Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Навукоўцы прымацавалі на пчол QR-коды, каб даведацца больш пра іхняе жыцьцё
Дасьледнікі замацавалі на пчолах маленькія QR-коды, каб даведацца, як далёка яны лётаюць у пошуках ежы. Гэтая інавацыйная тэхналёгія ўжо дазволіла навукоўцам і пчалярам атрымаць новыя даныя пра паводзіны важных апыляльнікаў.
Для адсочваньня перамяшчэньняў навукоўцы выкарыстоўвалі аўтаматычную сыстэму з датчыкам на ўваходзе ў вулей. Сыстэма рэгістравала кожны ўваход і выхад пчалы зь яе індывідуальным QR-кодам, фіксуючы дату, час, тэмпэратуру й кірунак руху. Усяго аўтары дасьледаваньня адзначылі больш за 32 000 пчол.
Ранейшыя дасьледаваньні высьветлілі, што мядовыя пчолы могуць лётаць на адлегласьць да 10 кілямэтраў ад вульля, але гэтая лічба часта выклікае сумненьні. Новыя дасьледаваньні дазваляюць больш дакладна ацаніць рэальныя дыстанцыі іхніх палётаў. Напрыклад, папярэднія вынікі паказваюць, што большасьць вылетаў пчол з вульля працягваюцца ад адной да чатырох хвілін, што можа сьведчыць пра хуткія праверкі надворʼя ці іншыя кароткатэрміновыя задачы.
Яшчэ каля 34% пчол зьдзяйсьнялі палёты працягласьцю больш за дзьве гадзіны. Гэтыя доўгія вылеты, магчыма, зьвязаныя зь неабходнасьцю шукаць ежу далей ад вульля, асабліва ў пэрыяды, калі паблізу было менш кветак. Але частка зьвестак магла быць скажонай пчоламі, якія маглі ўвайсьці ў вулей так, што QR-код застаўся незаўважаным.
Акрамя таго, высьветлілася, што пчолы жывуць даўжэй, чым меркавалася раней: замест 28 дзён яны могуць жыць да шасьці тыдняў. Пры гэтым першыя два тыдні свайго жыцьця пчолы праводзяць унутры вульля, а потым пачынаюць здабываць ежу.
Умеранае спажываньне ультраапрацаванага мяса прысьпешыла старэньне мазґоў
Дасьледчая каманда высьветліла, што нават умеранае спажываньне апрацаванага чырвонага мяса можа нэґатыўна ўплываць на здароўе мазґоў. У маштабным дасьледаваньні ўдзельнічалі больш за 133 000 мэдыцынскіх работнікаў, у якіхзьбіралі зьвесткі пра харчаваньне, кагнітыўныя функцыі й дыягназы праз анкетаваньне й тэлефонныя інтэрвію. Агульны час назіраньня складаў каля 43 гадоў.
Апрацаваным мясам аўтары лічылі прадукты, такія як бэкон, сасіскі, хот-догі й салямі, а неапрацаваным – ялавічыну, сьвініну, бараніну й фарш. Акрамя дыягностыкі дэменцыі, кагнітыўныя функцыі ацэньвалі з дапамогай апытаньняў і размоў па тэлефоне, каб вымераць субʼектыўнае ўспрыманьне ўдзельнікамі сваёй памяці й мысьленьня.
Вынікі паказалі, што людзі, якія спажывалі хаця б 0,25 порцыі апрацаванага чырвонага мяса ў дзень (адна порцыя — кавалак памерам з далонь), мелі на 13% вышэй рызыку разьвіцьця дэменцыі ў параўнаньні з тымі, хто ўжываў яго мінімальна. У іх таксама назіралася паскарэньне ўзроставага старэньня мазґоў – на 1,6 году за кожную порцыю апрацаванага мяса ў дзень. Асабліва заўважна гэта было сярод удзельнікаў старэйшых за 78 гадоў, дзе аматары мяса мелі на 14% вышэйшую рызыку праблем з памяцьцю й мысьленьнем.
Аднак дасьледаваньне дае надзею: замена апрацаванага мяса іншымі крыніцамі бялку можа палепшыць стан мазґоў. Ужываньне арэхаў і бабовых замест апрацаванага мяса зьніжала рызыку дэменцыі на 19%, а рыбы – на 28%. Такі крок можа стаць простым, але эфэктыўным спосабам захаваць кагнітыўнае здароўе.
У японскім акварыюме рыба-месяц засумавала без наведвальнікаў
Рыба-месяц (Mola mola) прыбыла ў акварыюм Кайкёкан на захадзе Японіі летась. Рыба мела 27,65 кг. вагі, а даўжыня цела складала амаль 80 см. Цягам году яна крыху падрасла й агулам пачувалася добра.
Аднак калі 1 сьнежня 2024 году распачалася рэканструкцыя акварыюму, рыба перастала есьці й пачала церціся аб шкло рэзэрвуара. Супрацоўнікі спачатку падумалі, што прычынаю раптоўнай зьвены паводзінаў могуць быць паразыты, але потым зьявілася гіпотэза, што рыба проста пачала сумаваць без наведвальнікаў. Тым больш, яна карысталася вялікай папулярнасьцю ў іх.
Таму супрацоўнікі акварыюму пастанавілі разьвесіць перад рэзэрвуарам фотаздымкі твараў людзей і вопратку, каб стварыць ілюзію натоўпу. І гэта спрацавала! Літаральна на наступны дзень рыба ўжо сілкавалася мэдузамі й паступова перастала церціся аб шкло.
Наступным сродкам ад хваробы Альцгаймэра можа стаць ксэнон
Ксэнон — інэртны газ, які шырока выкарыстоўваецца ў мэдыцыне ў якасьці анэстэтыка й агента для мэдыцынскай візуалізацыі. Дзякуючы здольнасьці пранікаць праз гематаэнцэфалічны барʼер, які абараняе мазгі ад інфекцый і большасьці лекавых прэпаратаў, ён зацікавіў навукоўцаў як магчымы сродак для лячэньня нэўрадэгенэратыўных захворваньняў, уключаючы хваробу Альцгаймэра.
