cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Мужчына літаральна вычхаў свае вантробы, але ўсё скончылася добра

Мэдыкі нядаўна апісалі жудасныя наступствы чханьня ў 63-гадовага мужчыны.

Пацыент праходзіў курс тэрапіі ад раку прастаты, што дало ўскладненьні на мачавік, таму мэдыкі выдалілі яго за два тыдні да шакавальнага здарэньня. Апэрацыя прайшла добра, і лекары хутка зьнялі швы, бо раны выглядалі зацягнутымі.

Мужчына пастанавіў адсьвяткаваць такую падзею, таму яны разам з жонкай пайшлі ў рэстарацыю на сьняданьне. Ва ўстанове мужчына чхнуў, кашлянуў і хутка адчуў боль і нешта мокрае ў жываце. Калі ён паглядзеў уніз, то пабачыў некалькі петляў свайго кішэчніку, які тырчаў з хірургічнай раны.

Спачатку мужчына хацеў ехаць у больніцу сам, але жонка выклікала хуткую дапамогу, каб ня стала горш.

Калі фэльчарка пабачыла ўсю сытуацыю, то таксама крыху разгубілася, але потым накрыла кішэчнік намочанай у фізрастворы тканінай і мужчыну павезьлі ў больніцу. Сам пацыент увесь гэты час пачуваўся добра.

У выніку хірургі хутка вярнулі ўсё на месца, а пацыент быў выпісаны праз 6 дзён.

Читать полностью…

cybulinka

У Паўднёвай Афрыцы знайшлі новыя віды «чароўных грыбоў»

Абодва віды адносяцца роду Psilocybe, які налічвае ў сабе каля 140 відаў псыхаактыўных грыбоў. Агулам род лічыцца найбольш дасканала вывучаным.

Знаходкі атрымалі назовы P. ingeli і P. maluti. У абодвух выпадках да адкрыцьця датычныя міколягі-аматары.

Аўтары таксама апісалі традыцыйнае выкарыстаньне P. maluti у лекавых практыках карэнных народаў.

Читать полностью…

cybulinka

Пчала ўджаліла амэрыканца ў вока, і ён часова страціў зрок

Адразу пасьля незвычайнага здарэньня 55-гадовы амэрыканец зьвярнуўся па дапамогу да мэдыкаў, якія выцягнулі джала. Аднак праз 2 дні мужчына ўсё яшчэ пакутаваў на боль і благі зрок, а з вока ішла кроў.

Пацыент пайшоў да афтальмолягаў, якія й знайшлі ў воку рэшткі джала. Яны хаваліся паміж вясёлкавай абалонкай і склерай, таму сымптомы не сыходзілі.

Пасьля канчатковага выдаленьня джала мужчыне выпісалі антымікробныя прэпараты й процізапаленчыя кроплі, што дало плён, і праз 5 месяцаў мужчына без праблем бачыў траўмаваным вокам.

Читать полностью…

cybulinka

🧅 Касьмічны карабель Boeіng Satrlіner застанецца прыстыкаваным да МКС яшчэ некалькі тыдняў. За гэты час мусяць адбыцца дадатковыя правяраньні сыстэмы рухавікоў. Таксама NASA зладзіць наземныя выпрабаваньні аналягічнай сыстэмы. Праблемы ў Starlіner пачаліся акурат перад стыкаваньнем з МКС сёлета ў траўні: спачатку выцек гэлій з сыстэмы кіраваньня, а потым не спрацавала 5 з 28 рухавікоў.

🧅 Сусьветная арганізацыя здароўя выдала глябальную справаздачу аб спажываньні алькаголю й лячэньні разладаў, зьвязаных з ужываньнем псыхаактыўных рэчываў. У ёй сьцьвярджаецца, што такія прадукты адказныя за сьмерць 3.2 млн чалавек за год (чвэрць зь іх – мужчыны).

🧅 Тэхналягічны ўнівэрсытэт у Эйндговэне (Нідэрлянды) заявіў, што ягоная палітыка па ліквідацыі ґендэрнага прагалу аказалася пасьпяховай і прывяла да павелічэньня колькасьці дасьледніц за 5 гадоў. Ва ўнівэрсытэце на некаторыя пазыцыі пачала разглядаць толькі жанчын цягам першых 6 месяцаў пошуку. Гэта прывяло да таго, што колькасьць выкладчыц на інжынэрных спэцыяльнасьцях павялічылася з 22 да 29 адсоткаў. Цяперака агулам ва ўстанове працуе аднолькавая колькасьць жанчын і мужчын.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы выявілі 2 групы нэўронаў, адказных за пачуцьцё сыці перад і пасьля яды

Суполка амэрыканскіх і брытанскіх дасьледнікаў зладзіла экспэрымэнты з мышамі, каб зразумець, якім чынам прэпараты падобныя на Ozempіc уплываюць на пачуцьцё сытасьці й дапамагаюць зьнізіць вагу. Выявілася, што падобныя прэпараты (імітатары гармону GLP-1, які кантралюе ўзровень цукру ў крыві) узаемадзейнічаюць з дзьвюма групамі нэўронаў у мазґах: адна адказвае за пачуцьцё сыці да яды, а другая – пасьля.

