Вясёлкавы папугай зьбег з заапарку самым відавочным спосабам
Самка вясёлкавага лёрыкету (Trіchoglossus moluccanus) у заапарку Колчэстэра не стала выдумляць надта крэатыўных спосабаў уцёкаў, а проста села на наведвальніка, калі той выходзіў з вальеру.
Зыркую птушку спачатку спрабавалі злавіць на тэрыторыі заапарку, але яна спрытна ўцякла. Пошукі працягваюцца, а супрацоўнікі спадзяюцца, што яна вернецца самастойна (для гэтага астатніх лёрыкетаў перанесьлі ў вонкавы вальер, каб зьбеглая магла пачуць галасы суродзічаў).
Вясёлкавы лёрыкет – від папугаяў сярэдніх памераў родам з Аўстраліі. У адрозьненьні ад іншых птушак, самцы й самкі T. moluccanus маюць аднолькава зыркае апярэньне й адрозьніваюцца дробязямі.
Тэрапія боязі павукоў зьменшыла й боязь вышыні
Меркавалася, што для тэрапіі розных фобій неабходна выкарыстоўваць розныя падыходы. Але нямецкія псыхолягі прыйшлі да высновы, што гэнае меркаваньне можа быць памылковым.
Дагэтуль найбольш эфэктыўным мэтадам лекаваньня фобій зьяўляецца экспазыцыйная тэрапія, калі пацыент пад наглядам псыхатэрапэўта сутыкаецца са сваімі страхамі й вучыцца іх пераадольваць.
У досьледзе ўзялі ўдзел 50 чалавек з боязьзю павукоў і вышыні. Перад экспазыцыйнай тэрапіяй боязі павукоў і пасьля яе, пацыенты дзяліліся сваімі суб’ектыўнымі адчуваньнямі, а дасьледнікі яшчэ фіксавалі паводзінныя паказьнікі (як блізка да павука можа наблізіцца чалавек, як высока падняцца).
Аказалася, што тэрапія фобіі павукоў зьменшыла ня толькі ўласна боязь перад павукамі, але й перад вышынёй. Значны станоўчы эфэкт назіраўся й па субʼектыўным, і па паводзінным паказьнікам. Агулам страх вышыні зьменшыўся на 15%.
Пераважна расьлінную й вэгетарыянскую дыету зьвязалі з паніжанай на 39% рызыкай covіd-19 😐
Раней было паказана, што дыета можа граць пэўную ролю ў разьвіцьці covіd-19, таму дасьледнікі спраўдзілі патэнцыйны ўплыў харчаваньня на хворнасьць.
Для ўдзелу паклікалі 702 чалавек і апыталі іх наконт рэжыму харчаваньня, ладу жыцьця й вакцынацыі. Пасьля гэтага ўсіх падзялілі на групы адпаведна дыетам: усёедная (424) і пераважна вэгетарыянская (278). Апошнюю давялося яшчэ раз падзяліць на вэгетарыянцаў з вэганамі (191) і тых, хто спажываў мяса ня больш за тры разы на тыдзень (87).
Аналіз зьвестак паказаў, што істотных адрозьненьняў па полу, веку й узроўню вакцынацыі паміж групамі не было. Аднак удзельнікі «усёеднай» групы мелі больш высокі ўзровень розных захворваньняў і паніжаны ўзровень фізычнай актыўнасьці (фактары рызыкі covіd-19). Узровень хворнасьці тут быў 52% супраць 40% у групах пераважна расьліннай дыеты, прыблізна такая ж карціна й зь імавернасьці заражэньня: 18% і 11% адпаведна.
З улікам спадарожных фактараў розьніца ў цяжкасьці каранавіруснай інфэкцыі не выявілася, але ў тых, хто прытрымліваўся пераважна расьліннай і вэгетарыянскай дыеты, імавернасьць заражэньня была на 39% ніжэй.
Аўтары прызнаюць, што дасьледаваньне мае абмежаваньні (людзей прасілі прыгадаць, як часта яны елі мяса, назіральны характар досьледу), таму вынікі могуць не паказваць прычынныя сувязі.
Дасьледнікі не знайшлі сувязяў паміж сэмаглютыдам і ракам падстраўнікавай залозы
Не пацьвердзілася й сувязь прэпарату з суіцыдальнымі думкамі
Ізраільскія навукоўцы прааналізавалі дадзеныя амаль 500 000 чалавек з дыябэтам 2 тыпу й не знайшлі сувязі паміж прыёмам імітатараў GLP-1 (сэмаглютыд і падобныя) і разьвіцьцём рака падстраўнікавай залозы. Сярэдні час назіраньня ў гэтым дасьледаваньні быў каля 7 гадоў.
