Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай. Пытанні і прапановы @belcabinet_bot Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
«Разлічваем на падтрымку нашых ваяроў з боку еўрапейскіх партнёраў»
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук правёў сустрэчу са спецпрадстаўніком МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Адамам Халацінскім.
Размова тычылася рэгіянальных пагроз бяспецы, сітуацыі ў Беларусі і вакол яе, а таксама неабходнасці гуманітарнай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны.
«Спадар Халацінскі пацвердзіў гатоўнасць падтрымліваць сталую камунікацыю і рабочы кантакт. Мы ж у сваю чаргу разлічваем на падтрымку нашых ваяроў з боку еўрапейскіх партнёраў», – адзначыў Вадзім Кабанчук.
Сустрэча адбылася ў кантэксце працы Кабінета па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі і падтрымкі беларусаў, якія ўнеслі ўклад у супраціў расійскай агрэсіі.
Як раней адзначалася, Аб’яднаны Пераходны Кабінет падтрымлівае ініцыятывы еўрапейскіх краін, накіраваныя на забеспячэнне міру і стабільнасці на еўрапейскім кантыненце, а таксама выступае за стварэнне міжнародных механізмаў бяспекі ва Украіне, умацаванне ўсходніх межаў ЕС і NATO і прыцягненне да адказнасці за ваенныя злачынствы.
@CabinetBelarus
«Мы запускаем апытанне, каб даведацца, што сапраўды хвалюе моладзь»
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, анансавала старт апытання, якое праводзіцца сумесна з платформай «Гэта моладзь!» для вывучэння патрэб і праблем беларускай моладзі:
«Мы запускаем апытанне, каб даведацца, што сапраўды хвалюе моладзь – у Беларусі і за яе межамі.
Тэмы – удзел у грамадскім жыцці, дыскрымінацыя, гендарная роўнасць, адукацыя, праца, будучыня. Усё ананімна, без збору асабістых даных.
1️⃣ Вынікі дапамогуць данесці ваш голас да тых, хто прымае рашэнні – у ЕС, Радзе Еўропы і іншых міжнародных структурах.
2️⃣ Яны стануць асновай для развіцця платформы “Гэта Моладзь” – супольнасці маладых беларусаў і беларусак, што хочуць уплываць і дзейнічаць.
Запоўніце анкету, падзяліцеся з сябрамі – і давайце разам змагацца за Беларусь, дзе голас моладзі гучыць і яго чуюць»
📌 Спасылка на апытанне: https://forms.gle/UmvaiY6LNWvtvKjB7
@CabinetBelarus
«Рэжым павінен быць ізаляваны, а ўсе палітвязні – неадкладна вызваленыя»
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, адрэагавала на прамову дэпутаткі Малгажаты Гасеўскай у Еўрапарламенце:
«Выказваю шчырую ўдзячнасць еўрадэпутатцы Малгажаце Гасеўскай за прынцыповую і цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які ўжо пяты год запар вядзе бязлітасныя рэпрэсіі супраць беларускага народа.
Важна, што з трыбуны Еўрапарламента гучыць праўда пра становішча беларускіх палітзняволеных. Сярод іх, нагадаю, непаўналетнія, шматдзетныя маці, людзі сталага веку, цяжкахворыя… Рэжым імкнецца схаваць маштабы пераследу, ізаляваць зняволеных ад знешняга свету, пазбавіць іх доступу да меддапамогі, перадач, адвакатаў, кантактаў з роднымі…
Публічныя заявы такога ўзроўню, як выступ спадарыні Гасеўскай, не толькі прыцягваюць увагу да бесчалавечных умоў утрымання палітзняволеных, але і падтрымліваюць іх надзею. Мы ўдзячныя за тое, што былі згаданыя імёны нашых мужных жанчын: Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук, Вольгі Маёравай.
Салідарнасць – наша моц. І мы салідарныя ў тым, што рэжым павінен быць ізаляваны, а ўсе палітвязні – неадкладна вызваленыя»
@CabinetBelarus
Польскі Сейм падтрымаў Беларусь!
Сёння парламент Польшчы прыняў важную рэзалюцыю ў падтрымку Беларусі. Гэта міжнародны інструмент, які дапамагае ўмацаванню сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю і падтрымцы дэмакратычных пераменаў.
Святлана Ціханоўская падзякавала дэпутатам, асабліва Камітэту па міжнародных справах, яго старшыні Паўлу Ковалю, а таксама парламентарыям Аляксандры Вішнеўскай і Марціну Басацкаму:
«Вашая салідарнасць надае нам сілу і надзею ў барацьбе за свабоду. Мы не спынімся, пакуль Беларусь не стане вольнай і незалежнай краінай Еўропы!»Читать полностью…
«Спыненне доступу да інфармацыі – гэта не спыненне рэпрэсій, а спроба іх схаваць»
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, пракаментавала сітуацыю з абмежаваннем доступу да інфармацыі пра рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі:
«Рэжым мэтанакіравана абмяжоўвае доступ да інфармацыі аб пераследзе грамадзян. Закрыццё судовых раскладаў, абмежаванне доступу да судовых рашэнняў, нечаканае часовае знікненне магчымасці праверыць забарону на выезд – усё гэта не выпадковасць, а частка палітыкі, скіраванай на непразрыстасць, скарачэнне грамадзянскага кантролю.
Неабходнасць асабіста звяртацца па інфармацыю стварае дадатковыя рызыкі і атмасферу страху. Гэта свядомае стварэнне перашкод для абароны правоў.
Такія дзеянні ўскладняюць працу праваабаронцаў і міжнародных арганізацый, якія манітораць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Але вядома, што спыненне доступу да інфармацыі – гэта не спыненне рэпрэсій, а спроба іх схаваць.
Праваабаронцам стала вядома пра маштабны рэйд КДБ напрыканцы сакавіка ў розных гарадах Беларусі. Яго падрабязнасці застаюцца невядомымі, аднак частка затрыманых была змешчаная ў СІЗА КДБ. Вядома, што некаторым інкрымінуюцца «тэрарыстычныя» артыкулы.
У гэтых умовах важна працягваць дакументаваць усе рэпрэсіі.
Калі вам вядомыя выпадкі палітычнага пераследу або затрыманняў, перадавайце інфармацыю праваабаронцам. Нават калі яна не можа быць апублікаваная цяпер, яна будзе зафіксаваная і стане часткай доказнай базы. Салідарнасць і захаванне праўды – нашы галоўныя інструменты ў барацьбе з беззаконнем»
@CabinetBelarus
Святлана Алексіевіч узнагароджаная Крыжом Адраджэння Беларусі
Узнагарода Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі прысуджаная беларускай журналістцы, пісьменніцы, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры за шматгадовую працу, значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё Беларусі праз дзейнасць у сферы культуры.
Крыж Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) Святлане Алексіевіч уручыла дэмакратычная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Вільні.
@CabinetBelarus
Вольга Зазулінская – пра сустрэчу з былой палітзняволенай Аленай Маўшук
Сёння кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская сустрэліся з былой палітзняволенай Аленай Маўшук ў офісе дэмакратычнай лідаркі ў Вільні.