Тэсты на людзях з атлусьценьнем паказалі, што прыём імітатараў GLP-1 быў акурат зьвязаны зь меншым пачуцьцём голаду перад ядой і пасьля яе.

А вось у досьледах з мышамі, калі аўтары штучна стымулявалі нэўроны грызунам перад і пасьля яды, уласна й выявіліся згаданыя вышэй групы нэўронаў у гіпаталямусе. Потым на гэты нэўронах выявіліся рэцэптары GLP-1, што й тлумачыць эфэктыўнасьць азэмпікаў у барацьбе з атлусьценьнем.

Читать полностью…

cybulinka

Нашыя мазґі па-рознаму рэагуюць на натуральныя й сынтэтычныя галасы

Людзі не надта добра адрозьніваюць чалавечыя галасы ад галасоў, створаных «штучным інтэлектам», але нашыя мазґі, відаць, па-рознаму рэагуюць на іх.

Навуковая каманда зладзіла досьлед з удзелам 43 чалавек, якіх папрасілі паслухаць запісы чалавечых галасоў і зґенэраваных «штучным інтэлектам». У абодвух наборах запісы адпавядалі 5 розным эмацыйным афарбоўкам: нэўтральныя, злосьць, страх, радасьць і задавальненьне. Пакуль паддосьледныя знаходзіліся ў апараце фМРТ і слухалі галасы, іх прасілі ня толькі вызначыць паходжаньне голасу, але й ацаніць іхнюю натуральнасьць і верагоднасьць.

У выніку людзі дакладна вызначалі чалавечыя галасы толькі ў 56% выпадкаў, а для зґенэраваных такі паказьнік склаў 50,5% (аднолькава кепска). Найлепш людзі ідэнтыфікавалі нэўтральныя галасы «штучнага інтэлекту» (75% дакладнасьці) і радасныя чалавечыя (78%). Адзначаецца, што «нэўтральныя чалавечыя галасы» ўдзельнікі й удзельніцы часьцяком пазначалі, як створаныя ШІ.

Вывучыўшы здымкі мазґоў, каманда заўважыла, што чалавечыя галасы выклікалі выразныя рэакцыі ў зонах, зьвязаных з памяцьцю й эмпатыяй. А вось сынтэтычныя галасы актывавалі вобласьці мазґоў, зьвязаныя з распазнаваньнем памылак і рэгуляваньнем увагі.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы спраўдзілі папулярныя міты, зьвязаныя зь інтэрвальным гадаваньнем

Чым большую папулярнасьць набірае інтэрвальнае гадаваньне ў якасьці спосабу кантролю вагі, тым больш вакол яго зьяўляецца мітаў (папужаць сябе можна й вынікамі некаторых навуковых дасьледаваньняў). Напрыклад, ёсьць меркаваньні, што інтэрвальнае гадаваньне можа стаць прычынай зьяўленьня праблем з харчовымі паводзінамі, скарачэньня цяглічнай масы й зьніжэньня лібіда.

Гэта й пастанавілі спраўдзіць амэрыканскія навукоўцы сваім мэтааналізам. У выбарку трапілі дасьледаваньні, дзе вывучалі ўплыў на здароўе 2 распаўсюджаных схем галадаваньня: 1/1 (галадаваньне праз дзень) і 16/8 (калі чалавек спажывае ежу цягам 8 гадзін на дзень + варыяцыі).

У выніку аніводны міт не сьцьвердзіўся.

🧅 Было заўважана, што ўзроўні цукру, насычаных тлушчоў, халестэрыну, натрыю й г.д. не мяняюцца падчас інтэрвальнага галадаваньня, як і адсотак суткавай энэргіі зь бялкоў, тлучоў і вугляводаў. З гэтага каманда робіць выснову пра адсутнасьць сувязі між галадаваньнем і зьменамі ў харчовых звычках.

🧅 Таксама не знайшлося сувязяў і з разладамі харчовых паводзінаў у выніку інтэрвальнага галадаваньня. Што праўда, у вывучаных дасьледаваньнях адсейваліся людзі, якія раней мелі падобныя праблемы. Таму аўтары аналізу раяць з асьцярогай ставіцца да інтэрвальнага галадаваньня, калі ў анамнэзе ёсьць харчовыя разлады.

🧅 Падчас інтэрвальнага галадаваньня людзі гублялі такую ж колькасьць цяглічнай масы, як і тыя, хто прытрымліваўся іншых дыет. Але ў абодвух выпадках дапамогуць фізычныя практыкаваньні й большая колькасьць бялкоў у рацыёне.

🧅 Уплыву галадаваньня на палавыя гармоны аналіз таксама не выявіў.

