Чарвякі-дажджавікі не выратуюць чалавецтва ад наступстваў ядзернай вайны
Нават лякальны ядзерны канфлікт прывядзе да выкіду ў атмасфэру вялікай колькасьці дробных цьвёрдых часьцінак, што значна скароціць паток сонечнага сьвятла. Гэта справакуе запавольваньне працэсу фотасынтэзу ў расьлінах, у тым ліку культурных. Пагроза голаду відавочная, таму дасьледнікі ўжо даўно шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы харчаваньня. Часьцей за ўсё для такіх мэтаў разглядаюцца бясхрыбтовыя, бо іх проста шмат.
Цяпер група дасьледнікаў з Новай Зэляндыі, Польшчы й ЗША ацаніла чарвякоў-дажджавікоў у якасьці ”апошняй крыніцы харчаваньня”. Вынікі атрымаліся несуцяшальныя.
Паводле аўтараў, сёньня на плянэце дастаткова чарвякоў, каб забясьпечыць 8 млрд чалавек бялком і энэргіяй цягам 1310 і 220 дзён адпаведна. Аднак здабыча чарвякоў аказалася надта працаёмістаю, дарагою й неэфэктыўнай.
Людзі, якія перанесьлі COVID-19 дагэтуль адчуваюць наступствы інфэкцыі
Кагнітыўныя здольнасьці шпіталізаваных у пачатку пандэміі COVID-19 людзей дагэтуль застаюцца ніжэйшымі, чым сярэдні ўзровень. Таксама захоўваецца адбітак інфэкцыі й на псыхічным стане: амаль палова з выбаркі жыве з сымптомамі дэпрэсыі і трывожнасьці.
Каманда дасьледнікаў вывучыла зьвесткі 475 чалавек зь Вялікай Брытаніі, якія былі шпіталізаваныя ў пачатку пандэміі, і выпісаныя да 31 сакавіка 2021 году. Усе людзі адразу пасьля выпіскі прайшлі псыхіатрычную і кагнітыўную ацэнку, а праз 2-3 гады паўтарылі яе.
Аказалася, што агулам псыхалягічны стан пацыентаў крыху пагоршыўся: 47% мелі сярэднюю альбо цяжкую дэпрэсыю (34% пры першых тэстах), 40% адчувалі стомленасьць рознай ступені (26% раней), і 27% мелі прыкметы сярэдняй і высокай трывожнасьці (23% на першых тэстах).
А вось вынікі кагнітыўных ацэнак не зьмяніліся: як быў дэфіцыт у 10 пунктаў IQ тэстаў, так і застаўся.
Пакуль невядома, што стала прычынаю такога пагаршэньня стану й ці ёсьць яно ўвогуле, бо дасьледаваньне мае значныя недахопы. Напрыклад, першапачаткова ў выбарку запрасілі 2500 чалавек, але адгукнулася чамусьці толькі 475. Да таго ж IQ тэсты перад шпіталізацыямі, натуральна, не праводзіліся.
Небясьпечны паразыт даставіў тэрапэўтычныя бялкі ў мазґі
Міжнародная група нэўрабіёлягаў распрацавала пэрспэктыўны спосаб дастаўкі бялковых прэпаратаў праз ґематаэнцэфалічны барʼер з дапамогай паразыта Toxoplasma gondii.
Лячэньне некаторых магзавых захворваньняў сутыкаецца з праблемамі транспарту праз ґематаэцэфалічны барʼер: часьцяком эфэктыўныя рэчывы наўпрост ня могуць трапіць у мазґі. Таму навукоўцы актыўна шукаюць спосабы разьвязаньня такой праблемы. І на дапамогу прыйшла таксаплязма, якая безь перашкод можа трапіць у мазґі наўпрост з кішэчніку.
T. gondii мае арганэлы, якія сынтэзуюць рэчывы неабходныя паразыту. Цяпер дасьледнікі перабудавалі іх такім чынам, каб яны вылучалі тэрапэўтычныя бялкі, якія выкарыстоўваюць пры лячэньні некаторых нэўралягічных хвароб.
Эфэктыўнасьць такога мэтаду пратэставалі спачатку на арганоідах чалавечых мазґоў, а потым і на мышах. У абодвух выпадках мадыфікаваны паразыт пасьпяхова выконваў свае задачы: арганэлы сынтэзавалі неабходныя рэчывы, а таксаплязма захоўвала здольнасьць трапляць у мазґі.
Нізкую частату палавых актаў зьвязалі з кароткай працягласьцю жыцьця ў некаторых выпадках
Агулам, на сувязь паміж сэксуальнай актыўнасьцю й працягласьцю жыцьця паказвалі й шматлікія папярэднія публікацыі, але цяпер дасьледнікі пастанавілі вывучыць яе ў спалучэньні зь іншымі фактарамі, такімі як дэпрэсыя.
Аўтары вывучылі здароўе й сэксуальную актыўнасьць 15 000 асобаў у веку ад 20 гадоў. У групу нізкай сэксуальнай актыўнасьці траплялі тыя, хто паведамляў пра менш за 52 акты на год.
