У Кітаі знайшлі старажытны чэрап з прыкметамі пасьпяховай апэрацыі
Чэрап, знойдзены на старажытных могілках у Кітаі, мае прыкметы пасьпяховай апэрацыі па зьніжэньню ўнутрычарапнога ціску, якая адбылася 2700 гадоў таму. Дзірка ў костцы пачала зацягвацца, а гэта значыць, што пацыент выжыў пасьля апэрацыі.
Дасьледнікі мяркуюць, што такую складаную апэрацыю мог зладзіць тагачасны шаман, а ў якасьці зьнячуленьня маглі выкарыстоўаць каноплі.
Перасьцярожныя надпісы зьнізілі жаданьне зьесьці мяса
Навукоўцы прапанавалі 1 000 чалавек узяць удзел у анляйн-апытаньні, дзе ім трэба было выбіраць паміж мясной, рыбнай, вэгетарыянскай і вэганскай стравай.
Частцы ўдзельнікаў пад стравамі з прадуктамі жывёльнага паходжаньня дэманстравалі адмысловыя малюнкі й надпісы зь перасьцярогай, падобныя да тых, што маюцца на цыгарэтах.
А потым людзей спыталі пра намер зьесьці штосьці мясное. У выніку чаго й высьветлілася, што агулам мяса ўдзельнікам пасьля дэманстрацыі перасьцярожных надпісаў хацелася на 7.4-10% меней.
Чырвонае мяса павялічвае рызыку разьвіцьця дыябэту 2 тыпу
Раней у міжнародным агенцтве па дасьледаваньні раку чырвонае мяса назвалі злосным канцэрагенам, які на 1% павялічвае рызыку рака тоўстай кішкі, а цяпер у мэтааналізе гэнае мяса западозрылі ў сувязях з дыябэтам 2 тыпу. Але да вынікаў шмат пытаньняў.
Аўтары мэтааналізу высьветлілі, што спажываньне 1 порцыі мяса на тыдзень (85 г) аніяк не ўплывала на рызыку рака. А вось калі людзі спачатку елі 2 порцыі мяса на тыдзень, а потым адну замянялі на арэхі ці бабовыя, то рызыка зьніжалася на 30%. Натуральна, калі адну порцыю не замянялі, то рызыка рака тоўстай кішкі павялічвалася ў залежнасьці ад апрацоўкі мяса.
Аднак пры вызначэньні порцыі ў 85 г. аўтары не ўлічвалі віды сыравіны (птушынае было разам з астатнімі) і спосаб прыгатаваньня, а памылка ў вызначэньні нулявога спажываньня склала 200 г. Таму вынікі даволі сумнеўна выглядаюць.
У марскіх зорак знайшлі галаву
Марскія зоркі належаць да тыпу іголкаваскурых і маюць вельмі дзіўную будову цела, якая азадачвае біёлягаў. Бальшыня жывёлаў маюць выразны галаўны й тулаўны адзьдзел цела, а пасярэдзіне праходзіць лінія сымэтрыі. Такія жывёлы, у тым ліку й чалавек, называюцца білятэральнымі.
Аднак іголкаваскурыя пайшлі далей: на лічыначнай стадыі яны ўсе маюць білятэральную сымэтрыю, а пры пераўтварэньні ў дарослую асобіну набываюць ажно пяць ліній сымэтрыі. Гэта паказвае, што тыя ж марскія зоркі пайшлі ад агульных з намі білятэральных продкаў, але потым штосьці пайшло ня так, таму іголкаваскурых даволі складана дасьледаваць.
Цяпер навукоўцы пашукалі ў марскіх зорак набор генаў, адказных за разьвіцьцё частак цела як у білятэральных жывёлаў. Але ў выніку знайшліся толькі гены, адказныя за разьвіцьцё галавы. Дзе падзеліся астатнія яшчэ трэба высьветліць, але аўтары ўжо пастанавілі, што марскія зоркі – гэта фактычна галава без цела.
Флюарэсцэнтныя храмафоры (атамы, адказныя за колер рэчыва), звычайна прамянеюць пад ультрафіялетавым сьвятлом, але тут яны выглядаюць няблага й безь яго.
Гэта крыху мадыфікаваная вэрсія флюарэсцэнтнага фарбавальніка, вядомага пад назвай «радамін 6G». Навукоўцы вывучаюць ягоныя ўласьцівасьці, каб выкарыстоўваць у якасьці біялягічнага чуйніка, які дазволіць вызначаць бактэрыяльныя інфэкцыі й запаленьне.
