Сёрфінг дазваляе аматарам яднацца з прыродай, але толькі да тае пары, пакуль яна не паспрабуе аб'яднацца ў адказ.
На мінулым тыдні ў твітэры зьявілася відэа, на якім марская выдра ўсьперлася на дошку для сёрфінгу, і спрабавала пагуляць з ёй. Некаторыя карыстальнікі жартавалі, што выдра далучылася да паўстаньня касатак, але супрацоўнікі службы аховы дзікай прыроды ахарактарызавалі такія паводзіны як агрэсіўныя. Цяпер паступаюць прапановы выняць жывёліну з дзікага асяродзьдзя. Дзякуй, што не забілі.
Насамрэч, паводзіны выдры ў дадзеным выпадку могуць тлумачыцца страхам, трывогаю, абаронаю сваёй тэрыторыі, альбо простай цікавасьцю. Але гэта не нагода вінаваціць выдру, бо менавіта чалавек прыйшоў у натуральнае асяродзьдзе да яе, і менавіта ад яго сыходзіць патэнцыйная небясьпека.
Электрасамакаты аказаліся больш траўматычнымі за матацыклы.
Францускія навукоўцы прааналізавалі траўмы і колькасьці шпіталізацый пасьля ДТЗ з удзелам аматараў двухколавага транспарту, атрыманыя з 2019 па 2022 год. Агулам у выбарку трапіла 5 233 пацыента.
Аказалася, што з 2019 году колькасьць пацярпелых кіроўцаў электрасамакатаў павялічылася ў 4 разы. Таксама сярод іх часьцей фіксаваліся чэрапна-мазгавыя траўмы: у 45.5% выпадкаў. Для параўнаньня, у матацыклістаў ЧМТ назіраліся толькі ў 39.7% выпадкаў.
На самакаце людзі ў 2 разы часьцей атрымлівалі траўмы галавы, бо шлем падчас паездкі маюць толькі 25% людзей, а лятальны сыход адбываўся ў 9% ДТЗ.
Мутная, шэрая анімацыя, створаная з 4 здымкаў з аўтаматычнай камэры апарату Mars Express, паказвае нам выгляд Зямлі з боку чырвонай плянэты. Белая пляма ў цэнтры – Сонца, а маленькая і цьмяная побач – Зямля і Месяц.
Читать полностью…СКАРБОНКА - гэта новы тэлеграм канал пра гісторыю, калекцыяванне і думкі са свету фінансаў.
Простай мовай для ўсіх!
Падпісвайцеся па спасылцы: t.me/skarbonka_by
Дайджэст №1
🧅На гэтым тыдні астраномы назвалі экзаплянэту LTT9779b самай яркай у сваёй клясе. Мэталічныя аблокі і тытанавы дождж дазваляюць ёй адлюстроўваць 80% сьвятла бліжэйшай зоркі. Гэта першая экзаплянэта, якую можна параўнаць з Вэнэрай па бляску. Знаходзіцца LTT9779b на адлегласьці 260 сьветлавых гадоў.
🧅Штучны інтэлект прапанавалі выкарыстаць для расшыфроўваньня гутарак кітоў, варон і іншых жывёлаў. Аўтары артыкула мяркуюць, што перадавыя інструмэнты машыннага навучаньня могуць стаць крыніцай новых ведаў пра схаванае жыцьцё некаторых відаў. Гэта мусіць дапамагчы іх захаваць. Базу дадзеных, на якіх будзе вучыцца ШІ ужо пачалі фармаваць.
🧅Досьледы на мышах паказалі, што ў гіпаталамусе маюцца нэўроны, адказныя за рэгуляваньне ўзроўню цукру ў крыві. Разуменьне таго, як працуе такая сыстэма, дазволіць навукоўцам і мэдыкам знайсьці тэрапэўтычны падыход да лекаваньня атлусьценьня і дыябэту праз уплыў на мазгі.
