Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Дасьледнікі зафіксавалі момант, калі сэрца пачынае біцца.
Сэрцы эмбрыёнаў рыбак Danio rerio пачынаюць біцца прыблізна праз 20 гадзін ад пачатку разьвіцьця, прытым актыўнасьць узьнікае адразу ва ўсіх вузах.
З папярэдніх дасьледаваньняў было вядома, што першая сэрцавая актыўнасьць праяўляецца задоўга да фармаваньня органу ў папуляцыях кардыёміяцытаў. Такія вузы на гэтым этапе яшчэ не маюць аніякай арганізацыі, але ўжо насычаныя неабходнымі для скарачэньняў іёнамі кальцыю. У сфармаваным арганізьме іёны кальцыю выходзяць з кардыёміяцытаў, генэруючы такім чынам скокі электрычнай актыўнасьці, якія й прымушаюць сэрца скарачацца.
Цяпер навукоўцы з дапамогаю высакаскораснай мікраскапічнай здымкі вывучылі, што адбываецца менавіта перад запускам сэрца. Аказалася, што павольныя й рэдкія хвалі іёнаў кальцыю – часовыя зьмены канцэнтрацыі – павялічваліся па меры таго, як кардыёміяцыты паступова пачыналі фармаваць першыя структуры сэрца. Потым раптоўна ўзровень кальцыю рэзка павысіўся й кардыёміяцыты спусьцілі ўсплёскі электрычнай актыўнасьці.
Аўтары адзначаюць, што першыя ўдары былі няроўнамернымі, але потым усё сынхранізавалася. Цікава, што рытмічныя, арганізаваныя ўдары ўзьнікаюць задоўга да «падключэньня» сэрца ў крывяносную сыстэму.
Таксама навукоўцы мяркуюць, што праз падобнасьць усіх хрыбетных на раньніх стадыях разьвіцьця такі мэханізм можа быць актуальным і для чалавека.
Выявілася нечаканая сувязь паміж глябальнымі зьменамі ў клімаце й ростам спажываньня алькаголю.
Аўтары дасьледаваньня вывучылі дадзеныя зь лякарняў у Нью-Ёрку з 1994 па 2014 гады. Агулам назьбіралася 671 625 «алькагольных» і 721 469 «наркатычных» выпадкаў зваротаў па дапамогу. Большасьць пацыентаў была мужчынамі.
Дасьледнікі суаднесьлі крывыя росту колькасьці зваротаў з пасуткавымі тэмпэратурнымі дадзенымі й заўважылі карэляцыю. Так чым вышэй была тэмпэратура, тым часьцей людзі наведвалі мэдычныя ўстановы ў стане алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня.
Тлумачаць аўтары гэта тым, што сьпякотнае надворʼе спрыяе прыгодам зь сябрамі, а таксама прымушае арганізм губляць ваду з потам тым самым робіць яго больш уразьлівым. Што праўда, тут не ўлічвалася шмат культурна-сацыяльных фактараў і дасьледваньне мела вельмі абмежаваную выбарку. Таму наўрад ці падобная залежнасьць выявіцца на выбарках у іншых краінах.
У Афрыцы адбылося першае з 2012 году павелічэньне колькасьці насарогаў.
Міжнародны зьвяз аховы прыроды на мінулым тыдні паведаміў, што колькасьць афрыканскіх насарогаў павысілася на 5.2%. Цяпер агульную папуляцыю складаюць 23 290 асобінаў: 16 803 белых (Ceratotherium simum) і 6 487 чорных (Diceros bicornis) насарогаў.
На жаль, такі невялікі прырост не зробіць віды менш уразьлівымі, тым больш браканьеры дагэтуль працягваюць забіваць вялікіх няпарнакапытных дзеля рагоў, але ж вынікі паказваюць, што намаганьні захаваць віды не марныя.
Што з артэрыяльнай гіпэртэнзіяй у Беларусі?
Стандартызаваны паводле ўзросту паказьнік распаўсюджанасьці артэрыяльнай гіпэртэнзіі ў Беларусі складае 49% (2019 г.), гэта вышэй, чым у сярэднім па сьвеце (33%) для той самай узроставай групы 30-79 гадоў. У 2019 годзе гіпэртэнзія стала прычынай 67 280 сьмерцяў.
З 2010 году назіраецца тэндэнцыя на зьніжэньне некантраляванай гіпэртэнзіі, асабліва сярод мужчын, але Беларусь дагэтуль знаходзіцца ў мужчынскім топе краінаў на 7 месцы (52%).
Фактары АГ:
🧅У сярэднім беларусы (25+) спажываюць 7 г. солі на дзень пры норме 5 г. Мужчыны любяць соль крыху болей – 8 г, а жанчыны спажываюць 6 г. на дзень.