Такім чынам высьветлілася, што ў жанчын нізкая частата палавых кантактаў падвышала на 70% рызыку раньняй сьмерці. Прытым такая сувязь захоўвалася, хоць і ня так выразна, нават пасьля ўліку псыхічных і фізычных захворваньняў.
У мужчын з дэпрэсыяй і зь нізкай сэксуальнай актыўнасьцю імавернасьць раньняй сьмерці была ў два разы вышэйшай, чымся ў дэпрэсыўных мужчын з высокай сэксуальнай актыўнасьцю.
Усё пачалося з 67-гадовай жанчыны, у якой у 2014 годзе праявіліся сымптомы нэўралягічнага захворваньня. Аднак стандартнае для такіх выпадкаў дасьледаваньне не дапамагло выявіць прычыну пагаршэньня стану. У выніку жанчыну пачалі лячыць ад ваўчанкі – аўтаімуннай хваробы, пры якой імунная сыстэма атакуе здаровыя вузы арганізма. І гэта дало плён: цягам 3 гадоў стан пацыенткі паступова паляпшаўся.
Ужо ў 2021 годзе жанчына зазнала праблемы з маўленьнем: ёй складана было падбіраць словы й фармуляваць думкі. Новае тэставаньне не выявіла аніякіх прычын такога хуткага кагнітыўнага спаду. Праз тое, што вітамін B12 грае важную ролю ў нармальным функцыянаваньні нашых мазґоў, мэдыкі пастанавілі вызначыць уровень вітаміну ў арганізьме, але ён быў у норме.
Пасьля гэтага жанчыну ўключылі ў дасьледаваньне, дзе выкарыстоўвалі фагавы дысплэй – новы мэтад пошуку аўтаантыцелаў, якія б маглі наносіць шкоду мазґам. Дасьледнікі разьмясьцілі на паверхі фагаў (вірусы бактэрый) вялікую колькасьць бялкоў чалавечага цела, а потым апусьцілі іх ва ўзоры сьпіннамазґавой вадкасьці пацыенткі.
Такім чынам высьветлілася, што некаторыя антыцелы злучаліся з фагамі, якія мелі на сабе пэўныя бялкі. То бок адбывалася аўтаімунная рэакцыя. Наступнае сэквенаваньне паказала, што антыцелы пацыенткі атакавалі бялок CD320.
Асаблівасьцю CD320 зьяўляецца тое, што ён дапамагае вузам арганізма засвойваць вітамін B12 і найчасьцей сустракаецца ў вузах каля гематаэнцэфалічнага барʼеру (мэмбрана, якая рэгулюе транспарт рэчываў у мазґі).
Дасьледнікі мяркуюць, што менавіта антыцелы да CD320 і сталі прычынаю кагнітыўнага спаду ў пацыенткі. На карысьць гіпотэзы сьведчыць і аналіз узроўню вітаміну B12 у сьпіннамазґавой вадкасьці: там яго амаль не было.
Навукоўцы таксама пашукалі згаданыя антыцелы ў іншых пацыентаў з падобнымі нэўралягічнымі праблемамі, і знайшла яшчэ 7 меркаваных выпадкаў. А потым антыцелы выявіліся й у 6% невялікай выбаркі здаровых людзей.
Песьні вядомых музыкаў сталі больш павольнымі з гадамі
Тэмп зьяўляецца важным парамэтрам у музыцы, з дапамогай якога можна перадаваць разнастайныя эмоцый. Таму, калі тэмп кампазыцый музыкаў будзе мяняцца зь цягам часу, то будзе мяняцца й эфэкт ад праслухоўваньня.
Каб спраўдзіць гэта, дасьледнікі ўзялі набор з 1.2 млн кампазыцый, для якіх быў пазначаны тэмп. Потым з набору выкрасьлілі аўтараў, чыя карʼера цягнулася менш за 20 гадоў, а дыскаграфія налічвала менш за 3 альбомы. Адбракавалі таксама й тых, хто хавае дату свайго нараджэньня, альбо нарадзіўся да 1955 году.
Далей аўтары выкарысталі «штучны інтэлект», каб ацаніць, ці быў зьвязаны ўзрост артыстаў з тэмпам іхных песьняў. Аказалася, што ў пачатку карʼеры музыкі выдавалі песьні зь сярэднім тэмпам 120 удараў у хвіліну. Калі артыстам было каля 30 гадоў, тэмп узрастаў да 123, а потым падаў на 2 удары за дзесяцігодзьдзе.
Навукоўцы вызначылі расьліну, якую можна ўзяць на Марс
Мяркуючы па ўсім, чалавецтва ў будучыні паспрабуе калянізаваць Марс, таму кітайскія дасьледнікі пастанавілі адшукаць расьліну, якую б можна было ўзяць на чырвоную плянэту. У выніку кандыдатам стаў звычайны мох Syntrіchіa canіnervіs, які можна сустрэць не ў самых прыязных куточках Зямлі: пустэльні й высокія горы.
