У Вялікабрытаніі зладзілі апытанку, у якой пацікавіліся ў міленіялаў і зумераў наконт пэрспэктыў бацькоўства.
55% удзельнікаў заявілі, што плянуюць стаць бацькамі ў будучыні, а 20% не перакананыя ў гэтым. У апошнім выпадку найбольш распаўсюджанымі прычынамі сталі жаданьне прысьвяціць час сабе (49%), фінансавыя пытаньні (47%), сытуацыя ў сьвеце (38%) і экалягічныя асьцярогі, зьвязаныя з нараджэньнем дзяцей (35%). Напрыканцы сьпісу былі імкненьне зрабіць кар'еру і праблемы са здароўем – 28 і 22 адсоткі адпаведна.
Таксама 71% апытаных паведамілі, што адчуваюць ціск з боку грамадзтва, а 40% – непасрэдна ў сямʼі, пры гэтым найчасьцей з боку маці (68%)
У 31-гадовай афраамэрыканкі Генрыеты Лякс дыягнаставалі рак, ад якога яна і памерла ў 1951 годзе. Падчас спробаў адхадзіць пацыентку, мэдыкі выдалілі з пухліны неймаверна ўстойлівыя клеткі, якія не страцілі здольнасьць дзяліцца ў лябараторных умовах. Потым лінія «бесьсьмяротных» клетак атрымала назву HeLa па першых літарах імя пацыенткі і стала своеасаблівай базай для наватарскіх дасьледаваньняў. Клеткі HeLa датычныя да некаторых адкрыцьцяў, адзначаных Нобэлеўскім камітэтам, а таксама да распрацоўкі вакцыны супраць поліяміеліту.
Аднак у 2021 годзе сваякі Генрыеты распачалі разьбіральніцтва, бо першапачатковы біяматэрыял быў атрыманы без згоды пацыенткі, усе дасьледаваньні ладзіліся без ведама сям'і, а лябараторыі атрымалі незаконны прыбытак. Цяпер бакі неяк улагодзілі канфлікт, аднак на якіх умовах – невядома.
Казытаньне пацукоў дапамагло выявіць актыўнасьць у старажытных мазгавых стуктурах.
Раней гульнявыя паводзіны лічыліся рэдкай для жывёльнага сьвету зьявай, але потым знайшліся сьведчаньні, што гуляць могуць прыматы, птушкі, чмялі, чарапахі і шмат хто яшчэ. Цяпер высьветлілася, што гульнявыя (сацыяльныя) забавы ў сысуноў зьяўляюцца інстынктыўнымі.
Калі нямецкія дасьледнікі казыталі і ганялі грызуноў па адкрытай клетцы (гл. відэа), яны заўважылі актыўнасьць у цэнтральнай шэрай матэрыі сярэдніх мазгоў. Гэтая старажытная частка мазгоў, якая маецца ва ўсіх сысуноў, паўзуноў (Reptilia), рыбаў і вусякоў, часта адказвае за рэакцыю на боль і іншыя пагрозы, а таксама шчыльна зьвязаная з вакалізацыяй.
У выпадках, калі навукоўцы штучна прыгняталі гэтую зону, пацукі пераставалі сьмяяцца падчас казытаньня. Таксама жывёліны падаваліся крыху запаволенымі і не так актыўна бегалі за рукамі дасьледнікаў. Цікава, што такі самы эфэкт назіраўся і ў новым для пацукоў асяродзьдзі.
Зязюлі вядомыя тым, што некаторыя віды гэтага сямейства падкідваюць свае яйкі ў гнёзды іншых птушак. Такі гнездавы паразытызм уласьцівы і афрыканскай зязюлі Cuculus gularis: яна навучылася так дасканала падрабляць афарбоўку яек, што іх складана адрозьніць ад арыгіналу. Але звычайны дронга Dicrurus adsimilis не бачыць у гэтым праблемы, бо пазнае свае яйкі з дакладнасьцю 94%. Гэтыя невялікія птушкі арыентуюцца на ледзь заўважныя адрозьненьні ў колеры і ва ўзоры крапінак на паверхні, які ў кожнай самкі ўнікальны.