🧅Кампутар, крыжаванкі і шахматы аказаліся лепей за маляваньне, вязаньне і размову з іншымі людзьмі, калі стаіць задача зьнізіць рызыку дэменцыі ў сталым узросьце. Да такой высновы прыйшлі аўтары самага верагоднага дасьледаваньня, у якім узялі ўдзел больш за 10 000 аўстралійцаў. Высьветлілася, што людзі, якія вучыліся анлайн і разгадвалі крыжаванкі мелі на 9-11% меншую рызыку разьвіцьця дэменцыі, а вось у другой групе – маляваньне і вязаньне – рызыка памяншалася толькі на 7%.
❗️Аспартам афіцыйна ўнесьлі ў сьпіс канцэрагенаў, там ён знаходзіцца ў групе 2B (магчымыя канцэрагены). СААЗ таксама вызначыла дзённую норму спажываньня гэтага рэчыва: 40 мг на кг вагі цела. Гэтая норма існавала раней і магла крыху адрозьнівацца ў залежнасьці ад арганізвацыі, напрыклад, FDA лічыць бясьпечнымі 50 мг/кг вагі.
Звычайна аспартам зьмяшчаюць напоі без цукру, і ў банцы 0.33 л яго можа быць ад 200 да 300 мг. То бок, дарослы чалавек з вагой 75 кг можа афіцыйна дазволіць сабе выпіць ад 10 да 15 такіх банак колы. Калі ўзяць тару паболей, то гэта 3.3 – 4.5 літра напою за дзень 😂.
АБН:
Аспартам будзе ў групе 2B разам з ацэтальдэгідам, арляком звычайным (папараць), марынаванай гароднінай, працай сталяром і пажарным. Група тых, каго вельмі хочацца назваць канцэрагенам, але доказаў бракуе.
Дарэчы, спрэчкі пра канцэрагеннасьць аспартаму пачаліся яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагодзьдзя, таму гэта адно з самых дасканала вывучаных рэчываў і неаднаразова прызнанае бясьпечным для чалавека.
Дыскамфорт ад неазначанасьці мацнейшы за дыскамфорт ад фізычнага болю.
Аўстралійскія навукоўцы зладзілі цікавы досьлед з удзелам 40 чалавек. Ахвотнікам паабяцалі $10 за тое, што яны проста будуць назіраць за падкідваньнем віртуальнай манэты, і яшчэ некалькі даляраў бонусам у залежнасьці ад выніку гульні (кожны бок манэты адпавядаў пэўнай суме). Аднак у любым выпадку ўдзельнікі атрымлівалі $14, што адпавядала пачатковым чаканьням, альбо перавышала іх.
Таксама людзям прапанавалі адчуць боль рознай ступені (датчык імітаваў дотык чымсьці гарачым), каб перад пачаткам гульні даведацца, за які бок манэты дадуць болей. Аднак такая інфармацыя была бескарыснай, бо аніяк не ўплывала на гульню.
У выніку 75% удзельнікаў пагадзіліся адчуць слабы болевы стымул, каб ведаць бескарысную інфармацыю. Яшчэ палова наважылася на моцную стымуляцыю, якая адпавядала 50°С. Атрымліваецца, што патрэба ў інфармацыі настолькі моцная, што людзі гатовыя трываць боль, каб яе займець.
JWST адзначае год сваёй кар'еры касьмічнага фатографа здымкам маладых зорак.
Учора NASA паказала новы здымак ад знакамітага тэлескопу, на якім бачна 50 маладых зорак на адлегласьці 390 сьветлавых гадоў (9.7 трлн км). То бок, на здымку мы бачым сьвятло, якое вылецела з маладых зорак 390 гадоў таму, калі на Зямлі судзілі Галілея за разьвіцьцё геліяцэнтрычнай мадэлі сьвету (Зямля круціцца вакол Сонца).
Акрамя зорак тут можна бачыць таямнічыя аблокі газаў, струмені вадароду, а таксама шчыльныя клубы пылу, з якіх толькі пачынаюць фармавацца будучыя зоркі.
ЛСД у мікрадозах павялічыла працягласьць сну амаль на 30 хвілінаў.
Аўтары прэпрынту на medRxiv.org прапанавалі ахвотнікам з узроставай групы 25-60 гадоў ужываць мікрадозы ЛСД цягам 6 тыдняў (14 доз), запісваць гэта на відэа і насіць бранзалеты з функцыяй адсочваньня сну. Натуральна, што частка ўдзельнікаў атрымлівала плацэба.
