cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Вакол постэра да другога сэзону сэрыяла Lokі разгарэўся скандал.

Карыстальнікі сацсетак заўважылі на фоне гадзіньнік з прыкметамі выкарыстаньня генэратыўнага штучнага інтэлекту: паміж лічбамі шмат элемэнтаў, якія не нясуць аніякай функцыі й выглядаюць недарэчна. Гэта выклікала ўжо традыцыйнае абурэньне тым, што нэўрасеткі забіраюць працу ў людзей. Аднак у Dіsney зьняпраўдзілі выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў постэры.

Потым інтэрнэт-дэтэктывы адшукалі зыходную выяву гадзіньніка з постэра на сэрвісе Shutterstock, але ён не меў адпаведнай пазнакі пра выкарыстаньне ШІ, як і іншыя працы аўтара. Прытым зыходная выява была запампаваная ўжо пасьля ўвядзеньня абноўленых правілаў сэрвісу. Мэдыякарпарацыя аказалася ні пры чым.

Читать полностью…

cybulinka

Археолягі знайшлі ў старажытнаегіпэтскай магільне віно, якому 5000 гадоў.

Каманда дасьледнікаў з Аўстрыі й Нямеччыны падчас вывучэньня магільні першай егіпэтскай фараонкі Мэрэт-Нэйт раптоўна знайшла вінны склеп зь вялікай колькасьцю збаноў. Пры гэтым частка асартымэнту засталася скаркаванай. Вядома, знойдзенае віно ніхто піць ня будзе (я спадзяюся), бо за такі час яно перастала быць прыдатным для піцьця, але вось хімічны аналіз зладзіць можна, каб параўнаць са складам сучасных напояў.

Яшчэ археолягі знайшлі побач вінаграднае насеньне, рэшткі віна, жыцьцяпіс пахаванай на сьценах, і 41 магілу прыдворных і слугі, што сьведчыць пра высокі статус Мэрэт-Нэйт (раней ён аспрэчваўся, бо не было пераканаўчых доказаў). Дадатковы аналіз паказаў, што пахавальны комплекс будаваўся працяглы час, таму на пахаваньні фараонкі нікога адмыслова не забівалі. Хутчэй абслугу хавалі тут у знак павагі.

Читать полностью…

cybulinka

Аналіз ахвяраў гішпанскага грыпу паставіў пад сумнеў меркаваньне, што ад яго паміралі здаровыя маладыя людзі.

Пандэмію гішпанскага грыпу называюць самай масавай за ўсю гісторыю. Яна пачалася ў 1918 годзе й забрала жыцьцё ў 25-50 млн чалавек (1.3-3% папуляцыі). Праз тое, што асноўнымі ахвярамі хваробы былі людзі ўзростам ад 15 да 34 гадоў, адмыслоўцы мяркуюць, што ад гішпанкі паміралі ў першую чаргу маладыя й здаровыя людзі. Імаверна, гэта было зьвязана з надта моцным імунным адказам. Аднак цяпер адмыслоўцы прымянілі біяархеалягічны падыход, каб аб’яднаць інфармацыю пра здароўе й стрэс, атрыманую з астанкаў людзей, памерлых у 1918 годзе. Такім чынам яны спрабавалі вызначыць, паміралі здаровыя людзі, ці стрэс спрыяў павышанай сьмяротнасьці. Аўтары пад стрэсам разумеюць парушэньне біялягічнага гамеастазу, зьвязанае з болем, харчаваньнем і навакольным асяродзьдзем. Усе гэтыя фактары пакідаюць адбіткі на касьцях.

У выніку аўтары пастанавілі, што слабыя й нездаровыя людзі з большай імавернасьцю паміралі падчас пандэміі. То бок, найбольш высокім быў узровень сьмяротнасьці сярод людзей з прыкметамі сыстэмнага стрэсу. Гэтая відавочная выснова супярэчыць папярэднім меркаваньням аб сьмяротнасьці ад гішпанкі й у пэрспэктыве дасьць магчымасьць больш дакладна прадказваць уразьлівыя групы падчас наступнай пандэміі.

Читать полностью…

cybulinka

Чаму халодным надвор’ем хочацца есьці? Цяпер ёсьць адказ.

Каб разабрацца ў мэханізмах такой зьявы, нэўролягі зладзілі адмысловае дасьледаваньне, у ходзе якога знайшлі спэцыфічныя мазґавыя ланцугі, якія й стымулююць апэтыт пры нізкіх тэмпэратурах. Мяркуецца, што такія структуры маюцца ва ўсіх сысуноў, у тым ліку й у чалавека. Вынікі дасьледаваньня дапамогуць у распрацоўваньні новых мэтадаў тэрапіі парушэньняў абмену рэчываў і залішняй вагі.