Вольга Зазулінская: «Спадарыня Алена правяла чатыры з паловай гады за кратамі. За гэты час яе пазбаўлялі перадачаў і магчымасці сустрэч з роднымі, а таксама падвяргалі фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту. Нарэшце яе вызваленне адбылося, дзякуючы намаганням кіраўніцтва ЗША.
Алена Маўшук – маці пяцярых дзяцей. У 2020 годзе яе затрымалі разам з мужам падчас акцыі пратэсту, пасля чаго асудзілі на шэсць гадоў турмы.
Алена падзялілася, як адаптуецца да жыцця на свабодзе, расказала пра жахлівыя ўмовы, у якіх знаходзілася: катаванні, пастаянны ціск…
Але Алена як сапраўдная беларуска думае не толькі пра сябе. Асобна яна распавяла, у якім крытычным стане з-за праблем са здароўем і з-за нечалавечага абыходжання апынуліся Вікторыя Кульша, Алена Гнаук і Вольга Маёрава. Лёсы гэтых жанчын не павінны заставацца без увагі міжнароднай супольнасці і медыя. Мы павінны стаць іх голасам, як гэта зрабіла і Алена.
Цешуся, што мы змаглі сустрэцца з Аленай ў Вільні. Яе прыклад сведчыць, што вызваленні магчымыя. Гэта вынік сумеснага ціску, міжнародных намаганняў і салідарнасці. І пакуль сотні людзей усё яшчэ застаюцца за кратамі, гэтая праца не можа спыняцца»
@CabinetBelarus
Сустрэча ў Міністэрстве адукацыі Літвы: што чакае беларускіх школьнікаў?
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета Маргарыта Ворыхава, дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова і старшыня Камітэта па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Павел Церашковіч сустрэліся з кіраўніцай Дэпартамента адукацыі Іалантай Навіцкайтэ, дырэктаркай групы па міжнародным супрацоўніцтве Юргай Струмскінэ і іншымі спецыялістамі Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы.
Абмеркавалі:
✨ прыняцце ў Літве новага Закона аб меншасцях і яго ўплыў на дзейнасць школ для нацыянальных меншасцей;
✨ павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якія вядуць заняткі з беларускімі дзецьмі;
✨ магчымасці інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і арганізацыі адпаведных моўных курсаў;
✨ магчымасці для сумесных праектаў.
Паводле слоў Іаланты Навіцкайтэ, падыход да адукацыі нацыянальных меншасцей не зменіцца з увядзеннем новага заканадаўства. Закон аб адукацыі рэгулюе, сярод іншага, адукацыю нацыянальных меншасцей, і гэтае рэгуляванне застаецца ў сіле. Прадстаўніца міністэрства запэўніла, што ніякіх абмежаванняў для існуючых школ нацыянальных меншасцей, у тым ліку Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, не плануецца. Школа працягне сваю дзейнасць у звычайным рэжыме, захоўваючы навучанне на беларускай мове.
Міністэрства рыхтуе новы двухгадовы план адукацыі, які прадугледжвае павелічэнне колькасці гадзін вывучэння дзяржаўнай (літоўскай) мовы для школ нацыянальных меншасцей. Аднак гэта не павінна адбывацца за кошт скарачэння гадзін, адведзеных на вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці.
Іаланта Навіцкайтэ адзначыла важнасць інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і магчымыя выклікі ў гэтым працэсе. Яна распавяла пра захады, якія прымаюцца, каб зрабіць гэты працэс як мага больш гладкім, асабліва ў частцы вывучэння літоўскай мовы, якая з’яўляецца абавязковым прадметам на выпускных экзаменах для ўсіх літоўскіх школьнікаў. Індывідуальныя запыты ў Міністэрства адукацыі, навукі і спорту разглядаюцца спецыяльнай камісіяй, якая можа вызваліць выпускнікоў ад гэтага экзамену, калі яны вучыліся ў літоўскай сістэме адукацыі толькі кароткі перыяд (да двух гадоў).
Акрамя таго, падчас сустрэчы прадстаўнікам Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы была прапанаваная ідэя арганізацыі сумеснай літоўска-беларускай канферэнцыі на тэму дэкаланізацыі і дэкамунізацыі адукацыі ва Усходняй Еўропе з выкарыстаннем досведу Літвы як прыкладу.
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета: «Для нас падтрыманне адукацыйных праектаў для беларусаў за мяжой, асабліва тых, што адбываюцца на нацыянальнай мове, гэта безумоўны прыярытэт. І Скарынаўская гімназія ў Літве – гэта добры прыклад менавіта такога, фактычна ўнікальнага праекта школы з беларускай мовай навучання па-за межамі краіны. Для беларусаў, якія цяпер вымушана знаходзяцца ў Літве магчымасць аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускую гімназію, гэта істотны крок для захавання ідэнтычнасці і прыналежнасці да нашай культуры. Агульная падтрымка беларусаў і іх права на адукацыю ў краінах ЕС – тая задача, якую мы спрабуем выконваць для магчымасці захавання падстаў будучага нацыянальнага адраджэння».
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета: «Гэтая сустрэча – важны крок у барацьбе за адукацыйныя правы беларускай моладзі. Для нас прынцыпова, каб беларусы, вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за рэпрэсій, мелі роўны доступ да адукацыі і магчымасці інтэграцыі ў Еўропе, не губляючы сваёй мовы і культуры».
@CabinetBelarus
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук пракаментаваў нядаўнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў вайсковай сферы:
«Днямі Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што ў краіне фарміруюцца воінскія эшалоны, і перавозка войска можа мець значны маштаб. Паводле атрыманай інфармацыі, на станцыі «Багатырова» каля Мінска пачаўся адбор пасажырскіх вагонаў для Міністэрства абароны рэжыму Лукашэнкі, ужо падрыхтавана 48 вагонаў. Адначасова пададзеныя заяўкі на грузавыя вагоны для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і іншага абсталявання.
Учора была ратыфікаваная дамова паміж Мінскам і Масквой аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэты дакумент дае Расіі права ствараць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі і замацоўвае яе магчымасць выкарыстоўваць Беларусь у сваіх ваенных мэтах. У выпадку ваеннага сутыкнення бакі будуць разглядаць напад на любога з іх як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы.
На фоне экспансійнай вайсковай палітыкі Расіі і яе адкрытай агрэсіі супраць Украіны любыя перамяшчэнні войскаў і тэхнікі на тэрыторыі Беларусі нясуць пагрозу. Няма ніякіх падстаў давяраць афіцыйнаму Мінску, калі ён заяўляе пра «планавыя вучэнні» або «штатныя манеўры». У 2022 годзе пад прыкрыццём вучэнняў Беларусь ужо стала пляцоўкай для ўварвання ва Украіну.
Паводле наяўных звестак, паміж беларускай і расійскай чыгункай праведзеныя ўніфікацыйныя мерапрыемствы для павелічэння прапускной здольнасці чыгуначных шляхоў. Чыгунка – самы хуткі і эфектыўны спосаб разгортвання вайсковага кантынгенту, таму такая інфармацыя заслугоўвае асаблівай увагі.
