Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Кафэін можа палепшыць функцыі шчытаватай залозы.
Мернае спажываньне кафэіну раней зьвязалі з памяншэньнем рызыкі разьвіцьця мэтабалічных разладаў і з пэўнымі перавагамі для псыхічнага здароўя, аднак уплыў рэчыва на гармоны шчытавіцы не разглядаўся. Таму кітайскія навукоўцы вырашылі спраўдзіць гэта на дадзеных 2582 чалавек. Выбарку падзялілі на тры групы ў адпаведнасьці з полам, векам, вагою цела й станам здароўя.
У выніку аналіз паказаў наяўнасьць пэўнай сувязі паміж спажываньнем кафэіну й паляпшэньнем функцый шчытавіцы. Праўда такі эфэкт назіраўся толькі ў самай мэтабалічна нездаровай групе (высокая вага, праблемы зь ціскам). Аўтары таксама заўважылі, што менавіта ў гэтай групе быў самы нізкі ўзровень спажываньня кафэіну.
У любым выпадку, гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму варта чакаць іншых публікацый па тэме, каб зрабіць нейкія высновы.
Спадарства, сёньня прапаную вам невялічкую падборку беларускіх каналаў #пашыраймасваё .
Спадзяюся, што вы знойдзеце нешта цікавае для сябе і абавязкова падпішацеся😇
Палявая пошта — Беларусь на старых паштовых картках і здымках. Параўнанні "было - стала", вінтажныя фота ды іншы тэматычны кантэнт па гісторыі паштовак.
Беларускія нячысцікі — беларуская аўтэнтычная і кабінетная міфалогія, персанажы фальклора, легенд і казак у інтэрпрытацыі ілюстратара з Гародні.
Back to Belarus — фота і відэа з Беларусі 90-х і 00-х. Настальгія па краіне, якой, магчыма, і не існавала ніколі ўвогуле.
AniBel — анімэ, манга, фільмы і серыялы па-беларуску ў субцітрах і агучцы!
Ведама Вядома — канал з цікавосткамі пра Беларусь.
Дыснэйлэнд для пладовых мушак.
Падобна на тое, што навукоўцы ўпершыню зафіксавалі прыкметы лякаматорнай гульні ў бесхрыбетных.
Лякаматорнай гульнёй звычайна называюць актыўныя рухі целам у жывёлаў, якія адбываюцца без нейкай зьнешняй прычыны (скокі, бег, гойданьне). Гэтая зьява асабліва не вывучалася ў бесхрыбетных, таму аўтары прэпрынту вырашылі пабудаваць невялічкую карусэль для пладовых мушак і паглядзець, як яны будуць зь ёй узаемадзейнічаць.
Самцоў Drosophіla melanogaster памясьцілі ў адмысловую скрыню, дзе яны б спакойна пачуваліся. У падлозе такой каробкі знаходзілася карусэль – дыск, што круціўся зь невялікай хуткасьцю. Некаторыя мухі праігнаравалі прыладу, аднак пэўная частка адкрыла для сябе дыснэйлэнд і праводзіла там даволі шмат часу. Калі ж у падлозе было два дыска, што круціліся па чарзе, то мушкі пачыналі скакаць паміж імі.
Аўтары зьвяртаюць увагу, што пладовыя мушкі добра арыентуюцца ў прасторы, таму калі б ім не падабалася круціцца, яны б пазьбягалі дыскаў. Дарэчы, так некаторыя й рабілі.
На гумавых і плястыкавых бранзалетах для гадзіньнікаў знайшлі шмат бактэрый.
Амэрыканскія навукоўцы ўзялі мазкі з 20 выпадковых бранзалетаў для гадзіньнікаў. Агулам у выбарку трапіла па 5 мэталічных, гумавых і плястыкавых вырабаў, 3 з тканіны й 1 скураны. У выніку бранзалеты з усіх катэгорый аказаліся забруджанымі, асабліва ў мужчын. Пры гэтым самыя высокія паказьнікі былі ў гумавых і плястыкавых бранзалетаў, а вось патагенных мікраарганізмаў было больш на вырабах з тканіны. Самым чыстым назвалі залаты бранзалет.
Аўтары таксама вызначылі, што эфэктыўна зьнішчыць усю гэтую жыўнасьць можа звычайны антысэптычны спрэй і 70% этаноль.
Новую зьмяю, якую знайшлі ў Пэру летась, назвалі ў гонар Гарысана Форда за ягоную падтрымку прыродаахоўнай дзейнасьці.
