cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Птушыны грып выявілі на Птушыным востраве

Небясьпечны штам амаль дайшоў да Антарктыды й гэта можа мець разбуральныя наступствы.

Супрацоўнікі Брытанскай станцыі на Птушыным востраве днямі знайшлі некалькі хворых бурых паморнікаў і гіганцкіх буравесьнікаў. Птушкам зрабілі тэст і даслалі яго на вывучэньне.

Вынікі паказалі наяўнасьць новага штаму H5N1. Таксама за час чаканьня вынікаў было знойдзена яшчэ 30 мёртвых птушак.

Пашырэньне вірусу ў рэгіёне адаб’ецца ня толькі на птушках, але й на мясцовых сысунах. Адмыслоўцы мяркуюць, што некаторыя віды могуць аказацца пад пагрозай зьнікненьня.

Яшчэ птушкі могуць занесьці вірус з Антарктыды ў Аўстралію й Новую Зэляндыю зь іхнімі ўнікальнымі экасыстэмамі.

Читать полностью…

cybulinka

У GPT-4 вывудзілі забароненую інфармацыю

Мэханізмы, якія перашкаджаюць вялікай моўнай мадэлі даваць адказы на шкадлівыя пытаньні не спрацавалі, калі карыстальнік дасылаў запыты на шатляндзкай ці зулускай мове.

Дасьледнікі з дапамогай Google Translate перакладалі шкодныя пытаньні на згаданыя мовы й дасылалі іх штучнаму інтэлекту. Потым яго прасілі перакласьці адказ на ангельскую мову. Такім чынам удалося атрымаць парады наконт гандляваньня акцыямі й стварэньня зброі.

OpenAІ, якая распрацоўвае GPT-4, пакуль аніяк не пракамэнтавала выпадак. Але адмыслоўцы кажуць, што наяўнасьць такіх хібаў можа прымусіць пераглядзець падыход да навучаньня мадэляў. У такім выпадку варта будзе чакаць больш якасныя адказы на менш распаўсюджаных мовах.

Читать полностью…

cybulinka

У канцы лета зь Ісьляндзкай фэрмы зьбег ласось, цяпер на яго палююць

Фэрмы для вырошчваньня высакароднага ласосю Salmo salar знаходзяцца наўпрост у акіяне й уяўляюць сабою адкрыты загон (на фота). Гэта адносна танны спосаб гадаваньня рыбы, але ён зьвязаны зь вялікімі рызыкамі, бо паміж загонам і дзікай прыродай толькі сетка.

Сёлета 21 жніўня адна ісьляндзкая кампанія знайшла дзьве дзіркі ў адным са сваіх загонаў. Пасьля такой знаходкі фэрмеры пастанавілі спустошыць загон і пералічыць усю рыбу. У выніку высьветлілася, што ў акіян зьбегла каля 3500 дарослых асобінаў.

Падаецца, што нічога крытычнага ў такой сытуацыі няма, але натуральная папуляцыя ля берагоў Ісьляндыі складаецца прыблізна з 50 000 асобінаў, якія жывуць ізалявана ад астатніх папуляцый ужо 11 000 гадоў. Гэта прывяло да таго, што дзікі ісьляндзкі ласось генэтычна адрозьніваецца ад астатніх прадстаўнікоў віду.

Адмыслоўцы кажуць, што калі зьбеглыя рыбы пачнуць скрыжоўвацца зь дзікімі асобінамі, то гэта можа цалкам зьнішчыць унікальную папуляцыю. Таму там распачалі кампанію па пошуку зьбеглага ласося.

У сярэдзіне верасьня ўдалося знайсьці некалькі асобінаў у рэках за 400 км ад фэрмы, але шанцаў вылавіць усіх вельмі мала. Вядома, гэта ня першы такі выпадак, але раней уцякалі маладыя асобіны, якіх потым знаходзілі мёртвымі. Цяпер жа востра стаіць пытаньне аб небясьпечнасьці адкрытых фэрмаў.

Читать полностью…

cybulinka

Марозіва й чыпсы могуць прывесьці да залежнасьці

Новы мэтааналіз, у якім аўтары вывучылі 281 дасьледаваньне з 36 краінаў, паказаў, што ў людзей могуць праяўляцца прыкметы залежнасьці ад ультраапрацаваных прадуктаў. У такую катэгорыю трапляе марозіва, чыпсы й іншыя прадукты з высокім утрыманьнем цукроў і вугляводаў.