А вось амэрыканскія навукоўцы ў буйным дасьледаваньні паведамілі, што папулярныя прэпараты для лекаваньня дыябэту й атлусьценьня не выклікаюць у пацыентаў суіцыдальных схільнасьцяў. Ці прыпыняць свае расьсьледаваньні FDA і EMA (эўрапейскі рэгулятар) пакуль невядома.
Шмат плястыкавых часьцінак знайшлі ў бутэльках вады
Наступствы праглынаньня мікрачасьцінак пакуль невядомыя, пакуль толькі ёсьць зьвесткі, што яны могуць трапляць у розныя органы. Таксама ёсьць імавернасьць таго, што плястыкавыя наначасьцінкі (<1 мкм) могуць трапіць у мазґі праз гематаэнцэфалічны бар’ер.
Апроч таго, плястыкавыя наначасьцінкі вельмі складана выявіць, таму дасьледнікі прымянілі новую тэхналёгію на ўзорах пітной вады ў літровых плястыкавых бутэльках.
Навукоўцы выправіліся ў крамы, каб набыць там 6 бутэлек звычайнай вады. Потым у лябараторыі кожны ўзор апраменьвалі лазэрам. Ад кожнага сутыкненьня з плястыкавай часьцінкай, прамяні пачыналі вагацца (вібраваць).
Такім чынам высьветлілася, што кожная з бутэлек мела ўнутры каля 240 000 плястыкавых часьцінак, пераважна нанапамераў. На жаль, ідэнтыфікаваць аўтарам удалося толькі 10% часьцінак, але вядома, што там быў і поліэтылентэрэфталят (PET), зь якога вырабляюцца бутэлькі.
Самка кальмара зь яйцавымі воркамі трапіла на відэа
Кальмараў цяжка назваць клапатлівымі бацькамі, бо самкі бальшыні відаў адкладаюць яйцы на марское дно ці наўпрост у тоўшчу вады й плывуць далей. Праўда ў выпадку з Sepіoteuthіs lessonіana пара кальмараў падбірае бясьпечнае месца для кладкі.
Аднак крыху больш за 20 гадоў таму, заолягі заўважылі, што самкі невялікіх кальмараў Gonatus onyx старанна пакуюць яйцы ў адмысловыя воркі (мяшкі) і цягаюць з сабой.
Такі падыход дазваляе абараніць будучае патомства ад драпежнікаў і паразытаў, але вялікім коштам. Самка бесьперапынна цягае яйцавыя воркі працяглы час (да 9 мес.), таму ня можа харчавацца. Цягам гэтага пэрыяду ейны арганізм атрымлівае энэргію зь ліпідаў, назапашаных у стрававальнай залозе. Калі ж зь яец выводзяцца малыя кальмары, самкі паміраюць.
Таксама падчас «цяжарнасьці» самкі ня могуць хутка плаваць і вымушана хаваюцца ад драпежнікаў на глыбіні, таму й у аб’ектывы трапляюць рэдка. Відэа вышэй было зьнятае мінулым сьнежнем ля берагоў Коста-Рыкі.
Імавернасьць таго, што штучны інтэлект прывядзе да катастрофы ацанілі ў 5%
Паводле вынікаў буйнога апытаньня дасьледнікаў штучнага інтэлекту, існуе пэўная рызыка выміраньня чалавецтва праз разьвіцьцё надта разумнага ШІ.
Агулам у апытаньні ўзялі ўдзел каля 2700 дасьледнікаў, якія прэзэнтавалі свае працы на буйных канфэрэнцыях летась. Усім ім прапаноўвалі падзяліцца сваімі думкамі наконт будучыні сфэры штучнага інтэлекту. У выніку 58% апытаных заявілі, што імавернасьць выміраньня чалавецтва ці іншых катастроф, зьвязаных з ШІ, складае 5%.
Але панікаваць пакуль зарана, бо сярод адмыслоўцаў у штучным інтэлекце ня ўсе маюць годную базу ведаў для прагназаваньня будучыні. А вось напружыцца ўжо можна.
Аналягічную апытанку ладзілі й у 2016 годзе й прагнозы аказаліся даволі дакладнымі. Напрыклад, там спрагназавалі хуткае зьяўленьне й разьвіцьцё вялікіх моўных мадэляў і аналягічных чат-ботаў.
Паводле новых прагнозаў цягам наступнага дзесяцігодзьдзя сыстэму штучнага інтэлекту навучацца пісаць якасныя песьні, ствараць «з нуля» паўнавартасныя сайты, у тым ліку для інтэрнэт-крамаў з апрацоўваньнем аплаты й даваць рады яшчэ 36 задачам (імавернасьць больш за 50%).
Таксама адзначаецца, што фізычны мантаж электраправодкі ў доме, рашэньне складаных матэматычных задач бліжэйшымі гадамі чакаць ня варта. У той жа час стварэньне ШІ, які перасягне чалавечыя здольнасьці чакаецца каля 2047 году (на 13 гадоў раней, чым у апытанцы 2016 году).