Аналіз паказаў, што наступнай пасьля прыёму прэпарату ноччу ў удзельнікаў павялічвалася фаза хуткага сну на 8 хвілін, а агульны час – ажно на 24.3 хвіліны. Таксама людзі з ЛСД-групы лажыліся спаць раней прыблізна на 25 хвілін.
Да дызайну дасьледаваньня ёсьць шэраг пытаньняў, аднак аўтары не плянуюць спыняцца.
Мікрадозы псыхадэлічных прэпаратаў не выклікаюць галюцынацыяў, таму аніводзін з 70 удзельнікаў не пацярпеў.
Людзі сапраўды чуюць цішыню.
У даўняй спрэчцы наконт магчымасьці «пачуць» цішыню, відаць, паставілі кропку.
Падчас дасьледаваньня аўтары зладзілі вядомы трук з акустычнай ілюзіяй one-is-more, толькі ўласна гукі замянілі на цішыню. Ілюзія спрацавала: адна цішыня людзям падавалася больш працяглай, чым дзьве кароткія, хоць агулам яны аднолькавыя. Прыкладна з такімі ж вынікамі скончыліся і іншыя падобныя тэсты.
Адсюль навукоўцы і робяць выснову, што калі мы рэагуем на цішыню аналягічна, як і на гук, то мы насамрэч яе чуем, а не робім высновы, пра яе наяўнасьць.
Творчыя людзі ня блага пачуваюць сябе ў адзіноце.
Падчас працяглай адзіноты людзі часта «лезуць на сьцены», каб хоць неяк пазабаўляць сябе і пазбавіцца нудоты. Але некаторыя людзі з творчым мысьленьнем, відаць, не так моцна пакутуюць у такіх выпадках.
Амэрыканскія псыхолягі апыталі больш за 2 000 ахвотнікаў, каб лепей зразумець уплыў творчага патэнцыялу ў сытуацыях, калі няма чым заняцца. І аказалася, што людзі, якія маюць навыкі дывэргентнага мысьленьня, значна радзей адчувалі нуду, калі заставаліся сам насам са сваімі думкамі.
Аўтары прапанавалі ахвотнікам (90) прабыць у пакоі без сродкаў сувязі 10 хв. і паралельна гаварыць усё, што прыходзіць у галаву. Пасьля досьледу ўдзельнікам ладзілі адмысловы тэст на тып мысьленьня. Тут і выявіліся асноўныя адрозьненьні: творчыя людзі мелі прыкметы асацыятыўнага мысьленьня, іх думкі былі зьвязаныя, яны больш гаварылі, што адлюстроўвала свабодны паток думак, і, самае галоўнае, адчувалі меней нудоты ў досьледзе.
Сабакі і людзі аднолькава разумеюць мову цела.
Дасьледнікі высьветлілі, што людзі і сабакі вельмі падобна апрацоўваюць мову цела ў сваіх мазгах. Такое адкрыцьцё дае крыху большае разуменьне таго, як мы ўжываемся ў адным асяродзьдзі.
Вядома, што ў прыматаў і людзей маецца ў мазгах скроневая доля, адказная за распазнаваньне твараў і позы цела. У сабак таксама ёсьць скроневая доля, але яна разьвівалася незалежна ад нас з прыматамі. Праз гэта яна можа функцыянаваць крыху іначай.
Для дасьледаваньня паклікалі 40 чалавек, 15 сабак і зрабілі ўсім МРТ. Пры гэтым сабакі прайшлі курс падрыхтоўкі да МРТ-дыягностыкі, каб іх можна было сканаваць у прытомнасьці. Падчас досьледу пацыентам дэманстраваліся адмысловыя выявы (b).
Такім чынам выявілася, што скроневая доля ў сабак таксама мае зону візуальнага аналізу позы цела, як у прыматаў і чалавека (c). Больш за тое, іншыя вобласьці мазгоў, якія былі задзейнічаныя ў распазнаваньні, былі аднолькавымі для сабак і людзей. Але ў сабак актывацыя назіралася яшчэ і ў зонах, адказных за апрацоўку пахаў. Гэта можна патлумачыць тым, што для сабак нюхальныя стымулы больш важныя за візуальныя.
