Цялятка паўднёвага кіта пассала малако чужых самак
Заолягі некалькі разоў пабачылі цялё паўднёвага кіта Eubalaena australіs, якое ссала малако чужых самак зь дзецьмі. Прытым маці зладзюжкі была заўсёды побач.
Дасьледнікі кажуць, што найчасьцей самкі спрабавалі ўхіліцца ад чужога дзіцяці, але часам рэагавалі нэўтральна. Таксама дадатковыя порцыі малака станоўча адбіліся на памерах малога: ён быў буйнейшым за сваіх равесьнікаў.
У фэрмэра зь Вялікабрытаніі знайшлі невядомую патагенную бактэрыю
Спачатку 55-гадовы мужчына страціў апэтыт, у выніку чаго моцна схуднеў, а потым зьявілася затарможанасьць. У больніцу ён трапіў з пашкоджаньнем судзінаў.
Мэдыкі ў выніку выявілі невядомы раней від мікраарганізмаў, які й мог стаць прычынай хваробы. Сам пацыент пасьля курсу антыбіётыкаў ачуняў і прапанаваў назваць бактэрыю Varіovorax durovernensіs sp. nov. у гонар гораду Кэнтэрбэры (па-лацінску Durovernum Cantіacorum).
Калі ж мужчыну апыталі, каб вызначыць паходжаньне бактэрыі, ён выдаў амаль інструкцыю па стварэньню біялягічнай зброі. Высьветлілася, што фэрмэр стала прышчапляў статак авечак паўторна карыстаючыся адной іголкай, прытым адзін раз выпадкова траўмаваў сябе падчас такой працэдуры. Таксама лекаваў і прымаў роды ў жывёлаў мужчына часта без пальчатак. Відавочна, гэтыя фактары й сталі прычынай інфікаваньня.
Нут упершыню ўзгадавалі ў месяцавым грунце
У месяцавым грунце бракуе некаторых пажыўных рэчываў, неабходных расьлінам, да таго ж там шмат разнастайных таксычных злучэньняў. То бок, прарасьці ў такіх умовах вельмі складана, калі толькі не дадаць адмысловых грыбоў і крыху чарвякоў.
Для досьледу навукоўцы абаралі культурны нут, бо ён мае добрыя пажыўныя ўласьцівасьці, а таксама можа ўтвараць сымбіёз не некаторымі грыбкамі. Прытым такі сымбіёз пасьпяхова выдаляе з глебы цяжкія мэталы й радыяактыўныя элемэнты.
З другога боку, чарвякі могуць харчавацца адмерлымі часткамі расьлін і харчовымі адходамі, пераўтвараючы гэта ва ўгнаеньні. Дасьледнікі чакалі, што спалучэньне такіх складнікаў дазволіць зь цягам часу зрабіць месяцавы пыл прыдатным для прарастаньня расьлін.
У выніку ім атрымалася ўзгадаваць культурны нут у штучным месяцавым грунце. Прытым расьліны пасьпяхова прарасьлі й адкрасавалі толькі з грыбком і біягумусам. Ці будзе нут прыдатным у ежу – пакуль цяжка сказаць, але нават калі й не, ён усё адно зьнізіць канцэнтрацыю цяжкіх мэталяў і зробіць грунт прыдатным для іншых расьлін.
Выпадковая знаходка ў Вісьле, жорсткі шлюбны пэрыяд у мышэй і полівітаміны для розуму – такім атрымаўся дайджэст нумар 3.
🧅Полівітамінныя дабаўкі для розуму. Вітаміны ў форме дабавак часьцяком называюць пустой тратай грошай. Аднак навукоўцы ў сваім дасьледаваньні з удзелам 573 чалавек прыйшлі да высновы, што ўжываньне полівітамінных дабавак у сталым узросьце станоўча ўплывае на кагнітыўныя функцыі. Дасьледаваньне мае некаторыя абмежаваньні, таму, хутчэй за ўсё, дадатковыя полівітаміны пакуль застаюцца сродкам павышэньня кошту мачы.
🧅Сэкс і канібалізм сумчатых мышэй. Калі вы думалі, што шлюбны пэрыяд у жывёлаў гэта выключна дэманстрацыя магчымасьцяў, то аўстралійскія сумчатыя мышы з вамі не пагодзяцца. Падчас шлюбнага пэрыяду самцы гэтых грызуноў б’юцца літаральна насьмерць. Да таго ж спароўваньне можа цягнуцца ажно 14 гадзін запар. Усё гэта вымотвае самцоў і пад канец яны (якія засталіся жывымі) паміраюць. Самкі таксама паміраюць, але толькі пасьля таго, як выгадуюць патомства. Пагадзіцеся, жорстка, але цяпер высьветлілася, што памерлыя ад стрэсу самцы становяцца ежай для сваіх суродзічаў. Заолягі прыйшлі да такой высновы калі выпадкова пабачылі, так бы мовіць, акт канібалізму ў адным з аўстралійскіх паркаў.
