cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

🧅Касьмічны зонд Voyager-1 упершыню за апошнія пяць месяцаў перадаў асэнсаванае паведамленьне, якое ўтрымлівала тэхнічныя зьвесткі. Раней інжынэры высьветлілі, што прычынай адпраўкі бессэнсоўных паведамленьняў стаў пашкоджаны сэгмэнт бартавой памяці, дзе захоўваўся код, адказны за фармаваньне тэхпаведамленьняў. Цяпер код перамясьцілі, што дае надзею на атрыманьне навуковых зьвестак. Voyager-1 быў запушчаны 46 гадоў таму, цяпер ён лічыцца самым далёкім ад Зямлі абʼектам, зробленым чалавекам.

🧅Прыблізна праз 5 гадоў патэнцыйна небясьпечны астэроід Apophіs праляціць ад Зямлі на адлегласьці 32 000 км, што ў дзесяць разоў менш адлегласьці да Месяца. Навукоўцы плянуюць максымальна выкарыстаць такую рэдкую магчымасьць, а кампаніі ўжо прапануюць свае паслугі палёту да астэроіду.

🧅Высокапатаґенны штам вірусу птушынага грыпу знайшлі ў афаліны (Tursіops truncatus) ля каліфарнійскага ўзьбярэжжа. Гэта першы выпадак віруснай інфэкцыі ў кітападобных.

🧅Навукоўцы падпісалі дэклярацыю, у якой паведамляецца, што ўсе хрыбетныя й частка бесхрыбетных жывёлаў маюць сьвядомасьць. Таксама падпісанты заклікаюць людзей узважваць свае дзеяньні, якія могуць нанесьці шкоду дабрабыту жывёлаў. З дэклярацыяй пагадзіліся ня ўсе, таму пазьней будзе падрабязны допіс.

🧅Дасьледнікі знайшлі новы шлях пераходу вірусаў кажаноў на іншых жывёлаў. Ва Ўгандзе яшчэ ў 2017 годзе заўважылі шымпанзэ, якія елі лайно кажаноў. Потым такія паводзіны заўважылі ў антылёп і іншых малпаў. Цяпер у памёце кажаноў знайшлі дзясяткі раней невядомых вірусаў, у тым ліку й новы каранавірус, падобны на SARS-CoV-2.

Читать полностью…

cybulinka

Сучасныя ружы адзначыліся нізкай генэтычнай разнастайнасьцю

Паводле вынікаў дасьледаваньня, сучасныя гатункі ружай страцілі каля чвэрці першапачатковай генэтычнай разнастайнасьці, што можа зрабіць іх больш уразьлівымі перад хваробамі й зьменамі клімату.

Ружы пачалі разводзіць у Азыі й Эўропе даволі пасьпяхова. Так, да 1800 году налічвалася каля 100 гатункаў дэкаратыўных расьлін, а ў 1900 іх было ўжо каля 8 000. На сёньня колькасьць гатункаў скрыжаваных эўрапейскіх і азыяцкіх руж сягае 35 000.

Цяпер дасьледчая каманда паспрабавала аднавіць генэтычную гісторыю кветак. Спачатку сэквэнавалі геномы 15 сучасных, гібрыдных і старажытных сартоў, а потым абʼядналі зьвесткі з 17 раней сэквенаванымі ружамі. Адным вокам зірнулі яшчэ генэтычныя маркеры 200 папулярных гатункаў руж.

Аўтары заўважылі, што бальшыня вывучаных сартоў маюць блізкія сувязі, што сьведчыць аб вельмі абмежаваным першапачатковым наборы сартоў (10), на базе якіх і ўтвараліся новыя.

Потым выявілася, што бальшыня папулярных сучасных гатункаў маюць азыяцкае генэтычнае паходжаньне, а вось гены старажытных эўрапейскіх сартоў з папуляцыі амаль зьніклі. Грунтуючыся на тым, што эўрапейскія ружы былі больш трывалымі, аўтары мяркуюць, што такі генэтычны дысбалянс можа зрабіць сучасныя ружы ўразьлівымі перад інфэкцыямі й экстрэмальным надворʼем.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы вынайшлі новы мэтад вырабу алмазаў

Для ўтварэньня прыродных алмазаў неабходныя даволі экстрэмальныя ўмовы: высокі ціск у нетрах Зямлі й ня меней высокая тэмпэратура. Умовы для вырабу штучных алмазаў таксама характарызуюцца высокім ціскам у 5 ГПа і тэмпэратурай каля 1400°С.