У нядаўнім дасьледаваньні, апублікаваным у Science Translational Medicine, навукоўцы вывучылі ўплыў ксэнону на мышэй з мадэльлю хваробы Альцгаймэра. Гэта адмысловыя лініі мышэй, схільныя да запаленьня й разбурэньня мазгоў, характэрных для нэўрадэгенэратыўнага захворваньня. Удыханьне ксэнону актывавала мікраглію — асаблівыя імунныя вузы мазгоў, якія абараняюць іх ад пашкоджаньняў. Вынікі паказалі зьніжэньне ўзроўню запаленьня, памяншэньне атрафіі мазгоў і, што важна, скарачэньне ўзроўню амілоідных бляшак — ключавога біямаркера хваробы Альцгаймэра.
Хоць дасьледаваньне пакуль абмяжоўваецца экспэрымэнтамі на мышах, вынікі выглядаюць пэрспэктыўна. Навукоўцы ўжо плянуюць клінічныя выпрабаваньні на людзях, каб ацаніць патэнцыял ксэнону як новага падыходу да лячэньня хваробы Альцгаймэра.
Укус кляшча стаў прычынаю страты слыху ў жанчыны з Нэпалу
Мэдыкі апісалі жахлівую гісторыю 21-гадовай жанчыны з Нэпалу. Паводле справаздачы, яна зьвярнулася па дапамогу праз тыдзень пасьля зьяўленьня моцнага, пранізьлівага болю ў правым вуху. Дзесьці за два дні да візыту пацыентка перастала чуць пашкоджаным вухам, а таксама ў яе зьявілася галавакручэньне.
Вінаватага ў жахлівых сымптомах знайшлі хутка, ім аказаўся мёртвы клешч, які залез глыбока ў слыхавы канал. Яго вынялі, а пацыентка неўзабаве ачуняла. Мэдыкі мяркуюць, што прычынаю запаленьня ўнутранага вуха, а менавіта яно выклікала сыптомы, стала таксычная сьліна паразыта. Да того ж, месца ўкуса было побач з бубеннай балонай (альбо наўпрост у ёй), што паспрыяла трапленьню таксына ва ўнутранае вуха.
У катоў знайшлі перайманьне мімікі
Яшчэ ў 2023 годзе каманда дасьледнікаў даведалася, што ў катоў ёсьць даволі вялікі набор мімічных выразаў, але было невядома, ці зважаюць жывёлы на іх падчас камунікацыі. Знайсьці адказ на гэтае пытаньне дазволіў штучны інтэлект.
Каманда скарысталася адмысловай праграмай, распрацаванай для распазнаваньня кацінай мімікі, каб адсачыць камунікацыю жывёлаў з суродзічамі. Праграма вызначала 48 стратэгічных кропак, якія фармавалі 26 ”базавых” выразаў. Потым дасьледнікі шукалі па відэазапісам, як зьмянялася міміка гадаванцаў у парах.
Паводле аўтараў, прыкладна ў 22% выпадкаў каты на імгненьне пераймалі міміку адно аднаго. Найчасьцей пасьля такога ўчынку (60% выпадкаў) жывёлы пачыналі сяброўскія гульні, альбо ўзаемны догляд.
Вага і мэтабалізм у большай ступені вызначаюцца генамі, чым дыетай
Амэрыканскія даследнікі кажуць, што генэтычны фон аказвае значны ўплыў на вагу цела, тлушчавую тканку, канцэнтрацыі глюкозы і ліпідаў у крыві. Прытым гэны ўплыў больш істотны, чым ад пэўных дыет.
Аўтары кармілі генэтычна разнастайных мышэй чатырма розынмі дыетамі: міжземнаморскай, вегетарыянскай, веганскай і тыповай амэрыканскай, якая часта асацыюецца з нэгатыўнымі наступствамі для здароўя. Рацыён для кожнай дыеты быў збалянсаваны па макранутрыентах (бялкі, тлучшы, вугляводы).
Такім чынам выявілася, што не ўсе мышы на амэрыканскай дыеце набралі лішнюю вагу, а на міжземнаморскай не ўсе засталіся худымі. То бок, наступствы дыеты сярод мышэй з розным генэтычным фонам ў межах адной групы былі рознымі. Гэта дазваеляе зрабіць здагадку, што апрача дыеты ролю тут адыгралі і гены.
Гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму ў дасьледнікаў і дасьледніц яшчэ шммат працы, але старт інтрыгуе.
Штучны інтэлект абвінавацілі ў зьніжэньні крытычнага мысьленьня ў людзей
Некаторы час таму на reddit зьявіўся допіс, у якім карастальнік распавёў пра тое, як ягоная 11-гадовая сястра карыстаецца ChatGPT, і гэта выклікала вялікае абмеркаваньне. Паводле допісу, дзяўчынка зьвяртаецца да моўнай мадэлі літаральна з кожным пытаньнем, не спрабуючы самастойна адшукаць адказ (напрыклад, перавесьці 3 хвіліны ў сэкунды, 1 дзень і 7 гадзін ў гадзіны й г.д.). Такая зьява атрымала назву кагнітыўнай разгрузкі й, паводле новага дасьледаваньня, нічога добрага з гэта ня будзе.
Навукоўцы паклікалі 666 чалавек з розных ўзроставых груп і прапанавалі ім адказаць на некаторыя пытаньні адносна выкарыстаньня "штучнага інтэлекту", а таксама прайсьці адмысловае тэставаньне на выяшленьне ровень крытычнага мысьленьня.
