cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Пяціхвілінкі ў экстрэмальным холадзе палепшылі якасьць сну

Канадзкія й францускія навукоўцы выявілі, што кароткія сэансы пры экстрэмальна нізкіх тэмпэратурах могуць пазытыўна ўплываць на якасьць сну. Дасьледаваньне, праведзенае з удзелам 9 жанчын і 11 мужчын, паказала, што штодзённыя працэдуры ў крыякамэры (-90°C, па 5 хвілін у дзень) спрыялі паляпшэньню сну, асабліва яго глыбокіх фаз.

Найбольшыя зьмены назіраліся на пяты дзень экспэрымэнту: у сярэднім працягласьць глыбокага сну павялічылася на 7,3 хвіліны. Людзі таксама субʼектыўна адзначалі паляпшэньне якасьці сну, прычым эфэкт быў больш выразны ў жанчын.

Дасьледнікі мяркуюць, што крыястымуляцыя можа стаць пэрспэктыўным мэтадам барацьбы з парушэньнямі сну, калі вынікі спраўдзяцца на большых выбарках.

Читать полностью…

cybulinka

Кагнітыўныя здольнасьці астранаўтаў зьнізіліся на нізкай калязямной арбіце

NASA зладзіла дасьледаваньне з удзелам 25 астранаўтаў, якіх папарасілі зрабіць адмысловыя тэсты перад палётам на МКС, падчас місыі ў космасе, і пасьля яе. У выніку аказалася, што працяглае знаходжаньне ў космасе запавольвае хуткасьць выкананьня задач, зьвязаных з рабочай памяцьцю, увагай і апрацоўваньнем інфармацыі. Пры гэтым дакладнасьць выкананьня задач заставалася нязьменнай, а пасьля вяртаньня на Зямлю кагнітыўныя паказьнікі нармалізаваліся празь некаторы час.

Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на кагнітыўныя функцыі, зьяўляюцца стрэсавыя ўмовы космасу, такія як радыяцыя, мікрагравітацыя й фізычныя нагрузкі падчас місыяў. Хоць зьмены кагнітыўных здольнасьцяў носяць часовы характар, касьмічнае асяродзьдзе аказвае значны ўплыў на арґанізм у цэлым, выклікаючы такія праблемы, як страта шчыльнасьці касьцей, атрафія цягліц і зьмены ў мазґах, уключаючы абʼём шэрай матэрыі й сьпіннамазґавой вадкасьці.

З улікам падрыхтоўкі NASA да місыяў на Месяц і Марс у рамках праґрамы Artemіs, важна працягваць дасьледаваньні ўплыву космасу на здароўе й распрацоўваць меры для абароны астранаўтаў у працяглых экспэдыцыях.

Читать полностью…

cybulinka

Прышпільная Майстэрня – гэта месца, дзе нараджаюцца ўнікальныя драўляныя вырабы! Тут ствараюць аўтэнтычныя падвескі й знакамітую сярэднявечную гульню Glückhaus, якая дорыць весялосьць і незабыўныя моманты ў коле сямʼі й сяброў.

📣 Завітайце ў Instagram Прышпільнай Майстэрні, каб атрымаць шанец выйграць гульню Glückhaus ці іншыя цудоўныя прызы.

⏳ Сьпяшайцеся!

Пераможцы будуць абвешчаныя 30 лістапада. Не прапусьціце шанец зрабіць свой вольны час яшчэ больш незабыўным!

⬇️⬇️⬇️
https://www.instagram.com/pryspilnajamajsternia/?igsh=bXA1ajR3MWRyb3Jx

Партнэрскі допіс

Читать полностью…

cybulinka

Тлушчавая тканка памятае ўсё

Міжнародная група навукоўцаў выявіла, што тлушчавая тканка захоўвае «памяць» аб атлусьценьні нават пасьля значнага пахуданьня, што можа тлумачыць схільнасьць да паўторнага набору вагі. Дасьледаваньне паказала, што ґенэтычныя й малекулярныя зьмены, якія зьявіліся ў пэрыяд атлусьценьня, застаюцца актыўнымі ў тлушчавых вузах нават пасьля зьніжэньня масы цела.

У прыватнасьці, зьмены ў тлушчавай тканцы ўключалі падаўленьне ґенаў, адказных за мэтабалізм, і ўзмацненьне працэсаў, зьвязаных з запаленьнем, фіброзам (ушчыльненьнем тканак) і апаптозам (гібельлю вузаў). Гэтыя зьмены асабліва выразнымі былі ў тлушчавых вузах (адыпацытах) і іхнім мікраасяродзьдзі.

На прыкладзе мышэй навукоўцы высьветлілі, што нават пасьля вяртаньня масы цела да нормы зьмены ў экспрэсіі ґенаў захоўваюцца. Каля 75% гэтых зьменаў тлумачацца эпіґенетычнымі мэханізмамі, такімі як метыляваньне гістонаў — хімічныя мадыфікацыі, якія рэгулююць працу ґенаў. Гэта робіць тлушчавыя вузы больш схільнымі да назапашваньня тлушчу, асабліва пры паўторным пераходзе на калярыйную або тлустую дыету.

Дасьледнікі называюць такую зьяву «памяцьцю атлусьценьня», зьвязанай з эпіґенетычнымі перабудовамі. Яна можа быць ключавым фактарам, які ўскладняе доўгатэрміновае ўтрыманьне нармальнай вагі пасьля пахуданьня. Навукоўцы мяркуюць, што ў будучыні гэтая «памяць» можа стаць важнай мішэньню для новых мэтадаў лячэньня, накіраваных на прадухіленьне рэцыдыву атлусьценьня.