А цяпер навукоўцам удалося зрабіць невялікія алмазы пры звычайным атмасфэрным ціску й тэмпэратуры 1025°С.

Паводле новага мэтаду, працэс фармаваньня мінэралу адбываецца ў вадкай сумесі галю, жалеза, нікелю й крэмну ў «атмасфэры» з мэтану й вадароду. Што праўда, пакуль невядома, ці можна будзе з такіх алмазаў зрабіць славутыя сваім бляскам брыльлянты.

Аднак алмазы выкарыстоўваюцца й навукоўцамі, напрыклад, для вымярэньня магнітнага поля й пошуку цёмнай матэрыі.

Читать полностью…

cybulinka

Год вэганскай дыеты пайшоў на карысьць сабакам

Тое, што вэганская ежа можа цалкам задаволіць патрэба сабак было вядома з папярэдніх дасьледаваньняў. Але там стан гадаванцаў адсочвалі за кароткі прамежак часу.

Аднак вэтэрынарка Аніка Ліндэ разам са сваімі калегамі пайшла далей: яны ўзялі 15 гадаванцаў розных парод, перавялі іх на вэганскую дыету на аснове гароху й цягам году назіралі за паказьнікамі здароўя (аналізы крыві, мачы, калу).

Дагэтуль усе гадаванцы харчаваліся звычайным кормам, таму іхны стан здароўя перад досьледам ўзялі за кантрольны пункт.

Вынікі аказаліся станоўчымі. Так, сабакі з атлусьценьнем і празьмернай вагою пахудзелі за год вэганскай дыеты, а ў астатніх вага засталася нармальнай. Таксама каманда не знайшла значных зьменаў у выніках аналізаў.

Вядома, у дасьледаваньня ёсьць абмежаваньні (мінімальная выбарка, толькі год назіраньня), але гэта пакуль самая падрабязная й працяглая праца.

Читать полностью…

cybulinka

Сотні маладых імпэратарскіх пінгвінаў трапілі на відэа падчас падзеньня з высокай скалы

Першае падобнае відэа ўдалося зрабіць падчас здымак сэрыялу для NatGeo. На ім маладыя імпэратарскія пінгвіны Aptenodytes forsteri скачуць у ваду з вышыні каля 15 мэтраў, каб выправіцца на першыя самастойныя пошукі ежы.

Звычайна імпэратарскія пінгвіны гадуюць птушанят на вялікіх крыгах, якія маладыя пінгвіны пакідаюць у 5 месяцаў. Аднак хуткае скарачэньне плошчы лёдавага насьцілу, імаверна, вымусіла пінгвінаў перабірацца на берагавыя скалы для гнездаваньня. Таму галодныя маладыя птушкі цяперака мусяць ладзіць такія небясьпечныя скокі ў ваду.

Читать полностью…

cybulinka

Першыя ахвяры «зомбі-хваробы аленяў» сярод людзей

Апублікаваная ў часопісе Neurology справаздача можа паказваць на першыя выпадкі перадачы хранічнай зьнясільнай хваробы аленяў чалавеку. Ахвярамі сталі паляўнічыя, аднак доказаў перадачы хваробы пакуль бракуе.

па тэме:
У ЗША працягваецца эпідэмія аленевай зомбі-хваробы


Паведамляецца, што да лекараў зьвярнуўся 72-гадовы мужчына, які скардзіўся на раптоўныя выпадкі агрэсыі, зблытанасьць сьвядомасьці й сутаргі. Лячэньне не дало плёну, стан мужчыны імкліва пагаршаўся й празь месяц ён памёр.

Наступная роспалаць паказала, што мужчына меў прыкметы прыённай хваробы Кройцфэльда-Якаба. Таксама высьветліліся цікавыя акалічнасьці: раней памёр сябар пацыента ад той жа хваробы й яны абодва елі мяса аленяў.

Цяпер ладзіцца вывучэньне прыёнаў пацыента, каб параўнаць іх з прыёнамі зьнясільнай хваробы аленяў.

Читать полностью…

cybulinka

У працяг тэмы пра каву: Фінская кавярня зрабіла з дапамогай нэўрасеткі новы гатунак кавы

Паводле Міжнароднай арганізацыі кавы, Фінляндыя спажывае больш за ўсё кавы ў сьвеце: 12 кг на чалавека ў год. Таму не дзіва, што менавіта тут пастанавілі далучыць нэўрасетку да пошуку новых водараў і пахаў папулярнага напою.