У сваіх досьледах аўтары гадавалі мох у вельмі экстрэмальных умовах і ён даволі добра пачуваўся. Напрыклад, на расьліну пакідалі на 5 гадоў пры тэмпэратуры -44С і апраменьвалі дозамі радыяцыі ў 2000 вышэй за сьмяротныя для чалавека.
Таксама каманда зьмясьціла S. canіnervіs у адмысловую камэру з частковай імітацыяй марсіянскіх умоваў, дзе мох выжыў цягам тыдня.
🧅 Сёлета 30 траўня марсаход Curіosіty упершыню знайшоў на паверхні плянэты крышталічную серку. Прытым адкрыцьцё здарылася выпадкова: марсаход проста наехаў на пляскаты камень даўжынёй каля 15 см. Раней серку знаходзілі толькі ў складзе мінэралаў.
🧅 Нямецкія лекары паведамілі пра другога «бэрлінскага пацыента», якому ўдалося пазбавіцца ВІЧ-інфэкцыі. Мужчына дазнаўся пра дыягназ у 2009 годзе, потым у 2015 выявіўся яшчэ і лейкоз, які патрабаваў трансьплянтацыі ствалавых вузаў у дадатак да хіміятэрапіі. Як і ў выпадку зь першым «бэрлінскім пацыентам» донарам стаў чалавек з двума варыянтамі рэцэптару CCR5. Нармальная вэрсія такога рэцэптару дазваляе вірусу трапіць у вузы, а мутантная – не. Паведамляецца, што мужчына спыніў рэтравірусную тэрапію ў 2018 годзе, і з таго часу аніякіх прыкмет інфэкцыі ў яго няма.
🧅 Мэтааналіз 45 публікацый паказаў, што баўленьне часу на прыродзе зьніжае сымптомы псыхічных разладаў у дарослых пацыентаў. Аўтары мяркуюць, што для эфэкту дастаткова й 10 хвілінаў на сьвежым паветры.
Калаўроткі выкарысталі скрадзеныя ў бактэрый гены для абароны ад інфэкцыі
Паводле новага дасьледаваньня, група малюсенькіх прэснаводных жывёлаў навучылася абараняць сябе ад інфэкцый «процімікробнымі» генамі скрадзенымі ў бактэрый.
Навукоўцы заўважылі, што калі калаўроткі (Rotіfera) зазнаюць грыбковую інфэкцыю, у іх уключаюцца сотні генаў, якія яны набылі ў працэсе кантактаваньня з бактэрыямі й іншымі мікробамі. Праз тое, што некаторыя з гэтых генаў адказваюць за сынтэз антыбіётыкаў, арганізм калаўротак пачынае прадукаваць антымікробныя рэчывы.
Аўтары мяркуюць, што калаўроткі могуць даць пэўныя падказкі для пошуку новых прэпаратаў ад грыбковых і мікробных інфэкцый чалавека.
Нерэгулярны рэжым сну павысіў рызыку разьвіцьця дыябэту 2 тыпу
Каманда навукоўцаў ацанілі сон больш за 84 000 чалавек цягам 7 дзён, а потым 7.5 году назіралі за іхнімі паказьнікамі здароўя. Аказалася, што нерэгулярная працягласьць сну была зьвязаная з рызыкай разьвіцьця дыябэту 2 тыпу. Найбольш выразным такі эфэкт быў у людзей з максымальна нерэгулярным рэжымам сну: там рызыка павялічвалася на 34% і захоўвалася пасьля ўліку дадатковых фактараў.
Сярэдні век удзельнікаў і ўдзельніц дасьледаваньня складаў 62 гады, усе яны не мелі дыягнаставанага дыябэту. Аднак рабіць нейкія высновы пакуль рана, бо аўтары выкарысталі занадта кароткі пэрыяд ацэнкі рэжыму сну.
Перавагі вэґетарыянскай дыеты зьвязалі з ґенэтыкай
Паводле новага дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, калі гаворка ідзе пра перавагі вэґетарыянскай дыеты, нашыя ґены граюць важную ролю.
Дасьледчая каманда вылучыла зь вялікай выбаркі 2 300 чалавек, якія прытрымліваліся строгага вэґетарыянства, каб вывучыць сувязі паміж ґенамі і карысьць дыеты для здароўя.
Высьветлілася, што ў большасьці вэґетарыянцаў узровень халестэрыну быў ніжэйшым, чымся ў невэґетарыянцаў. Прытым тэндэнцыя захоўвалася для розных парамэтраў: агульны, кепскі і добры халестэрын. У пэрспэктыве гэта можа станоўча адбіцца на здароўі сэрца.
І на гэтым, відаць, перавагі скончыліся, бо далей у вэґетарыянцаў выявіўся паніжаны ўзровень вітаміну D і высокія паказьнікі трыгліцэрыдаў. Вітамін D, як вядома, спрыяе добраму стану костак і імуннай сыстэмы, а ягоны недахоп мае пэўныя клінічныя наступствы. А вось высокая канцэнтрацыя трыгліцэрыдаў (тлушчоў) у крыві можа павялічыць рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў.
