Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай. Пытанні і прапановы @belcabinet_bot Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
⚡️Далучайцеся да прамой трансляцыі з форуму «Беларусы годныя лепшага»
Падключайцеся: https://www.youtube.com/live/iNUSn9dwRSQ
Памятайце пра меры бяспекі.
@CabinetBelarus
Павел Латушка: «26 студзеня — прысвяціце некалькі гадзін Беларусі.
26 студзеня — над Беларуссю зноў цемра хлусні і падману. Мы, беларусы ў бяспецы за мяжой, маем права і маем магчымасць сказаць, што не пагаджаемся з цемрашальствам, якое арганізаваў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.
26 студзеня. Выходзьце на вуліцы вашых гарадоў па ўсім свеце. Нам важна падтрымаць беларусаў унутры краіны, важна паказаць, што мы не забыліся і працягваем змаганне. Надзвычай важна і прадэманстраваць ўсяму свету, што мы, беларусы, — ёсць, мы не здаліся і працягваем нашую барацьбу.
26 студзеня прысвяціце некалькі гадзін Беларусі. Беларусы Варшавы і беларусы Польшчы, заклікаю вас прыйсці а 12:00 на пляц Трох Крыжоў у Варшаве і прыняць удзел у маніфестацыі, прыязджайце ў Варшаву і рэгіструйцеся на форум “Беларусы годныя лепшага”, які пачнецца а 14:00. Падчас мерапрыемства адбудуцца выступы ў стылі TED, выступы беларускіх палітыкаў і музычныя нумары беларускіх артыстаў. Пабачыце і паслухаеце самога Лявона Вольскага! Апранайце маскі, выкарыстоўвайце акуляры, калі вы клапоціся аб сваёй бяспецы.
Нам важна падтрымаць беларусаў унутры краіны і важна прадэманстраваць дэмакратычным грамадствам ва ўсім свеце, што мы, беларусы, не здаліся і працягваем нашую барацьбу за волю.
Да сустрэчы на форуме і на акцыях па ўсім свеце!»
@CabinetBelarus
«Тактыка перамоў з Лукашэнкам бессэнсоўная»
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка даў інтэрв’ю аднаму з найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў Польшчы – Польскаму агенцтву друку (Polska Agencja Prasowa – PAP). Некалькі тэзісаў з яго:
📌 Пра тое, чаму перамовы з Лукашэнкам бессэнсоўныя: «Лукашэнка не гарантуе незалежнасць, ён не гарантуе нічога і ніколі больш не зможа гарантаваць. Калі хтосьці думае, што кантакты з Лукашэнкам прывядуць да поспеху, – не. Давайце паглядзім на ўсе папярэднія выбары: пяць разоў Захад спрабаваў, і да чаго гэта прывяло? Да масавых рэпрэсій у Беларусі. Таму тактыка перамоў з Лукашэнкам бессэнсоўная. Трэба абапірацца на стратэгію, а стратэгія – гэта падтрымка беларускага народа. Трэба інвеставаць у беларускі народ, які ў большасці сваёй настроены прадэмакратычна».
📌 Пра тактыку дзеянняў на «бязвыбарах»: «У нас ёсць стратэгія, што рабіць на гэтых “бязвыбарах”. Мы не прапануем людзям галасаваць. Мы прапануем, каб людзі прыходзілі да выбарчых урнаў і там, атрымаўшы бюлетэнь, ставілі знак “супраць усіх“. Вядома, Лукашэнка сфальсіфікуе вынікі, але сістэма ўнутры – КДБ, яго службы – палічаць гэтыя галасы і данясуць да стала Лукашэнкі, што беларусы не змянілі сваіх поглядаў».
📌 Пра падтрымку з боку міжнароднай супольнасці: «Я хацеў бы падзякаваць польскім сенатарам за непрыняцце вынікаў “выбараў“ у Беларусі, за непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Такое рашэнне прыняў парламент Латвіі, спікер парламента Літвы, міністры замежных спраў Эстоніі, Нідэрландаў і іншых краін. Еўрапарламент прыняў вельмі моцную рэзалюцыю ў падтрымку палітычных зняволеных, нашай барацьбы, непрыняцця Лукашэнкі і закліку да ўсіх не прызнаваць яго».
📌 Пра прызнанне Каардынацыйнай рады:
«І яшчэ важна: Сенат Польшчы прызнаў Каардынацыйную раду, выбраную на сумленных выбарах, парламентам у выгнанні. Гэта гістарычны момант. Прызнанне парламента ў выгнанні стварае альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі, дае нам яшчэ больш сіл змагацца за нашы правы».
📌 Пра ціск рэжыму на беларускае грамадства: «Лукашэнка стварыў дадатковыя падраздзяленні спецыяльных унутраных войскаў на чале з прарасійскім генералам Карпенковым. Гэтыя спецыяльныя падраздзяленні прызначаны для барацьбы з беларусамі».
📌 Пра важнасць стратэгічнай падтрымкі Захаду: «Зараз важна стратэгічна, каб Захад, клапоцячыся пра сваю бяспеку (і я тут не аспрэчваю стратэгію бяспекі для ЕС), таксама звяртаў увагу на прычыны пагроз. А прычынай пагроз з’яўляецца прарасійскі рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. І вось мы маем большасць грамадства, якое настроена дэмакратычна. Гэтую частку неабходна інфармацыйна падтрымліваць, бо, калі мы страцім розумы беларусаў, то, на жаль, можа здарыцца так, што праз некалькі гадоў на мяжы ЕС і Украіны з’явяцца расійскія салдаты ў расійскай форме або, не дай бог, салдаты ў расійскай форме беларускага паходжання. Каб гэтага не здарылася, трэба інвеставаць у грамадства: інфармацыя, падтрымка незалежных медыя, стварэнне альтэрнатыўных інстытутаў і іх прызнанне».
Поўнае інтэрв’ю Паўла Латушкі Польскаму агенцтву друку
#бязвыбары2025
@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская запрашае далучыцца да мерапрыемстваў 26 студзеня
26 студзеня беларусы па ўсім свеце збіраюцца разам, каб выказацца супраць фарсу #бязвыбары2025 падтрымаць адно аднаго. Лідарка дэмакратычных сілаў возьме ўдзел у мерапрыемствах у Варшаве і запрашае ўсіх беларусаў і беларусак далучыцца!
Дзе можна будзе сустрэцца з нацыянальнай лідаркай?
📍12:00. Маштабны марш беларусаў і беларусак «Не мой выбар!»
Маршрут: «Plac Trzech Krzyży – Pomnik Kopernika – Plac Zamkowy»
12:00 – сустракаемся на Plac Trzech Krzyży (выступы спікераў)
12:15 – старт марша з Plac Trzech Krzyży
12:35 – прамежкавая кропка: Pomnik Kopernika (выступы спікераў)
13:15 – прыходзім у канчатковую кропку: Plac Zamkowy
13:15-13:45 – выступы спікераў і музыкантаў на Plac Zamkowy
📍14:00. Форум «Беларусы годныя лепшага»
Гэта пляцоўка, дзе лідары думак з розных сфераў падзеляцца меркаваннямі пра будучыню Беларусі. Выступы спікераў у стылі TED дапоўняць музычныя нумары ад легендарных беларускіх артыстаў.