Плямісты, жоўта-карычневы паўзун атрымаў назву Tachymenoіdes harrіsonfordі толькі цяпер, бо навукоўцы з траўня мінулага году вывучалі, ці сапраўды гэта новы від.
Кардамон назвалі супэрфудам.
Паводле вынікаў дасьледаваньня, ён павялічвае апэтыт, зьмяншае запаленьне й спрыяе скарачэньню тлуставай масы. Аўтары ладзілі досьледы на жывёлах, якім у звычайны рацыён падмешвалі розныя дозы насеньня кардамону.
У выніку навукоўцы назіралі некаторыя станоўчыя эфэкты дадаваньня кардамону ў рацыён: павялічваліся энэргазатраты арганізму, скараціўся аб’ём тлуставай тканкі й павысіўся апэтыт. Мяркуецца, што кардамон уплывае на нэўронныя ланцугі, адказныя за ліполіз тлуставай тканкі й мітахандрыяльны мэтабалізм у печані й цягліцах.
У дасьледаваньні таксама прыводзіцца дазаваньне для чалавека: ня менш за 77 мг біяактыўных рэчываў кардамону на чалавека вагою 60 кг. Гэта прыблізна 8-10 пушачак на дзень.
Дайджэст №5
🧅«Цэнтар кантролю апэтыту» у мазгах людзей з атлусьценьнем і залішняй вагою мае свае асаблівасьці. Навукоўцы высьветлілі, што гіпаталямус, частка мазгоў, якая кантралюе апэтыт, мае значна большы аб'ём у людзей з залішняй вагою. Найбольш выразныя зьмены назіраліся ў зонах, адказных за сынтэз гармонаў голаду і сытасьці. Пакуль невядома, зьяўляюцца такія зьмены прычынай або сьледзтвам залішняй вагі, аднак ужо зараз іх зьвязваюць з запаленьнем.
🧅Прычынай запаленьня ў гіпаталямусе можа стаць глютэн. Спраўдзілі гэта пакуль толькі на мышах, але аўтары не выключаюць, што такі самы мэханізм можа назірацца і ў людзей з алергіяй на глютэн. У досьледах грызуноў кармілі дыетамі з сярэднім і высокім утрыманьнем глютэну і назіралі за мэтабалічнымі маркёрамі. Апроч прыкмет запаленьня ў мазгах, спраўдзілася і сувязь вялікай колькасьці глютэну ў рацыёне з атлусьценьнем сярэдняй ступені. У любым выпадку, адмаўляцца ад глютэну, калі няма алергіі на яго, пакуль рана.
🧅Мікраплястык цяпер і ў сэрцы. Мікраплястык знаходзілі ўсюды, дзе шукалі: ежа, вада, паветра, некаторыя органы чалавека. Цяпер знайшлі і ў тканках сэрца, на якое вонкавае асяродзьдзе не аказвае непасрэднага ўплыву. У першым падобным дасьледаваньні аўтары вывучалі ўзоры тканак сэрца, якія ўзялі ў 15 пацыентаў падчас апэрацый. Прамая лазэрная візуалізацыя ў інфрачырвоным дыяпазоне выявіла прысутнасьць часьцінак памерам ад 20 да 500 мкм.
Паступовая рэабілітацыя бульбы.
Існуюць апаскі, што бульба праз наяўнасьць вялікай колькасьці вугляводаў можа павялічваць рызыку кардыямэтабалічных захворваньняў. Аднак навукоўцы з Бостанскага ўнівэрсытэту не знайшлі гэтаму пераканаўчых доказаў. Яны выявілі, што бульба, у тым ліку смажаная, не павялічвае рызыку разьвіцьця дыябэту 2 тыпу і гіпэртаніі.
Аўтары дасьледаваньня вывучылі ўплыў вялікай колькасьці бульбы ў рацыёне на крывяны ціск, узроўні ліпідаў і глюкозы ў крыві і выявілі, што пасьля ўліку іншых фактараў харчаваньня і ладу жыцьця аніякай павышанай рызыкі кардыямэтабалічных захворваньняў не было. Аказалася, што людзі, якія спажывалі шмат бульбы, у сярэднім на 25% болей спажывалі садавіны і гародніны.
Бульбу таксама назвалі дыетычным прадуктам.
Кракадзілы рэагуюць на дзіцячы плач.
