанасьць Зямлі

Каманда эколягаў зь Міланскага ўнівэрсытэту вывучыла калекцыю сучасных эмодзі на сайце Emojіpedіa, каб высьветліць, ці адлюстроўвае яна біяразнастайнасьць Зямлі. Аказалася, што сярод эмодзі назіраецца моцны перакос у бок хрыбетных, а вось расьліны, грыбы й іншыя прадстаўлены мала.

У катэгорыі «Жывёлы й прырода» аўтары знайшлі 214 піктаграм, 150 зь якіх маюць адпаведнік у прыродзе. Аднак у некаторых выпадках адной істоце адпавядала некалькі піктаграм, таму агулам налічылася 112 унікальных эмодзі, большасьць зь якіх (92) прыпадала на хрыбетных.

Найбольш распаўсюджаным тыпам жывых істот на Зямлі зьяўляюцца суставаногія, але ў калекцыі ім адпавядаюць толькі 16 эмодзі. Малюскі, жыгучыя й колцавыя чарвякі мелі 4, 2 і 1 адсотак эмодзі адпаведна, а круглыя й пляскатыя чарвякі (больш за 10 000 відаў кожны тып) увогуле не знайшліся на піктаграмах.

Цікава, што падобны перакос назіраўся й у базе дадзеных Міжнароднага зьвязу аховы прыроды й прыродных багацьцяў, таму, паводле меркаваньня аўтараў, адлюстраваньне біяразнастайнасьці ў эмодзі можа ўзьняць цікавасьць да аховы некаторых груп жывых істот.

Читать полностью…

cybulinka

Мэтэарыты ўяўляюць сабою кавалкі мэталу й пароды, якія выпадкова трапілі на Зямлю. Аднак іхны склад залежыць ад шэрагу фактараў, напрыклад ад паходжаньня.

Бывае так, што мэтэарыт пэўным чынам адкалоўся ад ядра астэроіда, тады жалеза й нікель могуць утвараць унутры яго незвычайны ўзор Відманштэтана (на фота).

Такая складаная структура ўтвараецца толькі ва ўмовах ядраў астэроідаў, бо для яе фармаваньня неабходна каб расплаўлены сплаў мэталаў астываў вельмі павольна: некалькі градусаў Цэльсія за мільён гадоў❗️

Круглявыя дробкі пасярод строгага ўзору – піратыт (сульфід жалеза). Ён ня можа зьмяшацца з астатнімі складнікамі, бо атамы серкі завялікія для крышталічнай структуры🤷‍♂️

Читать полностью…

cybulinka

Электрычныя вугры мяняюць ДНК жывёлаў побач

Навукоўцы часта выкарыстоўваюць электрычнасьць для таго, каб прымусіць вузы паглынуць неабходную ДНК, а цяпер высьветлілася, што падобны працэс з удзелам электрычных вугроў (Electrophorus electricus) можа адбывацца й у прыродзе.

Японскія дасьледнікі зьмясьцілі электрычных вугроў разам з малькамі рыбак Danіo rerіo у акварыюм з вадой, у якой свабодна плавала ДНК, здольная кадаваць флюарэсцэнтны бялок. Потым у акварыюм запусьцілі рыбу, якая стала здабычай для вугроў. Гэта было неабходна зрабіць, каб справакаваць электрычныя імпульсы амплітудай каля 185 вольт, бо ў прыродзе вугры карыстаюцца сваёй супэрздольнасьцю ў паляваньні й для ўласнай абароны.

Праз некалькі дзён аўтары заўважылі, што частка малькоў D. rerіo пачалі сьвяціцца (на фота). Гэта сьведчыла пра пасьпяховы перанос флюарэсцэнтных генаў з асяродзьдзя. Што праўда, пакуль невядома, ці перададуць яны флюарэсцэнцыю наступным пакаленьням.

Такія вынікі сьведчаць пра тое, што электрычныя вугры й іншыя падобныя істоты могуць стымуляваць своеасаблівую генэтычную мадыфікацыю ў прыродзе, але гэта трэба будзе дадаткова спраўдзіць у наступных дасьледаваньнях.