Фота: Sourav Sarkar
Навукоўцы скарэктавалі нармальную працягласьць сну
Звычайна адмыслоўцы раяць дарослым спаць 7-8 гадзін штоноч, а больш кароткі сон часьцяком зьвязвалі з павышанай рызыкай хваробы Альцгаймэра. Аднак пошук працягласьці сну, якая б станоўча ўплывала на здароўе мазґоў працягваецца.
Аўтары новага дасьледаваньня вывучылі 8163 вынікі МРТ-сканаваньняў 3893 чалавек і заўважылі цікавую асаблівасьць. Так, надта працяглы сон быў зьвязаны з большай стратай аб’ёму ў задніх адзьдзелах мазґоў, а надта кароткі – зь інтэнсыўнай стратай абʼёмаў мозачка й талямуса.
Найбольш аптымальнымі аказаліся 6.5 гадзін сну: з такой працягласьцю падкоркавыя структуры мелі максымальны абʼём, а кара паўсфэраў была найбольш тоўстай.
Прытым такія эфэкты назіраліся ў давяральным інтэрвале ад 5.7 да 7.3 гадзін сну, а папраўкі на вагу цела й сымптомы дэпрэсыі не моцна адбіваліся на выніках.
У свойскіх котак і катоў знайшлі багатую міміку
Свойскія коткі маюць даволі спрэчную рэпутацыю: шмат хто лічыць іх асацыяльнымі й індывідуалістычнымі жывёламі. Аднак гэта можа быць памылковым меркаваньнем.
Цягам году дасьледніцы наведвалі адно кафэ з коткамі ў Лос-Анджэлесе, каб вывучыць міміку жывёлаў, калі тыя камунікуюць між сабою. Агулам назьбіралася 194 хвіліны відэазапісаў, якія потым вывучаліся аўтаркамі.
Усе зафіксаваныя выразы пысак клясыфікаваліся, а не зьвязаныя з камунікацыяй ігнараваліся (жаваньне, пазяханьне й г.д.).
У выніку высьветлілася, што коткі дэманстравалі ажно 276 варыянтаў мімічных выразаў. Гэта нашмат болей, чымся ў іншых відаў. Напрыклад, у чалавека іх толькі 44.
Навукоўцы паспрабавалі высьветліць, навошта людзі робяць сэлфі
Тэрмін «сэлфі» пачалі ўжываць каля 20 гадоў таму, аднак сама зьява вядомая 200 гадоў фатаграфіі й 500 у жывапісе. Дзіўна, але дагэтуль няма выразнай клясыфікацыі сэлфі й мэтаў іх стварэньня.
У папярэдніх дасьледаваньнях было паказана, што людзі, якія робяць сэлфі, звычайна кіруюцца трыма мэтамі: самавыяўленьне, дакумэнтаваньне й дэманстрацыя. Але аўтары падобных досьледаў часьцяком робяць высновы па хэштэгам і іншым мэтададзеным, ігнаруючы сам здымак.
Таму цяпер дасьледнікі папрасілі людзей апісаць свае ўражаньні й асацыяцыі ад выбарачнай калекцыі сэлфі (1001 здымак). Атрыманыя дадзеныя разьбілі на 26 катэгорый, якія потым аналізаваліся ў 5 сэмантычных групах.
У выніку найбольш буйнымі групамі аказаліся:
🧅эстэтыка (выявы паказвалі стыль і эстэтычны досьвед)
🧅фантазыя (здымкі, якія прымушалі гледача ўявіць, дзе знаходзіцца аўтар/аўтарка сэлфі й што робіць)
🧅рысы (сюды ўвайшлі здымкі, якія выклікалі асацыяцыі, зьвязаныя з аўтарскай асобай.
А вось наконт настрою й матываў чалавека на фота, гледачы задумваліся ня так часта, але гэтыя групы таксама былі дастаткова значнымі.
На думку аўтараў, такія вынікі кажуць пра тое, што сэлфі збольшага арыентаваныя на візуальную мову, якая выкарыстоўваецца для перадачы розных аспэктаў асобы: настрой, стыль, густ і г.д.