Калі становіцца холадна, сысунам патрабуецца болей энэргіі, каб захаваць тэмпэратуру цела стабільнай. Гэта прыводзіць да павышэньня апэтыту, аднак дакладныя мэханізмы былі невядомымі. Цяпер навукоўцы на мышах паказалі, што існуе пэўная папуляцыя нэўронаў у талямусе (🟢 і 🟠 на фота), якая становіцца больш актыўнай разам зь недахопам энэргіі пры нізкіх тэмпэратурах. Калі дасьледнікі штучна павялічвалі актыўнасьць згаданых нэўронаў, то мышы праз некаторы час пачыналі адчуваць моцны голад. Але так адбывалася толькі ў халодных умовах.

Читать полностью…

cybulinka

Самую магутную сонечную буру выявілі з дапамогай дрэваў.

Міжнародная суполка навукоўцаў выявіла вялікі ўсплёск вугляроду-14 у гадавых кольцах дрэваў з францускіх Альпаў. Усплёск быў справакаваны магутнай сонечнай бурай, якая адбылася каля 14 300 гадоў таму.

Аўтары кажуць, што такая сонечная актыўнасьць сёньня мела бы катастрафічныя наступствы для тэхналягічнага грамадзтва: былі б зьнішчаныя электрасеткі, спадарожнікавыя сыстэмы й тэлекамунікацыі. Таму важна разумець рызыкі падобных падзеяў у будучыні, каб мець магчымасьць падрыхтавацца да іх загадзя.

Раней дасьледнікі знайшлі сьведчаньні іншых падобных штормаў прыблізна 15 000 гадоў таму, аднак дакладную прычыну падзеяў цяжка высьветліць, бо яны не назіраліся наўпрост.

Читать полностью…

cybulinka

Раптоўна выявілася, што сьвятлістых сысуноў даволі шмат.

У нядаўняй публікацыі паведамляецца, што больш за 100 відаў сысуноў маюць здольнасьць сьвяціцца пад ультрафіялетавым выпраменьваньнем. Спачатку біяфлюарэсцэнцыю выявілі ў спрынгхарэсаў (афрыканскія жывёлы, чымсьці падобныя на кенгуру) і качканосаў, але цяпер навукоўцы знайшлі такую здольнасьць у 107 з 125 дасьледаваных відаў.
Атарамі адзначаецца, што найчасьцей пад ультрафіялетавымі праменямі сьвяціўся белы ці сьветлы мех, але ў 68 відаў такую здольнасьць мелі пігмэнтаваныя кіпцюры. Таксама не выявілася залежнасьці ад ладу жыцьця віду: сьвяціліся й начныя, і дзённыя, але ў першым выпадку біяфлюарэсцэнцыя была крыху ярчэй.

Навошта такая адаптацыя, пакуль складана сказаць. Але аўтары нагадваюць, што ўльтрафіялетавае выпраменьваньне можа пашкодзіць зрок жывёлам, таму лепей карыстацца чырвонымі лямпамі, калі вы раптам выправіцеся на пошукі сьвятлістых сысуноў.

Читать полностью…

cybulinka

Нават «добры» халестэрын можа стаць шкодным.

У новым дасьледаваньні было паказана, што як нізкі, так і высокі ўзровень ліпапратэінаў высокай шчыльнасьці (ЛПВШ, добры халестэрын) можа быць зьвязаны з рызыкай разьвіцьця дэменцыі ў людзей сталага веку.

Навукоўцы з Бостанскага ўнівэрсытэту вывучылі мэдычныя зьвесткі 184 367 чалавек сталага ўзросту без дыягнаставанай дэменцыі. Высьветлілася, што ў пацыентаў з надта высокім узроўнем ЛПВШ, рызыка разьвіцьця дэменцыі была на 15% вышэй, а ў пацыентаў з надта нізкім – на 7%. Прытым высокія ўзроўні «кепскага» халестэрыну не мелі такой карэляцыі з разьвіцьцём нэўрадэгенератыўнай хваробы. Аўтары пры аналізе рабілі папраўкі на іншыя фактары (алькаголь, гіпэртэнзія, дыябэт), але варта чакаць іншых дасьледаваньняў.

Читать полностью…

cybulinka

📝Калі вы маеце адчуваньне, што мРНК-вакцыны зьявіліся ў пачатку пандэміі COVІD-19, ці проста цікава было б крыху больш дазнацца пра гэтую тэхналёгію, то прыемнага чытаньня.