🧅Сярод беларусаў групы 15+ 41% курыць тытунь (мужчыны – 48%, жанчыны – 14%)
🧅Агульны паказьнік атлусьценьня – 25% (жанчыны – 26%, мужчыны – 22%)
🧅Спажываньне алькаголю ў групе 15+ – 11 л. (мужчыны – 18 л, жанчыны – 5)
🧅Нізкая фізычная актыўнасьць сярод дарослых (2016 г.) а – 14 % (жанчыны й мужчыны – 14%)
Дайджэст №11
🧅У людзей і дабэрманаў аднолькавыя гены адказваюць за разьвіцьцё хваробы міякарду. Міжнародная група дасьледнікаў вызначыла генэтычную аснову дылятацыйнай карыдыёміяпатыі – хваробы, якая характарызуецца павелічэньнем міякарду ў сабак і людзей. Такі паталягічны стан часта вядзе да сэрцавай няздатнасьці. На наборы дадзеных пра сабак (>500) аўтары вызначылі знаходжаньне «сапсаваных» генаў, якія ўплываюць на функцыі, энэргетычны абмен і структуру міякарду. Потым высьветлілася, што ў людзей ідэнтычныя гены рызыкі.
🧅З кавы вылучылі алкалёід, які палепшыў кагнітыўныя функцыі ў мышэй. Адмыслоўцы актыўна шукаюць функцыянальныя прыродныя злучэньні, якія б запаволілі ўзроставае зьніжэньне кагнітыўных функцый. Адным з кандыдатаў на ролю такога рэчыва быў алкалёід трыганэлін (ТГ). Яго можна знайсьці ў каве, радысцы й насеньні пажытніку. Цяпер навукоўцы вывучылі ўплыў ТГ на памяць і прасторавае навучаньне на лініі грызуноў, схільных да прысьпешанага старэньня.
Цягам месяца жывёлам з кормам давалі пэўную колькасьць алкалёіду, а потым адпраўлялі на тэставаньне ў водны лябірынт. У выніку мышы з дасьледваемай групы паказалі значна лепшыя вынікі, чым іх суродзічы з кантрольнай. Далей аўтары высьветлілі, што такі эфэкт абумоўліваецца зьменамі ў сыгнальных шляхах, зьвязаных з функцыямі мітахондрый, запаленьнем і разьвіцьцём нэрвовай сыстэмы.
🧅Штучны інтэлект лепш за людзей спраектаваў гарадзкі квартал. Адмыслоўцы распрацавалі сыстэму штучнага інтэлекту, якая б магла праектаваць кварталы так, каб жыхары маглі за 15 хвілінаў дабрацца ў любое месца. Такой канцэпцыяй карыстаюцца й адмыслоўцы, бо яна дазваляе значна павысіць якасьць жыцьця людзей праз скарачэньне часу ў дарозе й забруджваньня паветра.
У выніку аказалася, што пляны, распрацаваныя ШЫ, нічым не саступалі плянам, распрацаваным людзьмі, а ў некаторых выпадках былі нават лепшымі. Аднак стваральнікі сыстэмы не разглядаюць яе ў якасьці замены адмыслоўцам, а хутчэй як дадатковы інструмэнт.
Навукоўцы не губляюць надзеі адрадзіць вымерлых сумчатых ваўкоў.
Дасьледнікі са Стакгольмскага ўнівэрсытэту паведамілі, што ім удалося вылучыць і аднавіць амінакіслотную пасьлядоўнасьць малекулы РНК з 130-гадовага пудзіла сумчатага воўка. Аўтары таксама ўпершыню рэканструявалі агульныя асаблівасьці экспрэсыі генаў у скуры й цягліцах вымерлага віду.
Насамрэч, такія вынікі маюць вялікае значэньне ня толькі для адраджэньня вымерлых відаў, але й для для разуменьня пандэмічных РНК-вірусаў, такіх як SARS-CoV-2. Мяркуецца, што такім спосабам можна будзе аднавіць РНК папярэднікаў сучасных вірусаў, а гэта дасьць больш глыбокае разуменьне іхняй эвалюцыі й пашырыць сьпіс даступных мэтадаў барацьбы з хваробамі.
У Тайляндзе знайшлі й апісалі новы від тарантулаў.
Насычана сіняя афарбоўка Chіlobrachys natanіcharum зьвязаная не з наяўнасьцю адмысловага пігмэнту, а абумоўліваецца ўнікальнай структурай валаскоў на паверхні, якія пераломліваюць сьвятло так, што мы бачым мэталёва-сіні колер. Агулам сіні ў прыродзе сустракаецца надзвычай рэдка.
