cblnq | Education

Telegram-канал cblnq - cybulinka

256

Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka

Subscribe to a channel

cybulinka

Штодзённыя задавальненьні, кшталту музыкі й кавы, павысілі працаздольнасьць мазгоў.

Да такой высновы прыйшлі аўтары ў новым дасьледаваньні, дзе выпрабавалі сучасны інструмэнт маніторынгу мазгоў MІNDWATCH. На ўдзельнікаў начапілі бранзалеты й адмысловыя павязкі на галаву (гл. у камэнтарах), а потым зладзілі шэраг кагнітыўных тэстаў. Падчас тэставаньня людзям дазволілі ўключыць музыку, піць каву ці выбраць прыемны водар, якім будзе пахнуць у памяшканьні.

Такім чынам высьветлілася, што музыка й кава істотна ўплываюць на актывізацыю мазгоў, у выніку чаго ўдзельнікі хутчэй давалі рады з тэстамі. Высьветлілася, што такія стымулы павышалі актыўнасьць мазгавых хваляў, зьвязаных зь пікавай кагнітыўнай дзейнасьцю. Атрымаўся своеасаблівы «буст» для прадуктыўнасьці. Цікава, што ароматэрапія таксама аказала станоўчы эфэкт, але ён быў не такі выразны.

Іншыя допісы па тэме:
Кава бадзёрыць ня толькі кафэінам
Праслухоўваньне музыкі зьнізіць стрэс

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы распрацавалі біярэактар, у якім месьцяцца штучна выгадаваныя клеткі ныркі чалавека. Эфэктыўнасьць вынаходкі спраўдзілі на сьвіньнях: за тыдзень аніякіх здарэньняў і пабочак не было. Таму можна сказаць, што апарат добра імітуе ключавыя функцыі натуральнага органу й не правакуе імунную сыстэму. У будучыні яго могуць пачаць ужываць для лекаваньня ныркавай няздатнасьці. Цяпер для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць дыяліз (адмысловы апарат, які за 3-5 гадзін ачышчае кроў пацыента) і трансьплянтацыю донарскага органа.

На наступным этапе аўтары спраўдзяць працу біярэактара на жывёлах цягам месяца. Калі вынікі будуць добрымі, то распачнуць падрыхтоўку да выпрабаваньняў на людзях.

Читать полностью…

cybulinka

Мэдычныя маскі сталі прычынай выкіду 18 млн тон вуглякіслага газу ў атмасфэру Зямлі.

За два гады пандэміі COVІD-19 у сьвеце вырабілі каля аднаго трыльёну масак. Цяпер навукоўцы падлічылі, што вытворчасьць, транспартаваньне й утылізацыя сродкаў аховы ўтварылі 18.5 млн тон вуглякіслага газу.

Аўтары дасьледаваньня выкарысталі мэтад ацэнкі жыцьцёвага цыклу й высьветлілі, што 62.6% шкоднага ўплыву на асяродзьдзе было зьвязана менавіта з выкідамі парніковых газаў, а 26.7% прыходзілася на ўтварэньне дробных цьвёрдых часьцінак, у тым ліку мікраплястыку. Агулам вугляродны сьлед адной маскі ацанілі ў 20.5 г CO2 (10 літраў).

Читать полностью…

cybulinka

Пустэльня Атакама ў Чылі лічыцца адным з самых сухіх месцаў на Зямлі. Жорсткі клімат і нізкая залюдненасьць зрабілі пустэльню ідэальным месцам для астранамічных назіраньняў: тут усталяваны комплекс VLT, працуе абсэрваторыя ALMA, а таксама ладзяцца выпрабаваньні апаратаў для палёту на Марс. У Атакаме месьціцца найбуйнейшыя «могілкі» старажытных кітоў, таму палеантолягі таксама любяць гэтае месца.

На здымках можна пабачыць яшчэ адну адметнасьць унікальнай пустэльні – вялікую сьметніцу адзеньня. Тут ляжыць прыкладна 60 000 тон вопраткі, якую не прадалі ў крамах Эўропы, Азыі й Паўночнай Амэрыкі.

Читать полностью…

cybulinka

🐇 Аўстралія пакутуе ад пухнатых акупантаў, а інвазыўныя віды назвалі ледзь не галоўнай пагрозай біяразнастайнасьці на плянэце.

Трусы з пацешнымі вушамі і мяккай шэрсьцю выглядаюць мілымі і бяскрыўднымі. Аднак менавіта гэтыя жывёлы проста зараз спусташаюць Аўстралію.

Пачалося нашэсьце ў 1859 годзе, калі на кантынэнт завезьлі 24 асобіны эўрапейскіх завадзкіх трусоў. Меркавалася, што жывёл будуць разводзіць для паляўнічых забавак, але, як і ў выпадку з Брамбі, штосьці пайшло не так: летась іх налічвалася каля 200 мільёнаў.

Такая экспансія адбылася праз шэраг біялягічных асаблівасьцей эўрапейскіх трусоў. Па-першае, самкі могуць мець да сямі прыплодаў за год, у кожным з якіх будзе каля пяці маленькіх трусікаў. Па-другое, усе гэтыя трусікі дасягаюць палавой сьпеласьці праз 3-4 месяцы пасьля нараджэньня. Па-трэцяе, натуральныя ворагі адсутнічаюць, таму колькасьць папуляцыі залежыць толькі ад рэсурсаў, як у выпадку з кенгуру. Цяпер такое ўварваньне называюць самым хуткім з вядомых.