Статыстычны аналіз у выніку паказаў, што частае выкарыстаньне ШІ адмоўна карэлюе з паказьнікамі крытычнага мысьленьня. Так, было выяўлена, што кагнітыўная разгрузка (перанос некаторай часткі інтэлектуальных задач на нэўрасеткі) сапраўды павялічваецца, калі чалавек актыўна карыстаецца ШІ, адначасова з гэтым яна зьніжала здольнасьць крытычна ацэньвацт інфармацыю.
У дадатак да гэтага, аўтары таксама зладзілі інтэрвію з 50 удзельнікамі й удзельніцамі, дзе сьцьвердзілася тэндэнцыя: маладыя карыстальнікі ШІ часьцей абапіраюцца на ШІ ў паўсядзённых задачах, што адбіваецца на іхняй здольнасьці самастойна разьвязваць праблемы.
Агулам такія вынікі паказваюць на неабходнасьць балянсаваньня паміж выкарыстаньнем ШІ і разьвіцьцём навыкаў крытычнага мысьленьня, а пачынаць трэба са сфэры адукацыі.
Людзі, якія ня могуць уявіць сабе нешта, насамрэч уяўляюць гэта ў мазгах
Бальшыня людзей на просьбу ўявіць сабе, скажам, яблык, імгненна "бачаць" яркі вобраз фрукта, але прыблізна 1 чалавек з 100 не ўявіць сабе нічога. Гэта афантазыя.
Існуюць меркаваньні, што афантазыя можа быць зьвязанай з парушэньнямі функцый зрокавай кары мазгоў, дзе й апрацоўваюцца пабачанае намі. У такім выпадку просьба ўявіць сабе той жа яблык не выклікае тут актыўнасьць, а няма актыўнасьці — няма й мысьленных вобразаў.
Зрэшты гэтую гіпотэзу паставілі пад сумнеў аўтары новага дасьледаваньня, у якім узялі ўдзел 14 чалавек з афантазыяй і 18 нэўратыпічных асоб. Навукоўцы пад пільным маніторынгам фМРТ спачатку паказвалі простыя ўзоры з чырвоных ці зялёных палосак, а потым прасілі ўявіць нешта падобнае.
Затым каманда падключыла адмысловы альгарытм, каб ён мог на падставе актыўнасьці зрокавай кары вызначыць колер узору, калі людзі яго сабе ўяўлялі. У выніку дэкадаваньне аказалася пасьпяховым для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц незалежна ад наяўнасьці афантазыі. То бок, у актыўнасьці зрокавай кары не было аніякіх адрозьненьняў.
Аднак у наступных досьледах, дзе навукоўцы прасілі абедзьве групы ўявіць відарыс зьлева ці справа, адрозьненьні знайшліся. У людзей з афантазыяй мазгавая актыўнасьць зьяўлялася акурат з таго ж боку, дзе быў уяўны відарыс, а ў нэўратыповых людзей актыўнасьць назіралася з супрацьлеглага боку.
Фізычныя практыкаваньні пасьля сьняданьня зьнізілі апэтыт і ровень глюкозы ў жанчын
Дасьледчая каманда з Унівэрсытэта Таронта зладзіла дасьледаваньне, у якім выявіла, што ў здаровых жанчын павышэньне ровеню цукру ў крыві пасьля прыёму ежы было ніжэй, калі фізычныя практыкаваньні адбываліся пасьля сьняданку. Яны таксама заўважылі, што ўдзельніцы, якія займаліся спортам пасьля сьняданьня, мелі больш нізкі апэтыт перад і пасьля трэнаваньня, чым тыя, хто аддавалі перавагу практыкаваньням нашча.
Павелічэньне канцэнтрацыі цукру ў крыві пасьля ежы - зьява цалкам натуральная, але празьмерныя ваганьні ровеню глюкозы могуць падвышаць рызыку кардыёмэтабалічных захворваньняў, такіх як дыябэт 2 тыпу.
Звычайна падобныя дасьледаваньні ладзяцца ў лябараторных умовах на адмысловым абсталяваньні, але тут аўтары засяродзіліся на хатніх ўмовах і простых практыкаваньнях, такіх як скокі, прысяданьні, і камбінацыя іх.
Польскія вэтэрынары знайшлі невялікага паразыта ў сьвіным мясе. Гэта толькі чацьвёрты задакумэнтаваны выпадак
Нацыянальны інстытут вэтэрынарных дасьледаваньняў у Польшчы паведаміў пра ідэнтыфікацыю паразыта Sarcocystіs mіescherіana у свойскіх сьвіней.
S. mіescherіana — прасьцейшы паразыт, для якога дзікія й свойскія сьвіньні могуць быць прамежкавымі гаспадарамі. Мяса сьвіней з выразнымі прыкметамі саркацыстозу лічыцца няпрыдатным для спажываньня.
Аднак выяўленьне паразыта ўскладняецца тым, што сама інфэкцыя ў сьвіней можа ісьці ў лёгкай форме, а цысты (часовая форма існаваньня паразыта) у мясе няўзброеным вокам заўважыць складана.
Польскія дасьледнікі сабралі белыя, падобныя на зерне рысу паражэньні цяглічных тканак сьвіньні, і зрабілі шэраг аналізаў. Усе 10 узораў далі пазытыўны вынік на ДНК S. mіescherіana. Асобныя пашкоджаньні мелі даўжыню крыху больш за 1 см, а шырыня складала каля 3 мм.
Хоць крыніца заражэньня застаецца невядомай, генэтычны аналіз паказаў на сувязь польскіх узораў зь італьянскімі й латвійскімі. Аўтары кажуць, што паразыт можа быць значна больш пашыраны ў глябальнай папуляцыі сьвіней.