Новы від тарантулаў жыве пераважна ў мангравых лясох, дзе часта назіраецца затапленьне. Таму павукі будуюць сваё жытло ў дуплах і расколінах на дрэвах. Таксама від даўно можна было знайсьці на мясцовых жывёльных рынках, але ягонае паходжаньне было невядомым.
Ёгурт назвалі пэрспэктыўным сродкам ад паху часнаку.
Новае лябараторнае дасьледаваньне паказала, што ёгурт зь неразьведзенага малака перашкаджае вылучэньню ў паветра лятучых злучэньняў серкі, адказных за спэцыфічны пах сырога часнаку. З дапамогай мас-спэктрамэтрыі навукоўцы высьветлілі, што такі эфэкт быў зьвязаны пераважна зь бялкамі й тлушчамі ў складзе кісламалочнага прадукту. У будучыні вынікі дасьледаваньня плянуюць спраўдзіць на людзях.
Галкі прамянялі сяброўства на ежу.
Навукоўцы вывучалі сацыяльныя зносіны ў птушак і зладзілі просты экспэрымэнт. Галкам прапанавалі атрымаць пачастунак, памер якога залежаў ад таго, з кім яны прыляталі на кармушку. У выніку птушкі хутка вызначылі, зь якімі сябрамі ім дастаецца меней корму, таму перасталі зь імі вадзіцца. Але такія паводзіны не распаўсюдзіліся на чальцоў сям’і: цесныя сувязі зь імі захоўваліся незалежна ад колькасьці корму.
Загадкавы драпежнік з Бразыліі быў гібрыдам свойскага сабакі й лісіцы.
Бразыльскія заолягі нарэшце ідэнтыфікавалі незвычайнага драпежніка, які трапіў у 2021 годзе да вэтэрынараў. Гэта быў міжвідавы гібрыд сабакі й парагвайскай лісіцы. Саміца трапіла пад машыну, але адмыслоўцы выхадзілі і стэрылізавалі яе. Пасьля жывёліну даслалі ў прыродаахоўны цэнтар, дзе яна летась памерла зь невядомых прычын. За гэты час навукоўцы зладзілі малекулярна-генэтычны аналіз узораў скуры й крыві саміцы ды вызначылі яе таямнічае паходжаньне.
Высьветлілася, што жывёліна мела 76 храмасом. Гэта сьведчыла пра тое, што адмыслоўцы мелі справу з гібрыдам першага пакаленьня, які нарадзіўся ад скрыжаваньня свойскага сабакі (78 храмасом) і віду з 74 храмасомамі. На ролю апошняга прэтэндавалі мясцовыя майконгі (Cerdocyon thous) і парагвайская лісіца (Lycalopex gymnocerus). Наступны аналіз цытахромксыдазы І (участак мітахандрыяльнага гена) паказаў, што мацераю дзіўнай жывёлы была менавіта парагвайская лісіца. Таксама ў ДНК меліся сьляды сабакі, ад яго гібрыд атрымаў цёмную, не ўласьцівую лісіцам афарбоўку.
Сабака й парагвайская лісіца адносяцца да розных родаў, іхнія продкі разышліся каля 6.7 млн гадоў таму, аднак гэта не перашкодзіла зьяўленьню жыцьцяздольнага гібрыда. Звычайна міжвідавыя гібрыды ня могуць даць патомства, але ў дадзеным выпадку невядома, ці была бясплоднай саміца.
❗️Навукоўцы мяркуюць, што зьяўленьне незвычайнага гібрыда часткова зьвязанае з заменай прыродных экасыстэм ворнымі палямі. Гэта вымусіла парагвайскую лісіцу прыстасавацца да жыцьця побач з чалавекам. А там, дзе чалавек, там і сабака, таму імавернасьць гібрыдызацыі моцна павялічылася. Не выключана, што недзе яшчэ жывуць падобныя гібрыды й калі яны плодныя, то прынясуць у лісіную папуляцыю сабачыя гены. У выніку гэта нэгатыўна паўплывае на іхнюю прыстасаванасьць. Напрыклад, цёмная шэрсьць зробіць гібрыдных драпежнікаў больш заўважнымі для ворагаў і здабычы, а ў пэрспэктыве такія жывёлы стануць уразьлівымі перад сабачымі хваробамі й паразытамі.
Дайджэст №10
🧅Бісфэнол знайшоўся ў 90% дасьледаваных эўрапейцаў. Раней бісфэнол А актыўна выкарыстоўваўся пры вытворчасьці дзіцячых цацак і бутэлек для харчаваньня, аднак потым яго забаранілі ў ЗША і Эўропе. Што праўда, забарона не тычылася іншых вырабаў, таму цяпер бісфэнол можна знайсьці ў складзе ўпаковак для прадуктаў (выключэньне толькі Францыя, дзе рэчыва забаранілі цалкам). Бісфэнол у арганізме чалавека разбурае гармоны, чым можа справакаваць рак малочнай залозы й бясплоднасьць.