Стрымаць тэмпы распаўсюду трусоў спрабавалі, масава разбураючы норы, атрутай, выбухоўкай і нават спрабавалі будаваць плот. Нічога не дапамагло. Потым была спроба разьвядзеньня ліс – натуральных ворагаў трусоў. Аднак лісы не вельмі цікавіліся трусамі і аддавалі перавагу больш буйным істотам.

У 1950-х гадах выпрабавалі вірус міксаматозу, ад якога ў трусоў разьвіваюцца пухліны. Спачатку падавалася, што праблему вырашылі, бо колькасьць жывёл скарацілася з 600 да 100 млн. Але з цягам часу трусы адаптаваліся і цяпер маюць устойлівасьць да вірусу. Вядома, былі яшчэ спробы, але барацьба працягваецца дагэтуль.

Аднак інвазыўнымі могуць быць не толькі жывёлы ў Аўстраліі. Ва ўсіх кутках плянэты шмат інвазыўных відаў расьлін і жывёл, якія трапілі ў новае месца выпадкова, альбо былі завезеныя адмыслова. Напрыклад, у Беларусі самымі знакамітымі інвазыўнымі відамі зьяўляюцца баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадзкі. Яны цудоўна пачуваюцца ў нашых умовах і паступова выцясьняюць мясцовыя віды.

У леташнім сьнежні ў ААН дамовіліся абараняць біяразнастайнасьць з мэтай зьнізіць хуткасьць распаўсюду інвазыўных відаў на 50%. Таксама ўчора была апублікаваная самая поўная на дадзены момант ацэнка ўплыву інвазыўных відаў.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі нечакана знайшлі ля берагоў Бэлізу грэнляндзкую акулу Somniosus microcephalus. Гэтыя акулы маюць працягласьць жыцьця ад 250 да 500 гадоў, і сустракаюцца глыбока ў паўночных водах Атлянтычнага акіяну. Якім чынам акула апынулася ў Карыбскім басэйне – невядома.

Аднак дасьледнікі мяркуюць, што тут няма нічога незвычайнага, бо ў месцы, дзе злавілі жывёліну, рыф апускаецца на глыбіню амаль 3 000 мэтраў. То бок, умовы для жыцьця акулы (холад і цемра) ёсьць.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст №8

🧅У стасунках супрацьлегласьці не прыцягваюцца.
Да такіх высноваў прыйшлі псыхолягі, якія вывучылі больш за 130 рысаў характару ў мільёнаў пар. Тут параўноўваліся палітычныя погляды, шкодныя звычкі (курэньне, алкаголь і псыхаактыўныя рэчывы), а таксама ўзрост на момант першага палавога акту. Аказалася, што ад 82 да 88% рысаў у парах цалкам супадалі і толькі 3% рысаў былі кампраміснымі. Такія вынікі могуць адбіцца на генэтычных дасьледаваньнях, бо пакуль усе мадэлі там будуюцца з улікам выпадковага характару скрыжаваньня ў людзей.

🧅Каля Папуа-Новай Гвінэі знайшлі рэшткі мэтэарыту не з Сонечнай сыстэмы. Касьмічны аб'ект IM1 распаўся ў небе над Ціхім акіянам яшчэ ў 2014 годзе, але ўжо тады прыцягнуў увагу ваенных і навукоўцаў сваёю вялікай хуткасьцю (пераблыталі з ракетай). А цяпер на месца падзеньня выправіліся дасьледнікі, каб пашукаць рэшткі мэтэарыту. З дапамогай магутных магнітаў удалося сабраць сотні дробачак, дыямэтрам ад 0,05 да 1.3 мм. Іх паднялі з глыбіні 2 км і вывучылі хімічны склад. Агулам нічога дзіўнага, толькі вось хімічны склад некаторых узораў не быў тыповым для нашай Сонечнай сыстэмы, таму аўтары мяркуюць, што IM1 прыляцеў да нас з іншай зорнай сыстэмы.

🧅Язду на горным ровары назвалі менш траўматычнай, чым пешыя шпацыры. Дасьледнікі зладзілі вялікі аналіз публікацый з мэтай вызначыць асноўныя тыпы траўмаў пры пешых шпацырах і паездках на горных роварах. У выбарку трапіла агулам 220 935 траўмаваных раварыстаў і 17 757 аматараў пешага турызму. Аказалася, што раварысты часьцей мелі лёгкія і сярэднія траўмы рук, драпіны і невялікія парэзы, а вось у пешаходаў найчасьцей сустракаліся траўмы ног: мазалі, вывіхі шчыкалатак. Аўтары кажуць, што пры ўмовах наяўнасьці амуніцыі (шлем, накаленьнікі і інш.), траўмы раварыстаў былі не такім істотнымі, як пры пешым турызьме.

Читать полностью…

cybulinka

Дасьледнікі з NASA знайшлі на Месяцы разьбітыя надзеі раскосмасу меркаванае месца падзеньня расейскага зонду «Луна-25».