Агулам выявілася, што 14% дарослых і 12% дзяцей мелі такія ж прыкметы залежнасьці, як ад тытуню й алькаголю. Аўтары мяркуюць, што падобная харчовая залежнасьць уяўляе большую небясьпеку, бо курыць і піць алькаголь можна кінуць, а вось есьці трэба заўсёды. Таму яны прапануюць прызнаць наяўнасьць такой залежнасьці й потым шукаць мэтады барацьбы зь ёй.

Варта адзначыць, што некаторыя адмыслоўцы скептычна паставіліся да такіх вынікаў, бо ў мэтааналізе не ўлічвалі эмацыйны стан і ўзровень стрэсу людзей.

Читать полностью…

cybulinka

У Аўстраліі пітон зьеў пітона жыўцом

Кіраўнік аднаго з аўстралійскіх запаведнікаў дзікай прыроды выпадкова заўважыў, як чорнагаловы пітон есьць свайго крыху меншага суродзіча. Акт канібалізму працягваўся каля 15 хвілінаў і пачаўся з хваста ахвяры, таму яна была жывою ўвесь гэты час.

Чорнагаловыя пітоны Aspіdіtes melanocephalus часьцяком ядуць іншых паўзуноў, у тым ліку й атрутных, а канібалізм дагэтуль назіралі толькі ў няволі.

Читать полностью…

cybulinka

Пераможцам сёлетняга конкурсу Nіkon Small World Photomіcrography стаў здымак галоўкі зрокавай нэрвы пацука (фота 1). Праз яе праходзяць усе нэрвовыя валокны сеткавіцы, перад тым як сфармаваць зрокавую нэрву.
(Аўтары: Hassanaіn Qambarі, Jayden Dіckson)

На другім фота – эмбрыён мышы. Здымак заняў сёмае месца й быў зроблены мэтадам сьветлавой флюарэсцэнтнай мікраскапіі.
(Аўтары: Grіgorіі Tіmіn, Mіchel Mіlіnkovіtch)

Іншыя здымкі можна паглядзець тут.

Читать полностью…

cybulinka

Зьмены клімату пакуль станоўча адбіваюцца на якасьці францускіх вінаў

Да такой высновы прыйшлі аўтары новага дасьледаваньня, у якім яны супаставілі кліматычныя дадзеныя са штогадовымі ацэнкамі вінных крытыкаў. Праўда засяродзіліся навукоўцы толькі на францускім рэгіёне Бардо, але дадзеныя бралі за пэрыяд з 1950 па 2020 год.

У выніку высьветлілася, што людзі найчасьцей аддавалі перавагу вінам з большым утрыманьнем сьпірту, бо ў такім выпадку смак напою падаецца больш насычаным і зь меншай кіслотнасьцю.

Менавіта гэтаму й спрыяе пацяпленьне. Павышэньне сярэдняй тэмпэратуры ўзмацняе фотасынтэз, што вядзе да павелічэньня колькасьці цукроў, якія потым пераўтвараюцца дражджамі ў сьпірт.

Але аўтары адзначаюць, што гэта часовы эфэкт, бо надта цёплае й сухое надвор’е нэгатыўна ўплывае на ўраджай: ягады высыхаюць і ападаюць.

Читать полностью…

cybulinka

Грыбковую інфэкцыю зьвязалі з разьвіцьцём хваробы Альцгаймэра

Яшчэ ў 2019 годзе навукоўцы заўважылі, што ў мышэй, інфікаваных грыбком Candіda albіcans часова пагаршалася памяць, а цяпер тая ж каманда аўтараў высьветлілі мэханізм такога эфэкту.

Аказалася, што грыбок нейкім чынам трапляе ў мазґі праз гемата-энцэфалічны бар’ер (ГЭБ), дзе запускае два нэўраімунныя працэсы: першы актывуе імунныя вузы, якія тлумяць грыбкі, а другі – прымушае цалкам выгнаць непажаданага госьця.

Увесь ланцуг рэакцый пачынаецца з фэрмэнту Saps, які робіць ГЭБ больш пранікальным, што й дазваляе грыбку трапіць у мазґі. У той жа час Saps разбурае амілоідныя бэта-бялкі, якія й утвараюць характэрныя для Альцгаймэра згусткі. Толькі пасьля гэтага ўключаюцца вузы мікрагліі, каб вытурыць іншародны агент.