Таму сітуацыя адсочваецца, аднак на дадзены момант няма прыкмет непасрэднай эскалацыі. Ключавым сігналам да прыняцця далейшых рашэнняў стане значнае накапленне жывой сілы і тэхнікі з боку суагрэсараў»
@CabinetBelarus
«Нам патрэбная моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі»
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка выступіў на канферэнцыі да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, арганізаванай Сенатам Польшчы.
Канферэнцыя прайшла 25 лютага ў Сенаце Польшчы, суарганізатарам выступіла глабальная кааліцыя Community of Democracies. У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, міністр юстыцыі, генпракурор Адам Боднар, намесніца міністра замежных спраў Ганна Радван, амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Боднар, прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў, польскія сенатары і еўрадэпутаты.
«Стратэгія павінна быць толькі адна – моцная Еўропа, якая не саступае агрэсарам. Агрэсары разумеюць толькі мову сілы, таму прыйшоў час быць моцнымі», – адзначыў Павел Латушка.
У кантэксце пытання рэгіянальнай бяспекі намеснік кіраўніцы Кабінета згадаў важныя словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, агучаныя падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы: «мяжа бяспекі Еўропы праходзіць па ўсходняй мяжы Украіны, усходняй мяжы Беларусі, усходніх межах краін Балтыі, усходняй мяжы Фінляндыі».
«Нельга дазволіць, каб Беларусь стала падарункам для Пуціна. Са шкадаваннем заяўляю, што апошнім часам мы не чуем нічога пра Беларусь. Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь не будзе дэмакратычнай краінай, бо Беларусь мяжуе з Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. І "беларускі балкон" мае стратэгічнае значэнне», – падкрэсліў прадстаўнік Кабінета.
Павел Латушка згадаў пра планы арганізацыі вучэнняў «Захад 2025», у рамках якіх Расія плануе сцягнуць у Беларусь 100-150 тысяч салдат: «Лукашэнка, калі спатрэбіцца Крамлю, гатовы будзе паўтарыць сцэнарый лютага 2022 года».
«Важна разумець розніцу паміж беларускім і расійскім грамадствам. У Расіі большасць падтрымлівае вайну, у Беларусі пераважная большасць не падтрымлівае вайну і ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны. Большасць беларусаў супраць Лукашэнкі, а большасць расіян падтрымлівае Пуціна», – адзначыў Павел Латушка.
«З першых дзён поўнамаштабнай вайны беларусы змагаюцца на баку Украіны. Яны выходзілі на пратэсты, зрывалі рух ваенных эшалонаў, перадавалі разведданыя маніторынгавым групам. Увогуле беларусы за супраціўленне агрэсарам атрымалі 200 гадоў турмы. Усе апошнія сацапытанні паказваюць, што большасць беларусаў супраць вайны».
Павел Латушка асабліва адзначыў змаганне беларускіх дабраахвотнікаў у Палку Каліноўскага і іншых падраздзяленнях УСУ за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Таксама ён падкрэсліў гераізм беларусаў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы Украіну.
«Ім нельга здрадзіць. Мы павінны матываваць беларусаў працягваць барацьбу за дэмакратыю.
Калі мы сёння прайграем гэтую барацьбу за беларусаў, то праз некалькі гадоў на мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай можа з'явіцца расійскі жаўнер, гатовы напасці на Еўрапейскі саюз, ці, у горшым выпадку, беларус у расійскай форме, гатовы да агрэсіі. Нельга пакінуць беларусаў за жалезнай заслонай.
Неабходная стратэгія ЕС для падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Мы не просім F-35 – перадайце іх Украіне, але неабходна падтрымліваць беларускае грамадства, прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку, а таксама падтрымліваць незалежныя СМІ і блогераў.
Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, актыўна падтрымліваем і будзем падтрымліваць Украіну, але нам таксама патрэбна моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі», – адзначыў ў выступленні прадстаўнік Кабінета.
@CabinetBelarus
Кампанія «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» запрашае прыняць удзел у адукацыйным візіце
Гэтым разам удзельнікі накіруюцца ў Фландрыю – федэральны рэгіён Бельгіі – з 14 па 18 красавіка 2025 года.
«Візіт у Фландрыю – гэта ўнікальная магчымасць паглыбіцца ў еўрапейскі досвед дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання, пазнаёміцца з Фландрыяй – адным з найцікавейшых еўрапейскіх рэгіёнаў з моцнай мадэллю мясцовага самакіравання, стабільнай эканомікай і ўнікальным вопытам дэцэнтралізацыі», – адзначыў Юрый Губарэвіч, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета і каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв».
Што чакае ўдзельнікаў?
✨ Сустрэчы з прадстаўнікамі фламандскага парламента і ўрада
✨ Знаёмства з практыкай мясцовага самакіравання
✨ Паглыблены разгляд эканамічнага развіцця, бюджэтнай палітыкі, сацыяльных рэформ і грамадскай бяспекі
Для ўдзелу ў візіце неабходна далучыцца да «Кадравага рэзерву». Калі вы яшчэ не сталі ўдзельнікам праграмы, вы можаце падаць заяўку па спасылцы.
@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет прыняў рашэнне ўзнагародзіць выбітных людзей
Адпаведныя пастановы 24 лютага 2025 года падпісала кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджваюцца:
✨Цзывай Со – брытанскі архітэктар і мастак, аўтар праекта знакамітай беларускай царквы ў Лондане, папулярызатар Беларусі і беларускай культуры ў свеце;
✨Аляксандр Лукашук – беларускі журналіст, публіцыст і перакладчык.
Медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) узнагароджваецца:
✨Паліна Шарэнда-Панасюк – палітычная актывістка.
Медалём «Гонар і годнасць» узнагароджваюцца:
✨Алесь Юркойць – беларускі краязнаўца і грамадскі дзеяч, папулярызатар беларускай культуры і мовы;
✨Марыя Зайцава (пасмяротна) – беларуская добраахвотніца ў складзе Другога інтэрнацыянальнага легіёну Украіны, якая гераічна загінула ў вайне супраць расійскіх агрэсараў за свабоду Украіны і Беларусі.
Яшчэ два чалавекі атрымаюць узнагароды непублічна. Яны ўшанаваныя медалём Францыска Скарыны – за высокія дасягненні ў сваёй дзейнасці – і медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) – за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
Выканаўцу абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Паўлу Баркоўскаму даручана арганізаваць урачыстую цырымонію ўручэння ўзнагарод.
@CabinetBelarus
«Беларусы змагаліся пад Кіевам і Харкавам, у Бахмуце і пад Запарожжам. Яны ведалі, што б’юцца не толькі за Украіну, але і за будучыню Беларусі»
Каманда Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Кабінета, адказная за каардынацыю падтрымкі добраахвотнікаў і іх сем’яў, заклікае беларусаў аказаць дапамогу беларускім ваярам, якія абараняюць Украіну:
«1097 дзён таму Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Але гэта не толькі вайна супраць Украіны – гэта вайна супраць усёй свабоднай Еўропы. Калі агрэсар не будзе спынены тут, ён пойдзе далей.