Читать полностью…

cybulinka

Сальманэла маніпулюе кішэчнікам, каб абысьці натуральную абарону арґанізму

Дасьледнікі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту выявілі, як бактэрыі Salmonella абыходзяць натуральныя абарончыя мэханізмы кішэчніка нават у прысутнасьці абароннай мікрабіёты. Дасьледаваньне паказвае, што сальманела маніпулюе балянсам пажыўных рэчываў у кішэчніку, ствараючы спрыяльнае асяродзьдзе для свайго выжываньня й росту.

Калі сальманела трапляе ў тонкі кішэчнік, яна выклікае запаленьне, якое парушае засваеньне амінакіслот зь ежы. У выніку ў кішэчніку назапашваецца лішак такіх амінакіслот, як лізін і арнітын. Менавіта яны дапамагаюць сальманеле пераадольваць ахоўны эфэкт кароткаланцуговых тлустых кіслот — злучэньняў, якія сынтэзуюцца карыснымі бактэрыямі й звычайна падаўляюць рост патаґенаў. Зьмяняючы рН-балянс з дапамогай такога мэханізму, сальманела фактычна вырубае кішэчную абарону, якая забясьпечваюцца мікрабіётай. Потым патаґенная бактэрыя перасоўваецца ў тоўсты кішэчнік, дзе жыве й размнажаецца.

Атрыманыя вынікі падкрэсьліваюць важнасьць падтрыманьня здаровай мікрабіёты кішэчніка й прапануюць патэнцыйныя стратэгіі для новых мэтадаў лячэньня. Гэта могуць быць прабіётыкі альбо дыетычныя ўмяшаньні, накіраваныя на барацьбу з дысбалянсам пажыўных рэчываў і ўмацаваньне абарончых сілаў кішэчніка падчас інфэкцыі.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі зьвязалі абʼём мазґоў з тэмпэрамэнтам у розных парод сабак

Дасьледнікі вывучылі адносны памер мазґоў — суадносіны іхняй масы да масы цела (REV) — і заўважылі, што гэны паказьнік залежыць ад функцый пароды, формы чэрапа й тэмпэрамэнту.

Хоць мазґі сабак у сярэднім на 20% меншыя, чымся ў дзікага продка — шэрага воўка, яны дэманструюць падобныя кагнітыўныя здольнасьці. Гэта ставіць пад сумненьне тэзу, што большыя мазґі заўсёды азначаюць вышэйшы ровень інтэлекту.

Дасьледаваньне ўключала аналіз зьвестак аб 1682 сабаках 172 парод. Вынікі паказалі, што REV зьвязаны з памерам цела, задачамі, дзеля якіх выводзілі пароду, і нават з эмацыйнымі асаблівасьцямі. Напрыклад, дэкаратыўныя сабакі, выведзены для камунікацыі маюць найбольшы абʼём мазґоў адносна цела. У сваю чаргу, паляўнічыя й службовыя сабакі, прызначаныя для складаных задач, маюць больш сьціплыя абʼёмы мазґоў.

Таксама было высьветлена, што REV павялічваецца ў сабак, схільных да страху, агрэсіі або трывогі, але памяншаецца ў парод, якія лягчэй паддаюцца навучаньню. Цікава, што форма чэрапа слаба зьвязана з памерам мазґоў, а здольнасьць працаваць у камандзе з чалавекам увогуле не залежыць ад гэтага паказьніка.

Такія вынікі сьведчаць, што ў працэсе прыручэньня й сэлекцыі памер мазґоў сабак адаптаваўся да розных задач, але не абавязкова паказвае на інтэлектуальныя здольнасьці жывёлы.

Читать полностью…

cybulinka

Згенераваныя штучным інтэлектам выявы сталі пагрозай для навукі

У навуковай сфэры ўжо працяглы час існуюць праблемы з фальсыфікацыяй даных. Звычайна гэта падробка выяваў і масавая вытворчасьць падробленых артыкулаў (папяровыя фабрыкі). Са зьяўленьнем генэратыўнага ШІ, які можа ствараць тэксты, выявы й даныя, барацьба з такімі парушэньнямі становіцца ўсё больш складанай. Гэта прыводзіць да «гонкі ўзбраеньняў» з удзелам спэцыялістаў па захаваньні цэласнасьці навуковых ведаў, выдаўцоў і тэхналягічных кампаніяў, якія распрацоўваюць інструмэнты для выяўленьня падробак.

Выкарыстаньне ШІ для стварэньня падробленых малюнкаў у навуковых артыкулах асабліва складана выкрыць, бо такія выявы цяжка адрозьніць ад рэальных. Некаторыя кампаніі ўжо распрацоўваюць альгарытмы для аўтаматычнага выяўленьня штучнаінтэлектуальных малюнкаў з высокай дакладнасьцю, але такія інструмэнты пакуль не ідэальныя й патрабуюць дадатковай праверкі экспэртамі.

Некаторыя выдаўцы, напрыклад, PLoS, ужо выявілі выпадкі выкарыстаньня ШІ у апублікаваных артыкулах. Нягледзячы на гэта, многія навуковыя часопісы дазваляюць выкарыстаньне ШІ для стварэньня тэкстаў пры пэўных умовах, аднак прымяненьне нэўрасетак для стварэньня даных і малюнкаў застаецца пад вялікім пытаньнем.

Пакуль тэхналёгіі для выяўленьня падробак яшчэ разьвіваюцца, а спэцыялісты спадзяюцца, што ў будучыні яны змогуць больш эфэктыўна распазнаваць ШІ-генэраваныя даныя. Магчыма, яшчэ знойдуць і адказ на пытаньне, навошта людзі робяць навуковыя падробкі.

Крыніца

Читать полностью…

cybulinka

Шымпанзэ паказалі лепшыя вынікі ў тэстах, калі ў лябараторыі былі гледачы

Ціск з боку гледачоў можа аказваць як станоўчы, так і адмоўны эфэкт на чалавека. Цяпер высьветлілася, што гэта актуальна й для шымпанзэ.