Ствараліьнік кавярні паведаміў, што яны спачатку апісалі моўнай мадэлі (ChatGPT, Copilot) усе ўласьцівасьці гатункаў зерня, а потым даручылі стварыць новую сумесь, каб задаволіць спрактыкаваных аматараў.

У выніку нэўрасетка абрала для стварэньня сумесі 4 гатункі зерня, што адмыслоўцам падалося дзіўным, бо звычайна зьмешваюць 2-3 віды кавы, каб не атрымаць мешаніны з водараў і пахаў.

Але сьляпая дэгустацыя з удзелам экспэртаў паказала, што сумесь атрымалася годнай і нічога мяняць ня трэба.

Таксама нэўрасетка распрацавала ўпакоўку для новай кавы й назвала яе «AI-conic». У будучыні плянуецца вывесьці сумесь на рынак.

Читать полностью…

cybulinka

☘️ Часам падаецца, што аховай прыроды займаюцца адмысловыя арганізацыі й навукоўцы, а асобны чалавек анічога зрабіць ня можа. Да таго ж моцна дэматывуюць і навіны пра чарговую вырубку лясоў дзеля вырабу вопраткі. Аднак памагчы прыродзе можна й «невялікімі» учынкамі, дастаткова толькі агледзецца.

Вось некалькі падыходаў, якімі можна захаваць віды там, дзе вы жывяце.

Читать полностью…

cybulinka

У арганізьме пацыента з паслабленым імунітэтам і ковідам, вірус эвалюцыянаваў, як хацеў

Новае дасьледаваньне паказала, што мужчына з паслабленым ад захворваньня крыві імунітэтам, які хварэў на ковід 613 дзён (!), стаў добрым асяродзьдзем для разьвіцьця вірусу SARS-CoV-2.

Навукоўцы налічылі больш за 50 мутацый, у тым ліку й тых, якія адбыліся ў шылападобным бялку, што паказвае на спробу віруса абыйсьці дзейныя вакцыны.

Читать полностью…

cybulinka

Актыўнае карыстаньне мазґамі на працы можа перадухіліць кагнітыўныя праблемы

Існуе меркаваньне, што чым больш інтэнсыўда працуюць нашыя мазґі, тым меншая імавернасьць узьнікненьня праблем з памяцьцю й мысьленьнем у сталым веку. Каманда навукоўцаў цяпер паказала, што такая сувязь сапраўды існуе.

У дасьледаваньні вывучаліся зьвесткі 7 000 прадстаўнікоў 305 прафэсый. Аналіз кагнітыўнай стымуляцыі на працы й узровень здольнасьцяў адбываўся на розных этапах жыцьця.

Вынікі паказалі, што людзі, прафэсыі якіх патрабуюць складанага й разнастайнага мысьленьня, мелі меншую рызыку разьвіцьця кагнітыўных разладаў пасьля 70 гадоў. Напрыклад, выкладнікі й выкладніцы, у якіх былі самыя высокія нагрузкі на мазґі, мелі на 66% ніжэйшую рызыку лёгкіх кагнітыўных пагаршэньняў, чым тыя, хто разносіў пошту ці працаваў дазорцам.

Читать полностью…

cybulinka

Новы від павукоў назвалі ў гонар антыгэроя з коміксаў Marvel

Каманда аўстралійскіх і бразыльскіх навукоўцаў падчас экспэдыцыі ў Тасманію знайшлі павукоў, якія не траплялі пад апісаньне вядомых відаў. Далейшае вывучэньне выявіла шэраг фізыялягічных і паводзінных адрозьненьняў ад падобных павукоў.

Праз тое, што чэраўца павука мае цёмныя плямы, якія вельмі нагадваюць марвэлаўскага антыгэроя Вэнама, назву від атрымаў у гонар уласна пэрсанажу коміксаў і актора Тома Гардзі, які граў ролю Вэнама ў кіно (Venomius tomhardyi). Гэта пакуль адзіны прадстаўнік новага роду.

Апошнім часам новыя віды істот усё часьцей называюць у гонар славутых людзей, бо такім чынам навукоўцы хочуць прыцягнуць увагу да важнасьці захаваньня біяразнастайнасьці.

Читать полностью…

cybulinka

Абнімкі зьменшылі боль, трывогу й сымптомы дэпрэсыі

Абнімкі й іншыя формы фізычных дотыкаў спрыяюць фізычнаму й псыхічнаму здароўю людзей, паведамляюць аўтары агляду 212 папярэдніх публікацый.