З такіх вынікаў аўтары робяць выснову, што ў сабак і людзей разьвіліся падобныя мэханізмы камунікацыі, хоць эвалюцыйныя шляхі ў іх зусім розныя.
Іншыя допісы на канале:
Сабакі адрозьніваюць чалавечыя мовы.
Ці могуць сабакі распазнаць намер?
Сапраўдны эпіцэнтар маланак над Цэнтральнай Афрыкай.
Гэтая анімацыя – вынік працы адмысловага інструмэнту Lightning Imager (LI), які быў створаны для назіраньнямі за маланкамі.
Пакуль пра маланкі вядома не так шмат, але становішча мусяць выправіць інструмэнты, падобныя на LI, які мае 4 камэры, здольныя рабіць 1 000 кадраў за сэкунду. Такія дадзеныя дазволяць у тым ліку лепей прагназаваць моцныя штормы.
Больш анімацый тут.
Высокія цэны на алкаголь ратуюць жыцьці ў Шатляндыі.
Апублікаванае дасьледаваньне, якое можна лічыць канчатковым вэрдыктам пяцігадоваму экспэрымэнту па ўвядзеньню мінімальнага кошту на алкагольныя напоі ў Шатляндыі.
З пачаткам экспэрымэнту, кошт 3-літровай банкі сідру павялічыўся з 3.5 фунтаў да 11 і гэта прывяло да зьніжэньня сьмяротнасьці, зьвязанай з алкаголем на 13.4%. Пры гэтым зьменшыліся і шпіталізацыі з тых жа прычынаў на 4.1%.
У аналізе адзначаецца, што хоць агулам людзі сталі набываць алкагольных напояў на 3% меней, пераканаўчых доказаў скарачэньня спажываньня сярод людзей з залежнасьцю няма.
Нарэшце NASA распачало праект па імітацыі марсіянскіх калёній CHAPEA.
Экспэрымэнт будзе цягнуцца год і ў ім бяруць удзел 4 чалавекі: мэдык, інжынэр і дзьве біялягіні. Да 7 ліпеня 2024 году каманда навукоўцаў будзе сачыць за ўзаемадзеяньнямі ўнутры экіпажу, а таксама назіраць за дынамікай кагнітыўных і фізычных здольнасьцяў.
Сувязь з удзельнікамі досьледу будзе ажыцьцяўляцца з адмысловага цэнтру з затрымкай у 22 хвіліны, як і ў выпадку з рэальным Марсам. Сам корпус, дарэчы, "надрукаваны" на 3D-прынтэры, што добра бачна на другім фота.
Пагадзіліся б на такое выпрабаваньне?😊
Сьнеданьне пасьля дзявятай гадзіны раніцы павысіла рызыку разьвіцьця дыябэту.
Нездаровае харчаваньне, нізкая фізычная актыўнасьць і курэньне – асноўныя фактары разьвіцьця дыябэту 2 тыпу. Але зьяўляецца ўсё больш дадзеных, што час прыёму ежы можа таксама граць важную ролю.
Вынікі дасьледаваньня з выбаркай у 103 312 чалавек паказалі, што сьнеданьне пасьля 9 гадзіны зьвязанае з павелічэньнем рызыкі разьвіцьця дыябэту 2 тыпу на 59%. Сярод тых, хто сьнедаў да 8 раніцы, такой залежнасьці не назіралася.
Людзі, якія трапілі ў кагорту, самастойна запісвалі ў онлайн-дзёньніку, што і калі яны елі цягам 3 дзён запар. Дасьледнікі ўсярэднілі дадзеныя за першыя 2 гады назіраньня, а потым ацэньвалі стан здароўя ўдзельнікаў цягам 7 гадоў. За гэты час было зарэгістравана 963 выпадкі дыябэту 2 тыпу.
Так стала відавочным, што рызыка разьвіцьця дыябэту ў групе людзей, якія звычайна сьнедалі пасьля 9 гадзіны раніцы, была вышэйшай. Такія вынікі дапаўняюць ранейшыя метааналізы, дзе высьветлілася, што адсутнасьць сьняданку нэгатыўна ўплывае на кантроль глюкозы і ліпідаў у крыві, а таксама на ўзровень інсуліну.