Падчас падрыхтоўкі імкнуўся сабраць максымум зьвестак, але без складаных падрабязнасьцей.

https://telegra.ph/Nobel-2023-medycyna-10-04

Читать полностью…

cybulinka

Старажытныя людзі рабілі з чарапоў суродзічаў посуд.

Археолягі натрапілі на незвычайную знаходку ў нэалітычнай пячоры непадалёк ад Кардовы ў Гішпаніі. Ім удалося ідэнтыфікаваць галёнкавыя косткі, завостраныя для выкарыстаньня ў якасьці інструмэнту, а таксама чэрап, ператвораны ў кубак. Аднак дакладнае прызначэньне знаходак – штодзённае альбо рытуальнае выкарыстаньне – навукоўцы яшчэ мусяць высьветліць.

Радыёвугляродны аналіз 12 узораў паказаў тры пэрыяды выкарыстаньня: каля 3800 г. да н.э.,2500 і 1400 г. да н.э. (эпоха бронзы).

Читать полностью…

cybulinka

Праблема вялікай колькасьці спадарожнікаў на нізкай каляземнай арбіце паступова становіцца ўсё больш актуальнай.

Вось, напрыклад, спадарожнік, які запусьцілі летась у верасьні, стаў самым яркім аб’ектам на начным небе.

Дарэчы, гэта не зусім спадарожнік, а толькі прататып BlueWalker3 ад амэрыканскай кампаніі AST SpaceMobіle, якая плянуе стварыць яшчэ адзін Starlіnk цэлую сетку з падобных спадарожнікаў. Але астраномы ўжо бʼюць трывогу, бо намаганьняў неяк урэгуляваць галіну пакуль недастаткова, а на наземных астранамічных назіраньнях сытуацыя адбіваецца проста зараз.

Паводле ацэнак сайта Orbіtіng Now, на дадзены момант вакол нашай плянэты круціцца 8693 штучных спадарожнікаў, большасьць зь якіх на нізкай арбіце (7896). На Starlіnk прыпадае каля 5000. Адмыслоўцы мяркуюць, што з такімі тэмпамі да 2030 году вакол Зямлі будзе круціцца каля 100 000 спадарожнікаў, якія значна зьменяць начное неба.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы вызначылі прыроду аранжавага колеру морквы.

Для таго, каб плады расьліны мелі пэўны колер, у ягоным геноме мусяць быць уключанымі адпаведныя гены. То бок, калі ўзяць чырвоны яблык, то можна меркаваць, што ў геноме яблыні, зь якой паходзіць плод, уключаныя гены, «адказныя» за наданьне чырвонага колеру. Калі б іх не было, то плады былі б іншых колераў. Аднак у выпадку з аранжавай морквай сытуацыя цалкам супрацьлеглая: гены, якія рэгулююць колькасьць каратыноідаў (пігмэнты) мусяць быць у рэцэсыўным стане (выключанымі), каб морква была звычайнага колеру. Для гэтага навукоўцам давялося прааналізаваць і параўнаць 630 геномаў морквы.

Таксама высьветліліся й іншыя падрабязнасьці пра караняплод:

🧅Важным адкрыцьцём стала тое, што шматлікія гены, зьвязаныя з красаваньнем, адбіраліся сэлекцыянерамі так, каб затрымаць гэты працэс, бо падчас красаваньня караняплод перастае быць прыдатным да яды.

🧅Аўтары дапусьцілі, што моркву чалавек пачаў асэнсавана вырошчваць недзе ў 9-10 ст. у Азыі. Першапачаткова распаўсюд атрымала фіялетавая й жоўтая морква, а ўжо ад іхняга скрыжаваньня сэлекцыянеры атрымалі знаёмую нам аранжавую, якая потым набрала папулярнасьць у Эўропе.

Читать полностью…

cybulinka

Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне й фізыялёгіі аддалі за распрацоўваньне мРНК-вакцын ад COVІD-19.

Такая ўзнагарода падкрэсьлівае, што зьяўленьне мРНК-вакцын адбылося ў выніку шматгадовай працы, распачатай яшчэ ў 1980-х.

Вугорская дасьледніца Каталін Карыко спэцыялізавалася на РНК-апасродкаваных мэханізмах, а ў 1990-х апублікавала працы па тэрапэўтычнаму прымяненьню матрычнай РНК.

Амэрыканскі калега Каталін Дру Вайсман першапачаткова спэцыялізаваўся на дэндрытных вузах, якія маюць прамое дачыненьне да імуннага адказу.

Ставім 🦄, калі патрэбны падрабязны матэрыял па тэме.

Читать полностью…

cybulinka

Вось, што я знайшоў у Вікіпэдыі.