Адкрыцьцё зрабілі пры параўнаньні здымкаў паверхні з разьведвальнага апарату (LRO). На анімацыі добра бачны невялікі кратэр, які застаўся ад аварыйнай пасадкі 19 жніўня.

Читать полностью…

cybulinka

Клімат уплывае на гучаньне моваў.

Цікавую сувязь знайшлі мовазнаўцы ў сваім дасьледаваньні, дзе ацэньвалі, як умовы асяродзьдзя, такія як вільготнасьць, вышыня над узроўнем мора, шчыльнасьць расьліннасьці й колькасьць ападкаў, уплываюць на гучаньне моваў.

Аказалася, што ў рэгіёнах з высокай тэмпэратурай і вільготнасьцю ў мовах выкарыстоўваецца больш галосных гукаў, а чым вышэй над узроўнем мора, тым больш выбухных зычных. Таксама ў вільготным клімаце большы распаўсюд атрымалі тонавыя сыстэмы, як у кітайскай мове.

Аўтары тлумачаць гэта тым, што ў гарах арганізму чалавека трэба максымальна захоўваць вільгаць, таму носьбіты выкарыстоўваюць гукі, для вымаўленьня якіх галасавыя складкі мусяць быць закрытымі. А вось у вільготным клімаце такога абмежаваньня няма. Таксама навукоўцы адзначаюць, што зьмена клімату паступова адаб’ецца й на гучаньні моваў сьвету.

Читать полностью…

cybulinka

Ген голага землякопа павялічыў працягласьць жыцьця ў мышэй.

Голыя землякопы вядомыя ў першую чаргу тым, што маюць вельмі працяглае жыцьцё й не хварэюць на рак, таму яны даўно цікавяць навукоўцаў. А цяпер аўтары новага дасьледаваньня паказалі, што сакрэт даўгалецьця гэтых падземных грызуноў можа абумоўлівацца адным генам, які пасьпяхова працуе й у іншых сысуноў.

Дасьледнікі высьветлілі, што рак у голых землякопаў ня можа разьвіцца праз вялікую колькасьць гіялюронавай кісьлі, за сынтэз якой адказвае адмысловы ген. Навукоўцам не ўдалося знайсьці варыянты такога гена ў іншых сысуноў, таму было вырашана «перасадзіць» яго мышам. У выніку генна-мадыфікаваныя мышы жылі ў сярэднім на 4.4% больш, чым катрольная група, а таксама мелі лепшую абарону ад розных відаў рака.

Яшчэ пільны аналіз паказаў, што ГМ-мышы маглі пахваліцца здаравейшым кішэчнікам, адсутнасьцю запаленьня й тыповых прыкмет старэньня. Натуральна, тут патрэбны дадатковыя дасьледаваньні, але такія вынікі выглядаюць даволі пэрспэктыўнымі ўжо зараз.

Читать полностью…

cybulinka

У мазгах 64-гадовай аўстралійкі знайшлі незвычайнага круглага чарвяка.

Хірургі выпадкова заўважылі тонкую, падобную на струну структуру падчас апэрацыі на мазгах. Калі яе выцягнулі, стала зразумела, што гэта жывая нэматода. Вядома, гэта ня першы падобны выпадак, аднак пры спробе ідэнтыфікаваць паразыта высьветлілася, што такога яшчэ не знаходзілі.

Знаходка адносілася да віду Ophіdascarіs robertsі, які большую частку жыцьця паразытуе на пітонах Morelіa spіlota. Прамежкавым гаспадаром лічынак такіх нэматодаў часта зьяўляюцца невялікія сысуны, якімі харчуецца згаданы пітон. Аднак пацыентка не мела аніякіх кантактаў зь пітонамі, таму было незразумела, дзе яна інфікавалася.

Потым стала вядома, што яна часта зьбірае зёлкі ля мясцовага возера. Таму адмыслоўцы мяркуюць, што некаторыя расьліны былі са спражненьнямі інфікаванага пітона. Лічынкі трапілі ў арганізм жанчыны й пачалі там размнажацца (прыблізна з 2021 году).

Жанчына спачатку скардзілася на боль у жываце, ляксы, кашаль і задышку, а ў 2022 годзе зьявіліся праблемы з кагнітыўнымі функцыямі. Цяпер жанчына ачуняла, аднак за ёй працягваюць назіраць.

Читать полностью…

cybulinka

Нядаўна адкрыты від матылёў назвалі ў гонар Мікалая Капэрніка.

Вялікі род матылёў Catastіcta заўсёды прыцягваў увагу дасьледнікаў, таму можна падумаць, што ён даволі добра вывучаны. Тым больш, што зараз Catastіcta уключае больш за 100 відаў. Аднак нядаўна навукоўцы знайшлі ў пэруанскіх Андах яшчэ адзін від, які ў выніку атрымаў назву ў гонар Мікалая Капэрніка, бо сёлета адзначалі 550 гадоў з дня нараджэньня вядомага навукоўца.

Catastіcta copernіcus жыве на ўскрайку лесу на вышыні каля 3500 м над морам. Самцы маюць вельмі моцны тэрытарыяльны інстынкт, таму адганяюць іншых вусякоў ад месца, дзе чакаюць самку.