Яшчэ аўтары выявілі, што вячэра пасьля 22 гадзіны можа таксама павышаць рызыку разьвіцьця дыябэту, але гэта трэба дадаткова спраўдзіць.
Яшчэ аўтары выявілі, што вячэра пасьля 22 гадзіны таксама можа быць зьвязанай з большай частатой захворваньня.
У ЗША знайшлі доказы перадачы каранавіруса ад чалавека аленям і назад.
Адмыслоўцы сабралі больш за 11 000 узораў ад аленяў з лістапада 2021 па красавік 2022 году. Таксама для 400 узораў зрабілі сэквенаваньне, каб вызначыць паходжаньне вірусу.
Такім чынам у аленяў знайшлі ўсе «буйныя» штамы SARS-CoV-2: Альфа, Гама, Дэльта і Омікрон. У траціны з усіх дасьледаваных жывёл выявілі адпаведныя антыцелы, а 12% мелі актыўны COVID-19 на момант забору матэрыялаў.
Сэквенаваньне і наступнае параўнаньне мапаў распаўсюду віруса выявіла прынамсі 109 выпадкаў перадачы ад чалавека аленю, і 3 - ад жывёлы чалавеку. Гэты факт выклікае асьцярогі, бо алені могуць стаць рэзэрвуарам для новых варыянтаў.
Недахоп сну перакрэсьлівае ўсе перавагі для мазгоў ад фізычнай актыўнасьці.
Ёсьць шмат дасьледаваньняў, дзе паказваецца станоўчы эфэкт фізычнай актыўнасьці на захаваньне розуму ў глыбокай старасьці. Але новыя дадзеныя з Вялікабрытаніі сьведчаць пра тое, што аматары начнога ладу жыцьця і людзі з бессаньню могуць не атрымаць вялікіх кагнітыўных пераваг, нават калі яны не будуць вылазіць з мацоўні.
Дасьледнікі хацелі спраўдзіць, якім чынам розныя рэжымы сну і фізычнай актыўнасьці ўплываюць на кагнітыўныя функцыі з цягам часу. Таму яны зладзілі ацэнку дадзеных, сабраных цягам 10 гадоў у 8 958 чалавек, старэйшых за 50 гадоў.
Такім чынам выявілася, што ў тых, хто меў высокі ўзровень фізычнай актыўнасьці, але спаў меней за 6 гадзін, агульнае зьніжэньне кагнітыўных функцый адбывалася хутчэй. Гэта значыць, што праз 10 гадоў іхныя кагнітыўныя функцыі былі б на такім жа ўзроўні, як і ў людзей з нізкай фізычнай актыўнасьцю. А вось у выпадках з нармальнай працягласьцю сну і высокай актыўнасьцю розьніца была істотнай.
Файная котка на фота – прадстаўніца аднаго з 41 віду дзікіх каціных – чорнаногая котка Felis nigripes. Гэта эндэмічны для Паўднёвай Афрыкі від, ад астатніх каціных яны аддзяліліся 2-4 млн гадоў, таму цяпер бліжэйшымі родзічамі чорнаногіх катоў зьяўляюцца чаротавы кот (хоць зьнешне яны і не вельмі падобныя), а не іншыя дзікія коткі Афрыкі.
А яшчэ чарнаногія каты маюць адну асаблівасьць, якая адрозьнівае іх ад астатніх каціных: яны самыя эфэктыўныя забойцы ў сваёй клясе! Доля пасьпяховых паляваньняў у іх складае каля 60%. Для параўнаньня, леапард мае больш сьціплы паказьнік: ад 14 да 38%, а вось у тыграў зусім мала: 10% максымум.
Вось тут відэа з паляваньнем.
Экалягічны сродак для зьнішчэньня камароў.
Адмыслоўцы распрацавалі спрэй на аснове паверхнева-актыўных рэчываў, які прабівае натуральную воданепранікальную абарону камароў. Яго можна будзе выкарыстоўваць у якасьці альтэрнатывы інсэктыцыдам.