Заолягі наведалі адзін мараканскі заапарк, дзе жывуць каля 300 нільскіх кракадзілаў, і ўсталявалі побач з імі галосьнікі для трансьляцыі крыкаў немаўлят розных прыматаў.
Некаторыя жывёлы пачалі рэагаваць на гукі: яны актыўна шукалі крыніцу, хутка набліжаліся да галосьнікаў і спрабавалі пагрызьці. Такая рэакцыя не залежыла ад полу, аднак праяўлялася больш выразна пры запісах, якія нагадвалі крык моцна знэрваваных немаўлят.
З гэтага аўтары робяць выснову, што эмоцыі могуць шырока перадавацца паміж відамі. Таксама паводзіны кракадзілаў яны тлумачаць гастранамічным інтарэсам: крык сьведчыць пра тое, што бацькоў побач няма, а дзіця, мажліва, звалілася ў ваду. Вядома, самкі кракадзілаў маглі спрабаваць выратаваць крыніцу гуку, калі кусалі яе, бо ў пашчы яны пераносяць уласных дзяцей, але гэта не дакладна.
Мышам аб'ядналі крывяносныя сыстэмы дзеля амаладжэньня.
Пэўны час таму зьявіліся зьвесткі, што ў крыві маладых мышэй маецца адмысловы фэрмэнт Tat2, які пры пераліваньні крыві старым жывёлам запавольвае старэньне мазгоў і спад кагнітыўных функцый. Цяпер навукоўцы натхніліся такімі вынікамі і вырашылі зладзіць вельмі дзіўны экспэрымэнт з абʼяднаньнем крывяносных сыстэм маладых і старых грызуноў. У такім стане жывёлы знаходзіліся 12 тыдняў, па выніку аўтары заўважылі прыкметы запавольваньня каморкавага старэньня і павелічэньня працягласьці жыцьця на 10%. Маладыя мышы, як паведамляюць аўтары, хутка аднавілі нармальны склад крыві.
Вынікі падаюцца ўражальнымі, але ёсьць пэўныя абмежаваньні. Па-першае, не заўсёды вынікі досьледаў на мышах пераносяцца на людзей, бо між намі даволі вялікая біялягічная адлегласьць. Па-другое, абʼяднаньне крывяносных сыстэм нельга лічыць паўнавартасным аналягам пераліваньня. Па-трэцяе, калі канвэртаваць мышыныя 12 тыдняў у чалавечыя, то мы атрымаем 8 гадоў. Даволі вялікі адрэзак часу для рызыкоўнай фізычнай сувязі з кімсьці (сцэнарысты Black Mirror ацэняць).
Нават «бясьпечны» плястык вылучае мільярды часьцінак, калі разаграваецца ў мікрахвалёўцы.
Амэрыканскія дасьледнікі разагрэлі ў мікрахвалёўцы розныя вадкасьці ў кантэйнэрах для дзіцячага харчаваньня, зробленых з устойлівых да нагрэву поліпрапілену і поліэтылену. Пасьля 3-хвіліннага нагрэву ў вадкасьцях шукалі мікра- і наначасьцінкі плястыку.
Падлік паказаў даволі высокія канцэнтрацыі: аўтары знайшлі 4.22 млн часьцінак мікраплястыку і 2.11 млрд часьцінак нанаплястыку з аднаго квадратнага сантымэтру кантэйнэра. Таксама пэўную колькасьць мікраплястыку зайшлі ў вадкасьцях і пасьля захоўваньня пры пакаёвай тэмпэратуры, аднак яго было значна меней.
Адразу можна падумаць, што тут адбываецца жорсткі напад на флямінга, які спрабуе накарміць птушаня. Але тут усё добра, проста другая птушка таксама хоча далучыцца да кармленьня. Чырвоная вадкасьць, што капае зь дзюбы на галаву – птушынае малако, якое ўтвараецца ў сьценках страваходу флямінга абодвух палоў і па сваім складзе вельмі нагадвае малако сысуноў. Таксама птушынае малако ёсьць у некаторых голубападобных і імпэратарскіх пінгвінаў (толькі самцы).
Читать полностью…Фруктозу назвалі правадніком атлусьценьня.
Фруктоза абумоўлівае салодкі смак большасьці пладоў і ягад, але апошнім часам публікуецца ўсё болей зьвестак пра тое, што гэты монацукрыд можа быць зьвязаны з атлусьценьнем і іншымі хваробамі. У новым аналізе аўтары прааналізавалі вялікі набор публікацый, прысьвечаных вывучэньню сувязяў фруктозы з атлусьценьнем і дыябэтам.