На фота ёсьць дзьве кладкі з яйкамі абодвух відаў, таму можаце паспрабаваць самастойна вызначыць падробку. Адказ пад спойлерам.
Падробкі справа ўнізе.
Дайджэст №3
🧅 Грыбы зноўку разбурылі плястык. Калі грыбы могуць разбураць драўніну, якая літаральна склееная лігнінам, то чаму б ім не даць рады з плястыкам, бо ў абодвух выпадках палімэры. Так падумалі біёлягі і сабралі 50 узораў грыбоў, якія разбураюць ліставыя дрэвы. У лябараторыі іх ізалявалі ў адмысловых слоіках і дадалі ў адныя крыху драўніны і поліэтылен, а ў другія толькі поліэтылен. Слоікі захоўвалі пры тэмпэратуры 28-30 градусаў цягам 45 дзён. Аказалася, што за гэты час усе грыбы пачалі разбураць плястык. Пры гэтым у слоіках, дзе быў толькі поліэтылен, грыбы актыўней яго спажывалі.
🧅 На спадарожніку Юпітэра знайшлі антысэптык. Навукоўцы вывучылі дадзеныя з JWST і знайшлі доказы таго, што на самым буйным спадарожніку Юпітэра Ганімэдзе, ёсьць перакіс вадароду і канцэнтруецца ён каля полюсаў. Мяркуецца, што такое злучэньне тут утварылася пад уплывам магнітнага полю Юпітэра, як на Эўропе (самы вывучаны спадарожнік плянэты), праўда там рэчыва знайшлі толькі ля экватару.
🧅 Генная тэрапія вярнула 14-гадоваму хлопцу зрок. Антоніё мае рэдкую генэтычную хваробу, якая праяўляецца пухірамі па ўсім целе і на вачах. Акрамя гэта парушаецца і сынтэз калагену, які змацоўвае скуру і рагавіцу. Генная тэрапія дыстрафічнага булёзнага эпідэрмолізу існуе даўно, хоць і ў экспэрымэнтальным выглядзе, цяпер яе проста адаптавалі для мясцовага прымяненьня ў выглядзе кропель для вачэй і гэта дало эфэкт.
🧅 Зонд Voyager 2 страціў сувязь з Зямлёю. Падчас выкананьня звычайных каманд, антэна зонду адхілілася на 2 градусы ад лініі сувязі, у выніку чаго перапынілася радыёсувязь з намі. Чакаецца, што апарат працягне зьбіраць дадзеныя ў аўтаматычным рэжыме, а ў эфіры зьявіцца 15 кастрычніка. Апараты Voyager 1 і Voyager 2 запусьцілі ў космас 46 гадоў таму, цяпер абодва зьяўляюцца самымі далёкімі аб'ектамі, якія былі створаныя чалавекам. Пры гэтым яны яшчэ знаходзяцца ў межах Сонечнай сыстэмы.
Жыхар Нью-Гэмпшыру сьвяткаваў свой дзень народзінаў у акіяне і выпадкова зьняў на відэа надзвычай рэдкую зьяву: тры кіты амаль сынхронна выскокваюць з вады. Звычайна гарбатыя кіты робяць такія скокі, каб пазбавіцца паразытаў на скуры, аднак такі «кітовы балет» адбываецца так рэдка, што не ўсе марскія навукоўцы мелі магчымасьць яго пабачыць.
Читать полностью…Нягледзячы на розныя меркаваньні наконт перавагі позы птушак на адной назе, існуе мала экспэрымэнтальных дасьледаваньняў і назіраньняў. Найбольш абгрунтаванымі зьяўляюцца дзьве гіпотэзы:
Тэрмарэгуляцыя. Ногі ў птушак не маюць пер'я, таму яны вельмі важныя для цеплаабмену. Напрыклад, у сьпякотнае надворʼе менавіта праз ногі птушкі пазбаўляюцца ад залішняй цеплыні. Калі надворʼе халоднае, крывезабесьпячэньне ног істотна зьніжаецца, што дазваляе эканоміць цеплыню. Назіраньні паказваюць, што часьцей птушкі хаваюць адну нагу пры халодным надворʼі, калі знаходзяцца на лёдзе альбо ў вадзе. Калі зусім холадна, то ім даводзіцца яшчэ і дзюбы хаваць.