Традыцыйна з камарамі змагаюцца інсэктыцыдамі, аднак іх празьмернае ўжываньне можа стаць прычынай зьяўленьня ўстойлівасьці ў крывасмокаў. І гэта нясе сур'ёзную пагрозу, бо камары часта зьяўляюцца распаўсюднікамі розных непрыемных хваробаў. Да ўсяго і ў людзей інсэктыцыды могуць справакаваць праблемы са здароўем.
Камары маюць шматлікія мікра- і нанаструктуры на паверхні цела, а таксама яны пакрытыя воскападобным рэчывам, таму вада наўпрост скочваецца з іх. Гэта значна ўскладняе пошук альтэрнатыўных сродкаў барацьбы.
У 2020 годзе дасьледчая лябараторыя Kao распрацавала тэхналёгію, у якой выкарысталі сыліконавае масла, каб намачыць камарам лапкі. Пасьля гэтага крывасмокі не маглі сесьці на чалавека. Цяпер тэхналёгію ўдасканалілі, і за аснову ўзялі бясьпечныя для чалавека ПАРы.
У лябараторных тэстах слабы раствор ПАР паказаў сваю эфэктыўнасьць: калі ён трапляў на камара, то адразу блякаваў ягоныя дыхальныя шляхі і мачыў крылы. У выніку крывасмокі страчвалі здольнасьць лятаць паступова задыхаліся. Калі падобнае будзе адбывацца ў прыродзе, то камары ў такім стане будуць лёгкай здабычай для павукоў і мурашоў.
Аўтары мяркуюць, што распрацоўка стане экалягічнай альтэрнатывай інсэктыцыдам і камары наўрад ці стануць устойлівымі да ПАР.
Паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) – гэта малекулы з гідрафобнай і гідрафільнай часткай, якія зьніжаюць паверхневае нацягненьне. Такія рэчывы шырока выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці мыйных сродкаў і касмэтыкі (міцэлярная вада, напрыклад).
Самым вядомым прадстаўніком гэтае клясы рэчываў можна назваць лаурылсульфат натрыю (SLS) і харчовую соду (хоць яе ў якасьці ПАР не выкарыстоўваюць).
Малекулы ДНК могуць мяняць сваю форму.
Усе мы ўяўляем сабе характэрную падвоеную сьпіраль, калі гутарка заходзіць пра ДНК. Аднак высьветлілася, што гэта не заўсёды так. Самая важная макрамалекула можа імітаваць функцыі розных бялкоў праз зьмены сваёй формы. Аўтары новага дасьледаваньня паказалі, што калі ДНК згортваецца ў трохмерныя структуры, яна можа цалкам замяніць адмысловы зялёны флюарэсцэнтны бялок (GFP). Вынікі працы дазваляюць па-новаму паглядзець на шматграннасьць ДНК і яе біялягічную ролю.
Дасьледнікі яшчэ ў мінулым годзе адкрылі адналанцужковую ДНК, якая згортваецца разам з невялікай арганічнай малекулай у структуру, падобную на GFP. Пры гэтым складаная канструкцыя сьвеціцца зялёным, як і арыгінальны бялок, што дазваляе выкарыстоўваць яе ў якасьці меткі, напрыклад, для выяўленьня вірусу SARS-CoV-2. Вось толькі было невядома, якой формы мусіць быць малекула «зялёнай ДНК», каб мець флюарэсцэнтныя ўласьцівасьці.
Цяпер з дапамогай крыаэлектроннай мікраскапіі навукоўцы высьветлілі, што «зялёная ДНК» згортваецца такім чынам, што цэнтар "канструкцыі" становіцца падобным на чатырохбаковы вузел. Такая структура і дазваляе ўтрымліваць арганічную малекулу, якая і абумоўлівае флюарэсцэнцыю.
Такія вынікі, па меркаваньні аўтараў, значна паскораць дыягнастычныя тэсты і навуковыя дасьледаваньні, у якіх спатрэбіцца флюарэцэнтная малекула.
Белую фарбу прапанавалі выкарыстоўваць у барацьбе з пацяпленьнем.