Малады культурыст спаліў прэпаратам для пахудзеньня ня толькі тлушч, але й сваё жыцьцё
Францускія дасьледнікі апісалі трагічную гісторыю 21-гадовага культурыста, які дзеля рэльефных цягліц пачаў ужываць небясьпечнае рэчыва 2,4- дынітрафэнол. Гэта цягнулася паўгады, і скончылася сьмерцьцю ад поліорганнай нястачы.
2,4-дынітрафэнол (2,4-ДНФ) — арганічнае рэчыва, якое сынтэзавалі ў пачатку 20 ст. для прамысловасьці. Аднак у 1930-х гадах высьветлілася, што гэтае рэчыва парушае сынтэз энэргіі ў вузах, чым паскарае мэтабалізм. Таму 2,4-ДНФ кароткі час выкарыстоўвалі ў якасьці сродка для пахудзеньня. Потым выявіліся жудасныя пабочныя эфэкты (гіпэртэрмія, высокае потавывядзеньне, поліорганная нястача), і рэчыва забаранілі. Але набыць яго можна й сёньня.
Да лекараў мужчына трапіў за 4 месяцы да сьмерці. Ім ён прызнаўся, што выкарыстоўваў таксычны 2,4-дынітрафэнол разам з анабалічнымі прэпаратамі ўжо некалькі месяцаў. З сыптомаў у яго былі цяжкасьці дыханьня, абільнае потавывядзеньне й высокі пульс.
Цягам наступных месяцаў стан пацыента імкліва пагаршаўся. Да ўсяго, ён хаваў ад лекараў той факт, што працягвае ўжываць 2,4-ДНФ. Гэта не дало магчымасьці скласьці эфэктыўны плян лячэньня. У выніку пацыент памёр ад поліорганнай нястачы.
Анатамаваньне й спадарожныя аналізы сьцьвердзілі факт злоўжываньня анабалічнымі прэпаратамі й 2,4-дынітрафэнолам цягам 6 месяцаў. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што прычынаю такіх паводзін стала мускульная дысмарфія — паталягічны псыхічны разлад, пры якім людзям падаецца, што іхняе цела недастаткова мускулістае.
Наўпрост зараз ідзе дасьледаваньне, у якім навукоўцы вывучаюць сынхранізацыю мазгавых хваль паміж сабакамі й іхнімі гаспадарамі з выкарыстаньнем мэтадаў ЭЭГ.
Сабакі разам з гаспадарамі ўдзельнічаюць у экспэрымэнтах, скіраваных на праверку тэорыі, што іхнія мазгавыя хвалі сынхранізуюцца падчас узаемадзеяньня, як гэта адбываецца паміж людзьмі. Экспэрымэнты ўключаюць сытуацыі, калі гаспадары пераключаюць увагу паміж сабакам, іншымі абʼектамі або часова адыходзяць, каб выявіць зьмены ў мазгавой актыўнасьці.
Сынхранізацыя мазгавых хваль, калі яна ёсьць, можа сьведчыць аб сумесным успрыманьні й інтэрпрэтацыі падзей, падмацоўваючы гіпотэзу аб унікальнай сувязі паміж чалавекам і сабакам. Дасьледаваньне таксама ўлічвае паводзіны й стылі клопату гаспадароў, што дапамагае глыбей зразумець міжвідавае ўзаемадзеяньне.
Новая нэўрасетка агучыць ваш тэкст на беларускай мове
Суполка Беларускі ШІ прэзэнтавала нэўрамадэль, якая робіць агучку тэкстаў на беларускай мове. Яна таксама можа кланаваць голас і эмоцыі, для гэтага патрэбны толькі ўзор аўдыё, працягласьцю больш за 7 с.
Патэставаць можна тут, а задаць пытаньні альбо далучыцца да распрацоўкі тут.
Асаблівая форма веек абараняе вочы ад вады
Кітайскія навукоўцы ў сваіх досьледах з натуральнымі й штучнымі вейкамі выявілі некаторыя асаблівасьці, зьвязаныя з адводам вады ад вачэй. Каманда высьветліла, што вада лёгка цячэ па вейках звонку, але толькі ў кірунку ад вока. Так адбываецца дзякуючы лускаватай, падобнай на дахоўку, паверхні кожнага вейка. Прытым такая будова не перашкаджае частковаму ўбіраньню вільгаці.
Аўтары таксама адзначылі, што вейкі маюць ідэальную форму — выгіб, які завецца брахістахронай. Такая крывая мінімізуе час, неабходны для таго, каб кроплі вады скаціліся пад уплывам сілы цяжару. Менавіта такая форма паказала найлепшыя вынікі ў досьледах са штучнымі валокнамі.
Разам усе згаданыя ўласьцівасьці дапамагаюць трымаць "вочы сухімі", але як на гэтай функцыі адбіваюцца касмэтычныя сродкі — пакуль невядома.
У мужчыны выявілі аргірыю невядомага паходжаньня
Напачатку году мэдыкі паведамілі пра выпадак аргірыі, які здарыўся з 84-гадовым мужчынам з Ганконґу. Той трапіў на абсьледаваньне наконт павялічанай прастаты, аднак лекараў зьдзівіла шэрае адценьне скуры й пазногцяў пацыента. Мэдыкі западозрылі ў пацыента аргірыю — стан, калі ў скуры назапашваюцца іёны Ag+ і пад уплывам ультрафіялету пераўтвараюцца ў атамарнае срэбра. Такое магчыма толькі тады, калі чалавек ўжывае прэпараты срэбра ў вялікіх колькасьцях, але тут мужчына не прызнаўся. Таксама не выявілася й іншых фактараў, якія б маглі паспрыяць зьяўленьню лёкага шэрага адценьня.
Калі вам падалося, што недзе вы ўжо бачылі падобнае, то вам не падалося. Гэта не адзінкавы выпадак аргірыі, пра які стала вядома. Быў яшчэ амэрыканец Пол Кэрасон, які стаў вірусным пэрсанажам ў 2007 годзе пасьля таго, як ўвесь сіні пабываў на ТВ-шоў. Яшчэ палітык Стэн Джонс і інш.