Беларускі падкаст зь менавіта такою назваю хачу вам сёньня параіць. У кожны выпуск аўтар Уладзь Кароткі запрашае розных суразмоўцаў і свабодна размаўляе зь імі пра цікавосткі зь мінулага, якія часам вельмі сугучныя сучаснасьці. Напрыклад, у сьвежым выпуску разам з кандыдаткай гістарычных навук Ганнай Дзягель размова ідзе пра першы літаратурны твор, які сьмела можна назваць першым у жанры супэргероікі. І гэта ўсё да нашай эры!

Паслухаць можна на ўсіх плятформах⬇️
Першы супергерой у гісторыі | Эпас пра Гільгамеша

Таксама зьвярніце ўвагу й на іншыя выпускі:

🧅Геніальная мастачка Рэнесансу | Сафанісба Ангісола

🧅Паслесская гаворка | Як сфармавалася й чаму памірае

🧅Найуплывовы сучасны філёзаф зь Беларусі, пра якога вы нават ня чулі | Яўген Марозаў

Читать полностью…

cybulinka

Фон падчас відэазванкоў уплывае на першае ўражаньне ад чалавека.
Лепей абіраць хатнія расьліны ці кніжную шафу.

Для новага дасьледаваньня аўтары запрасілі 167 ахвотнікаў, якіх папрасілі ацаніць кампэтэнтнасьць людзей на здымках. Наступны статыстычны аналіз паказаў, што твары на фоне хатніх расьлін і кніжнай шафы ўспрымаліся ахвотнікамі ,больш надзейнымі ды кампэтэнтнымі, чым твары на іншых фонах. Найменшую колькасьць сымпатый сабралі здымкі на фоне пакою і з маржом. Але гэты эфэкт быў уласьцівы пераважна мужчынскім тварам.

Таксама высьветлілася, што ўдзельнікі аддавалі больш перавагі тварам з усьмешкай, чым з нэўтральным выразам, а жаночыя абліччы найчасьцей успрымаліся кампэтэнтнымі й вартымі даверу.

Читать полностью…

cybulinka

Адбылася другая апэрацыя па перасадцы сьвінога сэрца чалавеку.

Рэцыпіентам стаў 58-гадовы былы вайсковец з тэрмінальнай сэрцавай няздатнасьцю, як і ў папярэдняга пацыента.

Каб атрымаць годны да перасадкі орган, навукоўцам давялося зрабіць 10 маніпуляцый са сьвіным геномам: выключылі 3 гены, зьвязаныя з адрыньваньнем, адзін давялося выдаліць, каб пазбавіцца празьмернага росту тканак сэрца, і дадалі 6 чалавечых для паляпшэньня імуннай рэцэпцыі.

Першы пацыент памёр праз 2 месяцы пасьля аналягічнай апэрацыі. Першапачаткова меркавалася, што прычынай мог стаць сьвіны цытамэгалавірус. Потым адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што мужчына памёр ад сэрцавай няздатнасьці, зьвязанай з унутрывеннымі імунаглёбулінамі, якія ўводзіліся пасьля перасадкі. Мэдыкі зрабілі высновы з трагічнага выпадку, таму цяпер пацыент разам са стандартнымі прэпаратамі атрымлівае адмысловыя монаклянальныя антыцелы, якія прыгнятаюць зьвязаны з актывацыяй імуннай сыстэмы бялок CD154.

Читать полностью…

cybulinka

Лепшым здымкам на сёлетнім конкурсе Wіldlіfe Photographer of the Year назвалі працу францускага фатографа Лёрана Балесты «Залатая падкова».

На здымку бачым мечахвоста з залацістым панцырам у сваім натуральным асяродзьдзі, а зьверху павольна плывуць залатыя трэвалі (Gnathanodon specіosus), якія чакаюць пакуль суставаногае пачне есьці, каб перахапіць недаедкі.

Мечахвосты адметныя тым, што за нейімаверна працяглую гісторыю, іхны вонкавы выгляд амаль не зьмяніўся. Сёньня маецца 4 віды мечахвостаў, аднак усе яны знаходзяцца ва ўразьлівым стане, праз страту натуральнага асяродзьдзя й масавае выкарыстаньне ў фармакалёгіі*.

* Кроў мечахвостаў (гемалімфа) выкарыстоўваецца ў вытворчасьці рэактываў для праверкі мэдычных прэпаратаў на стэрыльнасьць. Кампаніі казалі, што працэдура забору гемалімфы не наносіць шкоду жывёлам, але ёсьць зьвесткі, што гэта не зусім так.

Читать полностью…

cybulinka

Таксычныя фрагмэнты ДНК могуць быць зьвязаныя з хваробай Паркінсона.