Рэляксацыя. Просты перанос вагі цела на адну нагу дазваляе цягліцам другой адпачыць. У гэтым можна пераканацца, калі доўга стаяць у чарзе: рана ці позна людзі пачынаюць гойдацца з нагі на нагу. Птушкі таксама карыстаюцца гэтым, толькі каб захоўваць раўнавагу, яны ставяць нагу акурат пад цэнтрам цяжару (пад вуглом 20 градусаў). Гэта добра бачна на здымку вышэй.
Напэўна вы бачылі качак, буслоў ці іншых птушак, якія стаяць на адной назе. У такой позе яны могуць знаходзіцца даволі доўга. Але навошта яны так робяць?
Читать полностью…Шэраг досьледаў паказаў, што людзі запамінаюць адны і тыя ж мастацкія творы.
Мяркуецца, што ўражаньні ад прагляду мастацкіх твораў моцна залежаць ад гледача, бо кожны чалавек успрымае мастацтва праз свой індывідуальны досьвед. Аднак шэраг псыхалягічных досьледаў паказаў, што індывідуальнага тут мала: на выхадзе з галерэі большасьць наведвальнікаў запомніць адны і тыя ж творы.
Падчас першага досьледу ўдзельнікам спачатку паказалі сэрыю карцін, а потым папрасілі знайсьці пабачаныя творы сярод іншых, які яшчэ не дэманстраваліся. Так высьветлілася, што большасьць удзельнікаў запомнілі адны і тыя ж карціны.
Такія самыя вынікі былі і ў другім досьледзе, калі ахвотнікам трэба было ўважліва разглядаць экспанаты, а потым зрабіць тэст на запамінаньне ўбачанага. А вось падчас апошняга экспэрымэнту, удзельнікам трэба было апісаць прыгажосьць твораў, эмацыйны фон і наколькі яны іх зацікавілі. Гэта дазволіла зразумець, што ключавым фактарам запамінаньня твораў зьяўляецца тое, наколькі цікавымі карціны падаліся гледачам.
Цікава і тое, што аўтарам удалося даволі дакладна спрагназаваць вынікі досьледаў з дапамогай штучнага інтэлекту.
Сталае спажываньне аліўкавага алею зьнізіць рызыку сьмерці ад дэменцыі.
Гэта вынікае з першага дасьледаваньня, у якім вывучалі сувязь паміж харчовымі звычкамі і сьмяротнасьцю ад дэменцыі. Дасьледніцкая група прааналізавала дадзеныя анкетаваньня, сабраныя больш чым у 90 000 амэрыканцаў за 30 гадоў. За гэты час з усяе выбаркі ад дэменцыі памерла 4 749 чалавек.
У выніку атрымалася, што рызыка сьмерці ад дэменцыі была ніжэй на 28% у людзей, якія штодзённа спажывалі больш за палову сталовай лыжкі аліўкавага алею. Больш за тое, замена масла і маянэзу аліўкавым алеем таксама паказала сувязь з памяншэньнем сьмяротнасьці ад дэменцыі на 8-14%.
Аўтары зьвяртаюць увагу, што пакуль рана казаць пра прамую залежнасьць між спажываньнем алею і зьніжэньнем рызыкі сьмяротнай дэменцыі, бо дадзенае дасьледаваньне зьяўляецца назіральным. Зрэшты гэта мусяць спраўдзіць у іншых дасьледаваньнях.
Space X у пакуль яшчэ твітэры падзялілася здымкамі паскаральніка Booster 9 на стартавай пляцоўцы. Апошнюю мадыфікацыю карабля Starship будуць рыхтаваць да другога выпрабавальнага палёту. Заснавальнік кампаніі мяркуе, што запуск можа адбыцца да канца лета. На фоне таго, што цяпер адбываюцца суды з нагоды ацэнкі экалягічнай шкоды, заява дволі аптымістычная.