Адмыслоўцы зь Японіі зладзілі тэставаньне 6 шымпанзэ Pan troglodyte трыма тыпамі задач. У самых простых задачах прыматам трэба было даткнуцца лічбаў на экране ў адпаведным парадку (ад 1 да 5), а вось у самых складаных тэстах ім трэба было яшчэ й запомніць пасьлядоўнасьць, бо лічбы хаваліся пасьля дотыку.

За 6 гадоў шымпанзэ выканалі заданьні тысячы разоў, прытым ў лябараторыі заўсёды знаходзіліся гледачы: знаёмыя й незнаёмыя людзі. Калі аўтары прааналізавалі назапашаныя зьвесткі, то заўважылі, што шымпанзэ горш давалі рады з простымі задачамі ў прысутнасьць вялікай колькасьці гледачоў. Аднак у выпадку з задачамі больш складанымі эфэкт быў супрацьлеглым.

Прычыны й мэханізмы такога эфэкту навукоўцы толькі зьбіраюцца вывучыць.

Читать полностью…

cybulinka

Штодзённае спажываньне малака павысіла рызыку праблем з сэрцам у жанчын

Швэдзкія навукоўцы з Упсальскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што спажываньне больш за 1,5 шклянкі цэльнага малака на дзень можа павышаць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца й інфаркту ў жанчын. Паводле дасьледаваньня, дзьве шклянкі малака штодзень павялічвалі рызыку ІХС на 5%, а чатыры шклянкі — на 21%. Аднак у мужчын такой сувязі не знайшлі.

А вось кісламалочныя прадукты, такія як ёгурт і кефір, не ўплывалі на рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў і нават, наадварот, маглі зьлёгку яе зьніжаць пры замене імі часткі малака.

Аўтары мяркуюць, што прычына павелічэньня рызыкі можа быць зьвязана з уплывам малака на фэрмэнты, датычныя да нармальнага функцыянаваньня сэрцава-судзіннай сыстэмы. Агулам вынікі дасьледаваньня могуць дапамагчы ў распрацоўваньні дыет для людзей з высокай рызыкай згаданых захворваньняў.

Читать полностью…

cybulinka

Кланаваная самка амэрыканскага тхара дала першае патомства

Амэрыканскім заолягам ўпершыню ўдалося атрымаць патомства ад кланаванага амэрыканскага тхара, рэдкага віду драпежнікаў, якія ўжо колькі часу знаходзяцца на мяжы зьнікненьня. Праз тое, што ўсе сучасныя амэрыканскія тхары паодзіць ад сямі асобінаў, якім нейкім цудам удалося выжыць, іхняя папуляцыя цяпер мае сьціплую генэтычную разнастайнасьць. А калі ў папуляцыі мала генэтычных варыянтаў, то павялічваецца рызыка імбрыдынгу й разнастайных генэтычных захворваньняў, што набліжае від да выміраньня.

Каб дапамагчы тхарам, навукоўцы паспрабавалі кланаваць самку Ўілу, якая памерла ў 1988 годзе, пакінуўшы замарожаныя ўзоры тканак. Ўіла не пакінула нашчадкаў, але яе геном значна больш разнастайны, чым у тхароў, якія жывуць сёньня. У 2020 годзе ўдалося стварыць яе першы клон — самку Элізабэт Эн. Нягледзячы на спадзевы навукоўцаў, што яна ўнясе новыя гены ў папуляцыю, Элізабэт Эн не праяўляла цікавасьці да размнажэньня й мела праблемы з разьвіцьцём маткі.

У 2023 годзе адмыслоўцы стварылі яшчэ два клона Ўілы — самак Антонію й Норын. Першая аказалася больш жвавай: яна пасьпяхова спарвалася й прынесла трох малых. Двое зь іх, самец і самка, выжылі й зараз здаровыя. Гэтыя малыя сталі першым патомствам, атрыманым ад кланаванай тхарыцы, і, калі яны самі будуць размнажацца ў будучыні, гэта дапаможа значна павялічыць генафонд віду.

Читать полностью…

cybulinka

Натуральныя валокны ў глебе нанесьлі чарвякам больш шкоды, чымся сынтэтычныя

Вільготныя сурвэткі з натуральных валокнаў, такіх як віскоза й ліfцэл, часта ўспрымаюцца як экалягічная альтэрнатыва сынтэтыцы, але новыя дасьледаваньні паказваюць, што іхні ўплыў на навакольнае асяродзьдзе можа быць нэгатыўным.

Навукоўцы зь Вялікабрытаніі высьветлілі, што згаданыя матэрыялы, трапляючы ў глебу празь сьцёкавыя воды й угнаеньні, аказваюць таксічны ўплыў на дажджавых чарвякоў, нават у большай ступені, чым поліэстэр.

Эксьперымент паказаў, што высокія канцэнтрацыі віскозы й ліацэла выдуць да гібелі большасьці чарвякоў (адпаведна 80% і 60% за 72 гадзіны), а іх нізкія канцэнтрацыі зьніжаюць рэпрадуктыўнасьць. У той жа час высокія канцэнтрацыі паліэстэру ў глебе прывялі да гібелі толькі 30% чарвякоў.

Дасьледнікі адзначаюць, што хаця біялягічныя валокны маюць перавагі на этапе вытворчасьці, яны не аказваюць станоўчага ўплыву на экасыстэмы пры раскладаньні.

Читать полностью…

cybulinka

Мэтааналіз сьціпла зьвязаў час прыёму ежы са стратай вагі

Аўстралійскія навукоўцы высьветлілі, што такія стратэгіі харчаваньня, як абмежаваньне часу прыёму ежы, скарачэньне частаты прыёмаў ежы й спажываньне калёрыяў раніцай, могуць прывесьці да стрыманай страты вагі цягам 12 тыдняў.