Звычайна дасьледнікі хваробы Паркінсона канцэнтруюцца на спадчынных фактарах, якія добра тлумачаць выпадкі хваробы ўнутры сям’і, але ня могуць гэта зрабіць на большых маштабах. Такая сытуацыя й прымусіла навукоўцаў паглядзець на гэты зь іншага боку. Сваім першым падобным дасьледаваньнем яны паказалі, што пашкоджаная мітахандрыяльная ДНК можа справакаваць ланцуговую рэакцыю, якая «запускае распаўсюд» хваробы Паркінсона па мазґах падобны інфэкцыі.

Мітахондрыі – унутрывузавыя арганелы, якія адказваюць за вытворчасьць энэргіі для розных працэсаў. Адметнай асаблівасьцю мітахондрый зьяўляецца тое, што яны маюць сваю ўласную ДНК (мДНК), якая аніяк не зьвязаная з вузавай. Аднак сувязь выявілася ў крыху іншым месцы.

Навукоўцы вывучылі пасьмяротныя ўзоры мазґоў пацыентаў з дыягнаставаным паркінсанізмам і безь яго з мэтаю выявіць малекулярныя мэханізмы, зьвязаныя з паталёгіяй захворваньня. Яны заўважылі, што бялкі TLR9 і TLR4, узровень якіх быў павышаным ва ўзорах мазґоў пацыентаў з паркінсанізмам, актывуюцца пры распаўсюдзе пашкоджанай мДНК. Наступныя досьледы на мышах дазволілі ня толькі спраўдзіць вынікі, але й заўважыць, што распаўсюд пашкоджанай мДНК адбываецца падобна інфэкцыі. ДНК трапляе ў нэўрон, дзе становіцца таксычнай і пакідае пэўныя пашкоджаньні. У сваю чаргу нэўрон сьпяшаецца хутчэй пазбавіцца ад таксычнага агента й «перадае» ДНК наступнаму.

Читать полностью…

cybulinka

Сухі й цёплы клімат адаб’ецца на якасьці піва.

Хмель надае піву характэрную горыч, аднак праз зьмены ў клімаце яго будзе складаней вырошчваць у Эўропе. Спад ураджайнасьці назіраецца ўжо цяпер.

Дасьледнікі аналізавалі зьвесткі пра ўраджайнасьць на некаторых плянтацыях у Чэхіі, Нямеччыне, Славаччыне й Польшчы, бо менавіта гэтыя краіны зьяўляюцца асноўнымі вытворцамі духмянага хмелю ў Эўропе. У выніку аўтары заўважылі тэндэнцыю зьніжэньня ўраджайнасьці на 9.5-19.4% на чатырох плянтацыях у пэрыяд з 1995 па 2018 гады. Таксама адзначаецца зьніжэньне канцэнтрацыі горкіх злучэньняў.

Аўтары мяркуюць, што калі такая тэндэнцыя захаваецца, вытворцам трэба будзе пашырыць плошчы вырошчваньня хмелю на 20%, але й гэта не дасьць гарантый, бо хмель патрабуе даволі спэцыфічнага спалучэньня клімату й глебы. У якасьці выйсьця можна разглядаць генную мадыфікацыю некаторых гатункаў расьліны так, каб тыя спакойна перажывалі высокія тэмпэратуры й засуху, але ж ГМ-арганізмы забароненыя ў Эўропе.

Читать полностью…

cybulinka

🤯Нэрвовыя вузы надрукавалі на 3D-прынтары

Навукоўцы Оксфардзкага ўнівэрсытэту распрацавалі прарыўную тэхналёгію, якая дазваляе друкаваць нэўронныя вузы так, каб яны імітавалі структуры кары галаўных мазґоў.

Тэхналёгія базуецца на выкарыстаньні індуцаваных ствалавых вузаў, якія могуць быць атрыманыя з уласных тканак пацыента, што дазваляе пазьбегнуць непажаданага імуннага адказу. Навукоўцы ўжо зладзілі пасьпяховую імплянтацыю надрукаваных мазґавых тканак мышам: надрукаваныя нэўроны ня толькі добра інтэграваліся, а яшчэ і займелі нэрвовыя адросткі.

Аўтары плянуюць удасканаліць тэхналёгію, каб можна было друкаваць складаныя й шматслойныя тканкі, падобныя архітэктурай на чалавечыя мазґі. У пэрспэктыве гэта дасьць магчымасьць ня толькі лекаваць траўмы, але й распрацоўваць новыя лекі, а таксама вывучаць разьвіцьцё мазґоў.