🧅Хобі зьніжаюць узровень дэпрэсыі ў людзей сталага веку. Вынікі дасьледаваньня з удзелам 93 263 чалавек паказалі, што пры наяўнасьці хобі пасьля 65 гадоў, людзі мелі меней сымптомаў дэпрэсыі й большы ўзровень задаволенасьці жыцьцём. Такі эфэкт назіраўся ў 16 краінах на трох кантынэнтах. Аднак гэта дазваляе толькі меркаваць пра наяўнасьць сувязяў, бо дасьледаваньне не зьяўляецца назіральным.
🧅Сёлетняе лета назвалі самым сьпякотным за ўвесь час назіраньняў. Сярэдняя тэмпэратура летніх месяцаў узрасла на 0.23°С, калі параўноўваць з дадзенымі за 1951-1980 гады, то прырост складае 1.2°С. Наступствы такога пацяпленьня праяўляюцца ўжо зараз: хвалі сьпёкі, лясныя пажары, нашэсьце кляшчоў, вос і інш.
👀Сучасныя аўтамабілі сочаць за кіроўцамі й пасажырамі.
Кампанія Mozіlla падзялілася вынікамі дасьледаваньня, дзе аналізаваліся прыватныя дадзеныя, якія зьбіраюцца новымі машынамі. У выніку аўтары прызналі, што сучасныя аўто – найгоршы ў пляне прыватнасьці прадукт, які яны тэставалі.
Некамэрцыйная арганізацыя высьветліла, што новыя аўтамабілі 25 буйных брэндаў зьбіраюць шмат дадзеных пра кіроўцаў: месцазнаходжаньне, хуткасьць руху, маршруты й зьвесткі пра сэксуальную актыўнасьць. Сабраныя дадзеныя маюць слабую абарону й могуць перадавацца трэцім асобам, у тым ліку для сачэньня за пэўнымі людзьмі.
У дасьледаваньні таксама адзначаюць, што для збору дадзеных выкарыстоўваюцца мікрафоны, камэры й смартфоны, падключаныя да аўто. У пэўных выпадках для такіх мэтаў могуць выкарыстаць і мабільныя праграмы.
Самым злосным парушальнікам аказаўся Nіssan, бо ягоная палітыка прыватнасьці дапускае збор генэтычных дадзеных, інфармацыі пра стан здароўя й сэксуальную актыўнасьць. Праўда невядома, якім чынам зьбіраецца гэтая інфармацыя, але вытворца пакідае за сабою права дзяліцца ёю.
Далей па сьпісе KIA з падобнымі запытамі, Volkswagen, якога вельмі цікавіць стыль кіраваньня і карыстаньне рамянём бясьпекі, і Mercedes-Benz з усталяваным TikTok.
Веганская дыета для катоў не нашкодзіць здароўю.
Перавод хатніх гадаванцаў на веганскую дыету – гарачая тэма ня толькі ў сацсетках, але й сярод вэтэрынараў. Калі з сабакамі пераход на такую дыету выглядае цалкам магчымым, то з катамі, аблігатнымі драпежнікамі, якія маюць у сваім рацыёне пераважна мяса, усё выглядала даволі складана.
Цяпер у Вялікабрытаніі зладзілі апытаньне 1369 гаспадароў катоў, каб высьветліць сувязі між дыетай і станам здароўя. З усяе выбаркі толькі 9% гадаванцаў харчаваліся веганскім кормам, астатнія былі на звычайнай дыеце. Пасьля аналізу дадзеных з улікам пераменных (узрост жывёлаў, рэпрадуктыўныя функцыі) высьветлілася, што веганская дыета зьвязаная зь меншай колькасьцю праблемаў са здароўем, хаця такія адрозьненьні былі мінімальнымі. У любым выпадку гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму варта чакаць больш грунтоўных публікацыяў.
Простая тэхналёгія дазваляе выкарыстоўваць каву ў 3D-друку.
Каманда адмыслоўцаў распрацавала экалягічны мэтад 3D-друку з выкарыстаньнем адмысловай пасты на кававай гушчы. У склад пасты таксама ўваходзіць вада, цэлюлёзная й ксантанавая камедзі (харчовыя загушчальнікі). Праўда для таго, каб надрукаваць штосьці, трэба будзе крыху мадыфікаваць друкарку, але гэта ўсё роўна таньней і экалягічней за награваньне кавы да высокіх тэмпэратураў.