Беларусы з першага дня далучыліся да барацьбы. Добраахвотнікі сталі ў шэрагі абаронцаў Украіны, партызаны наносілі ўдары па акупантах, валанцёры забяспечвалі дапамогу на ўсіх узроўнях. Гэта быў усвядомлены выбар: не заставацца ўбаку, а дзейнічаць.
Беларускае супраціўленне вайне – гэта тое, пра што нельга маўчаць. Беларускія добраахвотнікі змагаліся пад Кіевам, Харкавам, у Бахмуце, пад Запарожжам, на ўсіх украінскіх франтах. Яны ведалі, што іх бітва не толькі за незалежнасць Украіны, але і за будучыню Беларусі.
За гэтыя тры гады мы страцілі найлепшых. Беларускія добраахвотнікі ішлі ў бой не па загадзе, а па сумленні. Яны заплацілі найвышэйшую цану за перамогу. І калі мы забудзем іх імёны, мы здрадзім сабе.
І памятайма пра тых, хто сёння працягвае барацьбу, альбо мае патрэбу ў рэабілітацыі. Вайна мяняе лёсы, і людзі, якія ахвяравалі ўсім, не павінны заставацца сам-насам са сваімі цяжкасцямі.
Мы заклікаем беларускае грамадства падтрымліваць усіх, хто ваюе ў складзе розных падраздзяленняў. Гэта наш абавязак. Гэта нашыя людзі, касцяк нацыянальна-вызвольнага войска, якое будзе абараняць будучую дэмакратычную Беларусь».
@CabinetBelarus
«Мы безумоўна салідарныя з народам Украіны, якому мы жадаем перамогі і справядлівага міру»
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі далучыліся да акцыі беларусаў Варшавы ля помніка Каперніку, якая адбылася ў нядзелю, 23 лютага, напярэдадні трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Павел Латушка: «Мы маем права трактаваць гэта з пункта гледжання міжнароднага права як агрэсію, ваеннае злачынства. Самае жудаснае злачынства з усіх міжнародных. Агрэсарам у гэтай вайне з’яўляецца і Лукашэнка. Не суагрэсарам. Бо міжнароднае права акрэслівае прадастаўленне тэрыторыі для атакі на іншую краіну як агрэсію. Мы робім усё, каб адказнасць вінаватых у гэтым наступіла. Каб Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны быў створаны. Да стварэння гэтага трыбуналу ўжо далучылася 40 еўрапейскіх дэмакратычных дзяржаў. Ён, спадзяюся, будзе абвешчаны ў красавіку гэтага года ў Кіеве. Я ўпэўнены, што ў матэрыялах гэтага спецтрыбунала, у пракурораў, павінны быць доказы злачынства агрэсіі, дзейсненага Лукашэнкам і яго генераламі».
Павел Баркоўскі: «Мы безумоўна салідарныя з народам Украіны, якому мы жадаем перамогі і справядлівага міру. Пры гэтым нам нельга забываць і пра тое, што ў Беларусі сёння таксама працягваецца свая вайна. Неабвешчаная вайна рэжыму Лукашэнкі з народам, беларускай мовай і нацыянальнай культурай. Вайна, вынікам якой можа стаць вынішчэнне беларусаў як нацыі. Таму для нас, як і для ўкраінскага народа, яна цяпер застаецца нацыянальна-вызвольнай барацьбой супраць імперыі і яе памагатых. І справядлівы мір для нас азначае не толькі канчатковае вызваленне Украіны, але таксама і свабоду для Беларусі».
@CabinetBelarus
Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі выказвае цвёрдую салідарнасць з народам Украіны, які самааддана змагаецца за сваю незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць супраць расійскай агрэсіі, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.
Кабінет адзначае, што беларускае грамадства захоўвае непрыняцце расійскай агрэсіі, нягледзячы на рэпрэсіі з боку рэжыму. Мы паважаем кожнага, хто смела выступае супраць вайны, рызыкуючы свабодай і жыццём. Асаблівая пашана тым беларусам, якія цяпер змагаюцца са зброяй у руках у складзе Узброеных сіл Украіны. Мы таксама схіляем галовы перад памяццю тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду Украіны.
Кабінет падтрымлівае намаганні ўрадаў дэмакратычных краін, якія працягваюць аказваць Украіне ўсебаковую дапамогу, уключаючы пастаўкі сучасных узбраенняў, фінансавую і гуманітарную падтрымку. Эфектыўная дапамога міжнароднай супольнасці застаецца вырашальнай умовай для дасягнення ўстойлівага і справядлівага міру.
Кабінет падтрымлівае намаганні 40 дэмакратычных краін па стварэнні Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і будзе працаваць над зборам і перадачай доказаў здзяйснення агрэсіі рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны, а таксама працягваць працу сумесна з Украінай над прыцягненнем да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзяйсненне ваеннага злачынства па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іх далейшай індактрынацыі.
Для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падтрымка Украіны на шляху да справядлівага і ўстойлівага міру застаецца стратэгічным прыярытэтам. Мы зацікаўленыя ў сумеснай працы з украінскім кіраўніцтвам па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і процідзеяння расійскім захопніцкім планам.
Толькі дэмакратычная і незалежная Беларусь здольная стаць донарам бяспекі для Еўропы, каб умацаваць мір у рэгіёне. Гістарычная повязь беларускага і ўкраінскага народаў – гэта надзейны фундамент для далейшага супрацоўніцтва, а агульная мэта – змагацца за дзяржаўнасць і незалежнасць нашых краін, а ў далейшым і забяспечыць мірную будучыню для ўсёй Усходняй Еўропы.
Слава Украіне!
Жыве Беларусь!
Вільня, Варшава,
24 лютага 2025 года
@CabinetBelarus
❗️Будзьце ўважлівыя: распаўсюджваецца фэйкавая апытанка ад імя Кабінета
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, папярэджвае пра фэйк і нагадвае правілы інфармацыйнай бяспекі:
«Мы праверылі: анкету, якая цяпер распаўсюджваецца ў публічных чатах нібыта ад імя Кабінета, стварылі не мы. Гэта фэйк. Яна вельмі падобная на арыгінальную анкету, але збірае e-mail адрасы, што ўжо выклікае пытанні.
Мы ж наўмысна не збіраем персанальныя даныя, каб не падвяргаць вас небяспецы.
Заклікаю ўсіх быць уважлівымі і не давяраць інфармацыі, якая распаўсюджваецца праз неправераныя кантакты і ананімныя акаўнты. Не запаўняйце падазроныя апытанкі і паведамляйце пра такія выпадкі нам: @belcabinet_bot
Актуальная анкета ад Прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы і студэнцтве даступная толькі тут. Яна распаўсюджваецца толькі праз афіцыйныя акаўнты Кабінета і платформу “Гэта моладзь”»
@CabinetBelarus
«Здароўе беларусаў хвалюе толькі саміх беларусаў»
Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, урач Станіслаў Салавей – з нагоды Сусветнага дня аховы здароўя:
«У нармальнай дзяржаве клопат пра здароўе людзей – адна з галоўных задач. Але беларусы бачаць іншую рэальнасць.