Галубы карыстаюцца мэтадамі штучнага інтэлекту
Высьветлілася гэта ў нядаўнім дасьледаваньні, дзе навукоўцы паказвалі птушкам выявы ліній рознай шырыні, разьмешчаныя пад рознымі вугламі, а таксама кольцы й іх сэгмэнты. Галубам трэба было адносіць выяву да пэўнай катэгорыі націсканьнем адпаведнай кнопкі.
Спачатку птушкі давалі 55% слушных адказаў, але матывацыя ласункамі павялічыла гэты паказьнік да 95% у выпадку простых задач, і да 68% для больш складаных.
Потым аўтары выпрабавалі тыя самыя задачы на штучным інтэлекце й пабачылі, што ён дзейнічае амаль гэтак сама.
Падыход да рашэньня, якім скарысталіся птушкі й ШІ ў досьледзе, складаецца з разгляду ўсіх магчымых адказаў без разбору (brute force). Прымітыўна, энэргазатратна, але ў пэўных выпадках працуе.
Беларускі геймер — суполка аматараў відэагульняў, у якой вы знойдзеце ўсё самае цікавае са свету гульняў:
🔸Новыя рэлізы
🔸Найцікавейшыя анонсы
🔸Беларускія пераклады
🔸Абвесткі пра бясплатныя раздачы
🔸Навіны з індустрыі
І ўсё гэта выключна па-беларуску!
У ґвінэйскіх павіянаў знайшлі прыметы стратэгічнага супрацоўніцтва
Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца наконт існаваньня такога складанага ўзаемадзеяньня ў жывёлаў, але цяпер усё можа зьмяніцца.
Аўтары зладзілі шэраг простых досьледаў з ґвінэйскімі павіянамі: 9 пар жывёлаў пасадзілі адно перад адным і паставілі побач сэнсарныя экраны, на якіх было дзьве выявы. Кожны прымат мог націснуць на выяву й атрымаць ласунак, альбо «здабыць» яго й для партнэра.
Ня ўсе павіяны пагадзіліся на такую гульню, таму ў асноўны досьлед трапіла толькі 8, якія за 95 дзён перажылі 250 000 тэстаў.
У выніку аказалася, што прыматы часьцей націскалі на выявы, якія прыносілі ласункі абодвум у пары. А калі дасьледнікі пакінулі толькі магчымасьць «пачаставаць іншага», павіяны пачыналі асьцярожна ёй карыстацца. Агулам жывёлы, якія давалі ласунак сваім суродзічам, часьцей атрымоўвалі адпаведны адказ.
У выпадках эгаістычных паводзінаў, пакрыўджаныя прыматы сыходзілі шукаць іншага напарніка.
На здымку з ласём добра відаць ягоную ўсьмешку й два рады зубоў. Але ў ласёў, як і ў іншых жуйкавых, верхнія іклы й секачы адсутнічаюць (1 фота), а замест іх мазолісты валак.
А тут мы мы бачым ніжні рад сьветлых зубоў, якія нам падаюцца верхнімі праз наяўнасьць цёмнай асновы (2 фота).
Дарэчы, гэтая цёмная аснова зьяўляецца ў ласёў з узростам, калі эмаль паступова разбураецца й агаляе дэнтыну.
Вось тут аўтарскі аналіз
Файны здымак з усьмешлівым амэрыканскім ласём Alces amerіcanus.
Праўда, калі прыглядзецца, то можна пабачыць штосьці дзіўнае й вусьцішнае.
Заўважылі?
Пазьней будзе допіс з тлумачэньнямі.
Пеўні пазналі сябе ў люстры
Дасьледнікі выявілі, што пеўні павозяць сябе па-рознаму, калі сутыкаюцца з курамі й уласным адлюстраваньнем. Гэта можа сьведчыць пра наяўнасьць у свойскіх птушак самаўсьведамленьня.
Люстраны тэст пакуль застаецца амаль адзіным прызнаным спосабам выяўленьня самаўсьведамленьня ў жывёлаў. Але ён мае пэўныя абмежаваньні, пра якія я пісаў раней.
Пеўні вядомыя тым, што гучна паведамляюць суродзічам пра небясьпеку. Калі побач нікога няма, то певень моўчкі ўцякае. Таму навукоўцы пакідалі пеўняў на арэне, падзеленай сеткай на 2 часткі. На адной знаходзілася досьледная птушка, а на другую пакідалі пустой, зь іншым пеўнем, альбо зь люстрай. Небясьпеку аўтары імітавалі абрыс драпежнай птушкі на столі.