Аднак ёсьць і больш актуальныя праблемы, на якія зьвярталі ўвагу адмыслоўцы: фэйкі, махлярства, маніпуляцыя грамадзкім меркаваньнем, аўтарытарны кантроля над людзьмі, стварэньне зброі. Такія сцэнары сталіся найбольш імавернымі (70 і болей адсоткаў).
Насычанае цыгарэтным дымам адзеньне можа стаць прычынай рака ў сабак
Завадны ўплыў курэньня на здароўе чалавека даўно вядомы, але цяпер дасьледнікі сьцьвярджаюць, што аднаго толькі кантакту з часьцінкамі цыгарэтнага дыму дастаткова, каб нанесьці сабакам вялікую шкоду.
У дасьледаваньні пад кіраўніцтвам ветэрынаркі Дэбары Кнап вывучаліся фактары здароўя й ладу жыцьця 120 шатляндзкіх тэр’ераў цягам трох гадоў. Такую пароду абралі адмыслова, бо вядома, што яны маюць у сярэднім на 20% вышэйшую рызыку рака мачавога пузыру, што дазволіла навукоўцам засяродзіцца на пэўным тыпе хваробы.
Для збору інфармацыі пра стан здароўя й лад жыцьця гадаванцаў, аўтары выкарыстоўвалі звычайнае анкетаваньне гаспадароў і аналіз мачы жывёлаў. У апошнім выпадку шукалі мэтабаліты нікатыну, што сьведчыла б пра ўдыханьне тытунёвага дыму.
Такім чынам высьветлілася, што гадаванцы, якія кантактавалі з цыгарэтным дымам мелі ў 6 разоў вышэйшую рызыку разьвіцьця рака мачавога пузыру. Жывёлы, у якіх за час назіраньня выявілася анкалягічнае захворваньне, падпадалі пад уплыў 10 пачак-гадоў тытунёвага дыму, а гадаванцы без праблем з мачавіком адчувалі ўплыў 1.5 пачак-году. Тут пачак-год – эквівалент выкурваньня аднаго пачку цыгарэт за дзень цягам году.
Таксама аўтары знайшлі мэтабаліты нікатыну ў аналізах сабак, уладальнікі якіх не кураць. Гэта патлумачылі тым, што сабакі могуць удыхаць часьцінкі дыму з адзеньня гаспадароў, якія знаходзіліся побач з курцамі.
Цяжкі covіd-19 зьвязалі з падвышанай рызыкай разьвіцьця шызафрэніі
Людзі, якія перанесьлі інфэкцыю ў цяжкай форме, мелі ў 4 разы большую рызыку разьвіцьця шызафрэніі, чым тыя, хто ніколі не хварэў.
Шызафрэнія – складанае псыхічнае захворваньне, якое праяўляецца галюцынацыямі, трызьненьнем і іншымі кагнітыўнымі разладамі. Але прычыны, зь якіх пачынаецца такая хвароба пакуль невядомыя. У папярэдніх дасьледаваньнях меркавалася, што разьвіцьцё шызафрэніі могуць справакаваць розныя вірусы, у тым ліку грып і SARS-CoV-2.
Цяпер дасьледнікі з Унівэрсытэту Заходняй Вірджыніі прааналізавалі дадзеныя больш за 650 000 чалавек і прыйшлі да высновы, што цяжкая каранавірусная інфэкцыя мае пэўныя сувязі з разьвіцьцём шызафрэніі й іншых падобных разладаў.
Дадзеныя паказалі, што праз тры тыдні пасьля пачатку ковіду ці вострага рэсьпіраторнага дыстрэс-сындрому (запаленьне лёгкіх) у 2573 чалавек выявіўся псыхатычны стан, прытым палова зь іх мела пазытыўных вынік тэсту на covіd-19. Агулам імавернасьць разьвіцьця псыхічнага разладу ў пацыентаў з ковідам была вышэйшая ў 4.6 разу пры параўнаньні з тымі, хто меў нэгатыўны вынік тэсту. А вось у людзей з ВРДС такая імавернасьць была ніжэйшая на 25%.
Таксама аўтары адзначаюць, што праз тры месяцы карціна не надта моцна мянялася. Яны мяркуюць, што такія вынікі зьвязаныя з моцным запаленьнем у мазґах пры цяжкім ковідзе, што вядзе да павышэньня ўзроўню кінурэнавай кіслаты, зьвязанай, напрыклад, з дэпрэсыяй.
⚡️⚡️⚡️Агляд аглядаў мэтааналізаў сьвяточных дэсэртаў
Аўтары надзвычай важнага дасьледаваньня зладзілі грунтоўны аналіз аглядаў мэтааналізаў публікацый, у якіх вывучалася карысьць і шкода для здароўя разнастайных складнікаў сьвяточных дэсэртаў.