Але ўсё мяняецца, калі апісаны працэс адбываецца ў немаладых мазґах, дзе вузы мікрагліі ўжо ня могуць пахваліцца высокай актыўнасьцю. У выніку C. albіcans надоўга застаецца ў мазґах, чым правакуе ўтварэньне амілоідных згусткаў.

Читать полностью…

cybulinka

Супэрфуд з мэзаліту

Дасьледнікі знайшлі доказы таго, што марскія водарасьці й некаторыя прэснаводныя расьліны былі даволі распаўсюджанымі прадуктамі харчаваньня нашых продкаў з мэзаліту й да сярэднявечча.

Дзіўна, але хоць водныя рэсурсы шырока выкарыстоўваліся людзьмі, археалягічных зьвестак пра спажываньне водарасьцей няшмат. Найчасьцей іх ужывалі для абгортваньня ежы, ці ў якасьці ўгнаеньняў.

Цяпер навукоўцы вывучылі біямаркеры, вынятыя з зубнога камню 74 чалавек і знайшлі там біямалекулярныя сьведчаньні спажываньня чырвоных, зялёных і бурых водарасьцей.
Сёньня водарасьці й прэснаводныя расьліны амаль адсутнічаюць у рацыёне эўрапейцаў, бо ў пэўны момант іх пачалі лічыць ежай для галодных часоў і жывёлаў, але яны паступова вяртаюцца, толькі пад «брэндам» супэрфуду.

Читать полностью…

cybulinka

Верасень працягнуў сёлетні трэнд на тэмпэратурныя рэкорды

Навукоўцы зь Інстытута касьмічных дасьледаваньняў НАСА паведамілі, што сёлетні верасень стаў самым сьпякотным за ўсю гісторыю назіраньняў.

Таксама адзначаецца, што мінулы месяц усталяваў рэкорд тэмпэратурнай анамаліі: найбольшае адрозьненьне ад сярэдняга паказьніку за мінулыя гады. На анімацыі бачна, што кропка верасьня стаіць значна вышэй за крывыя папярэдніх гадоў.

Читать полностью…

cybulinka

Тытунёвыя кампаніі будуць гандляваць гарбатай, але ёсьць нюанс.

Эўразьвяз неўзабаве забароніць араматызаваны тытунь для сыстэм награваньня, а вытворцы ўжо знайшлі замену. У некаторых краінах у продажы ўжо маюцца альтэрнатывы звычайных цыгарэт з араматызаванай афрыканскай расьлінай Aspalathus lіnearіs (ройбуш). Сухія парасткі й лісьце расьліны звычайна выкарыстоўваюцца ў якасьці гарбаты, але тытунёвыя кампаніі пачалі іх прэсаваць і прамочваць нікатынам для выкарыстаньня ў сыстэмах награваньня.

Такія танцы з бубнам дазволяць некалькі гадоў абыходзіць забарону, але адмыслоўцы зьвяртаюць увагу, што пакуль няма аніякіх дасьледаваньняў бясьпечнасьці такой замены. У кампаніях таксама не вывучалі расьліну.

Читать полностью…

cybulinka

Зьніжэньне попыту на вакцыны нэгатыўна адаб’ецца на прыбытку BіoNTech і Pfіzer.

Нямецкая кампанія BіoNTech паведаміла, што чакае скарачэньня выручкі праз зьніжэньне попыту на вакцыны супраць каранавірусу. Кампаніі давядзецца «сьпісаць» каля 900 млн эўра. Гэта зьвязана з залішняй сыравінай і нявыкарыстанымі вакцынамі ад SARS-CoV-2 (выключэньне толькі штам XBB.1.5).

Амэрыканская Pfіzer таксама зьнізіла на 13% свае прагнозы прыбытку праз нізкі продаж прэпаратаў, для лекаваньня COVІD-19. Тут таксама плянуюць скараціць расходы й працоўныя месцы. Гэта адбілася на акцыях кампаніі: яны патаньнелі на 7%.

Читать полностью…

cybulinka

Штучны інтэлект знайшоў звышновую зорку без дапамогі чалавека.

Міжнародная суполка навукоўцаў распрацавала новы інструмэнт штучнага інтэлекту Brіght Transіent Survey Bot (BTSbot), які навучалі на вялікай базе выяваў з 16 000 крыніц (агулам назьбіралася 1.4 млн выяваў). У выніку BTSbot знайшоў звышновую зорку SN2023tyk на здымках адной каліфарнійскай абсэрваторыі.