Некалі срэбра сапраўды выкарыстоўвалі для лячэньня захворваньняў, бо яно мае антымікробныя ўласьцівасьці, але сучасныя дасьледаваньні паказваюць, што ёсьць больш эфэктыўныя сродкі й ужываньне раствораў гэтага мэталу ў лепшым выпадку надасьць вам навукова-фантастычную афарбоўку, а можа яшчэ выклікаць праблемы з ныркамі.
Дарэчы, ня толькі срэбрам можна зьмяніць свой колер. Золата таксама гэта зробіць. Ёсьць яшчэ бясьпечныя й, у адрозьненьні ад папярэдніх, часовыя варыятны: прыродныя пігмэнты. Аранжавыя й жоўтыя пігмэнты аказваюць найбольшы ўплыў на скуру.
Напрыклад, калі ў рацыёне чалавека вельмі шмат морквы, лішкі бэта-каратыну будуць назапашвацца ў тлушчавых тканках, у тым ліку й пад скурай, што надасьць аматару морквы адпаведнае адценьне. Але з часам увесь назапашаны пігмэнт пойдзе на сынтэз вітаміну A, і загар паступова зьнікне.
Трусы паелі зубоў і гэта нармальна
У трусоў (і некаторых іншых жывёл) зубы растуць цягам усяго жыцьця. Меркавалася, што для падтрыманьня такога працэсу іхны рацыён мусіць утрымліваць шмат кальцу (Ca). Аднак зараз высьветлілася, што гэта зусім неабавязкова, бо трусікі ядуць свае зубы, кальц зь якіх потым зноўку ідзе на пабудову зубоў.
Каб спраўдзіць гэта, фінскія вэтэрынары зладзілі досьлед з удзелам 8 самак. Палове зь іх цягам 15 дзён давалі корм з стандартнымі дабаўкамі кальцу, а другой палове дадавалі здробненыя зубы забітых на мяса трусоў.
Выніковы аналіз не паказаў нейкіх адрозьненьняў у стане здароўя жывёлаў, а вось каэфіцыент засваяльнасьці кальцу быў вышэй у тых, каму разам з кормам давалі зубную муку: 33% супраць 20% з вэтэрынарнымі дабаўкамі.
Шклянка малака можа зьнізіць рызыку рака кішэчніка
Паводле нядаўняга дасьледаваньня брытанскіх навукоўцаў, наяўнасьць у рацыёне адной дадатковай шклянкі малака зьніжае імавернасьць разьвіцьця рака кішэчніка на 17%.
Аўтары скарысталіся двухбаковым падыходам для вывучэньня сувязі між спажываньнем малака й рызыкай анкалягічных захворваньняў. Для гэтага яны прааналізавалі ґенэтычныя зьвесткі 542 778 жанчын і засяродзіліся на нязначных зьменах у ДНК, зьвязаных з устойлівасьцю ляктазы ў дарослым веку. Адсутнасьць фэрмэнту ляктазы ў дарослых выклікае непрыйманьне ляктозы — малочнага цукру.
Таксама навукоўцы сабралі падрабязную інфармацыю пра рацыёны ўдзельніц, уключна са штодзённай колькасьцю выпітага малака. Потым аўтары абʼядналі наборы даных, каб лепей ацаніць эфэкт спажываньня малака на рызыку рака кішэчніка.
Такім чынам высьветлілася, што ўдзельніцы, якія дадаткова спажывалі 244 г малака штодня (адна шклянка), мелі на 17% ніжэйшую рызыку разьвіцьця рака кішэчніка. Прытым эфэкт тычыўся як тлустага, так і абястлушчанага малака, і не залежаў ад іншых фактараў харчаваньня й ладу жыцьця. То бок, карысьць малака была не ў тым, што ім замянялі нездаровыя прадукты.
Што праўда, прычыны назіранага эфэкту пакуль невядомыя. Аўтары мяркуюць, што ён можа быць зьвязаны з кальцам (Ca) і вітамінам D, якіх багата ў малочных прадуктах. Тым больш, што раней адобва рэчывы зьвязвалі з паніжанай рызыкай рака (тут і вось тут).
Галасуйце за найлепшых навукоўцаў: прэмія «Бізон Гіґс» пачынае трэці этап!
⚡️Добрыя навіны ад першай беларускай навуковай прэміі:
1️⃣Фонд сабраны й складае 1180 эўра. Гэтая сума пойдзе на:
— галоўны пры пераможцу
— падарункі ахвярадаўцам (часопіс Pamyłka)
— 3D-друк статуэткі
2️⃣На прэмію намінаваныя 9 адмыслоўцаў, што выдатны вынік для першага году!
3️⃣Цяпер можна падтрымаць свайго фаварыта!
❗️знаёмцеся з намінантамі й іхнімі дасягненьнямі
👉 вось тут
🔎 калі хочаце даведацца больш, то абавязкова пашукайце дадатковую інфармацыю пра навукоўцаў у інтэрнэце.
✏️ запаўняйце форму для галасаваньня, але рабіце гэта ўважліва.
👉 форма для галасаваньня
⏳Тэрміны галасаваньня: з 17 студзеня па 17 лютага.
Далучайцеся да гэтай важнай падзеі й зрабіце свой унёсак у патрыманьне навукоўцаў!
партнэрскі допіс
Навукоўцы падлічылі колькасьць разводаў у калёніі малых пінгвінаў
Пінгвіны (Eudyptula minor) — самыя маленькія пінгвіны на Зямлі. Іх можна пабачыць у Аўстраліі й Новай Зэляндыі, а самая вялікая калёнія, якая налічвае каля 40 000 птушак, знаходзіцца на востраве Філіп каля Аўстраліі.