На ўругвайскім узьбярэжжы за 10 дзён знайшлі каля 2000 мёртвых пінгвінаў.
Магеланскія пінгвіны Spheniscus magellanicus гняздуюць на поўдні Аргентыны, а ўзімку мігруюць на поўнач у пошуках ежы і цёплай вады. Адмыслоўцы кажуць, што заўсёды пэўная колькасьць птушак не перажывае такую міграцыю, але тое, што бачна на беразе – вельмі маштабная зьява.
Першапачаткова меркавалася, што гэта птушыны грып, аднак тэсты былі адмоўнымі. Дакладныя прычыны гібелі маладых пінгвінаў пакуль невядомыя. У той жа час некаторыя актывісты зьвязваюць гэта з празьмерным вылавам рыбы, бо ўсе птушкі з пустымі страўнікамі і без тлушчавых запасаў.
У прыродзе існуе каля 400 відаў рыб-гермафрадытаў, якія ў пэўны момант жыцьця мяняюць свой пол. Такую зьяву называюць дыхагаміяй. У залежнасьці ад напрамку пераходу вылучаюць протандрыю (калі спачатку зьяўляюцца мужчынскія рэпрадуктыўныя органы, а потым жаночыя) і протагінію (усё наадварот).
Протагінія ўласьцівая, напрыклад, кабудаям Semicossyphus reticulatus. Яны ўсе нараджаюцца самкамі, а з цягам часу частка пераўтвараецца ў самцоў. Пасьля шэрагу мэтамарфозаў мяняецца не толькі вонкавы выгляд, але і «характар» жывёліны. Мяркуецца, што такая адаптацыя дапамагае рыбам аптымізаваць размнажэньне.
Рэдагаваньне геному зробіць вытворчасьць паперы больш экалягічнай.
Папера падаецца найбольш экалягічным матэрыялам, бо яе можна паўторна перапрацаваць, яна хутка распадаецца ў прыродзе, а асноўны кампанэнт – цэлюлёза – літаральна расьце на дрэвах. Аднак аддзяліць цэлюлёзу ад іншых рэчываў, напрыклад, ад лігніну, даволі складана, і гэта не вельмі экалягічны працэс. Штогод на фабрыках утвараюцца мільёны тон хімічных адкідаў і парніковых газаў. Скараціць такі нэгатыўны ўплыў прапануюць з дапамогай інструмэнтаў геннага рэдагаваньня CRISPR.
Навукоўцы прааналізавалі каля 70 000 розных генэтычных зьменаў і знайшлі 347 камбінацый, якія бясьпечна для расьліны павялічвалі колькасьць цэлюлёзы і значна зьмяншалі ўтрыманьне лігніну – асноўнага кампанэнту драўніны. Тэставая высадка мадыфікаваных дрэваў паказала пэрспэктыўнасьць такога падыходу. Аўтары мяркуюць, што выкарыстаньне такіх дрэваў павялічыць вытворчасьць паперы на 40%, а выкіды парніковых газаў скароціць на 20%.
Італьянцы знайшлі патэнцыял для прафіляктыкі хваробы Альцгаймэра ў эспрэса.
Аўтары сьцьвярджаюць, што напой можа зьнішчаць шкодныя бялкі, якія назапашваюцца ў мазгах і правакуюць гібель нэўронаў. Таксама паведамляецца, што такі эфэкт захоўваецца й у алкагольных кактэйлях з эспрэса.
У здаровых людзей таў-бялкі стабілізуюць працу мазгоў, але пры нэўрадэгенератыўных хваробах яны «зьліпаюцца» і ўтвараюць фібрылы. У лябараторных тэстах эспрэса нібыта перашкаджаў утварэньню такіх структур. Аўтары зьвязалі эфэкт ня толькі з кафэінам, але й з трыганэлінам (таксама алкалёід), флаваноідамі, і тэабрамінам, які ёсьць у чакалядзе.
Касьмічны тэлескоп Еўклід, які запусьцілі месяц таму, ужо выйшаў на мэтавую арбіту і зрабіў першыя тэставыя здымкі.