Читать полностью…

cybulinka

Самы рэдкі алігатар у сьвеце

У парку «Gatorland» (Флёрыда) нарадзіўся самы рэдкі алігатар цалкам белага колеру з блакітнымі вачыма. Такі зьнешні выгляд зьвязаны не з альбінізмам, калі пігмэнт мэлянін увогуле адсутнічае, а зь леўцызмам – мутацыяй у спэцыфічных вузах, адказных за сынтэз пігмэнту. Таму ў выпадку леўцызма жывёлы маюць каляровыя вочы, а часам і частковую афарбоўку.

Дарэчы, мутацыя даволі рэдкая сярод алігатараў: цяпер вядома толькі пра 7 жывёлаў, у той час як алігатараў-альбіносаў налічваецца ад 100 да 200 у сьвеце.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 22

🧅Амэрыканскія дасьледнікі мяркуюць, што існуе генэтычна абумоўленая ўнівэрсальная сыстэма невэрбальнай камунікацыі. Гэта спраўдзілі ў простых досьледах зь дзецьмі 3-12 гадоў (мовы: 🇬🇧 і 🇹🇷). Спачатку дзяцей прасілі з дапамогай жэстаў і словаў паказаць дзеяньне, напрыклад, бег у дом. А потым іх прасілі зрабіць тое самае, але толькі жэстамі. Аўтары заўважылі, што ў першым выпадку жэсты адрозьніваліся ў залежнасьці ад мовы, на якой гаварылі дзеці, а вось у другім выпадку, калі тлумачыць дзеяньне трэба было без словаў, жэсты былі амаль аднолькавымі.

🧅Скандал у сусьветнавядомых унівэрсытэтах. Пасьля таго як хамас сваім нападам на Ізраіль справакаваў абвастрэньне канфлікту ў Газе, у некаторых амэрыканскіх унівэрсытэтах распачаліся дэманстрацыі, на якіх часта гучалі антысэміцкія заклікі. У выніку прэзыдэнтак трох вядомых установаў выклікалі ў Кангрэс, дзе спыталі, ці парушаюць правілы й кодэксы іхных унівэрсытэтаў заклікі да генацыду яўрэяў. Аднак цямнага адказу не прагучала. Пасьля таго, як відэа з допытам разьляцелася па сеціве, спонсары Пэнсільванскага ўнівэрсытэту адклікалі гранты на суму $100 млн і запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнткі Ліз Мэгіл. Затрымацца на пасадзе не дапамагло нават відэа з выбачэньнямі тлумачэньнямі. А вось прэзыдэнтка Гарвардзкага ўнівэрсытэту Клёдын Ґей пакуль проста выбачылася за спрэчны выступ.

🧅Кампанія па генэтычнаму тэставаньню 23andMe пацьвердзіла кастрычніцкую ўцечку дадзеных. Паведамляецца, што хакеры атрымалі доступ да 14 000 уліковых запісаў з дадзенымі пра магчымых сваякоў, але непасрэдна генэтычныя зьвесткі засталіся некранутымі. Агулам былі скрадзеныя дадзеныя 6.9 млн чалавек. 23AndMe робіць разнастайныя дасьледаваньні на аснове ДНК, найбольш папулярнымі сталі аналізы паходжаньня й магчымых сваякоў.

🧅Утропы за Вялікабрытаніяй Злучаныя Штаты дазволілі CRІSPR-тэрапію спадчынных захворваньняў. Адмысловы прэпарат на базе ствалавых клетак пацыентаў можна будзе прымяняць з 12 гадоў.

🧅Hubble зноў працуе. Ад 8 сьнежня інжынэры пачалі паступова ўключаць сыстэмы абсэрваторыі, таксама адзначаецца, што ўсе гіраскопы працуюць звычайна 🤞

Читать полностью…

cybulinka

Прагляд тэлевізара й кіно нэгатыўна адбіліся на фантазыі людзей

Аўтары новага дасьледаваньня пацьвердзілі, што чытаньне спрыяе разьвіцьцю фантазыі, а прагляд тэлевізара й кіно – не. Мяркуецца, што нэгатыўны ўплыў у апошнім выпадку зьвязаны з тым, што па ТБ і ў кіно мы бачым гатовыя вобразы, а вось падчас чытаньня, калі гэта не штосьці вельмі спэцыфічнае, нашыя мазґі актывуюць свае здольнасьці мысьленнай візуалізацыі.

Агулам фантазыя грае важную ролю ў разьвіцьці асобы чалавека й уплывае ня толькі на творчасьць, але й эмпатыю ды здольнасьць плянаваць. Таму фантазыю важна разьвіваць у дзяцей, у тым ліку з дапамогай кніг.