Такім чынам вывучылі 68 птушак, і большасьць зь іх пачынала лямантаваць толькі ў «дуэце». Прытым было неабавязкова, каб пеўні заўсёды бачылі адзін аднаго.
У NASA праблемы: кантэйнэр з узорамі астэроіду Бэну не адкрываецца
Адмыслоўцам вядома, што ўнутры маецца каштоўны кавалак астэроіду, аднак з доступам да яго ўзьніклі праблемы, бо мэханізм Touch-and-Go надта добра закрыты.
Праблема ўзмацняецца й тым, што кантэйнэр неабходна адкрываць у адмысловай ёмістасьці з пальчаткамі пад актыўнымі струменямі азоту. Гэта дапаможа захаваць узоры ў першапачатковым выглядзе.
Агулам мэталічнае века мацуецца 35 балтамі, 2 зь якіх пакуль немагчыма пракруціць.
Вядома, кантэйнэр адкрыюць, але для гэтага спатрэбіцца болей часу й мудрагелістыя манэўры.
Дайджэст 17
🧅У Мінэсоце знайшлі рыб-даўгавечнікаў. Звычайна ўзрост рыбы вызначаюць па лусцы, але такі мэтад не мае надта высокай дакладнасьці. Таму цяпер навукоўцы паспрабавалі для гэтых мэтаў выкарыстаць аталіты – цьвёрдыя ўтварэньні ў органе раўнавагі хрыбетных. Такім чынам удалося высьветліць, што некаторыя віды роду Іctіobus спакойна дажываюць да 100 гадоў. Цікава, што прадстаўнікі роду вельмі падобныя да інвазыўных для мясцовых экасыстэм карпаў, таму асаблівай цікавасьці да іх не было.
🧅Людзі істотна зьмянілі адносіны між ваўкамі й аленямі. Дасьледнікі знайшлі доказы таго, што будаўніцтва дарог, вырубка лясоў і разьвіцьцё інфраструктуры могуць зьмяняць экасыстэмы так, каб яна больш спрыяла драпежнікам. Напрыклад, высьветлілася, што ваўкі значна больш пасьпяхова палююць на нядаўна вырубленых участках лясоў, а таксама зона паляваньняў драпежнікаў зрушылася бліжэй да чалавечай інфраструктуры, як мяркуецца, праз падкормліваньне аленяў.
🧅Шымпанзэ залазяць на ўзвышшы для разьведваньня. Назіраньне за групамі прыматаў паказала, што на «памежных» тэрыторыях шымпанзэ часьцей узьбіраліся на дрэвы й іншыя ўзвышшы, каб даведацца пра знаходжаньне суседзяў. Пры гэтым аўтары заўважылі, што падчас такога працэсу жывёлы паводзілі сябе вельмі ціха. Аўтары публікацыі мяркуюць, што гэта сьведчыць пра наяўнасьць тактычнага разьведваньня ў шымпанзэ. Раней яно лічылася ўласьцівым толькі чалавеку.
Брудная прыгажосьць возера Маракайба
На здымку са спадарожніка місыі Copernіcus Sentіel-2 бачна адно з самых старажытных азёраў на Зямлі – возера Маракайба. Мяркуецца, што яно ўтварылася прыблізна 36 млн гадоў таму.
У паўночную частку возера трапляе салёная вада з Карыбскага мора, а на поўдні ў возера нясуць прэсную ваду рэкі, таму салёнасьць вады ў Маракайбе значна адрозьніваецца.
Што праўда, ваду лепей не каштаваць, бо рэкі нясуць разам з вадою ападкавыя пароды, а на берагах разьмясьціліся дзьве нафтаперапрацоўчыя сталіцы Вэнэсуэлы – Маракайба й Кабімас.
Забруджваньне сьцёкавымі водамі й нафтапрадуктамі з гарадоў стварае добрыя ўмовы для таксычнага красаваньня сіне-зялёных водарасьцяў. Менавіта яны й надаюць вадзе ў возеры такі глыбокі нэфрытавы колер.
Вядомы мэдычны часопіс Lancet адклікаў артыкулы Паўлё Мак’ярыні
Гісторыя пачалася яшчэ ў 2008 годзе, калі Макʼярыні й каманда апублікавалі артыкул, у якім паведамілі пра пасьпяховую імплянтацыю донарскай дыхніцы (трахеі) 30-гадовай жанчыне. Папярэдне аўтары засеялі трахею ствалавымі вузамі пацыенткі.