Тэлескоп будавалі 11 гадоў з мэтай стварэньня самай вялікай мапы Сусьвету і вывучэньня цёмнай матэрыі. Апарат абсталяваны дзьвюма камэрамі: VIS і NISP. Першая працуе з бачным сьвятлом і дазволіць вывучаць форму галяктык, а другая – з інфрачырвоным выпраменьваньнем і дапаможа вызначаць адлегласьці да іх.
Аднак не ўсё прыйшло добра. Самыя першыя здымкі атрымаліся з засьветкай, якая праяўлялася толькі пад пэўным вуглом. Навукоўцы мяркуюць, што на апараце засталася ці ўтварылася за час палёту невялікая шчыліна, праз якую і трапляе сонечнае сьвятло.
Лямантын зазнаў пакутлівую сьмерць ад аднаполага кантакту з братам.
Яшчэ ў красавіку ў адным акіянарыюме Фларыды раптоўна памёр лямантын, а зараз выявілі прычыны здарэньня.
Анатамаваньне паказала, што 38-гадовы марскі сысун Гʼю сканаў ад 15-сантымэтровага разрыву тоўстай кішкі. Мяркуецца, што траўму ён атрымаў падчас сэксуальнага кантакту са сваім братам Бафэтам.
Адмыслоўцы кажуць, што аднаполыя кантакты – звычайная для лямантынаў зьява. Як і іншыя жывёлы, самцы падчас шлюбнага пэрыяду актыўна шукаюць самак, але праз неразборлівасьць часта спароўваюцца з асобінамі свайго полу. Гʼю і Бафэт жылі разам каля 27 гадоў, і раз на год праяўлялі поцяг адзін да аднаго, таму падчас чарговага выпадку іх не сталі разьнімаць, тым больш, што жывёлы не паказвалі прыкмет дыскамфорту.
Камбуча зьнізіла ўзровень цукру ў крыві людзей з дыябэтам 2 тыпу.
Камбуча – гэта назва чайнага квасу, які атрымліваецца ў выніку фэрмэнтацыі чайным грыбам падсалоджанага чайнага настою. Напой узьнік каля 200 г. да н.э. у Кітаі, а ў 80-90-х атрымаў папулярнасьць у нас.
Дадзеныя пра тое, што напой можа станоўча ўплываць на ўзровень цукру ў крыві зьявіліся з досьледаў на грызунах, на людзях гэта амаль не спраўджвалі. Таму амэрыканскія навукоўцы зладзілі даволі простае дасьледаваньне.
Ахвотнікаў падзялілі на дзьве групы: адныя штодзённа пілі па 240 мл камбучы, а другія звычайную падманку цягам 4 тыдняў. Пасьля перапынку ў 2 месяцы групы памяняліся месцамі, але самі ўдзельнікі не ведалі, што яны п'юць.
Навукоўцы ў выніку высьветлілі, што за 4 тыдні напой скараціў узровень глюкозы амаль на 30%, а вось ад плацэба не было аніякага эфэкту.
На сёньня колькасьць апісаных відаў грыбоў складае каля 150 000. Па меркаваньні некаторых навукоўцаў, гэта толькі 4% ад усёй відавой разнастайнасьці. А вось наколькі незвычайнымі могуць быць грыбы бачна з калекцыі здымкаў міколягаў Д. Ньюмана і Р. Вандэргрыфта, якія 12 гадоў вывучалі іх запаведніках Эквадору.
Вось хто на фота:
1. Aurapex penicilliata
2. Favolaschia sp.
3. Fibulostilbum phylaciicola
4. Ceriporia sp.
5. род Trichopeziza
SpaceX зладзіла першыя выпрабаваньні сыстэмы распыленьня вады на стартавай пляцоўцы. Стальная пліта з адтулінамі для выхаду вялікага аб'ёму вады мусіць абараніць стартавы стол ад моцных разбурэньняў падчас другога выпрабаваньня Starship.
Мінулым разам было шмат пылу і кавалкаў бэтону, якія разьляталіся па ваколіцах.
Штодзённае спажываньне трускавак зьвязалі з паляпшэньнем кагнітыўных здольнасьцяў і артэрыяльнага ціску ў людзей сталага веку.