Дасьледаваньне ладзілася з удзелам больш за 200 маладых людзей, якім паказвалі фільмы й тэксты, а потым прасілі ўявіць і параўнаць аб’екты ці пэрсанажаў. Прытым тут аўтары не выкарыстоўвалі дадатковых апаратаў для вымярэньня мазґавой актыўнасьці, а наўпрост адсочвалі час🤷‍♂️

Вынікі паказалі, што пасьля чытаньня тэкстаў удзельнікі хутчэй і больш дакладнана давалі рады заданьню, чым пасьля прагляду фільмаў. Таксама гэта можа сьведчыць пра тое, што для стварэньня вобразу ў мазґах выкарыстоўваецца ня толькі зрок.

Читать полностью…

cybulinka

Альгарытм навучылі беспамылкова вызначаць вытворцу чырвонага віна

Глыбокі аналіз чырвоных він Бардо раскрывае таямніцы іхняй унікальнасьці, якая залежыць ад месца вырошчваньня вінаграду. Швайцарскія дасьледнікі скарысталіся мэтадамі машыннага навучаньня, каб прааналізаваць хімічны склад 80 чырвоных він, зробленых у пэрыяд з 1990 па 2007 год у знакамітым рэгіёне Францыі.

Падыход уключаў выпарэньне віна, падзел сухой сумесі на кампанэнты й стварэньне храматаграм для кожнага ўзору. Альгарытм навучалі ня толькі на храматаграмах, але й на зьвестках пра паходжаньне й вытворцу віна. У выніку шматразовых праверак выявілася, што альгарытм пасьпяхова вызначаў шато (вытворцу) у 100% выпадкаў, а вось год толькі ў 50%.

Такое дасьледаваньне падкрэсьлівае ролю геаграфіі, клімату й тэхналёгій вінаробства ў фармаваньні ўнікальных характарыстык він. У доўгатэрміновай пэрспэктыве падобныя альгарытмы могуць стаць эфэктыўным сродкам для праверкі віна на сапраўднасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Ультрагук пасьпяхова выкарысталі для дастаўкі вакцыны

Новы мэтад не пашкоджвае скуру й пазбаўляе ад неабходнасьці выкарыстаньня іголак.

Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту спачатку зьмяшалі малекулы вакцыны з адмысловымі бялкамі чашападобнай формы, а потым атрыманую сумесь нанесьлі на мышыную скуру й паўтары хвіліны ўзьдзейнічалі на ўсё гэта ўльтрагукам.

Такім чынам ультрагук пачаў прасоўваць сумесь праз верхнія слаі скуры, дзе бялковыя малекулы пачалі ўтвараць бурбалкі, якія дапамагалі вакцыне трапіць яшчэ глыбей.

У выніку аказалася, што з ультрагукам у арганізм трапіла прыблізна ў 700 разоў менш малекул вакцыны, чым пры выкарыстаньні шпрыца, але грызуны мелі больш антыцел. Такі эфэкт можа быць зьвязаны з тым, што ў скуры агулам больш імунных клетак, чымся ў цягліцах, але дасьледнікі яшчэ ўдакладняюць гэта.

Читать полностью…

cybulinka

Сабакі эфэктыўней за катоў перадухіляюць дэмэнцыю

Японскія навукоўцы зладзілі анкетаваньне 11 194 чалавек сталага веку, у якім цікавіліся наяўнасьцю хатніх гадаванцаў. Усе атрыманыя зьвесткі былі суаднесеныя з дадзенымі аб дэмэнцыі з адмысловай праграмы.

Агулам 8.3% ад выбаркі былі гаспадарамі сабак, а 6.3% мелі дома катоў. Цягам чатырохгадовага назіраньня, дэмэнцыя выявілася ў 5% удзельнікаў:

🐕
3.6% цяперашнія ўладальнікі сабак,
5.1% раней альбо ніколі не мелі сабак,

🐈
4.5% цяперашнія ўладальнікі катоў
5.0% раней альбо ніколі не мелі катоў.

Найніжэйшымі адносіны шанцаў на дэмэнцыю былі ў фізычна актыўных гаспадароў сабак (0.37), потым ішлі гаспадары сабак без сацыяльнай ізаляцыі (0.41).