Читать полностью…

cybulinka

Пашыранасьць гендэрных стэрэатыпаў адбіваецца на навігацыйных здольнасьцях.

Цікавае дасьледаваньне паказала, што жыхары краінаў, дзе цэняцца «мужчынскія» рысы характару, часьцей пераацэньваюць свае навігацыйныя здольнасьці. Такая тэндэнцыя назіралася ў нямецкіх і ўсходнеэўрапейскіх краінах. Іншая сытуацыя была ў скандынаўскіх краінах і ва Ўсходняй Азыі: там часьцей навігацыйныя здольнасьці недаацэньваюць.

Навукоўцы скарысталіся мабільнай гульнёй Sea Hero Quest, якая распрацоўвалася для вывучэньня хваробы Альцгаймэра й спраўджвае здольнасьць чалавека арыентавацца на мясцовасьці. Удзельнікаў у дасьледаваньне назьбіралася ажно 383 187 чалавек з 46 розных краінаў. Усе яны падзяліліся ўласнай ацэнкай сваіх навігацыйных здольнасьцяў і дадзенымі з гульні для параўнаньня.

Высьветлілася, што даволі часта ўласныя ацэнкі супадалі з гульнявымі дадзенымі, аднак у выпадку некаторых краінаў былі пэўныя адрозьненьні. Напрыклад, гульцы з Аўстрыі часьцей пераацэньвалі, а жыхары Фінляндыі недаацэньвалі свае здольнасьці. Аўтары публікацыі патлумачылі гэта культурнымі фактарамі, у прыватнасьці распаўсюджанасьцю гендэрных стэрэатыпаў. Пасьля дадатковай праверкі дадзеных стала відавочна, што ў краінах, дзе цэніцца мужчынскасьць і пэўная ступень кансэрватызму, людзі больш схільныя пераацэньваць свае навігацыйныя здольнасьці.

Вынікі таксама паказалі, што мужчыны прыблізна ў два разы часьцей за жанчын ацэньвалі сябе як добрых навігатараў, і ў два разы радзей як кепскіх. Найчасьцей гэта адбывалася ва ўзроставай групе 60-70 гадоў. Варта адзначыць, што ў такім узросьце навігацыйныя здольнасьці будуць не самымі лепшымі нават у здаровага чалавека.

Читать полностью…

cybulinka

Папяровыя трубачкі для напояў могуць быць горшымі за плястыкавыя.

Бэльгійскія навукоўцы зладзілі першы ў Эўропе аналіз трубачак для напояў на наяўнасьць «вечных» хімікатаў (PFAS, полі- і перфторалькільныя рэчывы). Вынікі не суцяшальныя.

Агулам пад вывучэньне трапіла 39 марак трубачак, якія дасьледнікі набывалі ў крамах і ўстановах хуткага харчаваньня. У выніку небясьпечныя для экалёгіі й здароўя хімікаты знайшліся ў 27 узорах. Адзіным выключэньнем сталі мэталічныя вырабы.

Найчасьцей PFAS знаходзілі ў папяровых трубачках (90% узораў), бамбукавых (80%) і плястыкавых (75%). Самым распаўсюджаным хімікатам стала перфторактанавя кісьля, якую забаранілі па ўсім сьвеце яшчэ ў 2020-м годзе.

Аўтары кажуць, што рызыка для здароўя застаецца мінімальнай, бо такімі вырабамі людзі карыстаюцца толькі пэрыядычна, аднак «вечныя хімікаты» могуць захоўвацца ў арганізме гадамі.

Читать полностью…

cybulinka

Псыхалягічныя траўмы назаўсёды мяняюць чалавечыя мазгі.

Нэўрабіёлягі вывучылі сабраныя цягам усяго жыцьця дадзеныя 169 асобаў. Вялікую ўвагу аўтары надавалі нэгатыўным фактарам і падзеям у раньнім узросьце. Таксама ўсім удзельнікам рабілі сканаваньне мазгоў у 25 і 33 гады, а потым падключалі штучны інтэлект для пошуку сувязяў паміж структурай мазгоў і перажытым нэгатыўным досьведам.

Такім чынам, навукоўцы пабачылі выразную законамернасьць пасьля кожнага сканаваньня. А яшчэ выяўленыя зьмены ў структуры мазгоў былі часта зьвязанымі з трывожнасьцю ў дарослым жыцьці. Такія вынікі дасьледаваньня ня толькі даюць магчымасьць прадказваць рэакцыі мазгоў на нэгатыўныя сытуацыі, але й мусяць паспрыяць распрацоўваньню больш эфэктыўных дыягнастычных і тэрапэўтычных падыходаў.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст №9

🧅Для пошуку цёмнай матэрыі прапанавалі выкарыстаць атамны гадзіньнік.
Пакуль няма доказаў існаваньню цёмнай матэрыі, яна застаецца своеасаблівым «запаўняльнікам» у стандартнай мадэлі фізыкі, калі гаворка ідзе пра пэўныя адхіленьні ў назіраньнях. Мяркуецца, што цёмная матэрыя складаецца з асаблівых часьцінак, якія вельмі слаба ўзаемадзейнічаюць са звычайнай матэрыяй, таму й выявіць яе пакуль немагчыма. Аднак выкарыстаньне атамных гадзіньнікаў грунтуецца на ідэі, што іхняя дакладнасьць можа падаць ад слабага ўзаемадзеяньня часьцінак цёмнай і звычайнай матэрыі праз зьмены частаты ваганьняў атаму. Аўтары прапановы мяркуюць, што такія зьмены сапраўды можна заўважыць і вымераць.