Праблема атлусьценьня закранае кожнага восьмага чалавека на плянэце й вядзе да павышанай рзыкі разьвіцьця дыябэту 2 тыпу, сэрцава-судзінных захворваньняў і некаторых відаў раку, што робіць яго адной з асноўных прычын заўчаснай сьмерці.

Звычайна, каб схуднець, людзям раяць скараціць спажываньне калёрыяў і зьмяніць свой рацыён. Але стратэгіі плянаваньня часу прыёму ежы могуць быць больш простым спосабам кіраваньня вагой, паколькі яны сынхранізуюць харчаваньне з натуральнымі біярытмамі, паляпшаюць абмен рэчываў, рэгулююць апетыт і зьніжаюць цягу да перакусаў увечары.

Дасьледнікі пастанавілі даведацца, наколькі эфэктыўныя такія падыходы, і прааналізавалі вынікі 29 рандамізаваных дасьледаваньняў з удзелам 2485 чалавек, сярод якіх 69% складалі жанчыны зь сярэднім векам 44 гады й залішняй вагой. Методыкі ўключалі абмежаваньне часу прыёму ежы (у 17 дасьледаваньнях), скарачэньне частаты прыёмаў ежы (у 8) і перанос большай часткі дзённых калёрый на сьняданьне (у 4).

Высьветлілася, што абмежаваньне часу прыёму ежы дапамагло схуднець у сярэднім на 1,37 кг у параўнаньні з кантрольнымі групамі, скарачэньне частаты прыёмаў ежы — на 1,85 кг, а перанос калёрый на раніцу — на 1,75 кг. Вывучаныя стратэгіі таксама былі зьвязаныя з паляпшэньнем некаторых мэтабалічных паказьнікаў, такіх як зьніжэньне ўзроўню глюкозы й глікаванага ґемаглабіну, што тэарэтычна зьніжае рызыку дыябэту. Аднак эфэкт быў нязначным, і яго трэба вывучаць дадаткова.

Аўтары мэтааналізу заўважылі, што бальшыня вывучаных артыкулаў мелі вялікую імавернасьць памылак і нізкую абʼектыўнасьць (66-76%), таму патрэбныя больш маштабныя дасьледаваньні.

Читать полностью…

cybulinka

Вузы сысуноў навучылі фотасынтэзу

Японскія навукоўцы зрабілі нешта незвычайнае — яны перасадзілі хляраплясты чырвонай водарасьці ў вузы сысуноў і назіралі іх працу цягам двух дзён.

Фотасынтэз зьявіўся на Зямлі каля 3,4 мільярда гадоў таму, а сьведчаньні яго існаваньня ў выглядзе структур цыанабактэрый датуюцца прыблізна 1,8 мільярда гадоў. Прыблізна 1,2–1,6 мільярда гадоў таму эукарыёты "пасябравалі" з цыанабактэрыямі, ператварыўшы іх у хляраплясты. Яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя навукоўцы зразумелі, што ізаляваныя хляраплясты могуць нейкі час зьдзяйсьняць фотасынтэз, але мэханізмы гэтага працэсу заставаліся загадкай. Дасьледнікі спрабавалі "перасяліць" гэтыя арганэлы ў чужыя вузы, але безвынікова.

Цяпер навукоўцы выбралі для эксьперыменту ўстойлівыя хляраплясты чырвонай водарасьці Cyanidioschyzon merolae якая жыве ў гарачых, кіслых водах. Хляраплясты затым культываваліся з вузамі яечніка хамяка. У выніку на першы дзень каля 20% вузаў паглынулі ад 1 да 3 хляраплястаў, а каля 1% — да 45 штук. На другі дзень вузы з хляраплястамі пачалі расьці хутчэй за кантрольную групу. Праз два й чатыры дні колькасьць хляраплястаў у клетках зьнізілася, хутчэй за ўсё, празь ператраўленьне або выпадковага разьмеркаваньня пры вузавым дзяленьні.

Паведамляецца, што хляраплясты знаходзіліся ў спэцыяльных пухірах побач зь ядром і былі акружаныя мітахондрыямі, а праз 2 дні іхняя структура зьмнялася так, як пры неспряльных умовах. На чацьвёрты дзень мембраны хляраплястаў пачалі разбурацца. Акурат да гэтага часу хляраплясты захоўвалі актыўнасьць на звычайным узрозьні.

Читать полностью…

cybulinka

Спажываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце можа быць даволі моцна пашыраным

Аўтары новага артыкулу прыйшлі да высновы, што ўжываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце распаўсюджана значна шырэй, чым лічылася раней. Мяркуецца, што жывёлы сутыкаюцца з этылявым сьпіртам ужо каля 100 мільёнаў гадоў, паколькі фэрмэнтацыя садавіны й нэктараў існуе ў прыродзе яшчэ з крэйдавага пэрыяду. Некаторыя жывёлы, уключаючы шымпанзэ й птушак, эвалюцыянавалі такім чынам, што могуць лепш засвойваць алькаголь дзякуючы фэрмэнтатыўным зьменам. Да ўсяго яшчэ высьветлілася, што ўсходнія шэршні Vespa orіentalіs могуць выпіваць шмат алькаголю бяз шкоды арганізму.

Тым ня менш застаецца незразумелым, ці сьвядома жывёлы ўжываюць алькаголь для атрыманьня «эўфарыі», ці проста выбіраюць фэрмэнтаваныя садавіна выпадкова. Далейшыя дасьледаваньні будуць сканцэнтраваныя на тым, як алькаголь можа ўплываць на паводзіны й сацыяльныя сувязі прыматаў, а таксама на мэтабалічныя рэакцыі іншых жывёлаў.