Аўтары ўжо пасьпяхова надрукавалі некаторыя ўпрыгожваньні, кубачкі для эспрэса й гаршчочкі для кветак. Такія вырабы маюць высокую трываласьць, а таксама цалкам раскладаюцца ў кампосьце.
Што праўда, стваральнікі не спадзяюцца на шырокае пашырэньне такой тэхналёгіі, аднак яна можа стаць штуршком для іншых падобных праектаў.
Падлетак памёр пасьля таго, як зьеў самую вострую чыпсіну.
Аднак дакладныя прычыны сьмерці адмыслоўцы вызначаць пазьней.
Падлетак паскардзіўся на невыносны боль у жываце і распавёў, што перад гэтым зьеў надзвычай вострую чыпсіну, каб паўдзельнічаць у One Chip Chellenge. Маці забрала хлопца дадому, але ён хутка страціў прытомнасьць. Хуткая дапамога даставіла падлетка ў лякарню, дзе ён і памёр. Каб вызначыць прычыны сьмерці, адмыслоўцам спатрэбіцца каля трох месяцаў, але чыпсы ўжо зараз прыбралі з продажу.
Вытворца чыпсаў прапаноўваў пакупнікам зьесьці прадукт на камэру і паспрабаваць пратрымацца як мага болей часу, перад тым як запіць малаком ці кефірам. Пры гэтым на пакунку, які меў выгляд труны, напісана шмат папярэджаньняў, у тым ліку і тое, што чыпсы толькі для здаровых дарослых (падлетку было 14).
Пасьля амаль трохгадовага касьмічнага падарожжа кантэйнэр з узорамі астэроіду Bennu нарэшце адкрылі.
Каманда місыі OSІRІS-REx знайшла ў кантэйнэры чорны пыл і аскепкі, пра паходжаньне якіх пакуль нічога не паведамляецца. Але хутчэй за ўсё гэта наступствы пасадкі касьмічнага апарату на астэроід. Агулам на Зямлю было дастаўлена 250 г. астэроіднай пароды й пылу. Дасьледнікі зладзяць аналізы для выяўленьня фізыка-хімічных характарыстык узораў і паведамяць першыя вынікі ўжо 11 кастрычніка.
24 верасьня капсулу з узорамі астэроіду пасьпяхова скінуў на Зямлю бесьпілётны зонд OSІRІS-REx. Агульны кошт місыі склаў 1.2 млрд даляраў.
Папулярнасьць мясьцін у Instagram не надта ўплывае на колькасьць турыстаў.
Амэрыканскія навукоўцы параўналі дадзеныя аб наведвальнасьці паркаў у Арэгоне за 18 гадоў і допісы ў Іnstagram з адпаведнымі геатэгамі. Аўтары ўлічвалі таксама колькасьць падабаек і камэнтароў пад фотаздымкамі, каб вызначыць цікавасьць да пэўнага месца.
У выніку аказалася, што агульны эфэкт ад папулярнасьці ў сацыяльнай сетцы быў зьвязаны ростам месячнай колькасьці наведвальнікаў на 4%, але толькі ў некаторых парках. Пры гэтым навукоўцы падкрэсьліваюць, што ўлічвалі толькі адну з сацыяльных сетак, таму нязначнае павелічэньне наведвальнасьці можа абумоўлівацца эфэктам ад усіх плятформаў.
Навуковец выкрыў жульніцтва карыстальнікаў Wordle.
Простая гульня зьявілася ў першыя дні пандэміі COVІD-19 і прапаноўвала гульцам бавіць час за адгадваньнем слова з 5 літар за 6 спробаў. Першапачаткова сярод гульцоў былі толькі сябры й сваякі распрацоўніка Джоша Ўордла, але з часам аўдыторыя вырасла да 3 млн. чалавек. Сёньня гульня даступная на 50 мовах, у тым ліку й беларускай (лацінка, кірыліца), а арыгінальная вэрсія належыць газэце The New York Tіmes, дзе яшчэ публікуецца й агульная статыстыка. Вось у ёй аўтар прэпрынту Джэймс Дылгер і заўважыў анамаліі.
Вядома, што спачатку гульня мела набор з 12 000 словаў, але новы ўладальнік скараціў яго да 2315. Навуковец падлічыў, што імавернасьць выпадкова адгадаць слова дня зь першай спробы складае 0.043% (860 чалавек). Але паводле статыстыкі на NYT гэты паказьнік ніколі не апускаўся ніжэй за 4 000 чалавек.
Сусьветная арганізацыя здароўя ўпершыню за час свайго існаваньня апублікавала справаздачу па артэрыяльнай гіпэртэнзыі.