Улады ігнаруюць пандэміі, заклікаюць піць атручаную ваду, нязгодных змяшчаюць у нечалавечыя ўмовы і пазбаўляюць медыцынскай дапамогі. Сістэма страчвае дасведчаных спецыялістаў, а маладых – лічыць прыгоннымі.
Уводзяцца штучныя бар’еры на шляху сучасных лекаў. Калі чалавек сутыкаецца з цяжкай хваробай, дзяржава абыякава ўмывае рукі і сям’я вымушана спадзявацца на неабыякавых беларусаў.
Пры гэтым у краіне масава адкрываюцца тытунёвыя кіёскі каля школ і паліклінік, палітыка рэжыму зводзіцца да “чаркі і шкваркі”, будуюцца лядовыя палацы, куды звычайная сям’я не можа адправіць дзіця. Чыноўнікі ад медыцыны хлусяць і хаваюць статыстыку. Тых, хто памёр падчас эпідэміі, абвінавачваюць саміх у сваёй смерці.
Падчас пандэміі COVID-19 Лукашэнка свядома змяншаў небяспеку сітуацыі. Сацыяльныя і медыяканалы не маглі адкрыта казаць пра маштабы праблемы. Усё гэта сведчыць: здароўе беларусаў сёння не з’яўляецца прыярытэтам для рэжыму.
Мы павінны разам дамагацца, каб у новай Беларусі жыццё і здароўе чалавека сталі сапраўднай каштоўнасцю, а не пустой дэкларацыяй».
@CabinetBelarusл
Беларускія арганізацыі ў Варшаве атрымаюць больш магчымасцей для супрацоўніцтва і падтрымкі
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета паведамляе аб выніках рабочай сустрэчы, якая прайшла ў мэрыі Варшавы з удзелам в.а. прадстаўніка Кабінета Паўла Баркоўскага, прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і фонду «Тутака», дырэктара Бюро культуры Варшавы Артура Юзьвіка, спецпрадстаўніка МЗС Польшчы па справах Беларусі Адама Халацінскага, а таксама супрацоўнікаў Бюро міжнароднага супрацоўніцтва.
Абмеркавалі:
✨магчымасць стварэння шматфункцыянальнай прасторы для беларускіх арганізацый у Варшаве;
✨даступнасць памяшканняў на некамерцыйных умовах;
✨інфармаванне пра стыпендыі і конкурсы з польскага боку;
✨супрацоўніцтва з польскімі культурнымі інстытуцыямі, у тым ліку фармат адукацыйных візітаў;
✨кансультацыі пра патрэбы беларускай супольнасці;
✨візавая падтрымка творцаў з Беларусі – пакуль у індывідуальным парадку праз рэкамендацыі давераных арганізацый, з перспектывай пераходу да сістэмных рашэнняў.
Па выніках сустрэчы польскі бок падрыхтаваў комплексны дакумент з пералікам інструментаў і кантактаў для беларускіх арганізацый, зарэгістраваных у Польшчы. Версія на беларускай мове дадаецца.
Павел Баркоўскі: «Беларуская супольнасць у Варшаве мае патэнцыял для стварэння паўнавартаснай культурнай прасторы. Але патрэбна каардынацыя, ініцыятыва знізу і разуменне, што гарадскія механізмы падтрымкі адкрытыя – варта толькі карыстацца імі».
Прадстаўніцтва таксама звяртае ўвагу на магчымасці:
✨удзелу беларускіх ініцыятыў у профільных камісіях пры Бюро культуры Варшавы;
✨падпіскі на штотыднёвую рассылку Бюро міжнароднага супрацоўніцтва;
✨ кансультацый з Варшаўскай абсерваторыяй культуры і Старамескім домам культуры, якія падтрымліваюць міжкультурнае супрацоўніцтва.
Зацікаўленыя арганізацыі могуць звяртацца ў Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета для каардынацыі і атрымання дадатковай інфармацыі.
@CabinetBelarus
Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка прывіталі рэзалюцыю Еўрапарламента, у якой асуджаецца ўзмацненне рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі і заклікае да тэрміновых дзеянняў для абароны правоў чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыю падтрымалі 535 дэпутатаў, 19 выступілі супраць.
Святлана Ціханоўская: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, – палітычная і гуманітарная катастрофа. Рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. Гэтая рэзалюцыя, прынятая ў тэрміновым парадку, падкрэслівае неабходнасць неадкладнай міжнароднай увагі і дзеянняў, крокаў па вызваленні палітвязняў і спыненні тэрору. Я ўдзячная ўсім еўрадэпутатам за падтрымку».
Павел Латушка: «Я ўдзячны дэпутатам Еўрапарламента і асабіста дэпутату Міхалу Кабоску за прынцыповую пазіцыю і канкрэтнае дзеянне ў адказ на новыя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Гэта пасланне дыктатару: злачынствы супраць беларусаў за мяжой не застануцца беспакаранымі».
У прыватнасці, у рэзалюцыі адзначаецца неабходнасць вызвалення палітвязняў, асуджаюцца спробы пераследу беларусаў за мяжой, змяшчаецца заклік да ўзмацнення падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, а таксама да далейшых санкцый супраць адказных за рэпрэсіі.
Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд паскорыць працэсы па расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі.
@CabinetBelarus
Баркоўскі: «Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня»
28 лютага ў Вільні адбыўся круглы стол «Урбананімічная прастора Беларусі: канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі», арганізаваны Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Гісторыкі, мовазнаўцы і культуролагі абмеркавалі, чаму ў беларускіх гарадах і да сёння захоўваецца савецкая і імперская тапанімічная спадчына, як і чаму мясцовыя ўлады блакуюць перайменаванні і якія прынцыпы павінны быць у аснове вяртання гістарычных назваў. Удзел у дыскусіях прынялі Андрэй Казакевіч, Алесь Капуцкі, Алесь Чайчыц, Святлана Куль-Сяльверстава, Уладзімір Хільмановіч, Яўген Малікаў, Аляксей Ластоўскі, Алесь Адамковіч, Сяргей Харэўскі, Вінцук Вячорка.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі падвёў вынікі і растлумачыў значэнне круглага стала і працы ў межах яго тэматыкі:
«Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня. Чалавек можа ўсё жыццё хадзіць па вуліцы Леніна і ніколі не даведацца, што продкі называлі яе Францішканскай. Жыць на Камсамольскай, не здагадваючыся, што яна насіла імя святога Феліцыяна – заступніка Мінска. Штодня мінаць плошчу 8 сакавіка і не ведаць, што ўвесь папярэдні час гэта быў Нізкі рынак.
Тапанімічная спадчына Беларусі працягвае заставацца пад моцным уплывам чужых ідэалогій. У гарадах і мястэчках дагэтуль дамінуюць назвы, звязаныя з савецкімі дзеячамі, «інтэрнацыяналам» і вайсковымі тэрмінамі. Мы бачым, што нават дзе была магчымасць для змен, чыноўнікі не спяшаліся пазбаўляцца «камуністычнага іканастаса». Сёння амаль не засталося тых, хто ўсур’ёз верыць у ідэі камунізму, але ў нашых гарадах працягваюць дамінаваць імёны рэвалюцыянераў і генералаў, якія ніяк не звязаны з мясцовай культурай.