Читать полностью…

cybulinka

Шымпанзэ заўважылі за самалячэньнем

Самалячэньне заўважалі ў некаторых жывёлаў ужо даўно, напрыклад, шымпанзэ могуць апрацаваць рану вусякамі ці зьесьці горкую кару, каб пазбавіцца паразытаў. Можна прыгадаць таксама арангутана Ракуса, які старанна жаваў лекавую ліяну й прыкладаў да раны. Аднак у такіх выпадках часта застаецца невядомым, ці намерана спажываюць жывёлы лекавыя расьліны, альбо гэта ў іх рацыён такі.

Цяпер міжнародная навуковая каманда паспрабавала даць адказ на гэтае пытаньне. Навукоўцы й навукоўкі цягам 8 месяцаў назіралі за паводзінамі й здароўем 2 суполак шымпанзэ ў адным зарочніку ва Ўгандзе. Апрача назіраньня, каманда яшчэ зьбірала ўзоры мачы й калу прыматаў, каб выявіць інфэкцыі й паразытаў, а таксама вылучала экстракты расьлін, якія елі шымпанзэ.

У выніку высьветліліся цікавыя акалічнасьці. Па-першае, хворыя прыматы часта адлучаліся ад групы й мянялі свой рацыён. Напрыклад, шымпанзэ з траўмамі елі кару й лісьце дрэваў Khaya anthotheca і Whіtfіeldіa elongata. Такія ж расьліны зьяўляліся ў рацыёне прыматаў з сымптомамі рэсьпіраторных інфэкцый. Насамрэч, навукоўцы сабралі 13 расьлін, якія выкарыстоўваліся для самалячэньня.

Па-другое, аналіз экстрактаў усіх гэтых расьлін паказаў, што 88% зь іх былі актыўнымі супраць патаґенных бактэрый, у тым ліку небясьпечных для чалавека. Таксама адзначаецца, што кожная расьліна мелі выразны супрацьзапаленчы эфэкт.

Па-трэцяе, шымпанзэ без асаблівага імпэту частуюцца нечым незнаёмым, бо гэта можа быць небясьпечна. Таму дадаваньне ў рацыён незвычайных расьлін мусіць мець асаблівыя прычыны.

З гэтага каманда зрабіла выснову, што шымпанзэ мэтанакіравана займаюцца самалячэньнем у выпадках хваробаў.

Читать полностью…

cybulinka

Спажываньне сыру можа станоўча ўплываць на псыхічны стан

Людзі з добрым псыхічным здароўем звычайна маюць большую працягласьць жыцьця й лепшае здароўе. Прытым некаторыя асаблівасьці ладу жыцьця, такія як спажываньне сыру, могуць граць важную ролю ў такім эфэкце. Кітайскія навукоўцы вывучылі гены мільёнаў эўрапейцаў і знайшлі патэнцыйныя доказы гэтаму.

Вывучаныя 8 набораў дадзеных, кожны зь якіх уключаў 38 000 – 2.4 млн чалавек, паказалі патэнцыйныя доказы таго, што добры псыхічны стан, які вымяралі задаволенасьцю жыцьцём, настроем, наяўнасьцю трывожных і дэпрэсыўных сымптомаў, дапаможа пражыць доўгае й здаровае жыцьцё.

Яшчэ каманда адсачыла на выбарцы ў 33 чалавека прамежкавыя фактары, якія б вызначалі такую сувязь. І тут высьветлілася цікавае: аматары сыру й садавіны часьцей мелі высокія паказьнікі псыхічнага дабрабыту. Таксама спажываньне сыру на 3.67% паляпшала самаацэнку й працягласьць жыцьця (а курэньне й прагляд ТВ скарацілі яго на 4.56 і 7.39 адсоткаў адпаведна).

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы зладзілі хімічны аналіз найстарэйшага віна ў сьвеце

Без неспадзяванак не абышлося.

Ёмістасьць зь віном знайшлі яшчэ ў 2019 годзе на поўдні Гішпаніі, а цяпер сталі вядомыя вынікі археахімічнага аналізу.

Наяўнасьць поліфэнолаў паказала на сапраўднасьць віна. Агулам знайшлося 7 падобных злучэньняў, якія ёсьць і ў сучасных гішпанскіх вінах. Аднак адсутнасьць сырынговай кіслаты ў сьпісе выяўленых рэчываў дала падставу меркаваць, што віно 2000 гадоў таму было белым, а чырвоны колер зьявіўся падчас захоўваньня.

Астатнія паказьнікі таксама былі падобныя на сучасныя гішпанскія гатункі віна. Аднак у ёмістасьці яшчэ знайшлі прах чалавека. Імаверна, гэта быў мужчына, бо ў Рымскай імпэрыі жанчынам было чамусьці забаронена піць віно, да ўсяго ж падобную ўрну з жаночымі парэшткамі, але без віна знаходзілі ў тым жа маўзалеі.

Читать полностью…

cybulinka

Мужчыне ў чэрапе зрабілі «акно», каб сачыць за мазґавой актыўнасьцю ўльтрагукам

Навукоўцы ўпершыню зазірнулі ў мазґі чалавека з дапамогай ультрагуку падчас выконваньня заданьняў па-за межамі мэдычнай установы. Для гэтага пацыенту імплянтавалі ў чэрап пранікальны для ЎГ-хваляў матэрыял, які стаў акустычным акном.