🧅Электронныя цыгарэты й нікатынавыя плястыры назвалі бясьпечнымі для цяжарных жанчын. Аналіз рандамізаваных выпрабаваньняў паказаў, што выкарыстаньне нікатынавых плястыраў і электронных цыгарэт для адмовы ад тытуню не мае сувязяў з нэгатыўнымі эфэктамі падчас цяжарнасьці.
🧅Тысячагадовая знаходка ў Вісьле. У польскім Улацлаўку падчас паглыбленьня дна Віслы знайшлі жалезны меч з надпісам «+VLFBERHT+». Мячы з такімі надпісамі вырабляліся ў эпоху вікінгаў. Адмыслоўцы мяркуюць, што знойдзены меч быў выраблены не пазьней за 950 год н.э.
Нобэлеўскія ляўрэаты й ляўрэаткі заклікалі паслабіць рэгуляваньне тэхналёгій геннага мадыфікаваньня
Адкрыты ліст заклікае эўрапейскіх заканадаўцаў «адкінуць цемру антынавуковага распальваньня панікі» і паслабіць строгія правілы ў дачыненьні генэтычных мадыфікацый. Менавіта гэтая тэхналёгія можа зрабіць сельскагаспадарчыя культуры ўстойлівымі да хваробаў і экстрэмальных умоваў надвор’я, а таксама дазволіць фэрмэрам скараціць выкарыстаньне пэстыцыдаў і ўгнаеньняў.
Адзначаецца, што традыцыйныя мэтады сэлекцыі, якія прымянялі дзесяцігодзьдзямі, забіраюць шмат часу, якога ўжо амаль не засталося, бо кліматычная сытуацыя мяняецца вельмі хутка.
Сусьветная арганізацыя здароўя выкарыстоўвае тэрмін «Хвароба Х» для любой інфэкцыі, якая можа справакаваць наступную эпідэмію з пэрспэктывай новай пандэміі. Чаму менавіта зараз усе гавораць пра гэтую хваробу Х і ад якіх патагенаў сыходзіць пагроза? Чытайце на картках.
Читать полностью…Прыклад Злучаных Штатаў паказвае, што забарона абортаў зьвязаная з высокай дзіцячай сьмяротнасьцю
Паводле вынікаў апошняга дасьледаваньня, наперакор першапачатковым намерам, у штатах з найбольш абмежаваным доступам да абортаў назіраўся найвышэйшы ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці ў 2014-2018 гадах. Агулам паказьнік у такіх штатах павялічыўся на 16%.
На мапе колькасьць абмежавальных законаў аб абортах у 2014, 2018 і 2022 г.
Сабакі могуць моцна віляць хвастом, бо людзям падабаецца рытм
Заолягі зладзілі агляд прысьвечаных асаблівасьцям лякамоцыі хвастоў дасьледаваньняў і пастанавілі, што актыўнае віляньне хвастом у сабак магло распаўсюдзіцца ў працэсе дамэстыкацыі.
Навукоўцы зьвярнулі ўвагу, што шчанюкі сабак значна часьцей махаюць хвастом, чым такія ж шчанюкі ваўкоў. Прытым такая рэакцыя найчасьцей адбывалася ў адказ на дзеяньні чалавека.
Мяркуецца, што людзі несьвядома разводзілі сабак, якія актыўна й часта вілялі хвастом, бо нам падабаюцца разнастайныя рытмічныя стымулы.
Спажываньне пакаванага соку зьвязалі з атлусьценьнем
Канадзкія дасьледнікі вывучылі складаныя сувязі паміж атлусьценьнем і спажываньнем «100% фруктовага соку», і прыйшлі да высновы, што іnstagram-дыетолягі мелі рацыю на такія напоі лепей не вабіцца, асабліва дзецям.
Навукоўцы зладзілі грунтоўны аналіз папярэдніх публікацый, прысьвечаных згаданай тэме, але ў агульную выбарку трапілі толькі тыя, якія працягваліся ня менш за 6 месяцаў. Пад вывучэньне трапілі й рандамізаваныя клінічныя выпрабаваньні з працягласьцю ня менш за 2 тыдні, а сам аналіз ладзілі з улікам разнастайных фактараў (век, віды сокаў, агульная суткавая калярыйнасьць). Такі падыход дазволіў атрымаць максымальна непрадузятыя вынікі.