Новы аналіз, які ахапіў 12 966 чалавек рознага веку, паказаў, што дотыкі часта дапамагаюць зьменшыць боль, трывогу й дэпрэсыю ў дарослых і дзяцей. Агулам тып дотыку (абнімкі, пагладжваньні, масаж і інш.) ня мае вялікага значэньня, аднак найбольшы эфэкт назіраўся ад датыканьняў да галавы й твару. Прытым кароткія й частыя дотыкі, відаць, выклікалі больш пазытыўных рэакцый.

Ад няжывых прадметаў – цяжкая коўдра, падушка, мяккая цацка, робат – эфэкт таксама быў, але значна меншым, чымся ад іншага чалавека ці жывёлы. Дасьледнікі яшчэ зьвяртаюць увагу на тое, што індывідуальныя рэакцыі на абнімкі моцна адрозьніваюцца ў людзей, таму яны мусяць адбывацца па ўзаемнай згодзе.

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы паказалі кіраваных кампутарам прусакоў-кібаргаў

Рой мадагаскарскіх прусакоў Gromphadorhіna portentosa можа рухацца ў заданым кірунку мінаючы перашкоды. Дасьледнікі кажуць, што такія зграйкі можна будзе выкарыстоўваць для хуткага пошуку людзей у складаных умовах.

Упершыню тэхналёгію паказалі яшчэ ў 2021 годзе, але толькі на адзіночных асобінах. Цяпер мэтад адаптавалі для каманднага кіраваньня.

Усе прусакі «носяць» адмысловыя «заплечнікі», якія маюць акумулятар, малюсенькі працэсар і антэны для сувязі з галоўным кампутарам. Сыгналы падаюцца кожнай асобіне праз імплянтаваныя электроды: калі ток падаецца на правы электрод, то прусак ідзе ў адпаведны бок.

Цяпер аўтары зрабілі так, што цэнтральны кампутар прызначае некаторых прусакоў лідэрамі, а астатнія арыентуюцца на іх. Гэта дазволіла сабраць «сетку» з 20 асобінаў.

Таксама адзначаецца, што кампутар толькі раздае каманды адносна накірунку, а вось рухі канцавінамі й здольнасьць пералазіць празь перашкоды сыходзяць ад прусака.

Тэхналёгію пасьпяхова выпрабавалі на крабах Cardіsoma Armatum, і дасьледнікі працуюць над тым, каб кібаргі-прусакі сынхронна працавалі з кібаргамі-крабамі.

Читать полностью…

cybulinka

Чмялі могуць мець пэўную ўстойлівасьць да пэстыцыдаў

Дасьледнікі разьбілі калёнію чмялёў (Bombus ruderatus) на дзьве групы: адну пакінулі, а другую падверглі ўзьдзеяньню інсэктыцыдаў, фунгіцыдаў і пэстыцыдаў у розных канцэнтрацыях. Пасьля гэтага адсочвалі актыўнасьць і здольнасьць навучацца.

У выніку аніякіх нэгатыўных наступстваў нават вельмі высокіх доз хімікатаў не было заўважана. З чаго можна зрабіць выснову, што чмялі маюць пэўную ўстойлівасьць да атрутных рэчываў, і гэта можна выкарыстаць для распрацоўкі больш эфэктыўных сродкаў супраць шкодных вусякоў.

Аднак патрэбныя дадатковыя й больш грунтоўныя дасьледаваньні, каб сьцьвярджаць, што чмялям атрутныя рэчывы не наносяць шкоды.

Читать полностью…

cybulinka

Забарона абортаў у ЗША справакавала рост стэрылізацый

Пасьля гучнай забароны абортаў, у Злучаных Штатах рэзка ўзрасла колькасьць працэдур сталай кантрацэпцыі сярод маладых людзей.

Аналіз паказаў, што хаця попыт на стэрылізацыю вырас для абодвух палоў, у выпадку жанчын рост стаў больш выразным і працяглым. Так, пасьля першапачатковага шоку, колькасьць мужчын, якія зрабілі вазэктамію вярнулася на ўзровень да 2022 году, а вось колькасьць стэрылізацый у жанчын працягвала расьці.

Прытым адзначаецца, што самі працэдуры стэрылізацыі для жанчын ёсьць больш складанымі, а часта й у 6 разоў даражэйшымі за мужчынскую вазэктамію.

Аўтары мяркуюць, што значная розьніца частаце працэдур, імаверна, адлюстроўвае той факт, што маладыя жанчыны ў бальшыні выпадкаў адказваюць за перадухіленьне цяжарнасьці й у значна большай ступені адчуваюць на сабе мэдычныя, эканамічныя й сацыяльныя наступствы забароны абортаў.