Калі навукоўцы ўключылі ў аналіз ґенэтычны складнік, яны пабачылі, што пры наяўнасьці пэўных варыянтаў ґену, зьвязанага з мэтабалізмам кальцыю ў арґанізьме (MMAA), у людзей назіраліся розныя паказьнікі здароўя. Напрыклад, у бальшыні вэґетарыянцаў адбывалася зьніжэньне ўзроўня кальцыю, аднак у людзей з варыянтам MMAA назіралася адваротная сытуацыя.
Агулам гэта можа спрыяць здароўю зубоў і костак, але надмер Ca стане прычынаю камянёў у нырках і праблем з сэрцава-судзіннаю сыстэмаю.
🧅 У водах каля Кейптаўну знайшлі шалёных цюленяў. Паведамленьні пра агрэсыўныя паводзіны марскіх сысуноў пачалі зьяўляцца даўно, а ў чэрвені адзін цюлень нават пакусаў людзей. Пасьля гэтага адмыслоўцы злавілі 4 цюленяў і вірус шаленства выявіўся ў трох зь іх. На дадзены момант вірус знайшоўся ў 9 жывёл, у людзей выпадкаў інфікаваньня не назіралася.
🧅 Паводле апублікаванага ў пятніцу дасьледаваньня, кнігі і фільмы ў будучыні могуць стаць прадказальнымі і аднастайнымі, калі стваральнікі пачнуць актыўна выкарыстоўваць «штучны інтэлект». Для досьледаў аўтары паклікалі 300 чалавек, якія мусілі пісаць аповеды на вызначаныя тэмы. Толькі адным трэба было цалкам самастойна стварыць твор, а іншым дазволілі карыстацца ChatGPT для ґенэрацыі ад 3 да 5 ідэй. Вынікі ацэньвалі ўласна аўтары/ аўтаркі, а таксама незалежныя крытыкі. Выявілася, што выкарыстаньне ШІ пайшло на карысьць на індывідуальным узроўні: +10% якасьці, +22% захапляльнасьці. Аднак на калектыўным узроўні ШІ-творы выглядалі вельмі падобна.
Пры наяўнасьці выбару ежу чайкі ўсё адно аддаюць перавагу морапрадуктам
Дасьледнікі вывучалі выратаваных пасьля падзеньня з дахаў птушанят чайкі Larus argentatus. Іх разьмеркавалі на дзьве групы паводле дыеты: першая харчавалася марскімі прадуктамі, а другая – тыповай гарадзкой ежай (хлеб і каціны корм).
Раз на колькі дзён паддосьледным птушанятам прапаноўвалі на выбар 4 стравы, але птушкі заўсёды аддавалі перавагу звычайнай рыбе, незалежна ад дыеты, на якой яны гадаваліся.
Такім чынам, хаця чайкі лічацца непажаданымі жыхарамі гарадоў (выварочваюць сьметніцы, атакуюць людзей), яны ня будуць харчавацца даступнай чалавечай ежай пры наяўнасьць рыбы побач.
Птушанят потым выпусьцілі на волю.
Заолягі паслухалі біцьцё сэрца кажаноў падчас палёту
Вячэрніцы (Nyctalus) сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі Эўропы й селяцца непадалёк ад чалавека, але пра гэтых кажаноў дагэтуль вядома мала. Таму дасьледнікі пастанавілі ацаніць, колькі энэргіі жывёлам неабходна для выжываньня й якія стратэгіі эканоміі яны выкарыстоўваюць.
Як і ў людзей, частата сэрцавых скарачэньняў у кажаноў можа выкарыстоўвацца для ацэнкі энэргазатрат, таму каманда пачапіла на некаторых самцоў вячэрніц адмысловыя прылады для маніторынгу біцьця сэрца (0.8 г кожная) і пачала сачыць за імі. Праз тое, што дадзеныя маглі перадавацца толькі на невялікай адлегласьці, навукоўцам давялося літаральна лётаць разам з кажанамі ноччу на самалёце.
Апрача таго, што сэрцы самцоў скарачаліся з частатой 900 удараў за хвіліну, аўтары высьветлілі яшчэ й тое, што летам вячэрніцы спажывалі на 42% больш энэргіі, чымся ўвесну. Тлумачыцца гэта тым, што самцы амаль не выкарыстоўваюць кароткую сьпячку летам, бо ім трэба быць гатовымі да размнажэньня. Таксама аўтары кажуць, што для аднаўленьня запасаў энэргіі, кожная жывёліна мусіць зьесьці каля 33 хрушчоў ці 2 500 камароў за ноч.
Гарбатыя кіты былі больш шчасьлівымі падчас пандэміі COVID-19
Высьветлілі гэта навукоўцы, якія сачылі за папуляцыяй гарбатых кітоў Megaptera novaeangliae каля ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі. Для гэтага выкарыстоўвалі ня толькі здымкі зь бесьпілётнікаў [што дазваляе ацаніць запасы энэргіі, неабходнай для працяглых міграцый], але й аналіз ўзораў скуры й тлучшу, каб вызначыць экспрэсыю ґенаў і ўзроўні гармонаў, зьвязаных са стрэсам.