🔗 Рэгістрацыя для гледачоў у Варшаве
🌎hodnyja.lepshaga"> Далучыцца да анлайн-трансляцыі з любой кропкі свету
«Вельмі вас усіх чакаю! Да сустрэчы»,
Шэраг выбітных асоб атрымае ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета
Адпаведную пастанову падпісала кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская:
Медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў сваёй дзейнасці ўзнагароджваецца Ніна Баршчэўская – беларуская мовазнаўца, грамадская і культурная дзяячка.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджваюцца:
▪️Рафал Дзенцялоўскі – журналіст, палітычны аглядальнік;
▪️Анджэй Войцех Рахуба – польскі гісторык і грамадскі дзеяч, прафесар Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук;
▪️Анджэй Ежы Закшэўскі – польскі юрыст, гісторык права і грамадскі дзеяч;
▪️сем сяброў Геральдычнай Рады (непублічна).
Крыжом Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) узнагароджваюцца:
▪️Яўген Вапа – беларускі журналіст, грамадскі дзеяч;
▪️Алег Латышонак – доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта.
Вышэйпералічаныя асобы праявілі адданасць інтарэсам беларускага народу і зрабілі значны ўклад у развіцце беларускай культуры.
Падрыхтаваць урачыстую цырымонію ўручэння ўзнагарод даручана Прадстаўніцтву па нацыянальным адраджэнні Кабінета.
@CabinetBelarus
Салідарнасць супраць #бязвыбары2025: спіс мерапрыемстваў
Беларусы па ўсім свеце аб'ядноўваюцца, каб сказаць «НЕ!» фарсу пад назвай #бязвыбары2025. Аснова нашай сілы – салідарнасць. Далучайцеся да акцыяў у вашым горадзе, каб выказаць сваю нязгоду з палітычным «спектаклем» рэжыму Лукашэнкі, а таксама падтрымаць беларускіх палітзняволеных і адно аднаго.
26 студзеня:
🇱🇹 Вільня, 10:00-18:00, плошча Кудзіркі. Акцыя
🇵🇱 Варшава:
– 11:00, Hoża 41, lok2, 11:00. Выстава «Minsk Anti Zoo. Red Mark», прысвечаная палітзняволеным жанчынам.
– 12:00, Марш у Варшаве «Не мой выбар», арганізаваны дыяспарай і дэмакратычнымі сіламі. Маршрут: «Plac Trzech Krzyży – Pomnik Kopernika – Plac Zamkowy»
– 14:00, Форум «Беларусы годныя лепшага». Публічная дыскусія з удзелам медыя, дыпламатаў, беларусаў і міжнародных гасцей. Рэгістрацыя для гледачоў.
–14:00, Прастора Free Belarus Center (Mokotowska, 24, lok. 64), 14:00. Спецыяльны праект «Ці пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020?»
– 16:00, Plac Zamkowy. Акцыя «Выбары-дурыбары»
– 17:20, Беларускі Моладзевы Хаб, Dożynkowa 6A (st. m. Racławicka). Кінапрагляд «Пад шэрым небам» і сустрэча з Марай Тамковіч
🇱🇹 Клайпеда, 16:00, Daukanto g.13-3. Сустрэча «Маленькі крок — таксама крок»
🇵🇱 Беласток, 14:00, MediaPort (Sienkiewicza, 44/2U). Кінапрагляд «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч
🇱🇻 Рыга, 12:00, Grēcinieku iela 30. Акцыя пратэсту
🇨🇿 Прага, 14:00, Sádky 626/17, Praha 7 – Troja. Акцыя пратэсту супраць правядзення так званых «прэзідэнцкіх выбараў»
🇺🇸 Charlotte, 18:00, Romare Bearden Park (300 S Church St, Charlotte, NC 28202). Акцыі па непрызнанні «выбараў» у Беларусі.
🇮🇹 Балоння, 15:00, Piazza Nettuno. Акцыя да «бязвыбараў»
🇺🇸 Філадэльфія, 15:00, Філадэльфія, LOVE Park (Arch St, Philadelphia, PA 19102 ЗША). Сустрэча Belarus Freedom
– Акцыя «Лукашенку ў шрэдар»:
🇵🇱 Варшава, 16:00, Беларускі Моладзевы Хаб, Dożynkowa 6A (st. m. Racławicka).
🇦🇹 Клагенфурт, 10:00, Neuer Platz, каля Lindwurm
🇦🇹 Грац, 13:00, Mariahilferstraße, 28
🇦🇹 Вена, 13:00, Platz der Menschenrechte
🇸🇪 Стакгольм, 19:00, Drottninggatan 33, SE-111 51 Stockholm, Sverige
Поўны спіс мерапрыемстваў па спасылцы. Будзе дапаўняцца. Калі вы ведаеце пра мерапрыемства, калі ласка, звяжыцеся з намі і мы дададзім яго ў спіс.
Расследаванне «беларускай сітуацыі» ў МКС – абсалютны прыярытэт
На слуханнях Каардынацыйнай рады, якія прайшлі 23 студзеня ў Варшаве па ініцыятыве фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"», прагучалі выступленні кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай і намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі.
У відэазвароце да прысутных Святлана Ціханоўская адзначыла: «Наш з вамі абавязак – зрабіць так, каб тыя, хто ўчыняе гэтыя злачынствы, не адчувалі беспакаранасці і не маглі пазбегчы правасуддзя. Вядома, слуханні ў Каардынацыйнай радзе не заменяць судовага пасяджэння. Але яны ёсць важным крокам у гэтым кірунку. Неабходна, каб сведчанні і абвінавачанні гучалі ўжо сёння ў поўны голас.
Асабліва напярэдадні так званай “спецыяльнай выбарчай аперацыі”, у выніку якой падазраваныя ў злачынствах у чарговы раз збіраюцца захапіць уладу ў краіне.
Першыя крокі да аднаўлення справядлівасці ўжо зробленыя. Летась Літва падала зварот у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў сувязі са злачынствам масавай дэпартацыі цывільнага насельніцтва. Мы спадзяемся, што да гэтага звароту неўзабаве далучацца і іншыя дэмакратычныя краіны.
Я шчыра дзякую ўсім, хто ўжо некалькі гадоў збірае факты, доказы злачынстваў рэжыму, сведчанні пацярпелых. Вялікую працу ў зборы доказаў злачынстваў рэжыму таксама праводзяць НАУ і Прадстаўніцтва Кабінета па транзіце ўлады – каманда Паўла Латушкі. Усе сабраныя матэрыялы абавязкова спатрэбяцца нам як у міжнародных судах, так і ў судзе ў дэмакратычнай Беларусі».
Павел Латушка выступіў з дакладам «Міжнародныя механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці». Як заўважыў намеснік кіраўніцы Кабінета, Лукашэнка выйшаў далёка за межы Беларусі, ажыццяўляючы тэрор супраць беларусаў. Гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя на тэрыторыі мінімум 30 краін-удзельніц Рымскага статуту.
Павел Латушка звярнуў увагу на даступныя механізмы правасуддзя: расследаванне ў рамках нацыянальных сістэм па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі і расследаванне ў рамках працэдур Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Ён адзначыў, што механізм універсальнай юрысдыкцыі не дазваляе прыцягнуць да адказнасці асобы, якія маюць персанальны імунітэт, а Лукашэнка карыстаецца гэтай прывілеяй. Таму механізм МКС з’яўляецца абсалютным прыярытэтам.