Апрача нэўроннай актыўнасьці, такі падыход дазволіў ацаніць і абʼём крыві ў мазґах, які цесна зь ёй зьвязаны.

Адзначаецца, што ўльтрагукавыя дадзеныя, як і ў выпадку з прыматамі, паказвалі намер пацыента ў відэагульнях і падчас практыкаваньняў на гітары.

Функцыянальная ЎГ-візуалізацыя можа стаць паўнавартаснай альтэрнатывай грувасткай МРТ і абмежаванай ЭЭГ.

Пацыенту да ўстаноўкі імплянту вымушана выдалілі частку чэрапа, каб зьнізіць ціск пасьля траўмы.

Читать полностью…

cybulinka

Хада зь пераменнымі крокамі можа дапамагчы скінуць залішнюю вагу

Аўтары прэпрынту заахвоцілі 18 чалавек у веку ад 18 да 45 гадоў прайсьціся па бегавой дарожцы. Першы падыход паддосьледныя рабілі са звычайнымі крокамі, а падчас другой спробы на дарожцы пазначаліся месцы, куды трэба было ступаць. У апошнім выпадку крокі мадуляваліся такім чынам, каб яны часам былі на 5-10% карацейшымі ці даўжэйшымі.

Паралельна з гэтым навукоўцы адсочвалі й узровень вуглякіслага газу ў выдыхах, каб ацаніць мэтабалічныя затраты людзей.

Такім чынам высьветлілася, што на кожны 1% павелічэньня варыябельнасьці хады прыпадаў 0.7% рост мэтабалічных затрат на актыўнасьць.

Хаця расход калёрый у дасьледаваньні не адсочвалі, каманда робіць лягічную выснову, што чаргаваньне даўжыні крокаў падчас хады павялічвае хуткасьць мэтабалізму. Так адбываецца праз тое, што арганізму трэба больш энэргіі, каб захоўваць устойлівасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Задышка стала першым сымптомам пухліны яечніку

Гішпанскія мэдыкі апавялі пра незвычайны выпадак, які здарыўся з 51-гадовай жанчынай.

Пацыентка трапіла ў лякарню з моцнай задышкай цягам апошніх двух месяцаў. Прытым раней аніякіх скаргаў на здароўе ў жанчыны не было. Першасны агляд выявіў ня толькі аслабелае дыханьне, але й шчыльнае ўтварэньне ў вобласьці лагва.

Наступнае рэнтгеналягічнае дасьледаваньне паказала паталягічнае скапленьне вадкасьці ў лёгкіх жанчыны, а кампутарная тамаграфія выявіла вадкасьць і вакол печані. Таксама знайшлося й буйное новаўтварэньне ў логвавай вобласьці.

Хаця ўзровень муцыну-16 (бялок, зьвязаны з ракам яечнікаў) быў моцна падвышаны, пухліна аказалася дабраякаснай і была пасьпяхова выдаленая хірургамі. А вадкасьць у лёгкіх і вакол печані зьнікла праз тры тыдні пасьля апэрацыі.

Читать полностью…

cybulinka

У ТыкТоку прапануюць заклеіць рот, каб пазбавіцца храпу, але ці эфэктыўна гэта?

У ТыкТоку зьявілася пэўная колькасьць відэа (mouthtaping), дзе людзі заклейваюць сабе рот клейкай стужкай. Гаворыцца, што такі падыход дазваляе лепей спаць і пазбавіцца храпеньня.

Лёгіка тут простая: хроп утвараецца, калі чалавек дыхае праз рот, а калі яго заклеіць, то застанецца толькі нос. Аднак ідэя не новая, яе спраўджвалі навукоўцы й навукоўкі яшчэ да зьяўленьня трэнду ў сацсетцы.

Напрыклад, у 2014 годзе было паказана, што выкарыстаньне клейкай стужкі сапраўды дазваляе зьменшыць хроп і колькасьць эпізодаў апноэ за ноч (але не ўсім, у траціны паддосьледных назіралася пагаршэньне сымптомаў). Прыблізна такія ж вынікі атрымаліся й у аўтараў дасьледаваньня 2022 году: там заклейваньне ратоў дапамагло людзям зь лёгкай формай начнога апноэ.

Аднак галоўнае абмежаваньне згаданых публікацый – малая выбарка. Таму казаць пра нейкую эфэктыўнасьць мэтаду няма падставаў, тым больш, што ў цяжкіх выпадках гэта можа быць небясьпечным

Читать полностью…

cybulinka

🧅На гэтым тыдні велізарная ракета Starshіp пасьпяхова скончыла свой чацьвёрты выпрабавальны палёт, шматпакутная капсула Boeіng Starlіner даставіла астранаўтаў на МКС, а кітайская місыя Changʼe 6 узяла ўзоры рэгаліту зь цёмнага боку Месяца й хутка яны прыляцяць на Зямлю.