Вынікі аналізу паказалі, што фруктоза стымулюе спажываньне ежы й зьніжае энэргетычны абмен у стане спакою. І гэты мэханізм вельмі падобны да таго, які запускаецца ў жывёлаў перад сьпячкамі. Апрача таго, было паказана, што спажываньне фруктозы можа весьці да павелічэньня вагі, устойлівасьці да інсуліну, высокага артэрыяльнага ціску й шэрагу іншых праблемаў, зьвязаных з мэтабалізмам.
Яшчэ па тэме:
Мэтабалізм фруктозы зьвязалі з разьвіцьцём хваробы Альгаймэра.
Не ўцягвайце жываты, бо лясьне.
Цягліцы на жываце — самыя працавітыя ў целе чалавека. Яны не толькі захоўваюць цела ў стабільным становішчы, але і трымаюць унутраныя органы на сваіх месцах. Аднак у пэўных выпадках залішняя напруга цягліц вядзе да небясьпечнага дысбалянсу і зьменам у структуры брушной сьценкі (сындром пясочнага гадзіньніка). У выніку дыягнастуюцца праблемы з органамі і дыяфрагмай.
Існуюць 4 асноўныя прычыны разьвіцьця дысбалянсу цягліц жывата: прыроджаныя паталёгіі (цягліцы разьвіваюцца няправільна), благая пастава, боль у жываце і сталае ўцягваньне жывата, каб падавацца больш стройнымі.
Звычайна верхнія цягліцы жывата больш актыўныя, таму калі мы ўцягваем жывот, то найбольшы эфэкт заўважны менавіта пад рабрынамі. Гэта скарачае аб'ём прасторы для ўнутраных органаў, а таксама стварае напругу ў паясьніцы і шыі, бо зьмяшчаецца цэнтар цяжару. Дадзеных пакуль не так шмат, але ўжо маюцца зьвесткі, што ад такой звычкі павялічваецца нагрузка на лагво (мачавы пузыр, простая кішка, матка).
Але сындром пясочнага гадзіньніка цалкам зваротны. Вярнуць балянс цягліцам на жываце дапамогуць практыкаваньні кшталту плянкі ды ёгі.
Выдаленьне вілавіцы зьвязалі з высокай рызыкай сьмерці і анкалёгіі.
Вілаватая залоза знаходзіцца ў верхняй частцы грудной клеткі. У дзяцей яна адказвае за ўтварэньне і навучаньне імунных клетак T-лімфацытаў. А вось у дарослых вілавіца замяшчаецца тлушчавай тканкай і, як мяркуецца, не выконвае аніякіх функцый. Аднак выдаленьне вілавіцы, паказанае пры пэўных паталягічных станах, можа быць зьвязанае з некаторымі праблемамі.
Навукоўцы прааналізавалі стан здароўя 7167 пацыентаў, 1146 з якіх прайшлі праз апэрацыю па выдаленьню вілавіцы. Аказалася, што праз 5 гадоў пасьля такой апэрацыі людзі мелі больш высокую рызыку сьмерці ад усіх прычын: 8.1% супраць 2.8% у кантрольнай групе. Таксама ўзрастала да 7.4% рызыка анкалягічных захворваньняў
Брамбі – дзікія аўстралійскія коні, якія цяпер лічацца яшчэ адным галаўным болем для мясцовых экасыстэм.
Першапачаткова гэта былі звычайныя коні, якіх прывезьлі з сабой брытанскія калянізатары. Паводле некаторых зьвестак, у 1788 годзе іх было каля 200 асобінаў. Шлях з Англіі ў Аўстралію займаў некалькі месяцаў, таму толькі самыя трывалыя коні дажывалі да канца падарожжа. Гэта зрабіла папуляцыю тады яшчэ свойскіх коней асабліва здаровымі. Аднак першапачатковы плян выкарыстаньня жывёлаў у сельскай гаспадарцы праваліўся, бо Аўстралія аказалася даволі суровым кантынэнтам. Коні сталі непатрэбнымі й іх пачалі наўпрост выпускаць на волю. Такім чынам атрымалася даволі вялікая папуляцыя непатрэбных і зьбеглых свойскіх коней, якія добра прыжыліся ў новых умовах. Цяпер гэта дзікія жывёлы, якія засяляюць самыя розныя куткі кантынэнту (фота 2).