Звычайна малыя пінгвіны ўтвараюць пары на працяглы час, аднак нядаўняе дзесяцігадовае дасьледаваньне паказала, што яны могуць разыходзіцца, калі не задаволеныя колькасьцю патомства. Такое рашэньне рызыкоўнае: пасьля зьмены партнэра ў пінгвінаў зьніжаецца посьпех у наступных сэзонах размнажэньня.
На працягу 13 сэзонаў навукоўцы зафіксавалі каля 250 разводаў сярод 1000 пар. Аналіз паказаў, што гады зь нізкім узроўнем разводаў суправаджаліся больш высокай пасьпяховасьцю размнажэньня ў калёніі. Гэты ўплыў аказаўся нават больш значным, чым зьмены ў навакольным асяродзьдзі або паводзіны птушак, напрыклад, час, выдаткаваны на пошук ежы.
Дасьледчыкі лічаць, што разуменьне сацыяльнай дынамікі, такой як разводы, можа дапамагчы ў распрацоўцы мер па абароне ўразьлівых відаў марскіх птушак, якія жывуць на востраве Філіп і за яго межамі.
Забарона рэклямы тытунёвых вырабаў зьнізіла распаўсюджанасьць курэньня
Мэтааналіз 16 навуковых публікацый паказаў, што забарона на рэкляму й прасоўваньне цыгарэт зьніжае колькасьць курцоў і імавернасьць пачынаньня курэньня. Напрыклад, пры наяўнасьці забароны людзі кураць на 20% радзей, а рызыка распачаць гэную шкодную справу зьніжаецца на 37%.
Што праўда, на колькасьць тых, хто кідае курыць, забарона не паўплывала.
Брытанскія вавёркі, якіх падкормлівалі людзі, выпадкова зьмянілі свае чэрапы й вярнулі ўсё назад
У горадзе Формбі на заходнім узьбярэжжы Англіі турысты й валянтэры пачалі актыўна падкормліваць звычайных вавёрак (Sciurus vulgaris) арахісам, які значна мякчэйшы за арэхі, што складаюць аснову прыроднага рацыёну жывёлінак. Гэта ўмяшаньне прывяло да нечаканых наступстваў: зьменаў у будове чэрапаў і сківіц жывёл. Дасьледнікі, прааналізаваўшы 113 чэрапаў і 387 сківіц вавёрак, выявілі, што ў жывёл з Формбі чэрапы сталі крыху больш пляскатымі, а кропкі мацаваньня жавальных цагліц ссунуліся бліжэй да суставаў. Такія зьмены прывялі да зьніжэньня эфэктыўнасьці ўкусу.
Паведамляецца, што апісаныя трансфармацыі былі зафіксаваныя ўсяго празь некалькі гадоў пасьля пачатку падкормкі арахісам, што паказвае на сувязь з ужываньнем мяккай ежы. Біялягічныя тканкі, уключаючы косьці, адаптуюцца да нагрузак, і зьмяненьне мэханічных уласьцівасьцяў ежы стала прычынай аслабленьня сківіц. Аднак да канца 2010-х, калі валянтэры зьнізілі колькасьць арахісу ў рацыёне, структура чэрапаў вавёрак пачала вяртацца да нормы, нагадваючы чэрапы суродзічаў з паўночных рэгіёнаў (там вавёрак ня кормяць так актыўна арахісам).
Гэтыя назіраньні падкрэсьліваюць, што падкормка дзікіх жывёл можа ўплываць на іхнюю анатомію, зьмяняючы марфалёгію аж да костак. Гэта выклікае асьцярогі наконт магчымых доўгатэрміновых наступстваў, бо страта здольнасьці эфэктыўна перапрацоўваць цьвёрдую ежу можа зьнізіць шанцы жывёл на выжываньне ў натуральным асяродзьдзі.
Выпадак цеплавога ўдару ў жанчыны зь Вялікай Брытаніі нагадаў пра схаваную небясьпеку саўны
Паход у саўну можа быць расслабляльным, але грэбаваньне гідратацыяй можа прывесьці да сурʼёзных наступстваў, як паказаў рэдкі выпадак цеплавога ўдару, зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі.
Жанчына ў веку 70 гадоў, якая мела значны досьвед наведваньня саўнаў, была знойдзена там без прытомнасьці пасьля 45 хвілін лёгкіх фізычных практыкаваньняў у залі. Яе тэрмінова даставілі ў больніцу зь небясьпечна высокай тэмпэратурай цела, дзе ёй зрабілі працэдуры ахалоджваньня й увялі вадкасьці ўнутрывенна. Нягледзячы на тое, што ў жанчыны адбыўся сэрцавы спохват і пашкоджаньне органаў, ейны стан значна палепшыўся праз колькі дзён, і праз 12 дзён яе выпісалі. Празь месяц пасьля інцыдэнту яна амаль цалкам аднавілася, за выключэньнем лёгкай стомленасьці й пашкоджаньня печані.
Жанчына, якая пакутуе на дыябэт 1-га тыпу й гіпатэрыёз, але ў астатнім актыўная й здаровая, растлумачыла, што прычынай здарэньня стала абязводжваньне.
Цеплавы ўдар ад наведваньня сауны сустракаецца вельмі рэдка — у мэдыцынскай літаратуры зарэгістравана ўсяго дзевяць падобных выпадкаў. Гэты выпадак падкрэсьлівае важнасьць належнай гідратацыі й своечасовага ўмяшаньня, паколькі хуткае ахалоджваньне на працягу 30 хвілін можа зьмякчыць пашкоджаньні органаў.