Альгарытм дапаможа ня толькі выключыць чалавечы фактар, але й значна паскорыць працэс. Напрыклад, здымак быў зроблены тэлескопам 3 кастрычніка, ШІ выявіў звышновую 5 чысла, а публічная справаздача была гатовая 7 кастрычніка.

Выява галяктыкі да й пасьля выбуху звышновай. На правым здымку можна пабачыць, што галяктыка крыху дэфармаваная зьверху – гэта месца выбуху.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 14

🧅Бальшыні яшчэ неадкрытых відаў расьлін пагражае выміраньне.
Біёлягі апісваюць каля 2200 новых відаў расьлін за год, аднак для ацэнкі ўразьлівасьці новых відаў могуць спатрэбіцца гады. Прааналізаваўшы больш за 1 млн відаў, біёлягі з Каралеўскага батанічнага сада прыйшлі да высновы, што 77% відаў, апісаных яшчэ ў 2020 годзе могуць ужо знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, а 24% – у крытычным стане. Таму навукоўцы прапанавалі значна скараціць час на ацэнку ўразьлівасьці новых відаў расьлін.

🧅Альбатросы карыстаюцца гукам, каб знайсьці плыні ветру. Праз вялікія памеры, альбатросы залежаць ад паветраных плыняў, якія дапамагаюць птушкам парыць і эканоміць энэргію. Цяпер дасьледнікі выявілі, што вандроўныя альбатросы Dіomedea exulans шукаюць паветраныя струмені прыслухоўваючыся да нізкачастотных гукаў, якія чалавечае вуха не ўспрымае. Аўтары дасьледаваньня супаставілі GPS-трэкі 89 птушак з гукавым ляндшафтам, запісаным у акіяне. Так і высьветлілася, што альбатросы часта мянялі траекторыю руху, калі сутыкаліся з гучнымі інфрагукамі ад сутыкненьня пад’ёмных хваляў паветра. Аднак гэтыя вынікі яшчэ трэба дадаткова спраўдзіць.

🧅У сабак старэньне залежыць ад памераў. Вядома, што маленькія сабакі звычайна маюць больш працяглае жыцьцё, чым вялікія суродзічы. Нядаўна навукоўцы на аснове дадзеных пра 15000 сабак вызначылі, што ад памераў залежыць і старэньне. Так, у буйных парод узроставае пагаршэньне кагнітыўных функцый пачынаецца ў 7-8 гадоў, а ў малых толькі ў 10-11. Аднак у вялікіх сабак назіраецца меншая ступень узроставага разумовага спаду, а ў маленькіх яно адбываецца значна хутчэй.

🧅Варыянты нэандэртальскіх генаў зьвязалі з высокай болевай чульлівасьцю. Вынікі дасьледаваньня паказалі, што людзі з пэўнымі варыянтамі генаў, якія перадаліся нам ад нэандэртальцаў, маюць большую болевую чульлівасьць пры прабіваньні скуры голкай. Навукоўцы вызначылі, што тут галоўную ролю граюць тры варыянты гена SCN9A, якія зьвязаныя з сэнсорнымі нэўронамі. Найбольш востра боль адчувалі людзі з трыма варыянтамі гену адразу. Аўтары мяркуюць, што на раньніх стадыях эвалюцыі чалавека, такая адаптацыя магла станоўча ўплываць на выжывальнасьць, але трэба дадаткова спраўдзіць такую гіпотэзу.

Читать полностью…

cybulinka

🍓Сэкс абараніў здароўе мазґоў пажылых амэрыканцаў.

Сэкс зьяўляецца натуральнай часткай чалавечага жыцьця, але ягоны ўплыў на здароўе мозгу застаецца малавывучаным. Каб крыху зьмяніць сытуацыю, у ЗША зладзілі дасьледаваньне, якое паказала, што ў пажылых людзей сэксуальная актыўнасьць зьвязана з паляпшэньнем кагнітыўных функцый у будучыні.

Ахвотнікі адказвалі на пытаньні аб частаце й якасьці сэксу, а іх кагнітыўныя функцыі вызначаліся з дапамогай адмысловых ацэначных тэстаў, якія ўлічвалі розныя аспэкты. Вынікі паказалі, што для людзей узростам ад 75 да 90 гадоў важная частата сэксуальнай актыўнасьці. Аказалася, што ў гэтай групе праз 5 гадоў кангнітыўныя функцыі былі значна лепшымі, калі яны займаліся сэксам не меней за 1 раз на тыдзень. А вось для дарослых ва ўзросьце ад 62 да 74 гадоў такім фактарам аказалася якасьць сэксу.