У выніку для дзяцей выявілася невялікая, але значная сувязь паміж спажываньнем сокаў і павелічэньнем вагі, прытым у малых дзяцей эфэкт быў найбольш выразным.
Што тычыцца дарослых, то там крыху больш складаная сувязь. Напрыклад, калі не рабіць папраўку на штодзённыя калёрыі, то спажываньне сокаў вядзе да атлусьценьня. Аднак пры ўліку спажытых калёрый сувязь была супрацьлеглай. Гэта значыць, што ўплыў фруктовых сокаў на вагу цела можа быць часткова абумоўленым іхнім унёскам у колькасьць спажытых за дзень калёрый.
Навукоўцы тлумачаць такія вынікі тым, што хаця сокі й утрымліваюць вялікую колькасьць неабходных харчовых рэчываў, высокая канцэнтрацыя цукроў і брак клятчаткі ў складзе могуць прывесьці да павелічэньня вагі (пры частым спажываньні).
Язда на ровары да працы палепшыла псыхічнае здароўе
Аўтары новага дасьледаваньня сьцьвярджаюць, што людзям, якія карыстаюцца роварам, каб дабрацца да працы, радзей выпісвалі прэпараты для лекаваньня дэпрэсыі й трывожнасьці.
Аналіз дадзеных 378 253 чалавек у веку ад 16 да 74 гадоў паказаў, што з 2011 году колькасьць рэцэптаў на антыдэпрэсанты для раварыстаў зьнізілася на 15%. Прытым эфэкт назіраўся незалежна ад полу.
Карысьць язды на ровары для псыхічнага здароўя знаходзілі й раней, але ў найчасьцей тыя дасьледаваньні не маглі пахваліцца вялікай выбаркай. Да таго ж парамэтры псыхічнага стану адсочвалі са словаў саміх удзельнікаў. Цяпер навукоўцы пазбавіліся гэных недахопаў.
Аўтары таксама паведамілі, што імавернасьць паездкі да працы на ровары была большай, калі побач з домам была роварная інфраструктура.
Абнавіліся дадзеныя пра COVІD-19 падчас цяжарнасьці й родаў
Кагадзе выйшла абнаўленьне буйнога агляду пра рызыку перадачы SARS-CoV-2 ад цяжарных жанчын дзецям. Аўтары прааналізавалі дадзеныя 44 552 маці й 30 822 немаўлят, сабраных з 343 дасьледаваньняў і 300 клінічных выпадкаў.
У выніку выявілася, што 2.7% дзяцей, народжаных жанчынамі з пацьверджаным ковідам, мелі пазытыўны тэст на інфэкцыю. З усяе выбаркі назьбіралася 1107 падрабязна задакумэнтаваных выпадкаў зь вядомымі тэрмінамі тэставаньня й заражэньня, дзе 32 дзіцяці дакладна атрымалі ковід ад маці (20 да нараджэньня, 9 – адразу пасьля й 3 падчас родаў). То бок, рызыка перадачы віруса падчас цяжарнасьці малая.
Патэнцыйна новы спосаб лекаваньня дэпрэсыі праз сьпінныя мазґі
Раней было паказана, што сьпінныя мазґі стала перадаюць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў арганізьме й гэта можа паўплываць на эмоцыі й настрой. Часам такі інфармацыйны шлях можа быць перагружаны, напрыклад, хранічным стрэсам, што прывядзе да нэгатыўных рэакцый галаўных мазґоў і, як вынік, да разьвіцьця дэпрэсыі.
З гэтых прычын у новым досьледзе навукоўцы начапілі на сьпіны 20 пацыентаў адмысловыя апараты электрычнай стымуляцыі. Выпрабаваньні падобнай стымуляцыі пастаянным токам паказалі, што яна можа рэгуляваць электрычную актыўнасьць нэўронаў у мазґах праз скуру галавы. Аднак гэтым разам скрыні разьмясьцілі на сьпінах і працавалі яны толькі ў паловы пацыентаў (астатнія – кантрольная група).
У выніку пацыенты з досьледнай групы адчулі значнае паслабленьне сымптомаў за 24 сэансы такой тэрапіі (па 3 на тыдзень). Праўда пакуль рана рабіць нейкія высновы, бо дасьледаваньне папярэдняе, але вынікі паказваюць пэрспэктыўнасьць мэтаду.