У выніку лябараторных аналізаў стала вядома, што ўзровень картызолу ў кітоў у 2021 годзе быў значна ніжэйшым, чымся ў 2020. То бок, кіты агулам адчувалі менш стрэсу.
Каманда мяркуе, што гэта пазытыўная рэакцыя на скарачэньне колькасьці шкодных рэчываў у марскіх экасыстэмах. Таксама сваю ролю тут мог адыграць і пачатак Ля-Ніньнё.
🧅 Адмыслоўцы з дапамогай 3D-візуалізацыі й біямэханічных назіраньняў за скурай і ейнымі дэфармацыямі вызначылі, што жанчыны лепей успрамаюць абʼекты тактыльна. Скура на пальцах у іх мяккая, таму плошча кантакту з прадметамі была большай, што задзейнічала дадатковыя сэнсарныя валокны.
🧅 Аналіз мэдычных зьвестак 46 мільёнаў брытанцаў паказаў, што частата сэрцавых спохватаў і інсультаў была ніжэй у прышчэпленых ад COVID-19.
🧅 Паводле службы кліматычных зьменаў Copernicus, 22 ліпеня быў самы цёплы дзень у сучаснай гісторыі. Агульная глябальная тэмпэратура сягала 17.16C, што крыху вышэй за папярэдні рэкорд у 17.09С ад 21 ліпеня бягучага году.
Стэйк з тунца ледзь не забіў жанчыну
Нямецкія лекары апавялі пра незвычайны выпадак, які здарыўся з 50-гадовай жанчынай.
Пацыентка замовіла сабе ў рэстарацыі стэйк з тунца, а праз колькі хвілінаў пасьля спажываньня стравы адчула сябе блага. Спачатку твар, шыя й рукі жанчыны пачырванелі, а потым зьвялася трывожнасьць і паколваньні па ўсім целе. Сымптомы былі вельмі падобныя на алергічную рэакцыю, але паводле самой пацыенткі, яна не мела алергіі на рыбу.
Да мэдыкаў жанчына трапіла зь вельмі нізкім артэрыяльным ціскам і высыпам на целе. Наступны агляд і лябараторная дыягностыка не выявілі нічога падазронага, таму жанчыне паставілі дыягназ «атручэньне гістамінам», укалолі адмысловыя прэпараты й адпусьцілі.
Атручэньне гістамінам адбываецца тады, калі рыбу захоўваюць у недастаткова нізкай тэмпэратуры. Бактэрыі ў тканках пачынаюць размнажацца, і пераўтвараюць гістыдын, якога багата ў мясе скумбрыі, тунца й іншых прадстаўнікоў сямейства Scombrіdae, у гістамін (рэчыва таксама сынтэзуецца ў чалавечым арганізьме падчас алергічных рэакцый). У выніку вялікая колькасьць гістаміну з рыбы трапляе ў арганізм, зьвязваецца з гістамінавымі рэцэптарамі й у чалавека зьяўляюцца сымптомы, якія немагчыма адрозьніць ад алергіі.
Мяркуецца, што праз такую асаблівасьць, колькасьць падобных атручэньняў моцна недаацэньваецца й пацыентам памылкова ставіцца дыягназ алергіі на рыбу, хоць тая сустракаецца даволі рэдка (0.6% сярод дарослых).
Вакцына ад апаясвальнага герпэсу прэтэндуе на ролю сродку ад дэмэнцыі
Ветраная воспа (вятранка) непрыемная, але кароткатэрміновая хвароба, якая найчасьцей выяўляецца ў дзяцей і маладых людзей. Хаця сымптомы хутка сыходзяць, вірус трапляе ў нэрвовую сыстэму чалавека, дзе й хаваецца ад імуннай сыстэмы, чакаючы зручнага моманту, каб зноўку праявіцца. Калі гэта здараецца, на скуры зьяўляецца балючы пухірковы высып, які называюць апаясвальным герпэсам.
Першая вакцына ад апасвальнага герпэсу (Zostavax) зьявілася ў 2006 годзе, яна ўтрымлівала аслаблены вірус. Праз пэўны час пачалі зьяўляцца некаторыя дадзеныя, што паказвалі на імавернае зьніжэньне рызыкі дэмэнцыі ў прышчэпленых людзей. Аднак у 2017 годзе зьявілася новая, больш эфэктыўная вакцына Shіngrіx, якая ўжо зьмяшчала толькі часткі вірусу, і дадзеныя наконт дэмэнцыі крыху страцілі актуальнасьць.
Цяпер дасьледнікі вывучылі мэдычныя карты больш за 200 000 вакцынаваных жыхароў ЗША, і высьветлілі, што людзі, якім зрабілі прышчэпку Shіngrіx мелі на 17% ніжэйшую рызыку разьвіцьця дэмэнцыі цягам 6 гадоў, чымся тыя, хто быў прышчэплены іншымі вакцынамі. Таксама сучасная вакцына, імаверна, адсоўвала праяўленьне сыптомаў дэмэнцыі на 6 месяцаў.