Чэрвень пабіў тэмпэратурныя рэкорды і стаў самым гарачым месяцам, пры гэтым ад ліпеня нічога добрага чакаць не варта. Сярэдняя тэмпэратура плянэты склала амаль 17°С, таму адмыслоўцы шукаюць спосабы вырашэньня такой праблемы, часам яны зусім дзіўнаватыя.
Самую белую фарбу, якая адлюстроўвае 98% сьвятла, распрацавалі ў 2021 годзе. Ёй прапануюць фарбаваць будынкі, каб зьнізіць тэмпэратуру ўнутры і скараціць нагрузку на кандыцыянэры. Аднак цяпер прафэсар Джэрэмі Мандэй прапануе пакрыць такой фарбай 1-2% паверхні Зямлі. Калі перавесьці гэтыя лічбы ў квадратныя кілямэтры, то атрымаецца акурат плошча ЗША. Такія радыкальныя меры, на думку прафэсара, за кошт адлюстраваньня інфрачырвонага выпраменьваньня назад у космас значна стабілізуюць глябальныя тэмпэратуры.
У Афрыцы знайшліся сьляды старажытных ледавікоў.
Навукоўцы знайшлі ў пародах пад буйнымі радовішчамі золата ў Паўднёвай Афрыцы сьляды ледавікоў, якія былі тут 2.9 млрд гадоў таму. Гэта сьведчыць пра тое, што ў той час тэрыторыя магла знаходзіцца бліжэй да полюсаў, альбо пра тое, што асобныя ўчасткі Зямлі маглі бы замарожаныя падчас невядомага пэрыяду экстрэмальных халадоў.
Каб вызначыць паходжаньне ледавіковых адкладаў, аўтары вывучылі адносную колькасьць трох ізатопаў кіслароду з масавым лікам 16, 17 і 18. Такім чынам высьветлілася, што ўтрыманьне кіслароду-17 было найбольшым, а кіслароду-18 знайшлося зусім мала. Гэта сьведчыць пра тое, што пароды ўтварыліся пры нізкіх тэмпэратурах. Калі аўтары суаднесьлі такія геахімічныя дадзеныя з дадзенымі ўтварэньня марэнаў, то высьветлілася, што адкрытыя «ледавікі» зьяўляюцца самымі старажытнымі на Зямлі.
Дасьледнікі адсьвяткавалі юбілей магнітна-рэзананснай тамаграфіі самым дасканалым сканаваньнем мышыных мазгоў. Атрымалася ў 64 млн разоў дакладней, чым на звычайных апаратах МРТ.
Каб атрымаць выявы з такім высокім разрозьненьнем, навукоўцы выкарысталі магутны магніт 9.4 Т (у звычайных апаратах 1.5-3 Т), набор магутных шпулек і супэркампутар, эквівалентны 800 ноўтбукам. Гэта ўсё працавала для атрыманьня выявы мазгоў мышы.
У будучыні такі МРТ на стэроідах дазволіць атрымаць і дэталізаваныя здымкі чалавечых мазгоў, каб лепей зразумець, якія зьмены адбываюцца ў тканках з узростам і пры дэгенэратыўных хваробах.
Заолягі адкрылі новы від рыб, але ёсьць нюанс – іх ужо даўно разводзяць у акварыюмах.
Чырвонахвостая гара стала папулярнай акварыюмнай рыбкай яшчэ ў пачатку 2000-х, але навукоўцы апісалі від толькі зараз. Такая камічная сытуацыя адбылася праз тое, што для «адкрыцьця» новага віду трэба ўзяць узоры з натуральнага асяродзьдзя. І вось з пошукам такіх рыбак у прыродзе ўзьніклі праблемы.
Аказалася, што чырвонахвостая гара – ужо Garra panitvongi – жыве на невялікім кавалку ракі Атаран, што цячэ між Тайляндам і М'янмай. Гэта даволі ізаляваныя мясьціны, таму дзікія гары жылі ў адноснай невядомасьці.
Пацяпленьне вымушае пчол прачынацца раней і гэта пагражае апыленьню культурных расьлін.