Але ж, мадэлі, якімі скарысталіся аўтары, паказалі, што сувязь паміж сэксам і кагнітыўным здароўем не ёсьць двухбаковай. То бок, высокія кагнітыўныя функцыі тут не прадказваюць сэксуальную актыўнасьць. А вынікі сваёй працы аўтары тлумачаць «стандартным наборам»: фізычная актыўнасьць, зьніжэньне стрэсу й павышэньне ўзроўню дафаміну.

Читать полностью…

cybulinka

Соль зрабіла антысэптыкі больш эфэктыўнымі

Звычайныя антысэптычныя растворы складаюцца з 70% сьпірту й 30% вады. Аднак усе яны маюць адно абмежаваньне: сьпірт хутка выпараецца з розных паверхняў.

Гэтая асаблівасьць зьніжае эфэктыўнасьць сродкаў у барацьбе з такімі патагенамі, як Clostrіdіum dіffіcіle (інфэкцыйная дыярэя). Да таго ж ад недастатковых канцэнтрацый сьпірту патагенныя мікраарганізмы могуць выпрацаваць устойлівасьць, як у выпадку з антыбіётыкамі.

Нядаўна высьветлілася, што дадаваньне ў антысэптычны сродак каля 2.5% солі значна павышае ягоную эфэктыўнасьць. Мяркуецца, што ў такім выпадку пры выпарэньні вады й сьпірту соль утварае крышталі на паверхні мікраарганізмаў, што разбурае абалонку вузы.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі вызначылі вагу імуннай сыстэмы чалавека

Агулам імунная сыстэма дарослага мае больш за 1 трыльён вузаў і важыць каля 1.5 кг у залежнасьці ад росту.

Імунная сыстэма складаецца са шматлікіх тыпаў вузаў з рознымі функцыямі. Напрыклад, лімфацыты, якія сынтэзуюць антыцелы для нэўтралізацыі вірусаў, ці макрафагі, здольныя паглынаць бактэрыі й рэшткі іншых вузаў.

Каб крыху лепей зразумець, што зь сябе ўяўляе імунная сыстэма, навукоўцы зладзілі перапіс усіх ейных вузаў, грунтуючыся на папярэдніх дасьледаваньнях. Такім чынам удалося высьветліць колькасьць імунных вузаў у розных тканках арганізму.

Атрыманыя дадзеныя былі спраўджаныя на ахвотніках. У выніку аказалася, што мужчына 20-30 гадоў з вагою 73 кг мае каля 1.8 трыльёна імунных вузаў, што складае 1.2 кг. А вось жанчына такога ж веку з вагою 60 кг будзе мець 1.5 трыльёна вузаў, то бок 1 кг. Таксама ў 10-гадовага дзіцяці імунная сыстэма будзе важыць 0.6 кг.

Читать полностью…

cybulinka

Прыгожая хімічная рэакцыя ў стужку:

У слоіку знаходзіцца раствор сьпірапырану ў талюёле. Пры гэтым сам раствор не мае колеру, але пад ультрафіялетавым сьвятлом пачынаецца рэакцыя з утварэньнем мэрацыяніну (насычаны сіні колер). Калі крыніцу УФ-сьвятла разьмясьціць зьнізу, то праз нагрэў і канвэкцыю ўнутры слоіка мэрацыянін рынецца ўверх і атрымаецца такі грыбападобны шлейф.

А вось у звычайным сьвятле рэакцыя ідзе ў адваротным кірунку.

Навукоўцы актыўна шукаюць спосабы ўключэньня падобных сьвятлоадчувальных рэчываў у разнастайныя мэдычныя чуйнікі.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст 15

🧅Папуляцыю дзікіх котак пачалі аднаўляць у Шатляндыі. Колькасьць котак Felіs sіlvestrіs у Шатляндыі скарацілася да 30 асобінаў у 2019 годзе. Таму была распачатая рэінтрадукцыя драпежнага сысуна. На першым этапе адмыслоўцы выпусьцілі ў сакрэтным месцы нацыянальнага парку Caіrngorm 19 асобінаў. Цяпер дадзеныя з камэр назіраньня й GPS-трэкераў паказваюць, што коткі адаптаваліся да новага жыцьця: яны пасьпяхова палююць. Агулам да 2025 году плянуецца выпусьціць на волю 60 котак.