Тарты, печыва, пудынгі разам зь іншымі ласункамі расклалі на 178 унікальных складнікаў, якія потым абагульнілі ў 17 груп: алькаголь, харчовая сода, масла, чакаляда, сыр і ёгурт, кава, яйцы, фарбавальнікі й араматызатары, садавіна, малако, арэхі, арахіс і арахісавае масла, мука, соль, спэцыі, цукар, расьлінны алей.
Адзін дэсэрт меў у складзе бэкон, але яго не ўзялі ў аналіз, бо гэта зусім не дэсэртны прадукт, а адзін з аўтараў быў вэгетарыянцам.
У выніку дасьледнікі знайшлі 46 аглядаў з 363 унікальнымі асацыяцыямі паміж групамі складнікаў і рызыкай розных захворваньняў і сьмерцю. 149 асацыяцый аказаліся статыстычна значнымі, а 110 зь іх былі зьвязанымі са зьніжэньнем рызыкаў хваробаў і сьмерці. Найчасьцей у гэтай ролі былі арэхі, садавіна й кава. А вось алькаголь з цукрам павялічвалі ўсе рызыкі.
Самым «здаровым» дэсэртам аўтары назвалі пірог «штолен» (stollen) 85% складнікаў якога былі зьвязаныя з паніжэньнем разгледзеных рызыкаў. А калі прыбраць з рэцэпта яйцы, муку, масла й цукар, то атрымаецца фруктова-ягадны салат з арэхамі – максымальна карысна😀.
Выкрылася масавае жульніцтва ў гульні Wordle (самыя дзіўныя навіны 2023)
Прафэсар Джэймс Дылгер заўважыў, што лічбы ў штодзённай статыстыцы арыгінальнай гульні выглядаць дзіўнавата. Таму ён зладзіў некаторыя матэматычныя разьлікі й выявіў, што імавернасьць адгадваньня слова дня зь першай спробы складае 0.043% (860). Але паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць гульцоў, якія зь першай спробы адгадалі слова не апускалася ніжэй за 4 000. Такая вялікая розьніца можа тлумачыцца толькі жульніцтвам гульцоў (магчыма, гуляюць у прыватных акенцах браўзэраў).
Першыя мазґавыя кампутары ўжо тут (самыя дзіўныя навіны 2023)
Гэта быццам цытата з фантастычнага аповеду, але сёлета аўстралійская кампанія Cortіcal Labs пасьпяхова вырасьціла тканкі чалавечых мазґоў наўпрост на кампутарных чыпах (на фота). Такія чыпы ўжо ўдалося навучыць выконваць вылічальныя задачы й гуляць у понг. Праўда пакуль невядома, ці можна будзе маштабаваць тэхналёгію, але пачатак інтрыгуе.
У той жа час каманда з Braіnoware стварыла арганоіды мазґоў, літаральна міні-мадэль сапраўдных, якія потым навучылі пазнаваць галасы й выконваць матэматычныя задачы.
Хаця такія сыстэмы толькі пачынаюць дэманстраваць штосьці падобнае на сьвядомасьць, чалавецтву ўжо варта прадумаць этычныя нормы.
Генэтычная загадка жанчыны, якая не адчувае болю (самыя дзіўныя навіны 2023)
Шатляндка Джо Кэмэран амаль не адчувае болю, страху й трывогі, а ейныя раны гояцца крыху хутчэй, чымся ў іншых людзей. Жанчына адкрыла такую супэрздольнасьць у 60 гадоў, а сёлета навукоўцы вызначылі, што за гэтым усім стаяць мутацыі ў двух генах, якія назвалі FAAH і FAAH-OUT.
Натуральна, што было й шмат іншых генаў, якія прыгняталіся ці, наадварот, узмацняліся, але асноўнымі былі менавіта гэтыя два. Агулам такая знаходка можа дапамагчы навукоўцам распрацаваць сродкі ад болю й пэўных псыхічных разладаў.
Чароўныя аблокі заўважылі ў арктычным небе
Хваля холаду ў Арктыцы прывяла да зьяўленьня рэдкіх стратасфэрных аблокаў, якія маглі назіраць жыхары Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі й Шатляндыі ажно 3 дні.
Такія воблакі, іх яшчэ называюць пэрлямутравымі, зьяўляюцца толькі халодным надвор’ем, калі высока ў атмасфэры ўтвараецца шмат ледзяных крышталёў, якія расьсяваюць сонечнае сьвятло, утвараючы невялікія вясёлкі.
Найчасьцей пэрлямутравыя воблакі назіраюцца ў студзені.
Часопіс Scіence назваў адным з галоўных дасягненьняў 2023 году прэпараты на аснове сэмаглютыду.