Буйное дасьледаваньне паказала, што павышэньне тэмпэратуры на 1°С, справакаванае зьменамі клімату, вымушае вусякоў-апыляльнікаў (пчолы, чмялі) прачынацца пасьля зімы ў сярэднім на 6.5 дня раней. Гэта можа парушыць натуральную сынхранізацыю з расьлінамі, у якіх пакуль не выявілі істотных зрухаў у красаваньні. То бок, у тых жа пчол можа быць нашмат меней ежы, а культурныя расьліны могуць страціць сваіх апыляльнікаў.
Летась спэцыялісты па ахове прыроды ў Кеніі знайшлі маленькага чорнага насарога (Diceros bicornis) у вельмі кепскім стане. Праз напад драпежнікаў, жывёліна страціла хвост і атрымала моцныя пашкоджаньні. Аднак вэтэрынарам удалося выратаваць маленькую Раху, цяпер яна знаходзіцца ў пітомніку і пачувае сябе добра. У будучыні яе плянуюць вярнуць у натуральнае асяродзьдзе да сваіх суродзічаў, якіх на сёньня налічваецца каля 900.
Читать полностью…У вытворчасьці некаторых фармацэўтычных прэпаратаў дагэтуль выкарыстоўваюцца хімічныя рэчывы з сырой нафты. І гэты факт значна запавольвае высілкі па скарачэньні выкідаў парніковых газаў, а таксама адбіваецца на кошце лекаў. Увогуле адмыслоўцы лічаць такую схему вытворчасьці не толькі неэкалягічнай, але і нерацыянальнай, таму вядуцца актыўныя пошукі «зялёнай» альтэрнатывы.
Цяпер каманда навукоўцаў паказала, што некаторыя прэкурсоры можна сынтэзаваць з біяаўзнаўляльнага складніку шкіпінару ß-пінена. Такія рэчывы-папярэднікі можна выкарыстаць у вытворчасьці парацэтамолу ды ібупрафэну. Шкіпінар зьяўляецца пабочным прадуктам перапрацоўкі сасновых дрэваў у папяровай прамысловасьці і за год яго назапашваецца ў 3 разы болей, чым трэба для фармацэўтыкі.
Таксама аўтары сынтэзавалі такім чынам і іншы прэкрусор, неабходны ў вытворчасьці лекаў ад сэрцавай нястачы (ß-блякатары) і астмы.
Адна бяссонная ноч можа мець антыдэпрэсіўны эфэкт.
Навукоўцы спраўдзілі даволі супярэчлівую зьяву, калі пазбаўленьне сну паляпшае настрой у пацыентаў з дэпрэсіўнымі разладамі. Для гэтага запрасілі 84 чалавекі і зрабілі ім тры сэансы фМРТ, каб вызначыць мазгавую актыўнасьць пасьля здаровага сну і бяссоннай ночы.
Аказалася, што ў другім выпадку назіралася ўзмацненьне сувязі паміж амігдалай і пярэдняй паясной карой, а таксама паляпшэньне настрою ў некаторых здаровых і дэпрэсіўных пацыентаў. Так 43% удзельнікаў з дыягнаставанай дэпрэсіяй паведамілі пра добры настрой пасьля пазбаўленьня сну, астатнія не адчулі аніякіх зьменаў, альбо іх стан пагоршыўся.
Праўда прыблізна такія ж вынікі былі і ў выпадках з нармальным сном. Тым не менш, аўтары мяркуюць, што адкрытая залежнасьць сувязі між згаданымі зонамі мазгоў і настроем можа стаць патэнцыйнай цэльлю для новых антыдэпрэсантаў.
Дадаў невялічкае ўдакладненьне ў камэнтарах.
Заолягі паказалі рэдкія кадры кармленьня маленькага гарбатага кіта.
Каб атрымаць кадры інтымнага моманту, дасьледнікам давялося прычапіць на сьпіну цяляці не толькі камэру, але і GPS-трэкер з прыладай для запісу гуку. Усё абсталяваньне мацавалася на вакуумных чашах, таму моцнага дыскамфорту ў жывёліны не было.
На відэа можна бачыць малочны сьлед, які распушчаецца ў вадзе як толькі 900-кілаграмовае цяля адрываецца ад маці, каб набраць паветра ў лёгкія. Па меркаваньні аўтараў, гэта другое падобнае відэа ў сьвеце.