🧅Міжнародная дасьледчая каманда дапасавала альгарытмы машыннага навучаньня для аналізу геномных баз дадзеных з мэтаю знайсьці патэнцыйныя антыбіётыкі. У выніку атрымаўся каталёг з 863 498 рэчывамі. Таксама зладзілі выпрабаваньні 100 злучэньняў на антымікробную актыўнасьць: 79 злучэньня прайшлі выпрабаваньні, а яшчэ 63 паказалі актыўнасьць у дачыненьні да рэзыстэнтных бактэрый.

🧅Сабакі паказвалі лепшыя вынікі пасьля муштровак, калі ім давалі ня толькі ежу ў якасьці ўзнагароды, але й пяшчоту з пахвалою. Высьветлілася гэта на досьледах, дзе сабак вучылі новым камандам, толькі ў адным выпадку муштроўка была стандартнай, а ў другім з абнімкамі, ласункамі й інш. Потым сабакі спалі з электродамі на галаве, каб можна было ацаніць іхны стан. Такім чынам выявілася, што пасьля стандартных заняткаў жывёлы мелі вышэйшы ўзровень стрэсу. Гэта адбівалася й на пасьпяховасьці сабак на наступных занятках.

Читать полностью…

cybulinka

Кавалачкі фруктаў у ёгурце адбілі ў дзяцей ахвоту яго зьесьці

Аўстралійскія й дацкія адмыслоўцы зладзілі досьлед з удзелам 485 дзяцей ад 5 да 12 гадоў, каб крыху больш зразумець іхнюю пераборлівасьць у ежы.

Дзецям прапаноўвалі пары разнастайных прадуктаў з рознай тэкстурай і прасілі выбраць нешта адно. Напрыклад, трускаўковы ёгурт быў прадстаўлены ў аднародным выглядзе й з кавалкамі ягад. У мэню таксама быў хлеб, сочыва, таматны суп і памяранцавы сок.

У выніку 6-гадовыя дзеці часьцей за астатнія групы абіралі прадукты з аднароднай кансыстэнцыяй: 76% выпадкаў. Аднак такая пераборлівасьць пасьля 7 гадоў ідзе на спад.

Паводле аўтараў, непрыязнасьць да кавалачкаў у ежы можа быць зьвязанай з мэханізмам псыхікі, які абараняе дзяцей ад патэнцыйна небясьпечнай ежы. Такую зьяву называюць харчовай нэафобіяй і звычайна яна зьнікае ў працэсе сталеньня, калі дзеці больш даведваюцца пра навакольны сьвет.

Читать полностью…

cybulinka

Мурашкі адгрызаюць канцавіны сваім суродзічам, каб уратаваць іх ад інфэкцыі

Каманда швайцарскіх навукоўцаў назірала за мурашкамі Camponotus floridanus і выпадкова заўважыла дзіўнае: адна мурашка адгрызала нагу свайму суродзічу, а апошні не супраціўляўся. Спачатку выглядала, што выпадак быў адзінкавым, але аналіз відэазапісаў жыцьця калёніі выявіў шмат такіх апэрацый. Але ў кожным разе ногі адгрызалі толькі тады, калі на іх было моцнае пашкоджаньне.

Потым каманда спраўдзіла эфэктыўнасьць такога падыходу: яна нанесла траўмы й заразіла 72 мурашкі. Палове зь іх навукоўцы ампутавалі пашкоджаныя канцавіны, а астатнім – не. Усіх досьледных мурашак пакінулі ізаляванымі ад суродзічаў.

У выніку аказалася, што тактыка адгрызаньня пашкоджаных канцавінаў сапраўды ратуе жыцьці мурашам. Так, у групе з ампутацыямі сьмяротнасьць была на 90% ніжэйшай, чымя ў кантрольнай групе.

Такім чынам мурашкі сталі другой жывой істотай пасьля людзей, якія робяць ампутацыі для захаваньня жыцьця.

Читать полностью…

cybulinka

Штодзённае спажываньне чарнасьліву захавала здароўе костак

Косьці ўяўляюць сабою дынамічныя структуры, якія паступова разбураюцца й замяняюцца новымі тканкамі. Але зь цягам часу балянс парушаецца, і яны ўжо ня могуць інтэнсыўна аднаўляцца. Усё гэта вядзе да разьвіцьця остэапарозу, эфэктыўных лекаў ад якога пакуль няма. Прытым найбольш уразьлівымі перад такім захворваньнем ёсьць старыя людзі, асабліва жанчыны ў постмэнапаўзе.

Навуковая група зладзіла дасьледаваньне з удзелам 235 жанчын у постмэнапаўзе. Удзельніц каманда разьмеркавала на тры групы паводле спажываньня чарнасьліву й сачыла (КТ) за станам іхных костак цягам 12 месяцаў.

У выніку ў жанчын, якія зусім не спажывалі чарнасьліву, шчыльнасьць касьцявой масы аказалася самай нізкай з усяе выбаркі. У «групах чарнасьліву» стан костак быў значна лепшым, але тыя жанчыны, якія штодзённа спажывалі 100 і болей грамаў часьцей кідалі дыету праз абрыдласьць. Таму аўтары называюць аптымальным варыянтам 50 гр прадукту (4-6 шт) на дзень.