Дасьледнікі запрасілі 35 здаровых людзей, частцы з іх прапанавалі штодзённа спажываць па 26 г сублімаванага парашку трускавак (эквівалент 2 порцый сьвежых ягад), а астатнім давалі такую ж колькасьць кантрольнага парашку. Досьлед цягнуўся 8 тыдняў, а форма парашку была абраная аўтарамі для таго, каб людзі нічога не западозрылі.
У выніку ў першай групе хуткасьць кагнітыўнай апрацоўкі інфармацыі павялічылася на 5.2%, а артэрыяльны ціск зьнізіўся на 3.6%. Таксама на 10.2% павялічылася і антыаксыдантная ёмістасьць: хутчэй зьвязваліся свабодныя радыкалы.
Рэчыва з дэкаратыўнай кветкі запаволіць разьвіцьцё хваробы Альцгаймэра.
Дасьледнікі паказалі, што рэчыва з лісьця гартэнзіі Hydrangea macrophylla можа стаць эфэктыўным сродкам супраць бялковых бляшак, якія, як мяркуецца, шчыльна зьвязаныя з разьвіцьцём хваробы Альцгаймэра.
Гаворка ідзе пра філадульцын – вядомы прыродны замяняльнік цукру, які ў 400-800 разоў перавышае салодкасьць цукрозы. А цяпер яшчэ высьветлілася, што гэтае рэчыва можа трапляць у мазгі праз гемата-энцэфалічны бар'ер і запавольваць там зьліпаньне бялкоў.
Дасьледаваньне пакуль зладзілі на ГМ-мышах, у якіх была замацаваная схільнасьць да ўтварэньня бялковых бляшак, але такія вынікі стануць штуршком да далейшага вывучэньня філадульцыну.
Гэты рэцэпт мне расказала мая бабця. Дзяцей за вушы не адцягнуць. Я проста дадаю мучных чарвякоў.
Ва ўмовах сталага росту насельніцтва Зямлі і зьменлівага клімату пытаньне экалягічных крыніц бялку становіцца ўсё болей актуальным. Расьлінныя альтэрнатывы мясу і малаку, хоць і набіраюць папулярнасьць, не могуць пахваліцца высокім утрыманьнем бялкоў і некаторых вітамінаў. Але ёсьць і іншыя экалягічныя крыніцы бялку – мучныя чарвякі. Цяпер яшчэ высьветлілася, што наяўнасьць такіх лічынак у рацыёне станоўча адбіваецца, прынамсі, на арганізмах мышэй.
Каманда навукоўцаў перавяла грызуноў на дыету з высокай колькасьцю тлушчоў, апроч якіх у рацыёне быў яшчэ малочны бялок казэін. Такая дыета была абраная для хуткага набору жывёлінамі залішняй вагі, бо першапачаткова вывучалі ўплыў «лічыначнага» бялку на кантроль вагі. Пасьля 12 тыдняў некаторым мышам пачалі замяняць казэін сухімі мучнымі чарвякамі (мука) на 50 альбо 100%. Цягам досьледу і пэўны час пасьля яго дасьледнікі сачылі за вагой грызуноў, а таксама вывучалі мэтабаліты крыві, тлушчавыя тканкі і экспрэсію генаў печані.
У выніку бялок мучных чарвякоў не дапамог мышам пахудзець, але хуткасьць набору вагі ў іх значна запаволілася ў параўнаньні з кантрольнай групай, якой не замянялі казэін. Яшчэ аўтары заўважылі, што ў мышэй палепшыліся функцыі імуннай сыстэмы і энэргетычны абмен, а таксама спрыяльна зьмяніліся суадносіны «добрага» і «кепскага» халестэрыну. Зрэшты навукоўцы не выключаюць, што падобныя перавагі могуць быць зьвязаныя не толькі з «лічыначным» бялком, але і з хітынам – асноўным складнікам экзашкілету вусякоў, які можа нейкім чынам стымуляваць мікраарганізмы кішэчніку.
Знайшліся гены, якія вызначаюць канчатковы рост чалавека.