🧅Локці й плечы чалавека назвалі натуральнымі тармазамі. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што верхнія канцавіны, здольныя круціцца ў розных кірунках, разьвіліся ў нашых продкаў для запавольваньня спуску з дрэваў. Аналіз відэазапісаў паказаў, што масыўныя шымпанзэ і маленькія магабі аднолькава залазяць на дрэвы, але пры спуску шымпанзэ выцягваюць рукі над галавою, каб хапацца за галінкі. Такая адаптацыя дазваляе эфэктыўна перадухіліць падзеньне. Пасьля таго як нашыя продкі пакінулі лес, рухавасьць верхніх канцавінаў пачала выкарыстоўвацца для збору ежы, паляваньня й карыстаньня прыладамі.

🧅Адзін з падтыпаў птушынага грыпу мае мутацыі, якія могуць павялічыць рызыку перадачы чалавеку. Кітайскія навукоўцы ў досьледах зь лябараторнымі мышамі паказалі, што эндэмічны для птушыных фэрмаў падтып вірусу H3N8 ужо мае мутацыі, якія правакуюць цяжкую інфэкцыю ў сысуноў, а таксама дазваляюць вірусу перадавацца з аэразолямі (па паветры). Аўтары заклікаюць да пільнага маніторынгу сытуацыі.

🧅Вэйпінг запавольвае імунныя клеткі. Спачатку адмыслоўцы ўзялі ўзоры крыві здаровых донараў, якія ніколі не курылі цыгарэты й не спажывалі вэйпы, а потым падверглі іх уплыву пароў электроннай цыгарэты (эквівалент 40 зацяжак). У выніку аўтары назіралі, што нэўтрафілы – імунныя клеткі, якія першымі кідаюцца на абарону арганізма – засталіся жывымі, але амаль страцілі сваю актыўнасьць. Пры гэтым залежнасьці ад наяўнасьці нікатыну ў складзе вадкасьці не было. Калі такое адбываецца ў арганізме, то імунная сыстэма, імаверна, аказваецца не ў стане даць адпор інфэкцыям.

Читать полностью…

cybulinka

Відэа з разьбіваньнем бутэлек на лесьвіцы насамрэч ўплываюць на нашыя мазгі.

У ТыкТоку можна знайсьці шмат відэа, дзе шкляныя бутэлькі і слоікі з напоямі альбо ежай скочваюць па прыступках. Папулярнасьць такога кантэнту, імаверна, зьвязаная з аўтаномнай сэнсарна-мерыдыяннай рэакцыяй, больш вядомай як ASMR. Так, гэта не толькі відэа з шэптам і чуханьнем мікрафону. Для некаторых гледачоў гук, зь якім разьбіваецца шкло, можа быць не толькі прыемным, але і заспакойлівым.

Падчас прагляду падобнага кантэнту сапраўды адбываюцца пэўныя зьмены ў мазгавой актыўнасьці, паказаў адмысловы досьлед аматараў ASMR. Напрыклад, паніжаецца зьвязаная з увагай і навучаньнем высокачастотная актыўнасьць, а вось нізкачастотная, наадварот, узрастае, яе зьвязваюць з раслабленьнем і сном. У досьледах такі эфэкт назіраўся цягам 45 хвілін пасьля прагляду ASMR-кантэнту, гэта дае падставу меркаваць, што відэа з разьбіваньнем бутэлек могуць насамрэч расслабляць пэўную частку гледачоў.

З іншага боку, некаторыя людзі могуць адчуваць стрэс і перанапружаньне. Пры гэтым ступень нэгатыўнай рэакцыі можа быць рознай: ад лёгкага раздражненьня да лютасьці. Падобны эфэкт можа быць зьвязаны з гіпэракузіяй ці мізафаніяй. Але ж непрыемна можа быць і ад адчуваньня, што прадукты дарэмна пераводзяць.

Читать полностью…

cybulinka

Некаторыя харчовыя дабаўкі з індэксам «Е» могуць быць зьвязанымі з захворваньнямі сэрца.

Францускія дасьледнікі спраўдзілі сувязі між спажываньнем прадуктаў з эмульгатарамі ў складзе і сэрцава-судзіннымі захворваньнямі (ССЗ). Такія харчовыя дабаўкі звычайна пазначаюцца індэксам «Е» і часта сустракаюцца ў марозіве, тартах, хлебе і гатовых стравах. Туды іх дадаюць для паляпшэньня тэкстуры і смаку прадуктаў, а таксама для зьніжэньня кошту.