Читать полностью…

cybulinka

Першы выпадак сындрому Даўна ў нэандэртальцаў паказаў на ўласьцівы ім альтруізм

На гэтым тыдні група антраполягаў паведаміла пра выяўленьне парэшткаў нэандэртальскага дзіцяці з сындромам Даўна ў Гішпаніі. Знаходка мае вялікае значэньне для разуменьня сацыяльнага жыцьця архаічных людзей, бо наяўнасьць альтруістычных паводзінаў у іх была пад сумневам.

Мікракампутарная тамаграма правай скроневай косткі дзіцяці выявіла брак разьвіцьця ўнутранага вуха, які назіраецца разам з сындромам Даўна. Каманда таксама вызначыла, што дзіця дажыло прыблізна да 6 гадоў, што было б немагчымым без адпаведнага догляду з боку дарослых.

Читать полностью…

cybulinka

Матылькі перасеклі Атлянтычны акіян у бесьперапынным палёце

Яшчэ ў 2013 годзе ў Францускай Гвіяне знайшлася зграйка матылькоў-дзядоўнікаў (Vanessa carduі). Вусякі сядзелі на пяску, а іхныя крылы былі ў вельмі благім стане. Такая знаходка зьбянтэжыла навукоўцаў, бо такіх матылькоў не сустракалі раней у Паўднёвай Амэрыцы.

На высьвятленьне абставінаў зьяўленьня матылькоў у нетыповым месцы навукоўцам спатрэбілася 10 гадоў. За гэты час яны сэквенавалі геномы вусякоў, прааналізавалі ДНК пылку з крылаў і вывучылі ізатопы вадароду й стронцыю зь целаў матылькоў.

У выніку геномны аналіз паказаў, што знойдзеныя V. carduі былі блізкімі да эўрапейскіх і афрыканскіх папуляцый, пылок на крылах належаў да 2 відаў расьлін трапічнай Афрыкі, а ізатопы аказаліся ўнікальнымі для Заходняй Эўропы.

З гэтага дасьледнікі зрабілі выснову, што матылькі пераляцелі цераз Атлянтычны акіян, пераадолеўшы каля 4 200 км. Такая вандроўка заняла прыблізна 8 дзён бесьперапыннага палёту.

Читать полностью…

cybulinka

Твар на відэа зроблены з жывых вузаў чалавечай скуры. У будучыні такі матэрыял плянуюць выкарыстоўваць ня толькі для наданьня робатам здольнасьці рэалістычна паказваць эмоцыі, але й для тэставаньня касмэтычных прэпаратаў.

Жывая тканка ўяўляе сабою сукупнасьць вузаў, выгадаваную на калягенавым каркасе, якую потым зьмясьцілі на аснову, створаную на 3D-друкарцы. Такая скура, у адрозьненьні ад папярэдніх распрацовак, мае ўнутры эквівалент вязаў (зьвязак), якія ў нас адказваюць за міміку.

Агулам матэрыял атрымаўся вельмі падобным на сапраўдную скуру, хоць пакуль без судзінаў і сэнсарных функцый. Таксама навукоўцы прымусілі рабатызаваны твар пасьміхацца цягам месяца й высьветлілі, што на ім утвараюцца зморшчыны. Такая ўласьцівасьць можа стаць запатрабаванай у касмэтычнай прамысловасьці для тэставаньня адпаведных прадуктаў.

Читать полностью…

cybulinka

🧅 У 2001 годзе ібэрыйскія рысі былі зусім блізка да зьнікненьня, бо ў прыродзе іх заставалася каля 62 асобінаў. Аднак разьвядзеньне ў няволі, аднаўленьне натуральнага асяродзьдзя й рэінтрадукцыя далі плён: колькасьць папуляцыі ўзрасла да 2000 жывёл. Таму Міжнародны зьвяз аховы прыроды зьмяніў статус ібэрыйскай рысі з «пад пагрозай выміраньня» на «ўразьлівы». Вядома, яшчэ шмат трэба намаганьняў, але прыклад матывуе.

🧅 Бесьпілётныя аўтамабілі не саступаюць кіроўцам. Паводле вынікаў буйнога дасьледаваньня транспартных здарэньняў, бесьпілётныя аўтамабілі агулам уяўляюць менш небясьпекі, чымся кіроўцы-людзі. Што праўда, аналіз 2100 аварый зь бесьпілётнікамі й 35000 зь людзьмі выявіў і слабыя месцы сыстэм аўтаматычнага кіраваньня. Напрыклад, ва ўмовах кепскай асьветленасьці й на паваротах бесьпілётнікі паказалі сябе горш. Прытым аўтары зьвяртаюць увагу на тое, што кампаніі, якія займаюцца распрацоўваньнем і тэставаньнем такіх аўто, быццам бы не вельмі ахвотна дзеляцца зьвесткамі пра колькасьць здарэньняў.