Читать полностью…

cybulinka

Прыўдалы ўдод Upupa epops дэманструе свой характэрны сьпеў. Мяркуецца, што менавіта перайманьне птушынага «уп-уп-уп» легла ў аснову лацінскай назвы роду Upupa. Але часам у сьпеве можна пачуць «уд-уд-уд», таму ўдод.

Што чуецца вам?

👍 уд-уд-уд
❤️ уп-уп-уп

Пра канібалізм у птушанят тут нагадваць ня буду.

Читать полностью…

cybulinka

Самец бэґемота зь японскага зьвярынцу аказаўся самкай

Звычайны бэґемот Hippopotamus amphibius прыбыў у заапарк Осакі яшчэ ў 2017 годзе. Паводле дакумэнтаў, гэта быў 5-гадовы самец, яму далі імя Ґен. Праз тое, што палавая сьпеласьць у палавая сьпеласьць у самцоў надыходзіць у 7.5 году, то й пол Ґена пастанавілі не спраўджваць.

Вызначыць пол бэґемотаў сапраўды складана, бо ўсё схавана ўнутры, а машонка ўвогуле адсутнічае. У прыродзе такая анатамічная асаблівасьць абараняе тэстыкулы самцоў падчас боек з канкурэнтамі.

Зь цягам часу дазорцы заапарку пачалі заўважаць, што Ґен не пазначае сваю тэрыторыю й не цікавіцца самкамі. Таму супрацоўнікі зрабілі бэґемоту генэтычны тэст, які й паказаў, што ён самка.

Імя мяняць ня будуць.

Читать полностью…

cybulinka

Лясныя жабы надта хутка эвалюцыянавалі ў адказ на дарожную соль

Звычайна пры згадваньні эвалюцыі мы ўяўляем працэс, які расьцягваецца на сотні й тысячы гадоў, аднак у новым дасьледаваньні выявілася, што лясныя жабы Lithobates sylvaticus далі рады за 25 гадоў. Прытым штуршком для паскоранай эвалюцыі стала соль на дарогах.

Дасьледчая каманда назьбірала жабурыньня дзевяці папуляцый, выгадавала апалонікаў і вывучыла, ці мелі яны ўстойлівасьць да солі. Для дасьледаваньня абралі месцы з рознай ступеньню забруджанасьці сольлю.

Аказалася, што жабкі з самага салёнага балота мелі большую працягласьць жыцьця, чымся зь менш салёных месцаў. Аўтары пастанавілі, што ў некаторых папуляцыях лясных жаб магла зьявіцца адмысловая адаптацыя ў адказ на соль.

Цікава, што самае забруджанае балота знаходзілася каля аўтастаянкі, якая працавала ўжо 25 гадоў (10 пакаленьняў жабак). З гэтага й зрабілі выснову пра час на замацаваньне адаптацыі.

Читать полностью…

cybulinka

Некаторыя выявы могуць зьмяніць пачуцьцё часу

З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што нашае ўспрыманьне часу можа залежыць ад біцьця сэрца, позірку іншага чалавека й ад пазнавальнасьці месца. У новай публікацыі аўтары паказалі, што ўспрыманьне часу залежыць і ад запамінальнасьці выяваў.

Падчас шэрагу досьледаў навукоўцы папрасілі 170 чалавек паглядзець набор разнастайных выяваў, якія дэманстраваліся на экране ня болей за сэкунду. Пасьля кожнага прагляду людзям трэба было паведаміць, колькі часу яны назіралі выяву.

Такім чынам высьветлілася, што выявы зь вялікай колькасьцю элемэнтаў і проста яскравыя вобразы падманвалі мазґі, і прымушалі ўдзельнікаў і ўдзельніц думаць, што яны глядзелі на выяву больш часу. Такая залежнасьць праявілася й у наступных досьледах.

Грунтуючыся на выніках папярэдніх дасьледаваньняў, аўтары мяркуюць, што эфэкт запавольваньня часу можа неяк дапамагаць зрокавай сыстэме апрацоўваць інфармацыю.

Читать полностью…

cybulinka

Начныя мурашкі карыстаюцца палярызаваным месяцавым сьвятлом, каб вярнуцца дадому

Аўстралійскія мурашкі Myrmecia Midas ня могуць пахваліцца вялікімі мазґамі й добрым зрокам, але яны могуць выкарыстоўваць нават слабое палярызаванае сьвятло ад Месяца, каб арыентавацца ў прасторы.