Паводле зьвестак арганізацыі, цяпер у сьвеце 1.3 млрд чалавек з гіпэртаніяй, а палова зь іх ня ведае пра свой дыягназ. Таму асаблівая ўвага ў справаздачы зьвяртаецца на неабходнасьць дыягностыкі, каб потым не было сюрпрызаў у выглядзе інфарктаў ці інсультаў.
Фактары рызыкі разьвіцьця артэрыяльнай гіпэртэнзыі ўключаюць генэтычную схільнасьць, аднак рэалізуецца яна пад уплывам курэньня, алькаголю, празьмернага спажываньня солі й г.д.
Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што лячыць артэрыяльную гіпэртэнзію трэба адразу, прытым лекарам раяць выпісваць максымальна эфэктыўныя лекі. Таксама адзначаецца, што аніякага «працоўнага ціску» няма, таму калі на таномэтры лічбы перавышаюць 130/90, то ціск трэба зьніжаць у любым узросьце.
Марсаход Curiosity з чацьвёртай спробы дабраўся да хрыбта, дзе некалі была вада.
Тры мільярды гадоў таму, падчас апошняга вільготнага перыяду на Марсе, магутныя плыні несьлі бруд і каменьне ўніз па схілу вялікай гары. З часам вятры выдулі дробныя часьцінкі, пакінуўшы скопішча валуноў. Цяпер гэта адзін з самых маладых хрыбтоў (Gediz Vallis), які захоўвае зьвесткі пра вадзяное мінулае чырвонай плянэты.
Curiosity трапіў сюды толькі з 4 спробы, бо вострыя камяні і крутыя схілы значна ўскладнялі шлях. Камандзе навукоўцаў спатрэбілася тры гады, каб знайсьці найбольш просты маршрут. Тут марсаход не толькі зрабіў панарамны здымак, але і вывучыў пароды хрыбта сваім 2-мэтровым маніпулятарам.
У Вялікабрытаніі фіксуюцца выпадкі небясьпечнай інфэкцыі ў сабак.
Пачалося ўсё летась, калі 61-гадовая жанчына трапіла ў лякарню з сымптомамі сабачага бруцэлёзу. Пазьней бактэрыяльную інфэкцыю знайшлі ў сабак, якіх гадавала пацыентка. Пасьля вывучэньня выпадку, адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што жанчына падхапіла хваробу ад цяжарнай самкі, прывезенай зь Беларусі. Сабачы бруцэлёз амаль не паддаецца лекаваньню, таму ўсім гадаванцам зрабілі эўтаназію.
Паведамляецца, што цяпер бруцэлёз быў дыягнаставаны ў 97 сабак і 3 чалавек. Завоз інфэкцыі зьвязваюць зь імпартаванымі з Усходняй Эўропы сабакамі, дзе, па меркаваньні адмыслоўцаў, хвароба найбольш распаўсюджана.
Сымптомы хваробы ў людзей вельмі падобныя на грып: высокая тэмпэратура, галаўны боль, агульная стомленасьць і страта вагі. У сабак сымптомы могуць не праяўляцца, аднак асноўнымі лічацца млявасьць, бясплоднасьць і боль у сьпіне.
Twitter апынуўся на апошнім месцы ў рэйтынгу кліматычнай дэзынфармацыі.
Арганізацыя «Кліматычнае дзеяньне супраць дэзынфармацыі» (CAAD), куды ўваходзіць больш за 50 экалягічных груп, апублікавала справаздачу з ацэнкай дзейнасьці некаторых сацсетак у барацьбе з ілжывай інфармацыяй пра зьмены клімату.
Па сукупнасьці крытэраў (рэкляма, празрыстасьць, кантэнт і г.д.), кожная плятформа магла атрымаць 21 бал. У выніку на першым радку рэйтынгу апынуўся Pinterest (12 балаў), а на апошнім – Twitter (1 бал). Аўтары адзначаюць, што Pinterest актыўна супрацоўнічае з экалягічнымі арганізацыямі для якаснай мадэрацыі кантэнту, а Twitter не мае выразнай пазыцыі наконт дэзынфармацыі па зьменам клімату. Мэханізмы барацьбы са шкодным кантэнтам там таксама адсутнічаюць.
NASA паказала здымак схаванага ад сьвятла месца на Месяцы.
Кратэр Шэклтан знаходзіцца ў гарыстай мясцовасьці на паўднёвым полюсе Месяца. Праз асаблівы нахіл спадарожніка й наяўнасьць побач гор, сонечнага сьвятла тут ніколі не бывае, хіба толькі вяршыні хрыбтоў часам асьвятляюцца (другі здымак). Мяркуецца, што тут ідэальнае месца для існаваньня вады ў фазе лёду.