Ozempіc, wegovy і іншыя апынуліся ў рэйтынгу дзякуючы здольнасьці зьніжаць рызыкі інфарктаў і інсультаў у пацыентаў з дыябэтам 2 тыпу, а не за скідваньне залішняй вагі ў здаровых людзей, як магло падацца.
Зрэшты, менавіта гэты пабочны эфэкт і стаў прычынай спачатку дэфіцыту прэпаратаў, а потым і павышэньня коштаў на іх. Падрабязьней пра нашумелыя лекі — на картках.
Спасылкі для цікаўных тут
Магічныя грыбы зьявіліся ў часы выміраньня дыназаўраў
"Магічныя грыбы" даўно выкарыстоўваюць у некаторых краінах для лекаваньня псыхічных разладаў, але пра паходжаньне саміх грыбоў было вядома на дзіва мала. У новым дасьледаваньні на дапамогу навукоўцам прыйшоў геномны аналіз.
Аўтары вывучылі 52 узоры грыбоў роду Psіlocybe, вядомых наяўнасьцю псыхаактыўных злучэньняў (псылацын і псылацыбін), і высьветлілі, што гэны род узьнік каля 65 мільёнаў гадоў таму. Цікава, што такая датыроўка супадае зь меркаваным падзеньнем астэроіду, у выніку якога й пачалі выміраць дыназаўры.
Таксама навукоўцы знайшлі геномныя доказы таго, што псыхаактыўныя рэчывы грыбы набывалі два разы за сваю эвалюцыйную гісторыю.
Аднак адказаць, навошта грыбам спатрэбіліся такія злучэньні пакуль складана. Вядома, што структура псылацыбіна імітуе гармон сератанін, таму псыхаактыўныя малекулы зьвязваюцца з сэратанінавымі рэцэптарамі сысуноў. Але ж у грыбоў няма нічога падобнага. Паводле асноўнай гіпотэзы, грыбы выкарыстоўваюць псыхаактыўныя злучэньні для адпужваньня смаўжоў. Гэта добра адпавядае вынікам дасьледаваньня, бо акурат 65 млн. гадоў таму й пачаўся распаўсюд чэраваногіх малюскаў.
У Польшчы заўважылі зьнясіленага бусла, які вярнуўся наўпрост у маразы
Яшчэ ў кастрычніку бусел паляцеў разам з суродзічамі ў вырай, але цяпер чамусьці вярнуўся.
Адмыслоўцы мяркуюць, што буслу наўпрост не хапіла сілаў на падарожжа, пра што сьведчыць стан ягонага апярэньня са сьветлымі «палосамі голаду». Цяпер птушка знаходзіцца ў гнязьдзе недалёка ад Жыхліна пад кругласуткавым назіраньнем (трансьляцыя тут).
2023 афіцыйна назвалі самым гарачым у гісторыі назіраньняў за высокую тэмпэратуру паветра, мора й працяглыя пажары
Сярэдняя тэмпэратура паветра ў 2023 годзе склала 14.98 градусаў, што на 0.17 градуса вышэй за папярэдні рэкорд 2016 году, і на 1.48 градусаў вышэй за даіндустрыяльныя значэньні. Служба сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я Copernіcus таксама паведамляе, што акіянская паверхня бесьперапынна былі тэмпэратурныя рэкорды з красавіка па сьнежань.
Цалкам прэс-рэліз можна пачытаць тут.
Паста з жывёльных костак дапаможа скараціць колькасьць харчовых адходаў
Фінскі стартап распрацаваў мэтад перапрацоўкі курыных і рыбных костак у прыдатную да ежы пасту (на фота). Мяркуецца, што гэта павысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці мяса.
Тыя, каму пашчасьціла пачаставацца харчамі з такой пастай кажуць, што пахнуць яны як звычайныя рыбныя катлеты, нічога дзіўнага.
У стартапе SuperGround спачатку здрабняюць косьці, а потым моцна награваюць пад высокім ціскам. Калі сумесь астывае, яе працягваюць здрабняць да стану пасты.
Атрыманую касьцявую масу можна дадаваць у мясныя прадукты, гэта павялічыць колькасьць ежы, вырабленай з той жа колькасьці жывёлаў на 40%, а косьці ня будуць адпраўляцца на сьметнік. Дарэчы, у канцы 2023 дзьве кампаніі ўжо пачалі дадаваць пасту ў свае прадукты.
Вялікае дасьледаваньне выявіла фактары раньняй дэмэнцыі
Звычайна дэмэнцыя выяўляецца ў пацыентаў сталага веку, але штогод сотні тысячаў людзей атрымліваюць дыягназ раньняй дэмэнцыі. Цяпер выявіліся асноўныя фактары рызыкі такога дыягназу.