Потым у 2013 годзе зьявіўся артыкул, дзе каманда распавяла пра жыцьцё пацыенткі пасьля апэрацыі. У артыкуле сьцьвярджалі, што спатрэбіліся дадатковыя ўмяшаньні, але жанчына жыла звычайным жыцьцём.
Паміж згаданымі публікацыямі Макʼярыні зрабіў яшчэ некалькі падобных апэрацый з перасадкай штучных трахеяў, чым здабыў мянушку «трахейнага чараўніка».
Але неўзабаве высьветлілася, што ня ўсё так добра: першая пацыентка пакутавала на сурʼёзныя ўскладненьні, у выніку чаго ёй прыйшлося выдаліць левае лёгкае, а іншыя пацыенты ўвогуле памерлі.
Lancet спачатку выказаў глыбокую занепакоенасьць, а пасьля сёлетняга прысуду «чараўніку», адклікаў ягоныя антынавуковыя артыкулы.
Попел ад лясных пажараў можа стымуляваць рост плянктону ў акіяне
Каб вывучыць уплыў попелу ад лясных пажараў на марскія мікраарганізмы, навукоўцы сабралі ўзоры на месцы згарэлага лесу й зьмяшалі іх з марской вадой.
Раствор пакінулі на колькі дзён, каб хімічныя злучэньні з попелу перайшлі ў ваду, а потым адфільтравалі й вывучылі склад.
Аказалася, што ў такім растворы было нашмат болей азоту, крэмнавай кіслаты й іншых харчавальных рэчываў. Потым гэты фільтрат дадалі ў пэўны аб’ём марской вады з разнастайнымі мікраарганізмамі й пабачылі, што яны няблага там пачуваюцца.
Праз некалькі дзён мікраарганізмаў у вадзе зь фільтратам было амаль у два разы больш, чым у звычайным узоры. Вымяралася гэта па колькасьці цьвёрдых часьцінак арганічнага вугляроду. Прытым аніякіх таксычных эфэктаў не назіралася.
Другі пацыент, якому зрабілі перасадку сьвінога сэрца памёр
Пасьля апэрацыі прайшло 6 тыдняў, гэта на 2 тыдні меней, чым у выпадку першага пацыента. Апошнімі днямі лекары фіксавалі ў 58-гадовага мужчыны прыкметы непрыманьня органу, але да гэтага ўсё нібыта было пад кантролем.
Навукоўцы падрабязна вывучыць і гэты выпадак, каб зрабіць высновы. Крыху падрабязьней пра апэрацыю пісаў тут.
Багатыя на жалеза ападкавыя пароды чырвоняць воды ў дэльце ракі Бэцібукі на Мадагаскары
На здымку з МКС водная артэрыя падаецца бруднай, але яна грае ключавую ролю для мясцовай біяразнастайнасьці. Напрыклад, дэльта Бэцібукі забясьпечвае ежай уразьлівых дзюгоняў і зялёных чарапах.
Здымак зроблены 30 верасьня.
Невялічкая падборка апошніх здымкаў касьмічных апаратаў
1. Зонд Cassini спраўна адпрацаваў на арбіце каля Сатурна 13 гадоў. Калі ў 2017 годзе энэргіі засталося няшмат, у NASA пастанавілі скіраваць апарат наўпрост на плянэту. А гэта апошні здымак ад 14 верасьня 2017 году. На ім уласна Сатурн і знакамітыя кольцы.
2. Першым апаратам, які даслалі да Мэркурыя стаў Messenger. Ён круціўся вакол самай блізкай да Сонца плянэты ажно 4 гады (на 3 болей, чымся плянавалася!). А 30 красавіка 2015 году місыя скончылася апошняй выявай паверхні.
3. У 2019 годзе ізраільскі апарат Beresheet сутыкнуўся зь Месяцам праз тэхнічны збой. На здымку тое, што «пабачыў» апарат перад гэтым.
Мышыныя эмбрыёны ўпершыню пабылі ў космасе
Экспэрымэнт, які зладзілі на МКС, паказаў, што мікрагравітацыя й радыяцыя не ўплываюць на раньняе разьвіцьцё эмбрыёнаў.
Падобныя досьледы ладзяцца з мэтаю высьветліць бясьпечнасьць цяжарнасьці ў космасе для чалавека, напрыклад, падчас 6 месячнага палёту на Марс.