Агулам хай бы й жылі сабе, аднак гэта чарговы інвазыўны від, як лісы, каты й вярблюды. Сваімі цьвёрдымі капытамі брамбі вытоптваюць мясцовую флёру, спрыяючы эрозыі глебы, а на поўсьці разносяць насеньне такога ж інвазыўнага пустазельля. Пры гэтым кантраляваць колькасьць брамбі складана, бо актывісты й жыхары супраць адстрэлу. Вядома былі спробы перавозіць жывёлаў за межы ахоўных зон альбо кастраваць, аднак гэта ня вельмі эфэктыўныя й дарагія мэтады.
У пачатку жніўня цэнтар Нацыянальнага навуковага фонду, што каардынуе міжнародныя астранамічныя праекты, трапіў пад кібэратаку. У выніку перасталі працаваць больш за 10 тэлескопаў, з дапамогай якіх вывучалі звышновыя зоркі й чорныя дзіркі. Пра атаку пакуль нічога невядома, але адмыслоўцы цэнтру спрабуюць выправіць хібы й вярнуць тэлескопы да працы.
Звычайна тэлескопы падключаюць да адмысловай кампутэрнай сеткі, якая дазваляе навукоўцам працаваць аддалена. З аднаго боку гэта значна паскарае працэс назіраньня за рознымі пазазямнымі аб’ектамі, якое й так даволі абмежаванае па часе, а з другога – дае магчымасьць для атакі зламысьнікам.
Даджэст №6
🧅На багатых амэрыканцаў усклалі адказнасьць за 40% выкідаў парніковых газаў. Аўтары дасьледаваньня паказалі, што на долю амэрыканцаў, чый прыбытак ставіць іх у 10% самых высокааплатных людзей, прыходзіцца 40% агульнага аб’ёму выкідаў парніковых газаў у краіне. Увага дасьледнікаў была засяроджаная на ўсіх крыніцах даходаў, аднак асаблівую ўвагу надавалі фінансавым інвэстыцыям. Адзначаецца, што колькасьць выкідаў мае тэндэнцыю павялічвацца да 45-54 гадоў, а потым ідзе на спад.
🧅За кіраваньне эмоцыямі ў трывожных людзей адказвае крыху іншы адзьдзел мазгоў. Шэраг простых досьледаў і сканаваньне мазгоў паказалі, што трывожнасьць аніяк не ўплывае на здольнасьць пазнаваць эмоцыі, аднак у мазгах адрозьненьні маюцца: у людзей без трывожнасьці сыгнал ідзе зь лятэральнага лобнага полюсу ў маторную кару, а ў людзей з трывожнасьцю гэткі самы сынгал ідзе з дорсалятэральнай прэфрантальнай кары (суседнія зоны паўкуляў). Выкарыстаньне трывожнымі людзьмі ня вельмі эфэктыўнай у пазнаваньні сацыяльных сыгналаў зоны мазгоў можа патлумачыць іхняе пазьбяганьне розных сацыяльных сытуацый.
🧅Стала вядома, якім чынам ствалавыя вузы абіраюць сваю ідэнтычнасьць. Раней меркавалася, што ствалавыя вузы спачатку трапляюць у пэўнае месца ў арганізме, а потым дыфэрэнцуюцца. Але цяпер навукоўцы высьветлілі, што ўсё наадварот. Досьледы на кішэчных арганоідах і новая тэхналёгія TypeTracker паказалі, што ствалавыя вузы спачатку пераўтвараюцца ў функцыянальныя, а потым мігруюць у патрэбныя тканкі й органы.
🧅Боты хутчэй за людзей далі рады з капчай. Дасьледнікі папрасілі 1000 ахвотнікаў рознага веку і з розных краінаў прайсьці тэст на абарону ад ботаў (CAPTCHA). Потым аўтары ацанілі дакладнасьць і час, які спатрэбіўся людзям на выкананьне задачы. Аказалася, што дакладнасьць была ў межах 50-84 адсоткаў, а час – 9-15 сэкундаў. А вось боту для гэтага спатрэбілася 1 сэкунда, а дакладнасьць была 99,8%. Вынікі намякаюць, што абарону сайтаў ад ботаў трэба некалькі змяняць.
Лінзы, якія фільтруюць сіні спэктар сьвятла аніяк не ўплываюць на здароўе вачэй і сон.