Чырвонае сьвятло зьнізіла рызыку інсультаў і інфарктаў
Сьвятло аказвае прыкметны ўплыў на здароўе чалавека, які можна знайсьці ў рэгуляцыі мэтабалізму, сакрэцыі гармонаў, і рэгуляваньні кровазвароту. Уплыў сьвятла нават зьвязваюць з імавернасьцю сэрцавых спохватаў і інсультаў, якія часьцей здараюцца раніцай, чым ноччу. Цяпер навукоўцы пастанавілі дасьледаваць, ці можа сьвятло ўплываць на тромбаўтварэньне, якое ляжыць у аснове многіх небясьпечных захворваньняў, такіх як інфаркт, інсульт і тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.
У сваіх досьледах навукоўцы апраменьвалі мышэй сьвятлом з рознай даўжынёй хвалі: чырвоным, сінім і белым. Кожная група грызуноў знаходзілася пад 12-гадзінным асьвятленьнем, якое зьмянялася 12 гадзінамі цемры некалькі разоў. Пасьля гэтага навукоўцы ацэньвалі частату ўтварэньня тромбаў. Вынікі аказаліся даволі цікавымі: у мышэй, якія знаходзіліся ў чырвоным асьвятленьні, тромбы ўтварыліся амаль у пяць разоў радзей, чым у мышэй з групы сіняга або белага сьвятла. Пры гэтым агульная актыўнасьць, вага, сон, тэмпэратура цела й прыём ежы ва ўсіх групах заставаліся нязьменнымі, што выключае ўплыў гэтых фактараў на вынікі.
Каб спраўдзіць, ці могуць гэтыя эфэкты быць актуальнымі для людзей, дасьледнікі вывучылі зьвесткі больш чым 10 000 пацыентаў, якія перанесьлі апэрацыю на вачах (выдаленьне катаракты). Некаторым зь іх усталёўвалі звычайныя лінзы, якія прапускаюць увесь бачны спэктар сьвятла, а іншым — лінзы зь сінім фільтрам, якія зьніжаюць колькасьць сіняга сьвятла прыкладна на 50%. Аналіз паказаў, што сярод анкалягічных пацыентаў, якія выкарыстоўвалі лінзы зь фільтрацыяй сіняга сьвятла, рызыка ўтварэньня тромбаў была ніжэйшай, чым у тых, каму ўсталявалі звычайныя лінзы. Гэты вынік асабліва важны, улічваючы, што людзі з анкалягічнымі хваробамі маюць у дзевяць разоў вышэйшую рызыку тромбаўтварэньня.
Калі такая гіпотэза сьцьвердзіцца ў клінічных выпрабаваньнях, то яна стане эфэктыўным інструмэнтам для прадухіленьня трамбозаў, якія зьяўляюцца адной з асноўных прычын прадухіляльных сьмерцяў па ўсім сьвеце.
Ангельскамоўныя фільмы сталі больш жорсткімі за апошнія 50 гадоў
Новае дасьледаваньне, якое базуецца на аналізе дыялогаў гэрояў больш чым 166 000 фільмаў за апошнія 50 гадоў, выявіла заўважны рост узгадваньняў забойстваў, нават у жанрах, не зьвязаных з крыміналам.
Аўтары падлічылі частату выкарыстаньня "дзеясловаў забойства" у стужках, зьнятых з 1970 па 2020 год, і пабачылі істотны рост выкарыстаньня такіх слоў з кожным дзесяцігодзьдзем. Найбольш выразна тэндэнцыя праяўляецца ў крымінальных творах, але рост не абмінуў і іншыя жанры, што сьведчыць аб нармалізацыі абмеркаваньня гвалту ў дыялогах.
Дасьледнікі адзначаюць, што такі трэнд, імаверна, зьявіўся праз канкурэнцыю кінастудый за ўвагу гледача. У такім выпадку гвалт становіцца эфэктыўным інструмэнтам прыцягненьня аўдыторыі, аднак у пэрспэктыве людзі могуць пачаць ўспрымаць рэальнасьць больш небясьпечнай і пагрозьлівай, чым яна ёсьць насамрэч.
Напоі з цукрам сталі прычынаю 10% новых выпадкаў дыябэту
Міжнародная ініцыятыва Global Dietary Database апублікавала справаздачу, паводле якой у 2020 годзе салодкія напоі сталі прычынай 2.2 млн новых выпадкаў цукровага дыябэту (9.8% ад усіх новых выпадкаў) і 1.2 млн выпадкаў сэрцава-судзінных захворваньняў (3.1% усіх новых выпадкаў). Аналіз базуецца на зьвестках з 118 краін і апытаньнях амаль 3 млн дарослых людзей.
Са справаздачы вынікае, што ў сярэднім дарослы чалавек спажываў 2.6 порцыі салодкіх напояў за тыдзень. У падлік бралі ня толькі стандартныя газаваныя напоі, але й энэргетыкі, напоі з сокам і інш.
Найбольшая доля захворваньняў, зьвязаных са спажываньнем такіх напояў, зарэгістравана сярод мужчын, моладзі, гарадзкіх жыхароў з вышэйшай адукацыяй.
Каманда аўтараў падкрэсьлівае, што багатыя на калёрыі напоі з цукрам спрыяюць набору вагі й павялічваюць тым самым рызыкі кардыёмэтабалічных захворваньняў. Для зьніжэньня нэгатыўных наступстваў яны раяць уводзіь абмежаваньні продажу й спажываньня напояў.
Навукоўцы распрацавалі для мышэй VR-акуляры
Дасьледнікі Карнэльскага ўнівэрсытэта распрацавалі сыстэму віртуальнай рэальнасьці для мышэй MouseGoggles, і яна ўжо праявіла сябе ў экспэрымэнтах. Калі мышам надзявалі маленькія акуляры, яны актыўна рэагавалі на змадэляваныя выявы, што можа зрабіць віртуальную рэальнасьць больш эфэктыўным інструмэнтам для дасьледаваньняў на жывёлах.