Читать полностью…

cybulinka

Меншая колькасьць цукру ў дзяцінстве палепшыла здароўе празь дзесяцігодзьдзі

Новае дасьледаваньне паказвае, што абмежаваньне спажываньня цукру ў раньнім веку можа прынесьці доўгатэрміновую карысьць для здароўя, зьніжаючы рызыку разьвіцьця цукровага дыябэту 2-га тыпу й гіпэртаніі. Навукоўцы высьветлілі, што залішняя колькасьць цукру, асабліва калі ён трапляе ў арганізм у раньнім дзяцінстве або нават падчас эмбрыянальнага разьвіцьця, нэґатыўна ўплывае на мэтабалічнае здароўе.

Вынікі грунтуюцца на аналізе зьвестак UK Biobank, якія ахопліваюць шматгадовыя назіраньні за здароўем брытанцаў. Дасьледнікі параўналі здароўе людзей, зачатых у пэрыяд нармаваньня прадуктаў у Вялікабрытаніі (1940–1954), з тымі, хто зьявіўся на сьвет пасьля адмены талонаў. Было выяўлена, што тыя, хто нарадзіўся пры абмежаваным спажываньні цукру, мелі на 20 % меншую рызыку разьвіцьця гіпэртаніі й на 35 % — дыябэту, а таксама на два й чатыры гады пазьней сутыкаліся з гэтымі захворваньнямі.

Асаблівая карысьць назіралася ад скарачэньня цукру ў пэрыяд эбрынальнага разьвіцьця й да шасьці месяцаў пасьля нараджэньня. Аднак сучасныя рэаліі ўскладняюць абмежаваньне цукру ў рацыёне дзяцей, бо цукар часта дадаюць у прадукты харчаваньня, у тым ліку дзіцячыя, а маркетынг ласункаў нярэдка арыентаваны на маленькіх спажыўцоў.

Што праўда, дасьледаваньне трохі пакрытыкавалі некаторыя навукоўцы. Напрыклад, зьвяртаецца ўвага на тое, што сучасныя ўмовы харчаваньня адрозьніваюцца ад умоваў у 50-х гадах, як і лад жыцьця.

Читать полностью…

cybulinka

У галаве кітайца знайшлі начную Эйфелеву вежу

50-гадовы мужчына зьвярнуўся па дапамогу лекараў, бо цягам году ў яго быў моцны галаўны боль і ваніты. Прытым сымптомы паступова ўзмацняліся. Мэдыкі таксама выявілі моцную напружанасьць шыйных цягліц і праблемы з каардынацыяй: пацыент ня мог зь першай спробы дакрануцца пальцам носа.

Наступны аналіз выявіў прыкметы запаленьня ў агарнізьме. У пацыента быў падвышаны ровень імунаглабулінаў і бялку, а ціск сьпіннамазґавой вадкасьці быў значна вышэй за норму.

Уласна выявіць асяродак запалень дапамагла тамаграфія. На здымках лекары пабачылі “прыкмету начной Эйфелевай вежы”. Гэта характэрная карціна на МРТ-здымках, якая назіраецца пры разьмеркаваным запаленьні цьвёрдай мазґавой абалонкі. Звычайна такі сымптом выклікаюць інфэкцыі, аўтаімунныя захворваньні, пухліны й праблемы з судзінамі.

Пацыенту выпісалі курс процізапаленчых прэпаратаў, і праз 2 месяцы ягоны стан значна палепшыўся.

Читать полностью…

cybulinka

Этыёпскія шакалы пачаставаліся нэктарам

Дасьледнікі з праграмы захаваньня ваўкоў у Этыёпіі зафіксавалі незвычайныя паводзіны мясцовых шакалаў (Canіs sіmensіs): яны зьбіралі нэктар з кветак Knіphofіa folіosa. Некаторыя шакалы наведвалі да 30 кветак за адзін раз, і такія паводзіны назіраліся ў прадстаўнікоў розных зграяў. Маладыя шакалы, хутчэй за ўсё, вучацца гэтай практыцы, назіраючы за дарослымі.

Пакрываючы пысы пылком, шакалы могуць спрыяць апыленьню расьлін. Гэтае ўзаемадзеяньне можа быць унікальным прыкладам удзелу буйнога драпежніка ў апыленьні й упершыню дэманструе выкарыстаньне нэктару ў рацыёне мясаеднага жывёлы.

Адмыслоўцы, якія наважыліся пакаштаваць нэктар K. folіosa, кажуць, што ён мае прыемны, салодкі смак.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледаваньне старажытных артэфактаў паказала, што ацтэкі зрабілі страх мастацтвам

Дасьледнікі зь Цюрыскага ўнівэрсытэту вывучылі артэфакты ацтэкаў у форме чэрапа, вядомыя як «сьвістушкі сьмерці», і высьветлілі, што гэтыя інструмэнты маглі ня толькі адыгрываць важную ролю ў сьвятых рытуалах, але й быць гукавой зброяй. Такія сьвістушкі ствараюць гук, які вельмі падобны да адчайнага крыку чалавека, і здаецца, іх наўмысна стваралі менавіта такімі.

Адмыслоўцы адзначаюць, што падобнага інструмэнту не знаходзілі ні ў іншых дакалюмбавых культурах, ні ў сучасных музычных традыцыях. Гэтыя сьвістушкі ўнікальныя.

Вывучыўшы лічбавыя 3D-мадэлі артэфактаў, якія захоўваюцца ў Этналягічным музэі Бэрліну, аўтары заўважылі, што канструкцыя сьвішчыкаў уключае дзьве супрацьлеглыя гукавыя камэры, у якіх ствараецца турбулентнасьць паветра, дзякуючы якой артэфакты выдаюць свой фірмовы крык.

Калі каманда прайграла запісы гукаў сьвістушак сьмерці ўдзельнікам экспэрымэнту, іхняя мозгавая актыўнасьць паказала цікавы малюнак. Гук выклікаў моцныя эмоцыі й актываваў зоны мазґоў, зьвязаныя з апрацоўкай страху й сымбалічных значэньняў. Слухачы знаходзілі яго страшным на глыбокім, амаль інстынктыўным узроўні.