Другі тыдзень году прынёс нам мікраплястык у бутэльках вады, працяг гісторыі з сэмаглютыдам, а яшчэ знос лябараторыі Марыі Кюры, сямейныя каштоўнасьці кланы кашалётаў і чырвоныя коўбачкі сеткавіцы. Падрабязьней у дайджэсьце 2(27)
🧅Зялёнае сьвятло чырвоным коўбачкам. За каляровы зрок у нас адказваюць адмысловыя рэцэптары ў сеткавіцы – коўбачкі. Гэтыя фотарэцэптары дзеляцца на тры тыпы у залежнасьці ад даўжыні хваляў, якія яны ўспрымаюць: S (сіні колер), M (зялёны), L (чырвоны). Прытым апошні варыянт маецца толькі ў людзей з нармальным зрокам і некаторых іншых прыматаў.
Цягам дзесяцігодзьдзяў меркавалася, што «эксклюзыўныя» чырвоныя коўбачкі фармуюцца выпадковым чынам. Потым зьявіліся дадзеныя, што на працэс падзелу коўбачак па функцыям могуць уплываць гармоны шчытападобнай залозы. Але цяпер высьветлілася, што ўсё можа быць крыху прасьцей.
На арганоідах дасьледнікі выявілі, што калі на раньніх этапах канцэнтрацыя рэтыноевай кіслаты вялікая, то «чырвоных» коўбачак разьвіваецца мала, а пры нізкіх канцэнтрацыя кіслаты – наадварот.
🧅У Парыжы перадумалі зносіць лябараторыю Марыі Складоўскай-Кюры. Павільён 1909 году пабудовы, у якім знакамітая навукоўка захоўвала рэактывы, прапанаваў зьнесьці Інстытут Кюры, каб пабудаваць на гэтым месцы цэнтар дасьледаваньня раку. Але грамадзкае абурэньне парушыла пляны: павільён застанецца, а цэнтар пабудуюць у іншым месцы.
🧅Вялікія сем'і кашалётаў. Гэтыя дзіўныя кіты ўтвараюць вялікія кланы па мацярынскай лініі й камунікуюць з дапамогай уласнага дыялекту. Паведамляецца, што ў адным такім клане можа быць да 10 самак і іх патомкаў, а агульная колькасьць сваякоў можа сягаць 20 000.
🧅Палеантолягі апісалі другі від тыраназаўраў. Від атрымаў назву Tyrannosaurus mcraeensіs. Гэтыя істоты жылі на 5-7 млн гадоў раней за знакамітых T. rex і не былі іхнымі прамымі продкамі.
Стрэс праз вайну ва Ўкраіне прытупіў адчуваньне болю ў жанчын
Фэномэн, пры якім адбываецца заглушэньне болю пад уплывам розных стрэсавых раздражняльнікаў, атрымаў назву стрэс-індуктаванага болепаталеньня. Яго ўжо колькі дзясяткаў гадоў вывучаюць навукоўцы, бо разуменьне такіх мэханізмаў можа паспрыяць адкрыцьцю новых мэтадаў лекаваньня болю й разладаў, зьвязаных са стрэсам.
Цяпер дасьледніцкая каманда зладзіла аналіз дадзеных актыўных карыстальніц праграмы аб жаночым здароўі Flo, каб даведацца, як пачатак вайны ва Ўкраіне адбіўся на ўспрымальнасьці болю.
Агульная выбарка склала 87 315 удзельніц, якія актыўна рэгістравалі разнастайныя сымптомы за 30 дзён да пачатку ўварваньня й 30 дзён пасьля яго. У выніку аказалася, што ад 24 лютага 2022 году карыстальніцы з Украіны пачалі радзей паведамляць пра галаўны боль і болі ў сьпіне й жываце, а вось паведамленьняў пра стрэс стала болей.
Таксама гэткі ж эфэкт, але не такі выразны, назіраўся й у суседніх з Украінай краінах. Падрабязьней можна пачытаць у публікацыі (анг.) і ў допісе галоўнага аўтара вось тут (бел.)
Астраномы выпадкова знайшлі галяктыку без бачных зорак
Звычайна пад галяктыкай разумеюць складаную сыстэму, асноўнымі элемэнтамі якой зьяўляюцца зоркі, іхныя сыстэмы (плянэты й меншыя целы), а таксама міжзорны газ. Аднак цяпер навукоўцы знайшлі новы аб’ект, які можа істотна пашырыць нашае разуменьне галяктык.