Прадстаўнік Кабінета нагадаў, што 2 кастрычніка 2024 года адбыўся запуск Офісам пракурора МКС папярэдняга расследавання «беларускай сітуацыі». Пры гэтым канчатковы вынік будзе залежаць ад якасці і колькасці сведчанняў, якія будуць у распараджэнні Офіса. Ён заклікаў кожнага садзейнічаць перадачы такіх сведчанняў у МКС.
Палітык звярнуўся да чальцоў КР і ўсіх беларусаў з просьбай дасылаць інфармацыю, якая можа пацвердзіць факты арганізацыі Лукашэнкам і прадстаўнікамі яго рэжыму палітыкі пераследу беларускага грамадства і стварэння ўмоў, што вымушаюць жыхароў Беларусі пакідаць краіну. Каля 30 праваабарончых арганізацый ужо ўзялі на сябе абавязак перадаць адпаведную інфармацыю ў Офіс пракурора МКС.
Таксама намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў важнасць таго, каб нашыя саюзнікі праявілі палітычную волю і падтрымалі зварот ўрада Літвы ў МКС, бо гэтага чакаюць ахвяры злачынстваў, гэтага чакае большасць беларусаў, і заклікаў чальцоў Каардынацыйнай рады прыкласці максімальныя намаганні ў камунікацыі з парламентарыямі краін-саюзнікаў, каб яны далучыліся да рэфералу Літвы ў МКС.
📹 Слуханні на канале КР
@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка звярнуўся да беларусаў з нагоды Калядаў і Раства і падзяліўся асабістымі ўспамінамі, з якімі ў яго асацыююцца зімовыя святы, у відэа:
https://youtu.be/dKUmKlQ1MBg
«Я веру, што ў нашым будучым – у нас усё атрымаецца. Я веру ў тое, што ў нашым заўтра – усё будзе добра.
У гэтыя святочныя дні зычу кожнаму беларусу і кожнай беларусцы захоўваць веру і надзею ў сваім сэрцы. Гэтыя пачуцці — каштоўны падмурак для новых планаў, для таго, каб дзейнічаць і дасягаць новых высот і вяршынь.
Віншую са светлымі святамі Каляд і Раства. Няхай у вашых дамах заўсёды пануе атмасфера любові і гармоніі, няхай у сэрцах захоўваецца вера ў лепшае будучае.
Яно абавязкова наступіць»
@CabinetBelarus
«Калектыўны Лукашэнка, толькі рознага адцення»
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка адрэагаваў на спіс дапушчаных «кандыдатаў» на так званыя «выбары» 2025 года ў Беларусі:
«Гэты спіс у чарговы раз пацвярджае, што працэс цалкам кантралюецца Лукашэнкам. Усе так званыя "кандыдаты" з’яўляюцца часткай адной сістэмы, выступаючы ў ролі яго ручных спарынг-партнёраў, а па сутнасці ўсе яны – калектыўны Лукашэнка, толькі рознага адцення. Яны не прадстаўляюць сапраўднай альтэрнатывы, не выяўляюць інтарэсы грамадства і не здольныя прапанаваць рэальнай праграмы развіцця Беларусі для захавання яе незалежнасці.
Гэты спіс прозвішчаў – ілюстрацыя таго, што так званая электаральная кампанія – поўная імітацыя выбарчага працэсу. Каб Беларусь не скочвалася ў дрымучае мінулае, каб ніводзін чалавек не расказваў усім нам, як жыць, пачынаючы ад камбайнераў і заканчваючы акадэмікамі, патрэбныя не дэкаратыўныя фігуры, а сапраўдныя кандыдаты, якія прадстаўляюць інтарэсы грамадства.
На жаль, людзі, якія з’яўляюцца сапраўднай палітычнай альтэрнатывай Лукашэнку, альбо знаходзяцца ў турмах рэжыму, альбо вымушаныя былі пакінуць краіну. Баязлівасць дыктатара і страх перад грамадствам у чарговы раз прайграць на выбарах прыводзіць да таго, што ён адпраўляе за краты і выціскае любых палітычных апанентаў з краіны, а таксама знішчае любую грамадзянскую актыўнасць.
Толькі сумленныя і свабодныя выбары з удзелам незалежных альтэрнатыўных кандыдатаў, з доступам да роўных умоў агітацыі, пры наяўнасці свабодных СМІ і пад незалежным унутраным і міжнародным назіраннем могуць вярнуць давер да выбарчай сістэмы.
Сённяшнія так званыя кандыдаты – людзі-фэйкі, іх можна са спісу прыбраць і не зменіцца абсалютна нічога. А значыць – гэта не выбары, а фарс. Выказаць пратэст супраць усіх, хто будзе надрукаваны на бюлетэні, можна бяспечна, паставіўшы знак у графе "супраць усіх". Гэта адзіная магчымая грамадзянская актыўнасць на сёння – і ад яе не варта адмаўляцца».
@CabinetBelarus
Непрызнанне выбарамі фарсу, які арганізоўвае Лукашэнка, сітуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрымка беларускага дэмакратычнага грамадства
– Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся са старшынём Камітэта па замежных справах Сейма Польшчы, упаўнаважаным прадстаўніком урада Польшчы па пытаннях аднаўлення Украіны Паўлам Ковалем
Павел Коваль падкрэсліў, што мае прынцыповую і паслядоўную пазіцыю наконт непрызнання выбарамі таго фарсу, які арганізоўвае Лукашэнка.
Абмеркавалі:
▪️падтрымку дэмакратычных інстытутаў Беларусі і барацьбу беларускага грамадства за свабоду і дэмакратыю;
▪️сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі – Павел Латушка перадаў інфармацыю аб значным росце рэпрэсій у Беларусі з боку рэжыму Лукашэнкі;
▪️сітуацыю ва Украіне: важнасць недапушчэння ўдзелу Лукашэнкі ў магчымых перамовах і неабходнасць прадстаўлення падчас іх пазіцыі дэмакратычных сіл Беларусі;
▪️мерапрыемствы ў рамках старшынства Польшчы ў ЕС: у прыватнасці, 8 студзеня ў Сейме Польшчы плануецца правядзенне мерапрыемства, прысвечанага падтрымцы еўрапейскага выбару беларускага грамадства, удзел у якім прымуць прадстаўнікі дэмсіл Беларусі.
@CabinetBelarus
Эстафета «Галасы праз межы» падвяла вынікі: сотні неабыякавых беларусаў і беларусак, больш за 20 імпрэз у 10 краінах
Праект стартаваў у кастрычніку: беларускія дыяспары па ўсім свеце з’ядналіся, каб расказаць пра краіну, яе дасягненні і праблемы, у тым ліку пра палітычны і гуманітарны крызіс пасля 2020 года. Паралельна на платформе BYSOL праходзіў збор сродкаў, якія пойдуць на падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў.
Скончылася эстафета імпрэзай у Варшаве 18 снежня, у Міжнародны дзень мігранта. У Моладзевым Хабе сабраліся ўдзельнікі і ўдзельніцы эстафеты, якія расказалі пра свае праекты, цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, і радасці ўзаемнай падтрымкі.