Выгладае на тое, што сьвістушка сьмерці быў больш, чым проста інструмэнт. Ягоная форма чэрапа, імаверна, адлюстроўвае бога падземнага сьвету ў міталёгіі ацтэкаў. Дасьледнікі мяркуюць, што гэтыя сьвішчыкі адыгрывалі важную ролю ў ахвярных цырымоніях, дапамагаючы ўдзельнікам падрыхтавацца да пераходу ў сьвет мёртвых.

Сьвістушка сьмерці — сьведчаньне тонкай псыхалягічнай інтуіцыі ацтэкаў. Хоць іх часта ўспамінаюць за жорсткія рытуалы, гэты інструмэнт сьведчыць пра глыбокае разуменьне мастацтва й чалавечых эмоцый. Ён нагадвае, што нават страх можа быць формай мастацтва.

Читать полностью…

cybulinka

Спадарства! Мы, група аўтараў беларускага кантэнту ў ТГ, радыя прадаставіць вам адноўленую папку «Кантэнт 2.0».

Дапрацаваны сьпіс годных паблікаў на самыя розныя тэмы: мемы, этнаграфія, архітэктура, сэкс-асьвета й шмат чаго яшчэ.

Давайце разам падтрымліваць годны беларускамоўны кантэнт!

/channel/addlist/u20xYPjfRV9hNjVi
/channel/addlist/u20xYPjfRV9hNjVi
/channel/addlist/u20xYPjfRV9hNjVi

Калі нехта жадае далучыцца да падборкі зьвяртайцеся сюды ў "Прышпільныя коміксы": @pryshpilny_bot

Читать полностью…

cybulinka

У навуцы зноўку крызыс: дасьледаваньні ў біямэдыцыне не паўтараюцца

У глябальным апытаньні 1630 біямэдыкаў высьветлілася, што 880 спрабавалі паўтарыць досьледы іншых навукоўцаў, і 724 зь іх гэта не ўдалося. Таксама каля чвэрці апытаных пацярпелі паразу, калі спрабавалі паўтарыць уласныя досьледы.

Апытаньне дасылалася па электроннай пошце аўтарам, чые публікацыі выходзілі ў навуковых часопісах з 2020 па 2021 гады. 72% апытаных прызнаюць наяўнасьць крызысу рэплікацыі ў галіне.

Падобнае апытаньне ладзілася ў 2016 годзе часопісам Nature, тады вынікі былі горшымі.

Паўтаральнасьць дасьледаваньняў мае вялікае значэньне, бо яна дапамагае пераканацца ў тым, што вынікі сапраўдныя, а не выпадковыя. Калі іншы дасьледнік можа паўтарыць экспэрымэнт і атрымаць такі ж вынік, як і аўтары, то гэта сьведчыць аб надзейнасьці высноў дасьледаваньня.

Читать полностью…

cybulinka

Падобна на тое, што памяць не абмяжоўваецца толькі нашымі мазґамі

Нэўрабіёлягі зь Нію-Ёрскага ўнівэрсытэту ў сваім дасьледаваньні паказалі, што памяць і здольнасьць вучыцца не абмяжоўваецца мазгамі. Аўтары высьветлілі, што нават вузы, якія не адносяцца да цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, могуць фармаваць "успаміны" у выніку шматразовага ўзьдзеяньня хімічных сыгналаў.

У досьледах на немазгавых нэрвовых і ныркавых вузах навукоўцы паказалі, што шматразовыя "імпульсы" задзейнічаных у сыгнальных шляхах памяці пратэінкіназ A і C запускалі актыўнасьць ґенаў, зьвязаных з памяцьцю. І тут ключавую ролю адыграла паўтарэньне. Напрыклад, сэрыя з 4 імпульсаў актывавала ґены памяці значна мацней, чымся адзінкавы імпульс. Такі эфэкт у выніку захоўваўся цягам колькіх дзён.

Таксама вузы рэагавалі на хімічныя стымулы з улікам інтэрвалаў паміж імі, што нагадвае працэс фармаваньня доўгатэрміновай памяці ў мазах, калі інтэрвалы паміж цыкламі навучаньня спрыяюць умацаваньню ўспамінаў.

Читать полностью…

cybulinka

Тэхналёгія геннага рэдагаваньня разьвязала праблему салодкасьці памідораў

У выніку сэлекцыі буйныя таматы цяпер зьмяшчаюць менш цукру, чым дробныя. А павышэньне салодкасьці — задача не зь лёгкіх, бо гэта можа зьнізіць ураджайнасьць. Каб знайсьці спосаб палепшыць смак буйных таматаў, дасьледнікі вывучылі розныя гатункі й выявілі два гены-рэгулятары сынтэзу цукроў. У буйных гатунках гэтыя гены актыўна зьніжаюць узровень цукру ў пладоў.

Каманда навукоўцаў паспрабавала адключыць гэтыя гены з дапамогай тэхналёгіі CRІSPR у адным з буйных гатункаў памідораў, Moneymaker. Вынік перасягнуў чаканьні: узровень цукроў, асабліва глюкозы й фруктозы, павялічыўся на 30%. Плады сталі значна саладзейшымі, пры гэтым ураджайнасьць засталася на ранейшым узроўні. Адзіным пабочным эфэктам стала тое, што ў памідорах паменеле насеньня, што, магчыма, нават спадабаецца пакупнікам.

Цяпер дасьледчыкі супрацоўнічаюць зь некалькімі кампаніямі, каб зрабіць такія таматы даступнымі для продажу, але праца яшчэ толькі пачалася. Салодкія буйныя таматы могуць быць карысныя ня толькі тым, хто любіць салодкія гародніны. Напрыклад, у вытворчасьці таматнага кетчупа патрэбная салодкасьць будзе дасягацца меншай колькасьцю пладоў, што зробіць працэс больш танным.