Свае вынікі аўтары тлумачаць тым, што ўладальнікі сабак часьцей шпацыруюць і гутараць зь іншымі людзьмі, а гэта дадатковая фізычная й сацыяльная актыўнасьць. Аднак у дасьледаваньні навукоўцы не ўлічвалі псыхалягічныя моманты, збольшага засяродзіўшыся толькі на фізычнай актыўнасьці ды час назіраньня быў даволі кароткім.

Читать полностью…

cybulinka

Музычны густ можа раскрыць маральныя каштоўнасьці чалавека

Міжнародная каманда навукоўцаў зладзілі досьлед з удзелам 1400 чалавек, якіх папрасілі запоўніць псыхамэтрычныя анкеты для выяўленьня маральных каштоўнасьцей і падзяліцца сваімі ўлюбёнымі музыкамі.

Дасьледнікі расклалі на акустычныя й лірычныя складнікі 5 папулярных песьняў ад кожнага выканаўцы й падключылі да выяўленьня карэляцыі альгарытм машыннага навучаньня.

Вынікі паказалі, што спалучэньне лірычных і акустычных характарыстык музычных твораў перасягаюць базавую дэмаграфічную інфармацыю ў прадказаньні маральных якасьцяў чалавека. Напрыклад, вышыня гука й ягоны тэмбр аказаліся важнымі індыкатарамі клапатлівасьці й пачуцьця справядлівасьці, а вось сэнс і эмоцыі ў тэкстах эфэктыўна прадказвалі такія рысы, як вернасьць і шчырасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Энтамалягічны варыянт пытаньня пра курыцу й яйцо гучыць так: што зьявілася раней – атрута ці джала? І цяпер ёсьць адказ

Пад атрутай у заалёгіі разумеюць сумесь розных таксычных рэчываў (бялкі й фэрмэнты), асноўнымі задачамі якіх зьяўляецца абарона й здабываньне ежы. Атрута звычайна трапляе праз раны, напрыклад, ад іклаў, аднак у пчол пракол робіцца джалам.

Калі нямецкія навукоўцы прааналізавалі атруты трох відаў пчол (1 меданосны, 2 дзікіх), то знайшлі ажно 12 відаў бялкоў, агульных для гэтых балонкакрылых.

Потым адбыўся генэтычны аналіз, з дапамогай якога й удалося адшукаць гены, адказныя за сынтэз тых атрутных бялкоў. Аказалася, што яны зь мінімальнымі адрозьненьнямі сустракаюцца ў 32 відаў вусякоў, прытым ня ўсе зь іх маюць джала.

Гэта дазволіла адсачыць эвалюцыю атруты ў балонкакрылых (Hymenoptera). У выніку згаданыя генэтычныя варыяцыі знайшліся ва ўсіх прадстаўнікоў атраду, што сьведчыць пра наяўнасьць агульнага продка. То бок, спачатку зьявілася атрута, а потым джала.

Читать полностью…

cybulinka

Тэлескоп Hubble перавялі ў бясьпечны рэжым праз праблемы з гіраскопам

Шэраг праблем з абсталяваньнем распачаўся яшчэ 19 лістапада, калі адзін з гіраскопаў перастаў працаваць. Інжынэры далі рады з праблемай, але яна паўтарылася 21 лістапада, а ўжо 23 чысла тэлескоп прыпыніў навуковыя назіраньні на нявызначаны тэрмін.

Агулам на тэлескопе было ўсталявана 6 гіраскопаў, адказных за арыентацыю ў прасторы, але ў працаздольным стане заставалася толькі палова зь іх. Паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, касьмічная абсэрваторыя будзе нармальна працаваць і з адным гіраскопам, таму асаблівай пагрозы для працягнутай да 2026 году місыі няма.

У той жа час аднавіліся й абмеркаваньні магчымага тэхнічнага абслугоўваньня абсэрваторыі прыватнай кампаніяй. Тым больш, што NASA разам з SpaceX летась вывучалі такую магчымасьць, але вынікаў пакуль аніякіх не апублікавалі.