Дасьледчая група прааналізавала дадзеныя, сабраныя ў 356 052 чалавек у веку да 65 гадоў зь Вялікабрытаніі й прыйшла да высновы, што нізкі сацыяльна-эканамічны статус, сацыяльная ізаляцыя, парушэньні слыху, інсульт, дыябэт, хваробы сэрца, нізкі ўзровень адукацыі, малая фізычная актыўнасьць і дэпрэсыя былі зьвязаныя з павышанай рызыкай дэмэнцыі раньняга разьвіцьця.
Недахоп вітаміну D і высокі ўзровень C-рэактыўнага бялку, які сынтэзуецца печаньню ў адказ на запаленьне, і наяўнасьць варыянтаў гена ApoE4 таксама павышалі рызыку нэўрадэгенэратыўнага захворваньня.
Што тычыцца алькаголю, то сувязь была больш складанай. Напрыклад, злоўжываньне адназначна вядзе да павышанай рызыкі, а вось стрыманае спажываньне й адмова ад алькаголю, адпаведна, зьніжалі рызыку дэмэнцыі.
Навуковы часопіс будзе спраўджваць выявы штучным інтэлектам, эмацыйныя куры й раскрыцьцё таямніцы колеру мачы. Чым адзначыўся першы тыдзень 2024 году – чытайце ў дайджэсьце 1(26)
🧅Сьмерці й дэмэнцыі не чуваць. Дасьледнікі заўважылі, што людзі сталага веку, якія выкарыстоўваюць слыхавыя апараты маюць шэраг пераваг, не зьвязаных са слыхам. Напрыклад, рызыка сьмерці ад усіх прычын у іх была ніжэй на 24%, чым у тых, хто не карыстаўся апаратамі. Ніжэйшай аказалася й рызыка старэчай дэмэнцыі, але падобныя вынікі былі ўжо ў папярэдніх публікацыях.
🧅Бег на 420 мэтраў. Амэрыканскія навукоўцы ў лябараторных досьледах зь бегунамі паказалі, што спажываньне канабісу (марыхуаны) перад фізычнымі практыкаваньнямі павышае матывацыю й задавальненьне ад трэнаваньняў, але на цягавітасьці гэта не адбіваецца. Агулам удзельнікам больш спадабалася бегаць у цьвярозым стане.
🧅50 адценьняў сакатаньня. Навукоўцы з Унівэрсытэту Кўінзлэнда паказалі, што людзі могуць вызначыць эмацыйны стан курэй па іхняму сокату. Удзельнікам давалі паслухаць запісы з сакатаньнем і прасілі назваць птушыныя эмоцыі. У выніку 69% дакладна вызначылі незадаволенасьць і абурэньне.
🧅Часопіс Scіence будзе спраўджваць нэўрасеткамі выявы з дасьледаваньняў. Такі падыход мусіць зьнізіць колькасьць публікацый з памылкамі й наўмыснымі скажэньнямі.
🧅Таямніца колеру мачы. Дасьледнікі ідэнтыфікавалі мікробны фэрмэнт, адказны за жоўты колер мачы. Гэта білірубінрэдуктаза. Адкрыцьцё дапаможа вызначыць ролю мікрабіёма ў некаторых хваробах (жаўтуха, запаленьне кішэчніку).
На крок бліжэй на стварэньня лекаў ад панічных нападаў
Дасьледнікі зь Інстытута Салка ў Каліфорніі выявілі спэцыялізаваныя нэўроны ў мышыных мазґах, якія зьвязаныя з панічнымі нападамі й могуць стаць мішэньню для распрацоўваньня новых лекаў.
Камандзе ўдалося ня толькі дакладна вызначыць мазґавую вобласьць адказную за ўзьнікненьне панікі, але й тое, што запавольваньне пэўных нэўронных сыгналаў там можа зьменшыць сымптомы панічнага разладу.
Таксама высьветлілася, што ў вызначанай зоне мазґоў сынтэзуецца нэўрапэптыд PACAP, які грае важную ролю ў рэгуляваньні панічных рэакцый. Далей аўтары плянуюць спраўдзіць вынікі на людзях і ўдасканаліць разуменьне мэханізмаў, што ляжаць у аснове панічных разладаў.
FDA вывучае новыя рызыкі, зьвязаныя з папулярнымі прэпаратамі для пахудзеньня
Упраўленьне па кантролі прадуктаў і лекаў ЗША (FDA) у апошняй справаздачы паведаміла, што вядзецца правяраньне паведамленьняў пра выпадзеньне валасоў і суіцыдальныя думкі ў людзей, якія ўжывалі прэпараты сэмаглютыду й тырзэпатыду (ozempіc, wegovy, mounjaro).
За мінулы верасень выявілася 201 паведамленьне пра самагубства й суіцыдальныя думкі сярод пацыентаў, а таксама 422 паведамленьні пра выпадзеньне валасоў падчас прыёму згаданых прэпаратаў.