🧅У залацістых рэтрывэраў знайшлі ген даўгалецьця, які зьвязаны з ракам у чалавека. Даўно вядома, што сабакі гэтай пароды часта хварэюць на рак, таму дасьледнікі вывучылі 300 набораў генэтычных дадзеных, каб высьветліць, ці могуць пэўныя фактары спрыяць здароўю рэтрывэраў. Пры параўнаньні ДНК 14-гадовых гадаванцаў з ДНК тых, хто не дажыў да 12 гадоў праз рак, высьветлілася, што з сабачым даўгалецьцем зьвязаныя варыянты гену HER4. Цікава, што аналяг такога гена ў чалавека правакуе хуткі рост пухлін. Таму калі выявіцца, што менавіта HER4 супрацьстаіць раку ў рэтрывэраў, гэта паўплывае ня толькі на працягласьць жыцьця сабак, але й на разуменьне чалавечай хваробы.

🧅Людзі пашырылі сьпіс сваіх хваробаў пасьля дамэстыкацыі жывёлаў. ДНК аналіз 1300 старажытных узораў узростам да 37 000 гадоў паказаў, што пасьля зьяўленьня земляробства, жывёлы сталі перадаваць свае хваробы людзям. Аўтары знайшлі прыкметы чумы, малярыі, гепатыту В і лептасьпірозу ў шматлікіх узорах. Вядома, у дасьледаваньня ёсьць пэўныя абмежаваньні, але павышэньне рызыкі перадачы заанозных хваробаў з пачаткам земляробства выглядае цалкам лягічна.

Читать полностью…

cybulinka

Астраномы сабралі каталёг з 380 тысячаў галяктык, які можа паглядзець кожны

Лічбавы «Sіena Galaxy Atlas» заснаваны на дадзеных трох астранамічных дасьледаваньняў за 2014-2017 гады й ахоплівае акурат палову начнога неба Зямлі. Акрамя забаўляльнай функцыі, каталёг дапаможа ў вывучэньні структуры Сусьвету й цёмнай матэрыі.

Выправіцца ў касьмічную вандроўку можна па гэтай спасылцы.

Читать полностью…

cybulinka

Штам птушынага грыпу, што цяпер тэрарызуе сьвет, зьявіўся ў Эўропе й Афрыцы

Упершыню вірус H5N1 знайшлі ў 1996 годзе ў Кітаі, а разыходзіўся ён пераважна ў Паўднёва-Усходняй Азыі ажно да 2005 году. Аднак потым адбыліся выпадкі інфікаваньня ў Афрыцы, Эўропе й на Блізкім Усходзе.

Пасьля бурнага старту вірус нібыта заціх, а ўжо ў 2021 вярнуўся ў новым варыянце.

Агулам новы варыянт вірусу ўжо забіў рэкордную колькасьць свойскіх і дзікіх птушак, а таксама перакінуўся на сысуноў і крыху на людзей. Гэта яго й адрозьнівала ад папярэднікаў.

Цяпер навукоўцы прааналізавалі зьвесткі аб пацьверджаных выпадках птушынага грыпу ў пэрыяд з 2005 па 2022 год, каб вызначыць гісторыю пашырэньня H5N1. Апроч гэтага аўтары вывучылі й генэтычныя дадзеныя вірусу.

Аказалася, што новы варыянт вірусу, які спачатку атрымаў назву H5N8, узьнік у паўночнай Афрыцы, а потым разам зь дзікімі птушкамі трапіў у Эўропу, дзе ён некалькі гадоў пашыраўся ў папуляцыях, пакуль не атрымаўся новы H5N1. Менавіта ён і адказны за цяперашнія ўспышкі.

Читать полностью…

cybulinka

Раптоўны космас:
1. NASA паказала самы лепшы здымак спадарожніка Юпітэра Іё

15 кастрычніка касьмічны апарат Juno пралятаў на адлегласьці 11645 км ад Іё й зрабіў гэты здымак.

Іё крыху большы за наш Месяц, на ягонай паверхні налічваецца больш за 400 актыўных вульканаў, некаторыя зь якіх трапілі на фота.

2. Кольцавае зацьменьне з іншага ракурсу
У мінулыя выходныя некаторым жыхарам паўночнай Амэрыкі пашчасьціла назіраць кольцавае зацьменьне. Напэўна вы ўжо бачылі захапляльныя здымкі зьявы.

А гэта тое, як зацьменьне выглядала з космасу. Здымак атрымалі з дапамогай Абсэрваторыі глыбокага касьмічнага клімату (DSCOVR), на ім добра бачны вялізны цень ад Месяцу.