Тапанімічная палітыка – гэта не толькі пытанне мінулага, але і будучыні. Як паказваюць даследаванні, тапанімічнае асяроддзе ўплывае на нашыя культурныя арыенціры. Калі ў буйных гарадах кожная трэцяя назва – савецкая, то што атрымлівае дзіця, якое расце ў такім атачэнні? Калі ў Мінску не знойдзецца вуліц ні Быкава, ні Барадуліна, ні Саламеі Русецкай, то якія каштоўнасці сфарміруюцца ў новых пакаленняў?
Мы не можам чакаць, калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя самі сабой. Круглы стол яшчэ раз даказаў, што сістэмная праца павінна весціся ўжо зараз: стварэнне рэестраў аўтэнтычных назваў, распрацоўка тапаграфічных карт, каб быць гатовымі змяняць гарадскі ландшафт тады, калі адкрыецца акно магчымасцей.
Гэта не проста перайменаванні. Гэта аднаўленне гістарычнай памяці. Гэта выбар, які вызначае, у якім сімвалічным свеце будуць жыць будучыя пакаленні беларусаў».
@CabinetBelarus
«Трэба інвеставаць у беларускі народ, а не думаць аб тактычных зносінах з Лукашэнкам»
Павел Латушка даў інтэрв’ю аднаму з найбольш уплывовых польскіх выданняў «Gazeta Wyborcza». У ім намеснік кіраўніцы Кабінета падзяліўся ацэнкай кантактаў паміж новай адміністрацыяй ЗША і рэжымам Лукашэнкі, перспектыў адносін ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўропай, а таксама распавёў пра ролю «беларускага балкона», які можа выкарыстоўваць Лукашэнка і Расія ў дачыненні да ЕС. Публікуем некаторыя тэзісы:
📌«Умацаванне ЕС сёння ў нашых інтарэсах, у інтарэсах будучай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Мы, беларусы, знаходзімся ў Еўропе – і павінны спадзявацца на еўрапейскае партнёрства, на падтрымку з боку еўрапейцаў»
📌«Нашай задачай з’яўляецца тлумачэнне новай амерыканскай адміністрацыі і пашырэнне яе разумення ролі Лукашэнкі ў гэтай вайне, а таксама неабходнасць стварэння дэмакратычнай перспектывы для Беларусі»
📌«Я заўсёды шукаю аптымістычныя рашэнні. Пасля перамогі Дональда Трампа і ў сувязі з вайной ва Украіне еўрапейскія інстытуты не толькі задумваюцца, але і, нарэшце, пачалі прадпрымаць крокі, каб Еўропа стала мацнейшай і больш аб'яднанай, перш за ўсё самастойна клапоцячыся аб сваёй бяспецы».
📌«Трэба інвеставаць у беларускі народ, а не думаць аб тактычных зносінах з Лукашэнкам. Лукашэнка заўсёды будзе дзейнічаць у інтарэсах Пуціна, і гэта немагчыма змяніць. Заўтра Лукашэнка ўжо не будзе, таму варта ставіць на беларускі народ – толькі ён можа абараняць незалежнасць»
📌«6 снежня 2024 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі ў Мінску пагадненне аб узаемных гарантыях бяспекі. Гэта дае Расіі магчымасць устаноўкі дадатковых ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, якія могуць з’явіцца пасля вучэнняў "Захад 2025". Пагадненне таксама абавязвае Лукашэнку накіроўваць беларускае войска па просьбе Пуціна, напрыклад, у Курскую вобласць або ў Данбас, паколькі Крэмль лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі. Пасля падпісання гэтай дамовы ніхто не можа сцвярджаць, што Лукашэнка працягвае праводзіць самастойную палітыку ці зможа стаць незалежным ад Расіі. Падпісаўшы гэтае пагадненне, Лукашэнка здзейсніў палітычнае самагубства».
Больш падрабязна – па спасылцы.
Fot. Grzegorz Dąbrowski / Agencja Wyborcza.pl
@CabinetBelarus
Пытанні падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і беларусаў у Польшчы, незалежных медыя і структур дэмсіл, забеспячэнне інтарэсаў Беларусі ў сувязі з развіццём падзей у геапалітыцы
– Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка правёў сустрэчы са старшынём Камісіі па справах эміграцыі і сувязей з палякамі за мяжой, былым маршалкам Сената Польшчы Багданам Барусевічам і намеснікам старшыні Камісіі па пытаннях сям'і, пажылых людзей і сацыяльнай палітыцы Сената Польшчы Янам Філіпам Лібіцкім.
З Багданам Барусевічам абмеркавалі:
✨неабходнасць захавання на парадку дня ў еўрапейскай знешняй палітыцы сітуацыі ў Беларусі – і яе ключавое значэнне для бяспекі Еўропы;
✨важнасць падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі з боку Еўропы, у тым ліку ў кірунках функцыянавання іх інстытутаў;
✨падтрымку незалежных СМІ і блогераў у кантэксце барацьбы з дэзінфармацыяй беларускай і расійскай прапаганды;
✨важнасць працягу міжнароднага прававога і санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі з боку ЕС.
Багдан Барусевіч лічыць важным узмацніць процідзеянне абыходу санкцый з боку рэжыму Лукашэнкі ў інтарэсах Расіі, адначасова падкрэсліў гатоўнасць лабіраваць павелічэнне фінансавай падтрымкі для незалежных СМІ і блогераў у межах супраціву прапагандзе.
З Янам Філіпам Лібіцкім абмеркавалі:
✨падтрымку беларускай дыяспары і студэнтаў у Познані.
З Янам Філіпам Лібіцкім як членам ПАРЕ ад Польшчы абмеркавалі таксама супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы справаздачы ПАРЕ па пытаннях медыцынскай дапамогі ўкраінскім вайскоўцам у еўрапейскіх краінах. Павел Латушка ініцыяваў магчымасць улічыць у справаздачы важнасць падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку Украіны і атрымалі раненні.
Падчас абедзвюх сустрэч бакі гаварылі аб розных аспектах падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці і беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і знаходзяцца ў Польшчы.
@CabinetBelarus
«Пакаленне, якое пакладзе канец дыктатуры»
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава – да Сусветнага Дня некамерцыйных арганізацый:
«Сёння я хацела б асобна адзначыць ролю моладзевых НДА ў будучыні Беларусі. Бо яны выхоўваюць лідараў і лідарак, гатовых браць адказнасць за лёс краіны.
Рэжым Лукашэнкі баіцца актыўных людзей з крытычным мысленнем і абвостраным пачуццём справядлівасці, таму пасля 2020 года знішчыў 1800 НДА, у тым ліку моладзевых, якія займаліся ў асноўным пытаннямі адукацыі і правоў чалавека. Але нягледзячы на рэпрэсіі, ініцыятывы працягваюць дзейнасць – у падполлі і за мяжой.