Салодкасьць адрэдагаваных Moneymaker пакуль яшчэ не дацягвае да ўзроўню салодкіх чэрры, але навукоўцы мяркуюць, што могуць павысіць яе яшчэ больш. Яны плянуюць шукаць іншыя гены, якія таксама ўплываюць на ўзровень цукру.

Калі новы гатунак урэшце выйдзе на рынак, прадавацца ён будзе, хутчэй за ўсё, толькі ў краінах з прасьцейшымі працэдурамі для ГМ-прадуктаў, дзе яны ўжо прадаюцца. Напрыклад, у Японіі даступныя памідоры з падвышаным утрыманьнем карыснай для здароўя гама амінамасьлянай кіслаты. Гэта першы прадукт, створаны з выкарыстаньнем CRІSPR, які прадаецца як у выглядзе пладоў, так і ў выглядзе саджанцаў.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы высьветлілі, чаму трасуцца мокрыя сабакі

Энэргічнае трасеньне целам, якое мы назіраем у сабак і іншых сысуноў пасьля купаньня, — гэта ня проста мілая або раздражняльная зьява, а важны «праграмаваны» мэханізм. Як высьветлілі дасьледнікі, гэты рэфлекс актывуюць сэнсорныя нэўроны на шыі, вядомыя як нізкапарогавыя мэханарэцэптары C-валокнаў (C-LTMRs). Такія нэўроны рэагуюць на лёгкія дотыкі й адпраўляюць сыгналы ў вобласьць ствала мозгу, якая апрацоўвае боль і сьверб.

Навукоўцы выявілі, што нават кроплі алею на патыліцы дастаткова, каб выклікаць «трасяніну мокрай сабакі» ў мышэй. Такія паводзіны характэрныя для ўсіх сысуноў — ад мядзьведзяў да дробных грызуноў. Аднак застаецца загадкай, чаму тыя ж нэўроны, якія адказваюць за рэакцыю на прыемнае пагладжваньне, таксама запускаюць магутны патрэсвальны рэфлекс.

Читать полностью…

cybulinka

Каляровы зрок, імаверна, разьвіўся задоўга да зьяўленьня яркіх пладоў і кветак

Амэрыканскія дасьледнікі прыйшлі да высновы, што здольнасьць бачыць колеры ў жывёл зьявілася каля 500 мільёнаў гадоў таму — значна раней, чым зьявіліся яркія плады й кветкі, якія прыцягваюць увагу сучасных жывёл (200–350 мільёнаў гадоў таму). Колеры, такія як чырвоны, аранжавы, жоўты, сіні й фіялетавы, аказаліся больш «заўважнымі», і навукоўцы мяркуюць, што яны адыгралі важную ролю ў фармаваньні зрокавых пераваг у жывёл. Цікава, што менавіта гэтыя колеры часта выбіраюць для маляваньня дзеці.

Прыблізна 150 мільёнаў гадоў таму жывёлы пачалі выкарыстоўваць афарбоўку як сыгнал для папярэджаньня — каб даць іншым зразумець, што яны небясьпечныя або атрутныя. Гэта было выгадна ў сьвеце, дзе каляровы зрок ужо разьвіваўся й дазваляў успрымаць такія сыгналы. Каля 100 мільёнаў гадоў таму адбыўся «ўсплёск» у эвалюцыі яркай афарбоўкі: многія віды пачалі актыўна выкарыстоўваць колеры як для абароны, так і для прыцягненьня партнэраў.

Читать полностью…

cybulinka

Спадарства, хачу параіць вам беларускі канал “Усё пра ўсё”, дзе публікуюцца апошнія навіны тэхналёгіяў, гаджэтаў і гульняў. Агулам толькі самае цікавае і актуальнае!

Далучайцеся, каб заўсёды быць у трэндзе!

/channel/allabouttexnologys
/channel/allabouttexnologys
/channel/allabouttexnologys

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы згубілі сувязь паміж выкарыстаньнем сацсетак і кепскім псыхічным станам

Дасьледнікі з Унівэрсытэту Джона Кёртына (Аўстралія) вывучылі, колькі часу людзі праводзяць у сацыяльных сетках і як гэта адбіваецца на іхнім псыхічным стане. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, вынікі паказалі, што колькасьць часу ў сацсетках амаль не ўплывае на дэпрэсію, трывожнасьць або стрэс.

У досьледзе ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек (17-53 гады). У адрозьненьне ад папярэдніх дасьледаваньняў, дзе ўдзельнікі самастойна ацэньвалі час, праведзены ў сацыяльных сетках, гэтым разам навукоўцы выкарыстоўвалі зьвесткі зь іх мабільных тэлефонаў, каб дакладна зафіксаваць, колькі хвілін яны правялі ў анлайн-прасторы. Затым гэтыя зьвесткі параўналі з узроўнямі трывожнасьці, дэпрэсіі й кантролю ўвагі.

Асноўны вынік аказаўся нечаканым: час у сацсетках амаль не ўплывае на псыхічнае здароўе. Напрыклад, дасьледнікі знайшлі слабую сувязь паміж карыстаньнем сацсеткамі й трывожнасьцю, але сувязі з дэпрэсіяй і стрэсам не выявілі. Больш за тое, аказалася, што людзі, якія больш актыўна карыстаюцца сацсеткамі, маюць крыху лепш разьвітыя навыкі ўвагі, хоць гэты эфэкт быў нязначным.

Хлоя Джонс, кіраўніца дасьледаваньня, мяркуе, што вынікі працы не азначаюць, што сацсеткі бясьпечныя для псыхікі, і важным зьяўляецца тое, як мы імі карыстаемся, а ня колькі часу на гэта марнуем. Сацыяльныя сеткі могуць быць як падтрымкай, так і фактарам рызыкі. Напрыклад, для чалавека, які жыве адзін, удзел у анлайн-супольнасьці можа быць сапраўдным выратаваньнем, а вось працяглы прагляд стужкі знакамітасьцяў можа толькі ўзмацніць незадаволенасьць сабой.