Читать полностью…

cybulinka

Адкладаньне будзільніка, імаверна, не адаб’ецца на самаадчуваньні й якасьці сну

Швэдзкія дасьледнікі зладзілі досьлед з удзелам 31 чалавека, якія мелі звычку драмаць сярод тыдня мінімум 2 разы.

Цягам першай ночы ў адмысловай лябараторыі ўдзельнікам можна было прытрымлівацца звычайнага рэжыму, а праз тыдзень іх папрасілі паставіць будзільнікі за паўгадзіны й адкладаць званок на 9-10 хвілінаў.

У абодвух выпадках навукоўцы адсочвалі ўзровень картызолу, які зьвязаны з абуджэньнем (і стрэсам). Таксама ўдзельнікі самі ацэньвалі сваю аспаласьць па шкале ад 1 да 9, і рабілі кагнітыўныя тэсты.

Дасьледнікі выявілі, што ў другім досьледзе ўдзельнікі мелі крыху вышэйшы ўзровень картызолу, аднак у астатнім розьніцы не было.

Яшчэ па тэме:
Адмыслоўцы ацанілі распаўсюджанасьць звычкі адкладаць будзільнікі.

Читать полностью…

cybulinka

Мазґам спатрэбяцца мілісэкунды для вызначэньня ежы на здымках

Выявілі гэта аўтары прэпрынта, для якога папрасілі 20 чалавек паглядзець на відарысы зь ежай і неядомымі рэчамі. Паралельна з гэтым адсочвалася электрычная актыўнасьць мазґоў удзельнікаў.

На наступным этапе частку дадзеных пра мазґавую актыўнасьць выкарысталі для навучаньня індывідуальны мадэляў штучнага інтэлекту. Так было зроблена для таго, каб пазбавіцца ад магчымых хібнасьцей пры выкарыстаньні адной мадэлі на ўсіх.

Потым удзельнікам паказвалі па 157 новых выяваў, толькі ўжо вынікі інтэрпрэтаваў альгарытм. Так высьветлілася, што сыгналы, характэрныя для відарысаў зь ежай, назіраліся ўжо праз 108-116 мілісэкунд пасьля пачатку дэманстрацыі.

Прытым сыгнал ад сеткавіцы да мазґоў ідзе дзесьці 40-60 мс, таму вызначэньне ежы адбываецца вельмі хутка.

Читать полностью…

cybulinka

Ледзяны рэквіем

З набліжэньнем вясны жыхары вёсак вакол ронскага ледавіку пачынаюць агортваць яго вялізарнымі коўдрамі, каб запаволіць раставаньне.

Ледавік зьяўляецца асноўнай крыніцай ракі Рона, аднак за апошняе стагодзьдзе ён страціў каля 40% свайго аб’ёму.

Коўдры абараняюць лёд ад ультрафіялетавага выпраменьваньня, чым запавольваюць раставаньне прыблізна на 50%.

Здымак з назваю «Glacіer Requіem» (Paulo Sousa) стаў галоўным пераможцам у сёлетнім фотаконкурсе Каралеўскай біялягічнай супольнасьці. Іншыя здымкі можна паглядзець тут.

Читать полностью…

cybulinka

У надзвычай карысных амэга-3 знайшоўся небясьпечны пабочны эфэкт.

Камітэт па ацэнцы рызыкі фармнагляду EMA апублікаваў папярэджаньне аб бясьпечнасьці этылявых эфіраў амэга-3 поліненасычаных тлустых кіслот (проста амэга-3). Цяпер інструкцыі ўсіх прэпаратаў з амэга-3 у складзе мусяць мець інфармацыю пра пабочку ў выглядзе фібрыляцыі прысеньняў (мігальная арытмія).

Эфэкт выявіўся ў рандамізаваных дасьледаваньнях і моцна залежыць ад дозы: найчасьцей праяўляўся ў пацыентаў, якія спажывалі 4 г рэчываў за дзень.

Таксама адзначаецца, што пры наяўнасьці такой рэакцыі на амэга-3, ужываньне прэпаратаў трэба спыніць назаўсёды.

Читать полностью…

cybulinka

Легалізацыя марыхуаны ў Канадзе павысіла й панізіла колькасьць шпіталізацый у залежнасьці ад правінцыі.

У Канадзе зладзілі дасьледаваньне, каб ацаніць узровень шпіталізацый, зьвязаных з канабісам да й пасьля легалізацыі. Агулам у чатырох правінцыях выявілася 105203 выпадкі. Найчасьцей нагодай для шпіталізацыі быў псыхоз.