Масыўная пляма J0613+52 знаходзіцца на адлегласьці каля 270 мільёнаў сьветлавых гадоў ад нас і не мае аніякіх зорак, прынамсі тых, якія можна было б заўважыць. Гэта проста смуга зь міжзорнага газу й пылу. Цікава, што маса й хуткасьць кручэньня новага абʼекту выглядаюць цалкам нармальна й блізкія да парамэтраў сьпіральных галяктык, падобных нашай.
Мяркуецца, што J0613+52 можа быць узорам «першабытнай» галяктыкі, для якіх адсутнасьць зорак была нормай.
Аўтары адкрыцьця таксама прызналіся, што яно здарылася выпадкова: першапачаткова яны вывучалі ў абсэрваторыі Green Bank галяктыкі зь нізкай яскравасьцю, але памылкова задалі няправільныя каардынаты. (на другім фота кручэньне галяктыкі пазначылі колерам: чырвоны - ад нас, сіні - на нас)
Новы спосаб паглядзець на сьвет вачыма іншых жывёлаў
Сыстэма з выкарыстаньнем 2 камэр, надрукаванага корпусу й адмысловай праграмы стварае відэаролікі, якія паказваюць сьвет вачыма іншых жывёлаў.
Дасьледніцкая каманда ўзяла за аснову звычайныя камэры: адну для запісу бачнага дыяпазону сьвятла, а другую для ўльтрафіялетавага. Потым відэаролікі праганяюцца праз адмыслова распрацаваную праграму для аналізу хваляў сьвятла, якія ўспрымае канкрэтная жывёла й наступнага апрацоўваньня.
Пасьля гэтага атрымліваюцца відэа, нібы зьнятыя вачыма мядовай пчалы ці птушкай. Паводле аўтараў, сыстэма добра працуе на адлегласьці да 2 мэтраў да аб’екта здымкі, а таксама лепей каб ён не надта хутка рухаўся. Аднак у параўнаньні з «залатым стандартам» для падобных дасьледаваньняў, то бок з гіпэрспэктральнай камэрай за $20 000, гэтыя недахопы падаюцца не такімі крытычнымі.
Птушыны грып падкасіў папуляцыю марскіх сланоў у Аргентыне
Дасьледнікі паведамляюць, што праз птушыны грып загінула 95% паўднёвых марскіх сланоў Mіrounga leonіna, якія нарадзіліся летась. Такія маштабы трагедыі выклікаюць занепакоенасьць, бо штам H5N1 цяпер можа перадавацца між сысунамі.
Агулам на пляжах, дзе размнажаецца від, знайшлі больш за 17 000 мёртвых жывёлаў. Для параўнаньня, у 2022 годзе ўсяго нарадзілася 18 000.
Устойлівых да антыбіётыкаў бактэрый знайшлі ў кімчы й самаробных сырах
Фэрмэнтаваныя прадукты, такія як кімчы й рамесьніцкія сыры, вырабленыя з выкарыстаньнем непастэрызаванага малака й сумнеўных заквасак, могуць мець бонус у выглядзе ўстойлівых да антыбіётыкаў бактэрый.
Аўтары прэпрынту зладзілі закупку 10 відаў традыцыйнай карэйскай стравы й 4 відаў рамесьніцкіх сыроў у невялікіх крамах і рэстарацыях. Потым усе ўзоры праверылі на наяўнасьць небясьпечных патагенаў.
У выніку рэзыстэнтных бактэрый не знайшлі толькі ў адным узоры кімчы. Усе выяўленыя мікраарганізмы пры трапляньні ў кроў маглі б стаць прычынай праблем з кішэчнікам, асабліва ў людзей з паслабленым імунітэтам. Аўтары мяркуюць, што так магло стацца праз выкарыстаньне непастэрызаванага малака й саматужных заквасак пры вытворчасьці прадуктаў.
Што шукаюць людзі ў праграмах для знаёмстваў?
Tіnder – самая папулярная ў сьвеце мабільная праграма для пошуку спатканьняў абвесьціла пра хуткі сыход зь Беларусі. Аднак ёсьць дасьледаваньне, аўтары якога паказалі, што шмат карыстальнікаў у Tіnder не шукаюць спатканьняў.
Так, падчас апытаньня 1387 англамоўных карыстальнікаў у веку ад 17 да 84 гадоў высьветлілася, што палову зь іх не цікавяць афлайн-сустрэчы, а 2/3 ужо маюць стасункі ці ўвогуле ў шлюбе.
Людзей папрасілі прайсьці апытанку, у якой ім трэба было распавесьці пра свае матывы карыстаньня праграмай, колькасьць «супадзеньняў» і афлайн-спатканьняў, наяўнасьць стасункаў. Таксама закраналіся й псыхалягічныя паказьнікі: імпульсыўнасьць, дэпрэсыя, узровень самаацэнкі й узровень задаволенасьці праграмай і спатканьнямі.