Да такой высновы прыйшлі аўтары мэтааналізу 17 дасьледаваньняў з 6 краінаў. У выніку не ўдалося знайсьці пераканаўчых доказаў станоўчага ўплыву падобных фільтраў на якасьць зроку й сну. Таксама ў аглядзе зьвяртаецца ўвага на тое, што мэханізмы, якімі фільтры сіняга сьвятла мусяць здымаць напругу на вочы, засталіся невядомымі.
Мяркуецца, што падобныя фільтры мусяць ахоўваць нашыя вочы ад «шкоднага» сіняга выпраменьваньня экранаў смартфонаў, пляншэтаў і кампутараў. Аднак досьледы паказваюць, што ад штучных крыніц сьвятла мы атрымліваем толькі 1/1000 частку сіняга выпраменьваньня ў натуральным сьвятле.
Штучны інтэлект навучылі вызначаць сапраўдны ўзрост чалавека па здымкам грудзей.
Японскія навукоўцы стварылі мадэль штучнага інтэлекту на базе машыннага навучаньня для ацэнкі ўзросту пацыента па рэнтгенаўскім здымку. Для навучаньня й тэставаньня мадэлі выкарысталі 67 000 здымкаў. Для ацэнкі дакладнасьці працы ШІ, аўтарам спатрэбілася яшчэ каля 34 000 здымкаў, каб пазбавіцца хібы, калі ШІ дакладна працуе толькі на тых дадзеных, на якіх яго вучылі.
Вынікі атрымаліся даволі пэрспэктыўнымі: ШІ паказаў каэфіцыент карэляцыі паміж меркаваным і храналягічным узростам 0.95 (0.9 лічыцца вельмі добрым). Таксама навукоўцы заўважылі, што чым больш разыходзіліся храналягічны й меркаваны ўзрост, тым болей была імавернасьць таго, што людзі маюць пэўныя захворваньні, зьвязаныя ня толькі з дыхальнай сыстэмай.
Аўстралійскаму ybsbrodie?_t=8epkxnyFg26&_r=1">тыктокеру пашчасьціла зьняць на камэру гарбатага кіта, які «стаіць на галаве». Прычыны такіх паводзінаў пакуль невядомыя.
Адныя адмыслоўцы мяркуюць, што так адбываецца кармленьне цялят, аднак гэта можна зрабіць і ў больш зручным становішчы. З іншага боку, такі трук можа быць спробай астудзіцца.
Штучны інтэлект навучыўся распазнаваць хваробу Паркінсона.
Нэўрадэгенэратыўная хвароба мае некалькі падтыпаў, якія вельмі складана вызначыць, што значна запавольвае прызначэньне слушных мэтадаў лекаваньня. Цяпер група дасьледнікаў клясыфікавала чатыры тыпы паркінсанізму з дапамогай штучнага інтэлекту. Пры гэтым дакладнасьць адной з клясыфікацый склала ўражальныя 95%. Такі прарыў набліжае распрацоўваньне пэрсаналізаваных і эфэктыўных мэтадаў лекаваньня хваробы Паркінсона ў людзей з генэтычнай схільнасьцю.
Больш навінаў пра штучны інтэлект у канале BelAI: @belaiplatform
Ляніўцы жывуць пераважна на дрэвах і толькі ў рэдкіх выпадках спускаюцца з іх. Гэтыя сысуны вядомыя сваёй няспрытнасьцю і маруднасьцю, таму можа падацца, што яны становяцца лёгкай здабычай для драпежнікаў, але гэта не так.
Ляніўцы маюць даволі спэцыфічных пах, вострыя кіпцюры і могуць гучна крычаць – усё гэта мусіць адпужнуць драпежніка. Калі ж напад усё-ткі адбыўся, то ляніўцы могуць даць здачы. На відэа можна пабачыць драматычную бойку з ацэлётам, які адважыўся на напад.
Папулярныя лекі ад кіслотнага рэфлюксу могуць павялічыць рызыку разьвіцьця дэменцыі.
Аўтары новага дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што выкарыстаньне некаторых лекаў ад кіслотнага рэфлюксу цягам 4.5 і болей гадоў можа павысіць рызыку разьвіцьця дэменцыі на 33%.
Кіслотны рэфлюкс зьяўляецца тады, калі страўнікавы сок трапляе ў стрававод. Звычайна гэта адбываецца пасьля прыёму ежы ці ў паўляжачым становішчы. Адным з галоўных сымптомаў кіслотнага рэфлюксу называюць пякотку, праяўляцца могуць таксама і язвы. Рэфлюкс пэрыядычна здараецца і ў здаровых людзей, але часам перарастае ў гастраэзафагеальную рэфлюксную хваробу (ГЭРХ), якая патэнцыйна можа справакаваць рак страваводу.