Такія незвычайныя ўмовы ўскладняюць ня толькі высадку й працу месяцаходаў, але й простае фатаграфаваньне. Таму каб атрымаць першую выяву дасьледнікі аб’ядналі здымкі з двух апаратаў: LROC (Lunar Reconnaіssance Orbіter Camera) і ShadowCam. Першы робіць якасныя здымкі добра асьветленай паверхні, а камэра другога добра адпрацоўвае цені (апошні здымак).
Аддалены фармат працы назвалі больш экалягічным.
Карнэльскі ўнівэрсытэт разам з кампаніяй Mіcrosoft зладзілі дасьледаваньне, у якім спраўдзілі залежнасьць вугляроднага сьледу ад фармату працы. Аўтары вывучалі аддалены, гібрыдны й офісны варыянт. Аказалася, што найбольш экалягічны — аддалены фармат: ён дазваляе скараціць выкіды парніковых газаў на 54% у параўнаньні з працай з офісу. Гібрыдны фармат таксама меў неблагія вынікі: праца з дому ад 2 да 4 дзён на тыдзень паменшыла вугляродны сьлед на 11-29%, аднак калі з дому працаваць толькі адзін дзень, то выкіды скарачаліся толькі на 2%. Аўтары падкрэсьліваюць, што аддаленая праца ня можа мець нулявы вугляродны сьлед, а значна скараціць яго можна толькі калі агулам зрабіць сваё жыцьцё больш экалягічным.
Вось асноўныя тэзы з публікацыі:
🧅Супрацоўнікі з гібрыдным фарматам даўжэй дабіраюцца да працы, бо пры выбары жыльля не арыентуюцца на адлегласьць да офісу.
🧅Выкарыстаньне кампутараў, смартфонаў і інтэрнэту на гібрыднай і аддаленай працы не моцна ўплывае на агульны вугляродны сьлед.
🧅Паездкі ў вольны час (закупкі, імпрэзы) набываюць большую значнасьць разам з павелічэньнем «аддаленых» працоўных дзён. То бок, езьдзіць за хлебам на машыне – не лепшы варыянт, нават калі працуеце з дому. Для гэтых мэтаў лепей абіраць гарадзкі транспарт.
Панды ў няволі пакутуюць праз збоі ў біялягічных рытмах.
Каманда навукоўцаў спрабавала зразумець, як цыркадныя рытмы ўплываюць на паводзіны жывёлаў. Для гэтых мэтаў выбралі гіганцкіх пандаў, бо яны вядуць сэзонны лад жыцьця й жывуць у заапарках па ўсім сьвеце пад ўэб-камэрамі.
Менавіта праз ўэб-камэры навукоўцы разам з валянтэрамі й назіралі за пандамі. Ім трэба было цягам году рабіць выбарку, каб зафіксаваць агульную актыўнасьць, палавыя й анамальныя паводзіны жывёлаў.
Высьветлілася, што агулам панды ў няволі мелі аналягічныя сваім дзікім суродзічам пікі актыўнасьці, аднак яна была не такая выразная. То бок, панды ў няволі выглядаюць больш млявымі. Прытым чым далей ад родных шыротаў, тым выразьней праяўляецца такі эфэкт.
Зьмены назіраліся й у палавых паводзінах жывёлаў, бо ў натуральным асяродзьдзі, шлюбны пэрыяд у панды цесна зьвязаны з сэзонам міграцыі. Аўтары мяркуюць, што мядзьведзі пакутуюць ад адсутнай магчымасьці міграваць, што ўскладняе падтрыманьне колькасьці папуляцыі ў няволі.
⚡️Падборка найбольш эмацыйных здымкаў з конкурсу Wildlife Photographer of the Year'23.
1. Гонка за жыцьцём (Race for Life/ Donglin Zhou). Рэдкі выпадак паляваньня сьнежнага барса на манула. Абодва віды маюць добрае маскаваньне, таму першапачаткова аўтарка меркавала, што барс бяжыць за сурком, але за колькі імгненьняў да нападу пабачыла манула. Звычайна гэтыя невялікія дзікія каты становяцца здабычай ваўкоў і драпежных птушак, а вось сьнежныя барсы на іх палююць надзвычай рэдка.
2. Вогненныя птушкі (Firebirds/ Elza Friedländer). Кантраляванае спальваньне сухой травы ў Кеніі прываблівае шмат птушак. Большасьць зь іх трымаецца на бясьпечнай адлегласьці ад полымя, але некаторыя буслы наважваюцца падыходзіць вельмі блізка да яго. Гэты момант і трапіў у абʼектыў камэры.