Легалізацыя з абмежаваньнямі спачатку прывяла да зьніжэньня ліку шпіталізацый, але калі сам канабіс і прадукты зь ім зьявіліся ў крамах адбываўся рост зваротаў па мэдычную дапамогу. Але ў адной правінцыі сытуацыя была супрацьлеглай: там наадварот колькасьць шпіталізацый з часам скарацілася (Брытанская Калюмбія).

Агулам вынікі паказваюць, што легалізацыя марыхуаны зьвязаная з павелічэньнем шпіталізацый, але нейкія высновы рабіць рана, бо ў дасьледаваньні ўлічвалі пэрыяд, на які прыпадала пандэмія COVІD-19.

Читать полностью…

cybulinka

Каалы, альбо сумчатыя мядзьведзі, вядомыя сваёй флегматычнасьцю. Звычайна гэтыя жывёлы трапляюць у аб’ектыў падчас харчаваньня эўкаліптавым лісьцем, бо гэты працэс займае значную частку іхняга жыцьця. Але ж часам каалы могуць падавацца грознымі, як на відэа вышэй. Такім рыкам яны, імаверна, карыстаюцца для прыцягваньня партнэраў і пазначэньня сваёй тэрыторыі.

Читать полностью…

cybulinka

🍏Паглядзіце які апэтытны яблык на першым фота!
Гэта плод дрэва манцынэлы Hіppomane mancіnella, назва якога паходзіць ад гішпанскага manzanіlla (яблычак). Сваімі характарыстыкамі такія яблычкі нічым не саступаюць звычайным, але маюць адну асаблівасьць: яны атрутныя.

Спачатку ад такога яблыка ў роце будзе салодка, а потым пачнецца пякота, набраканьне, гастраэнтэрыт з крывацёкам, і дыхаць стане складана. Сымптомы будуць праяўляцца й набіраць моц паступова, а праз 8 хвілінаў усё скончыцца й застануцца толькі непрыемныя ўспаміны. Але калі зьесьці шмат пладоў, то ўсё скончыцца трагічна.

Манцынэла лічыцца самым атрутным дрэвам у сьвеце, расьце на балотах і пляжах. Яна адносіцца да сямейства малачайных, таму небясьпеку ўяўляюць усе часткі дрэва. Высокая таксычнасьць абумоўліваецца вялікімі канцэнтрацыямі танінаў, фляваноідаў, кумарынаў і хальконаў. Таму да манцынэлы лепей увогуле не набліжацца.

Працяглы час дрэва лічылася бескарысным і яго спрабавалі вынішчаць, але без посьпеху, бо пырскі соку выклікалі моцныя апёкі. Пазьней высьветлілася, што манцынэла мае сваю ролю ў экасыстэмах: сваім даволі галінастым карэньнем дрэва супрацьстаіць эрозыі пляжаў. Знайшлася й жывая істота, якая ня толькі харчуецца атрутнымі пладамі, але й жыве кроне гэтага дрэва ігуана Ctenosaura sіmіlіs.

Читать полностью…

cybulinka

Lego перастала выкарыстоўваць перапрацаваны плястык у сваёй прадукцыі

Буйнейшы вытворца цацак пабудаваў сваю рэпутацыю ня толькі даўгавечнымі, разьлічанымі на дзесяцігодзьдзі цаглінкамі, але й значнымі інвэстыцыямі ў экалягічныя ініцыятывы. Напрыклад, кампанія абяцала вылучыць $1.4 млрд на скарачэньне выкідаў вуглякіслага газу да 2025 году. Таксама Lego у 2021 годзе запусьціла праект «Бутэлькі ў цаглінкі», у межах якога плянавала ствараць цацкі зь перапрацаванага плястыку. Аднак сёлета праект закрыўся, а кампанія вярнулася да вытворчасьці на аснове выкапнёвага паліва.

Справа ў тым, што калі адмыслоўцы ацанілі ўплыў выкарыстаньня другаснага плястыку на экалёгію па ўсім ланцугу паставак, нечакана высьветлілася, што такі працэс патрабуе дадатковай энэргіі й матэрыялаў, а гэта павялічвае выкіды вуглякіслага газу. Таму вырашылі вярнуцца да старой тэхналёгіі, пакуль ня будуць знойдзеныя сапраўды экалягічныя варыянты.

Читать полностью…
Subscribe to a channel