У выніку аказалася, што найбольш папулярным матывам быў не пошук рамантычных партнэраў і партнэрак, а забаўка й сацыяльная камунікацыя. Шмат хто з апытаных паведамілі, што карыстаюцца праграмай для атрыманьня пазытыўных і пазбаўленьня ад нэгатыўных эмоцый. Прытым найбольш грунтоўны падыход да знаёмстваў дэманстравалі людзі сярэдняга веку й старэйшыя.
Задаволенасьць карыстаньнем праграмай людзі ацанілі ў 2.39 балаў з 4, а свае афлайн-спатканьні атрымалі 3.05 з 5 балаў.
Кантроль дастаўкі лекаў з дапамогай смартфонаў
Экспэрымэнтальную прыладу пад назвай Spatіotemporal On-Demand Patch (SOP), літаральна «прасторава-часавы плястыр па патрабаваньню») распрацавалі ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны. Гэта варыяцыя ўжо вядомых плястыраў зь мікраіголкамі.
Звычайна такія плястыры маюць маленькія іголкі зь лекам унутры. Яны пры прыцісканьні пранікаюць у скуру й пачынаюць паступова расчыняцца. Лекі трапляюць спачатку ў вадкасьць паміж вузамі, а потым у кроў.
А вось SOP крыху адрозьніваецца ад астатніх падобных прылад: у яго ёсьць мікрасхема й пакрытыя золатам іголкі. Калі плястыр наляпіць, то менавіта тонкі слой золата абараняе іголкі ад заўчаснага расчыненьня.
Праз смартфон падаецца сыгнал, ад якога выбарачна награваюцца іголкі, слой золата пачынае разбурацца, а далей усё як апісана вышэй. У лябараторных выпрабаваньнях з мышамі аўтарам удалося даставіць некалькі доз мэлятаніна. Мяркуецца, што ў будучыні такія прылады можна будзе выкарыстоўваць для лекаваньня хранічных хвароб.
1 сьнежня мінулага году ў заапарку Двур Кралове (Чэхія) нарадзіўся карлікавы бэгемот, якога назвалі Міколашам. Цяпер яму зладзілі першую фотасэсію.
Карлікавыя бэгемоты Cheropsіs lіberіensіs, як відаць з назвы, маюць меншыя памеры, чымся звычайныя бэгемоты. Яны вядуць пераважна начное жыцьцё, а днём хаваюцца ў вадзе. Праз гэта іх даволі складана заўважыць днём, таму й дакладная колькасьць віду невядомая (паводле ацэнак 2 000-3 000 асобінаў).
Нараджэньне Міколаша надае надзею на захаваньне віду, тым больш што ў няволі часьцей нараджаюцца самкі (59%).
Харчуюцца карлікавыя бэгемоты расьліннай ежай: лісьце, плады, гародніна й г.д. Яны не такія агрэсыўныя, як звычайныя бэгемоты, але на чалавека могуць напасьці таксама. У заапарку, дарэчы, быў выпадак такі.
Перавагу ў навігацыйных здольнасьцях мужчын зьвязалі з выхаваньнем, а не з эвалюцыяй
У папярэдніх дасьледаваньнях было паказана, што мужчыны крыху лепей за жанчын арыентуюцца ў прасторы, таму некаторыя навукоўцы западозрылі тут эвалюцыю. Маўляў, у старадаўнія часы мужчыны пераадольвалі вялікія адлегласьці, каб знайсьці здабычу, а жанчыны далёка ад дому не адыходзілі. Праз гэта магло адбыцца так, што натуральны адбор прывёў да разьвіцьця ў мужчын больш дасканалых навігацыйных навыкаў.
Але такое меркаваньне не выглядае пераканаўча, бо калі б натуральны адбор сапраўды тут граў ролю, то гены, адказныя за навігацыйныя здольнасьці, перадаліся й нашчадкам жаночага полу. Калі толькі яны не былі схаваныя ў Y-храмасоме.
Таму больш праўдападобным фактарам перавагі ў навігацыйных здольнасьцях стала культура. Напрыклад, бацькі могуць больш заахвочваць хлопчыкаў гуляць па-за домам, што разьвівае навыкі арыентацыі ў прасторы.
Таккія гіпотэзы спраўдзілі аўтары новага дасьледаваньня, у якім яны прааналізавалі зьвесткі пра 21 від жывёлаў, у тым ліку й чалавека. Вывучаліся ня толькі навыкі арыентацыі ў прасторы, але й адлегласьці ад дому, на якія сыходзілі прадстаўнікі відаў.