На першым этапе навукоўцы вынялі зь цяжарных мышэй эмбрыёны, калі тыя складаліся з 2 вузаў. Потым іх замарозілі.
На другім этапе замарожаныя эмбрыёны даставілі на МКС з дапамогай Space X. На станцыі астранаўты размарозілі эмбрыёны й гадавалі іх 4 дні, пасьля чаго закансэрвавалі й даслалі на Зямлю.
У лябараторыі дасьледнікі вывучылі ўсе эмбрыёны й не знайшлі прымет пашкоджаньня ДНК і парушэньняў структурнага разьвіцьця. Аўтары не выключаюць, што так адбылося праз маленькі тэрмін досьледу на МКС, але мышыныя эмбрыёны ня могуць выжыць без маціцы (маткі) больш.
На здымку эмбрыёны пасьля вяртаньня.
Дайджэст 16
🧅 У дарослых з сындромам дэфіцыту ўвагі з гіпэрактыўнасьцю можа быць высокая рызыка разьвіцьця дэменцыі. Ізраільскія й амэрыканскія дасьледнікі 17 гадоў назіралі за дарослымі з дыягназам СДУГ і безь яго, і прыйшлі да высновы, што дэменцыя амаль у тры разы часьцей разьвівалася ў людзей з сындромам. Агульная выбарка склала 109 218 чалавек, а за час назіраньня слабасьць розуму зьявілася ў 13.2% людзей з СДУГ. Гэты паказьнік для людзей без дыягназу склаў 7%.
🧅 Пры лекаваньні цяжкай дэпрэсыі плацэба й кэтамін паказалі аднолькавы вынік. Кэтамін выкарыстоўваюць у мэдыцыне й вэтэрынарыі для зьнячуленьня, а эфэктыўнасьць рэчыва для тэрапіі ўстойлівай дэпрэсыі пакуль вывучаецца. Аднак дадзеныя пакуль супярэчлівыя. Напрыклад, у досьледзе з 40 пацыентамі, якім калолі прэпарат ці фізраствор у залежнасьці ад групы, самаадчуваньне паляпшалася ва ўсіх аднолькава. Тут спрацаваў эфэкт плацэба, бо ўсім пацыентам паведамі, што будуць калоць кэтамін.
🧅 Біпалярны разлад вызначылі па аналізу крыві. Мяркуецца, што сёньня кожны соты чалавек мае біпалярны разлад, але пры дыягностыцы яго часта блытаюць зь іншымі псыхічнымі станамі. Таму навукоўцы актыўна шукаюць дакладны спосаб дыягностыкі. У новым дасьледаваньні яны вывучылі ўзоры крыві 241 чалавека (67 зь біпалярным разладам) і вылучылі 17 мэтабалітаў, зьвязаных з БР. Калі новы мэтад спраўдзілі на выбарцы іншых пацыентаў, то выявілася, што дакладнасьць тэсту складае 30%. Гэта паказвае жыцьцяздольнасьць канцэпцыі выяўленьня псыхічных разладаў па аналізам крыві.
Гарбата й кава з цукрам не павысілі рызыку сьмерці
Дацкія навукоўцы вывучылі дадзеныя 2923 капэнгагенскіх мужчын, якія на пачатак дасьледаваньня ў 1970-1971 годзе былі цалкам здаровымі й адносіліся да ўзроставай групы 40-59 гадоў.
Праз 15 гадоў пасьля пачатку назіраньня, усе ўдзельнікі паўторна праходзілі клінічную дыягностыку, а таксама запаўнялі анкету, дзе пазначалі ў тым ліку й штодзённую колькасьць выпітага гарбаты й кавы з цукрам і без.
Цяпер навукоўцы атрымалі канчатковую інфармацыю пра кожнага ўдзельніка: жыве ці памёр, калі памёр, то зь якіх прычын. Потым гэтыя зьвесткі суадносіліся з паказьнікамі здароўя й ладу жыцьця.
Атрымалася, што з усяе выбаркі цукар у напоі дадавалі 34.5% мужчын. Па стане на 2017 год 2581 чалавек з выбаркі памёр. Прытым 1677 зь іх пілі гарбата й каву без цукру, а 904 падсалоджвалі напоі.
Аўтары тлумачаць такія вынікі невялікай колькасьцю цукру ў напоях і агулам у рацыёне ўдзельнікаў і прызнаюць наяўнасьць пэўных абмежаваньняў.