«РАДА», «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», «ІншыЯ». Бясспрэчна, гэта не офісы і пячаткі. Гэта людзі. І яны, нягледзячы на пераслед, падтрымліваюць палітвязняў, ладзяць адукацыйныя праграмы, рыхтуюць глебу для новай Беларусі. І я вельмі ўдзячная ім за ўсё, што яны робяць.
І пры кожнай магчымасці я заклікаю прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці узмацніць падтрымку беларускіх няўрадавых арганізацый. Бо гэта ўклад у пакаленне, якое пакладзе канец дыктатуры і пабудуе свабодную Беларусь»
@CabinetBelarus
Павел Латушка вядзе кансультацыі з амбасадарамі краін-чальцоў ЕС, акрэдытаванымі ў Варшаве
За апошнія дні адбыліся сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета з амбасадарамі Латвіі, Літвы і Францыі.
Асноўныя мэты сустрэч:
✨ падтрымка з боку ЕС беларускіх незалежных СМІ і блогераў, якія супрацьдзейнічаюць прапагандзе ў Беларусі;
✨ улік інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці пры распрацоўцы стратэгіі еўрапейскай бяспекі;
✨ падтрымка дэмакратычных інстытутаў Беларусі як рэальнай альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі.
Павел Латушка: «Моцная Еўропа зможа размаўляць з рэжымам Лукашэнкі мовай сілы, якую ён толькі і можа зразумець. Моцная Еўропа – гэта дадатковая сіла для беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду.
Ва ўмовах спынення падтрымкі ЗША асабліва важна захаваць падтрымку беларускага грамадства ў ліку ключавых прыярытэтаў еўрапейскай палітыкі.
У сувязі з планамі па распрацоўцы стратэгіі еўрапейскай бяспекі важна прадугледзець у гэтым дакуменце падтрымку дэмакратычных інстытутаў, СМІ, блогераў і ў цэлым беларускай грамадзянскай супольнасці, якая імкнецца да аднаўлення дэмакратыі і свабоды ў Беларусі і вядзе барацьбу за незалежнасць краіны».
Павел Латушка падзякаваў амбасадарам краін ЕС за прыняцце моцнага санкцыйнага пакета, падкрэсліўшы, што санкцыі – адзін з інструментаў ціску, накіраваных на тое, каб прымусіць рэжым правесці змяненні ва ўнутранай і знешняй палітыцы, а менавіта:
- спыніць масавыя рэпрэсіі і вызваліць палітзняволеных;
- адмовіцца ад падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны;
- спыніць гібрыдную вайну супраць ЕС з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў.
Падчас сустрэч таксама перададзеная заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Падкрэслена важнасць далейшай дапамогі Украіне і падтрымкі памкненняў беларусаў да свабоднай і незалежнай Беларусі.
На фота: Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка з амбасадарам Францыі ў Польшчы Эцьенам дэ Понсэнам.
@CabinetBelarus
У Вільні пройдзе круглы стол, прысвечаны ўпарадкаванню найменняў гарадской прасторы Беларусі
Павел Баркоўскі, выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, запрашае зарэгістравацца на мерапрыемства:
«Беларусы, як і нашыя суседзі ўкраінцы, моцна патрабуюць пераасэнсавання ўласнай сімвалічнай прасторы існавання, бо фактычны захоп «рускім светам» гістарычнай памяці і мясцовых традыцый пасля адбіваецца на ўзроўні трагедыі нацыянальнага маштабу.
Палітыка 4Д: дэкамунізацыі, дэідэалагізацыі, дэкаланізацыі і дэімперыялізацыі – гэта адзін з падмуркаў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, на якой грунтуецца наша дзейнасць.
І гэты круглы стол – фактычны працяг адразу некалькіх распачатых нашым Прадстаўніцтвам кірункаў: палітыкі дэкамунізацыі і дэкаланізацыі і моўнай палітыкі.
На стыку гэтых тэм пры ўдзеле профільных спецыялістаў і экспертаў адбудзецца абмеркаванне таго стану, у якім цяпер знаходзіцца ўрбананімічная спадчына беларускіх гарадоў (назвы вуліц, плошчаў і праспектаў).
У якой ступені яна дасюль застаецца пад моцным уплывам савецкай і імперскай ідэалогіі? Якія наробкі мы ўжо маем, каб казаць пра існаванне арыгінальнай беларускай урбананімічнай традыцыі?
Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца 28 лютага ў Вільні падчас круглага стала «Урбананімічная прастора Беларусі. Канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі».
У фінале мерапрыемства, з 18:00 да 19:00, адбудзецца адкрытая дыскусія «Якія могуць быць падыходы да ўпарадкавання ўрбаністычнага ландшафту Беларусі?», на якую мы запрашаем шырокую супольнасць. Удзельнікі дыскусіі – Вінцук Вячорка, Алесь Капуцкі, Павел Церашковіч, Алесь Пашкевіч. Мадэратар – Андрэй Казакевіч.
Дакладнае месца правядзення мы агучым пасля рэгістрацыі».
✍️ Рэгістрацыя для прадстаўнікоў медыя і гасцей
@CabinetBelarus
7 груп украінскіх дзяцей незаконна перамешчаныя ў Беларусь
З нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка распавёў аб дзейнасці яго каманды па зборы і дакументаванні доказаў злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей:
«Тры гады з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. Падчас гэтай вайны Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей.
Нашая каманда на працягу 2 гадоў сістэматычна збірае і дакументуе доказы гэтых злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і іх прымусовай індактрынацыяй.
У чэрвені і лістападзе 2023 года мы перадалі сабраныя матэрыялы напрамую прадстаўнікам Офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда: сведчанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей і факты іх прымусовай інтэграцыі ў беларускае і расійскае сацыяльна-культурнае асяроддзе.
Паводле сабраных намі даных, агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3500 чалавек. З лістапада 2024 года па студзень 2025 года мінімум 7 груп дзяцей былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасць з іх – з Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласцей Украіны. Не менш як 120 дзяцей сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі.
Сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем дакументы, змяшчаюць даныя аб датах і месцах знаходжання дзяцей, абставінах іх перамяшчэння, праграме іх знаходжання ў Беларусі; крыніцах інфармацыі, выкарыстаных для пацвярджэння даных (фатаграфіі, відэазапісы, дакументы).
Мы працягваем актыўную працу, фіксуючы новыя выпадкі злачынстваў і выяўляючы вінаватых.
Мы нагадваем асобам, адказным за ўчыненне гэтых злачынстваў, што яны не маюць тэрміну даўнасці, а справядлівасць абавязкова пераможа».
@CabinetBelarus
Прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка пракаментаваў новыя абмежавальныя меры Еўрасаюза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі:
«Сёння мы зрабілі чарговы крок ва ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі. Еўрасаюз прыслухаўся да нашых прапаноў, якія мы неаднаразова агучвалі падчас сустрэч з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, у тым ліку ў рамках Кансультатыўнай групы "Беларусь – ЕС" у Бруселі ў снежні 2024 года.
У прыватнасці, ЕС яшчэ больш гарманізаваў гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі, а таксама пашырыў пералік тавараў, абмежаваных да транзіту праз Беларусь, каб прадухіліць абыход санкцый з выкарыстаннем трэціх краін.