Сонечнае сьвятло простае й адлюстраванае ад Месяца складаецца з хваляў, якія вагаюцца ў розныя бакі, аднак у атмасфэры яны палярызуюцца й пачынаюць вагацца ў адным кірунку. Мурашкі M. Midas сталі першымі істотамі, якія выкарыстоўваюць гэты эфэкт у сваіх мэтах.

Высьветлілася гэта ў простых досьледах: над калёніяй мурашак дасьледнікі зьмясьцілі палярызацыйны фільтар, пакуль тыя вярталіся сярод ночы дадому. У выніку фільтар зьмяніў структуру сьвятла так, што мурашкі пачыналі рухацца прадказальным чынам.

Калі навукоўцы прыбіралі фільтар, то мурашкі мянялі курс на правільны. У дадатак высьветлілася, што падчас маладзіку, калі Месяц становіцца нябачным, мурашкі ня так ахвотна выпраўляюцца на пошукі ежы ноччу.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі знайшлі прыкметы імунітэту ад хваробы Альцгаймэра

Навукоўцы з Калюмбійскага ўнівэрсытэту знайшлі генэтычны варыянт, які зьніжае імавернасьць разьвіцьця хваробы Альцгаймэра на 70%.

Выяўлены абаронны варыянт прысутнічае ў гене, адказным за сынтэз глікапратэіну фібранэктыну – кампанэнту абалонкі судзінаў, якая кантралюе рух рэчываў у мазґі й наадварот (гематаэнцэфалічны бар’ер). У здаровых людзей фібранэктыну выяўляецца няшмат, а вось у пацыентаў з хваробай Альцгаймэра ягоная колькасьць моцна павялічваецца.

Досьледы на рыбках Danіo rerіo паказалі, што пры наяўнасьці мутацыі ў гене фібранэктыну 1 істотна палягчаецца транспарт амілёідаў з мазґоў, што перадухіляе фармаваньне бляшак, якія лічацца асноўным фактарам разьвіцьця Альцгаймэра. Цяпер ідуць выпрабаваньні на мышах.

Калі гіпотэза спраўдзіцца, яна задасьць новы кірунак у распрацоўваньні лекаў ад нэўрадэгенэратыўных захворваньняў. Сучасная тэрапія засяроджваецца непасрэдна на амілёідных бляшках, аднак яна мае нізкую эфэктыўнасьць.

Читать полностью…

cybulinka

Ранак пачынаецца з кавы, якой прыблізна 600 000 гадоў

Дасьледнікі вывучылі гены кававых расьлін з усяго сьвету й склалі радавод самага папулярнага ў сьвеце гатунку Coffea arabica. Аказалася, што арабіка зьявілася ад 610 000 да 350 000 гадоў таму ў выніку натуральнага скрыжаваньня без уплыву чалавека.

Паведамляецца, што Coffea arabica атрымалася ў выніку гібрыдызацыі продкавых формаў сучасных C. canephora (гатунак Рабуста) і C. eugenioides. Пасьля гэтай падзеі адбыліся некалькі эфэктаў бутэлечнага рыльца, а потым пачалася дамэстыкацыя (адамашненьне).

Менавіта з эфэктам бутэлечнага рыльца, калі ў папуляцыі рэзка скарачаецца генэтычная разнастайнасьць праз скарачэньне колькасьці асобінаў, аўтары публікацыі зьвязваюць папярэднія ацэнкі «узросту» кавы (каля 20 000 гадоў).

Читать полностью…

cybulinka

🧅 На гэтым тыдні кампанія Boston Dynamіcs разьвіталася з самым знакамітым робатам Atlas, які ў шматлікіх відэа чаго толькі не рабіў. Прычыны не называліся, толькі жаласьлівае разьвітальнае відэа. Аднак інтрыга доўга не пратрымалася, і ўжо на наступны дзень быў прэзэнтаваны яшчэ больш жахлівы заступнік. У новай вэрсыі замест гідраўлічных актуатараў выкарыстоўваюцца электраматоры, што зробіць рухі робата больш плаўнымі й пашырыць іхны дыяпазон.

🧅 Навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Барбары пачалі сачэньне за хуткасьцю буйных караблёў у водах Паўночнай Амэрыкі. Асаблівая ўвага надаецца адмысловым зонам запавольваньня, якія былі створаныя рэгулятарамі для абароны кітоў ад сутыкненьня з суднамі. Папярэднія выпрабаваньні праґрамы прывялі да зьніжэньня колькасьці парушальнікаў хуткаснага рэжыму з 50% да 38% за 2023 год.