На здымку двухслойная тканка кары галаўных мазґоў з-пад 3D-прынтару. Імплянтаваныя нэрвовыя вузы пазначаныя сінім і чырвоным.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 13

🧅Гіпакамп дапамагае адрозьніваць ілжывыя ўспаміны ад сапраўдных
. Дасьледнікі высьветлілі, што электрычныя сыгналы ў гіпакампе чалавека адрозьніваюцца перад успамінаньнем існых і ілжывых успамінаў. Аўтары назіралі за пацыентамі з эпілепсіяй на інвазыўным маніторынгу, каб вызначыць нэўронную актыўнасьць у мазґах. Такім чынам было заўважана, што электрычная актыўнасьць гіпакампу перад ілжывым успамінам значна паніжалася. У будучыні такія вынікі могуць дапамагчы пры тэрапіі посттраўматычнага стрэсавага разладу.

🧅Амэрыканскія навукоўцы зладзілі вялікі агляд 266 публікацый, прысьвечаных розным тыпам катаваньняў (1947 г., 1977-2021 г.). На агульнай выбарцы ў больш за 103 тыс. чалавек высьветлілася, што найбольш распаўсюджанымі тыпамі катаваньняў зьяўляюцца зьбіцьцё ці траўмаваньне тупым прадметам, катаваньні электрычным токам, а таксама голадам і абезвадненьнем.

🧅Клясычная музыка сынхранізавала сэрцы слухачоў. У нядаўнім дасьледаваньні было паказана, што фізычныя рэакцыі, такія як рытм сэрца, дыханьне й электраправоднасьць скуры, могуць сынхранізавацца ў слухачоў канцэртаў клясычнай музыкі. Аднак узровень такой сынхранізацыі моцна залежаў ад характару. Напрыклад, найменшая схільнасьць назіралася ў людзей з нэўратычным характарам. У выніках аўтары кажуць і пра супадзеньне дыханьня, але гэта не зусім сынхранізацыя, бо слухачы рабілі выдыхі й удыхі па-рознаму, але агульны рытм супадаў. З гэтага навукоўцы робяць выснову, што музыка можа ствараць моцную сувязь паміж некаторымі людзьмі.

Читать полностью…

cybulinka

Адкрыты новы базавы смак. Цяпер іх шэсьць.

Дасьледнікі раскрылі мэханізм, з дапамогай якога нашыя смакавыя рэцэптары распазнаюць хлёрыд амонію (нашатыр), асноўны складнік салёнай лякрыцы. Такое адкрыцьцё дае падставу меркаваць, што базавых смакаў агулам шэсьць: салодкае, кіслае, горкае, салёнае, умамі й хлёрыд амонію.

Аўтары дасьледаваньня зладзілі экспэрымэнты на чалавечых вузах, якім уводзілі ген OTOP1, адказны за распазнаваньне кіслага смаку. Наступная апрацоўка вузаў кіслатою й нашатырам паказала, што апошняе рэчыва актывуе «кіслыя» рэцэптары з такой жа эфэктыўнасьцю, як і кіслата.

Мяркуецца, што такая здольнасьць зьявілася для абароны арганізму ад таксычнага для яго хлёрыду амонію. Было таксама высьветлена, што розныя віды жывёлаў маюць розную ўспрыемлівасьць да нашатыру, што зьвязана з экалягічнымі асаблівасьцямі.

Читать полностью…

cybulinka

Штогадовы конкурс Comedy Wildlife Photography Awards апублікаваў сёлетніх фіналістаў.

Вось некаторыя зь іх:
1. І так усё зразумела.
2. «Лётаць можа кожны»
3. «Нахабны бабуін» (маленькі бабуін спрабуе зьбегчы ад маці)
4. «Калі нехта суне нос у чужыя справы»
5. «На старт, увага..». (паскаральны штуршок ад белага мядзьведзя)
6. «Частка твайго сьвету»
7. «Брацтва»
8. «Кавалер з трапічнага лесу»
9. «Спрэчка»
10. «Сьнежны шар»

Яшчэ 2 у камэнтарах

Читать полностью…

cybulinka

⚡️Нарэшце навукоўцы высьветлілі, як муркаюць коткі.

Звычайна ў прыродзе нізкачастотныя гукі ўласьцівыя буйным жывёлам з доўгімі галасавымі вязамі, але свойскім катам неяк удаецца абыходзіць такое абмежаваньне.

Цяпер дасьледнікі прыйшлі да высновы, што сакрэт хаваецца ў адмысловых мяккіх падушачках на галасавых вязах катоў. Такая асаблівасьць, відаць, павялічвае шчыльнасьць складак, чым прымушае іх вібраваць павольней (муркаць). Самі падушачкі складаюцца з калягенавых і элястынавых валокнаў, а ў дыямэтры не перавышаюць 4 мм.