Вядома, гэта толькі першыя вынікі й нейкія высновы рабіць рана, але выглядае захапляльна. Тым больш, што ёсьць дадзеныя пра наўпроставую сувязь некаторых вірусаў, у тым ліку й воспы, з дэмэнцыяй.
🧅 Зьмены клімату адбываюцца даволі імкліва, і пакуль запаволіць іх не вельмі атрымліваецца. Гэта значыць, што нам давядзецца адаптаваць свае звычкі пад новыя ўмовы. Паводле некаторых прагнозаў, вытворчасьць арабікі, самага папулярнага ў сьвеце гатунку кавы, можа абрынуцца на 80% да 2050 году. Таму цяпер дасьледнікі не зьвяртаюцца да ґеннай інжынэрыі, каб стварыць кліматычна ўстойлівую арабіку, а шукаюць альтэрнатывы ў іншых гатунках расьліны. Напрыклад, рабусту пасадзілі ў альтэрнатыўных кліматычных умовах, і аказалася, што яна не блага пачуваецца. Мяркуецца, што для вырошчваньня ёй патрабуецца меней вады і ўгнаеньняў, а зерне нічым не саступае зерням арабікі.
🧅 Заолягі паведамілі, што зубы камодзкіх варанаў (Varanus komodoensis) пакрытыя жалезам, што дазваляе яшчаркам эфэктыўна забіваць здабычу памерам з карову. Насамрэч, іншыя віды яшчарак таксама маюць падобную асаблівасьць, але ў варанаў яна проста найбольш выразная. Мяркуецца, што рыза дасталася варанам у спадчыну ад дыназаўраў.
🧅 Міжнародная група навукоўцаў зладзіла мэтааналіз 5 кагортаў людзей з цукровым дыябэтам 1 тыпу (11475 чалавек) і выявіла, што ў дзяцей з ДТ1 шанец мець бацьку з такім жа дыягназам быў у 2 разы вышэй. Прытым такі эфэкт назіраўся толькі для тых выпадкаў, калі мужчынам ставілі дыягназ да зьяўленьня дзяцей. Што праўда, нейкіх спадчынных рызыкаў выяўлена не было. Тэзы будучай публікацыі можна зірнуць тут.
🧅 Эўрапейскае агенцтва лекаў забараніла прэпарату Leqembі выходзіць на рынак. Гэта лекі ад хваробы Альцгаймэра, але іхняя эфэктыўнасьць у клінічных выпрабаваньнях была не надта высокая ў параўнаньні з плацэба, да таго ж выявіліся сурʼёзныя пабочкі ў выглядзе ацёку й кровазьліцьця ў мазґі. Таму ў агенцтве пастанавілі, што карысьць ад прымяненьня прэпарату не перакрывае пабочкі.
Спажываньне алькаголю ў невялікіх колькасьцях не павялічыла працягласьць жыцьця
Канадзкія навукоўцы зладзілі вялікі агляд дасьледаваньняў (>100), у якіх адсочваўся стан здароўя людзей з рознымі ўзроўнямі спажываньня алькаголю, і не знайшлі нічога добрага.
Калі каманда паглядзела на агульныя дадзеныя, то выявілася сьціплая карэляцыя паміж нізкім спажываньнем алькаголю (1 напой на тыдзень – 2 напоі ў дзень) і большай працягласьцю жыцьця. Але такі эфэкт цалкам зьнікаў, калі дасьледнікі засяродзіліся толькі на публікацыях высокай якасьці.
Такім чынам, аўтары прыходзяць да высновы, што меркаваная карысьць ад спажываньня алькаголю ў малых колькасьцях зьяўляецца вынікам перадузятасьці ў некаторых публікацыях, а бясьпечнага ўзроўню спажываньня алькаголю не існуе.
Прэпараты для пахудзеньня павысілі разумовыя здольнасьці пацыентаў
У нядаўна апублікаваным дасьледаваньні навукоўцы паведамілі пра імаверную сувязь сэмаглютыду (прэпарат Ozempіc, Wegovy) з паляпшэньнем кагнітыўных функцый пацыентаў з дыябэтам 2 тыпу, а таксама са зьніжэньнем нікатынавай залежнасьці. Высьветлілася гэта падчас аналізу мэдычных зьвестак больш за 20 000 людзей з дыябэтам, якім выпісвалі сэмаглютыд і стандартныя лекі.
Хаця рэтраспэктыўны характар дасьледаваньня ня можа паказваць на дакладную сувязь, дацкая кампанія вытворца сэмаглютыду ўжо ладзіць выпрабаваньні рэчыва ў якасьці сродку ад хваробы Альцгаймэра. Вынікі чакаюцца цягам колькіх гадоў.
Самы раньні продак усяго жывога быў падобны на мікроба, і жыў неўзабаве пасьля ўтварэньня Зямлі
Дасьледчая каманда прааналізавала геномы 700 сучасных мікробаў, каб высьветліць, якія гены ўзьніклі падчас эвалюцыі раней. Такі падыход дазволіў зрабіць пэўныя высновы наконт апошняга агульнага продка ўсяго жывога на Зямлі.