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета:
«Арганізатары эстафеты ставілі перад сабой мэту ў першую чаргу прыцягнуць увагу да тэмы Беларусі, знайсці новых партнёраў, расказаць пра беларусаў, нашую культуру, гісторыю і дзе ж мы на карце свету. Я рада, што першыя крокі зроблены, можна колькі заўгодна даваць ацэнку дзеянням іншых, але я заўсёды шчыра радуюся, калі беларусы бяруць на сябе адказнасць і спрабуюць дзейнічаць самі. Мне было прыемна стаць часткай гэтага праекту. Сума сродкаў, сабраная на пляцоўцы BYSOL, будзе накіравана, паводле рашэння арганізацыйнай рады, менавіта ў тыя сем’і, у якіх сітуацыя найбольш складаная. Паколькі гаворка ідзе пра невялікую суму, то атрымальнікаў можа быць не так шмат. Справаздача аб тым, куды будуць накіраваныя сродкі, будзе апублікавана ў сацсетках партнёраў».
Як адзначаюць арганізатары эстафеты, шмат якія замежнікі дагэтуль не ведаюць, дзе дакладна знаходзіцца Беларусь, і часта шакаваныя тым маштабам рэпрэсій, якія ахапілі краіну пасля 2020 года. Таму праект «Галасы праз межы» будуе планы на наступны год, каб тэма Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня.
@CabinetBelarus
«Гэты жудасны напад патрабуе расследавання і пакарання як выканаўцаў, так і заказчыкаў»
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка – пра асобу і дзейнасць прафесара Яна Маліцкага, які пацярпеў у выніку нападу ў Варшаве:
«У перадсвяточныя дні мяне глыбока ўзрушыла і засмуціла навіна аб жорсткім нападзе, учыненым мінулай ноччу на Яна Маліцкага, – шматгадовага дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўніка стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, якая на працягу многіх гадоў дае беларускім студэнтам унікальную магчымасць атрымаць еўрапейскую адукацыю.
Ян Маліцкі – адзін з выбітных палякаў, які шмат гадоў працуе над умацаваннем сувязей паміж Польшчай і дэмакратычнай Беларуссю. Дзякуючы яго намаганням сотні маладых беларусаў атрымалі магчымасць не толькі вучыцца ў Еўропе, але і падрыхтавацца да актыўнай ролі ў будучым дэмакратычным развіцці сваёй краіны.
Гэты жудасны напад патрабуе найпільнейшай увагі, аб’ектыўнага расследавання і строгага пакарання як выканаўцаў, так і заказчыкаў.
Для мяне вялікі гонар быць знаёмым з Янам Маліцкім з 2020 года і падтрымліваць праект падрыхтоўкі будучых дыпламатаў для незалежнай і еўрапейскай Беларусі. Маю цвёрдую ўпэўненасць, што Ян Маліцкі – гэта не толькі выбітны навуковец і арганізатар, але і сапраўдны змагар, чыя постаць з’яўляецца прыкладам мужнасці і стойкасці. Яго асабістая гісторыя – гэта гісторыя ўпартай барацьбы за свабоду сваёй краіны. І я ўпэўнены, што яго настойлівасць і зараджальная энергія нададуць яму сілы як мага хутчэй адужаць, і разам мы зможам працягнуць нашу справу.
Зычу Яну Маліцкаму сіл, моцнага здароўя і як мага хутчэйшага выздараўлення».
@CabinetBelarus
⚡У Варшаве напалі на дырэктара праграмы імя Каліноўскага Яна Маліцкага
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі выказаўся з нагоды інцыдэнту:
«Ужо доўгія гады праграма Каліноўскага ёсць надзейным інструментам атрымання якаснай адукацыі для беларускіх студэнтаў і абітурыентаў, якія зазналі рэпрэсіі і палітычна матываваныя прысуды на радзіме. Само існаванне падобнай праграмы – гэта вялікі галаўны боль для спецслужбаў дыктатара.
Для будучай дэмакратычнай Беларусі тая справа, якая рэалізуецца сіламі праграмы, мае вялізарнае стратэгічнае значэнне, бо маладыя па-еўрапейску адукаваныя людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй – гэта той актыў, які зможа адыграць прынцыповую ролю ў дэмакратычных пераўтварэннях нашай краіны.
Мы рашуча асуджаем напад на дырэктара Стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага прафесара Яна Маліцкага, з высокай доляй верагоднасці зроблены рукамі або прадстаўнікоў спецслужбаў, або іх памагатых.
Нашыя думкі з прафесарам Янам Маліцкім, якому мы зычым найхутчэйшай папраўкі.
Праграма Каліноўскага ахоплівае досыць вялікую катэгорыю беларускіх маладых інтэлектуалаў, і мы вельмі ўдзячныя Міністэрству замежных спраў Польшчы за яе сталую падтрымку і ўзаемадзеянне»
@CabinetBelarus
«Вывучэнне досведу – як пазітыўнага, так і негатыўнага – важны крок для распрацоўкі ўласнай палітыкі»
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі пракаментаваў вынікі працы экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню»
«14 траўня 1995 года па ініцыятыве Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум аб змяненні статусу дзяржаўнай мовы і сімволікі ў Рэспубліцы Беларусь. Нягледзячы на немагчымасць вынясення падобных пытанняў на рэспубліканскі рэферэндум паводле Канстытуцыі і істотныя парушэнні ў самой працэдуры правядзення рэферэндуму, па факце былі ўнесеныя змены ў закон аб статусе дзяржаўнай мовы, што спарадзіла сітуацыю афіцыйнага двухмоўя.
На практыцы вызначэнне расійскай і беларускай мовы ў якасці дзяржаўных прывяло да выцяснення нацыянальнай мовы з большасці сфер грамадскага ўжытку, катастрафічнага яе скарачэння ў галіне адукацыі і дыскрымінацыі.
Першы экспертны форум па моўнай палітыцы сабраў спецыялістаў як з краін замежжа, так і беларусаў, каб яны маглі паразважаць над вызначэннем контураў і канкрэтных крокаў па планаванні моўнай палітыкі ў Беларусі на перыяд дэмакратычнага транзіту.
Выдатныя спецыялісты з Уэльса, Ірландыі і Украіны падзяліліся досведам адраджэння нацыянальнай мовы ва ўмовах каланіяльнага ціску і разбурэння натуральных механізмаў моўнай перадачы. Вывучэнне такога досведу – як пазітыўнага, так і негатыўнага – важны крок для распрацоўкі ўласнай палітыкі ў гэтай сферы.
Падчас форуму адбыліся выступленні і дыскусіі з абмеркаваннем дзейнасці новага Інстытута беларускай мовы, сацыялагічных аспектаў стаўлення грамадства да пытання мовы і ідэнтычнасці, ужывання мовы ў медыя, адукацыі, развіцця моўных праектаў для беларускіх дыяспар.
Форум – лагічны крок у межах Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця Прадстаўніцтва на нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Эксперты разгледзелі пытанні магчымага пераходу ад дыскрымінацыйнай практыкі двухмоўя да адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, планавання пераходнага перыяду ўвасаблення гэтай нормы, пазітыўных мер падтрымкі паспяховага пераходу і правак у дзяржаўны закон аб мове з улікам актуальных абставін».
@CabinetBelarus
Пазіцыя МЗС Польшчы застаецца «нязменнай і цвёрдай» у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Кабінета і кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам адзначыў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС Польшча працягне адстойваць падыход па санкцыйным ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі. Пазіцыя МЗС Польшчы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі застаецца «нязменнай і цвёрдай».