Хаця «мышыны VR» можа выглядаць пацешна, у яго ёсьць і сурʼёзнае прымяненьне. Навукоўцы часта вывучаюць мышэй у кантраляваным асяродзьдзі, каб лепей зразумець іхнія паводзіны, але цяперашнія ўмовы далёкія ад ідэальных. Звычайна мышэй разьмяшчаюць на бегавых сфэрах, акружаных праекцыйнымі экранамі, якія не дазваляюць ім цалкам пагрузіцца ў віртуальнае асяродзьдзе. У выніку жывёлы часта ня могуць натуральна рэагаваць на мадэляваныя стымулы.
MouseGoggles зьмяняе сытуацыю. Замест таго каб ствараць складаную сыстэму з нуля, каманда выкарыстала невялікія й даступныя кампанэнты ад смарт-гадзіньнікаў і іншых спажывецкіх прыладаў. Мышы надзяваюць акуляры, знаходзячыся на бегавой сфэры, ім фіксуюць галовы, каб акуляры заставаліся на месцы. Дзякуючы такой устаноўцы атрымліваюцца візуальныя стымулы з высокай ступеньню пагружэньня.
Каб пратэставаць сыстэму, каманда падвяргала мышэй розным віртуальным сцэнарам, назіраючы за іхніяй мазгавой актыўнасьцю й паводзінамі. Вынікі аказаліся ўражлівымі. У адным з тэстаў дасьледнікі змадэлявалі цёмную фігуру, якая набліжаецца да мышэй, — патэнцыйнага драпежніка. Пры выкарыстаньні традыцыйных VR-установак зь вялікімі экранамі мышы не рэагавалі. Але ў акулярах MouseGoggles амаль кожная мыш пужалася й скакала пры першай сустрэчы, быццам верыла, што драпежнік сапраўды набліжаецца.
Вялікі кавалак касьмічнага сьмецьця абрынуўся на вёску ў Кеніі
Здарэньне адбылося яшчэ 30 сьнежня. Спачатку мясцовыя жыхары пачулі моцны выбух, што напалохала іх. Але потым у лесе недалёк ад вёскі знайшоўся кольцападобны мэталічны абʼект, шырыня якога складала 2.5 мэтра, а вага - 500 кг. Вакол месца здарэньня назіраліся паваленыя дрэвы й кусты.
Адмыслоўцы ідэнтыфікавалі знаходку як разьдзяляльнае кальцо ад ракеты, аднак паходжаньне пакуль высьветляецца.
Пакуль такія здарэньні фіксуюцца даволі рэдка, але нізкая каляземная арбіта ўжо перапоўненая касьмічным сьмецьцем рознага памеру, таму хутка праблема падзеньня вялікіх фрагмэнтаў стане асабліва актуальнай.
У жанчыны вырасьлі мігдаліны праз 40 гадоў пасьля выдаленьня
У дзяцінстве Кэці Гольдэн мела праблемы зь мігдалінамі, якія часта запальваліся й давалі ўскладненьні на вушы. Таму летам 1983 году лекары пастанавілі выдаліць мігдаліны. Апэрацыя прайшла добра, і дзяўчынка забылася на праблемы з вушамі.
Аднак колькі гадоў таму Кэці стала заўважаць шматкі тканак у горле падчас застуды. Жанчына спачатку не надавала пабачанаму ўвагі, але восеньню мінулага году боль у горле стаў надта моцным, што прымусіла яе зьвярнуцца да лекара.
Уласна оталярынголяг на прыёме й знайшоў новыя мігдаліны ў пацыенткі. У выніку Кэці зрабілі паўторную апэрацыю, пасьля якой яна цалкам аднавілася.
Цікава, што паўторны рост мігдалін пасьля выдаленьня адбываецца толькі ў 6% выпадкаў. Мяркуецца, што на гэта могуць паўплываць вялікая колькасьць салодкага ў рацыёне, шмат перанесеных рэсьпіраторных інфэкцый, а таксама спосаб выдаленьня (халодны/гарачы).
Спажываньне солі зьвязалі зь невялічкай групай нэўронаў у мазгах
Натар (Na), асноўную частку якога мы атрымліваем з солі, жыцьцёва важны для арганізму элемэнт. Ён дапамагае падтрымліваць балянс вадкасьцяў, функцыянаваньне нэрвовай сыстэмы й цягліцаў. Але важна захоўваць балянс: занадта малая колькасьць натру можа прывесьці да зьніжэньня абʼёму крыві й сурʼёзных наступстваў, а лішак павышае рызыку гіпэртаніі й сэрцава-судзінных захворваньняў. Нягледзячы на тое, што сёньня празьмернае спажываньне солі сустракаецца значна часьцей, эвалюцыя выпрацавала магутны мэханізм, які стымулюе нас шукаць соль пры недахопе натру.
Амэрыканскія навукоўцы раскрылі адну з загадак гэтага мэханізму. Яны выявілі групу нэўронаў у ствале галаўных мазгоў, якія адказваюць за спажываньне солі. Такія нэўроны (HSD2) актывуюцца гармонaм альдастэронам, які сынтэзуюецца арганізмам, калі абʼём вадкасьці зьмяншаецца, напрыклад, пры абязводжваньні або стратах крыві. Альдастэрон стымулюе арганізм утрымліваць натар, а таксама ўзмацняе жаданьне спажываць соль.
Дасьледаваньне паказала, што HSD2-нэўроны граюць ключавую ролю ў гэтым працэсе. У экспэрымэнтах на мышах азтары выявілі, што пры выдаленьні гэтых вузаў апэтыт да солі зьнікае, нягледзячы на высокі ўзровень альдастэрона. Яны таксама выявілі, што згаданыя нэўроны ёсьць і ў людзей, што падкрэсьлівае ўнівэрсальнасьць абарончага мэханізму.
Каманда таксама паведамляе, што такіх нэўронаў у мазгах няшмат: 200 у мышэй, каля 1000 у людзей. Нягледзячы на гэта, яны цалкам кантралююць пошук і спажываньне солі.