Дарэчы, гіраскопы ўжо даводзілася мяняць падчас апошняга тэхнічнага абслугоўваньня ў 2009 годзе.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 21

🧅Новазэляндзкі экспэрымэнт па забароне цыгарэт апынуўся пад пагрозай. Новая правацэнтрысцкая кааліцыя Новай Зэляндыі плянуе адмяніць закон аб барацьбе з курэньнем, які высока ацанілі навукоўцы й мэдыкі. Паводле яго, у бліжэйшыя гады плянавалася забараніць продаж тытунёвых вырабаў людзям, якія нарадзіліся пасьля 2008 году. Меркавалася, што такія меры дапамогуць скараціць колькасьць курцоў у краіне да 5% (2025 г.). Аднак лідэры новай кааліцыі абвесьцілі, што адменяць закон, а «тытунёвыя» даходы скарыстаюць для зьніжэньня іншых падаткаў. Такі крок ужо назвалі перамогай тытунёвых кампаній.

🧅Першы выпадак сьвінога грыпу ў Вялікабрытаніі. Мужчына перанёс хваробу ў лёгкай форме з тыповымі для грыпу сымптомамі й ужо ачуняў. Аднак расьсьледаваньне працягваецца, бо выявілася, што брытанскі H1N2 генэтычна адрозны ад астатніх выпадкаў (іх па сьвеце прыблізна 50, большы распаўсюд атрымаў H1N1). Адмыслоўцы мяркуюць, што пацыент падчапіў вірус ад сьвіней, але не выключаюць, што H1N2 можа перадавацца ад чалавека, таму яны ўважліва сочаць за сытуацыяй.

🧅Доўгатэрміновае ўжываньне лекаў ад СДУГ зьвязалі з павелічэньнем рызыкі сэрцава-судзінных захворваньняў. Швэдзкія навукоўцы выявілі павышаную рызыку сэрцава-судзінных захворваньня пры доўгатэрміновым ужываньні лекаў ад сындрому дэфіцыту ўвагі з гіпэрактыўнасьцю. Пэўныя асацыяцыі з разнастайнымі прэпаратамі й дозамі былі зьвязаныя з разьвіцьцём гіпэртэнзыі й праблем з артэрыямі. Прытым найбольш выразна эфэкт праяўляўся пры прыёме стымулятараў.

Читать полностью…

cybulinka

Сьляды канабісу знайшлі ў чалавечых парэштках 17 стагодзьдзя

Малекулы лекавых расьлін могуць быць знойдзеныя з дапамогай таксыкалягічнага аналізу нават праз стагодзьдзі пасьля сьмерці чалавека. Дасьледніца Ґея Джардана разам калегамі зь Міланскага ўнівэрсытэту паказала гэта сваёй працай.

Навукоўцы спачатку ўзялі ўзоры костак з парэшткаў 9 чалавек, якія былі пахаваныя ў склепе адной міланскай больніцы ў 17 ст., а потым здрабнілі іх і зладзілі таксыкалягічны аналіз, што дазволіла вылучыць і ідэнтыфікаваць пэўныя злучэньні.

У выніку малекулы псыхаактыўных складнікаў канапель выявіліся ў сьцягніцах мужчыны й жанчыны сярэдняга веку, пахаваных паміж 1638 і 1697 годам. Прытым аніякіх запісаў пра канабіс у захаваных мэдычных дакумэнтах не знайшлося. Таму аўтары прыйшлі да высновы, што людзі спажывалі каноплі ў межах самалячэньня.

Дасьледаваньне адметнае тым, што падобны падыход выяўленьня пэўных рэчываў упершыню прымянілі ў археалёгіі.

Читать полностью…

cybulinka

Неабходнай для адной біткоін-транзакцыі вадой можна напоўніць басэйн

Уплыў крыптавалют на навакольнае асяродзьдзе знаходзіцца пад пільнай увагай праз вялікую колькасьць спажываемай для майнінгу электраэнэргіі. Цяпер яшчэ дадалася праблема з вадой.

Алекс дэ Врыс з Амстэрдамскай школы бізнэсу й эканомікі VU падлічыў, што толькі ў Злучаных Штатах на падтрымку бясьпекі сеткі біткоіна ідзе ад 8.6 да 35.1 млрд літраў вады за год. Паводле падлікаў, за 2021 год на падтрымку біткоіна агулам пайшло 1.6 трлн літраў вады, а сёлета гэты паказьнік можа вырасьці да 2.3 трыльёнаў літраў агулам па сьвеце.

У падзеле на транзакцыі гэта значачыць, што адна ўгода зь біткоінам спажывае каля 16 000 літраў вады. Такога аб’ёму дастаткова каб напоўніць басэйн.

Читать полностью…
Subscribe to a channel