Павел Латушка перадаў Анджэю Шэйне памятную запіску, падрыхтаваную Народным антыкрызісным упраўленнем на аснове даных беларускіх праваабарончых арганізацый, у якой адлюстраваны маштаб палітычных рэпрэсій, якія працягваюць узмацняцца ў Беларусі на фоне запланаванай спробы Лукашэнкі перапрызначыцца на ўзурпаваную ім пасаду прэзідэнта. Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што фактычна ў Беларусі рэалізуецца падыход часоў сталінізму – рэпрэсіі датычацца цэлых сем’яў.
Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы таксама адзначыў, што прызначэнне Адама Халацынскага спецпрадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі – важны сігнал аб прыярытэтнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл.
Анджэй Шэйна адзначыў, што няма падстаў чакаць дэмакратычных і празрыстых выбараў, паколькі Лукашэнка працягвае палітыку рэпрэсій супраць беларусаў. «Мы бачым і разумеем гэта. Польскі бок не застаецца абыякавым», – дадаў Анджэй Шэйна.
Падчас сустрэчы было закранута пытанне магчымых падыходаў па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі і абмеркаваны варыянты міжнароднага пасярэдніцтва.
Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама звярнуўся да Анджэя Шэйны, які адначасова з’яўляецца дэпутатам Сейма Польшчы, з просьбай аб падтрымцы польскім бокам афіцыйнай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады Беларусі, якая ўпершыню прыме ўдзел у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 27-31 студзеня 2025 года. Анджэй Шэйна падкрэсліў важнасць таго, што дакладчыкам ПАРЕ па Беларусі прызначаны дэпутат Сейма Польшчы Рышард Пятру і выказаў гатоўнасць польскай місіяй пры Радзе Еўропы аказваць садзейнічанне ў рабоце беларускай дэлегацыі.
Павел Латушка акцэнтаваў увагу на тым, што дэмакратычным сілам важна, каб у момант магчымых перамоў па Украіне тэма Беларусі не засталася за дужкамі. Дадзенае пытанне, безумоўна, патрабуе дадатковых кансультацый з украінскім бокам і Еўрасаюзам. Асобна Павел Латушка адзначыў магчымую вядучую ролю Польшчы ў гэтым пытанні, якая з 1 студзеня 2025 года прыме старшынства ў ЕС. «Лукашэнка не мае права прадстаўляць Беларусь на гэтых перамовах, бо ён страціў суб'ектнасць і не можа казаць ад імя беларускага народа. Важна, каб голас дэмакратычнай большасці беларускага грамадства быў пачуты падчас гэтых перамоў», – падкрэсліў Павел Латушка.
📌 Каментарый Паўла Латушкі глядзіце на YouTube-канале Кабінета.
@CabinetBelarus
У Беларусі сёння #бязвыбары2025
Чарговы «спектакль-фарс-імітацыя» ад рэжыму. Пакуль прапаганда будзе старанна паказваць ідылію на выбарчых пляцоўках, беларусы і беларускі па ўсім свеце выкажуць пратэст супраць фальсіфікацыі-2025. У салідарнасці нашая сіла. Далучайцеся!
✨Прыходзьце на марш «Не мой выбар» у Варшаве.
Старт: 12:00
Маршрут: Plac Trzech Krzyży – Pomnik Kopernika – Plac Zamkowy.
У маршы возьме ўдзел Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Ігар Сігоў, Піт Паўлаў і іншыя.
✨Бярыце ўдзел у акцыях па ўсім свеце.
Шукайце ў спісе свой горад і прыходзьце падтрымаць адзін аднаго. Расказвайце пра тое, што адбываецца ў Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі.
✨Дапамажыце тым, хто пацярпеў ад рэжыму.
Мы сабралі спіс арганізацыяў, якія займаюцца дапамогай беларусам і беларускам па розных кірунках. Кожны данат важны. Але, калі ласка, памятайце пра сваю бяспеку.
✨Падтрымайце палітвязняў.
На сённяшні дзень прыкладна 1300 чалавек несправядліва знаходзяцца ў турме. Напішыце ім лісты, дапамажыце іх сем'ям. Яны павінны ведаць, што мы іх чакаем.
✨ Падключайцеся да трансляцыі форуму «Беларусы годныя лепшага».
Калі вы ў Беларусі, гэта можна зрабіць праз VPN. Лідары думак падзеляцца сваімі думкамі пра будучыню нашай краіны. Не заставайцеся ўбаку.
✨Калі вы ў Беларусі – ігнаруйце галасаванне.
А калі вы змушаныя прыняць у ім удзел – галасуйце «супраць усіх».
Будзем разам думкамі і дзеяннямі ў гэты дзень! Толькі так мы зможам дамагчыся свайго. Толькі так мы пакажам усяму свету, а галоўнае, сабе, што Беларусы #ГодныяЛепшага ❤️
Пра годны выбар беларускіх добраахвотнікаў
– Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета:
«Немагчымасць зрабіць выбар у 2020 годзе прывяла многіх беларускіх хлопцаў і дзяўчат на поле бою – абараняць Украіну.
Па сведчаннях добраахвотнікаў і добраахвотніц, якія прайшлі Акрэсціна і не толькі, яны зараз – са зброяй у руках – адчуваюць сябе больш упэўнена і абаронена, чым тады, у ізалятарах рэжыму.
Беларусы робяць свой выбар пры розных умовах і пры розных акалічнасцях. На гэтых плакатах, які выстаўленыя на беларуска-ўкраінскай мяжы – дэманстрацыя выбару беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Яны разумеюць, што выбар, які зрабілі яны, – узяць у рукі зброю – калісьці прывядзе іх да Новай Беларусі. І ў гэтым пытанні я з імі салідарызуюся. Жыве Беларусь!»
#бязвыбары2025
@CabinetBelarus
«Дзякуй за ўчастак для галасавання беларусам замежжа ў Беларусі. Дзякуй, што не на Акрэсціна»
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, – пра палітыку «нацыянальнага выраджэння», якую праводзіць Лукашэнка:
«Калі зараз мне кажуць, што ў Беларусі адбываюцца нейкія «выбары», я гляджу не на словы, а на справы. Нават лічбы, якія лепш апісваюць тое, які «выбар» сёння прапануюць беларусам у краіне.
На 132 900 студэнтаў стала менш вучыцца ў беларускіх ВНУ за апошнія 7 гадоў. Каля 40% моладзі, згодна з апытаннямі, жадае пакінуць краіну.
Больш за 5000 грамадска-палітычных і медыйных сайтаў былі заблакаваныя ў Беларусі з 2020 года. 167 месца (з 180) займае Беларусь у рэйтынгу свабоды медыя.
Больш за 1800 арганізацый грамадзянскай супольнасці ліквідавана ў Беларусі за апошнія 5 год.
Рэпрэсіі закранулі больш за 136 тысяч беларусаў, а Беларусь займае 105 месца са 142 у рэйтынгу вяршэнства права.
Беларуская мова вынішчаецца са школы і публічнай прасторы, нават хутчэй, чым за камуністамі. Больш за 160 дзеячаў культуры знаходзяцца ў спісах рэпрэсаваных, з іх больш за 70 чалавек – па крымінальных справах. Каля 60 кніг беларускіх аўтараў патрапілі ў спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў. І гэтыя далёка не ўсё.
Ці прапануюць беларусам нейкую альтэрнатыву гэтай палітыцы «нацыянальнага выраджэння і знішчэння»? Пытанне рытарычнае, бо ўсе так званыя «кандыдаты» выступаюць адзіным фронтам і ўхваляюць «абраны курс».