Калі б справа была ў натуральным адборы, то можна было чакаць, што прадстаўнікі таго полу, які далей адыходзіў ад дому, будуць мець лепшыя навігацыйныя здольнасьці. І гэта б было характэрна для іншых відаў.
Аказалася, што самцы большасьці відаў арыентуюцца крыху лепей за самак, але знайшліся й выключэньні. Напрыклад, самкі ракаў Faxonіus rustіcus і жабаў Oophaga sylvatіca вандравалі на большыя адлегласьці, чым самцы тых жа відаў.
Такія вынікі даюць падставу меркаваць, што навігацыйныя адрозьненьні могуць мець культурную аснову (тым больш ёсьць дадзеныя, што мужчыны й жанчыны з падобным выхаваньнем аднолькава добра арыентуюцца ў прасторы). Таксама яны могуць быць пабочным эфэктам біялягічных адрозьненьняў паміж паламі.
Жанчына знайшла атрутную зьмяю ў сваім халадзільніку
Краіну здарэньня лёгка адгадаць
На мінулым тыдні аўстралійка Ґейл Аўрыхт знайшла ў ахаладжальніку для вады 80-сантымэнтровую чорную зьмяю з чырвоным жыватом. Адмысловец, які прыехаў каб выняць нечаканага наведвальніка вызначыў від: чорная аўстралійская зьмяя Pseudechіs porphyrіacus.
Гэта атрутныя, але не агрэсыўныя зьмеі, таму на чалавека нападаюць рэдка й сьмяротных укусаў яшчэ не зарэгістравана.
Таксама нядаўна такую ж зьмяю знайшлі ў кавярні ў аўтамаце для льду. Мяркуецца, што такім чынам паўзуны проста хаваюцца ад сьпёкі.
Кітайскія навукоўцы пасьпяхова клянавалі макак-рэзусаў
Дасьледнікі ўдасканалілі тэхналёгію пераносу ядзер саматычных вузаў, якую раней пасьпяхова прымянялі для клянаваньня мышэй, трусоў, сабак, але з макакамі-рэзусамі (Macaca mulatta) жыцьцяздольных клёнаў не маглі атрымаць. Да таго ж такі падыход меў нізкую эфэктыўнасьць і часта суправаджаўся анамаліямі разьвіцьця.
Цяпер аўтары сьцьвярджаюць, што клёны (3) добра пачуваюцца ўжо больш за два гады. Адзін зь іх на фота справа.
Летась каманда аўтараў ужо паведамляла пра стварэньне хімернай малпы зь зялёнымі вачамі.
Грыбковыя інфэкцыі забіраюць амаль 4 мільёны жыцьцяў штогодна
Манчэстэрская ініцыятыва па грыбковым інфэкцыям апублікавала справаздачу, у якой паказваецца патэнцыйная небясьпека справакаваных грыбкамі інфэкцый. Агулам адмыслоўцы налічылі 3.8 млн сьмерцяў ва ўсім сьвеце за год, прытым 2.6 млн зь іх былі зьвязаныя непасрэдна з грыбковымі інфэкцыямі.
Таксама паведамляецца, што найбольш небясьпечнымі аказаліся прадстаўнікі роду Candіda. Гэта вялікі род дражджэй (каля 186 відаў), некаторыя зь іх можна сустрэць у прадуктах харчаваньня (камбуча, кефір), а іншыя становяцца прычынамі захворваньняў (кандыдозы).
Сёньня не існуе вакцын ад грыбкоў, а цяжкія інфэкцыі найчасьцей праяўляюцца ў хворых людзей з аслабленым імунітэтам, і ў здаровых, якія жывуць ці працуюць у памяшканьнях з цьвільлю.
Усё гэта падкрэсьлівае глябальную пагрозу, а таксама неабходнасьць распрацоўваньня новых мэтадаў прафіляктыкі й лекаваньня.
Расьлінная «размова» трапіла на відэа
Расьліны выкарыстоўваюць некаторыя лятучыя злучэньні для абароны й камунікацыі з суседзямі. Падобна пахам, такія злучэньні могуць адпуджваць траваедных жывёлаў і паведамляць пра наяўнасьць вусеняў побач.
Летась японскім навукоўцам удалося візуалізаваць расьлінную камунікацыю. Для гэтага яны ўзялі генна-мадыфікаваныя расьліны, вузы якіх сьвяціліся ад іёнаў кальцыю [чалавечыя вузы таксама выкарыстоўваюць іёны кальцыю для камунікацыі], і ненаедных вусеняў.