Аказалася, што гэты продак, імаверна, быў падобны на сучасных мікробаў, меў вялікі геном, які кадаваў каля 2 600 бялкоў, а таксама харчаваўся вадародам і вуглякіслым газам.
Яшчэ каманда знайшла 19 «старажытных» генаў CRISPR-Cas9, якія сучасныя бактэрыі выкарыстоўваюць для барацьбы з фагамі, а людзі пабудавалі на іх аснове біяінжынэрную тэхналёгію.
Хаця раней меркавалася, што агульны продак усяго жывога жыў каля 3.8 млрд гадоў таму, новы аналіз адсунуў гэтую дату да 4.2 млрд гадоў. То бок, усяго колькі сотняў мільёнаў гадоў пасьля ўтварэньня Зямлі пайшло на тое, каб на ёй зьявіўся складаны вузавы арганізм.
Самая сухая пустэльня на Зямлі пакрылася кветкамі сярод зімы
Упершыню за 10 гадоў пустэльня Атакама пакрылася белымі й фіялетавымі адценьнямі кветак. Рэдкае цьвіценьне стала магчымым праз вялікую колькасьць ападкаў на поўначы Чылі восеньню. Гэта абудзіла мясцовыя віды расьлін, якія могуць заставацца ў стане пакою да 15 гадоў.
Звычайна пустэльныя кветкі пачынаюць красаваць вясною, калі ў пэрыяд з чэрвеня па жнівень выпала каля 15 мм ападкаў, аднак атмасфэрная зьява Эль-Ніньнё можа крыху парушыць балянс, і дажджы пройдуць у сакавіку. Толькі ў такіх выпадках варта чакаць зімовага цьвіценьня пустэльні. Мінулы раз такое назіралася ў 2015 годзе.
Аднак прыгажосьць зьвязаная й з пэўнымі праблемамі. Напрыклад, за хуткай рэакцыяй расьлін на дождж не пасьпяваюць вусякі-апыляльнікі. У выніку новае насеньне можа не сфармавацца, што адабʼецца на біяразнастайнасьці Атакамы. І, відаць, цяперака адбываецца акурат такі сцэнар, бо адмыслоўцы не заўважылі хоць якіх апыляльнікаў.
Навукоўцы выявілі малекулу РНК, якая рэгулюе старэньне вузаў, і выключылі яе
Група дасьледнікаў экспэрымэнтальна выявіла новы мэханізм рэгуляваньня старэньня вузаў, які можа стаць падмуркам для новых мэтадаў лячэньня зьвязаных са старэньнем захворваньняў.
У досьледах было выяўлена, што інактывацыя пэўнай некадавальнай РНК – SNORA13, спрыяе дзяленьню вузаў у сытуацыях, калі яны гэты працэс мусілі скончыць, напрыклад, пры пэўных мутацыях.
Малекулы некадавальных РНК не ўдзельнічаюць у сынтэзе бялкоў, а SNORA13, як лічылася раней, у асноўным выконвала функцыі, зьвязаныя з хімічным мадыфікаваньнем іншых РНК, аднак цяпер высьветлілася, што яна яшчэ запавольвае стварэньне рыбасом – структур, якія й сынтэзуюць бялкі.
Аўтары тлумачаць, што пэўныя нэгатыўныя фактары могуць парушыць працэс утварэньня рыбасом, а гэта ўжо падштурхне вузу запускаць працэсы старэньня (спыніцца дзяленьне). Але калі навукоўцы штучна выдалілі згаданую вышэй РНК, у вузах працягвалася ўтварэньне новых рыбасом не гледзячы на стрэс і іншыя фактары. Што праўда, маніпуляцыя яшчэ выключыла кантроля якасьці сабраных рыбасом, таму іх стала больш і ня ўсе будуць спраўна выконваць свае функцыі, але працэс дзяленьня не спыніўся.
На пляжы ў Новай Зэляндыі знайшлі цела незвычайнага кіта Mesoplodon traversіі. Адмыслоўцы дагэтуль не сустракалі гэтых марскіх сысуноў жывымі: усе зьвесткі атрыманыя з парэшткаў і выкінутых на бераг трох цел. Паведамляецца, што заолягі даслалі на генэтычнае дасьледаваньне ўзоры тканак загінулай жывёлы, каб спраўдзіць відавую прыналежнасьць. Вынікамі абяцаюць падзяліцца, а цела пакуль захоўваюць у лядоўні.
Читать полностью…Ракі з зыркай афарбоўкай аддалі перавагу норам, а не свабоднаму плаваньню
Існуе распаўсюджанае меркаваньне, што некаторыя віды жывёлаў выкарыстоўваюць зыркую афарбоўку для пошуку сабе пары, але гэта можа быць не зусім так. Вось, напрыклад, дасьледнікі вывучылі 400 відаў прэснаводных ракаў, і заўважылі, што найбольшая разнастайнасьць у афарбоўках уласьцівая відам, што жывуць у норах і рэдка адтуль вылазяць. Такія ракі маглі пахваліцца шырокай палітраю колераў: блакітны, фіялетавы, чырвоны й аранжавы. А вось ракі, якія звычайна проста плаваюць у вадзе найчасьцей проста шэрыя ці рудыя.