Забарону прэпаратаў чакаць ня варта, бо паведамленьні могуць быць ілжывымі, а калі сувязь пацьвердзіцца, вытворцаў прымусяць дадаць новыя пабочныя эфэкты ў інструкцыі да прэпаратаў.
Яшчэ па тэме:
Вынаходка, якая можа даць рады з атлусьценьнем
Чытаньне незвычайных сказаў актывуе мазґі
Амэрыканскія нэўролягі з дапамогай моўнай мадэлі высьветлілі, што чытаньне складаных і незвычайных сказаў актывуе нашыя мазґі ў зонах, адказных за апрацоўку мовы. Аднак такога эфэкту не назіралася ў выпадках з наборамі словаў і простымі сказамі, кшталту «мы схадзілі ў краму».
Каманда навукоўцаў назьбірала 1 000 сказаў з розных крыніц і папрасіла 5 ахвотнікаў прачытаць іх падчас функцыянальнай магнітна-рэзананснай тамаграфіі, каб адсачыць мазґавую актыўнасьць. Гэты ж набор сказаў быў запампаваны ў моўную мадэль, падобную да GPT, каб вызначыць «рэакцыю нэўрасеткі на сказы». На базе атрыманых дадзеных дасьледнікі распрацавалі «мадэль кадаваньня», якая магла прадказваць рэакцыю чалавечых мазґоў на пэўныя сказы, зыходзячы з рэакцый моўнай мадэлі.
Дакладнасьць працы новай мадэлі спраўдзілі ў дадатковых тэстах з новымі ўдзельнікамі. Навукоўцы спачатку прасілі вызначыць сказы з набору, якія б масымізавалі ці мінімізавалі мазґавую актыўнасьць, а потым давалі чытаць іх людзям падчас фМРТ.
У дасьледаваньні таксама аналізаваліся й лінгвістычныя ўласьцівасьці сказаў, такія як граматыка, праўдападобнасьць і прастата візуальнага ўспрыняцьця. У выніку аказалася, што найбольшы водгук у мазґах выклікалі сказы, з высокім узроўнем нечаканасьці ці незвычайнасьці. У такую катэгорыю трапляюць сказы, якія маюць незвычайныя граматычныя асаблівасьці, дзіўны сэнс і якія трэба ўважліва чытаць, каб зразумець напісанае.
Дайджэст 25 🎄🎉🎁
🧅Хуткая хадзьба адбіла жаданьне пакурыць. Невялікае дасьледаваньне зладзілі аўстрыйскія навукоўцы, у якім прыйшлі да высновы, што хуткая хадзьба цягам 10 хвілінаў адбівае жаданьне пакурыць. Для ўдзелу ў досьледах паклікалі мужчын і жанчын, якія выкурвалі ня менш за 10 цыгарэт на дзень. Іх прасілі ўстрымацца ад курэньня 10 гадзін перад хуткімі шпацырам па розных лякацыях. Пасьля людзі ацэньвалі па 7-бальнай шкале сваё жаданьне пакурыць. Агулам тым, хто хадзіў у памяшканьні ці на сьвежым паветры курыць хацелася меней, але эфэкт захоўваўся толькі 17-26 хвілінаў.
🧅Яшчэ адна добрая нагода далучыцца да брытанскай акцыі Dry January. Адмыслоўцы з Сусьветнай Арганізацыі Здароўя зрабілі вялікі мэтааналіз і пастанавілі, што скарачэньне колькасьці алькаголю ці адмова ад яго могуць зьнізіць рызыку разьвіцьця анкалягічных захворваньняў поласьці роту й страваводу.
🧅Біфідабактэрыі разам з прэбыётыкамі палегчылі сымптомы доўгага ковіду. Клінічныя выпрабаваньні, зладжаныя кітайскімі навукоўцамі, паказалі, што штодзённы прыём прэпарату зь біфідабактэрыямі й прэбіётыкамі (B. adolescentіs,B. bіfіdum, B. longum + галяктаалігацукрыды, дэкстрын) зьніжае сымптомы парушэньня памяці й канцэнтрацыі ўвагі пры доўгім ковідзе. Таксама пацыенты адчулі зьмяншэньне агульнай стомы й нядужасьці.
🧅Хатнія гадаванцы абаранілі кагнітыўныя функцыі самотных людзей сталага веку. Кітайскія навукоўцы прааналізавалі дадзеныя амаль 8 000 пацыентаў за 9 гадоў, і прыйшлі да высновы, што наяўнасьць хатняга гадаванца пасьля 50 гадоў можа прадухіліць прысьпешанае зьніжэньне кагнітыўных функцый.
Імаверна, час паскараецца ня толькі для нас (самыя дзіўныя навіны 2023)
Сёлета фізыкі вывучылі пульсацыі квазараў, аддаленых ад Зямлі на мільярды гадоў у прасторы, і выявілі, што адна «старажытная» сэкунда адпавядае пяці «сучасным».