Аўтары кажуць, што з высокай рызыкай разьвіцьця ССЗ былі зьвязаныя дабаўкі Е460-Е468 (злучэньні цэлюлёзы), Е471, Е472 (монагліцэрыды і дыгліцэрыды тлустых кіслот), а таксама Е339 (трынатрыйфасфат).

❗️Гэта першае дасьледаваньне з падобнымі вынікамі, таму іх яшчэ трэба дадаткова спраўдзіць.

Читать полностью…

cybulinka

Антыаксыданты западозрылі ў стымуляцыі росту судзінаў у пухлінах.

Група навукоўцаў з Каралінскага інстытуту ў Швэцыі паказала, што антыаксыданты, такія як вітаміны C і E, могуць паскараць рост і распаўсюд раку лёгкіх. У мэханізме задзейнічаны бялок BACH1, які становіцца актыўным пры нізкім узроўні свабодных радыкалаў кіслароду, напрыклад, пры паступленьні ў арганізм дадатковых антыаксыдантаў. Аўтары высьветлілі, што разам з актывацыяй бялку пачынаецца і ўтварэньне новых судзінаў (ангіагенэз).

Раней меркавалася, што ангіагенэз у пухлінах адбываецца толькі пры нізкім узроўні кіслароду (гіпаксія), аднак новы мэханізм дазваляе адбывацца такому працэсу і пры нармальных канцэнтрацыях кіслароду.

Читать полностью…

cybulinka

Супрацоўнік Дэнвэрскага заапарку заўважыў, што адна з рыбак Pomacanthus paru (францускі анёл) плавае крыху пад нахілам. Рыбку хутка даставілі ў лякарню на тэрыторыі заапарку, дзе ёй зрабілі ўльтрагукавое дасьледаваньне і кампутэрную тамаграфію. Пры гэтым для КТ выкарыстоўвалі звычайны апарат, у якім можна «адсканаваць» мядзьведзя, таму рыбку трэба было адмыслова зафіксаваць у вэртыкальным становішчы і паліваць жабры вадою.

Дыягназ: запаленьне кішэчніку, якое прывяло да вялікай колькасьці газаў. Пасьля курсу антыбіётыкаў рыбка ачуняла.

Читать полностью…

cybulinka

Кававую гушчу прапанавалі дадаваць у бэтон.

Штогод у сьвеце вырабляецца каля 10 млрд кг кававых адкідаў, большая частка зь якіх адпраўляецца на сьметнікі, дзе паступова распадаецца з утварэньнем парніковых газаў (CO2,CH4). І гэта праблема ўтылізацыі ўсіх арганічных адкідаў, таму шмат навукоўцаў шукаюць рашэньне.

Цяпер аўстралійскія адмыслоўцы вырашылі дадаць кававую гушчу ў бэтон. Аднак без дадатковай апрацоўкі арганічныя адкіды зьнізяць трываласьць матэрыялу, таму на дапамогу прыйшоў піроліз. Навукоўцы нагрэлі каву да 350℃, што дазволіла атрымаць біявугаль без арганічных малекул, і яго ўжо дадалі ў бэтон. У выніку трываласьць будаўнічага матэрыялу ўзрасла на 30%. Цікава, што пры награваньні кавы да 500℃ такога эфэкту ўжо не назіралася.

Читать полностью…

cybulinka

Тое, што на паўднёвым усходзе Нямеччыны жыве папуляцыя радыёактыўных дзікоў, было вядома даўно. Першапачаткова высокі ўзровень радыёактыўнага цэзію зьвязвалі з Чарнобыльскай катастрофай 1986 году, але было невядома, чаму такі эфэкт сустракаецца толькі ў дзікоў. Уласна таму яго й назвалі «парадоксам дзіка».

Новыя дасьледаваньні пацьвердзілі сувязь з аварыяй на ЧАЭС, а таксама знайшлі яшчэ адну крыніцу заражэньня кабаноў – выпрабаваньні ядравай зброі ў сярэдзіне 20 ст.

Звонку здаровыя дзікі маюць небясьпечна высокія ўзроўні ізатопаў цэзію-137 і цэзію-135, таму на іх амаль не палююць. Такое становішча справакавала бескантрольны рост некаторых эўрапейскіх папуляцый дзікіх сьвіней. З улікам таго, што абедзьве згаданыя крыніцы радыёактыўнага заражэньня працягваюць быць актыўнымі, праблема не вырашыцца яшчэ доўга.

Пасьля аварыі на атамнай станцыі ці выпрабаваньня ядравай зброі ў навакольнае асяродзьдзе трапляюць у тым ліку й ізатопы цэзію (цэзій-135 і цэзій-137). Адрозьненьне толькі ў тым, што ў першым выпадку суадносіны будуць прыблізна роўнымі, а ў другім панаваць будзе адзін зь ізатопаў. Менавіта па гэткаму паказьніку навукоўцы й вызначылі «крыніцу забруджаньня» дзікоў.

Аўтары дасьледаваньня вывучылі 48 узораў мяса, сабранага паляўнічымі ў Баварыі з 2019 па 2021 год. У выніку аказалася, што ўзровень радыёактыўнага цэзію перавышаў нямецкія нормы ў 88% узораў. Таксама высьветлілася, што ад 12 да 68% забруджаньня ў мясе было зьвязана з выпрабаваньнямі ядравай зброі. Навукоўцы кажуць, што рацыён дзікоў у той ці іншай ступені ўцягнуў ізатопы з усіх крыніц, і гэта прывяло да стойкай радыёактыўнасьці кабаноў.