Фактычна беларусам прапануецца зрабіць выбар, як у тым анекдоце пра Адама, якому Бог прывёў Еву і папрасіў «выбраць сабе жонку». Ці цікавіла ў гэты момант кагосьці меркаванні Адама і Евы? Ці цікавіць меркаванне беларусаў і беларусак цяперашніх начальнікаў у Мінску?
Беларусам проста прапануюць выбіраць далей: рэпрэсіі, нацыянальнае выраджэнне і дэмаграфічную катастрофу, імя якім Лукашэнка.
Голас беларусаў, якія могуць казаць праўду, нязручную для дыктатара, у Беларусі амаль не чуваць. Дарэчы, дзякуй за ўчастак для галасавання беларусам замежжа ў Беларусі. Дзякуй, што не на Акрэсціна.
У момант, калі адбываецца нацыянальная трагедыя, фактычная вайна супраць народа, ніякія выбары немагчымыя. І мы бачым іх імітацыю.
Усім тым, хто не прымае падобны «выбар» і застаецца ў Беларусі, варта сказаць сваё цвёрдае «не» і паставіць крыж «супраць усіх», калі вас заганяюць на выбарчы спектакль.
А самім чакаць і гартаваць сілы для будучага адраджэння, бо «вясна абавязкова прыйдзе». І паўстане вольная і дэмакратычная Беларусь».
#бязвыбары2025
@CabinetBelarus
Два дні да форуму «Беларусы годныя лепшага»!
Мы радыя прадставіць вам поўны спіс спікераў, якія выступяць у Варшаве 26 студзеня. Яны рыхтуюць прамовы ў стылі TED – дынамічныя і яркія.
Чакаем ад спікераў глыбокія думкі, арыгінальныя ідэі і асабістыя гісторыі, якія натхняць і дапамогуць змяніць успрыманне ключавых тэм, якія датычацца будучыні Беларусі.
Усе выступленні будуць разбіты на блокі: Палітыка, Медыя, Салідарнасць, Роўныя правы, Эканоміка, Культура, Навука, Духоўнасць.
Фінальны спіс спікераў: Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Франак Вячорка, Міхал Каміньскі, Валерый Мацкевіч, Анжаліка Мельнікава, Таццяна Мартынава, Аляксандр Кныровіч, Алана Гебрэмарыям, Аляксандра Ханевіч, Андрэй Стрыжак, Сцяпан Пуціла, Роза Турарбекава, Андрэй Гнёт, Паша Джэжора, Яўген Брыцько, Аляксандр Кухта, Вячаслаў Касінераў, Фёдар Паўлючэнка, Аляксей Дзікавіцкі, Валерыя Кустава.
Дапоўняць натхняльныя выступленні музычныя нумары ад VOLSKI, KRIWI, Вольнага хору і Дзімы Нікановіча.
☀️ Далучайцеся! Будзем разам у гэты дзень! Беларусы #ГодныяЛепшага
📅 Дата: 26 студзеня, 14:00
📋 Рэгістрацыя для гледачоў у Варшаве
🌐 Трансляцыя форуму будзе даступная па ўсім свеце.
❗️Увага! Мы клапоцімся аб вашай бяспецы і рэкамендуем улічваць магчымыя рызыкі. Мерапрыемства – публічнае, на ім будзе весціся здымка і прамая трансляцыя. Каб мінімізаваць рызыкі, рэкамендуем выконваць меры засцярогі: выкарыстоўвайце маскі, шалікі і іншыя сродкі, каб засцерагчы сябе.
#бязвыбары2025
@CabinetBelarus
«Мы – ствараем альтэрнатыву, разам з вамі»
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, запрашае беларускую моладзь да супрацоўніцтва:
«Да мяне звярнулася дзяўчына з Віцебску. Ёй 17. У гэтым годзе яна скончыць школу і плануе паступаць ва ўніверсітэт.
Яна распытвала, як абраць, куды паступаць, распавядала гісторыі, што чула ад сяброў: пра адлічэнні за адмову ад удзелу ў суботніку, пра размеркаванні ў далёкія вёскі і заробак у 200 рублёў. Пра дахі, якія працякаюць ва ўніверсітэтах, пра прусакоў у інтэрнатах… Ёй было страшна і незразумела, чаму жыццё павінна выглядаць так.
Рэжым страціў моладзь. Ён страціў будучыню краіны.
Шмат хто з вас былі сведкамі затрыманняў, адлічэнняў, катаванняў і вымушанай эміграцыі.
Дзейныя студэнты ў Беларусі не могуць разлічваць на абмен і адукацыйныя паездкі ў Еўропе, бо з-за Лукашэнкі нашая краіна ізаляваная ад Балонскага працэсу, а сотні ініцыятыў і праграм ліквідаваныя.
Ды і чарговыя «бязвыбары» не пра будучыню, а пра захаванне ўлады. Моладзь ігнаруюць, яе патрэбы застаюцца без увагі.
Мы – ствараем альтэрнатыву, разам з вамі.
Кабінет працуе, каб даць моладзі надзею і новыя магчымасці: мы запусцілі платформу, дзе маладыя беларусы і беларускі за мяжой знойдуць юрыдычную дапамогу, магчымасці для адукацыі і кар’еры, псіхалагічную падтрымку.
Мы інтэгруем моладзь у дэмсілы і працуем як партнёры. Кансультуемся з моладзевымі арганізацыямі, падтрымліваем іх і адвакатуем пашырэнне магчымасцей для іх праз супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі.
Рэжым закрывае дзверы – мы адкрываем іншыя. І зараз – час дзейнічаць.
Калі вы малады лідар ці лідарка – далучайцеся да нас. Калі вы маеце ідэі для будучай Беларусі – скажыце пра гэта. Калі вам патрэбна дапамога – мы тут, каб падтрымаць.
🌐 Пішыце: thisisyouth.info
Нас шмат. Нас не спыніць. Мы не дазволім выкрасці нашую будучыню. І пабудуем Беларусь, у якой быць маладымі значыць быць вартымі, годнымі!»
#бязвыбары2025
@CabinetBelarus
Дыялог з NATO, Маскоўскі механізм АБСЕ і зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд
Якія тэмы закранула кіраўніца Кабінета падчас ключавых сустрэч у Давосе?
У картках чытайце другую частку справаздачы аб візіце ў Давос.
@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў і беларусак, якія святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня
«Вера ў чалавека, у яго здольнасць змяняць свет да лепшага, заўсёды была нашым наймацнейшым падмуркам. Гэтая вера дае нам сілы ісці наперад, натхняе нас з году ў год. Нават у самыя цяжкія часы яна матывуе нас рухацца далей. Мы працягваем клапаціцца, падтрымліваць адно аднаго – і ствараем вялікую сям’ю, дзе кожнаму ёсць месца за калядным сталом.Читать полностью…
З Нараджэннем Хрыстовым!»