Раней была гіпотэза, што мурканьне зьвязанае з актыўнымі скарачэньнямі пэўных цягліц, але ж аўтары кажуць, што гэта ня так. Мурканьне можа быць пасыўным аэрадынамічным дзеяньнем, якое працягвае аўтаматычна пасьля адпаведнага сыгналу з мазґоў.

Як усё гэта высьветлілася: дасьледнікі павыдалялі гарлякі ў 8 памерлых жывёлаў, а потым сьціскалі галасавыя вязы й праганялі праз іх цёплае вільготнае паветра. Усе гарлякі пачалі «муркаць» на адпаведнай частаце (25-30 Гц).

Читать полностью…

cybulinka

Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымалі Мунджы Баўэндзі, Луіс Брус і Аляксей Якімаў за адкрыцьцё квантавых кропак.

Пра гэта стала вядома яшчэ да афіцыйнай цырымоніі, бо памылкова быў разасланы прэс-рэліз.

Квантавыя кропкі – гэта крышталічныя паўправадніковыя часьцінкі нанамэтровых памераў. Праз надта невялікі памер, аптычныя ўласьцівасьці квантавых кропак абумоўліваюцца квантавымі эфэктамі, таму такія паўправаднікі моцна адрозьніваюцца ад звычайных (макраскапічных). Таксама сваёй працай ляўрэаты паказалі, што ўласьцівасьці квантавых кропак можна мяняць проста зьмяняючы іхныя памеры.

Ужо сёньня квантавыя кропкі выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тэлевізараў і сьветладыёдных лямпаў, а таксама пры выдаленьні пухлін. У будучыні такія паўправадніковыя часьцінкі могуць дапамагчы стварыць гнуткую электроніку, малюсенькія датчыкі й шыфраваную квантавую сувязь.

Читать полностью…

cybulinka

Нобэлеўскай прэміяй па фізыцы сёлета ўзнагародзілі П’ера Агастыні, Фэрэнца Краўса й Ан ЛьʼЮілье – за экспэрымэнтальныя мэтады генэрацыі атасэкундных імпульсаў для вывучэньня дынамікі электронаў у рэчыве.

Падрабязьней чытайце па спасылцы: https://telegra.ph/Nobel-pa-fizycy-2023-10-03

Читать полностью…

cybulinka

Сваім хобатам сланы могуць паднімаць важкія брусы й падбіраць крохкія чыпсіны. Мускулятура, што забясьпечвае такое спалучэньне грубай сілы й мяккага дотыку, зьяўляецца адной з самых складаных. Цяпер адмыслоўцы апублікавалі найбольш дасканалае дасьледаваньне малюсенькіх цяглічных валокнаў у хобаце.

Аўтары рабілі рэнтгенаўскае й кампутарнае сканаваньне хобата малога азыяцкага слана, якога супрацоўнікам заапарку давялося ўмярцьвіць праз зламаную нагу. У выніку навукоўцы склалі мапу ўсіх цяглічных пучкоў у хобаце жывёлы – атрымалася амаль 90 000. Пры гэтым было заўважана, што самыя маленькія зь іх (2 мм) знаходзяцца ў кончыку хобата. Мяркуецца, што менавіта яны й ажыцьцяўляюць тонкі кантроль, як у выпадку з чыпсінай.

Такія вынікі могуць дапамагчы навукоўцам у распрацоўваньні больш гнуткіх і спрытных маніпулятараў для робатаў.

Читать полностью…

cybulinka

Рэдкія гукі буркаваньня яхідны ўдалося запісаць дасьледнікам.

Працяглы час меркавалася, што яхідны не маюць гукавой камунікацыі, а адзіны гук, які можна было пачуць ад гэтых сысуноў – гук нюханьня. Але цяпер зьвіліся доказы таго, што гэта не зусім так.

Дасьледнікам пашчасьціла запісаць буркаваньне незвычайных жывёлаў у нацыянальным парку на захадзе Аўстраліі. На запісах можна пачуць хрыпеньне, рохканьне й гучнае дыханьне яхіднаў. Аднак аўтары кажуць, што такая вакалізацыя праяўляецца толькі падчас шлюбнага пэрыяду.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 12