У такіх выпадках для палягчэньня стану пацыенту выкарыстоўваюць адмысловыя лекі: інгібітары пратоннай помпы (амепразол, эзомепразол і інш.). Такія прэпараты запавольваюць актыўнасьць фэрмэнтаў сьлізьніцы страўніка, адказных за сынтэз кіслаты. Раней доўгатэрміновае выкарыстаньне гэтай клясы прэпаратаў ужо зьвязвалі з высокай рызыкай інсульту і хранічнымі захворваньнямі нырак.
Цяпер навукоўцы заахвоцілі больш за 5 700 чалавек (ад 45 гадоў), каб спраўдзіць сувязь з разьвіцьцём дэменцыі. Напачатку дасьледаваньня ніхто з удзельнікаў не меў дэменцыі, а інгібітары пратоннай помпы (ІПП) спажывалі 1 490 з іх.
Цягам назіраньня (5.5 году) дэменцыю дыягнаставалі ў 585 чалавек з выбаркі. Аўтары скарэктавалі дадзеныя з улікам полу, узросту і стану здароўя. Такім чынам атрымалася, што сярод удзельнікаў, якія спажывалі ІПП больш за 4.4 году, рызыка разьвіцьця дэменцыі была вышэйшай на 33%. Цікава, што калі прыём прэпаратаў доўжыўся меней за 4.4 году, то аніякіх наступстваў для кагнітыўных функцыяў не было.
Вынікі дадзенага дасьледаваньня зьяўляюцца папярэднімі, іх мусяць спраўдзіць у іншых досьледах.
Кліматычная абсэрваторыя Эўрапейскага Зьвязу назвала сёлетні ліпень самым гарачым месяцам за ўсю гісторыю назіраньняў. Месяц адзначыўся цеплавымі хвалямі і пажарамі, а таксама тэмпэратурай на 0.33 градусы вышэйшай за папярэдні рэкорд 2019 году. Адмыслоўцы папярэджваюць, што гэта толькі пачатак.
Читать полностью…Матылькі арыентуюцца ў прасторы і запамінаюць шляхі.
Навукоўцы атрымалі першыя экспэрымэнтальныя доказы здольнасьці матылькоў да прасторавага навучаньня.
Прасторавае навучаньне – здольнасьць запамінаць палажэньне аб'ектаў у прасторы і шляхі – даўно знайшлі ў вусякоў, але найчасьцей тут вывучаліся сацыяльныя суставаногія. Цяпер такія дадзеныя зьявіліся і для матылёў, што можа сьведчыць пра шырокае выкарыстаньне прасторавай інфармацыі ў клясе.
Група дасьледнікаў зладзіла шэраг выпрабаваньняў для матылькоў роду Heliconius. Падчас досьледаў спраўджвалі здольнасьць пазнаваць і запамінаць знаходжаньне крыніцаў ежы на розных маштабах, а таксама ці карыстаюцца яны канцэпцыяй «левы/правы бок». Атрыманыя вынікі паказалі, што матылькі сапраўды могуць засвойваць прасторавую інфармацыю на вялікіх маштабах.
Пасьля нападу бадзяжнай коткі у мужчыны знайшлі невядомую інфэкцыю.
У Вялікабрытаніі 48-гадовага мужчыну пакусала бадзяжная котка і ён зьвярнуўся ў лякарню, бо праявілася запаленьне. Лекары ачысьцілі раны, зрабілі прышчэпку ад слупняку й выпісалі антыбіётыкі. Аднак мужчына вярнуўся праз дзень, бо прыпухласьць на руцэ не спадала, а ў некаторых пальцах адчуваўся боль. Гэтым разам пацыенту выдалілі пашкоджаныя тканкі вакол ранаў і дадалі некалькі антыбіётыкаў. Мужчына ачуняў, а ў лякарні вывучылі ўзоры мікраарганізмаў з раны.
Спачатку адмыслоўцы знайшлі невядомы мікраарганізм, падобны на стрэптакокаў, але сэквенаваньне геному паказала, што гэта новы від бактэрый роду Globіcatella і зарэгістраваных дадзеных пра яго няма.
Выпадак яшчэ раз зьвяртае ўвагу на тое, што каты, асабліва бадзяжныя, могуць быць рэзэрвуарам для невядомых відаў бактэрый з патагенным патэнцыялам.