Пэрыяд паўраспаду 137Cs – 30 гадоў, а 135Cs – больш за 2 млрд.

Читать полностью…

cybulinka

З ростам папулярнасьці моўных мадэляў у некаторых мэдыях ўсё часьцей пачалі абмяркоўваць магчымасьць замены пэўных супрацоўнікаў на штучны інтэлект. А два месяцы таму ў нямецкім выданьні BІLD ужо распачаўся такі працэс. Першапачаткова плянавалася скараціць каля 200 асобаў.

Потым 8 жніўня кампанія OpenAІ, дзе распрацавалі самую вядомую моўную мадэль GPT (ChatGPT), выпусьціла адмысловага бота, асноўная задача — збор матэрыялаў для навучаньня нэўрасеткі. Меркавалася, што GPTBot будзе «чытаць» артыкулы буйных мэдыяў, але разам з рэлізам бота кампанія дала й інструкцыю, як схаваць ад яго матэрыялы на сайтах.

У выніку цяпер усё болей мэдыяў забараняюць GPTBot доступ да сваіх сайтаў, бо хочуць грошай супраць такога разрабаваньня кантэнту. Да ініцыятывы ўжо далучыліся CNN, Reuters і Bloomberg, а газэта The New York Tіmes увогуле пайшла ў суд, бо ня хоча, каб моўныя мадэлі капіявалі ўнікальны стыль тэкстаў. Усё гэта можа значна адбіцца на разьвіцьці моўных мадэляў.

Але ня ўсе інфармацыйныя гіганты нэгатыўна сустрэлі рабаваньне аўтарскага тэксту. Напрыклад, Assocіated Press у ліпені дазволіла кампаніі OpenAІ вучыць нэўрасетку на ўласных архівах у замен на доступ да тэхналёгій штучнага інтэлекту.

Читать полностью…

cybulinka

У Аргентыне ад птушынага грыпу гінуць марскія львы.

Агулам на пляжах адмыслоўцы налічылі каля 50 мёртвых асобінаў з прыкметамі грыпу H5N1. Гэта выклікае апасеньні, што вірус можа лёгка перадацца людзям, таму ўлады папрасілі жыхароў не наведваць пляжы (каля 5 000 км).

Читать полностью…

cybulinka

Навукоўцы зьняпраўдзілі распаўсюджаны міт пра «піўныя акуляры».

Існуе меркаваньне, што прывабнасьць выпадковых суразмоўцаў значна павялічваецца пасьля пэўнай колькасьці выпітага піва. Цяпер дасьледаваньне паказала, што гэта ня так, аднак пэўны эфэкт ёсьць.

У папярэдніх падобных дасьледаваньнях удзельнікам прапаноўвалі ацэньваць прывабнасьць іншых людзей выключна па фотаздымкам, але цяпер дасьледнікі дадалі магчымасьць пайсьці на сапраўднае спатканьне.

Мужчыны наведалі лябараторыю двойчы: першы раз ім давалі выпіць слабаалкагольны напой, а другі раз безалкагольны. Пасьля гэтага ім прапаноўвалі ацаніць людзей па фота й відэа, а таксама выбраць, з кім яны хочуць пабачыцца. Так і высьветлілася, што ступень ап’яненьня аніяк не ўплывае на ўяўленьні аб прывабнасьці.

Аднак аўтары заўважылі, што пад уплывам алкаголю ўдзельнікі амаль у 2 разы часьцей распачыналі гутаркі з тымі, каго лічылі прывабнымі. То бок, алкагольны напой «надаваў сьмеласьці».

Читать полностью…

cybulinka

У 2016 годзе амэрыканскія біёлягі стварылі бактэрыю з сынтэтычным геномам, у якім мелася толькі 493 з 901 гена. Навукоўцы фактычна пакінулі толькі самае важнае, а ўсё дзеля стварэньня цалкам штучнага арганізму з пэўнымі ўласьцівасьцямі. Меркавалася, што праз такую маніпуляцыю бактэрыі страцяць здольнасьць да эвалюцыі, таму гэта спраўдзілі ў досьледзе, пра вынікі якога стала вядома толькі сёлета. Аказалася, што бактэрыі зь мінімізаваным геномам усё-ткі захавалі эвалюцыйны патэнцыял.

Прыстасаванасьць бактэрый, якую аўтары ацэньвалі па хуткасьці размнажэньня, спачатку скарацілася ўдвая, але за 2 000 пакаленьняў вярнулася на ранейшы ўзровень. Пасьля вывучэньня геномаў бактэрый з поўным і мінімальным наборам генаў высьветліліся, што за час досьледу адаптацыя ў іх пайшла рознымі шляхамі. У першым выпадку штамы пайшлі па шляху ўдасканаленьня мэмбраннага транспарту, каб запампоўваць дэфіцытныя рэчывы з вонкавага асяродзьдзя, а ў другім выпадку бактэрыі разьвівалі здольнасьць сынтэзаваць неабходныя злучэньні.