🧅У чарвякоў выявілі базавыя эмоцыі.
Міжнародная каманда навукоўцаў зладзіла шэраг досьледаў з чарвякамі Caenorhabdіtіs elegans, каб вызначыць наяўнасьць у іх базавых эмоцый. Аказалася, што пад уплывам пераменнага току нэматоды пачыналі надзвычай хутка рухацца й такая рэакцыя захоўвалася нават пасьля спыненьня электрастымуляцыі, пры гэтым чарвякі адмаўляліся ад ежы. Тут варта адзначыць, што ў жывёлаў разам са спыненьнем стымуляцыі імгненна зьнікае й рэакцыя на яго. У адваротным выпадку было б складана ўспрымаць гукавыя й візуальныя стымулы (схематычна: лось перабег дарогу перад аўто, а кіроўца крычыць яшчэ колькі кілямэтраў). Менавіта таму рэакцыя чарвякоў і была такой незвычайнай. То бок, калі чарвякі адчуваюць небясьпечны раздражняльнік, іх вышэйшым прынцыпам становяцца ўцёкі з гэтага месца. Мяркуецца, што падчас такой рэакцыі адбываюцца зьмены ў працы «мазґоў», таму гэта можна назваць базавымі эмоцыямі.

🧅Цёплыя зімы назвалі згубнымі для эўрапейскіх вусякоў. Глябальныя зьмены клімату, асабліва цёплыя зімы, аказаліся галоўнай прычынаю ваганьняў біямасы вусякоў у Эўропе. З дапамогай адмысловай мадэлі, якая ўлічвала толькі ўмовы надвор’я, навукоўцам удалося дакладна прадказаць колькасьць вусякоў і патлумачыць 75% выпадкаў ейнага росту й скарачэньня. У выніку найбольш небясьпечным для вусякоў стала зімовае пацяпленьне, праз якое яны становяцца больш уразьлівымі перад халадамі й драпежнікамі. Агулам скарачэньне біямасы, якое назіраецца апошнія 30 гадоў, нэгатыўна адбіваецца на ўстойлівасьці экасыстэм, бо менавіта вусякі граю галоўную ролю ў працэсах апыленьня й раскладаньня мёртвых арганізмаў. Але ў такой несуцяшальнай тэндэнцыі замешаны ня толькі зьмены ў клімаце, але й страта натуральнага для відаў асяродзьдзя, а таксама забруджваньне пэстыцыдамі й угнаеньнямі.

🧅Кампанія Neuralіnk пачала шукаць людзей для выпрабаваньняў мазґавых чыпаў на фоне скандалу з малпамі. Першапачаткова дырэктар і заснавальнік кампаніі Ілан Маск заявіў, што аніводная малпа не загінула ад імплянтацыі мазґавога чыпу, а для досьледаў выкарыстоўвалі выключна «блізкіх да сьмерці» жывёлаў. Аднак пазьней высьветлілася, што гэта не зусім так: паводле вэтэрынарных запісаў, дасьледнікам давялося зрабіць эўтаназію мінімум 2 здаровым жывёлам праз праблемы з чыпам. Больш за тое, ёсьць дадзеныя, што мазґавыя чыпы непакоілі жывёлаў (сьверб, парушэньне каардынацыі), а таксама былі прычынай кровазьліцьця ў мазґах. Цяпер Маска хочуць прыцягнуць да адказнасьці за махлярства з каштоўнымі паперамі, бо ягоны твіт мог увесьці ў зман інвэстараў. Цалкам расьсьледаваньне тут (анг.)

Читать полностью…

cybulinka

Пылавы віхор на паверхні Марса трапіў у аб’ектыў камэры.

Пылавыя дʼяблы нашмат слабейшыя за зямныя тарнада, але яны зьяўляюцца адным з галоўных мэханізмаў разьмеркаваньня пылу на паверхні чырвонай плянэты. На відэа бачная толькі ніжняя частка віхру, бо трапіў ён у абʼектыў навігацыйнай камэры. Але навукоўцам удалося вылічыць падрабязнасьці.

Напрыклад, пылавы д’ябал знаходзіўся на адлегласьці 4 км ад ровэра, і рухаўся з хуткасьцю каля 19 км/г. Ягоная шырыня складала каля 60 м, а вышыня бачнай часткі – 118. Адмыслоўцы мяркуюць, што агульная вышыня магла быць пад 2 км.

Читать полностью…

cybulinka

😱Яшчэ ў 1999 годзе на раскопках ацтэцкага храму ў Мэхіка знайшлі дзіўнаватую сьвістушку. Здавалася, што гэта простая цацка, пакуль адзін з археолягаў не здагадаўся дунуць у невялічкую адтуліну. Усе пачулі жудасны, падобны на крык, гук. Дакладнае прызначэньне падобнай на чалавечы гарляк знаходкі дагэтуль невядомае, але мяркуецца, што яе выкарыстоўвалі падчас ахвяраваньняў і перад бойкамі.

Цяпер адмыслоўцы ўзнавілі ацтэцкую сьвістушку сьмерці на 3D-друкарцы й плянуюць прадаваць копіі ў інтэрнэце.

Читать полностью…
Subscribe to a channel