Дайджэст №4
🧅 Грып не мае сэзоннасьці ў трапічным клімаце. У краінах з умераным кліматам грып мае сэзоннасьць, якая ў значнай ступені дапамагае змагацца з вірусам. Звычайна выпадкі хваробы фіксуюцца з восені па вясну. Аднак дасьледнікі вывучылі справаздачы па пацыентам з некаторых віетнамскіх лякарняў за 10 гадоў і не знайшлі дастаткова доказаў сэзоннасьці грыпу. Вынікі не памяняліся нават тады, калі падключылі да падлікаў матэматычную мадэль. Гэта сьведчыць пра тое, што для трапічнага клімату трэба іншая стратэгія барацьбы з хваробай.
🧅 У бактэрый знайшлі цыркадныя рытмы. Навукоўцы вывучалі распаўсюджаную ў глебе бактэрыю Bacillus subtilis, сабраную ў натуральных умовах. Шэраг выпрабаваньняў паказаў, што мікраарганізмы праяўляюць наяўнасьць цыркадных рытмаў у поўнай цемры і пры сталым асьвятленьні. Пры гэтым аўтары заўважылі адмысловыя рэакцыі, якія дапамагаюць аднаклеткавым сынхранізаваць свае мэтабалічныя і фізіялягічныя працэсы ў залежнасьці ад часу. То бок, усё гэтак жа як і ў больш складаных арганізмаў. Такая вынаходка паспрыяе распрацоўцы больш эфэктыўных антыбіётыкаў.
🧅 Ароматэрапія палепшыла памяць. У дасьледаваньні, падтрыманым Procter & Gamble, удзельнікам ва ўзросьце ад 60 да 85 гадоў прапанавалі цягам 6 месяцаў ладзіць перад сном ароматэрыпію з натуральным алеем (2 гадзіны). Кантрольная група рабіла ўсё тое самае, але ім выдавалі дыфузары з меншай канцэнтрацыяй араматычнага алею. У выніку людзі з досьледнай групы паказалі паляпшэньне кагнітыўных здольнасьцей ажно на 226%, што паказалі адмысловыя тэсты. Таксама ўдзельнікі гэтай групы паведамілі, што з ароматэрапіяй пачалі лепей спаць.
🧅Адмыслоўцы знайшлі нечаканы спосаб паскорыць зарадку літый-іённых акумулятараў. Выпрабаваньні, зладжаныя ў Мічыганскім унівэрсытэце паказалі, што расколіны на дадатным электродзе (анод) значна скарачаюць час поўнай зарадкі. Так адбываецца праз павелічэньне плошчы электроду. Гэта супярэчыць меркаваньню вытворцаў электрамабіляў, якія імкнуцца мінімізаваць пашкоджаньні, каб падоўжыць тэрмін службы батарэі.🤷♂️
Voyager-2 зноўку на сувязі.
Сувязь з апаратам зьнікла 21 ліпеня праз памылковае адхіленьне антэны ад Зямлі. Меркавалася, што да 15 кастрычніка voyager-2 зробіць аўтаматычны манэўр пераналадкі, але інжынэры 1 жніўня з дапамогай DSN (сетка далёкага космасу) атрымалі слабы сыгнал, які сьведчыў, што зонд жывы. 4 жніўня такім жа чынам навукоўцам удалося адправіць апарату каманду для зьмены становішча. Каб даведацца, што гэта спрацавала, давялося чакаць 37 гадзін (18.5 гадзін у адзін бок). Цяпер зонд зноў працуе.
Метааналіз паказаў эфэктыўнасьць вэгетарыянскай дыеты для нармалізацыі халестэрыну і глюкозы ў крыві.
Аўстралійскія навукоўцы вывучылі дадзеныя дасьледаваньняў і клінічных выпрабаваньняў за 22 гады з агульнай выбаркай у 1878 чалавек і знайшлі пераканаўчыя доказы станоўчага ўплыву вэгетарыянскай дыеты на шэраг паказьнікаў здароўя. Напрыклад, «кепскі» халестэрын зьніжаўся ў сярэднім на 6.6 мг/дл, людзі з высокай рызыкай сэрцава-судзінных захворваньняў гублялі каля 3.6 кг залішняй вагі, а з дыябэтам 2 тыпу – 2.8 кг (таксама прыходзіла ў норму глюкоза). Пры гэтым найбольш выразны ўплыў на халестэрын аказвала вэгетарыянская дыета з малочнымі прадуктамі і яйкамі.