Такія вынікі паказалі, што сынтэтычныя арганізмы можна аптымізаваць эвалюцыйнымі мэтадамі, што адкрывае новыя пэрспэктывы ў біялёгіі.

Читать полностью…

cybulinka

Дайджэст №7

🧅Гнеў прымушае людзей станавіцца эка-актывістамі. Нарвэскія псыхолягі зладзілі апытанку сярод 2046 чалавек з мэтай вызначыць матывацыю займацца эка-актывізмам. Дадзеныя паказалі, што крыху меней за палову ўдзельнікаў былі незадаволеныя зьменамі клімату, аднак актыўныя дзеяньні распачыналі толькі тыя, хто адчуваў гнеў на людзей ці ўрад. На другім месцы прычын эка-актывізму была надзея.

🧅Бананы не ўжыліся зь ягадамі ў смузі. Некаторыя плады ўтрымліваюць фэрмэнт поліфэнолаксыдазу, дзякуючы якому яны цямнеюць пры кантакце з паветрам. Цяпер дасьледнікі спраўдзілі, ці ўплывае такі фэрмэнт на колькасьць карысных для сэрца й кагнітыўных здольнасьцей фляваноідаў у напоі. Удзельнікам досьледу прапанавалі выпіць два варыянта смузі: бананавы зь ягадамі й проста ягадны. Праз пэўны час ўсе удзельнікі здавалі аналізы крыві й мачы. У выніку дасьледнікі выявілі, што ў тых, хто піў смузі з бананам, узровень фляваноідаў у арганізьме быў ніжэй на 84%.

🧅4 калёніі імпэратарскіх пінгвінаў згубілі ўсіх сваіх птушанят у мінулым годзе. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія вывучалі калёніі птушак у цэнтральнай і ўсходняй частцы мора Белінсгаўзэна. Страты знайшліся ў 4 з 5 груп. Адмыслоўцы зьвязваюць гэта з маштабным і заўчасным раставаньнем ільдоў.

Читать полностью…

cybulinka

Летась у сьнежні кітайскія ўлады адмянілі палітыку Zero COVID і адмыслоўцы папярэджвалі, што гэта прывядзе да вялікай колькасьці сьмерцяў. Цяпер амэрыканскія дасьледнікі вывучылі дадзеныя за пэрыяд сьнежань 2022 – студзень 2023 і знайшлі 1.87 млн выпадкаў надмерных сьмерцяў. Паведамляецца, што найбольш пацярпелі людзі сталага веку. Такая лічба адпавядае прагнозам, якія грунтаваліся на эпідэміялягічных мадэлях з улікам узроўню вакцынацыі.

Читать полностью…

cybulinka

Незвычайная жырафа нарадзілася ў заапарку ў штаце Тэнэсі: жывёліна мае цалкам карычневую афарбоўку. Апошні раз падобную жырафу бачылі ў японскім заапарку у 1970-х, але фотаздымкаў, відаць, не захавалася. Цяпер маленькай жырафе выбіраюць імя.

Плямы на целе жырафы дапамагаюць жывёлам пазнаваць суродзічаў, рэгуляваць тэмпэратуру, а таксама хавацца ад драпежнікаў. Таму ў дзікай прыродзе такія аднатонныя асобіны маюць менш шанцаў на выжываньне.

Читать полностью…

cybulinka

Адмысловы стыль маўленьня ў дачыненьні да сабак актывізуе іхнія мазгі.

Калі дарослыя людзі размаўляюць зь немаўлятамі й сабакамі, яны часта пераключаюцца на адмысловы стыль маўленьня, што дазваляе пасьпяхова ўтрымліваць увагу «суразмоўцы». Такое спэцыфічнае й мяккае вымаўленьне спрыяе здароваму кагнітыўнаму, сацыяльнаму й моўнаму разьвіцьцю немаўлят. Таму не дзіва, што мазгі малых дзяцей літаральна наладжаныя на ўспрыманьне такога маўленьня. Але ці ёсьць падобны эфэкт у сабак?

Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, вугорскія навукоўцы запрасілі 19 сабак розных парод прайсьці сканаваньне на апараце МРТ. Падчас працэдуры жывёлам уключалі запісы маўленьня, скіраваныя даросламу чалавеку, сабаку й немаўляці. Агулам было па 12 запісаў у выкананьні мужчын і жанчын.

Такім чынам высьветлілася, што слыхавыя зоны мазгоў сабак у большай ступені рэагавалі на запісы, адрасаваныя іншым сабакам і немаўлятам. Пры гэтым найбольш выразнай мазгавая актыўнасьць была ў тых выпадках, калі на запісе быў голас жанчыны.

Аўтары мяркуюць, што такія вынікі могуць сьведчыць пра наяўнасьць нэўроннай адаптацыі, якая ўзьнікла падчас дамэстыкацыі, бо сабакі не карыстаюцца падобнымі гукамі паміж сабою, а таксама гэта нельга растлумачыць старажытнай рэакцыяй на сыгналы суродзічаў.

Допісы па тэме:
Ваўкі пазнаюць чалавечыя галасы.
Сабакі і людзі аднолькава разумеюць мову цела.

Читать полностью…
Subscribe to a channel