«У самых змрочных умовах можна заставацца святлом для іншых – словам, справай, малітвай»
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі – да надыходных святаў:
«Дарагія беларусы і беларускі! У гэтыя дні, калі хрысціянскі свет рыхтуецца адзначыць Божае Нараджэнне, асабліва востра адчуваецца супярэчнасць паміж радасцю свята і той несправядлівасцю, што ахапіла нашу краіну. Для тысяч беларусаў гэтыя дні зноў праходзяць па-за домам: у турмах або ў выгнанні. А некаторыя страцілі дом, застаючыся ў ім фізічна: згубіўшы блізкіх, пачуццё бяспекі, веру ў будучыню. Вельмі многія адчулі несправядлівасць і прыгнёт. У тым ліку тыя, хто праследуецца за перакананні і веру.
Мы памятаем пра ўсіх. Пра прыхаджан Чырвонага касцёла, якім не дазваляюць маліцца ў іх святыні. Пра пастыраў, якія сядзяць у вязніцах за праўду. Пра сем’і, якія засталіся без бацькоў, бо яны выбралі сумленне замест пакоры і страху. Пра тых, хто працягвае называць вайну вайною і бараніць несправядліва пакрыўджаных…
Сёння галасы праўды, галасы хрысціян Беларусі чуваць далёка за яе межамі. Іх падтрымлівае свет, які ведае пра знішчэнне рэлігійных абшчын, закрыццё цэркваў, пра спробы зрабіць веру інструментам прапаганды.
У гэтыя святочныя дні заклікаю кожнага не губляць надзею. Беларуская зямля заўсёды была месцам, дзе суіснавалі розныя культуры і веравызнанні. Ззяе святлом прыклад Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, гучаць малітвы ўніяцкіх і пратэстанцкіх храмаў, стагоддзямі захоўваюцца традыцыі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Гэты дух еднасці – наша сіла.
Памятайце, што нават у самых змрочных умовах можна заставацца святлом для іншых – словам, справай, малітвай. Няхай святы напоўняць сэрцы супакоем і верай у тое, што Беларусь абавязкова стане вольнай, што праўда і любоў перамогуць»
@CabinetBelarus
«Знайсці найлепшыя рашэнні ў эміграцыі – і ў будучыні прывезці гэты досвед дадому»
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская – пра ініцыятыву «Крэатыўная прастора ARTel», якая развіваецца ў Польшчы і мае на мэце падтрымку беларусак у эміграцыі:
«Сацыяльныя праекты ў эміграцыі – гэта не толькі падтрымка тут і цяпер, але і фундамент для будучыні Беларусі. У тым ліку ініцыятыва ″Крэатыўная прастора ARTel″, створаная ў Варшаве беларускай Аленай, якая сутыкнулася з праблемай прафесійнай і сацыяльнай неўладкаванасці жанчын на чужыне і сама прайшла праз складанасці адаптацыі.
Мэта праекта – падтрымка беларускіх уцякачак у Польшчы праз стварэнне супольнасці, арт-тэрапію, заняткі рукадзеллем і дапамогу ў прафесійным развіцці. Такія ініцыятывы вучаць вырашаць праблемы і будаваць гарызантальныя сувязі, якія ў выніку прывядуць нас да сапраўды сацыяльна арыентаванага грамадства.
Усё пачыналася з невялікага гуртка рукадзелля на кватэрах і з часам перарасло ў арганізаваны праект. Яго ўдзельніцы ўжо атрымалі стабільнае месца для сустрэч і творчай працы – за што я хачу падзякаваць службе «Хуткая гуманітарная дапамога» – і ў будучыні плануюць маштабіравацца. ″Крэатыўная прастора ARTel″ заснаваная на прынцыпах сацыяльнага прадпрымальніцтва і ў тым ліку стварае працоўныя месцы.
Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы жанчын старэйшага ўзросту і пенсіянерак, якія часта сутыкаюцца з асаблівымі цяжкасцямі ў працаўладкаванні.
Зараз у нас ёсць час і магчымасці эксперыментаваць, запускаць праекты за межамі краіны, каб знайсці найлепшыя рашэнні ў эміграцыі – і ў будучыні прывезці гэты досвед дадому. Вялікі дзякуй усім неабыякавым беларусам і беларускам, якія рухаюць свае ініцыятывы наперад. Вы ствараеце будучыню!»
@CabinetBelarus
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавана са спецдакладчыкам ААН
20 снежня ў Варшаве адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з Нілсам Мужніексам, які з 1 лістапада займае пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася драматычная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая з гледжання апошніх дзесяцігоддзяў мае беспрэцэдэнтны характар у Еўропе, а таксама напрамкі, якія будуць пад прыярытэтнай увагай спецыяльнага дакладчыка ААН Нілса Мужніекса ў межах даверанага яму вядучай міжнароднай арганізацыяй мандата.
Бакі дамовіліся аб механізмах перадачы наяўнай у НАУ інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых рэжымам Лукашэнкі, а таксама аб міжнародных злачынствах, учыненых асабіста дыктатарам і іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму.
«Мы ўдзячныя спадару Мужніексу за адкрытасць да супрацоўніцтве з беларускай грамадзянскай супольнасцю і зычым эфектыўнай працы ў рэалізацыі мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі, гатовыя да максімальна шырокага і актыўнага ўзаемадзеяння для дасягнення найважнейшай мэты – захавання правоў чалавека ў Беларусі», – адзначыў Павел Латушка па выніках сустрэчы.
@CabinetBelarus
Пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі ў фокусе пракуратуры Польшчы
Сёння Павел Латушка па запрашэнні пракурора Акружной пракуратуры Варшавы даў паказанні ў якасці сведкі па фактах, звязаных з пагрозамі жыццю і здароўю, якія ствараюць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі як у дачыненні да кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, так і супрацоўнікаў каманды НАУ.
Гэтыя пагрозы, якія вылічаюцца дзясяткамі, ажыццяўляюцца рознымі спосабамі публічнага і непублічнага характару. Пагрозы здзяйсняюцца не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыях іншых краін-членаў ЕС. Варта адзначыць, што з верасня гэтага года колькасць пагроз значна павялічылася.
Падчас сустрэчы на запыт пракурора былі прадстаўлены адпаведныя матэрыялы і доказы.
Мы ўдзячныя польскаму боку за правядзенне следчых дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне асоб, якія пагражаюць жыццю і здароўю прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, што працягваюць змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.
«Барацьба за свабоду і адукацыю – гэта тое, чаго баяцца ворагі дэмакратыі»
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Маргарыта Ворыхава – пра напад на дырэктара праграмы імя Каліноўскага прафесара Яна Маліцкага:
«Я з вялікім болем даведалася пра гэты напад. Прафесар Ян Маліцкі столькі зрабіў для беларускай моладзі: для многіх з нас праграма Каліноўскага стала магчымасцю пачаць новае жыццё і працягваць сваю адукацыю, калі дома нас пазбавілі гэтага права.
Цяжка знайсці словы, каб выказаць, якая страшная і несправядлівая гэтая сітуацыя. Падумаць толькі, чалавек, які ўсё жыццё дапамагаў іншым, сам апынуўся ў небяспечным становішчы. Я ад усяго сэрца жадаю яму найхутчэйшага выздараўлення і сіл справіцца з гэтым выпрабаваннем.
Гэтая трагедыя закранае ўсіх нас, бо паказвае, што барацьба за свабоду і адукацыю – гэта тое, чаго баяцца ворагі дэмакратыі. Але я ўпэўненая, што дабрыня, якую прафесар Маліцкі аддаваў столькіх год, вернецца да яго і дасць сілы прайсці праз гэта. Мы ўсе з Вамі, прафесар!»