Хандрацыты – адмысловы тып клетак, якія ўдзельнічаюць ў працэсе росту касьцей. Такія клеткі ўтвараюць пласьціны росту на канцах доўгіх костак. Менавіта ад разьвіцьця і інтэнсіўнасьці ўтварэньня хандрацытаў і залежыць канчатковы рост чалавека. Аднак пра генэтычны ўплыў на працэс было вядома мала.
Навукоўцы ўзброіліся тэхналёгіяй геномнага рэдагаваньня CRISPR, узялі для вывучэньня 600 млн клетак храстку мышы, і пачалі пасьлядоўна выключаць гены, зьвязаныя з працэсам размнажэньня і высьпяваньня хандрацытаў. Натуральна, што паралельна з выключэньнем генаў, аўтары глядзелі, як гэта ўсё ўплывае на разьвіцьцё касьцяку.
Такім чынам знайшліся ажно 145 генаў, якія дакладна ўплывалі на мышыны касьцяк. Усе яны былі падобныя на чалавечыя гены, зьвязаныя з некаторымі хваробамі разьвіцьця касьцей і суставаў.
Бессымптомны COVID-19 зьвязалі з наяўнасьцю пэўнага гену.
Вынікі глябальнага дасьледаваньня паказалі, што кожны пяты чалавек, які перанёс ковід без сымптомаў, мае пэўны варыянт гену HLA-B*15:01. Таксама імунныя клеткі такіх людзей рэагавалі на фрагмэнты віруснага бялка, нават калі яны ніколі не хварэлі на ковід. Гэта можа сьведчыць пра тое, што імунітэт утварыўся ў выніку іншых інфэкцый.
Гены леўкацытарнага антыгену чалавека (HLA) сынтэзуюць бялкі, неабходныя для адэкватнай працы імуннай сыстэмы. Частка малекул HLA знаходзіцца на паверхні клетак і дапамагае імунным клеткам, напрыклад, Т-кілерам, хутка распазнаць і ліквідаваць інфэкцыю.
Дасьледнікі вывучылі генэтычныя дадзеныя 29 947 чалавек і выявілі, што 20% бессымптомных інфікаваных мелі мінімум адну копію гену HLA-B*15:01, а сярод інфікаваных з сымптомамі такіх было толькі 9%.
Такім чынам, наяўнасьць адной копіі згаданага гену павялічвала імавернасьць бессымптомнага ковіду ў 2 разы, а дзьве копіі – у 8 разоў. Такі варыянт гену маюць 10% эўрапейцаў.
Дайджэст №2
🧅 Белы карлік – гэта адна з фінальных стадый эвалюцыі зорак, яны ўсё яшчэ гарачыя, але тэрмаядзерных рэакцый тут ужо не адбываецца. Звычайна такія аб'екты складаюцца з вугляроду, кіслароду, гелію і вадароду. Аднак астраномы знайшлі белы карлік, адзін бок паверхні якога складаецца з вадароду, а другі – з гелію. Аўтары выказалі думку, што гэта нейкая пераходная стадыя эвалюцыі белых карлікаў, якую раней не заўважалі.
🧅 Фізычная актыўнасьць на выходных такая ж карысная для сэрца, як і штодзённыя практыкаваньні. Да такой высновы прыйшлі дасьледнікі пасьля аналізу дадзеных 89 573 чалавек з брытанскага біябанку. Выбарку падзялілі на тры групы адпаведна з узроўнем актыўнасьці, а потым суаднесьлі з дадзенымі пра здароўе. Аказалася, штодзённая фізычная актыўнасьць і практыкаваньні па выходным амаль аднолькава зьніжалі рызыку праблемаў з сэрцам (спохваты, арытмія, няздатнасьць і г.д.).
🧅 Паводле вынікаў новага дасьледаваньня, у жанчын з ракам малочнай залозы біялягічнае старэньне адбывалася хутчэй, але толькі ў тых выпадках, калі для лекаваньня захворваньня прымянялі радыётэрапію. Пасьля хірургічнага ўмяшаньня такога эфэкту не назіралася. Гэта дае падставы для меркаваньня, што разьвіцьцё хваробы аніяк не ўплывае на працэс старэньня.