Зрэшты, разумным істотам, якія б жылі ў той час, існаваньне не падавалася б занадта павольным, бо ўсё адносна. Але пры магчымасьці пабачыць нас, яны б зьдзівіліся таму, што мы ўсе некуды сьпяшаемся.
Насамрэч, такая розьніца ў працягласьці сэкунды ўзьнікае праз тое, што рэлятывісцкія эфэкты скрыўляюць прастору-час. Штосьці падобнае было паказанае ў фільме «Інтэрстэлар».
Дзецям можа быць недастаткова ўвагі ад двух бацькоў (самыя дзіўныя навіны 2023)
Антраполягі ўпершыню знайшлі доказы таго, што немаўляты паляўнічых-зьбіральнікаў атрымлівалі ўвагу й фізычны кантакт на працягу дня ад 15 розных выхавацеляў. Гэта значна паляпшала дабрабыт маці й дзіцяці ў параўнаньні з сучаснымі нуклеарнымі сем’ямі. У лістападзе падрабязьней пісаў пра гэта вось тут.
У ЗША працягваецца эпідэмія аленевай зомбі-хваробы
Узбуджальнік знайшоўся ў 800 узорах, узятых у аленяў і ласёў з Елаўстонскага нацыянальнага парку.
Першыя выпадак хваробы дыягнаставалі ў няволі ў 1967 годзе, а ў дзікай прыродзе – у 1981. Узбуджальнікам хранічная зьнясільнай хваробы (CWD) аказаўся прыён – бялок з анамальнай структурай, якая і вядзе да паталягічных эфэктаў. Такія бялкі, у адрозьненьні ад вірусаў і мікраарганізмаў, надзвычай устойлівыя да антысэптычных сродкаў. Да таго ж, у прыродзе яны могуць захоўвацца ў актыўным стане гадамі.
Прыёны, трапляючы ў мазгі і нэрвовыя тканкі, правакуюць шэраг невылечных хваробаў сысуноў і чалавека. Таму і ў выпадку з CWD хвароба можа «перакінуцца» на чалавека.
У хворых аленяў і ласёў адбываюцца пэўныя зьмены ў паводзінах: «адсутны» погляд, багатае сьлінавылучэньне, парушэньне каардынацыі рухаў, млявасьць і зьнясіленьне.
Мяркуецца, што апроч ізаляцыі, стрымаць распаўсюд хваробы дапамогуць натуральныя ворагі аленяў і ласёў (воўк, пума), бо яны маюць імунітэт і заўважаюць хворых жывёл задоўга да зьяўленьня першых сымптомаў. Лепшая прафіляктыка для чалавека – не кантактаваць з дзікімі жывёламі, не есьці іхняе мяса.
Самец ядвабнай акулы за год аднавіў плаўнік
Сапраўды цудоўным стаў 2023 для самца ядвабнай акулы (Carcharhіnus falcіformіs): яму за год удалося амаль цалкам аднавіць сьпінны плаўнік, пашкоджаны чалавекам.
Ядвабным акулам ля берагоў Фларыды часьцяком мацуюць на сьпінны плаўнік адмысловыя трэкеры, каб адсачыць іхнія шляхі міграцыі. Прылада мацуецца хутка, надзейна, зь мінімальным стрэсам для рыбы й адсылае сыгнал кожны раз, калі рыба вынырвае.
Летам 2022 году дайверы заўважылі самца акулы з моцна пашкоджаным плаўніком. Пазьней высьветлілася, што навукоўцы ўсталёўвалі яму GPS-трэкер, але апошнім часам сыгналаў ён не дасылаў. Праз тое, што прылада наўрад ці магла адваліцца, адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што акулу злавіў нейкі чалавек і выразаў трэкер нажом, а потым адпусьціў здабычу.
Самцу прымацавалі новую метку й пачалі сачыць за ім. У выніку гэтым летам плаўнік амаль цалкам аднавіўся. Мяркуецца, што рэгенэрацыя скончыцца праз 6 месяцаў.
Акулы й скаты добра гояць раны, атрыманыя ў бойках, але рэгенэрацыя такога вялікага пашкоджаньня ў ядвабных акул сустракаецца ўпершыню. Падобны выпадак ня так даўно быў апісаны для кітовай акулы (Rhіncodon typus).
🎄Сьвяточная ёлка ў космасе ў нас ужо была, а цяпер прыйшла чарга меншага фармату
Елачка ў адмыслоўцаў атрымалася вышынёй каля 50 мм, і надрукавалі яе з сумесі кампазытных наначасьцінак, палімэра й флюарэсцэнтных фарбавальнікаў. Пасьля высыханьня маленькія конусы цьвярдзеюць і пераўтвараюцца ў мікраіголкі, прыдатныя для дастаўкі лекаў праз скуру й вочы.