@CabinetBelarus
«Перамены ў Беларусі – непазбежныя»
У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася прэзентацыя базавага дакумента «План транзіту ўлады»
Дакумент, распрацаваны Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады Кабінета, уключае ў сябе розныя сцэнарыі транзіту ўлады і комплекс арганізацыйна-прававых мер пад кожны з іх. Падчас прэзентацыі разглядаўся адзін са сцэнарыяў, апісаных у дакуменце.
Таксама на мерапрыемстве абмяркоўваліся дзеянні па супрацьстаянні ўзмацненню расійскага ўплыву на Беларусь у рамках так званай Саюзнай дзяржавы.
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па транзіце ўлады Кабінета: «Гэтая дыскусія адбываецца ў кантэксце 25-годдзя з дня падпісання Дамовы аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы – дакумента, які выкарыстоўваецца ў якасці механізма пагроз і рызык для беларускай дзяржаўнасці. Сёння мы глядзім на гэтую дамову не як на нейтральны юрыдычны дакумент, а як на сімвал стратэгічнай памылкі, якая паставіла Беларусь у залежнасць ад палітыкі Расіі.
Удзельнікам сустрэчы прадастаўленая магчымасць азнаёміцца з праектам ″Плана транзіту ўлады″.
Перамены ў Беларусі – непазбежныя. Нашая дыскусія мае на мэце не толькі абмеркаванне праблем, але і фармуляванне рэальных прапаноў і дзеянняў».
Арцём Брухан, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета: «Асноўным інструментам для ўмацавання суверэнітэту можа стаць транзіт улады ў Беларусі, незалежна ад таго, які сцэнарый транзіту будзе рэалізаваны. Падрыхтоўка і гатоўнасць да такога моманту – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашага прадстаўніцтва».
Удзел у прэзентацыі і экспертным абмеркаванні, акрамя Паўла Латушкі і Арцёма Брухана, прынялі кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч – у якасці мадэратара, прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Арцём Праскаловіч, дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава, незалежныя эксперты і інш.
@CabinetBelarus
Непрызнанне выбарамі фарсу, які арганізуе Лукашэнка, прыцягненне дыктатара і яго памагатых да адказнасці за злачынствы, падтрымка беларускага дэмакратычнага грамадства
– Ключавыя тэмы кансультацый, якія працягвае намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка з амбасадарамі краін ЕС
Апошнім часам адбыліся сустрэчы Паўла Латушкі з амбасадарам Швецыі ў Польшчы Андрэасам фон Бекератам, амбасадарам Славеніі ў Польшчы Баянам Пограйцам, амбасадарам Аўстрыі ў Польшчы Андрэасам Штадлерам.
Абмеркавалі наступныя тэмы:
▪️непрызнанне як выбараў таго фарсу, які арганізоўвае Лукашэнка;
▪️недапушчэнне аднаўлення суб’ектнасці Лукашэнкі, які цалкам страціў сваю легітымнасць і не мае права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне, у тым ліку і ў кантэксце перамоў па Украіне;
▪️важнасць прадстаўлення інтарэсаў дэмакратычнай большасці беларускага грамадства падчас магчымых перамоў па Украіне;
▪️пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў у рамках інструментаў Міжнароднага крымінальнага суда;
▪️працяг палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай прымусіць змяніць яго антыбеларускую палітыку.
Павел Латушка праінфармаваў амбасадараў краін ЕС аб выніках «Дзён Беларусі» ў Бруселі, у тым ліку пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС» і палітычнай канферэнцыі высокага ўзроўню ў Еўрапарламенце.
Намеснік кіраўніцы Кабінета заўважыў, што падобныя фарматы з’яўляюцца эфектыўным інструментам для ўзаемадзеяння дэмакратычнай супольнасці Беларусі і ЕС: «Правядзенне "Дзён Беларусі" ў Бруселі – важны сігнал падтрымкі беларускага дэмакратычнага грамадства. Гэта сведчанне падтрымкі барацьбы і імкнення беларусаў за будучыню без Лукашэнкі».
Па выніках сустрэч з амбасадарамі Павел Латушка адзначыў: «Ключавыя партнёры дэмакратычных сіл Беларусі – Еўрапейскі саюз – не мяняюць сваёй стратэгіі, накіраванай на падтрымку дэмакратычных сіл і дэмакратычнага беларускага грамадства, а таксама на працяг палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі».
@CabinetBelarus
Беларусь – у фокусе прыярытэтнай увагі Еўрапейскага саюза падчас старшынства ў ім Польшчы
Тэма Беларусі будзе адным з прыярытэтаў падчас старшынства Польшчы ў ЕС – адзначыла намесніца міністра замежных спраў Польшчы Хенрыка Масціцкая-Дэндыс на сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.
З 1 студзеня 2025 года пачынаецца старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе. Прадстаўніца МЗС Польшчы адзначыла, што адным з галоўных прыярытэтаў падчас старшынства Польшчы ў ЕС будзе падтрымка дэмакратычных памкненняў беларусаў.
Адной з першых найважнейшых падзей падчас старшынства Польшчы ў ЕС стане і правядзенне ў пачатку лютага 2025 года па ініцыятыве міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага «Kościuszko Forum» – канферэнцыі высокага ўзроўню. Да ўдзелу ў мерапрыемстве плануецца запрасіць як кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў замежных спраў еўрапейскіх краін, так і кіраўніцу і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, а таксама іншых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Павел Латушка выказаў удзячнасць Польшчы як члену Еўрапейскага саюза за арганізацыю «Беларускага тыдня» ў Бруселі, які стаў важным сігналам падтрымкі для беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама адзначыў важнасць 4-га пасяджэння кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС», якая з’яўляецца эфектыўным інструментам узаемадзеяння дэмакратычнай супольнасці Беларусі і ЕС.
Асобна Павел Латушка праінфармаваў намесніцу міністра замежных спраў аб павелічэнні рэпрэсій у Беларусі напярэдадні г.зв. выбараў. Павел Латушка і Хенрыка Масціцкая-Дэндыс пагадзіліся, што сёння няма ніякіх падстаў і ўмоў, каб назваць фарс, які арганізуе рэжым, дэмакратычнымі і празрыстымі выбарамі. Польшча будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы агульнай пазіцыі Еўрапейскага саюза, якая, як плануецца, будзе агучана адразу пасля 26 студзеня 2025 года.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася тэма прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага народа і ваенныя злачынствы супраць украінскага народа. Павел Латушка звярнуўся з просьбай падтрымаць зварот Урада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, а таксама прадставіў прававыя абгрунтаванні магчымага выкарыстання інструментаў МКС для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці. Хенрыка Масціцкая-Дэндыс адзначыла, што Польшча палітычна падтрымлівае дадзены крок. Асобна былі прадстаўлены магчымасці выкарыстання механізмаў АБСЕ на шляху дасягнення адказнасці для прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
Пры ўдзеле дырэктаркі консульскага дэпартамента МЗС Польшчы Юстыны Хжаноўскай асобна былі абмеркаваныя візавыя пытанні і пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы, у тым ліку праблемныя пытанні выдачы віз на падставе запрашэнняў беларусаў, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы. Павел Латушка падзякаваў польскаму боку за падтрымку ў выдачы гуманітарных віз беларусам, якія вымушана пакідаюць краіну ў сувязі з пагрозай рэпрэсій.
@CabinetBelarus