🧅 Буйное дасьледаваньне мэдычных зьвестак у Швэцыі паказала, што ўскладненьні падчас цяжарнасьці былі зьвязаныя з павышанай рызыкай сьмерці цягам дзесяцігодзьдзяў пасьля родаў. Агульная выбарка склала 2.2 млн удзельніц, а сумарны час назіраньня быў 46 гадоў, але мэханізмы сувязі застаюцца невядомымі, таму аўтары раяць пільна сачыць за здароўем жанчынам, якія мелі ўскладненьні падчас цяжарнасьці.

🧅 Вялікае ґенэтычнае дасьледаваньне 1.2 млн чалавек выявіла 95 участкаў ґенома, зьвязаных з разьвіцьцём постраўматычнага стрэсавага разладу пасьля траўмы, і 43 ґена, які граюць пэўную ролю ў гэтым.

Читать полностью…

cybulinka

Унікальны шпак быў заўважаны ў Менску

Напачатку красавіка ў Менску заўважылі звычайнага шпака зь відавочнымі прыкметамі леўцызму: птушка амаль цалкам белая, цёмны колер захаваўся толькі на кончыках перʼя.

Леўцызм зьвязаны з ґенэтычнай мутацыяй, якая адбіваецца на вузах, адказных за сынтэз мэляніну. У выніку пігмэнт утвараецца ў малых колькасьцях.

Такая асаблівасьць сустракаецца ня толькі ў птушак, але й у іншых жывёл, напрыклад, у алігатараў, пра якіх я пісаў летась.

Паводле відавочцаў, незвычайная птушка трымалася крыху падалей ад сваіх суродзічаў, але й не была зусім ізгоем, што адбываецца даволі часта.

Читать полностью…

cybulinka

У горле знайшліся вузы, якія правакуюць кашаль, каб вада не трапіла ў лёгкія

У чалавека дыхальная трубка (трахея) месьціцца побач са страваходам, таму ежа ці вада могуць раптам трапіць «не туды». Калі так здараецца, у справу ідуць рэфлексы й чалавек пачынае кашляць, што дапамагае выпхнуць іншародны абʼект з дыхальных шляхоў. Аднак заставалася невядомым, якім чынам арганізм сочыць за тым, каб усё, што трапляе ў рот і нос ішло адпаведнымі шляхамі.

Навукоўцы даўно заўважылі, што ў гарляку й трахеі маюцца нэўраэндакрынныя вузы (на фота 🟢), якія звычайна вылучаюць гармоны, але тут яны, відавочна, займаліся чымсьці іншым. Да ўсяго, было незразумела, ці зьвязаныя яны з астатняй нэрвовай сыстэмай.

Аўтары новай публікацыі спачатку палівалі мышыныя вузы вадой і кіслатой, у выніку заўважылі пэўную рэакцыю на рэчывы. А потым у досьледах з мышамі было паказана, што актывацыя нэўраэндакрынных вузаў у гарляку правакавала ў жывёл кашаль і глытаньне. То бок, нэўраэндакрынныя вузы каля дыхальных шляхоў рэагавалі на раздражняльнікі, а затым праз нэрвовую сыстэму запускалі рэфлексы.

Читать полностью…

cybulinka

Чмяліныя маткі перажылі тыдзень пад вадою

Канадзкая навукоўка Сабрына Рандо вывучала ва ўнівэрсытэцкай лябараторыі звычайных усходніх чмялёў Bombus impatiens. Аднойчы яна заўважыла, што ў скрынкі, дзе «зімавалі» чмяліныя маткі, трапіла вада. У выніку чмялі прабылі пад вадою каля тыдня. Навукоўка ўжо падумала, што яны не перажылі такое выпрабаваньне, але ў сухім і цёплым месцы маткі ачунялі.

Натуральна, пасьля такога выпадковага адкрыцьця аўтарка паспрабавала высьветліць выжывальнасьць вусякоў у такіх умовах. Для гэтага яна сыстэматычны тапіла 21 матку цягам 7 дзён. 17 зь іх у выніку выжылі, гэта 81%, што адпавядае звычайнай выжывальнасьці пасьля сьпячкі без вады.

Аўтарка мяркуе, што ў чмяліных матак (зімуюць толькі яны) у стане анабіёзу мэтабалізм запавольваецца да такой ступені, што жывёлы могуць нейкі час карыстацца тым кіслародам, які ёсьць у целе.