Такія вынікі паказваюць на тое, што зыркія колеры не заўсёды зьяўляюцца адаптацыяй, а могуць быць простай эвалюцыйнай выпадковасьцю.
Прызнаньне вядомых людзей у тым, што яны маюць панічны разлад павысіла ў 9 разоў колькасьць новых дыягназаў
Навукоўцы з Паўднёвай Карэі ў сваім агульнанацыянальным дасьледаваньні вывілі павышэньне ўзроўню выяўленьня панічнага разладу па ўсёй краіне пасьля таго, як тры вядомыя пэрсоны прызналіся, што маюць панічныя атакі.
Аўтары вывучылі статыстычныя зьвесткі з 2004 па 2021 гады, і заўважылі, што ўзровень выяўленьня захворваньня вырас амаль у 9 разоў, прытым рост пачаўся адразу пасьля публічнага прызнаньня трох вядомых у краіне людзей. У той жа час заявы зорак пра наяўнасьць у іх абсэсыўна-кампульсыўнага разладу не мелі такога эфэкту.
Аўтары мяркуюць, што такія вынікі сьведчаць пра важную ролю зорак і інфлюенсераў у пераадоленьні грамадзкай стыгматызацыі псыхічных разладаў.
Жадаеце быць у курсе самых свежых навін і цікавых фактаў аб штучным інтэлекце? 🧐⠀
Далучайцеся да Telegram-каналу BELAI, дзе вы даведаецеся пра сучасныя тэхналогіі AI іх уплыў на наша жыццё і будучыню. ⠀
⠀
Будзьце ў курсе сучасных інавацый і перспектыў, якія адкрываюцца перад намі дзякуючы развіццю штучнага інтэлекту. ⠀
⠀
Далучайцеся да BELAI ужо сёння і станьце часткай захапляльнага свету тэхналогій!
/channel/+_4jQGiY9AksxNGEy
Навукоўцы выявілі агульны для цяжарнасьці й раку мэханізм імуннай сыстэмы
Дасьледчая каманда засяродзілася на вывучэньні цяжарнасьці, каб зразумець, чаму некаторыя віды рака могуць пасьпяхова абыходзіць імунную абарону й свабодна разьвівацца. Высьветлілася, што існуе агульны мэханізм (B7-H4), які падаўляе імунную сыстэму як пры цяжарнасьці, так і пры раку. Толькі ў першым выпадку ён дапамагае захаваць плод, а ў другім дазваляе пухлінам расьці. Прытым рэгуляваньнем такога мэханізму «займаецца» гармон праґестэрон.
Для досьледаў дасьледнікі выкарыстоўвалі мышэй з ракам малочнай залозы й узоры тканак чалавека. Яны штучна блякавалі сыгналы праґестэрону, што ў выніку запаволіла разьвіцьцё пухліны й актывавала імунны адказ. Што праўда, эфэкт быў ня моцна выразным, таму каманда спадзяецца на далейшыя дасьледаваньні мэханізму.
🧅 Каманда амэрыканскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Джэні Шэрстан знайшла шмат небясьпечных мэталяў у гігіенічных тампонах. Усяго было прааналізавана 60 узораў сродкаў розных вытворцаў з Эўропы, Вялікай Брытаніі й ЗША. У выніку мэталі ў розных канцэнтрацыях знайшліся ва ўсіх узорах. Сярод знойдзенага быў аршэнік (мышʼяк), цынк, волава, кадм і ванад. Паводле розных ацэнак, тампонамі карыстаюцца 43-86% жанчын у залежнасьці ад краіны, аднак гэта першае дасьледаваньне, у якім ацэньваецца канцэнтрацыя небясьпечных рэчываў.
🧅 Міжнароднае агенцтва па дасьледаваньні раку назвала тальк імаверным канцэрагенам, а акрыланітрыл – адназначным канцэрагенам. Тальк уяўляе сабою мінэрал з клясы сылікатаў, які выкарыстоўваюць у касьмэтычных сродках, леках і прадуктах харчаваньня. Акрыланітрыл – лятучае арганічнае злучэньне – выкарыстоўваецца для вытворчасьці полімэраў, зь якіх потым робяць плястмасы, вопратку й будаўнічыя матэрыялы.
На сёньня маюцца абмежаваныя дадзеныя пра сувязь тальку з ракам яечнікаў (досьледы на жывёлах і вузавых культурах), а вось для акрыланітрыла знайшліся пераканаўчыя сувязі з ракам лёгкіх і абмежаваныя – з ракам мачавіку.
🧅 У трапічных лясох Паўднёвай Амэрыкі дасьледнікі знайшлі тры новых віды расьлін, блізкіх да Theobroma cacao, з пладоў каторай робяць какаву. Такое адкрыцьцё дае надзею на тое, што ў будучыні чалавецтва не застанецца без чакаляды праз зьмены клімату.