🧅Спажывальнікі марыхуаны часьцей хварэлі на цяжкі covid-19. Навукоўцы вывучылі мэдычныя зьвесткі 72501 чалавека, за якімі назіралі з нагоды цяжкага ковіду. Нечакана высьветлілася, што людзі, якія паведамлялі пра спажываньне наркатычнага сродку цягам году перад хваробай, значна часьцей траплялі ў аддзяленьні інтэнсыўнай тэрапіі. Прытым высокая рызыка цяжкай хваробы была на адным узроўні з курэньнем.

Читать полностью…

cybulinka

Спадарства! Мы (група аўтараў беларускага кантэнту ў ТГ) радыя прадставіць вам распрацаваную намі папку «Кантэнт 1.0».

Мы сабралі для вас шмат цікавых каналаў, на самыя розныя тэмы ад клясычных мемаў да сэкс-асьветы. Мы спадзяёмся, што гэта прапанова вас зацікавіць. (Не хвалюйцеся, “экстрыму” сярод прапанаванага няма!)

/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi
/channel/addlist/mYJofajf5HFmM2Vi

Калі нехта жадае далучыцца да падборкі (незалежна ад колькасьці падпісантаў) зьвяртайцеся ў "Прышпільныя коміксы": @pryshpilny_bot

Читать полностью…

cybulinka

Спадчыннасьць можа павысіць рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра

Дасьледчая каманда з Mass General Brіgham прааналізавала дадзеныя 4 400 чалавек у веку 65-85 гадоў з пэўнымі кагнітыўнымі парушэньнямі й выявіла некаторыя спадчынныя рызыкі разьвіцьця хваробы Альцгаймэра:

🧅Высокі ўзровень біямаркэру хваробы Альцгаймэра (ХА) назіраўся ў людзей, маці якіх мелі сымптомы нэўрадэгенэратыўнай хваробы.

🧅Наяўнасьць у бацькі сымптомаў позьніх сымптомаў ХА не паўплывала на ўзроўні амілёіду ў дзяцей.

🧅Кагнітыўныя парушэньні з боку абодвух бацькоў (толькі раньнія праблемы з памяцьцю ў бацькі) таксама вяло да высокага ўзроўню амілёіду ў нашчадкаў незалежна ад полу.

Читать полностью…

cybulinka

Дыета з высокім утрыманьнем тлучшоў павысіла трывожнасьць у пацукоў

Каманда навукоўцаў падзяліла пацукоў-падлеткаў на дзьве групы, каб высьветліць уплыў на здароўе высокай колькасьці ненасычаных тлушчоў.

Першую групу цягам 9 тыдняў кармілі стандартным рацыёнам (11% тлушчоў), а другую гадавалі на дыеце з высокім утрыманьнем тлушчоў пераважна жывёльнага паходжаньня (45%, у стандартным рацыёне чалавека паказьнік даходзіць да 36%).

Цягам усяго досьледу ў грызуноў рэгулярна бралі ўзоры спражненьняў для ацэнкі мікрабіёму кішэчніку, а ў канцы назіраньня ўсе пацукі мусілі прайсьці адмысловыя тэсты.

Як і чакалася, у групе з высокім утрыманьнем тлучшоў жывёлы набралі вагу. А таксама ў іх назіралася нізкая разнастайнасьць мікрабіёму кішэчніку зь перавагай уласьцівых для «індустрыяльнай дыеты» і атлусьценьня бактэрый роду Fіrmіcutes.

Яшчэ ў гэтай групе выявілася высокая экспрэсыя генаў tph2, htr1a slc6a4, зьвязаных перадачай сыгналу нэўрамэдыятара сэратаніну ў зоне мазґоў, «адказнай» за стрэс і трывогу. Вядома, што актывацыя некаторых сэратанінавых нэўронаў можа справакаваць у жывёлаў рэакцыі, падобныя на трывогу.

Таксама высокую экспрэсыю tph2 раней зьвязалі з разладамі настрою й рызыкай самагубства ў людзей.

Читать полностью…

cybulinka

Панядзелак (і лета)– не нагода забыцца на нядзельны дайджэст. 24 тыдзень адзначыўся бактэрыяльнай зброяй, пазытыўнай сытуацыяй з дыябэтам 1 тыпу й генэтычнымі раскопкамі ў пошуках малярыйнага плязмодыя.

🧅Даўно вядома, што на сельскагаспадарчых землях найчасьцей дамінуюць бактэрыі віду Pseudomonas vіrіdіflara: яна хутка распаўсюджваецца й у астатніх мікробаў не застаецца шанцаў. Прытым такое назіраецца выключна на с/г землях. Амэрыканскія навукоўцы пашукалі прычыны такога эфэкту й знайшлі штосьці дзіўнае.

Падчас вывучэньня бактэрыяльных геномаў высьветлілася, што згаданыя вышэй мікраарганізмы могуць захопліваць фагаў – вірусы бактэрый, – і пераналаджваць іх так, каб тыя атакавалі канкурэнтныя віды. Працы пакуль шмат, але гэта можа стаць тэхналёгіяй, яка дасьць рады з крызысам рэзыстэнтнасьці да антыбіётыкаў.