На адну расьліну садзілі вусеняў, а за іншай назіралі ў флюарэсцэнтны мікраскоп. Адразу пасьля нападу, у паветры зьявіліся сыгнальныя злучэньні, на якія адрэагавала расьліна без вусеняў, што й трапіла на відэа.
Крыху прыгажосьці ў панядзелак:
Незвычайнае блакітнае сьвячэньне сфэры на здымку абумоўліваецца цьвердацельнай флюёрэсцэнцыяй. Шар створаны з арганічнага злучэньня, вытворнага нафталіміду, у якім маюцца разнастайныя структуры, здольныя па-рознаму выпраменьваць сьвятло, а агульны эфэкт ад іхняга ўзаемадзеяньня выглядае як мяккае блакітнае сьвячэньне.
Новая тэхналёгія дазволіць перапрацоўваць непатрэбнае адзеньне, а не спальваць яго
Спандэкс, лайкра, элястан – гэта назвы сынтэтычных валокнаў, якія надаюць тканінам элястычныя ўласьцівасьці. Упершыню чалавецтва даведалася пра такі матэрыял у 1958 годзе, дзякуючы хіміку Джозэфу Шывэрсу. З таго часу элястан актыўна выкарыстоўваюць разам зь нейлонам і бавоўнай у вытворчасьці спартовага й паўсядзённага адзеньня.
Пазьней, калі людзі пачалі спрабаваць перапрацоўваць сьмецьце, высьветлілася, што тканіны з элястанам амаль немагчыма перапрацаваць, але было ўжо занадта позна. Таму элястычныя тканіны дагэтуль адпраўляюцца на сьметніцы, ці наўпрост спальваюцца. Напрыклад, у Каталёніі спальваецца альбо выкідаецца 90% непатрэбнага адзеньня, а ў Даніі спрабуюць яго перапрацаваць, але ня вельмі ўдала (6%).
Магчыма, сытуацыя зьменіцца дзякуючы новай тэхналёгіі, якую распрацавалі навукоўцы з Оргускага Ўнівэрсытэту ў Даніі. Яны прапануюць награваць тканіну разам з сумесьсю сьпірту й гідраксыдам калію да 225 градусаў. Праз крыху больш за 4 гадзіны такога апрацоўваньня, палімэрныя малекулы элястану часткова распадаюцца, што дазваляе «разабраць» тканіну на складнікі.
Што праўда, пакуль такі мэтад спраўдзілі толькі на элястанава-нейлонных тканінах, але аўтары кажуць, што хутка змогуць разьбіраць на валокны й тканіны з бавоўнай.
Генэтычная ўнікальнасьць дражджэй Guіnness
Піўныя дрожджы (Saccharomyces cerevisiae) – важны кампанэнт вытворчасьці піва. У працэсе браджэньня такія мікраарганізмы пераўтвараюць цукры ў сьпірт і вуглякіслы газ, а выкарыстоўваньне розных штамаў дазваляе атрымліваць розныя гатункі напою з унікальнымі рысамі смаку.
Цяпер дасьледнікі вывучылі эвалюцыю дражджэй, якія выкарыстоўваюцца сёньня й раней у варцы знакамітага ірляндзкага піва. Для гэтага скарысталіся запісамі кампаніі, якія яна вядзе з 1903 году.
Каманда ўзяла 13 гінэстаўскіх і 160 іншых папулярных штамаў і параўнала іхныя геномы. Такім чынам выявілася, што ўсе ірляндзкія дрожджы належаць да адной лініі, але штамы Guіnness моцна адрозьніваюцца ад астатніх і, імаверна, належаць да невядомай раней субпапуляцыі. Прытым два сучасныя штамы дражджэй зьяўляюцца прамымі нашчадкамі аднаго штаму з 1903 году.
Таксама гінэсаўскія дрожджы сынтэзуюць 4-этэніл-2-мэтоксыфэнол, адказны за гвазьдзіковы водар, і дыацэтыл, знаёмы нам па сырам.
NASA нарэшце адкрыла кантэйнэр з узорамі астэроіду Бэну
Пасьля амаль трох месяцаў тузаніны зь вечкам кантэйнэра, у якім знаходзіліся ўзоры пароды з астэроіду Бэну, інжынэры далі рады з балтамі. Паведамляецца, што для гэтага ім давялося распрацаваць новыя інструмэнты.
Аднак зьмесьціва пакуль не вынялі, бо засталося яшчэ колькі крокаў разборкі.