Яшчэ адзін цікавы аспэкт дасьледаваньня — уплыў розных плятформаў. Высьветлілася, што, напрыклад, TikTok крыху паляпшаў увагу, а Facebook быў зьвязаны зь невялікім павышэньнем узроўню стрэсу, нават калі аўтары ўлічвалі век карыстальнікаў.

Читать полностью…

cybulinka

Благі сон прысьпяшыў старэньне мазґоў

Праблемы са сном у людзей сярэдняга веку могуць сыгналізаваць аб заўчасным старэньні мазґоў, як выявілі навукоўцы Амэрыканскай акадэміі нэўралёгіі. Дасьледаваньне, праведзенае з удзелам 589 чалавек зь сярэднім векам 40 гадоў, паказала, што хранічныя парушэньні сну, такія як цяжкасьці з засынаньнем і раньнія абуджэньні, паскараюць старэньне мазґоў. Такім чынам, людзі зь некалькімі парушэньнямі сну мелі мазґі на 1,6–2,6 году старэйшыя за фактычны ўзрост.

Агулам назіраньне працягвалася 15 гадоў, падчас якіх удзельнікі й удзельніцы запаўнялі апытанкі й праходзілі сканаваньне мазґоў, а асноўнай прыкметай старэньня лічылася памяншэньне аб’ёму галаўных мазґоў.

Читать полностью…

cybulinka

Цюлені мілыя й стрытэгічныя

Цюлені Ўэдэла (Leptonychotes weddellii) лічацца самымі паўднёвымі сысунамі ў сьеце. Яны жывуць у Антарктыцы й амаль увесь час знаходзяцца пад вадою ў пошуках ежы. Гэтыя мілыя сысуны могуць апускацца на глыбіню да 900 м. на 90 хв., што перавышае іхні аэробны парог. Праўда, пасьля такіх экстрэмальных заплываў ім патрабуецца шмат часу на адпачынак.

Аўтары новай публікацыі высьветлілі, што цюлені прытрымліваюцца пэўнай стратэгіі, калі справа даходзіць да такіх зьнясільвальных вандровак.

Навукоўцы прычапілі на 59 дарослых цюленяў адмысловыя прылады для адсочваньня апусканьняў, і зьбіралі зьвесткі цягкам 8913 дзён. Першапачаткова меркавалася, што жывёлы будуць апускацца на вялікую глыбіню бліжэй да поўдня, бо сонечныя прамяні ў гэты час трапляюць далей у тоўшчы вады, але аказалася, што гэта ня так.

Цюлені даюць нырца раніцай, калі сонца яшчэ нізка, а ў поўдзень яны палююць каля паверхні вады, дзе шмат здабычы грэецца на сонцы. Такая стратэгія дазваляе апытмізаваць выдаткі энэргіі, неабходнай для пошуку ежы.

Читать полностью…

cybulinka

Кот прынёс свайму мікрабіёлягу мыш зь сюрпрызам

Яшчэ ў траўні 2021 годзе кот Пэпэр прынёс свайму свайму гаспадару мыш. Такое здаралася й раней, але гэтым разам мікрабіёляг Джон Ледніцкі пастанавіў вывучыць падарунак, бо яго цікавіла, ці не пераносяць грызуны вірус воспы аленяў.

У выніку навукоўцы знайшлі ў целе мышы новы вірус зь сямейства Параміксавірусаў, куды ўваходзяць узбуджальнікі адру й сьвінкі. Наступныя лябараторныя тэсты паказалі, што знойдзены вірус можа пранікаць у вузы чалавека й іншых сысуноў, што робіць яго патэнцыйна небясьпечным.

Аўтары кажуць, што вірус выклікае лёгкія інфэкцыі, а такое не надта шчыльна вывучаюць. Зрэшты, цяпер сытуацыя можа зьмяніцца.

З катом усё добра, але яго не ўпісалі ў пералік аўтараў артыкулу.

Читать полностью…

cybulinka

Канкурэнт Neuralink паведаміў пра першыя пасьпяховыя выпрабаваньні імплянту, які вярнуў людзям востры зрок

Распрацаваны Science Corporation вочны імплянт дапамог людзям, якія часткова страцілі зрок, чытаць, гуляць у карты й распазнаваць твары.

Імплянт Prima складаецца з 2-мілімэтровага чыпу, які хірургічна разьмяшчаюць пад сеткавіцай вока. Працэдура заўмае каля 80 хвілінаў. Аднак для таго, каб чып запрацаваў, потрэбныя адмысловы акуляры з камэрай, якая фіксуе візуальную інфармацыю й перадае яе на чып. У сваю чаргу чып, засілкаваны ад акуляраў, пераўтварае атрыманую інфармацыю ў электрычныя імпульсы, якія адпраўляюцца ў мазґі, дзе й адбываецца "стварэньне пабачанага", як і пры звычайным зроку. Аднак тое, што карыстальнікі бачаць, крыху адрозьніваецца ад нармальнага зроку: гэта манахромная выява з жаўтлявым адценьнем.

У выпрабаваньнях бралі ўдзел 32 чалавекі ў веку ад 60 гадоў, зь вельмі нізкай вастрынёй зроку (у ЗША в.з. 20/20 лічыцца нармальнай, а тут была 20/450). Праз год пасьля імплянтацыі, бальшыня людзей мела значна лепшы зрок: вастрыня паднялася да паказьніку 20/160, яны маглі чытаць пяць радкоў табліцы (23 літары). З ўсяе выбаркі толькі пяцёра не пабачылі аніякай карысьці ад імплянту.

Читать полностью…
Subscribe to a channel