Навукоўцы застукалі вузы сысуноў за выкарыстаньнем бактэрыяфагаў
Бактэрыяфагі ўяўляюць сабою вірусы, якія «спэцыялізуюцца» на бактэрыях. Такія дачыненьні даволі ўжо даволі добра вывучылі, але пра ўзаемадзеяньне фагаў з вузамі больш складаных арганізмаў пакуль вядома мала.
Цяпер навукоўцы зладзілі досьледы з культурамі вузаў сысуноў і добра вывучанымі фагамі T4. У выніку нечакана высьветлілася, што вузы захоплівалі фагі й выкарыстоўвалі іх у сваіх мэтах (рост і выжываньне).
Далейшае вывучэньне паказала, што фагі, калі траплялі ў вузу, чамусьці не правакавалі там запаленьне, а запускалі рэакцыі, зьвязаныя з ростам і выжываньнем.
Калі вынікі дасьледаваньня спраўдзяцца ў наступных публікацыях, то гэта значна пашырыць выкарыстаньне фагавай тэрапіі, напрыклад, пры лекаваньні ўстойлівых да антыбіётыкаў інфэкцый.
Актыўнасьць мазґоў падчас відэазванкоў не такая высокая, як пры звычайнай размове
Раней стала вядома, што нашыя целы сынхранізуюцца падчас віртуальнай размовы амаль гэтак сама, як і пры рэальнай, таму навукоўцы пастанавілі, што відэазванкі могуць быць годнай заменай звычайнай камунікацыі. Але для мазґоў, відаць, розьніца ўсё ж больш значная.
У новым дасьледаваньні аўтары параўналі нэўронныя рэакцыі ў мазґах ахвотнікаў падчас звычайнай і віртуальнай сустрэчы з дапамогай ЭЭГ.
Такі падыход дазволіў выявіць, што падчас відазванкоў мазґавая актыўнасьць была ніжэй, чым у выпадку асабістай размовы.
Аўтары таксама заўважылі, што ў людзей падчас звычайнай гутаркі пашыраліся зрэнкі, адбываўся больш працяглы візуальны кантакт і ў мазґах з большай інтэнсыўнасьцю ішло распазнаваньне твару суразмоўцаў. У Zoom усё было ня так выразна.
Такія вынікі, на думку аўтараў, падкрэсьліваюць важнасьць жывых сустрэч для сацыяльных паводзінаў чалавека.
Сумная музыка зьменшыла боль
Невялікі досьлед з удзелам 63 ахвотнікаў паказаў, што эмацыйныя рэакцыі ад праслухоўваньня музыкі могуць зьменшыць боль. Найбольш выразны эфэкт быў ад сумных песьняў.
У досьледзе ўдзельнікам адмысловай прыладай награвалі вобласьць на руцэ і прасілі ацаніць боль па адмысловай шкале. Тэмпэратура пры гэтым была як ад кубачку гарачай кавы. Вядома, што падчас тэсту людзі слухалі ўлюбёную ці ці выпадковую спакойную музыку.
Такім чынам высьветлілася, што менавіта ўлюбёная (да мурашоў) музыка зьмяншала пачуцьцё болю на адзін бал, што аналягічна эфэкту ад безрэцэптурнага болесуцішальнага сродку. Цішыня й навязаныя песьні такога эфэкту не мелі.
Дасьледаваньне вялікага дэпрэсыўнага разладу выявіла адрозьненьні ў мазґах мужчын і жанчын
Праца міжнароднай навуковай каманды паказала, што ў людзей зь вялікім дэпрэсыўным разладам (ВДР) існуюць палавыя адрозьненьні ў мазґах, прытым найбольш выразныя зьмены адбываюцца ў жанчын.
Аўтары засяродзіліся на вывучэньні структур, адказных за сынтэз некаторых рэчываў у мазґах, у тым ліку кынурэнавай кіслаты.
Аказалася, што ў жанчын з ВДР канцэнтрацыя кіслаты была ніжэй, чым у мужчын, а самы нізкі ўзровень рэчыва быў у людзей, якія ўчынілі самагубства.
Таксама дасьледнікі знайшлі ў людзей без суіцыдальных памкненьняў адмысловы ген, які, імаверна, перашкаджае крытычнаму зьніжэньню канцэнтрацый кынурэнавай кіслаты.
Агулам вынікі паказалі значнасьць уліку палавых адрозьненьняў у дасьледаваньнях і падчас тэрапіі псыхічных хваробаў.