Читать полностью…

cybulinka

Касатак, якія атакавалі судны на поўдні Гішпаніі, заўважылі ў новым месцы

Жывёл заўважылі амаль за 1300 км ад Гібральтарскай пратокі, дзе яны мусілі быць. Прычыны такіх паводзін адмыслоўцам невядомыя.

Ібэрыйская субпапуляцыя касатак налічвае каля 40 асобінаў. Усе яны жывуць ля берагоў Гішпаніі й Партугаліі. З 2020 году некаторыя кіты з гэтай групы пачалі актыўна нападаць на лодкі ў Гібральтарскай пратоцы. Апошні такі напад здарыўся летась 31 кастрычніка, а раней касаткі патапілі 3 судны.

10 красавіка трох кітоў з субпапуляцыі заўважылі каля яхты далёка на поўначы Гішпаніі. Хаця жывёлы не праяўлялі моцнай цікавасьці да судна, мясцовая прыродаахоўная група ўжо папярэдзіла аматараў марскога спачыну.

Цікава тое, што касаткі звычайна заходзяць так далёка на поўнач толькі ў канцы лета дзеля тунца, а дагэтуль знаходзяцца акурат у Гібральтарскай пратоцы. Адмыслоўцы пакуль ня могуць назваць прычыны такіх паводзін.

Читать полностью…

cybulinka

Фізычная актыўнасьць зьніжае стрэс і рызыку праблем з сэрцам

Аўтары новага дасьледаваньня знайшлі доказы таго, што фізычная актыўнасьць зьніжае рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў часткова за кошт запавольваньня зьвязаных са стрэсам сыгналаў у мазґах.

Каб ацаніць мэханізмы, якія ляжаць у аснове станоўчага ўплыву фізычнай актыўнасьці, дасьледчая каманда прааналізавала мэдычныя зьвесткі 50 359 пацыентаў і пацыентак, а таксама зладзілі тэставаньне з маніторынгам мазґавой актыўнасьці для 774 чалавек.

Такім чынам аказалася, што за 10 гадоў назіраньня, сэрцава-судзінныя хваробы выявіліся ў 12,9% выбаркі. Аднак у людзей, якія прытрымліваліся рэкамэндацыяў адносна фізычнай актыўнасьці, рызыка разьвіцьця згаданых захворваньня была на 23% ніжэй, чымся ў тых, хто ігнараваў рэкамэндацыі.

Таксама ў фізычна актыўных людзей выявілі нізкую мазґавую актыўнасьць у зонах, зьвязаных са стрэсам. Прытым такі эфэкт адбываўся за кошт павелічэньня актыўнасьці прэфрантальнай кары, дзе адбываецца кантроль паводзінаў і эмоцыяў, плянаваньне вырашэньня й г.д.

Аўтары паведамілі, што найбольш выразна эфэкт ад фізычнай актыўнасьці праяўляўся ў людзей з дэпрэсіяй.

Читать полностью…

cybulinka

NASA ня можа вярнуць на Зямлю ўзоры марсіянскай пароды

У панядзелак NASA зладзіла канфэрэнцыю, на якой паведаміла, што амбіцыйны праект Mars Sample Return прыпынены праз вялікія затраты й кароткія тэрміны. Пакуль усе сабраныя апаратам Perseverance пробаўкі застаюцца на Марсе, агенцтва шукае тых, хто прапануе таннае вяртаньне ўзораў за кароткі час.

Читать полностью…

cybulinka

У адзеньні з масмаркетаў знайшлі неэтычную бавоўну

Расьсьледаваньне, распачатае больш за год таму брытанскай арґанізацыяй Earthsight паказала, што вытворчасьць адзеньня й хатніх тавараў зьвязанае з буйной вырубкай лясоў і захопам земляў у Бразыліі, а таксама з ґвалтам і карупцыяй.

Гэтым разам дасталася брэндам H&M і Zara. Журналісты знайшлі доказы таго, што бавоўна, якую закупаюць кампаніі для вытворчасьці, вырошчваецца ў штаце Баія, дзе адбываецца некантраляваная вырубка лясоў. Такая сытуацыя можа стаць прычынай выміраньня шматлікіх відаў жывёл, якія ўжо цяпер знаходзяцца ва ўразьлівым стане.

Прытым сьцьвярджаецца, што ў кампаніі-дастаўцы вырашчаную на былой тэрыторыі лясоў бавоўну пазначалі этычнай і экалягічнай.

Аўтары канстатуюць няздольнасьць сфэры моды самастойна кантраляваць і забясьпечваць законнасьць ланцугоў паставак бавоўны.

Цалкам пачытаць можна тут (анг.)

Читать полностью…
Subscribe to a channel