Удасканальваюцца механізмы выканання санкцый, палепшана ўзаемадзеянне паміж органамі ЕС па барацьбе з абыходам санкцый (у тым ліку з дапамогай крыптаактываў) і ўзмацняецца кантроль за выкананнем дзеючых абмежаванняў.
Цяпер пэўныя тыпы арганізацый абавязаны паведамляць аб падазроных транзакцыях у падраздзяленні фінансавай разведкі. Ад фізічных і юрыдычных асоб ЕС цяпер патрабуецца прадастаўляць любую інфармацыю, якая садзейнічае рэалізацыі санкцый, кампетэнтнаму органу дзяржавы-чальца, у якой яны знаходзяцца, на працягу двух тыдняў з моманту атрымання гэтай інфармацыі, і супрацоўнічаць пры праверцы.
Таксама 24 лютага 2025 года ЕС упершыню ўвёў санкцыі супраць замежных банкаў за выкарыстанне Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (SPFS). Забарона закранула крэдытныя і фінансавыя ўстановы за межамі Расіі. Пад другасныя санкцыі патрапілі тры банкі. Яны выкарыстоўвалі расійскі аналаг SWIFT для абыходу санкцый ЕС. Два з іх – Банк БелВЭБ і Белгазпрамбанк – зарэгістраваны ў Беларусі».
@CabinetBelarus
«Беларусь – гэта не рэжым, а людзі, якія рызыкуюць свабодай, каб спыніць вайну»
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, выказалася аб маштабах рэпрэсій у дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў у Беларусі, якія выступілі супраць расійскай агрэсіі:
«Беларусы супрацьстаялі гэтай вайне з першага дня – і працягваюць змагацца нават у самых складаных умовах. За антываенныя акцыі, якія прайшлі ў Беларусі ў лютым 2022 года, было затрымана каля тысячы чалавек. Многія атрымалі гады зняволення.
Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 209 чалавек былі асуджаныя за падтрымку Украіны ў межах крымінальных спраў. Сярод іх – 41 чалавек за данаты беларускім добраахвотнікам, 30 – за намер ваяваць супраць агрэсара, 93 – за перадачу ў СМІ фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі.
Асабліва жорстка рэжым абыйшоўся з «рэйкавымі партызанамі» – 11 чалавек асуджаныя на вялізарныя тэрміны за спробы спынення руху вайсковых эшалонаў Расіі праз Беларусь.
Васіля Верамейчыка, удзельніка баявых дзеянняў ва Украіне ў складзе корпуса беларускіх добраахвотнікаў, якога захапілі ў В’етнаме і перадалі спецслужбам. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Вядома, што ў дачыненні да беларускіх добраахвотнікаў прымяняюцца асабліва жорсткія метады пераследу.
Рэпрэсіі не абмяжоўваюцца толькі беларусамі. Пад удар трапілі і грамадзяне Украіны. Ёсць выпадкі, калі ўкраінцы сталі ахвярамі крымінальнага пераследу па абвінавачаннях у так званых «спробах дыверсій» і «шпіянажы». Паводле «Вясны», сёння ў Беларусі асудзілі мінімум 13 грамадзян Украіны.
Рэжым Лукашэнкі зрабіў усё, каб падушыць любое супраціўленне вайне, але беларусы не спыніліся. Беларусы паказалі, што Беларусь – гэта не рэжым, які стаў суагрэсарам у гэтай вайне, а людзі, якія рызыкуюць свабодай, каб яе спыніць.
Мы паслядоўна заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення пераследу тых, хто выступіў супраць вайны, і просім аб публічнай увазе міжнароднай супольнасці да катастрафічнай сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
Кожны і кожная з тых, хто знаходзяцца ў зняволенні за сваю грамадзянскую пазіцыю, павінны ведаць: пра іх памятаюць, за іх працягваюць змагацца».
@CabinetBelarus
Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны:
📌 З самага дзяцінства нас вучаць, што вайна – гэта трагедыя, і няма нічога, што можа апраўдаць жорсткае кровапраліцце, зруйнаваныя гарады і бясконцыя смерці. У школах і ўніверсітэтах нам распавядаюць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Як жа атрымалася, што ўжо тры гады працягваецца поўнамаштабная вайна ва Украіне?
📌 Мы, беларусы, – самадастатковая нацыя. Мы супраць вайны і імкнёмся выхоўваць дзяцей, якія шануюць мір і волю, а не адгароджваюцца ад іншых калючым дротам.
📌 Звяртаюся да вас з заклікам: не дайце шанцу «рускаму міру» прарасці ў вас. Не верце ніводнаму слову пра «неабходныя страты» і «дэнацыфікацыю». Важна памятаць, хто развязаў гэтую вайну і на кім ляжыць адказнасць за сотні тысяч бессэнсоўных смерцяў.
@CabinetBelarus
Павел Латушка звярнуўся з вітальным словам да фіналістаў IV Міжнароднага дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы ў Беластоку:
«Мова – гэта вялікі народны скарб, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яе нельга не шанаваць, бо гэта не проста словы, а душа народа. Як нельга не паважаць родны народ, так нельга забываць яго мову, бо ў ёй жыве яго гісторыя і нацыянальная годнасць», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета.
Конкурс, арганізаваны фондам TUTAKA і Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, стаў важнай падзеяй для ўсіх, хто імкнецца захаваць і папулярызаваць беларускую мову. Мерапрыемства сабрала шырокае кола ўдзельнікаў, зацікаўленых у развіцці беларускай культуры і падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне.
Павел Латушка падкрэсліў, што мова – гэта не толькі сродак камунікацыі, але і найважнейшы элемент нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Ён адзначыў, што нават у часы рэпрэсій і жорсткіх абмежаванняў на яе выкарыстанне беларуская мова працягвае гучаць дзякуючы тым, хто яе шануе, вывучае і развівае.
У знак удзячнасці за ўклад у развіццё беларускай культуры Павел Латушка перадаў лаўрэатам падарункі – цішоткі з нацыянальным арнаментам. Таксама намеснік кіраўніцы Кабінета прачытаў урывак са знакамітай паэмы «Рыбакова хата» Якуба Коласа, які тычыцца героя гэтага твора, рыбака Сымона Латушкі. Палітык распавёў асабістую гісторыю, як ён атрымаў у падарунак гэты твор Песняра (кнігу, якая была выдадзена яшчэ пры жыцці Якуба Коласа) падчас наведвання філіяла музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына».
У межах паездкі ў Беласток Павел Латушка таксама сустрэўся з:
✨ваяводам Падляскага ваяводства Яцэкам Бжазоўскім і намеснікам прэзідэнта Беластока Рафалам Рудніцкім, якія таксама выступілі на адкрыцці Міжнароднага дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы ў Беластоку;
✨рэдакцыяй незалежнага выдання «Мост», а таксама даў інтэрв’ю прадстаўнікам розных медыя, уключаючы «Радыё Рацыя», «Gazeta Wyborcza», «Polskie Radio Białystok».
@CabinetBelarus