3. Дзіцяня вайны (War Cub/ Michał Siarek). Фатограф задакумэнтаваў намаганьні па эвакуацыі жывёл з усходу Ўкраіны. Іх адпраўлялі на мяжу з Польшчай, адкуль развозілі ў заапаркі і запаведнікі Эўропы. Такім чынам ад вайны ўратавалі больш за 200 асобінаў. На здымку момант, калі ратавальнікі адкрылі скрыню з тыгранём, каб пераканацца, што зь ім усё добра.
4. Твар гнанага (The Face of the Persecuted/ Neil Aldridge). Лісіца ў рэабілітацыйным цэнтры «паказвае» траўмы ад нападу сабак. У Англіі і Ўэльсе забаронена паляваньне на ліс з сабакамі, аднак некаторых паляўнічых гэта не спыняе. Здымак зьяўляецца часткай 9-гадовага фотапраекту, якім аўтар намагаецца прыцягнуць увагу да звычайных лісіц.
Пераможцы будуць абвешчаныя 10 кастрычніка.
Гамэапатычныя сродкі сталі прычынай хваробаў печані.
Гамэапатыя – гэта вельмі дарагі цукар, альбо водны раствор са шматкроць разбаўленым рэчывам, не заўсёды бясьпечным. Пры гэтым ступень разбаўленьня такая, што знайсьці хаця б малекулу дзейнага рэчыва немагчыма. Выглядае бясьпечна, але што будзе, калі разбавіць недастаткова?
Такое пытаньне заахвоціла індыйскіх навукоўцаў зладзіць рэтраспэктыўны дадзеных пацыентаў (2019-2022 г.). У выніку знайшлося 9 чалавек з пашкоджаньнямі печані, справакаванымі ўжываньнем гамэапатычных прэпаратаў. Пры гэтым аўтары выключылі ўсе іншыя прычыны, якія таксама маглі паўплываць на функцыі органу.
Ахвярамі сталі мужчыны зь сярэднім узростам 54 гады, 4 зь іх памерлі. У лякарню людзі траплялі з гепатытам, за якім разьвівалася печанёвая няздатнасьць. Асноўная прычына ўжываньня гамэапатычных сродкаў – «прафіляктыка COVІD».
Таксама дасьледнікі зрабілі хімічны аналіз, які й выявіў прычыны таксычнасьці: недастатковае разбаўленьне, наяўнасьць таксычных кампанэнтаў і забруджваньне.
Макак асядлаў аленя й трапіў у аб’ектыў камэры.
Японскі фатограф Ацуюкі Ашыма падзяліўся пацешным здымкам макака на алені, зробленым на востраве Якусіма. Праца атрымала назву «Лясное радэа».
Навукоўцы кажуць, што ў такіх паводзінах няма нічога дзіўнага, бо макакі часта залазяць на аленяў падчас шлюбнага пэрыяду й каб проста пашукаць паразытаў. Аднак аўтар здымку мяркуе, што тут малпа проста захацела пазабаўляцца.
Куркуму назвалі годным сродкам ад разладу страўніка.
Тайляндзкія навукоўцы запрасілі 206 чалавек рознага веку з сымптомамі разладу страўніка. Усе ўдзельнікі былі выпадкова падзеленыя на тры групы паводле курсу тэрапіі. Цягам 28 дзён аўтары выкарыстоўвалі амепразол, куркумін і камбінацыю рэчываў для зьмяншэньня сымптаматыкі. Эфэктыўнасьць адсочвалі па адмысловай шкале дыспэпсыі.
У выніку стан удзельнікаў з усіх груп значна палепшыўся пасьля досьледу (нармалізавалася кіслотнасьць, зьнік боль), пры гэтым эфэкт назіраўся й праз 8 тыдняў ад пачатку тэрапіі. З гэтага дасьледнікі зрабілі выснову, што куркумін не саступае па эфэктыўнасьці вядомаму амепразолу. Аднак дасьледаваньне мае абмежаваньні, такія як невялікая выбарка й кароткі пэрыяд назіраньня. Таму варта чакаць больш маштабных досьледаў.
Яшчэ па тэме:
Папулярныя лекі ад кіслотнага рэфлюксу могуць павялічыць рызыку разьвіцьця дэменцыі.
Сланы выкарыстоўваюць імёны.
Падчас вывучэньня афрыканскіх сланоў у Кеніі выявілася, што яны зьвяртаюцца адзін да аднаго з дапамогай індывідуальных акустычных сыгналаў. Каб спраўдзіць здагадку, што гэта аналягі чалавечых імёнаў, навукоўцы вывучылі запісы сыгналаў і суаднесьлі іх з канкрэтнымі асобінамі. Потым аўтары ўключалі запісы з «імёнамі» і назіралі за рэакцыямі сланоў. У выніку жывёлы, да якіх зьвярталіся суродзічы на запісах, праяўлялі большую зацікаўленасьць, чым пры праслухоўваньні іншых гукаў.