🧅 Дасьледнікі са Стэнфарду сьцьвярджаюць, што ChatGPT значна падурнеў за 4 месяцы. Напрыклад, у сакавіку мадэль GPT-4 мела 97.6% дакладнасьці пры рашэньні задач на простыя лікі, а ўжо ў чэрвені гэты паказьнік упаў да 2.4% Таксама пагоршылася і здольнасьць мадэлі пісаць код: раней дакладнасьць была больш за 50%, а цяпер толькі 10%. Прыблізна такая ж гісторыя і з GPT-3.5. Аўтары не могуць дакладна сказаць, з чым зьвязаны такі эфэкт, бо самі мадэлі даволі закрытыя. Пакуль ёсьць толькі меркаваньне, што гэта пабочныя эфэкты павышэньня прадуктыўнасьці.
Дублінская алені падхапілі трэнд ад сваіх амэрыканскіх суродзічаў: у іх таксама знайшлі прыкметы каранавірусу.
У дублінскім парку Фенікс лані Dama dama актыўна кантактуюць з наведвальнікамі, якія прыносяць ім пачастункі. Цяпер высьветлілася, што справа пачастункамі не абмяжоўвалася, бо ў крыві жывёлін знайшлі антыцелы да каранавірусу SARS-CoV-2. Гэта першы такі выпадак у Эўропе.
Пакуль для людзей яўнай рызыкі няма, але аўтары прэпрынту заклікаюць уважліва ставіцца да праблемы.
Сысуноў прывабліваюць плады з высокай канцэнтрацыяй сьпірту, і расьліны гэтым карыстаюцца.
На паверхні сьпелых пладоў прысутнічаюць дрожджы, якія перапрацоўваюць цукры ў этанол. Таму часта сьпелыя і перасьпелыя ягады і фрукты маюць высокія канцэнтрацыі сьпірту. Звычайна спажываньне такіх пладоў прыводзіць да ап'яненьня і наносіць шкоду здароўю, але некаторыя сысуны з задавальненьнем ядуць іх. Мяркуецца, што этанол павышае апэтыт жывёлам і зьяўляецца крыніцай дадатковых калёрый.
Цяпер у навукоўцаў зьявілася гіпотэза, што высокая канцэнтрацыя сьпірту ў пладах можа быць адаптацыяй, якая дазваляе расьлінам распаўсюджвацца. Безумоўна, вытворчасьць этанолу ў пладах не залежыць ад расьлін, але яны могуць ствараць камфортныя ўмовы для росквіту дражджэй.
Каб спраўдзіць сваю гіпотэзу, дасьледнікі сабралі 37 відаў пладоў у Коста-Рыцы, вымералі канцэнтрацыі эталолу і суаднесьлі з відамі жывёл, якія гэтымі пладамі харчуюцца. Птушак расьліны прывабліваюць яркай афарбоўкай невялікіх пладоў, а сысуноў – у асноўным, пахам.
Такім чынам выявілася сувязь паміж канцэнтрацыяй сьпірту ў пладах і тым, хто імі харчуецца. Так, плады, арыентаваныя на сысуноў, мелі сярэднія і высокія канцэнтрацыі этанолу (0.1% – 1%), а ў пладах, арыентаваных на птушак, сьпірту была мінімальная колькасьць.
Днямі ў ЗША на камэры трапіў зялёны мэтэор. З першага погляду зьява можа паказацца незвычайнай, але насамрэч зялёныя мэтэоры на Зямлі бачаць даволі часта. Напрыклад, у 2020 годзе сіне-зялёны агнявы шар нарабіў шуму ў Аўстраліі, у траўні 2023 таксама.
Колер мэтэора залежыць ад мэталаў, якія ўваходзяць у ягоны склад. Найбольш распаўсюджанымі зьяўляюцца мэталічныя мэтэоры з жалезам і нікелем у складзе. Менавіта апошні мэтал і надае полымю ярка-зялёны колер. Часта ў складзе мэтэора можа быць яшчэ і кобальт, тады варта чакаць сіні колер полымя.
Заўважыў канал «Экватар».