🧅Сярод пажылых людзей сьмяротнасьць ад дыябэту 1 тыпу зьнізілася на 25% з 1990 году. Да такой высновы прыйшлі кітайскія навукоўцы, якія зладзілі глябальнае папуляцыйнае дасьледаваньне. Найбольш выразнае зьніжэньне назіралася ў краінах з высокім сацыяльна-дэмаграфічным індэксам. Праўда, распаўсюджанасьць захворваньня ўзрасла з 400 на 100 000 чалавек у 1990 да 514 у 2019 годзе.

🧅Каманда генэтыкаў і археолягаў знайшла доказы таго, што старажытныя людзі хварэлі на малярыю й распаўсюджвалі яе задоўга да зьяўленьня авіяцыі й аўтамабіляў. Дзеля гэтага давялося вывучыць больш за 10 000 геномаў старажытных людзей у пошуках ДНК паразытаў Plasmodіum, якія й выклікаюць малярыю. У выніку знайшлося 36 выпадкаў інфікаваньня па ўсім сьвеце: ад тэрыторыі Нямеччыны 5 600 гадоў таму, да Бэльгіі ў пачатку 1700-х гадоў. Дагэтуль самым старым доказам малярыі быў узор крыві, ўзяты ў 1944 годзе ў Гішпаніі.

Читать полностью…

cybulinka

Рэальны здымак флямінга ўзяў бронзавую ўзнагароду конкурсу фотаздымкаў, створаных нэўрасеткамі

На фотаконкурсе 1839 Awards зрабілі адмысловую катэгорыю для выяваў, створаных «штучным інтэлектам», а фатограф Майлз Эстрэй даслаў туды рэальны, хоць і падобны на галюцынацыю нэўрасеткі здымак флямінга, які схаваў галаву ў перʼе.

Такім учынкам аўтар хацеў паказаць, што няма нічога больш фантастычнага, чымся сама прырода. Арганізатары конкурсу ацанілі такое актуальнае пасланьне, але дыскваліфікавалі фатографа. Вынікі былі перагледжаныя й 3 месца аддалі іншаму ўдзельніку.

Зрэшты, Эстрэй задаволены вынікам сваёй акцыі.

А як вам такая акцыя?

Читать полностью…

cybulinka

Тыдзень таму на ўзьбярэжжы штата Арэгон знайшлі велізарную рыбу з роду Mola. Памер знаходкі складаў 2 м 21 см.

Ідэнтыфікаваць від дапамагла дасьледніца Марыан Найгард. Гэта быў апісаны ёй у 2017 годзе Mola tecta.

Лічыцца, што рэдкая рыба жыве пераважна ў паўднёвай паўсфэры Зямлі. І на фота (пакуль) самы буйны экзэмпляр.

Каб больш даведацца пра M. tecta, навукоўцы сабралі ўзоры тканак для генэтычнага дасьледаваньня.

Читать полностью…

cybulinka

Выкрыліся сувязь некаторых навукоўцаў з тытунёвымі кампаніямі

Паводле зладжанага BMJ і Investigative Desk расьсьледаваньня, больш за 900 мэдычных дасьледаваньняў, што былі апублікаваныя з 1996 году, маюць мінімум аднаго чалавека ў сьпісе аўтараў, які атрымліваў фінансы ад тытунёвых кампаній. Прытым 27 з вывучаных публікацый зьявіліся ў 13 часопісах, дзе існуе забарона на публікацыю работ аўтараў, зьвязаных з табачнай галіною.

Частка навуковай супольнасьці падтрымала такія забароны й заклікала зрабіць іх больш жорсткімі, бо тытунёвая індустрыя неаднаразова хавала вынікі дасьледаваньняў, якія нэгатыўна адбіліся на прыбытку. А вось за адмену згаданых абмежаваньняў выступілі навукоўцы, зьвязаныя з Big Tobacco. Яны сьцьвярджаюць, што такое фінансаваньне аніяк не паўплывала на іхныя навуковыя высновы.

Читать полностью…

cybulinka

Кампутарную тамаграфію для рыбкі мы ўжо бачылі, а зараз хамяк...

Звычайна для правядзеньня такой працэдуры жывёлам робяць анэстэзію, каб яны ляжалі спакойна й здымкі атрымаліся добрымі, але тут сырыйскіх хамякоў пастанавілі закруціць у элястычны бінт.

Пацешныя фатаздымкі працэсу спадабаліся не ўсім. Напрыклад, на Reddіt некаторыя карыстальнікі хваляваліся за жыцьцё грызуноў, бо «чалавечы» апарат выдае вялікую дозу выпраменьваньня [сучасныя апараты можна аптымізаваць і пад хамячка]. Таксама некаторыя варажылі нізкую якасьць сканаваньня праз тое, што хамякі, імаверна, спрабавалі вызваліцца падчас працэдуры.

У адказ на заўвагі ўсіх занепакоеных, на форум хутка выклалі вынікі КТ-сканаваньня.

Читать полностью…
Subscribe to a channel